epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

«Маладняк» на Усходняй Беларусі (Полацк — Магілёў)

Мне трэба напісаць справаздачу аб маладняцкай паездцы на Усход.

Я ведаю, ні ў які «падвал» не ўлажыцца тым думкам і ўражанням, якія мы вынеслі ад гэтай паездкі. Я толькі некалькі штрыхоў хачу даць.

Полацк. З’езд селькораў. Выступае «Маладняк».

Ні адзін хранікёр, нават і мастак, не апіша таго, што пачуў у «маладняцкіх» словах селькор. Селькор сам у полацкай газеце лепей усяго апісаў свае ўражанні.

«...І вось дачакаліся таго, чаго чакалі, піша селькор: выступаюць «маладнякоўцы». У іх словах мы пачулі, што жыве і будзе жыць наша мужыцкая мова...»

На другі дзень «маладнякоўцы» ў педтэхнікуме.

Вершы... Здаецца, надаелі ўжо. Досыць жа іх чытаць... Не: просяць, прапануюць, прымушаюць... Чытайце яшчэ і яшчэ. Усіх «маладнякоўцаў»: і Чарота, і Якімовіча, і Гурло, і Чарнушэвіча, і Бабарэку, і ўсіх-усіх...

І разам з вершам стогаловая аўдыторыя і сумуе і смяецца.

Вершы. Яшчэ і яшчэ... Прыязджайце, прыязджайце яшчэ! — просяць педтэхнікумаўцы.

— Грошай няма, — смеючыся, а так сур’ёзна, як яно і ёсць, адказваюць «маладнякоўцы». На гэты раз Інбелкульт даў...

І выносяць пастанову тэхнікумаўцы: «Прасіць Інбелкульт»... і г. д.

Лясны тэхнікум.

Тут беларускі гурток — 50 хлапцоў, як адзін. «Маладнякоўцаў» ведаюць, і добра нават. Толькі пытаюцца, дзе з іх каторы.

Усяму «Маладняку» прывітанне ад 50 хлапцоў — як адзін з Полацкага ляснога тэхнікума.

Вечарам «Маладняк» у камсамольскім клубе.

Даклады.

«Палітпрасветнік» камсамольскі шэпча на вуха: «Ніколі так уважліва не слухалі камсамольцы прамовы, як сягоння»...

Нават не разумее, што гэта здарылася з камсамольцамі. Камсамольцы рэзалюцыі не выносяць. Замест яе даюць у студыю «Маладняка» восем таварышаў.

Магілёў. Горад паважны. Недарма ж на вакзале надпіс: «Магілёў на Дняпры». Накшталт таго, як імя, ды яшчэ і па бацьку.

Вісяць афішы. Вялікія, паважныя: «Маладняцкі» вечар».

З цягніка — у камсамольскі клуб. Ужо чакаюць. Чалавек, каб не зманіць, пад 700.

Памяшканне доўгае-доўгае. Да 10 рада чутна, што гаворыць прамоўца, а далей ані слова. Як ні рвалі глоткі «маладнякоўцы», сядзячым ад 10-га рада анічога нячутна. Да таго крычалі «маладнякоўцы», што, шатаючыся, саўсім без сіл канчалі прамовы. А хлопцы з адзінаццатага рада кажуць: «Бачым, як вы глоткі разяваеце, а слова, дык ніводнага не чуем...»

Але, нягледзячы на ўсё гэта, у клубе ціха.

Як трэба быць зацікаўленым, каб 3 гадзіны глядзець, як «маладнякоўцы» дралі глоткі, і нічога не чуць.

У чырвонаармейцаў...

У «азарце» «маладнякоўцы» злазяць са сцэны і непасрэдна ў зале гавораць, чытаюць...

Спаткалі адзін аднаго крыху варожліва.

Чырвонаармейцы папрасілі гаварыць па-расійску. «Маладнякоўцы» адказалі: «Не ведаем расійскай мовы». А праз 15 хвілін ужо «маладнякоўцы» пыталіся ў чырвонаармейцаў, мо гаварыць па-расійску — вам будуць больш зразумелымі нашыя словы.

«Не, не, не трэба, вы гаварыце акурат так, як гавораць у нашай вёсцы»...

Яшчэ і яшчэ выступленні. Але ўсе далейшыя пастановы і рэзалюцыі нішто ў параўнанні з словамі чырвонаармейцаў: «Мы вас разумеем. Вы гаворыце акурат так, як гавораць у нашай вёсцы».

Дождж запісак-запытанняў.

Перада мною ляжыць цэлы стос грамзолак, рознай велічыні абрыўкі паперак, запоўненыя круцёлкамі-літарамі, палоскамі слоў...

З кожнай паперкі відаць нейкае самабытнае аблічча пытаючага, яго пільная зацікаўленасць маладой, новай беларускай паэзіяй.

Бадай усе запытанні напісаны па-беларуску. Можа, 5 працэнтаў з іх па-расійску.

Цікавая рэч:

Паперкі-запытанні, пісаныя па-расійску, вызначаюцца круглым, роўным характарам адукаваных людзей, людзей, прайшоўшых сталую расійскую адукацыю. Словам, іх пісалі інтэлігенты.

