epub
 
Падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Геній сусветных працоўных мас (У жалобную гадавіну)

Гляньце на якога-колечы ратая-бедака або батрака толькі што ад сахі, закарузлага, аблепленага свежай раллёю, прыслухайцеся да яго простай гутаркі, абсыпанай пацеркамі мудрых прыбаутак-пагаворак, у якіх стужкай мітусіцца светагляд ратая, яго практычная філасофія жыцця, набытая ў працягу доўгіх вякоў.

У гэтым селяніне вы знойдзеце іскрынку-пылінку Леніна.

Вазьміце гарадскога рабочага, мускулістага, мазолістага, з суровым, строгім нахмураным тварам, з адрывістымі ядранымі фразамі, якія ўдараюць па сэрцы, нібы грукат молата на кавадле, у якіх адчуваецца векавая нянавісць да фабрыканта, які яго эксплуатуе, і наогул да ўсіх багатых.

У гэтым рабочым, гатовым у кожную хвіліну да бою з багатым, вы знойдзеце часцінку Ільіча.

Зірніце на геніяльны чэрап Леніна, на яго лагодна-строгія, хітра прыжмураныя вочы, учытайцеся ў ленінскія творы, у іх просты стыль, у глыбокую апалітычную думку, у яго меткія слоўцы, якія ўдала брызгаюць балючым градам на яго палітычных праціўнікаў, і вы ўбачыце ва ўсёй гэтай дзіўнай архітэктуры геніяльных думак творчасць і філасофію працоўных рабоча-сялянскіх мільённых мас.

У гэтым-та і ўвесь сэнс генія: ён з мора думак і імкненняў мільённых масаў падбірае паадзіночныя перлы, якія потым сыпле імі зноў у народ цэлымі жмутамі, ён падбірае іскрачкі настрояў і думак у працоўных мас, раздувае іх у вялікае полымя, якое свеціць над галовамі гэтых жа мас.

Імкненне да барацьбы ў працоўных людзей, іх гнеў і нянавісць да багатых класаў — аднальковы ва ўсіх краях, ва ўсіх народаў. У гэтым кірунку нават час мала мяняе іх свежасць, іх імпэт.

Дзеля гэтага Ленін з’яўляецца тым багатым, чароўным люстрам, якое адбівае настроі працоўных мас не толькі ў межах СССР, але ўсяго свету.

Хто з працоўных, у якой бы дзяржаве ні было, чытае творы Ільіча, — той адразу і кажа: гэта ж мае думкі...

Так. Кожны працоўны інстынктыўна думае па-ленінску. А калі знаёміцца з думкамі Леніна, дык бачыць у іх свае ўласныя імкненні, толькі адшліфованыя, аформленыя, ясныя, жывыя, выйшаўшыя з свайго першакрынічнага хаосу.

Ленін, вялікі сусветны правадыр працоўных, даў магчымасць рабочаму ці селяніну, незалежна ад нацыянальнасці і тэрыторыі, знаходзіць самаго сябе, згуртаваць свае рассеяныя думкі ў адно цэлае.

Дзеля гэтага Ленін — самы блізкі, самы кроўны, самы інтымны працоўнаму люду ўсяго свету.

Імкненне да барацьбы з паадзіночнымі эксплуататарамі масавага чалавецтва — вечна нова, вечна свежа, як бы толькі што нарадзіўшаеся. Таму творы Леніна — ленінізм, які пачаў тварыцца гадоў трыццаць таму назад — свеж цяпер і будзе вечна новым.

Цяпер ад імкнення да барацьбы пяройдзем да фактычнасці, да самай барацьбы. У розныя часы гісторыі «ўзбунтаваўшыяся рабы» рабілі спробы змагання проціў сваіх угнятацеляў. Інстынкт да фактычных выступленняў заўсёды жыў сярод працоўных, прыгнечаных. Але ім не хапала арганізаванасці і планавасці, дзеля чаго шмат пралівалася працоўнай крыві, шмат бывала ахвяр, якія фактычнай карысці на месцы зараз жа прыносілі мала, а толькі несупынна гадавалі нянавісць да варожага класа. Гэтае часта няўдачлівае праліццё крыві, гэтае вечнае ўспыхванне помсты «рабоў» проціў сваіх уладароў як бы падтрымлівалі тое вечнае вогнішча класавага самаўсведамлення, якое ў вялікую ленінскую эпоху фактычнага змагання, пад кіраўніцтвам надзвычайнага ленінскага генія, давялі да тых бліскучых, яскравых пабед над царызмам, якія прагрымелі на ўсім свеце зычным клічам да новых пабед працы над капіталам, якія далі натхненне сусветнаму працоўнаму люду дамагацца канчатковых перамогаў і якія здзівілі і напалохалі сусветных ворагаў працоўных.

