epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Нікелевая калясачка

Яго звалі Отто Мейль. Яго бацька, Карл Мейль, быў беспрацоўным шаўцом. Отто Мейль яшчэ ў маленстве любіў калясачкі. З драўлянай скрынкі ён сам змайстраваў аднаго разу калясачку і вазіў у ёй сваю двухгадовую сінявокую сястрычку Рыту. Яна смяялася ад шчасця. Яе тварык паружавеў. Отто вазіў яе, а яна ўсё прасіла:

— Яшчэ... Яшчэ...— І голас яе быў гучны, як срэбраны званок.

У той час Отто вельмі зайздросціў свайму равесніку з суседняй багатай фермы — Бертольду Ліндэ — сыну Гюнтэра Ліндэ. Той меў для катання такую прыгожую маляваную калясачку, такую зграбную і лёганькую, што ў Отто вочы разбягаліся. Яму здавалася, што нічога прыгажэйшага і лепшага не можа быць ва ўсім свеце. Отто выконваў усе просьбы і загады багатага равесніка Бертольда, аддана слухаўся яго, шчыра і старанна прыслугоўваў, каб той хоць дазволіў рукамі дакрануцца, памацаць і пагладзіць калясачку. Отто пры гэтым млеў ад асалоды, забываў голад, бацькоў, сінявокую сястрычку Рыту...

— Ох, якая слаўная калясачка... Якая цудоўная калясачка... Якая прыгожая калясачка...

У яго голасе было гэтулькі захаплення, пяшчоты і просьбы, што Бертольд расчуліўся, зрабіўся добрым і дазволіў Отто карыстацца калясачкай. Дабрата і чуллівасць Бертольда была вось якая: ён дазволіў Отто вазіць сябе, Бертольда, па шасе. Аб тым, каб самому пакатацца, Отто не адважваўся і думаць. Ён і без гэтага меў вялікую ласку ад Бертольда, бо ва ўладара калясачкі быў яшчэ сапраўдны жывы маленькі рыжы конік, якога Бертольд запрагаў у свой маленькі фаэтончык.

Отто замяняў коніка і вазіў на калясцы Бертольда.

Гледзячы на гэта, бацька Бертольда, стары Гюнтэр, хваліў сына:

— Вось так, мой сын! Будзеш добрым гаспадаром! Ты ўжо запрагаеш людзей у сваю каляску...

Калі Отто было пятнаццаць год, ён зноў меў сутычку з калясачкай. Але між першай калясачкай і другой была вялікая розніца. У першы раз Отто прымацаваўся да калясачкі з шчырым бескарысным захапленнем і нават сам за гэта прыплачваў добраахвотнымі паслугамі. А ў другі раз гэта ўжо было цяжкім абавязкам, за які яму, Отто, плацілі. Яго, Отто, купілі, як жывую рухаючую сілу.

Справа была вось якая. У бацькі Бертольда, Гюнтэра Ліндэ, аднялася раптам левая частка цела. Ён, канешна, меў магчымасць ляжаць на пярыне і спакойна дажываць свой сыты век у багатым каменным доме. Але не такі чалавек быў Гюнтэр Ліндэ. Ён быў драпежны, як звер, і любіў гаспадарыць і камандаваць. Яго вечная прагнасць да гаспадарання была большая за яго ферму. Без гаспадарання ён не мог бы жыць. Яму было б куды цяжэй, чым без хлеба... Запрагаць аднаго са сваіх коней у звычайную каляску багаты фермер не хацеў. На гэта была важная прычына. Па-першае, гэта каштавала б дорага, а ён быў вельмі скупы. Па-другое, ён сам не мог бы ўправіцца з канём адной рукой. Ён жа не мог нават з месца крануцца. Значыць, чалавек для паслуг яму ўсё роўна быў патрэбны. Па-трэцяе, па вузенькіх сцяжынках поля нельга ж ездзіць на кані — сапсуеш пасевы, стопчаш гародніну, збожжа і кармавыя травы.

