epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Лявоніха і Сымоніха

Лявоніха і Сымоніха — гэта дзве блізкія суседкі, дзве вясковыя ягадкі. Жывуць яны побач, пасярод вёскі, хата супроць хаты. Хаты іхнія старэнькія, маленькія, закураныя і нахіленыя адна да аднэй; нібы зацікаўлена, пільна ўглядаецца адна на адну, пазірае акно на акно, дах на дах, комін на комін, адны аднымі любуюцца і налюбавацца не могуць,

З акна сваёй хаткі глядзіць Лявоніха на хатку Сымоніхі, хоча даведацца, што там дзеецца-робіцца, што Сымоніха на сняданне ладзіць, якія бліны пячэ, чым падмазвае іх, які фартух сягоння надзела, ці весела, аб чым гутарыць з Сымонам сваім і аб чым думае яна. Лявоніха супакоіцца не можа. Страшэнна ведаць хоча, аб усім гэтым. Выцягвае шыю, настарожвае вушы, праз пабітую шыбіну ўцягвае носам паветра — мо што-колечы слухам ці нюхам пачуе...

А Сымоніха ў сваёй хаце робіць тое самае ад пачатку да канца. Як і суседка, хоча ўсё знаць-ведаць, што робіцца ў Лявоніхі, з не меншай зацікаўленасцю, чым Лявоніха.

Лявоніха з Сымоніхай не могуць доўга здавальняцца толькі нямым пазіраннем праз затуманеныя акенцы сваіх хатак, і кожная з іх ловіць зрэнкамі кожны рух суседкі. Не прапускаецца найкарацейшая гамонка, чуць прыметны шум і рып дзвярэй або стук вілачніка. І вось суседкі, як бы раней згаварыўшыся, спотайку соўваюцца з сваіх хат.

Лявоніха на пальчыках падыходзіць да дзвярэй. Не чутно, як падымае клямку і як высувае напалавіну сваю галаву. І вось з заміраннем сэрца Лявоніха блісь адным вокам у бок дзвярэй Сымонавай хаты, так бліснула туды вокам, нібы нажом пракалоць хацела дзверы Сымонавай хаты, каб разок хоць глянуць, што там робіцца.

Але, як толькі зірнула, дык, як апараная варам, адскочыла назад і стукнула дзвярамі. Пры гэтым стукнулі дзверы і Сымонавай хаты, бо Сымоніха рабіла тое самае; яны ўгледзелі адна адну ў імгненне вока, у адных і тых самых позах, з аднымі і тымі самымі выразамі зацікаўленасці ў вачах. Пры гэтым яны зрабіліся страшэнна падобнымі адна да аднэй. Кожнай здавалася, што яна толькі глянула ў люстэрка.

Троху адсопшыся, яны зноў прыняліся за сваю работу. Урэшце, абедзве, не вытрывалі, выйшлі з сваіх хат, нібы на надвор’е паглядзець і курэй паклікаць.

— Ціп-ціп-ціп-ціп! — кажа Лявоніха.

— Ціп-ціп-ціп-ціп! — кажа Сымоніха.

І голас у іх адзін і той самы — троху пісклявы, троху з хрыпоткай, троху салодкі і троху горкі, троху лагодны і троху сварлівы.

— А дзе ж мае куры дзеліся, каб іх каршун? — кажа Лявоніха.

— А дзе ж мой певень прапаў, каб ён здох? — кажа Сымоніха.

Пры гэтым яны паглядаюць адна на адну няшчырымі, маслянымі вачамі. Хітрасць і фальш відаць у кожным іх руху, у кожным павароце. А болей усяго гэта відаць у іх гутарках. Гэта хітрасць даходзіць да смяхоты, да нейкага асаблівага выразу шчырасці. Кожная з іх ведае думкі другой лепей, чымся свае ўласныя.

Страляючы вачамі адна ў адну, Сымоніха з Лявоніхай патроху пачынаюць гутарку, як бы наладжваючы скрыпкі. Мова іх на першы погляд здаецца самай простай і бязвіннай, як дзіцячая гутарка. Але яна і не простая і не бязвінная. Каб зразумець глыбокі сэнс гэтай мовы, патрэбен добры тлумач — іначай чалавек не пачуе праўдзівага смаку.

— Дзень добры, Сымоніха! — кажа Лявоніха.

Гэта значыць: галавой уніз, паскудніца!

