На небе толькі што ўзышла паўночная зорка. Ледзь-ледзь вызначаюцца чорнымі асілкамі высокія стагі. На пагорку, ля самага броду рэчкі, Мацей Тадэўчык — стары рыбак і паляўнічы — сядзіць на перавернутым чаўне пры слаба тлеючым вогнішчы і дыміць люлькай. Побач ляжыць на карчы яго стрэльба-дубальтоўка.
Мацей расставіў нанач венцяры ў затоках, а сам астаўся вартаваць, каб ніхто з блізкіх вёсак іх не вытрас, як часамі падшывальцы любілі рабіць.
Ля ног рыбака сядзіць калматая, чорная сучка Мурза — яго друг і таварыш заўсёды і ўсюды. Часам яна настарожваецца, утаропіць вострую морду ў бок скарбовага цёмнага лесу, што стаіць на другім баку рэчкі, буркне, піскне, прытуліцца цясней да кален гаспадара і зноў замоўкне, нюхаючы пільна вільготнае паветра.
Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Цемра густымі пластамі ляжыць на балоце і як бы душыць усё. Нехта за рудаўкай на купінах дрыгвы хоча голасна запець, але як бы захлёбваецца, і толькі буль-бу-у-ух чуваць па баках. Няясныя зыкі заміраюць у цемры...
Часамі птушка запішчыць жаласлівым голасам. Часамі затрашчыць нешта ў бары, заскрыпіць хвоя аб хвою. Гэта вецер прачынаецца і вандруе па лесе...
У паветры адчуваецца халодная вільгаць. Дождж — не дождж, а нешта вострае і калючае, дробнае і густое.
Мурза ўсё пільней аглядаецца па баках, усё рупней нюхае паветра, гіркае і непакоіцца.
— Што гэта робіцца з табою сёнейка? Хай цябе немач, хай цябе! — кажа Тадэўчык да Мурзы і плюе ўбок. Ладзіцца заснуць пад кажухом, але нешта сон не бярэ. Трывога сабакі перадаецца і яму.
— Хай цябе немач, хай цябе!
Тадэўчык устае, папраўляе вогнішча, напіхае зноў тытуну у люльку і дзівіцца:
— Ліха ведае! Здаецца, ўжо гадоў сорак, з самага маленства, начую тутака і заўсёды сплю, як пасля кірмашу, а сёнейка нешта не тое... Сабака, каб яго немач, чуе штосьці!
Тадэўчык апасліва азіраецца па баках, лыпіць вочы ў цемру, моршчыць лоб, а нічога ўгледзець не можа. Ён бярэ дубальтоўку, старанна выдувае куркі, вымае з раменнай сумкі пістоны, надзявае і не выпускае ўжо дубальтоўкі з рук. Мурза пры гэтым падбірае пад сябе хвост, апускае галаву і жаласліва вые.
У самым вясёлым месцы, калі часам дзе на падворку сярод белага дня сабака ні з таго ні з сяго пачынае выць, нейкая жудасць нападае на чалавека. А тут, у глушы, у Тадэўчыка ажно мурашкі заёрзалі па скуры.
— Ну, ціха, ліха! Якая трасца цябе бярэ? — просіцца ён у сабакі і гладзіць яго па натапоршчанай шэрсці. Сабака на момант цішэе, і Тадэўчыку робіцца лягчэй.
Вецер узмацнеў. Хмары засланілі ўсё неба. Пачаў сыпаць дробны густы дождж. Усё злілося ў адно — і стагі, і дрэвы, і прастор. Нічога не відаць. Як у студні ўсё роўна. Круг цемры ўсё цясней і цясней абхоплівае вогнішча. Глухамань ночы трывожыць.
— А мо лепей было б сягоння на печы спаць, як Наста, жонка мая, раіла, а то няхай яе немач, няхай яе!.. А ўсё гавораць, што мядзведзь ходзіць па нашай ваколіцы. Збіраюцца нават аблаву рабіць.
Думаў Тадэўчык пайсці цяпер дахаты, але спыніўся. Яму здавалася, што, калі толькі зварухнецца з месца, хтосьці кінецца на яго.
Гэтак прайшло яшчэ з гадзіну. Урэшце Тадэўчык пачаў злавацца сам на сябе, шолаху і трэску ў кустах баіцца. Сорам... Тым часам з супроцьлеглага берага рэчкі, ля броду, яўна пачуліся цяжкія крокі... Сэрца Тадэўчыка абмерла. Мурза падскочыла да берага і пачала голасна брахаць, а Тадэўчык, сціснуўшы дубальтоўку ў руках, крыкнуў не сваім голасам:
— Хто там?
У адказ — толькі цяжкае сапенне ў вадзе.
— Мядзведзь! — прахрыпеў Тадэўчык і адскочыў ад агню, каб лепей было з цемры ўглядацца ў звера і цэліцца ў яго з дубальтоўкі.