У той час беспрацоўныя бацькі Отто Мейля цярпелі голад. Бедны хлапец Отто быў горды. Не хацеў ён быць замест каня ў багача — нізашто не хацеў. Бацькі са слязамі на вачах яго ледзь угаварылі. Ды і то не ўгаварылі б, але ён зірнуў на маленькую сінявокую і белавалосую сястрычку Рыту. Яго пранізала такая жаласлівасць да гэтай слабенькай дзяўчынкі, што дзеля яе гатоў быў пайсці і на больш цяжкую і на больш ганебную працу...

І Отто наняўся вазіць спаралізаванага Гюнтэра Ліндэ ў лёгкай зграбнай нікелевай калясцы, зробленай паводле спецыяльнага заказу старога фермера.

Спачатку здароваму і спрытнаму хлопцу такая праца здавалася забаўкай:

— Падумаеш — калясачку вазіць!

Так ён думаў у першыя спробныя хвіліны язды па гладкай роўнай дарожцы ў цяністым садзе. Але пану Гюнтэру Ліндэ трэба было аб’ездзіць усе трыццаць гектараў свайго ўладарства ўдоўж і ўпоперак, трэба было перарысоўваць тонкімі веласіпеднымі калёсамі зграбнай каляскі ўсе клеткі і шахматныя квадраты разнастайных пасеваў поля і гарода. Апрача таго, спаралізаванаму гаспадару хацелася кожны дзень паглядзець, як пасвіцца стада, і пабываць у суседнім хвойніку.

Калі мець на ўвазе, што Отто вазіў гаспадара ад цямна да цямна, дык можна быць упэўненым за дабраякаснасць і старанне гэтага двуногага каня. Як сапраўдны добры конь, ён рабіў дзень у дзень некалькі дзесяткаў кіламетраў.

Каляска мела нікелевыя аглабелькі з папярочнікам, абверчаным гумай. Отто знаходзіўся між аглабелькамі, нібы конь, і трымаўся рукамі за папярочнік. А калі прыходзілася ўзбірацца на ўзгорак, ён упіраўся ў папярочнік грудзьмі. У першыя дні, пакуль Отто яшчэ цалкам не ўваходзіў у ролю двуногага каня, ззаду падпіхваў каляску яго равеснік, сын гаспадара — Бертольд. Гэта рабілася яшчэ таму, каб даводзіць Отто, што гэтай конскай працай не ганьбуе і сын самога гаспадара.

Нягледзячы на дапамогу, Отто абліваўся потам. На далонях выступалі і часта лопаліся балючыя крывавыя валдыры. Нылі пальцы рук і ног, і ён адчуваў несупынную ламату ў каленях і паясніцы. Няйначай — здрадлівы сын фермера Бертольд фальшывіў, а не памагаў. Зусім магчыма, што Бертольд нават падвешваўся ззаду да каляскі, каб самому пакарыстацца маленькім жывым маторам — сілай найміта-падлетка. Бо калі Отто перастаў карыстацца «дапамогай» Бертольда, вазіць зрабілася куды лягчэй.

Потым Отто заўважыў яшчэ адно цікавае з’явішча: як толькі сябар малых год Бертольд падыходзіў да яго, пані Ліндэ кожны раз адзывала яго ды нешта яму гаварыла. Аднаго разу ён нават выпадкова падслухаў:

— Сорам табе, сынок, сябраваць са сваім наймітам.

Праз некалькі часу Бертольд так удаліўся ад яго, што пры сустрэчах адварачваўся ад Отто, як незнаёмы...

Отто быў гэтым вельмі пакрыўджаны.

Малюсенькая хатка-будачка бацькоў Отто стаяла побач з фермай сям’і Ліндэ. Калі Отто падвозіў часам Гюнтэра Ліндэ да самай мяжы фермы — да хаткі сям’і Мейль, ён ніколі не бачыў ні бацькоў сваіх, ні маленькай сінявокай сястрычкі Рыты. Затое, калі ён бываў на некалькі гоней ад роднай хацінкі, бацькі стаялі на дварэ і здалёк за ім назіралі. Часта ён заўважаў вострым позіркам, як яго маці кончыкамі хусткі выцірае вочы. Яму тады рабілася не па сабе, і ён злаваўся на матку.

