epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Моладзь і краязнаўства

Вельмі значны працэнт нашых краязнаўцаў — гэта моладзь: студэнты вышэйшых навучальных устаноў, рабфакаўцы, педтэхнікумаўцы, студэнты Горацкай с.-г. акадэміі, Віцебскага мастацкага тэхнікума, вучнёўская моладзь па школах, маладыя настаўнікі і г. д.

Усе яны працуюць як па тэарэтычным краязнаўстве ў сваіх інстытуцыях, таксама па практычных доследах у краязнаўчых таварыствах у акругах, раёнах і вёсках.

Нават у Ленінградзе пры універсітэце студэнты-беларусы маюць свой навукова-даследчы гурток, у якім працуюць па даследаванню Беларусі — этнографы, лінгвісты, эканамісты і г. д. Кожны год у час летніх вакацый яны накіроўваюцца з Ленінграда ў розныя акругі Беларусі з мэтай разнастайных краязнаўчых доследаў.

Апрача лекцый і кніг кожны з вучнёўскай моладзі практыкуецца па сваёй спецыяльнасці на жывых краязнаўчых доследах. Для гэтага моладзь мае вельмі багатую бібліятэку — жывыя ілюстрацыі нашага краю на яго прасторах.

Аб’ектаў краязнаўчых доследаў вельмі багата, і яны вельмі разнастайныя — ад археалагічна-гістарычных раскопак, збірання матэрыялаў народнай творчасці да сучаснай сельскай гаспадаркі, да даследавання нашай саматужнай прамысловасці і фабрык.

Наша моладзь назбірала па вёсках шмат слоў жывой беларускай мовы, шмат нумароў народных песень, казак і інш., назбірала па глухіх кутках Беларусі ўзоры народных вырабаў — разьбярства, тканін і г. д. Студэнты Віцебск[ага] мастацкага тэхнікума кожнае лета робяць па вёсках краязнаўчыя зарысоўкі беларускага арнаменту, народных тыпаў, краявідаў і інш. За апошнія два гады зроблена шмат доследаў па народнай медыцыне, абследавана санітарна-гігіенічнае становішча, сацыяльныя хваробы па некаторых гарадах і вёсках. Вывучаецца на месцах наша звычаёвае права, новы быт, сацыяльныя ўзаемаадносіны і класавае расслаенне на вёсцы, даследуюцца: наша сельская гаспадарка, лясы, ладзяцца экспедыцыі і экскурсіі з мэтай раскопак старасвецкіх помнікаў, даследуюцца нашы фабрыкі і заводы.

Такім чынам, нашы школы выхоўваюць з моладзі багатую змену даследчыкаў-краязнаўцаў. Ужо ў працягу апошніх трох гадоў мы бачым плён гэтай працы. Возьмем для прыкладу хоць бы толькі «Наш край», на старонках якога надрукавана некалькі дзесяткаў розных навукова-даследчых прац маладых краязнаўцаў. А колькі іх ёсць яшчэ не надрукаваных ды яшчэ не толькі ў рэдакцыі «Нашага краю», а ў многіх навукова-даследчых установах нашай рэспублікі.

У сувязі з новым будаўніцтвам ва ўсіх галінах нашай гаспадаркі і культуры павялічваецца ў моладзі імкненне да пазнання свайго краю, бо да Кастрычнікавай рэвалюцыі Беларусь мала даследавалася, а калі і рабіліся такія-сякія доследы, дык з тэндэнцыйнымі мэтамі — давесці, што тут «истинно русский Северо-Западный край». Дык вось і не дзіва, што сярод моладзі імкненне да пазнавання саміх сябе, вытворчых сіл і багаццяў свайго краю вырасла да такіх памераў.

У выніку праца вялікіх кадраў моладзі ў краязнаўчых арганізацыях дасягне дзвюх мэт:

1. выгадуе на практычных доследах вялікую сям’ю маладых навуковых працаўнікоў;

2. выявіць усе магчымасці новага гаспадарча-культурнага будаўніцтва Савецкай Беларусі.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 462-463
Крыніца: скан