Пайдзем, дзеванькі,
На лугі-лужочкі
Завіваць вяночкі.
(Народная)
Зялёныя святкі. Вясна ў поўнай красе сваёй. Чаромха цвіце і вабіць вока бел-пуховымі краскамі. У зялёненькім бярэзнічку пясняр-салоўка на розныя лады трэлі дзіўныя выводзіць. Гарапашныя сяляне прыбіраюць свае хаткі асвенценымі траўкамі, маладымі бярозкамі і пахучымі кветкамі.
Красныя дзеванькі выходзяць на зялёны луг з вянкамі на русых галованьках, вядуць карагоды ды голасна пяюць:
Тапчыце траўку, ламайце траўку!
Пайшла траўка богу жаліцца:
Божа, божа! Мяне дзеўкі стапталі,
Дужа, дужа яны скакалі...
Адказ бога:
— Табе, трава, заўсёды пара,
Красным жэ дзеванькам
Адна пара, адна часінка...
Вось у гэтай сімвалічнай народнай песні выяўляецца адвечны сум-туга чалавека аб сваім хвілёвым жыцці, як у той мятлічкі слабенькай, проціў несмяротнасці акружаючай натуры.
Чалавеку «адна пара», а траўцы «заўсёды пара». Дзеля гэтага ў вясне жыццё чалавека, пад веснавым гарачым сонейкам трэба жывіцца ў шчырым зліянні з полем і лугам, трэба весяліцца ў адпачынку сваім пасля працы ў полі, калі ўсё засеяна, уладжана да сёмухі.
Трэба песні пяяць!
Толькі сёлета занадта шмат працы для астаўшыхся пры гаспадарцы сваёй... і, бадай што, ці хопіць часу адпачыць і ці захочацца павесяліцца...
*
Святкі ў нас сёлета не зялёныя, а чырвоныя. Бо кроў і агонь афарбавалі наш край многапакутны. Атрута смерці пакалечыла жыццё горкаю палынь-травою...
Не траўкі, а людзі пайшлі богу жаліцца:
— Божа, божа! Нас стапталі!..
………………..……………………………………………………………………………...
Толькі кожны народ паасобку цешыцца цяперака адным: гэта вялікае гора служыць аграмадным пратэстам проці цяперашніх парадкаў жыцця.
Усе пераканаюцца, што непрыхільнасці-нязгоды паміж народамі і нацыямі кіруюць да зверства, да страты чалавечага аблічча, да агульных згуб.
І гэта вялікая вайна навучыць усе народы жыць у згодзе і брацтве...
І запануе на зямлі адвечны веснавы дзень зялёных святкаў...
І ўсе народы з вянкамі шчырай еднасці на галовах сваіх будуць разам святкаваць і песні пяяць пад праменнямі жыватворнага сонейка-шчасця!