epub
 
Падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Ліст

Зімовы вечарок. З усіх комінаў вясковых хат валіць дым густаблакітнымі клубамі, каторыя, падымаючыся вышэй, зліваюцца ў нейкую залацістую кудзелю і знікаюць за гаем. З маленькіх аконцаў міргаюць вясёлыя аганькі, асвечваючы прыпечкі і баб, каторыя гатуюць вячэру. Уся вёска Глухаўшчына ляжыць пад адной гурбай снегу, быццам казачнае мармурнае замчышча... У гэтым снегу, нібы кратамі, месцамі разрыты сцежкі да хлявоў, загуменняў або так — ад суседа да суседа. Вельмі ціха, але вось з-пад сівой пушчы за ўзгоркамі пачуўся зычны скрып санак, потым паказалася фурманка, і з яе раздаваліся па ўсяму беламу абшару голасныя, п’яныя спевы:

 

Гарні, гарні бульбачку,

Груцу, кашу, чорны хлеб!

Гарні, гарні...

 

Але тут пявака перакуліўся дагары нагамі з санкамі разам і апынуўся ўвесь у снягу, як у белым пуху, аправіўся, вылаяўся шчыра ды другую песню запяяў.

— Мусі, ужо Лявон цялё сваё прапіў! — кажуць глухаўцы, пачуўшы гэтыя вогласы.— Бо лішне вясёлы з кірмаша дахаты едзе!

Толькі адна Лявоніха, жонка яго, зусім забылася, што ён цялё з сабой на кірмаш забраў. Яна стаіць, прытуліўшыся к старому плятню, і нецярпліва чакае свайго Лявона. Яна яго гвалтам выправіла ў мястэчка зняць з пошты ліст ад іх старшага сына Міхася, каторага здалі сёлета ў салдаты. Гэта першы ліст яго са службы... Праўда, ужо, дзякаваць богу, шэсць тыдняў, як Міхаська служыць, але як сам неграматны, дык пакуль дапросіцца каго-небудзь напісаць, шмат часу праходзіць. Гэтак раздумвае Лявоніха, расчыняючы зараней вароты на двор, каб Лявону не трэба было астанавіцца. Вось сэрца яе моцна закалацілася... прыехаў!.. Пачаў Лявон кіраваць на двор і ўп’яна зачапіўся за падваротню і вырваў акрутню з аглоблі.

— Дай мне ліст скарэй,— выпаліла Лявоніха.

— Дам табе, сцерва, гэтак, ажно ты заскавычыш у мяне! — гукнуў на ўсю вёску Лявон.

Яна задрыжэла як асінавы ліст і ўсхапілася, што ён напэўна п’яны... Але сэрца маці не вытрывала, і яна пачала ізноў енчыць:

— Лявонька, родненькі, дай ліст!

— Адыдзі, падла! — крыкнуў ён і гэтак моцна штурхнуў яе, ажно яна кульгікнула на тры аршына ў снег. Паднялася, атрэслася, вочы яе злосна заблішчэлі — сама яна пабялела, як чысты кужаль, і наскочыла на яго з дзікім крыкам зарэзанай:

— Ліст дай мне, галаварэз паганы!

Тут Лявон, хоць і п’яны, не так спужаўся, як здзівіўся, у першы раз у сваім жыцці ўбачыўшы сваю жонку гэткай злоснай, і, адсупоніўшы каня, апусціў рукі.

— Ліст дай мне! — схапіла яна яго за каўнер. На дварэ ўжо сабралася хэўра вясковых гаспадароў і смяялася. Лявон пачаў чухацца.

— Спужаўся! — зарагатаў парод.

— Я спужаўся?! — разгарачыўся Лявон, — я спуж...—Не ўспеў ён выгаварыць гэтае слова, як Лявоніха страшэнна заплакала.

— Ліст дай мне! — ажно душылася яна словамі.

— Юда, дай мне ліст майго сына! Роднага майго Міхаські...

— А каб цябе сто чарцей! — забурчэў пад нос Лявон, крыху памякчэўшы, і, левай рукой трымаючы за аброць кабылу, давай правай рыцца за пазухай. Высыпаў абаранкі, каторыя галапупцы яго адразу падхапілі з радасным піскам, а тым часам Лявоніха стаіць і дрыжыць ад нецярплівасці, як непрытомная, нават не прыкмеціла, што меншак яе, Габрусёк, стаіць босы на снягу і грызе абаранак. Вытрас Лявон свой капшук з махоркай і другі раз вылаяўся, выняў селядцы і палажыў на кашэль з сенам, потым глыбей папароўся і выцягнуў з-за пазухі для Лявоніхі адзіны скарб — ліст ад Міхася, упэцканы ў селядцы. Лявоніха ад нецярплівасці прыхілілася тварам аж да пазухі яго.