Паперкі, пісаныя па-беларуску (а іх 95 працэнтаў), вызначаюцца неспрактыкаванай да пяра рукой, літары раскіданыя, няроўныя. Адчуваецца ў іх мазолістая рука рабочага або селяніна, які піша толькі паміж іншым, вось калі ёсць вольная хвіліна ад фізічнай працы...

Вось — кароткая шматгаворачая характарыстыка аб тым, хто прыхільна адносіцца да беларускай мовы, у каго яна з’яўляецца як бы часткай арганізма, пераліваючайся ў яго жылах разам з крывёю...

Цікава, камусьці на руку распускаць па вёсках Магілёўшчыны байкі аб тым, што па-беларуску не можна пісаць. Вось запісачка:

«У нас гавораць вёскі, што, хто піша па-беларуску, таго штрафуюць і дужа многа грошай трэба плаціць».

Аўдыторыя вельмі цікавіцца сацыяльна-палітычным становішчам паэтаў «Маладняка».

«Ці многа камсамольцаў у «Маладняку»?

«Ці ёсць жанчыны ў «Маладняку»?», «Ці ёсць піянеры?»

«Хто можа паступіць у маладнякоўскую студыю, якія ўмовы?»

«Ці можна ў вёсцы арганізаваць «Маладняк»?»

«Што вы робіце апрача працы «Маладняка»? Ці вучыцеся, ці яшчэ што?»

Такіх запытанняў ёсць вельмі шмат. Гэтыя запытанні, на першы выгляд, сухія, анкетныя. Але яны ахапляюць сабою грунт-базіс, на якім «Маладняк» нарадзіўся, выгадаваўся.

Трапна падыходзіць працоўная моладзь і да мастацтва, інстынктам адчувае, хто можа і павінен прапускаць праз прызму мастацтва сапраўдныя імкненні і настроі працоўных.

Шмат ёсць карталюшак-запытанняў аб тым, як арганізаваўся «Маладняк», калі арганізаваўся, колькі ў ім людзей, па якіх гарадах і г. д.

Не дадзім іх сюды — іх вельмі шмат і яны паўтараюцца. Але такія запытанні характарызуюць усебаковую зацікаўленасць аўдыторыі.

Ёсць шмат запісак аб напрамках паэтычнай творчасці ў «Маладняку», аб напрамках у сучаснай творчасці паэтычнай наогул:

«Скажыце, калі ласка, далей усе «маладнякоўцы» да якой мэты дойдуць і ці не зробяць яны ўхіл у другі бок, бо песня вясёлая ўжо спяецца і не будзе матэрыялу».

«Тав. песняры. Ці ёсць у вас вершы на гумарыстычныя тэмы?»

Аўдыторыя, відаць, уважліва, надзвычайна ўважліва прыслухоўваецца да дакладаў маладых дакладчыкаў, мяркуе аб тым, што далей будзе пісаць «Маладняк», якія ў яго перспектывы, ці ёсць разнастайнасць у матывах яго творчасці і г. д.

Аўдыторыя ловіць на ляту словы «маладнякоўцаў», якія надоўга ўрэзваюцца ў іх памяць. Аб гэтым кажа вось якая запіска:

«А чаму ж Чарот у прошлым годзе гаварыў, што «Маладняк» прытрымліваецца выключна імажынізму?»

Так, словы «маладнякоўцаў» доўга памятаюць. Гэта — адзін з лепшых плюсаў «Маладняку».

«Маладнякоўцы» не глядзяць толькі з сваёй званіцы — абхопліваюць у сваіх дакладах усе сучасныя напрамкі пяснярскай творчасці. Гэта выклікае шмат запытанняў:

«К якому гуртку песняроў належыць расійскі паэт Дзям’ян Бедны?»

«Як можна адрозніць футурыстычныя творы ад нефутурыстычных?»

«Які з расійскіх пісьменнікаў больш падыходзіць па сваёй творчасці к «Маладняку»?»

«Якія літаратурныя школы пануюць зараз як у нас, на Беларусі, таксама на Захадзе?»

Ёсць шмат запытанняў аб пралетарскай культуры наогул.

У некаторых запісках просяць чытаць яшчэ творы Вольнага, Александровіча і іншых.

Потым наступае красамоўная кароценькая запіска:

«У Магілёўскай акрузе будзе філіял «Маладняка».

Каментарыі тут непатрэбны.

Ёсць шмат цікавых запісак, але дзеля браку месца мы іх тут не даём.

Характэрны і запіскі, пісаныя па-расійску:

«Ничего не понятно».

«Вы очаровательны».

Шмат у такім духу. Спыняцца на іх не будзем: яны напісаны надта «літаратурна» і характар пісаніны вельмі гладкі. Відаць — добрыя канцылярысты!

Мы казалі спачатку: «дождж запісак» — і не пераўвялічваем. Запіскі яскрава гавораць аб уважлівасці і настроі 700-най аўдыторыі.

«Маладняк» расце, набывае папулярнасць, развіваецца, зацікаўлівае шырокія грамады працоўнай моладзі.

Гэта мы ад усяго сэрца вітаем!


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 449-452
Крыніца: скан