Мурза заскавытала і кінулася назад да Тадэўчыка.
Сапенне наблізілася. У Тадэўчыка шапка на галаве падымаецца. Ён коліць вачамі цемру, ды нічога не бачыць. Ён акамянеў ад страху і не можа крануцца з месца. Голас яго асекся.
Тым часам мядзведзь напіўся вады, выйшаў на бераг і на задніх лапах, як старая баба ў перавернутым кажусе, накіраваўся да вогнішча...
Калі Тадэўчык угледзеў, што мядзведзь ідзе на задніх лапах, як чалавек, перавальваючыся пры гэтым з адной нагі на другую, страх яго крыху зменшыўся з прычыны такога падабенства да чалавека. Ён адсапнуўся і ўжо мог крануць рукой і нагой. Сабака пішчаў на розныя лады. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Яно задыміла і пачало гаснуць.
— Ратуй, божа,— сказаў Тадэўчык у думках, прыцэліўся і націснуў курок.
— Асечка! Порах, мабыць, мокры, каб яго немач, каб яго!
Прыціснуў пальцамі другі курок, і нічога не выйшла. Пістоны ляпнулі, а набоі засталіся...
Пачуўшы ляпанне стрэльбы, мядзведзь з гнеўным мармытаннем рынуўся на Тадэўчыка.
Вырваў з рук чалавека стрэльбу, зламаў папалам, адкінуў убок і абхапіў пярэднімі лапамі Тадэўчыка, як добры сябар, які хоча кума пацалаваць... Тут Мурза асмелілася ды з гучным гаўканнем накінулася на мядзведзя і давай рваць яго зубамі за заднія ногі. Мядзведзь курчыўся ад болю, паваліў Тадэўчыка і кінуўся на сучку. Яна пусцілася наўцёкі. Тадэўчык ачухаўся, звыкся трохі са страхам, і мазгі яго хутка запрацавалі:
— Уцякаць трэба не на грэблю, але ў зыбуху, у тыя кусты, дзе ў замаразках бабы журавіны збіраюць. Там мядзведзь мяне не дагоніць.
Ускочыў на ногі — і наўцёкі, але мядзведзь пусціўся за ім ўдагонку... Хаця Тадэўчык бег хутка, не аглядваючыся, але пачуў праз колькі хвілін за сваімі плячамі цяжкае дыханне звера.
Лапа, цяжкая і вострая, уелася ў паясніцу і зноў паваліла яго...
Мядзведзь стараўся дабрацца лапай да яго твару і горла, але чалавек урыўся галавой у мяккую зямлю. Тым часам Мурза насела на карак мядзведзя і ўгрызлася зубамі глыбока ў яго мяса. Мядзведзь ад болю моцна зароў і зноў пакінуў чалавека. Ён стараўся сцягнуць Мурзу са свайго карку. Трос галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт.
Тадэўчык пачуў, што на плячах у яго мокра, але, не звярнуўшы на гэта ўвагі, з усіх сіл ускочыў на ногі і пабег да кустоў.
Хмары сплылі з небасхілу. Паказаўся мутначырвоны месяц і слаба асвяціў абшар балота.
Мядзведзь скінуў Мурзу з сябе і зноў, з яшчэ большым імпэтам, пагнаўся за чалавекам. Тадэўчык спрытна пераскокваў з адной купіны на другую па дрыгвяных рудаўках, а мядзведзь ззаду чабохтаўся таксама досыць вёртка, але Мурза не давала яму спакою — рвала за ногі, за бакі. Тадэўчык, не чуючы болю, не аглядаючыся, імчаўся ўсё далей і далей. Гэткім чынам выбраўся ён з кустоў на поле. Ён чуў голас Мурзы далёка за сабою.
На чыстым полі ён падняў гвалт. Ад вёскі было не надта далёка, і хутка па ўсёй ваколіцы пачалі брахаць сабакі.
Тадэўчык выбраўся на гасцінец, увесь у крыві і гразі, крычаў не сваім голасам.
— Людцы, ратуйце!
Вясковыя ляцелі да яго з крыкамі: «Хто гэта?», «Што гэта?»
Яны думалі, што канакрад папаўся.
— Мядзведзь! — крыкнуў Тадэўчык і страціў прытомнасць.
Назаўтра людзі знайшлі ля рэчкі сляды мядзведзя, знайшлі паламаную папалам дубальтоўку, але Мурза прапала.
Тадэўчык доўга лячыўся ад ран на руках і плячах, ачуняў і зноў начаваў адзін на балоце і ставіў нанач вепцяры ў затоках. Толькі добрага сабакі не мог сабе нажыць.
Кожны раз, апавядаючы аб тым, як сабака абараніў яго ад мядзведзя, ён стагнаў па ім, як па роднаму сыну.