Увесь веліч ленінскага генія ў тым, што ён патрапіў злучыць у адно цэльнае імкненне да барацьбы і фактычныя выпадкі яе, сканцэнтраваўшы ўсё гэта ў чыннасць, у ажыццяўленне думак і дамаганняў працоўных мас на такім вялікім абшары зямлі, як СССР.

Такога генія — генія думак і чыну, гарманізуючых паміж сабою ў фактычным выяўленні, гісторыя чалавецтва бачыць у першы раз — у асобе Леніна.

Ад фазы перамогі над ворагамі працоўных творчы геній Леніна перайшоў у фазу савецкага мірнага будаўніцтва. Нататкі і схемы Леніна ў гэтай самай галоўнай галіне працы абхопліваюць надзіва ўсе драбніцы жыцця працоўнага люду: электрыфікацыя, зямельная справа, асвета, развіццё нацыянальных культур і г. д. і г. д.

І ў гэтым кірунку ніхто так добра не цяміць псіхалогіі нашага селяніна, нашага рабочага, як Ленін.

І ў кірунку мірнага будаўніцтва Ленін зірнуў ад сучаснасці ў далёкую будучыню праз свой — ленінскі, надзвычайна яркі пражэктар.

І тут планы і праекты Ільіча ўзбудаваны моцна і грунтоўна на аснове жыццёвых магчымасцей, на аснове псіхалогіі рабочых і сялян.

У планах і праектах мірнага будаўніцтва Ільіч зноў жа перадае жаданні і імкненні рабочага і селяніна.

Кожны рабочы, кожны селянін можа казаць і кажа:

— Я ж сам гэтага хацеў, я ж сам гэтага дабіваўся ўсімі сіламі сваіх думак і мазалёў. Толькі я гэтага не мог выяўляць. А Ленін як бы растлумачыў мне — чаго я жадаю, чаго я дабіваюся...

Год таму назад, як вялікага правадыра працоўных не стала, прагрымеў на ўвесь свет моцны кліч:

— Ленін памёр — жыве ленінізм!

Водгаласкі гэтага клічу раздаюцца на сённяшні дзень у сэрцах мас і ў фактычных афармленнях ленінскіх ідэй у рэчаіснасці.

Ленін пакінуў нам сваё вялікае вучэнне, вычарпанае з нетраў псіхікі працоўных мас усіх народаў, усіх часоў, і кінуў гэтае вучэнне, як нейкае жыватворчае сонца, на сакавітую глебу.

Ён вырваў гэтае вучэнне з далёкага заўтра і аддаў блізкаму сягоння.

Будаўніцтва па Леніну, ленінцы, ленінізм, ленінскія куткі і г. д., усё, што носіць імя вялікага Леніна, — гэта не ёсць нейкі фетышызм, нейкі ленінскі культ — не! Гэта само нашае новае жыццё, якое будуецца па Леніну.

Гэты «год без Леніна» з’яўляецца якраз адным з самых слаўных ленінскіх гадоў, калі мірнае жыццё будуецца па Леніну, калі новае пакаленне гадуецца па Леніну, калі старэйшае пакаленне выхоўваецца нанова — па Леніну, калі ленінізм з’яўляецца тым фактам новага жыцця, якое бачыш і чуеш на кожным кроку.

Гэты год — ёсць год з Леніным, як ніводны з ранейшых гадоў. Бо за апошні год, за год вывучэння ленінскіх ідэяў шырокімі працоўнымі масамі, гэтыя масы разумеюць саміх сябе — Ленін адчыніў ім ларэц іх уласных думак і імкненняў.

А з кожным годам надалей, у звязку з пашырэннем асветы сярод шырокіх мас, прыбліжэнне да Леніна яшчэ больш павялічыцца.




Беларуская Палічка: http://knihi.com