Отто харчаваўся ў фермера, а начаваў дома. Ён выходзіў з дому пры ўсходзе сонца, а варочаўся дамоў пасля вячэры — позна ўвечары.

— Наш хлебадаўца прыйшоў,— прабаваў жартаваць бацька Карл Мейль, дымячы сваёй вечнай люлькай.

— Перастань жартаваць,— прасіла маці.

Отто ніколі не скардзіўся бацькам, што цяжка вазіць нікелевую каляску, што яму ўсё цела баліць. Ён нават рукі хаваў, каб бацькі не бачылі, якія яны ў яго пакалечаныя. Ён адразу клаўся спаць. Ён быў кожны раз змораны, хістаўся на нагах. А калі маці ў яго пыталася, чаму гэта ён так хістаецца, Отто адказваў, што пасля вячэры пані Ліндэ яго пачаставала моцным віном і ён ахмялеў...

— Няўжо ж пані Ліндэ такая далікатная?! — дзівілася маці і падазрона ківала галавой.

Часам уночы ля ложка Отто стаяла маці. Ён прытвараўся, што моцна спіць. Маці стагнала, пяшчотна гладзіла на ім коўдру і ціха-ціха шаптала. Гэты шэпт здаваўся яму ледзь прыкметным подыхам ветру па лісцях:

— Мой бедны сынок... Мой няшчасны сынок...

Сэрца Отто сціскалася тады ад страшнага болю. І ён не раз да крыві пакусаў сабе губы. Ён стрымліваўся, каб не разрыдацца.

Сваю любімую сястрычку, сінявокую Рыту, Отто бачыў толькі спячай. Так раненька-рана пры выхадзе з дому. Так позненька-позна пры прыходзе дамоў. Яму здавалася, што з сястрычкай ён навекі разлучыўся. Яму здавалася, што яна вечна-вечна спіць, нібы зачараваная прынцэса з бабульчынай казкі. Часам удавалася яму прыносіць ёй пару яблыкаў з саду Гюнтэра або кавалачак торту з кухні Гюнтэра. Гэта яму падсоўвала старэнькая бабуля-кухарка. Яна кожны раз шаптала:

— Для Рыты.

Часам Рыта не спала, чакала яго, але ўсё роўна забаўляцца з ёю яму мала прыходзілася. Яго галава хілілася да падушкі, і ён паўтараў сваю выдумку аб тым, што яго на ферме пачаставалі віном і ён моцна ахмялеў...

— Бач,— жартаваў бацька.— Яшчэ выпівакай станеш...

Жонка старога фермера, пані Ліндэ, далікатным літаслівым голасам і літаслівымі вачамі ўпрашвала парабкаў фермы і Отто, каб дагаджалі старому хвораму пану, каб выконвалі ўсё, што б ён ні загадваў. «А то,— тлумачыла яна з жахам у вачах,— ён можа памерці ад апаплексіі. Так гавораць дактары».

За строгае паслухмянства мужу пані Ліндэ абяцала кожнаму з наймітаў спецыяльныя ўзнагароды, апрача ўмоўленай платы. Больш за ўсіх яна аб гэтым прасіла падлетка Отто, бо яму ж цэлы дзень прыходзілася вазіць гаспадара і цярпець усе яго капрызы.

— За ім жа прыходзіцца глядзець, як за паўгадавым дзіцем,— старалася пані Ліндэ выклікаць жаласлівасць у Отто да Гюнтэра Ліндэ.— Яго ж трэба не толькі вазіць, яму ж трэба не толькі падаваць ежу, але дапамагаць ва ўсім іншым, што патрабуецца бездапаможнаму нешчасліваму чалавеку.

У першыя дні ў добрага Отто сапраўды з’явілася пачуццё жаласці да спаралізаванага фермера.

