epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Кузня беларускага мастацтва (Думкі аб студыі Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра ў Маскве)

І
II


І

Мы знаходзімся толькі пад брамай новай эпохі; у яе цудадзейныя, светазорныя гмахі мы яшчэ не ўвайшлі.

Акцябрскі пераварот ачысціў толькі шлях к новаму жыццю. Працэс барацьбы яшчэ не закончан. Па ўсяму СССР ідзе змаганне за адбудову гаспадаркі, за стварэнне новага быту, за знішчэнне цёмных забабон нявольніцкай мінуўшчыны.

У сонечныя палацы новага жыцця ўвойдзе толькі наша шчаслівая моладзь, якой неакрэпшая пакуль што сучаснасць будзе служыць традыцыйным грунтам. Нашай рэвалюцыйнай сучаснасцю будзе пранікнута псіхіка новага пакалення. Гэта загартуецца ў моладзі праз новае выхаванне.

 

Наша сучаснасць знаходзіць сваё праламленне ва ўсіх формах новага жыцця, галоўным чынам, у багаталічных галінах маладога пралетарскага мастацтва.

Мастацтва — зачарованае фаустаўскае люстэрка, у якім вабная постаць цудна-прыгожай Гэлены красуецца навекі.

Мастацтва ў сваіх фарбах, формах, вобразах і згуках авекавечвае эпохі тысячалеццяў. Яно, мастацтва, служыць новым пакаленням у сэнсе гісторыі ў сто крат болей, чымся летапісы, прафесарскія працы і г. д., бо ў ім захаван непадробны дух эпохі, — яе настроі, яе перажыванні, яе ідэалы хараства.

Мастацтва ў нас робіцца цяпер галоўным базісам ператварэння людской псіхікі: праз яго толькі грамадзяне савецкіх] рэспублік і дастануць сваё перавыхаванне.

Мастацтва ва ўсіх відах сваіх павінна не адбіваць сучаснасць на шматметравых фільмах праз мёртвы фотаапарат, а жывым прарочым словам клікаць людзей у новы свет, перарабіць іх душы, загартаваць іх і пераадзець у вясёлкавыя вопраткі сучаснасці.

Мастацтва тады толькі мае жывы твар, вялікую сілу, праўдзівае хараство і неабходную каштоўнасць, тады толькі дасягае сваёй мэты і тады толькі захоплівае людзей сваімі чарамі, калі творчасць яго саткана з пявучых струн спецыфічнай народнай душы, калі выяўляе праўдзівы дух таго народа, з якога яно хоча прадставіць. Мастацтва нацыянальна. Класавае мастацтва таксама нацыянальна.

 

Масква зрабілася цяпер калыскай новага мастацтва розных нацыянальнасцей СССР.

Гэтая мая Масква, дзе раней чарнасоценным царскім духам пахла, скуль раней дыктаваліся законы ўгняцення нацыянальных культур розных народнасцей быўшай вялікадзяржаўнай царскай Расіі.

Тэатр у сваёй мнагаграннасці ахоплівае ўсе формы мастацкай творчасці. Дзеля гэтага грае ён дамінуючую ролю ў сучаснай пралетарскай культуры.

Пад Савецкай уладай тэатральнае мастацтва дайшло да вялікіх дасягненняў. Аб савецкіх тэатрах загаварылі цяпер на ўсім свеце. У кароткім газетным артыкуле не месца гаварыць аб новых напрамках, новых школах у тэатральным мастацтве, але тут мы хочам пагаварыць аб адным вельмі важным факце маладой беларускай культуры — аб студыі Бел[арускага] дзяр[жаўнага] акад[эмічнага] тэатра ў Маскве.

 

Беларуская студыя ў Маскве пераходзіць ужо на 3-ці вучэбны год. Сёлета на экзаменах у Мінску прынята яшчэ 18 чалавек. А ўсяго студыйцы складаюць ужо каля 40 чалавек. Гэта ўжо праз некалькі год можа быць аснаўной трупай Беларускага дзяржаўнага тэатра.

Наша тэатральная студыя напала якраз на самы рубеж двух таэтральных напрамкаў — правай школы Станіслаўскага і левай — Меерхольда.

Правае крыло тэатра прытрымліваецца той тэатральнай культуры, дзе галоўную ролю грае творчасць акцёра, творчасць жывога чалавека. Гэта значыць, што тут галоўным з’яўляецца змест, унутраны настрой, а не знешняя форма.

Левае крыло тэатра дамагаецца ўсімі сіламі выяўляць не ўнутраны змест, а знешнюю тэатральную форму.

Кіраўнікі беларускай студыі ў Маскве, як т. Смышляеў і іншыя, бяруць для асновы сярэдняе з гэтых двух напрамкаў — павінны гарманіраваць паміж сабою ўнутраны змест і знешняя форма.

Адно без другога ў першай беларускай тэатральнай студыі быць не можа. Змест і форма — ідэальны сінтэз.

