epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

На балоце

— Няхай спухну, калі гэта мана, няхай спухну! — хрыплым голасам гаварыў, засопшыся, хлапчук без шапкі, са скалмачанымі, успацелымі валасамі.

Хлапчук біў закарузлым цёмна-бурым кулачком па парванай світцы ў худыя грудзі, хлёпаў на гразі босымі парэзанымі нагамі і ўсё паўтараў:

— Няхай спухну!

— У чым справа? Што такое? Гавары хутчэй!

— Няхай спухну, калі няпраўда!

У вачах хлопчыка ззяла радасць: ён выканаў сакрэтны абавязак. Ён глытаў словы, і здавалася, што ён шчыра жадаў раней спухнуць, каб лягчэй было потым апавядаць нешта вельмі цікавае і страшнае.

Яго абступіла грамада старых сялян, кабет і дзяцей. Кожны нецярпліва глядзеў хлопчыку ў рот і чакаў.

Хлопчык пазіраў ва ўсе бакі лесу і балотных абшараў, углядаўся падазрона ў цёмныя кусты і цяжка дыхаў.

— Скажы скарэй! Спухні, каб цябе чэрці, і кажы! — злосна крыкнуў адзін стары дзед, высокі і худы, са зморшчаным тварам, з жоўта-сівай бародкай. Дзед пры гэтым моцна ўеўся скручанымі пальцамі ў плечы хлопчыка і пачаў яго тармашыць на ўсе бакі.

Хлапчук нібы гэтага толькі чакаў. Ён адразу загаварыў:

— Легіянеры даведаліся, дзе мы хаваемся. Ім сказаў зладзюк Бавэлчык.

— А падліза панскі! — заскрыпеў дзед зубамі і моцна вылаяўся.— Яшчэ што даведаўся?

— Легіянеры сюды зараз прыйдуць і забяруць нашых коней і кароў. Бавэлчык іх сюды вядзе зімнікам. Яй-права, не маню!

— Вось шэльма! Вось гад! Хіба ўцячэ ён адгэтуль разам з панскімі псамі, а то дам яму ў рукі яго шальмецкую галаву — хай цацкаецца з ёю, як з гарбузом.

На балоце пачалася трывога. Мужчыны, жанчыны і дзеці замітусіліся, разышліся ва ўсе бакі — збіраць коней і кароў.

— У барок трэба ехаць праз Ціменку! Туды агіднікі не прабяруцца. І не гуртам ідзіце, а ў адзіночку,— закамандаваў дзед,— і галасу вялікага не падымаць!

Быў летні поўдзень. Забалочаная паляна, акружаная з усіх бакоў цёмнай сцяною лесу, млела ад гарачыні. Высокая па пояс зялёная шчотка травы была скалмачана людзьмі і жывёлінамі. Дзе-нідзе паміж травы ірдзелася мутна-меднага колеру балотная рудаўка, якая пазірала ўверх, нібы аграмаднае, мёртвае вока. Дзе-нідзе тырчэлі сухія, леташнія стажарні. І стажарні паказвалі ворагу, дзе хаваюць сяляне коней і кароў.

Клопатна кружыліся нізка над травою балотныя птушкі. Яны займаліся сваёй звычайнай, штодзённай працай: лавілі мух, мушак, глыталі чарвячкоў і гучна чырлікалі на розныя лады. Дзе-нідзе спакойна спацыравалі буслы.

На ўстрывожаных людзей зварочвалі ўвагу толькі коні і каровы, якіх адарвалі ад яды. Людзі ў адзіночку ціха вялі коней, гналі кароў да рэчкі. Шурхатала трава затоеным шэптам:

— Ш-ш-ш... с-с-с...

Хлюпала балота і гойдалася пад нагамі зыбка-зыбухай.

Хлю-ю-п, хлю-ю-п, хлю-ю-п!

Во людзі і жывёла праб’юць пухкі, верхні слой балота, аброслы высокай драцяной травой, праб’юць, як стары кажух, і праваляцца наскрозь, і следу ад іх не застанецца... Уздзівяцца маўклівыя буслы, зашастаюць моцнымі вахлярамі-крыллямі, падымуцца над балотам і, купаючыся ў растопленым золаце сонца, панясуць у празрыстыя далі нямую казку аб тым, як балота глынула людзей і жывёлін...

Людзі ціха цягнуліся да рэчкі жывым ланцугом, уброд перапраўляліся і знікалі разам са сваімі жывёлінамі на другім баку рэчкі ў блізкай пушчы. Апошнім прабраўся сівы, высокі дзед.

Здалёк чуваць было кулямётнае стракатанне:

«Тра-та-та, тра-та-та».

Нібы хтосьці рассыпаў боб па сухім гліняным таку.

— Гэта нашы партызаны б’юцца са шляхтай,— падумаў дзед.

