epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

На рубяжы (Штрыхі)

І
ІІ
ІІІ


І

 

На рубяжы дзвюх эпох знаходзіцца цяпер наша літаратура. Яе сцежкі цягнуцца з бязмежнай гушчы народнай творчасці, агорнутай туманам старасвецкай міфалогіі, сялянскага быту і даходзяць да бунтарскіх вогнішчаў Чырвонага Кастрычніка.

У працягу якіх-колечы двух дзесяткаў гадоў нашага культурна-нацыянальнага адраджэння мы ў нашым маладым мастацтве павінны былі праходзіць тыя стадыі, якія ў іншых народнасцей праходзіліся многімі стагоддзямі.

Калі мы нават пачнём ад Дуніна-Марцінкевіча лічыць адраджэнне нашай літаратуры (50-я гады мінулага века), дык гэта таксама выйдзе невялікі працяг часу. Але мы павінны лічыць наша адраджэнне толькі з тых часоў, калі беларускае друкаванае слова пачало акуратна з’яўляцца ў свет, калі беларуская інтэлігенцыя арганізаванымі сіламі ішла ў народ прапагандаваць думкі аб нашым адраджэнні, калі з’явілася адразу цэлая сям’я беларускіх пісьменнікаў з сялянскіх гушчаў — гэта значыць канца 1905 года.

Ужо тады ў нашай літаратуры чуліся два напрамкі: бунтарска-рэвалюцыйны (Цётка, Жылуновіч) і спакойна-народніцкі (Я. Колас, Я. Купала і іншыя).

Цётка ў сваёй паэзіі будзіла народ да паўстання, апявала рэвалюцыю 1905 года і нервова-яскравымі радкамі клікала народ на змаганне за свае правы.

Жылуновіч апісваў гора-нядолю беларускіх рамеснікаў-гарбароў, кавалёў, шаўцоў і г. д., маляваў іх перажыванні, настроі, паказваў сілу і значэнне працы.

Я. Колас, Я. Купала і іншыя ахоплівалі ў сваіх творах усё сялянства, малюючы іх жыццё-быццё і клічучы іх да адраджэння, тлумачачы цёмным людзям аб тым, што і яны маюць права «звацца людзьмі», што і яны не нейкія «тутэйшыя людзі», а цэлы народ — беларускі народ.

Бадай усе беларускія пісьменнікі, дзеля таго каб паказаць селяніну, хто ён, што ён завецца беларусам, — капаліся ў сівой мінуўшчыне, у старакнязёўскіх гуслярскіх паданнях, у мнагатомных зборніках народнай творчасці, на канве якіх яны пісалі свае творы.

Тое, што было завалена (пад мнагаслойным пылам вякоў), выкапвалася наверх, апрацоўвалася ў новых мастацкіх формах і друкавалася на старонках беларускіх часопісаў.

Ва ўсіх творах беларускіх пісьменнікаў чуўся адзін голас-кліч: «Беларусь жыве і жыць будзе!..»

Уся літаратура таго часу была як бы нацыянальна-патрыятычнай агітацыяй аб тым, каб кожны беларус ведаў, хто ён і што яму рабіць.

З тых прычын, што царская цэнзура не давала размаху беларускім пісьменнікам пісаць так, як бы ім жадалася, беларускія пісьменнікі парабіліся Іерэміямі свайго народа: апісвалі яго горкае жыццё і крывавымі слёзамі плакалі разам з ратаем. У гэтых творах па настрою чуецца вялікі адчай, надмерная скарга і балючасць.

Што тычыцца формы і стылю твораў беларускіх пісьменнікаў у той час, дык гэта залежала ад таленту і асветы кожнага з іх. Чулася мешаніна формаў і вобразаў — ад народных прымітываў да мастацка-сучаснай віртуознасці.

Кожны з беларускіх пісьменнікаў лічыў за абавязак павялічыць скарб роднага слова рознымі формамі паэзіі, беручы за прыклад літаратуры суседніх народаў, галоўным чынам у паэзіі.

Такім чынам, кожны з нашых пісьменнікаў у працягу некалькіх гадоў як бы вандраваў праз сталецці, праходзіў усе стадыі развіцця свайго народа, выйшаў наперад і павёў ратая за сабою.