Вось тая правідловая, бясспрэчная лінія, якою кіруюцца правадыры нашай студыі.

Тэрмін заняццяў у студыі мае быць пяцігадовы. У гэты тэрмін уключаюцца і тыя два гады, якія студыя ўжо існуе. Пяць гадоў з’яўляюцца тым мінімумам, у які зусім незнаёмыя з тэатрам людзі могуць азнаёміцца і заўладаць тэатральнай тэхнікай. Разумеецца, гэта можа быць пры надзвычайна энергічнай працы і падборы неабходнага высокакваліфікаванага складу настаўнікаў.

Пры такім плане працы к канцу 3-га года павінны быць прыгатоўлены тры п’есы для сталых пастановак. Праз тры гады, гэта значыць к канцу 5-га года, павінна быць 9 п’ес, якія і будуць служыць асновай рэпертуару будучага беларускага тэатра.

Галоўная мэта педагагічнага персаналу студыі: стварыць тэатр спецыфічна беларускі, у чым і будзе яго найвялікшая каштоўнасць.

Што тычыцца спецыяльнага беларускага напрамку студыі — яе ўласнай школы, дык яе створыць ужо пасля сам малады беларускі тэатр. Гэтага дадуць не маскоўскія тэатральныя педагогі, а тыя жывыя беларускія сілы, якія выхоўваюцца ў Маскве. Настаўнікі толькі накіроўваюць іх да саматворчасці.

Беларускі будучы дзяржаўны тэатр знойдзе сваю ўласную дарогу, створыць сваю беларускую школу. У гэтым мы не сумняваемся.

Прыкладам можа служыць у гэтым кірунку Яўрэйскі дзяржаўны камерны тэатр, які ўжо мае сваю ўласную школу і нажыў сабе заслужаную славу сваімі нацыянальна-бытавымі рысамі.

Беларуская народная творчасць: песні, казкі, мелодыі, беларускі народны тэатр-батлейка, цыкл гадавых сцэнічных абраднасцей, сакавіты быт беларускага хлебароба, беларуская навейшая літаратура — вось багатая аснова дзеля стварэння праўдзівага свайго тэатра, які галоўным чынам сваёй беларускасцю будзе надзвычайна багатым укладам у агульналюдскі скарб сцэнічнага мастацтва.

Беларускі тэатр мае перад сабою багатую будучыню.

 

 

II

Так, беларускі тэатр мае перад сабою багатую будучыню.

Гэту будучыню ткаў яму песнямі на роднай глебе і ў курнай хаце беларускі селянін соткамі гадоў. Гэту будучыню стварылі яму фантастычныя казкі беларускай бунтарскай пушчы, дзе гадаваліся паўстанцы Каліноўскія. Гэту будучыню здабыў для яго наш аматарскі тэатр эпохі адраджэння пасля рэвалюцыі 1905 года. Гэту будучыню творыць яму цяпер Савецкая рэспубліка.

Вясну беларускага сцэнічнага мастацтва кліча цяпер «вяснянка» — Беларуская дзяржаўная студыя ў Маскве.

Поспехі будучага беларускага тэатра — у яго выключнай беларускасці.

Вось пуцяводная зорка, якой павінна прытрымлівацца паша студыя.

Пры гэтым мы разумеем беларускасць і яе асновы — народная творчасць і быт — не ў тым сэнсе, што трэба нанава стварыць культ старасветчыны — не.

Наша мінулае павінна даць нам толькі той самабытны беларускі каларыт, праз які ўсе бачылі б, што гэта мастацтва спецыфічна беларускае.

Але гэтае мастацтва павінна быць прапушчана праз прызму рэвалюцыйнай сучаснасці, павінна быць стылізавана праз самыя навейшыя прыёмы тэатральнай тэхнікі.

Гэта зробіць лабараторыя нашай студыі, якая, як мы ўжо гаварылі, мае ў сваім складзе найлепшых сучасных тэатральных педагогаў Масквы.

Вялікай мастацкай свядомасцю і сцэнічным інстынктам павінен заўладаць кожны беларускі студыец, каб потым быць у калектыве тэатральнай майстроўні чынным тварцом беларускай сцэнічнай школы.

Кожны беларускі студыец — будучы тварэц самабытнай беларускай тэатральнай школы.

Дзеля гэтага трэба, каб беларускі кіраўнік студыі палажыў добрую аснову беларускасці ў вучэбнай працы.

Беларусазнаўства ў студыі павінна быць пашырана да максімуму:

1) Беларускую мову, гісторыю Беларусі, беларускую літаратуру, гісторыю беларускага адраджэння, гісторыю рэвалюцыі на Беларусі студыйцы павінны ведаць дасканальна ў курсе вышэйшых школ.

2) Яшчэ большая ўвага павінна быць звернута на вывучэнне беларускай этнаграфіі, на азнаямленне з жывым бытам сучаснай беларускай вёскі (апошняе болей усяго адносіцца да тых студыйцаў, якія не выйшлі з беларускай вёскі. Такіх ёсць некалькі чалавек у нашай студыі).

