epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

К жыццю!

Кожная новая ідэя, кожная новая думка родзіцца заўсёды самім жыццём. Паяўляюцца апосталы, каторыя цэлай галавой вышэй стаяць ад звычайнага народнага імпульса, і пачынаюць шырыць свае вучэнні і пропаведзі.

Апрача нямногіх, яшчэ не даросшыя да гэтых думак, людзі спачатку лічаць новае за нейкае апаганьванне старых традыцый, за непрыемнае для іх узбурэванне старога спакою — балота, пакрытага зверху зялёнай абманчывай цінай, і... прарока распінаюць, як бязбожніка і бунтоўніка, каторы няпрошаны ўлез у іх прысяжную праўду. Жыццё ідзе тым часам сваім ходам, і ў канцы канцоў тыя гарачыя, шчырыя словы непрызнанага апостала спаўняюцца...

Аглядаюцца людзі — жыццёвая праўда сваім добра загартаваным папрокам урэзваецца ўсё глыбей і глыбей...

Шэпчуцца людзі: «Той распяты намі быў святы!.. святы!..»

Народ перакідаецца ад крайнасцей да крайнасцей і з тым самым імпэтам, што раней паганіў, цяпер паважае свайго прарока жыцця...

Людзі цалуюць пакорна яго магілу і ставяць яму хвалебныя манументы...

Людзі каюцца:

— О, чаму мы раней не зразумелі?

— Мы б дагэтуль шмат чаго большага зрабілі б! Мы б дагэтуль... — і захлёбваюцца новай хваляй навейшага жыцця...

І зноў тая самая гісторыя!

І зноў тая самая чарапашая хадзьба!

У гэтым ад незапамятных часоў і ўся трагедыя жыцця...

Дзела ад слова заўсёды гранічыцца вялікаю прорваю, і доўгі час прыходзіцца чакаць агульнага ўсведамлення...

Галоўным мастом паміж словам і дзелам ёсць падгатоўка і ўсведамленне народа да новай ідэі ў жыцці.

Але так як усё ў жыцці мяняецца, гэтак само жыццё мяняецца.

Самы тэмп і ход жыцця ўжо не такі, які быў даўней.

Галоўны нерв жыццёвы зрабіўся вельмі чулы, так што рахавацца цяпер з устарэлай практыкай нельга.

Цяпер замест «Паспех — на людскі смех» кажуць «Адклад не ідзе ў лад»... Кожная ідэя павінна адразу дапасавацца да жыцця.

Жывое жывым і корміцца! Досыць нам уздавольвацца пустымі казкамі, прыгожымі словамі!..

Жыцця, жыцця дайце нам!..

Гэта належыць да нас, беларусаў, цяперака... да нашага руху...

Праўда, уелася гэтая святая справа ў жыцці, у мазгах укаранілася... Усе — і тыя, каторыя спачатку жартавалі, пачалі цяпер другімі вачамі глядзець на справу. Вельмі добра. Так павінна быць. Але нам цяпер трэба скарэйшым шагам пайсці ў асвятленні вёскі. Не чакаць злажыўшы рукі, а адразу з дзела пачаць...

Чаго вы маўчыце, жывыя святлейшыя людзі нашы?

Ідзіце да працы! Будуйце будучыню народу беларускаму.

Тварыце кааператыўныя ўстановы!

Няхай селянін папраўдзе болей карысці мае з працы рук сваіх...

Дзе тыя хаўрусныя банчкі? Чаму іх гэтак мала?

Няхай селянін папраўдзе падмогу мае ад шчырых братоў сваіх...

Дзе тыя школы народныя? Чаму іх гэтак скупа?

Дзе тыя чытальні, гурткі асветы, дзе тая жыватворная духоўная страва па вёсках?

«Яшчэ далёка да таго часу! — кажаце вы. — Жыццё ідзе сваім звычайным парадкам»...

Не, браткі, жыццё да жыцця не роўна...

Што раней, а што цяпер — вялікая розніца...

Не, браткі, у вас толькі ёсць занадта духоўнага гультайства...

Не аставайцеся ззаду, ідзіце разам з жыццём к жыццю!

К таму жыццю, каторае гарыць полымем вялікай энергіі, жыццё, маючае ў сабе багатыя сілы, каторыя, нібы дынаміт, разрывае ўсё старое, заржаўленае, скрыпучае, а ладзіць новае, чыстае, гулкае, наадвекі загартаванае жыццё!..

Ад слова да дзела!

У гэтым галоўная апора і надзея...

Не кажыце, што не патрапіце, трэба толькі хацець...

Не кажыце: «яшчэ паспеем».

Кожная хвілінка дорага...

І якая важная работа цяпер стаіць перад вамі, браткі мае!..

Мы спадзяёмся, што тыя здаровыя элементы вясковага люду, каторыя гадаваліся пад небам і сонейкам, не затуленым едкім дымам фабрык і шэрымі гарадскімі сценамі, саслужаць ускорасці вялікую службу.

Гэтыя свежыя народныя элементы будуць тымі прышчэпамі, каторымі хутка прыйдзецца лячыць выраджаючыяся гарадскія пакаленні, каторыя ўжо чуць ногі валакуць пад цяжарам атручанага фізічнага і духоўнага жыцця і нездаволенасці ва ўсім...

К жыццю!

Дайце народу хлебануць, пакаштаваць толькі глыток чароўнай асветы, і ён прачнецца, як тая казачная, спячая царэўна...

Бярыце пад увагу, што цяпер, то не раней... і ўсё павінна тварыцца скорым тэмпам...

Клічу вас к жыццю!..


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 389-391
Крыніца: скан