Біблейным пафасам, ядранымі народнымі зваротамі і сімволікай пачатку 20-га веку перапоўнены творы Я. Купалы. Архітэктура яго вершаў — класічна шліфаваная і незамыславатая, рыфмы зычныя, гладкія. Верш звініць сваёй апрацаванай музычнасцю. Вобразы не пластычныя ў дэталях, але ў агульнай будове яркія і выразныя.

Мілай прастатой народнай творчасці аддае паэзія Я. Коласа. Верш яго збудован лёгка і проста, рыфма не ўтончаная, будова верша старасвецкая, затое ў вобразнасці чуецца пэндзаль вялікага мастака.

У гэтай галіне да найвышэйшай віртуознасці паэт даходзіць у паэме «Новая зямля».

М. Багдановіч у сваіх вершах з надворнага выгляду дае размаітыя формы стараеўрапейскіх класікаў.

Унутраная вобразнасць яго паэзіі надзвычайна шліфаваная, як бы шматкаштоўныя старасвецкія медальёны.

Пакуль што спынімся на гэтых трох.

Нібы тыя працавітыя пчолы, нашыя пісьменнікі, жывучы скромна, а часам нават праз меру бедна, тварылі скарбы нашага мастацтва — і хто ў большай, хто ў меншай меры адбівалі ў сваіх творах сучаснасць.

Цяпер бадай усе выдатнейшыя нашыя пісьменнікі эпохі адраджэння жывуць у межах Савецкай Беларусі. Ужо гэта адно даказвае, што яны не адсталі ад эпохі. Кожны з іх безумоўна нясе ў сваёй творчасці адбіткі Кастрычніка.

Вялікая рэвалюцыя паслужыла для іх найлепшым сродкам амаладжвання. Хто зусім парваў з старымі матывамі і настроямі і як бы перарадзіўся ў сваіх творах, а хто, прынамсі, з узверхняга выгляду аздобіў свае творы ў вопраткі сучаснасці.

Словам, адбылася тая рэвалюцыя ў іх творчасці, якая павінна была адбыцца паводлуг нармальных законаў жыцця.

У нашай паэзіі пачуліся новыя матывы, новыя формы і вобразы. Ранейшыя сентыментальна-рамантычныя салодкія слёзы адышлі ў панства мінулага.

Побач з нашымі амалоджанымі старыкамі нарадзіўся маладняк — новыя маладыя беларускія паэты, выгадаваныя рэвалюцыяй. Аб усіх тут гаварыць не будзем. Возьмем толькі самага выдатнейшага з іх — М. Чарота. У яго зборніку «Завіруха» яшчэ дзе-нідзе чуецца яго блізкая кроўнасць з адраджэнцамі. Чуецца гэта нават у тых месцах, дзе ён усімі сіламі стараўся вырвацца з-пад іхняга ўплыву, але сваёй паэмай «Босыя на вогнішчы» ён ужо паставіў паміж сабою і імі высокі капец. Гэта відаць і ў адрыўку з яго паэмы «Чырванакрылы вяшчун», які друкаваўся ў нашай газеце. Новыя настроі, новыя формы, новыя вобразы, дынамічнасць сучаснасці чуецца ў яго творах.

Аднак наша літаратура яшчэ знаходзіцца на рубяжы. Мінулае з сучасным пераблытаны ў адно па сягонняшні дзень.

 

 

ІІ

Пераблытанасць мінулага з сучасным у беларускай літаратуры мала таго што з’яўляецца вынікам спецыяльных абставін тварэння і развіцця гэтай літаратуры і, як мы казалі ў папярэднім артыкуле, у працягу двух дзесяткаў гадоў праходзіла стагоддзі, гэтая ж мешаніна адбівае псіхіку і настроі сучаснасці. Раздвоенасць аказалася не толькі ў мастацтве, але і ў быту, у жыцці. З аднаго боку, напрыклад, можна было бачыць фанатыкаў-багамольцаў, якія шчыра моляцца ў царкве, а вакол царквы — гучны, шумлівы карнавал бязбожнага камсамола. На кожным кроку ў сучасным жыцці можна бачыць такія процілегласці. Гэтая раздвоенасць, дваядушнасць ёсць і ў характары большасці нават перадавых рэвалюцыйна настроеных грамадзян нашых рэспублік.

Мастацтва і жыццё — гэта два фактары, якія ўзаемна ўплываюць адзін на адзін. Гэта відаць вельмі ярка ў нашым сучасным тварэнні новага быту.