— Добры дзень, Лявоніха! — кажа Сымоніха.

Гэта значыць: згінь ты, прападзі, падла старая!

— А даўненька мы не бачыліся, суседачка.

Гэта значыць: дай бог, каб цябе, паганіцу, ужо болей ніхто ніколі не пабачыў.

— А во, іду даведацца, як ты маешся, міленькая.

Гэта значыць: чаму так доўга ліха цябе яшчэ не забрала, шэльма?

Пры гэтым суседкі дробнымі і пэўнымі крокамі падыходзяць адна да аднэй, не спыняючы гутаркі. Нібы войска на войска наступае.

— Эт,— кажа Лявоніха цукровым голасам,— жывугадуюся, як гарох той пры дарозе, кратаюся як-колечы. А што чуваць у цябе, кумачка-любачка?

Гэта значыць: трасца табе ў бок, ліха тваёй матары! Прыйшла ты, сарока, выведаць, што ў хаце маёй робіцца — скулле даведаешся, не дачакаешся!

— Эт,— кажа Сымоніха мядовым галаском,— дабра не чуваць і ад ліха не ціха. Ой, бедная мая галовачка! Ой, жыццё маё палынь-травіцаю зарасло! Прыяцельніцы можна троху пажаліцца ды паскардзіцца.

Гэта значыць: каб ты не дажыла, не дачакалася, пакуль я буду табе хваліцца, нячыстая душа, сваім багаццем. Працую і жыву. Бог і рубельчыкам, і тым, і сім не абмінае — я не такая крывуля, як ты!

Бабы робяць кіслыя твары, кожная на свой лад. Гэтыя фізіяноміі вельмі розняцца адна ад аднэй і надта падобны. Яны гавораць і мімікай.

Постаць Лявоніхі кажа без слоў, але выразна:

— З чым прыйшла, з тым і пойдзеш скрозь зямлю.

Выгляд Сымоніхі кажа без слоў, але досыць зразумела:

— Трэскайся, лопайся, але ты ў мяне шышка невялікая!

І добрыя суседкі далей гавораць:

— Скажы, любанька, Сымон твой перастаў піць? Ён рукамі болей да цябе не соваецца? — пытаецца Лявоніха, і вочы яе робяцца рахманыя і жаласлівыя.

Гэта значыць: думаеш, гадзіна, не ведаю, што ён тваю скуру лупіць і ўдзень і ўночы? Але ты, здыхляціна, і гэткага мужыка не варта!

— Ха-ха-ха, золатца маё,— смяецца весела Сымоніха,— дзякаваць божаньку, як толькі знахар даў мне лякарства, дык рукой адняло — другім чалавекам Сымон зрабіўся; цяпер у мяне не жыццё, а проста рай.

Гэта значыць: хоць пукайся, ліхаманка, хоць трэскайся на кавалкі, хоць макам рассыпайся, не буду табе на радасць жаліцца, што ў мяне бакі як цапамі пабітыя ад жалезных кулакоў Сымона. Каб ты запрапасцілася разам з ім!

Лявоніха бярэцца рукамі за твар Сымоніхі, углядаецца ёй у вочы, ківае галавой, ды кажа:

— А праўду кажаш, дальбог, праўду! Ты цяпер куды лепей нават выглядаеш. Ты зрабілася, як тая макавачка чырвоненькая! А круглая-круглая, аж зайздрасць бярэ!

Гэта значыць: агіда ты! Прыгажэйшую за цябе ў труну кладуць. Ой, добранька ведаю жыццё тваё пякельнае! Ад мяне, гадаўка, не ўтоішся! Не на такую натрапіла!

Сымоніха гладзіць Лявоніху і кажа:

— Няма чаго богу грашыць, неяк кратаемся.

Гэта значыць: халера ты! Каб ты ўгару глядзела ды сонца не бачыла! Каб цябе скруціла ў тры пагібелі! Нашто сыплеш мне соль на раны?

— Ніхто ў нашым сяле гэтак дружна не жыве, як мы з табою! — здзіўлена і натхнёна кажа Лявоніха.

— Ды як жа іначай, сэрца маё, як іначай, даражэнькая! — трапляе ёй у тон Сымоніха.

Гэта ўсё значыць: няпраўда! мана! фальш!

— Хадзі ка мне, зязюлечка, у хату! Пагаворым аб тым ды аб сім,— кажа Лявоніха.