На ферме Ліндэ панаваў суровы лад жыцця. У кожным кутку адчувалася несупынная турботнасць і акуратнасць. І ў доме, і на дварэ, і на полі ўсё ў пару даглядалася, чысцілася, убіралася, палолася. Кожны дзень парсюкоў мылі цёплай вадой і мылам. Коней і кароў шаравалі скрабніцамі і шчоткамі. У строгай чыстаце знаходзіўся птушнік. На дарожках не знойдзеш каменьчыка, галінкі, пёрышка. У лесе нават шышкі хваёвыя ўбіраюцца на падпал. Усё мае сваё месца і прызначэнне. Не прападае дарам ні лісток, ні пясчынка.

— Парадак!

— Акуратнасць!

— Ашчаднасць!

Такую аднаслоўную каманду дае фермер сваім маўклівым і паслухмяным наймітам у хаце, на двары і на полі.

Седзячы ў калясцы, спаралізаваны багач думае ўслых. Сваё дабро ён перакідвае ў лічбы, лічбы — у новае дабро. Ён змаўкае, задумваецца, пазірае ўгару ў летняе неба такімі прагнымі вачамі, нібы і яно належыць выключна яму. І сонечнае цяпло ён таксама на лічбы перакідвае. І паветра заганяе ў рубрыку прыбытку.

Ад цямна да цямна Отто цягне нікелевую каляску.

Яму няма калі палюбавацца навакольным хараством. Яму гэта і ў галаву не лезе.

Над яго галавою спяваюць птушкі. Здалёку серабрыцца рэчка. Па вадзе туды і сюды імчацца параходы і чаўны розных формаў і розных колераў. Прыбярэжныя кручы, узгоркі і лагчыны купаюцца ў сонцы, нібы ў мёдзе. Кудысьці ўдаль рассцілаецца жаўтаваты пас гладкай, нібы ток, дарогі. Яна роўная, як струна, і абсаджана абапал дагледжанымі яблынямі.

А падлетак Отто нібы жалезнымі ланцугамі прыкуты да нікелевай каляскі. Ніводны конь так доўга не знаходзіцца ў хамуце.

Гюнтэр Ліндэ любуецца з нікелевай каляскі хараством квітнеючай зямлі і сонечнага неба, а падлетак Отто напружваецца з усіх сіл і цягне прыгожую каляску, на нікелі якой праменні сонца слепяць вочы.

Паволі пачуццё жаласці да бездапаможнага Гюнтэра Ліндэ вытыхаецца з сэрца Отто.

Пахне канюшынай, бабовым цветам і тымі разнастайнымі пахамі поля, што насычаюць паветра хмялістым віном. Отто абліваецца сёмым потам. Пот цурком льецца па твары, кашуля прыліпае да спіны, рукі і ногі дрыжаць ад цяжкай патугі... І вось новаспечаная, неспадзяваная бяда — гаспадар хвалюецца. У чым справа? — Отто грубы і недалікатны чалавек. Ад яго аддае непрыемным пахам поту... Пан Гюнтэр моршчыць губы, крывіць нос і строга загадвае Отто за яго ўласны кошт, з мізэрнай пенсіі, купіць адэкалон. Назаўтра Отто ўжо часта выціраецца адэкалонам, і настрой фермера ўваходзіць у сваю раўнавагу. Гюнтэр Ліндэ нават жартуе:

— Ты павінен мяне дарэмна вазіць, бо вучу цябе. Пад маю каманду станеш далікатным хлапцом...

Адчуваючы, што пан Ліндэ ў добрым гуморы, Отто набіраецца смеласці і легкадумнай нядбайнасці. Новаспечаны баварскі рыкша з флаконам адэкалону ў кішэні робіць свае крокі больш маруднымі і павольнымі. Як закелзаны конь, ён адварачвае ўбок галаву і адным вокам пазірае на гаспадара. Гюнтэр Ліндэ песціць здаровай рукой пышныя вусы, і яго азызлыя шчокі дрыжаць ад кожнага руху каляскі ўзбухлым цестам. Алавяныя вочы з чырвонымі жылкамі паліваюцца фіялкавай вадкасцю.