У гэтым кірунку не адстала ад іншых і наша маладая беларуская літаратура. Новыя матывы бачым у навейшых невялічкіх апавяданнях нашых празаікаў, новымі настроямі перапоўнены вершы нашых маладых паэтаў.

Мы можам, як на экране, прагледзець развіццё нашай рэвалюцыйнай паэзіі за апошнія шэсць гадоў. Гэта дужа цікава з псіхалагічнага боку творчасці наогул і з боку павелічэння рэвалюцыйных настрояў, вышуквання новых вобразаў у часнасці.

Колькі гадоў таму назад, калі хто з нашых маладых пісьменнікаў аздабляў свой верш у кожным радку словам «Чырвоны», «Свабода», «Чырвоны сцяг», «Пралетарыят», «Працоўны люд» і г. д., дык гэта лічылася рэвалюцыйнай паэзіяй. Калі ён дадаваў словы: «змаганне», «біць буржуя», «хата», супастаты», «волі-долі» і іншыя, — дык гэта лічылася сучаснай паэзіяй.

Калі мы цяпер спакойна прагледзім усе такія творы маладых аўтараў, дык адразу пабачым трафарэтнасць, вершаплёцтва і штучнае, робленае пачуццё гэтых вершыкаў. Такіх твораў у нашай літаратуры, як і ў расійскай, ёсць шмат. Гэта быў час прымусовай ломкі ў паэтаў, калі яны пасля рэвалюцыі стараліся і думаць і тварыць на сучасныя матывы.

Большасць такіх твораў ужо кінута ў мусарную скрынку забыцця.

Але год за годам, калі пад апекай Саветаў пачалося будаўніцтва краю, калі ў псіхіцы паэтаў рэвалюцыя і новае жыццё пачалі пакідаць свае шчырыя адбіткі, рэвалюцыйная паэзія перайшла ў новую стадыю — ад простай фабрыкацыі да шчырай творчасці.

Хаця беларускі народ не мае свайго пралетарыяту, каб паэты маглі абрызгаць сваю творчасць новай рытмікай заводаў і машын, аздабляць свае творы вобразамі з рабочага быту і хаця галоўная канва нашай паэзіі — працоўны селянін — не вельмі ўдзячны для новай творчасці з прычын кансерватыўнасці вёскі, якая не дае размаху для фантазіі, аднак нашыя пісьменнікі знаходзілі новыя матывы. Гэтыя матывы выяўляюцца не ў чырвані, не ў сцягах, г. з. не з знешняга боку рэвалюцыі, а знутры, з самой глыбі яе вулкана.

Паэты пачалі іначай, чымся раней, успрымаць усё акружаючае, усе з’явішчы жыцця і прапускаць іх у паэтычных радках праз новыя прызмы. Адбыўся даўгажданы рэвалюцыйны пераварот унутры самаго мастацтва. Паэт пачаў па-новаму адчуваць, думаць — і вобразы і формы, і рытм і тэмп яго творчасці ў яго аднавіўся. Гэта можна прасачыць у вершах Чарота «Чырвоныя вяснянкі», у паэме Грамыкі «Крылан» і ў некаторых творах іншых аўтараў.

Пісьменнікі дасяглі той бясспрэчнай праўды, што рэвалюцыйная паэзія не ёсць тое, каб рыфмаваць «свабода — народа», «пралетарскія струны — камуны», «волі — полі» і г. д., а праўдзівая рэвалюцыйная паэзія з’яўляецца там, калі нават і ніводнага слова аб чырвані і аб свабодзе няма ў вершы, але калі верш ва ўсёй сваёй унутранай і верхняй будове рэвалюцыйны.

Можна апісаць беларускі гаёк, рэчку, вясну, лета, каханне і г. д. — не аздабляць гэтыя вершы ніякай «чырванню», ніякай «свабодай», а твор будзе рэвалюцыйным, новым, пранікнутым псіхікай сучаснасці, новай формай і незатасканымі свежымі абразкамі.

У гэтым кірунку вызначаецца наш малады пясняр Дубоўка (зб. вершаў «Строма»).

Аднак, як надзіва, яшчэ ёсць у нас цэлая плеяда маладзенькіх, большасць якіх нічым новым не вызначаецца. Форма іх вершаў бедная, вобразнасць адсутнічае, і бяруцца яны за старыя надакучлівыя перапевы аб «родным краі і раі» і г. д., хапаюць нашага «мужыка», што называецца, «за лапці і аборы». Дзеля якой-колечы рыфмы яны калечаць беларускае слова, круцяць яго ва ўсе бакі, здзекуюцца над ім, аж, здаецца, роднага бацьку забіў бы, каб толькі выходзіла ў рыфму. Творы такога гатунку час ад часу з’яўляюцца ў беларускіх часопісах.

