epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Як у Бібліі

Ехаў Сымон з кірмашу дахаты, і раптам — стоп машына: кабыла занаравілася — не ідзе, ды і годзе!

Часам яна рабілася ў яго вельмі капрызнай і без меры ўпартай.

Сымон пачаў яе ўгаварваць добрымі, лагоднымі словамі — і так, і гэтак (на словы ён быў вялікі майстар). А яна хоць бы што! Ні з месца, як бы не да яе гавораць.

— Добра,— кажа Сымон.— Ведаю я тваю хваробу, ведаю і лякарства.

І Сымон, доўга не думаючы, злез з калёс, падышоў да плота, выламаў парканіну, вярнуўся да воза і пачаў біць кабылу. Так шчыра і моцна біў, аж сам змарыўся. А чым болей біў, тым болей яшчэ біць хацелася. Ён чуў у гэтым нейкі асобны смак і вялікае задавальненне. Ён спаганяў злосць.

Кабыле ён плаціў за крыўды, што меў і ад жонкі благой, ад пана ганебнага, ад суседзяў-хціўцаў і ад свету ўсяго. Усё стаяла перад яго вачыма жывюсенька. А ён толькі скрыгатаў зубамі і махаў парканінай над крыжам кабылы з такім імпэтам, што аж гудзела і свістала ў паветры.

Кабыла ад такой кары яшчэ болей зафанабэрылася, яшчэ болей узбунтавалася ды забрыкала заднімі нагамі. А бунт, сваім чынам, мае вялікую сілу — чым болей бунтуешся, тым яшчэ болей бунтаваць хочацца; ды калі яшчэ за гэта б’юць, дык тады бунт — адно толькі збавенне і ўцеха. Хочацца, каб цябе білі дзеля таго толькі, каб бунтавацца, бунтавацца без канца і меры — хай лопаюцца, хай трэскаюцца.

Аднак, урэшце, кабыла не выцерпела і голасам чалавечым загаварыла, як калісьці асліха Валаама.

Ды тут камень загаварыў бы, не толькі жывёліна!

— За што ты мяне б’еш, за што? — пачала кабыла.— Добры з цябе гаспадар! Ці не надрывалася я ў цябе пад самымі цяжкімі вазамі? Ці не я заворвала ў цябе твой камяністы шнур? Ці не ты на мне ездзіў з кірмашу, ліхі, як чорт, і п’яны, як свіння? Ці не я выстойвала цэлымі гадзінамі, галодная і халодная, ля карчмы, цябе чакаючы, а потым да самых варот тваёй гасподы цябе, як калоду, цягала? Усе рэбры мае ты паламаў, толькі скура ды косці асталіся... Не! Я болей не магу так! Нізашто на свеце не дазволю, каб ты здзекваўся нада мною! Дзе тваё сумленне, няўдзячны чалавек?

Кабыла душылася сваімі словамі. Вочы яе памутнелі і наліліся крывёю. Ніжняя губа апусцілася ўніз. Крывавая пена пакрыла яе ўсю... Бакі былі моцна сцягнуты з голаду, а хрыбет і рэбры тарчэлі, вострыя і сухія...

Сымон вылупіў вочы і не ведаў, што адказаць. Нешта ўзбудзілася ў яго душы такое, што страсянула яго з ног да галавы. Чалавек як бы прачнуўся ад доўгага сну нядбаласці і абібоцтва. Пытанні за пытаннямі, як цэлы рой аваднёў, пачалі кружыцца ў яго мазгах: «Мо праўда, я сам ва ўсім вінават, а не людзі? Чаму я заўсёды іншых віню ў сваім горы? Чаму я такі дзікі, цёмны, злосны і дурны? Ці ж я не мог жыць так, як суседзі? Чаму я раблю тое, ды не сёе? Чаму з мяне ўсе смяюцца? Сымон такі, сякі і гэтакі — кажуць людзі. Чаму я вінавачу заўсёды таго, хто не вінават?»

Пытанні проста тоўпіліся ў яго атуманенай галаве.

— Што рабіць ды што рабіць?

