epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Навагодняя ёлка

Лес быў пасярэбраны сівізной марозаў, зямля была цвёрдая і гучная. У лагчынах блішчэлі ахопленыя ледзяной карою лужыны і лапікі снегу.

Чарнавокая настаўніца Ганна Тарасаўна, жвавая жанчына трыццаці год, гуляе ў лесе з вясёлай грамадой школьнікаў. На фурманцы ехаў хлапчук Мішка. Ён быў на гэты раз вельмі горды — у яго за поясам тырчэла бліскучая невялікая сякерка. Лес быў за два кіламетры ад новага вялізнага будынка школы. Гоман дзяцей поўніў паветра. Яны выбіралі ялінку на Новы год. Дзеці калгаснікаў, якія ўлетку, у вольныя часы, гулялі па навакольных палях і лясах, не так цікавіліся ёлкай, як тымі дзівоснымі садавінамі, што на ёй будуць расці ў школьным зале. Гэтых садавін-падарункаў Ганна Тарасаўна прывезла з Мінска вялікую скрыню.

Выбар ёлак быў багаты. Вочы дзяцей разбягаліся ва ўсе бакі. Нарэшце ім спадабалася адна стромкая, тоненькая ялінка, што стаяла на паляне, недалёка ад дарогі, каля высокай тоўстай ёлкі, нібы дзіця каля роднай маці.

— Гэту яліначку і возьмем! — крыкнуў Міша, падскочыў да яе і дастаў з-за пояса сякерку.

— Гэту! Гэту! — узрадаваліся дзеці.

— Сячы! — загадала Ганна Тарасаўна і махнула рукой, нібы дала каманду.

Мішка ўзмахнуў сякерай, крыкнуў «гэ-э-э», але настаўніца раптам затрымала яго руку:

— Не чапай, Міша!

Смутак і радасць чаргаваліся ў вачах настаўніцы. Яе гладкі лоб на адну кароткую хвіліну спахмурнеў. Яна зірнула з хваляваннем на высачэзную ёлку і на яе «дзіцё».

Вучні здзівіліся:

— Такой харошай ялінцы месца толькі ў школе.

— Чаму не чапаць?

— У чым справа?

— А я вам раскажу.

— Раскажыце, Ганна Тарасаўна.

Дзеці ўзрадаваліся.

— Раскажыце! Раскажыце!

Ганна Тарасаўна на хвіліну задумалася, нібы нешта ўспамінала. Дзеці абступілі яе цясней. Яна пачала ціхім голасам, нібы саромелася. З кожным словам яе голас мацнеў.

— Гадавалася я круглай сіратой — ні бацькоў, ні братоў, ні сясцёр і ніякіх родных. Як я сябе памятаю, жыла па чужых людзях. У сем год я ўжо свіней пасвіла ў аднаго тутэйшага кулака. Білі мяне больш, чым кармілі. Не было каму паскардзіцца. Калі сынок гаспадароў маіх год у чым-небудзь правініцца — каралі мяне. «Яму на страх»,— гаварыла гаспадыня. З майго твару ніколі не зыходзілі сінякі. Я так звыклася, што нават не асабліва пакутавала ад біцця. Горш было з маёй вечнай галадухай. А яшчэ горш — адзіноцтва. Хацелася ад каго-небудзь пачуць добрае, спагадлівае слова, да каго-небудзь прытуліцца, каб хто мяне пашкадаваў, каб хто пабедаваў над маёй сірочай доляй. Апрача дрэў у лесе, нікога ў мяне не было. Гэтая тоўстая ёлка тады была тоненькая і такая адзінокая на паляне, як я сярод людзей.

Аднаго разу, калі гаспадар адсцёбаў мяне пугай, я, акрываўленая, уцякала ад яго куды вочы глядзяць. Прыбегла сюды, на паляну, да адзінокай ёлкі, абняла яе і, плачучы, апавядала сваю крыўду. Было гэта пасля дажджу. З лапак капалі на мяне кроплі, і мне здавалася, што дрэўца плача ад жалю да мяне.