А гэта што азначае? Азначае тое, што мы яшчэ не зусім пераскочылі рубеж. У нас у гэтым кірунку засталіся адраджэнцкія традыцыі.

«Трэба прыцягнуць хлапца да беларускай працы».

І дзеля гэтага прыцягвання друкуюць яго кепскія вучнёўскія вершыкі. Рабіць друк даступным для ўсіх — гэта добрая і патрэбная справа, але друкаваць кепскія вершыкі — справа кепская. Гэта надае нашым маладым аўтарам самахвальства, кожны з іх прадстаўляе сябе, што ён геній, і ў канцы канцоў яны не хочуць працаваць над сваім самаразвіццём.

Цэлы шэраг такіх пісьменнікаў мы маем яшчэ з эпохі Адраджэння. А калі прасачыць іх творчасць ад пачатку да канца, ад першага да апошняга верша, дык не ўгледзім у іх ніводнай кроплі прагрэсу. І мы пэўны, што каб пісьменнік такога гатунку пісаў бы сто гадоў, дык было б тое самае.

Гэта яшчэ калісьці заўважыў М. Багдановіч у сваім вершы «Паэту» і раіў нашым маладым песнярам шчыра над сабой працаваць.

Яшчэ засталася нам адна спадчына — шмат хто з нашых пісьменнікаў ужывае ў мастацкіх творах закавырыстыя слаўцы сваёй ваколіцы. Вельмі часта такія словы незразумелы не толькі што чытачам, але і спецыялістам — знаўцам беларускай мовы.

Бывае так, што па ўнутранаму зместу і вобразнасці твор вялікай мастацкай вартасці, але дзеля цяжкасці стылю, дзеля незразумеласці многіх слоў, якімі твор перасыпаны, ніхто яго чытаць не хоча.

Такія грашкі здараюцца ў некаторых пісьменнікаў і старэйшага пакалення. Кожны з іх з’яўляецца як бы патрыётам сваёй воласці — прызнае толькі мову сваёй невялічкай ваколіцы.

А ўжо надыходзіць пара пакончыць з жарганізмамі ў нашай літаратуры. Кожны пісьменнік павінен мець свой асобны стыль, але мова павінна быць адна, зразумелая для ўсіх.

Быў час, калі кожны з нашых пісьменнікаў меў сваю ўласную граматыку. З гэтым пакончылі. Цяпер трэба пакончыць з правінцыялізмамі, якія ў некаторых пісьменнікаў ужываюцца не ў характэрным маляванні быту, але ў вершах або ў звычайных артыкулах.

Побач з гэтым сярод нашых пісьменнікаў развіта словатворчасць. Гэта рэч неабходная для кожнага паэта, але ў нас гэта павінна рабіцца вельмі асцярожна. Новыя словы павінны адпавядаць духу беларускай мовы і павінны быць зразумелымі для ўсіх.

Але розныя недахваты ў нашай літаратуры нічога не змочаць перад той вялікай творчай працай, зробленай у працягу двух дзесяткаў гадоў. Пры гэткім тэмпе творчасці, пры такіх выбухах энергіі, пры такім вялікім замілаванні да адраджэння нашай культуры і мастацтва, выяўленых у нашых пісьменнікаў, нельга надта строга крытыкаваць іхнія памылкі.

Мы толькі хочам адзначыць тое, што ціскі дзвюх эпох, у якіх мы знаходзімся, барацьба новага са старым у нашай літаратуры хоць яшчэ не вывела, але выведзе нас на цвёрды шлях. Да гэтага мы імкнёмся рознымі пуцявінкамі.

 

 

ІІІ

Рубеж нашай літаратуры хоць ён выклікан агульнымі ўмовамі сустрэчы дзвюх эпох і адразу штучна нельга яго абмінуць, — аднак трэба прыняць крокі дзеля штучнага вызвалення нашай псіхікі з ланцугоў мінуўшчыны, каб пайсці па новаму шляху творчасці, па тым шляху, які вымасціла нам загартаваным металам вялікая рэвалюцыя Акцябра.