Ён развёў рукамі ў вялікай роспачы.

А кабыла пры гэтым павалілася на ўсе чатыры нагі свае і плакала-галасіла так моцна, што худое цела яе страшэнна траслося. Потым яна сціхла, не маючы болей сіл плакаць і стагнаць.

У Сымона ад вялікага жалю ажно ў грудзях нешта каменем спёрлася, што ён дыхаць не мог.

«Бедная пакутніца»,— падумаў ён, будучы пэўны, што кабыла ўжо здыхае.

І тут новы страх яго агарнуў:

«Што ж буду я цяпер рабіць у гаспадарцы без апоры-гарапашніцы? Якая б ні была кабыла, а ўсё ж такі яна ўжо гадоў мо з дзесяць як шчыра мне служыць, безупынна працуе... Я ж прападу без яе, занівошта прападу...»

Яшчэ горшае, чым раней, жыццё малявалася яму. Лепей як лепей, а горай заўсёды можа быць.

— Во дзе прыйшла пагібель на маю бедную галованьку!

Чорныя, як ноч, думкі апанавалі Сымона. Ён тапіўся ў іх, як у глыбокім возеры.

— Што будзе ды што будзе?

Але як топішся, дык за брытву хопішся — паратунак мільгануў і яму:

— О, каб цябе трасца! Зусім забыўся, што скура ад кабылы нечага варта. Гэта ж будуць боты — ды яшчэ якія! А то ўсё жыццё ў нейкіх атопках цягаюся!

На чалавека напала вялікая радасць — урэшце ён абуе боты. Зробіцца добрым гаспадаром і будзе мазаць боты ў кожную нядзелю добрым бярозавым дзёгцем. А як трэба будзе ісці на кірмаш, дык ён іх ускіне на плечы і пойдзе-пойдзе... Эга! Гэткая пара ботаў — не жартачкі якія! Яны, бадай, вартней каня: і вадзіцца не трэба з імі, і карміць не трэба, і наравіцца не будуць, і нукаць, і тпрукаць на іх не прыйдзецца — ускінуў на плечы і валяй куды вочы глядзяць... Ляці арлом! Свет вольны! Ідзі, куды сабе хочаш. Боты — гэта не тое што лапці!

Тут такая вялікая радасць агарнула Сымона, ажно ён сам дзівіцца пачаў: на якога ражна людзі жаляцца на сваё гора? Які чорт іх бярэ? І свет не такі кепскі, як здаецца спачатку, і жыць можна, ды не абы-як — толькі б ахвота была!

— Мабыць, у людзей ахвоты няма добра жыць на свеце,— цвёрда і ясна вытлумачыў сабе Сымон заблытанае жыццёвае пытанне.

— Дурні ўсе! — строга асудзіў Сымон увесь людскі род.

У яго самога з’явілася раптам вялікая гордасць: ён адзін зразумеў, як трэба жыць, ён адзін ведае, дзе сабака зарыты...

Як матылі пад летнім сонцам, пырхалі яго думкі, бліскучыя і светлыя. Чалавек павярнуў аглоблямі ў другі бок і проста шчаслівым зрабіўся.

Ад вялікага шчасця Сымон таўхануў кабылу ў бок нагою. Кабыла раптам зноў ажыла, ускочыла на ногі, вырвалася з аглабель і стала дуба. З воч яе сыпаліся маланкі. Грыва калматая натапоршчылася. Хвост трубой падняўся, і яна, як страшны звер, кінулася на яго...

Сымон крыкнуў ад страху і прачнуўся.

Сымоніха малаціла зграбна і спрытна качаргою па яго карку і голасна лаялася на ўсю вёску. Тут толькі Сымон успомніў, што на кірмашы выпіў лішнюю чарку і, едучы дахаты, крыху задрамаў.

Ён ляжаў на возе ля варот, а кабыла стаяла спакойна, апусціўшы галаву, гледзячы тупымі слязлівымі вачыма ў зямлю і, як нямы сведка, чуць-чуць кратала ніжняй павіслай губой…


1915

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 155-157
Крыніца: скан