Гэта значыць: каб ты на парозе маім ногі свае паламала, нячыстая душа! Каб ты галаву скруціла на ганку маім!

— Во, гвалтам цягне ў хату,— кажа Сымоніха.— Дзякую, сястрычка, ды ідзем у маю хату,— і мы людзі хрышчоныя!

Гэта значыць: калі ніхто не ведае, як хто абедае, дык я даведаюся, бо ўлегцы мяне не возьмеш!

— Заходзь ка мне! — кажа Лявоніха.

— Ды ты ідзі ка мне! — упіраецца Сымоніха.

Лявоніха нагвалт хоча зайсці да Сымоніхі, а Сымоніха — да Лявоніхі.

Доўга цягне Лявоніха суседку да сябе ў хату — тая ўпіраецца і не ідзе.

Доўга цягне Сымоніха суседку ў сваю хату — тая не хоча, ды годзе.

Урэшце, моцна нацягнутыя струны не вытрываюць і лопаюцца з такім моцным трэскам, што трэск гэты творыць новую музыку. Суседкі пераходзяць ад няшчырасці да шчырасці:

— Як?! — кажа Лявоніха,— ты ганьбуеш маёй хатай?! — і вочы яе прымаюць свой праўдзівы выгляд — злосны, зняважлівы.

— Як?! — кажа Сымоніха,— ты пагарджаеш маім кутком?! — і вачамі пазірае яна на суседку так гнеўна, як бы яе з’есці хоча.

Слова за слова — і з іх пасінелых вуснаў — разам са слінай пачынаюць сыпацца такія адборныя і ядраныя слоўцы, як пацеркі, як зорачкі, як жалезны боб, як горкі перац. І тут ужо тлумач непатрэбны, бо кожнаму і так добра зразумела.

— Ты — сякая, ты — такая! — крычыць Лявоніха.

— Ты — такая, ты — сякая! — грыміць Сымоніха.

— Шэльма! — лаецца Лявоніха.

— Гадаўка,— дражніцца Сымоніха.

— Шэльма! шэльма!! шэльма!!!

— Гадаўка! гадаўка!! гадаўка!!!

Адна адну проста заклінае гэтымі брыдкімі словамі. Але болей ім слоў ужо не хапае, і яны ад слоў пераходзяць да рук:

— Во!

— На!

І дзве фігі, як дубовыя сукі, выходзяць на сцэну.

Фіга Сымоніхі пападае проста ў нос Лявонісе, а фіга Лявоніхі — акурат у нос Сымонісе. Але не ад фігаў пачалося і не фігамі канчаецца гэта гісторыя. Пачынаецца новая праца звычайнымі кулакамі, а потым парканінамі, потым давай качаць адна адну па зямлі і рваць за доўгія валасы. Ды ёсць у іх розныя спосабы калатні — усіх і не пералічыш адразу.

На крыкі і ляманты збягаецца ўся вёска.

Сымон з Лявонам стаяць каля сваіх хат ды толькі смяюцца. Вось гэты смех памагае раз’юшаным бабам, як халодная вада. Пачуўшы смех сваіх мужыкоў, яны спыняюць калатню, ускакваюць з зямлі, і кожная злосна кідаецца на свайго мужа за тое, што гад, не толькі не памагае ў гэткай бядзе, каб выйсці з гонарам, ды яшчэ смяецца з пакрыўджанай жонкі.

Пасля гэтага суседкі цэлы дзень кожная на сваім двары крычаць адна аднэй такія словы і вытвараюць такія штукі, якіх людзі добрыя не ведаюць і свет не бачыў...

Пасля гэтага пару дзён суседкі зусім не цікавяцца адна аднэй — не прыслухоўваюцца і ў вокны не паглядаюць.

А ў нядзелю ідуць разам на кірмаш, як ні ў чым не бывала, і дружба ў іх яшчэ болей павялічваецца.

Пасля кірмашу пачынаецца ў іх уся гісторыя з самага пачатку, перайначаная на новы лад — дзе дабаўляецца, дзе адбаўляецца — свяжуткая, навюсенькая гісторыя, як бы толькі радзілася яна на свет.

Гэтак ідзе тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, год за годам, акуратна, як па загаду звышку.

І трэба прызнацца, што Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны за што цалавацца і за што біцца, робячы гэтым прыемнасць і самім сабе і добрым людзям.

 


1920

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 172-177
Крыніца: скан