«Адклад, — як гэта кажуць, — не ідзе на лад». Адкладваць нам да тых часоў, пакуль з’явіцца гістарычная перспектыва дзесяцігоддзяў, мы не можам. Хаця погляд аб тым, што найлепей тады апісваць пэўную эпоху, калі мы знаходзімся ад яе на пэўнай адлегласці часу, але гэты погляд спрэчны. Магчыма, што калі пісьменнік адразу выкарыстоўвае моманты сучаснасці, дык яго творы не абмінаюць тэндэнцыйнасці; але трэба заўважыць, што тэндэнцыйнасць існуе ва ўсім мастацтве, ва ўсёй літаратуры наогул; так што калі цяпер у новых матывах з’яўляецца тэндэнцыйнасць, дык гэта зусім нармальная рэч. Без тэндэнцыйнасці нічога на свеце не творыцца. Тэндэнцыя надае жыццёвы імпэт творчасці. Толькі гэта тэндэнцыйнасць павінна выходзіць зграбная і непрыкметная, бо іначай яна не то што карысці не прыносіць, але яшчэ шкодзіць.

Каб выйсці з рубяжа на пэўны цвёрды шлях, трэба нашым пісьменнікам раз назаўсёды парваць з пэўнай часткай мінулых традыцый. У нас сапраўды іх не так многа ёсць, каб цяжка было з імі парваць. Фенаменальным чынам выйшла так, што адраджэнне нашай культуры мела сваёй крыніцай рэвалюцыю 1905—1906 гг. Далейшае развіццё гэтага самага адраджэння мы бачым цяпер пад апекай сярпа і молата ў Савецкай Беларусі. Гэта азначае, што толькі на грунце рэвалюцыі мы можам будаваць нашую новую культуру і мастацтва, што і даказана гісторыяй1. Калі ўжо трымацца за традыцыі, дык наша адраджэнне галоўным чынам звязана з рэвалюцыйнымі традыцыямі, што выяўляе сабой псіхіку нашага народа. Ён, жыўшы доўгімі вякамі ў паншчыне, ірваўся да новага жыцця толькі пры ўзбухванні рэвалюцыйных вогнішчаў. Калі захочам шукаць гэту рэвалюцыйнасць яшчэ глыбей у народнай душы, мы можам яе знайсці ў вялікім скарбе беларускай народнай творчасці.

У гэтых творах (казках і песнях) ёсць шмат рэвалюцыйна-бытавых матываў проціў папоў і духавенства і царскай улады. Шмат дзе гэта выказана проста, а шмат дзе ў сімвалічнай форме2. Такія бунтарскія матывы сто гадоў ці болей таму назад яшчэ распаўсюджваліся па нашых вёсках сялянскімі баечнікамі. Спрадвечная праца на багатых, вечная няволя выпрацавала ў нашых народных масах бунтарскую філасофію, рэвалюцыйныя погляды на жыццё.

Вось у гэтай рэвалюцыйнасці і ёсць наша праўдзівая традыцыя. Уся рэшта з’яўляецца толькі наносам чужых буржуазных культур. У гэтым кірунку мы смела можам сказаць, што наш новы сучасны шлях вытаптаны для нас лапцямі нашых дзядоў і прашчураў.

Новы быт. Шмат гаворыцца, шмат пішацца аб новым быце. Ніхто не сумняваецца ў тым, што ён з кожным годам выяўляецца ўсё ярчэй і ярчэй. Кожны разумее, што пры новых абставінах жыцця ва ўсіх краях СССР, у тым ліку і ў Савецкай Беларусі, ствараецца новы быт жыцця. Адыходзяць у панства мінулага старыя традыцыі: мяняецца псіхіка мас, з’яўляюцца новыя звычаі, новыя ўрачыстасці, новыя погляды на жыццё і акружаючае і г. д.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, большасць беларускіх пісьменнікаў адарвана ад новай вёскі. Варункі жыцця прымушаюць іх жыць пастаянна ў горадзе, і калі яны што-колечы твораць, дык гэта творчасць з’яўляецца на фоне ўспамінаў аб мінулай дарэвалюцыйнай беларускай вёсцы. Аб новай вёсцы яны маюць уяўленне толькі з газетных радкоў, з тых карэспандэнцый, якія прысылаюць у тутэйшыя часопісы вясковыя дапісчыкі. З такіх мёртвых матэрыялаў пісаць мастацкія творы аб нашай вёсцы нельга. У вёсцы трэба цяпер жа пабываць, пажыць, каб набрацца новых настрояў.

