epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Малітва малога Габрусіка

— А ведаеш што, сынок?— казаў Ігнат свайму маленькаму Габрусіку.— Рыхтуйся! Абувай новыя лапці, бо паедзем на імшу! Няхай сягоння Настуля ганяе ў полі — патрапіць ужо; а мы з табой, каток, у царкву паедзем.

Гэта было ў нядзелю раніцай. Бацькі Габрусіка жылі далёка ад мястэчка, ладны кавалак ад вёскі, на адзіноце, над рэчкай, ля цёмнага лесу. Ігнат служыў палясоўшчыкам у блізкага пана і цалюсенькія дні швэндаўся па лесе са стрэльбай на плячах. Маці хадзіла ў двор на падзённую работу; сястрыца Настуля аставалася няньчыць маленькага Міхаську, а Габрусік з торбачкай на плячах пасвіў па балоце ды па асоцы бурую кароўку, цялушку, парасё і пяток гусей.

Надта ўсцешыўся Габрусік: ніколі ён яшчэ не быў нідзе. Пад’еўшы аладкаў, насёрбаўшыся заціркі, надзеў ён новую кашулю, бацькоўскую суконную камізэльку, новыя лапці з белымі анучамі і паехаў з бацькам на худой кабылцы ў мястэчка.

Новым і дзіўным паказалася яму на дарозе ўсё: і вялікая вёска, дзе дзецюкі ігралі на гармоніцы, дурэючы з дзяўчатамі, і шырокія вуліцы мястэчка з вялікімі хатамі, і народ, каторы кішэў на рынку. Але ён маўчаў, вытарашчыўшы вочы, быццам дзікі звярок.

— Пастой! — кажа яму бацька, тпрукаючы кабылу.— Пайду куплю абаранкаў!..— І, выняўшы з-за пазухі капшук з махоркай, дастаў адтуль некалькі медзякоў і купіў у жыдоўкі абаранкаў для Габрусіка, але той і не думаў іх есці...

Вось і царква... Яны ўжо стаяць у сярэдзіне, і дзіўна блішчаць Габрусёвы вочы. Бачыць ён: поп у рызе, шытай золатам, стаіць на амбоне і пяе... Шмат аганькоў свеціць, як зоркі ў небе, а людзі без шапак стаяць і шэпчуцца, быццам вецер у бары... Звіняць званы над вялікай брамай, як бы грымоты ў час страшэннай навальніцы на лузе.

Маўчыць Габрусік — маліцца не можа ён: ніхто яго не вучыў; але ў яго маладым сэрцы ўжо даўно бог жыве... Даўно душа Габрусіка моліцца яму без слоў...

Помніць ён, як канаў стары дзядуля, Антон, з шырока расплюснутымі вачамі; угледзеўся ён, як хавалі на могілках старога, і пазнаў, што ёсць бог на свеце...

Помніць ён, як радзіўся на свет яго маленькі брацітка, Міхаська, і быццам зірнуў на бога...

Бывала, раніцай, калі яшчэ ўсход чырвоным морам калыхаўся над сонным лесам, птушкі пяялі над рэчкай, а вецер шаптаўся ў кустах і калыхаў залатыя хвалі на панскім жыце,— тады нешта яго быццам рукамі хапала, і ён пускаўся бегчы, падбрыкваючы, або клаў у губу пальцы і так моцна свіснуў, ажно сам пасля пужаўся зычных отклікаў шырокай і прасторнай ваколіцы...

О, ён пазнаў, што бог над зямлёй пануе! Душой прачуў...

Моляцца людзі, і старыя, і маладыя, і бедныя, і багатыя — усе з паднятымі да неба вачамі... Моліцца і бацька яго, а Габрусік і не чуе, як абаранкі высыпаюцца ў яго з рук глядзіць ва ўсе бакі і маўчыць.

— Та-та, тата! — кажа ён раптам... Бацька не чуе.

— Та-а-та, не вы-т-трымаю!..

Ігнат штоўхае яго ў бок, каб ён маўчаў, і моліцца ізноў.

Людзі апускаюцца на калені, хінуцца ўсе ў адзін бок, як кветкі да сонца....

— Та-а-тачка! Свіс-ну!..

Ігнат ізноў штоўхае яго ў бок і злосна кажа: «Ціха!»

Гул ідзе ў царкве... Габрусік на ўсіх і на ўсё пазірае вялікімі сінімі вачамі, а белая, як лён, галоўка яго не кратаецца, не ківаецца, як у ўсіх.

Ціш у царкве...

Украдкам, каб бацька не ўбачыў, улажыў Габрусік па два пальцы кожнай рукі ў губы, і... зычны, закацісты свіст раздаўся пад высокім скляпеннем царквы...

Перапужаліся людзі; поп перастаў маліцца.

— Што гэта? Хто гэта?!

Але Габрусік ужо даўно сарваў лапцёнкі з ног і барзджэй кінуўся наўцёкі дамоў...

А хрысціяне і не дагадаліся, што гэта была першая шчырая малітва малога Габрусіка ў царкве…


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 48-49
Крыніца: скан