— На, паганая скура! На! На! — тыцкаў ёй у зубы Лявон не так лістом, як кулаком, ажно і кулак свой і ліст крывёй афарбаваў...

Лявоніха пі слоўца не сказала на гэта, прыціснула моцна да грудзей сваіх ліст і пабегла з радасцю ў хату.

— Здарова! — пахвалілі адны з хэўры.

— Здаравенна! — падхапілі другія.

— Хай баба ведае сваё месца! — адказаў на гэта Лявон і заліхвацка заняяў:

 

...Гарні, гарні бульбачку,

Груцу, кашу, чорны хлеб.

 

А тым часам Лявоніха падляцела да прыпечка, засунула галаву ў самы чалеснік, дзе блішчэлі галавешкі, і давай разглядаць ліст.

— Ой, у крыві...— схапілася яна,— нешта нядобрае... ці не з вайны прыйшоў ліст гэты?..— Тутака яна задумалася і ўзялася адной рукой за вусны і пачула, што ўпэцкала пальцы ў нешта мокрае і цёплае, зірнула на пальцы, ажно яны ў крыві...

— А няхай яго, няхай яго, майго мужыка! Гэта ж я напрасна спудзілася... дрэнь: ён мне зубы пабіў! — Забыўшы болю, давай ізноў разглядаць ліст з усіх бакоў... Разарвала канверт і выняла вялікі аркуш паперы, запісаны вялікімі лапатымі літарамі.

— А божухна! — усхапілася Лявоніха,— гэта ж ніводнага граматнага няма ў вёсцы!.. Што ж мне рабіць?..— Хапілася яна за сваю распаленую галаву і давай грызці канец сваёй паркальнай хусткі.

Доўга думаць не далі ёй, бо Лявон, упарадкаваўшы каня, увайшоў у хату і крыкнуў: «Дай вячэру!» Лявонісе ўжо крыху палягчэла хоць з таго, што яна сабе ліст пад хустку падлажыла, і падала Лявону вячэраць.

Глухаўцы былі вельмі цікавы народ да розных навінак, што на свеце дзеецца, казаў той, і, сабраўшыся грамадой у Лявонавай хаце, сталі дапытвацца, што ён там піша, брахмель той Міхась, што ён там баіць?

— Гэй, Сцяпчонак,— крыкнуў Арцём крывы росламу дзецюку,— збегай у млын па лысага Хомку, ён прачытае!

— Хомка, гэта кручаны рамень! — адазваўся кульгавы Язэп, вынімаючы табакерку.

— Дзядок, дай панюхаць, дай панюхаць,— запішчалі дзеці.

— ЬІа-а-а! — з пагардай адкрываючы табакерку, падаваў Язэп кожнаму хлапчуку шчапотку табакі. Хлопчыкі набраўшы ў нос табакі, пачалі чхаць на ўсю хату.

— Іш, вы! Задалі дыхту! — засмяяўся Язэп, а за ім усе ў хаце.

Не смяялася толькі адна Лявоніха, яна то вымала ліст з-за хусткі, то зноў хавала, пазіраючы ўвесь час у акно, мо ідзе ужо мельнік.

— Ды досыць табе ўжо цацкацца з лістом! Нібы абраз святы ў руках трымае! — пачаў стыдзіць яе Лявон.

— Мая справа! Ад майго сына! Ад майго Міхаські! — ажно прычытваць нараспеў пачала Лявоніха і пацалавала ліст...

— Фэ! Сцерва дохлая! — буркнуў Лявон і адвярнуўся.

— Ідзе! — крыкнула тым часам Лявоніха,— мельнік ідзе!..

І не наспеў ён яшчэ сказаць «добры вечар» і павітацца з гаспадарамі, як Лявоніха ўсунула ліст у рукі, кажучы:

— Першы ліст ад майго сына, ад салдата.

Мельнік сеў памалу на лаву, затуманіў люльку супакойна, надзеў свае алавяныя акуляры на нос, абкруціўшы ніткі кругом галавы. Адно шкельца гэтых акуляраў было паломана і абкручана дротам так, што правае вока выглядала, быццам чорным крыжыкам пакрытае.

— Дзядзечка, чытай! — не ўстрымалася Лявоніха і ўжо канцом фартуха давай выціраць слёзы з вачэй. А мельнік яшчэ ўсё не чытаў, а разглядаў, нават разнюхіваў гэты ліст.

— Запэцканы, замазаны,— шапарнуў ён сабе пад нос.