Праўда, з’явіліся новыя маладыя пісьменнікі, апавяданні якіх час ад часу друкуюцца ў нашай газеце, але большасць такіх твораў мастацкай вартасці не маюць і з’яўляюцца толькі хранікёрскімі апісацельнымі артыкуламі. Беларускія пісьменнікі павінны даставаць спецыяльныя камандзіроўкі на вёскі. Кожны з іх павінен пазнаёміцца з новым бытам на месцы, у яго жывым выяўленні. Кожны з беларускіх пісьменнікаў павінен пабываць ва ўсіх паветах нашай рэспублікі, ва ўсёй этнаграфічнай Беларусі, каб добра выведаць свой край.

Да гэтага часу, — колькі аб гэтым ні гаварылі і ні пісалі, — нашыя літаратары яшчэ не зарганізаваліся, прынамсі, у адзін які-колечы гурток. Няма сяброўскага абмену думак паміж сабою, зусім не ладзяць літаратурных вечароў, рэдка калі здараюцца літаратурныя суды над творамі нашых пісьменнікаў. А ў гэты ж самы час на Украіне ёсць розныя літаратурныя гурткі, як, напрыклад, «Гарт», «Плуг» і г. д. Яны маюць і свае ўласныя клубы, дзе ладзяць акуратна вечары, чытаюць свае новыя творы, крытыкуюць, папраўляюць памылкі аўтараў і г. д. Гэтыя вечары яны ўжо лічаць соткамі. Ужо не будзем гаварыць аб расійскіх літаратурных гуртках — іх і не пералічыш. У нас у гэтым кірунку нічога няма. Таксама ў нас не выдаюцца перыядычна невялікія зборнікі новых твораў нашых пісьменнікаў. Выдаюцца толькі кнігамі па адной у працягу двух-трох і болей гадоў.

Гэта вялікая памылка з двух бакоў: па-першае, тоўсты том твораў пры цяперашняй дарагоўлі зусім недаступны для нас, у той час калі маленькія кніжачкі ў некалькі разоў болей распаўсюджваліся б. А па-другое, куды ахвотней пішацца, калі аўтар часта бачыць выдрукаванымі свае творы. Праўда, у газеце «Сав[ецкая] Беларусь», у часопісах «Полымя», «Маладняк» (выйшаў адзін нумар) нашы літаратары знаходзяць такое-сякое месца для сваіх твораў, але гэтае друкаванне аўтара мала здавальняе, бо такое раздрабленне яго працы не дае поўнай характарыстыкі яго творчасці. Каб пісьменніку прад’явіць шмат патрабаванняў, дык трэба ісці насустрач і яго патрабаванням — стварыць яму і маральныя і матэрыяльныя абставіны дзеля таго, каб пісаць мастацкія і каштоўныя творы.

А як вядома, дык нашы пісьменнікі маюць сваю літарацкую творчасць, можа, на якім дзесятым месцы сваёй працы, бо кожны з іх заняты не па сваёй спецыяльнасці дзеля таго, каб здабываць сабе сродкі на штодзённыя жыццёвыя патрэбы.

Калі ўсе вышэйпамянёныя хібы і недахваты будуць папраўлены хоць на пяцьдзесят працэнтаў, дык мы пэўпы, што наша літаратура сыдзе са свайго рубяжа і ў сваіх новых творах не толькі дасць поўны адбітак сучаснасці, але будзе рабіць значныя ўплывы на масы чытачоў.

Новы быт у мастацкай абрысоўцы ў літаратуры ёсць найлепшы агітацыйны спосаб укаранення і ўзмацнення яго. Аб гэтым спрачацца не прыходзіцца. Мы ведаем, якія вялікія ўплывы на масы рабілі ў свой час фантастычныя утопіі аб сацыяльных устроях людзей у будучыні. Цяпер за фантазіямі гнацца не прыходзіцца. Нашае жыццё багацей за якія б ні было фантазіі.

1 У гэтым кірунку мы можам даць факты і з ранейшых часоў, як, напрыклад, пракламацыі на беларускай мове, пісаныя Кастусём Каліноўскім яшчэ ў 1863 годзе.

2 Гл. нашы артыкулы ў газ. «Савецкая Беларусь» у канцы мінулага года над назваю «Рэлігія і паншчына ў беларускай народнай творчасці». Там сабрана маленькая частка матэрыялаў такога характару.


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 409-418
Крыніца: скан