Усмешка з’явілася на яго худым твары. Ён прыпомніў, як калісьці і ён з туркам біўся. Тады і войны былі інакшыя, і ўсё жыццё было інакшае. Тады гвалтам цар гнаў людзей на бітву з невядомым ворагам, а цяпер людзі самі ідуць. Усе маладыя хлопцы з вакольных вёсак пайшлі на пана, ды не толькі маладыя, а барадатыя мужыкі пайшлі.

— Як не пойдзеш, калі шляхтуны катуюць мужыкоў, зневажаюць баб, да смерці замучваюць дзяўчат, паляць вёскі. Тут мусіш пайсці... Эх, каб я быў маладзейшы!..

Дзед глыбока ўздыхнуў.

— Але што ж! Калі не я, дык двое маіх сыноў б’юцца цяпер з ворагам.

Дзед апошнім схаваўся ў пушчы. Там ён далучыўся да ўсёй грамады, якая трохі асмялела і гойкала ў лесе на жывёлін.

Праз густыя галіны высокіх дрэў сонца рэдка дзе пранікала. У пушчы стаяў вечны змрок. Пахла вільгаццю, грыбамі. Дзе-нідзе тырчэлі вялізныя карчы-вываратні, падобныя да невядомых звяроў, да фантастычных жывёлін. Мох у гэтых мясцінах рос пухкімі падушкамі, папаратнік буяў вялізнымі кустамі. Хмяліў пах багуна і пераспелых ягад. Месцамі агалялася зямля. Яна была чорная, тарфяная, тлустая, бы масла. Стаялі тут яміны з вадою, нібы хтосьці выкапаў студні. Вада была пакрыта перламутравым блескам. Навакол па мяккай зямлі былі адціснуты чотка сляды ваўкоў, буслаў і дробных птушак. Гэта было адно з тых месц, пра якія калісьці народ расказваў страхотныя казкі — з разбойнікамі, з лесунамі, з русалкамі.

Грамада людзей была занята. Кожны пільна глядзеў за тым, каб жывёла не заблукалася ў лесе.

Людзі прабраліся і праз гэты лес і дашлі да Ціменкі — да балоцістага лугу, які доўгай і вузкай паласою цягнуўся паміж хвойнікам, сціснуты густым лесам з абодвух бакоў. Праз Ціменку яны дабраліся да сухога барка, што стаяў на невялікім узгорку цвёрдай, калючай барадой велікана.

Барок быў акружаны балотамі і лесам на некалькі вёрст вакол. Белапольскім бандам прабрацца сюды было немагчыма. Грукат страляніны даходзіў да барка глухімі, далёкімі водгаласкамі, якія ледзь трывожылі людзей. Сваіх гаспадарак яны былі пазбаўлены колькі дзён таму назад, калі паны пусцілі ў вёску чырвонага пеўня.

— Партызаны дадуць сабе раду, яны маюць шмат кулямётаў і стрэльбаў, і, пэўна, да іх ужо і бальшавікі падышлі!

Сонца апускалася ўсё ніжэй і ніжэй. Надышоў вечар, і людзі, адарваныя ад свайго звычайнага ладу жыцця, ад усяго свету, зусім перайначыліся. Гора застыла ў грудзях камяністым комам. Рукі і ногі былі змучаны. Твары — загарэлыя і брудныя. Губы запякліся ад смагі, а вочы пачырванелі ад бяссонніцы.

Старыя людзі бурчэлі сабе нешта пад нос. Дзеці пе сумавалі. Ім усё гэта было цікава: нічога лепшага пе трэба, як хавацца па лясах днямі і начамі.

— Тут бы пастаянна жыць...— думалі дзеці.— Адно кепска, што вялікія не дазваляюць ім шуму рабіць. Гэтыя вялікія — народ дзіўны: пачалі добрую справу з вандроўкай па лясах і не давялі да канца — не даюць галёкаць па лесе, не дазваляюць свістаць, смяяцца; глядзі на матак і маўчы немаведама дзеля чаго...

Грамада людзей сабралася ў адну кучу. Дзед падазваў падлетка, які прынёс ім раней вестку аб тым, што польскія салдаты даведаліся ад Бавэлчыка, дзе яны хаваюцца.

— Сцяпанка, ведаеш што? Варта было б зноў пабегчы паглядзець, што там у вёсцы робіцца. Толькі асцярожна, каб цябе не прымецілі.

— Няхай спухну, калі мяне прымецяць! — горача сказаў узрадаваны хлапчук.

— Ідзі і не марудзь там. Варочайся адразу назад. Толькі не заблудзіся па дарозе.

Хлапчук шуснуў у лес.

Жанчыны пачалі даіць кароў у вялікія жбаны. Старыя сяляне курылі люлькі, нічога не гаворачы між сабою. А дзеці ціхенька, крадучыся, забаўляліся.

Надыходзіў змрок. Гулі і неміласэрдна кусаліся камары. Яны кружыліся цэлымі тучамі. Людзі згуртаваліся ў адну кучу і елі вячэру — хлеб з малаком. Толькі некалькі мужчын засталіся вартаваць стада, якое таксама стаяла або ляжала цесным гуртам.

