У купальскую ноч 23 чэрвеня ўвесь горад, ведаючы пра штогодняе святкаванне беларусаў у Вільні, высыпаў на бераг Віліі паглядзець дзіўную казку наяву. І праўда, дзякуючы старанню Беларускага муз.-драм. кружка, гэтае вялікае свята зелені і агню штогод пякнее ды пякнее...
Вачам не верылася — здавалася, што гэта нейкая цудоўная мара...
Уся Вілія ад Антокаля да Закрэтнага лесу была ў агнях... Па рацэ, акружанай з абодвух берагоў дзесяткамі тысяч людзей, плылі параходы, баркі і лодкі, прыбраныя зеленню, светачамі і разнаколернымі ліхтарэнькамі. Над імі ўзвіваліся ўгару іскраўкі (феерверкі), іскрыліся бенгальскія агні. Мелодыі музыкі і беларускага хору ўторыла шчырым віншаваннем публіка з берагоў.
Прыехаўшы ў Закрэтны лес, гулялі тамака ўсю ноч, яшчэ захапіўшы ладны кавалак раніцы.
Там зноў былі вогнішчы, музыка, беларускі хор, беларускія танцы, беларускія гульні і інш.
Вельмі пекна выступалі беларускія дзявочыя ўборы.
Словам, пазіраючы на гэту містэрыю, поўную хараства і паэзіі, душа безгранічна весялілася... Агульны шчыры настрой абхапіў грамаду людзей, каторыя, забыўшы свае штодзённыя клопаты, увайшлі хоць на кароткі час ва ўладарнасць праўдзівага шчырага паэтычнага настрою.