epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Малыя дрывасекі

Зімовы дзень блішчыць тысяччу агнёў.

Люты мароз. Снег пад нагамі скрыпіць, як жывы.

Бор атулены ў белую пушыстую світку. Ён стаіць задуменны, як сівы дзед.

Грукат дрывасекаў разлягаецца водгаласкамі па ваколіцы.

Трах-трах! Трах-трах!

Яшчэ здалёк можна было прыкмеціць, як блішчыць пад сонцам піла, а абапал матулі-хвоі мітусяцца, як мурашкі, двое маленькіх хлапчукоў.

Яны махаюць рукамі гэтак шпарка, што іх падраныя лахманы расхрыстваюцца і адкрываюць голае цела... Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі і... тра-а-ах! — плазам упала шурпатае дрэва. З-пад снежнага куродыму ўзняўся працяглы стогн паваленага дрэва-асілка.

Малыя дрывасекі — браты. Старшаму — Цішку — дзесяць гадоў, меншаму — Халімону — восем.

Іх бацька — кульгавы Цыпрук — сам працаваць не мог.

Выпраўляў кульгавы Цыпрук хлопчыкаў да купца ў лес на заработкі. Гэтым кармілася сям’я.

Трудна жылося малым дрывасекам.

— Добра, што хоць на полудзень маем па кавалку хлеба...

Паваліўшы некалькі хвой, хлопчыкі ўзяліся шчыра грызці сухі хлеб. Вочы іх заіскрыліся, шчокі расчырванеліся...

— Ого, есці, ого!.. Якая радасць!..

Яшчэ не скончылі яны палуднаваць, як узнялася завея, мяцеліца. Застагнаў, закрахтаў хвойнік. Пачаў кружыцца снег. Быццам белыя коні, уздыбіліся гурбы...

Усе дрывасекі разбегліся хутка дамоў, а Цішка з Халімонам баяліся, каб бацька не наракаў, што зарана прыйшлі з лесу... Селі пад вялікай хвояй, прытуліліся адзін да аднаго і дрыжэлі...

— Баюся! — усхліпваў меншы, Халімон.

— Во, дурань, чаго баяцца?! — супакойваў яго большы, Цішка.— Зараз дамоў пойдзем.

— Дамоў пойдзем! — шаптаў Халімон.

Яны пайшлі.

Стагнаў і палохаў бор, але хлопчыкі так-сяк ішлі, а на чыстым полі нічога не відаць было. Гурбы снегу, нібы белыя мядзведзі, качаліся на прасторы, дыхалі холадам ды сыпалі цвёрдым шротам у вочы...

Хадзілі-хадзілі, брылі-брылі, але куды — і самі не ведалі...

Змарыліся. Агарнула ноч. Снег дайшоў вышэй пояса.

— Ляжам! — сказаў меншы, Халімон.

— Ляжам! — сказаў большы, Цішка.

І ляглі. Моцна-моцна прытуліліся адзін да аднаго.

Зрабілася так цёпла...

І здаецца ім — сядзяць яны за сталом... Маці радуецца, што прыйшлі... Корміць іх цёплым праснаком... Бацька пазірае на іх добрымі вачамі і лагодна ківае галавой. Пад’елі і паляглі на палок каля печы... Котка лашчыцца да іх, і яны радасна заснулі...

У поўнач усцішылася мяцеліца.

Вынырнуў з-за хмар чырвоны месяц. Вакол яго мігацеліся зоркі і пазіралі весела на белую зямлю.

Толькі на трэці дзень адкапалі замёрзшых малых дрывасекаў.

 


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 75-76
Крыніца: скан