У часы белапольскай акупацыі мне было чатырнаццаць год. Я служыла ў фальварку аднаго панка, дзе цяпер стаіць наша новая школа. Тры гады таму назад разбурылі стары панскі будынак з пакоямі і пакойчыкамі.

— Памятаем! Памятаем! — сказалі дзеці.

— Дык вось я там працавала на кухні. Я не раз апавядала вам, дзеці, як белапалякі ў нас тады гаспадарылі і як нашы слаўныя партызаны змагаліся за савецкую ўладу. Я тады была ўжо не зусім адзінокая — служыў у пана пастушком дзесяцігадовы хлапчук. Я кожны дзень што-небудзь крала для яго з панскай кухні і совала яму ў торбачку, і гэта мяне вельмі радавала. Дзіўны быў хлапчук, сінявокі, паслухмяны, маўклівы. Вечна іграў на жалейцы: на полі, на двары, у парабкоўскай хаце. Ён так жаласліва і так хораша іграў, што я наслухацца не магла.

Аднаго разу, у веснавую ноч, нашы партызаны спалілі мост на рацэ Пціч, дзе праходзіць палатно чыгункі, зрабілі напад на станцыю, дзе знаходзіўся жандарскі аддзел, перастралялі жандараў, узнялі над будынкам станцыі чырвоны сцяг і зніклі. У тую ж ноч уцёк з фальварка і пастушок. Кулакі разнюхалі, дзе знаходзяцца партызаны. Падказалі. Праз некалькі дзён арыштавалі шэсць партызан. Атрад конных жандараў прывёў іх, звязаных, у гэты самы фальварак, дзе я працавала наймічкай і дзе знаходзіўся другі жандарскі засценак. Пан загадаў мне прыслужваць жандарам. Пад панскім домам, як вы памятаеце, быў вялізны склеп. Туды і кінулі шэсць арыштаваных, збітых, акрываўленых людзей. Кожную ноч іх выводзілі наверх, на допыт да жандараў.

Не буду вам апавядаць пра тыя страшныя здзекі, што жандары ўчынялі над імі. Жандары дапытваліся: «Хто вашы таварышы? Хто яшчэ прымаў удзел?» Я затыкала вушы, каб не чуць ляскату бізуноў і шомпалаў, стогнаў скатаваных і брыдкіх лаянак жандараў. Партызаны былі знаёмыя мне, бацькі, браты і родныя нашых цяперашніх калгаснікаў. Найвялікшай для мяне пакутай было кожны раз пасля такіх допытаў мыць аблітую бядняцкай крывёю падлогу. У мяне дрыжэлі рукі, кружылася галава. Я плакала. Мне, дзяўчынцы, было так страшна... Я спаць не магла. Стогны з падвала рэзалі нажом мае грудзі. Нават калі было ціха — звінелі ў маіх вушах крыкі і плач.

Дзень у дзень выведвалі ў партызан адно і тое самае: «Хто прымаў удзел з вёскі Мязэрычы?» — гэта дзе наш калгас «Чырвоны сцяг» цяпер. Ніякія катаванні ім не дапамагалі. Партызаны маўчалі. Мне прыходзілася цягаць жандарам вёдры з вадою, каб прыводзіць у прытомнасць збітых людзей.

У тыя дні я не магла есці ад страху, каб хаця хто з партызан не прагаварыўся. Хацела ўцячы, як той пастушок; але нешта стрымлівала мяне, прыкоўвала да жандарскіх пакояў. Я думала: а можа, чым-небудзь дапамагу арыштаваным. Праз колькі дзён я крыху пасмялела і давай прыслухоўвацца праз тонкія сценкі да допытаў. Адзін з партызан звар’яцеў, калі... але не буду вам гаварыць, аб тым, як яго мучылі. Ён выў немым голасам. Пачаў трызніць і выгаварваць прозвішчы ды імёны сваіх таварышоў — нашых старэйшых калгаснікаў, вашых бацькоў, дзядзькоў і братоў...