— Усё па парадку чытай! — падхапілі ўсе.

— Па парадку,— а як жа ж,— адказаў мельнік і, старанна высмаркаўшыся, узяўся перш-наперш за канверт.

...«Пісьмо ў дзярэўню Глухаўшчыну Галадайскай воласці!.. губерні, перадаць у рукі Лявону Антонавічу Вай-до».

— А бадай кадукцы! Як нехта там крэмзаў,— усё роўна як малаціў,— сказаў мельнік апасля таго, як ён бокамскокам, па складах прачытаў адрас. Лявоніха глытала кожнае яго слова, як смачныя аладкі. Суседзі з павагай пазіралі на мельніка, а Лявон барабаніў пальцам па стале і бурчэў:

— Што ж, ён там напэўна грошы просіць!

— Як табе не сорамна! — стыдзіў яго крывы Язэп,— мала ён у цябе працаваў? Напэўна, прапіваць лепей?

Але мельнік ужо далей пачаў чытаць, і ўсе змоўклі, як пры станавым.

...«Пасылаю ні-жай-шы паклон свой і сар-дэчнае пачценні-е свайму ба-цюш-ке да-ра-го-му Ля-ля-ля».

— А няхай яго кадукцы! Вось загнуў нейкі круцель, ніяк не разбярэш! — крутнуў галавой мельнік.

— Лявону! Мне! — падхапіў сам Лявон,— збіўся ты з панталыку на старасці, дзядзька! Не ведаеш, як мяне завуць?

— Але тут закручана, што і чорт іх не разбярэ,— апраўдваўся мельнік,— каб іх качаргой скруціла, даў бог!

І зноў пачаў чытаць:

...«Лявону».

— Ага! Лявону Антонавічу,— скорагаворкай казаў ён, нягледзячы на літары, і ехаў як па смале далей, — ...«ніжай-шае маё пач-це-ніе ма-ей да-ра-гой мацеры Аг-ра-фене Міхайлаўне з сардэч-пым паклонам».

Тутака ўжо Лявоніха не вытрымала і загаласіла на ўсю хату:

— А сынок мой! А родненькі!

А мельнік працаваў далей, на лбе ў яго выступіў пот, а вочы пудліва пазіралі на вялікі аркуш паперы, спісаны з абодвух бакоў...

...«Прашу вас, ба-цюш-ка, з нізкім паклонам...»

Тут Лявон паважна пачаў гладзіць сваю клінаформную рудую бараду, прыслухаючыся.

— Чорт, як далікатнеюць людзі ў Піцеры! — з зайздрасцю казаў крывы Язэп,— усё з нізкім паклонам ды з саррэчным ніжайшым! Ужо не вясковая тая цемната наша!

Мельнік тым часам, прылаўчыўшыся да сваёй непрыемнай працы, ехаў далей пальцамі па літарах, усё роўна як бараной.

Усім у вёсцы былі нізкія «паклоны» і «желаніе ў дзелах сваіх», усе былі здаволены, што ён не прапусціў ніводнага чалавека.

— І далікатны гэткі зрабіўся — усё «вы» ды «вы»,— талкавалі глухаўцы. Як прыйшлося да Ядвісі Адамішкі, дык там было насаджана гэтулькі «ніжайшых» і «сардэчных», ажно яна, як бурак, зачырванелася, а калі ўсе пачалі жартаваць, што ён яе пакіне, бо не тутэйшыя вечарынкі ў Піцеры, дык яна тыц у дзверы з плачам, а Лявоніха за ёй уцяшаць.

— Нічагутка! Добрая гаспадыня будзе ў Міхася,— шапталіся глухаўскія кабеты каля тапчана.

Позна кончылі чытаць ліст. Людзі паталкавалі ды разышліся. У хаце ўжо ўсе спакойна спалі, толькі адна Лявоніха заснуць не магла. Ліст свайго Міхася яна ўвесь час трымала пры сваім твары ды цалавала ў цемнаце, як святы абраз...

— Божухна, божухна! Чаму гэтак у грудзях шчаміць? Гэтулькі часу прабудзе ён тамака!.. Будуць яго муштраваць, гаротнага. Не ведаю, ці ўбачуся я з ім калі-небудзь... Напэўна, у сырой магілцы косці мае ўжо высахнуць да таго часу, бо сохну я, сохну... П’яніца мой ані мяне не шкадуе...

І слёзы каціліся з добрых блакітных вачэй на худы твар, а з твару на цвёрды сяннік... Усе ў хаце смачна спалі, толькі адна Лявоніха не заснула, трымаючы ліст свайго салдата ў абамлеўшых руках...




Беларуская Палічка: http://knihi.com