Вогнішча не разлажылі. Баяліся, каб іх не прыкмецілі. Бабы ўхуталі дзяцей у світкі і кажухі і палажылі спаць. Дарослым не спалася.

Нудна і непрытульна было ў лесе без вогнішча. Вільгаць пранізвала косці.

Прайшло паўгадзіны, гадзіна. Пад зямлёй стаяў яркі двурогі месяц, а сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох.

Дзесьці блізка рагатала сава; маладыя ваўчаняты жаласліва вылі.

— І накруціла мяне паслаць зноў падшывальца,— сказаў высокі дзед.— Яшчэ заблудзіцца ў лесе.

— Сцяпанка не заблудзіцца,— супакойвалі жанчыны.— Ён ведае лес і балота, як свой падворак.

У барку навокал шурхатала і шастала. Людзі пільна прыслухоўваліся. Нарэшце зблізку затрашчэла за дрэвамі. Пачуўся людскі гоман.

Усе ўскочылі з сваіх месц. Ішло сюды некалькі чалавек. Іх вёў хлапчук.

— Няўжо ж легіянеры? — устрывожыліся людзі: — У легіянерскіх шынелях, з бліскучымі брылямі на шапках...

— Вось дзе канец нашым конікам і кароўкам...

Легіянеры падышлі блізка. З імі разам ішоў моўчкі сусед-здраднік Бавэлчык, які па-заліхвацку трымаў рукі заложанымі назад — мабыць, з вялікай гордасці. Пры гэтым хлапчук круціўся між легіянераў, як уюн, і весела хіхікаў.

«Няўжо ж ён іх наўмысне сюды прывёў?» — падумаў дзед. І лаянка, ядраная і моцная, сарвалася з яго вуснаў.

— Добры вечар, браткі! — сказалі легіянеры.

— Гэта ж нашы хлопцы! — закрычала весела грамада людзей.

— Нашы хлопцы прыйшлі!

— Легіянераў мы ўжо выгналі адгэтуль,— сказалі партызаны.

— У нас цяпер чырвоныя — нашы. Легіянеры, уцякаючы, пакінулі свой абоз, дык мы прыбраліся ў іхнія вопраткі. А вось гасця Бавэлчыка мы вам сюды прывялі. Хутчэй распаліце вогнішча і гляньце на суседа нашага!

У адзін момант сабралі кучу сухіх сукоў, і хутка запалала вялікае вогнішча. Пышна-чырвонымі языкамі шугаў уверх агонь.

Маладыя партызаны ў легіянерскіх вопратках са стрэльбамі ў руках падвялі Бавэлчыка бліжэй да вогнішча. Рукі ў яго былі звязаны за плячамі. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. На круглым твары цаглянага колеру тырчэлі сіваватыя тоўстыя вусы. Маленькія чорныя вочкі скоса пазіралі на людзей, пазіралі драпежна і пужліва.

Бавэлчык служыў палясоўшчыкам у блізкага пана Бараноўскага, дзеля чаго і самога сябе напалавіну панам лічыў і быў у легіянераў шпікам: падказваў, дзе сяляне коней хаваюць і дзе знаходзяцца партызаны.

— Чаму, Бавэлчык, прыйшоў да нас без сваіх паноў? — запытаўся дзед.

Бавэлчык апусціў галаву.

— Чаму не ўцёк з панам Пілсудскім?

Бавэлчык маўчаў.

— Кажы! — злосна закрычаў дзед і таргануў Бавэлчыка за звязаныя рукі.

— Мы яго захапілі пры польскім абозе, калі ён краў салдацкія вопраткі,— сказаў адзін з партызан.

— Шэльма ты! Зладзюга! — злаваўся дзед. Строга зірнуў на Бавэлчыка і плюнуў яму ў твар.

Бавэлчык уздрыгануў з ног да галавы і заскрыгатаў зубамі.

— Досыць! — сказаў адзін з партызан.— Вы пабудзьце пры агні, а мы з Бавэлчыкам пойдзем на гулянку. Марш, Бавэлчык!

Бавэлчык задрыжэў. Зубы ў яго забарабанілі. Ён прыдушаным голасам замармытаў:

— Злітуйцеся, браткі!..

— Ідзі, шэльма!..

Бавэлчык не хацеў ісці, але прыклады партызан паддалі ахвоты.

Ніхто Бавэлчыка не бараніў. Усе маўчалі.

Паўстанцы разам з Бавэлчыкам зніклі паміж дрэў. Вогнішча весела гарэла. Прабудзіліся дзеці і пачалі забаўляцца пры агні. Ніхто з дзяцей ужо больш не баяўся шумець і забаўляцца: старшыя ім не забаранялі.

Праз колькі хвілін барок уздрыгануўся ад грымотнага стрэлу.

З усіх старон каціліся адгалоскі. Усе паўскочылі са сваіх месц. Старыя жанчыны хрысціліся. Дзеці спалохаліся, і некаторыя з іх пачалі плакаць.

— Бавэлчык атрымаў па заслугах,— глуха прагаварыў дзед і спакойна задыміў люлькай.

 


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 213-219
Крыніца: скан