Кожнае прозвішча лезла вострай іголкай у маё сэрца. Праз шчыліны дзвярэй я ўбачыла, як жандар упісвае ў кніжку прозвішчы ды імёны знаёмых і блізкіх людзей. Я рвала на сабе валасы. Мне стала горача і холадна. Праз чорны ход кінулася на двор, растрапаная, без хусткі, босая. Хоць я была зусім адзінокая, але адчувала, што гэтыя людзі былі мне крэўныя ў горы і бядзе.

Была веснавая ноч. Я бегла ў Мязэрычы і ног пад сабою не чула. Нібы нехта на крыллях мяне нёс. Мне насустрач ляцелі хмызнякі, лес і далёкія аганькі чыгункі. Каб хаця паспець, а то ўся вёска загіне. Часта аглядалася назад. Дыханне стрымлівалася. Дабегла да першай хаты. Усё расказала. Паўцякалі ў лес не толькі партызаны, але шмат хто з дзядоў, жанок і дзяцей. Я парашыла бегчы назад у фальварак — можа, чым-небудзь дапамагу скатаваным.

Зноў бягу праз лес, прыслухоўваюся. Чую тупат коней па лясной дарозе. Зусім блізка. (Вось там, дзе дарога паварочвае ўлева, на гэтай самай паляне.) Ці паспею схавацца? — думаю. А гэта самая ёлка як бы чакае мяне. Я бягом да ёлкі і прырасла да яе. Нібы да матулі. Мабыць, і ўдзень не ўгледзелі б мяне з дарогі. Зусім блізка праехаў атрад жандараў. Я чула, як мяне лаялі. Яны здагадваліся, што я пабегла ў вёску. Значыць, мне ў фальварку ўжо не месца.

Я мела тады першае вялікае шчасце ў сваім жыцці — выратавала некалькі дзесяткаў партызан. Калі праехаў жандарскі атрад, мне насустрач выйшаў з лесу пастушок з фальварка. З радасці, што сустрэў мяне, ён ледзь не зайграў у сваю жалейку. Я абняла матулю-ёлку, што схавала мяне ад жандараў. Пастушок павёў мяне да партызан. Я была разам з імі аж да прыходу сюды Чырвонай Арміі. Што было далей, дзеці, я вам не раз апавядала пры нашых гутарках пра грамадзянскую вайну.

Дык вось, каля маёй замілаванай ёлкі вырасла яліначка. Яна не памятае тых часоў, як і вы. Няхай сабе расце. Не будзем яе чапаць.

Смутак і радасць чаргаваліся ў вачах настаўніцы. Такі самы выраз вачэй быў і ў школьнікаў. З ранейшых апавяданняў Ганны Тарасаўны яны ведаюць, што многія з партызан былі расстрэлены, што белапалякі спалілі вёску, катавалі старых і малых, а з прыходам Чырвонай Арміі пачалося новае жыццё.

На пятнаццатую гадавіну вызвалення Беларусі ад белапалякаў сюды, у калгас, прыехала на свята шмат дарагіх гасцей з розных гарадоў Вялікага Саюза — настаўнікі, прафесары, рабочыя, лётчыкі, інжынеры, ваенныя камандзіры. Усе яны — былыя тутэйшыя батракі і беднякі — партызаны і дзеці партызан.

Адзін з гасцей хораша іграў на скрыпцы. Гэта быў той самы, які калісьці пастушком іграў на жалейцы і павёў Ганну Тарасаўну да партызан у лес.

 

*

Школьнікі знайшлі ёлку ў другім месцы. У вялікім школьным зале на ёй, нібы дзівосныя садавіны, віселі розныя падарункі для дзяцей.

 


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 298-302
Крыніца: скан