3) Гісторыя беларускага тэатра, хаця яна не мае ў сабе яскравых момантаў, аднак яна мае некалькі сот гадоў развіцця. Гэта, безумоўна, адзін з галоўнейшых прадметаў навучання.

4) Пры студыі павінен быць поўны збор беларускіх народных мелодый і музыкальных кампазіцый, напісаных рознымі мастакамі да гэтага часу. Студыя павінна спецыяльна камандзіраваць чалавека ў глухія куткі дзеля запісаў беларускіх мелодый і песняў (словы).

5) Студыя павінна сабраць усе беларускія народныя танцы, каб мець аснову дзеля стварэння беларускага балета. Беларускі балет, які меў такі-сякі росквіт у часы Ігната Буйніцкага (1910—1911— 1912 гг.), цяпер зусім загінуў.

Трэба запісваць беларускія танцы па вёсках.

6) Студыя павінна стварыць свой беларускі аркестр, які граў бы толькі беларускую музыку. У гэтым кірунку трэба зрабіць так, як зрабіла Яўрэйская студыя дзяржаўнага камернага тэатра: прыцягнуць да нацыянальнага аркестра лепшых музыкантаў беларусаў, якіх у межах СССР ёсць шмат.

Яшчэ да гэтага трэба, каб студыя мела поўны камплект беларускіх народных музыкальных інструментаў (цымбалы, дуда, ліра, бубен, жалейка і г. д.) і каб некаторыя навучыліся іграць на іх.

7) Трэба, каб спецыяліст збіраў па вёсках самабытную музыку вясковых музыкаў, як вясельную, таксама і вечарыначную. Напрыклад: вясельныя маршы, кадрылі і г. д., якія маюць свой беларускі каларыт.

8) Беларускі стыль у вопратках, тканінах, у хатняй абстаноўцы павінен быць добра вядомы кожнаму студыйцу.

Варта было б выдаць спецыяльны альбом беларускіх вопратак розных мясцовасцей і часоў і поўны збор беларускай арнаментыкі.

9) Студыя павінна мець поўную бібліятэку беларускай літаратуры.

10) У час вакацыяў штогод студыя павінна арганізаваць экскурсіі ў беларускія вёскі, каб мець жывую сувязь з бытам селяніна.

Што тычыцца асноўнага рэпертуару, які павінна даць студыя за пяць гадоў працы, дык да гэтага трэба падыходзіць з вялікім падборам.

Нам спачатку нецікава бачыць на беларускай сцэне Шэкспіра, Сервантэса, Шылера, Мальера і інш. Гэта мы можам бачыць пакуль што на любой мове.

Нам спачатку дайце з беларускіх падмосткаў толькі беларускае. Ужо пасля, калі беларускі тэатр нажыве сабе імя сваёй уласнай творчасцю, тады толькі можна будзе даць і сусветных класікаў.

З спецыфічна беларускім рэпертуарам можна будзе рабіць потым турнэ па ўсіх вялікіх гарадах СССР.

А калі ў рэпертуары будуць мець перавагі чужыя сцэнічныя творы — тады сядзі сабе ў Мінску і не рыпайся, бо для небеларусаў гэта будзе нецікава.

Матэрыял?

Аж надта. Ёсць і ёсць.

Можна выбраць некалькі п’ес з рэпертуару аматарскіх беларускіх труп (з драматычных твораў Купалы, Галубка, Кудзелькі, Радзевіча і г. д.).

Напрыклад, «Чараўніца» («Колдунья»), якая ставілася на яўрэйскай сцэне 30 гадоў таму назад, у сучасным выкананні Яўрэйскага камернага тэатра з’яўляецца зусім новым сучасным творам.

Можна зрабіць цыкл мініяцюр з беларускіх народных казак (удзячны матэрыял дзеля гэтага ў зборніках Сержпутоўскага, Раманава, Шэйна, Федароўскага і інш.), з беларускіх песень калядныя русальныя карнавалы, нумары з батлейкі і г. д.

Дзеля сцэнічнай ілюстрацыі такіх твораў трэба, вядома, палажыць шмат працы. Трэба выкарыстаць пры гэтым усе магчымасці навейшай тэатральнай тэхнікі плюс музыка, песня, балет. Але затое гэта будуць надзвычайна прыгожыя нумары.

Потым можна інсцэніраваць творы навейшых беларускіх пісьменнікаў. Тут зноў жа ёсць багата матэрыялу.

Кіраўнікі нашай студыі павінны памятаць, што яны могуць стварыць эпоху ў беларускім мастацтве.

Мы пэўны, што так яно і будзе. Мы пэўны, што яны будуць працаваць у гэтым кірунку не пакладаючы рук.

Гукайце вясну нашага маладога мастацтва!

Адмыкайце, як кажа беларуская народная песня, «залатымі ключамі» браму ў новае жыццё!

Вы гэта зробіце!


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 403-408
Крыніца: скан