— Ты ўжо загультаіўся... На гэты раз дарую табе такі ганебны злоўчынак. Гультайства — вялікі злоўчынак перад бацькаўшчынай.

Тон гаспадара становіцца надзіва сардэчным:

— Давай зробім перапынак. Адпачнем. Не шкодзіць крыху падсілкавацца. Як гаварыў адзін мудрэц: есці, есці ды яшчэ раз есці. Я добра ведаю, што не я прымушаю цябе вазіць мяне... Я ж чалавек неблагі, хе-хе-хе. Цябе заганяе ў нікелевыя аглабелькі тваё шляхетнае пачуццё — твой уласны голад, дык давай прыдушым, уціхамірым гэты вечны біч чалавецтва, хе-хе-хе... Жывое прымушана чым-кольвечы жывіцца. Гэта вечны неаправяргальны закон на зямлі. Дастань, Отто, ля маіх ног сакваяжык, хе-хе-хе...

Чамусьці ад гюнтэрскага «хе-хе-хе» заўсёды агідна робіцца Отто. Можа, таму, што пры гэтым кожны раз Гюнтэр Ліндэ паказвае поўны рот залатых заслюнепых зубоў? Отто не ведае. Можа, таму, што ў гэтым «хе-хе-хе» адчуваецца няшчырасць, кпіны, здзек? Отто не ведае.

Сакваяж — падарожны буфет пана Ліндэ — заўсёды знаходзіцца ў нікелевай калясцы. У ім разнастайныя халодныя закускі, тэрмас з гарачым кофе, бутля халоднага піва, кампот, масла, сыр. Калі на ферме Отто есць на кухні, дык тут ён мае гонар есці разам з гаспадаром. Пры гэтым кожны раз гаспадар надакучліва вучыць свайго «каня», як прыстойна есці, якімі пальцамі трымаць ежу, як стаяць, як сядзець, як глядзець, як глытаць, ды яшчэ шмат-шмат «як». Заўсёды строгі гаспадар адносіцца цяпер «велікадушна» да свайго «каня». Яны як бы становяцца роўнымі ў хвіліны самай вялікай няроўнасці. Гэта «роўнасць» выклікаецца рознымі прычынамі. Па-першае, «конь» павінен у адну хвіліну, нібы па чараўнічаму загаду, ператварыцца ў служку, бо Гюнтэр Ліндэ можа карыстацца толькі адной рукой. Для такой пачэснай і ўрачыстай паслугі пану Отто павінен апранацца ў чыстую жакетачку з бліскучымі гузікамі (жакетачка заўсёды ляжыць напагатове ў калясцы), павінен прычасацца, а на рукі з непрыгожымі мазалямі ад прыгожай калясачкі насунуць белыя пальчаткі. Апрача таго, ён, Отто, прымушаны пры ядзе быць маўклівым слухачом разнастайных заўваг і разваг надакучлівага фермера.

Пан Ліндэ кожны раз гаворыць аб адным: уголас паўтарае цэны на закускі, што вымаюцца з сакваяжа, перакідвае лічбы кошту прадуктаў з дробнай колькасці на большую, з большай — на вялізную, з кавалачка рыбы, шынкі ці каўбасы на сотні кіло. Лічбы вырастаюць ледзь не ў дзяржаўныя бюджэты. Яны, лічбы, вылятаюць з яго спаралізаванага сінягубага і залатазубага рота мірыядамі камароў, якія да крыві кусаюць Отто.

Кожны дробны кавалачак ежы здаецца хлопцу-каню аграмадзінай. Нічога ў горла не лезе. Ён давіцца і адчувае сябе так, нібы грызе самога Гюнтэра Ліндэ, агіднага, хітрага і злога, а той галосіць з болю. А каб захоўваць свой чалавечы гонар і паказаць сябе не такім ужо згаладалым, Отто жуе ежу марудна, павольна, з доўгімі перапынкамі. У першыя дні Отто не з’ядаў усіх крошак хлеба і кідаў у ваду (яны заўсёды спыняліся ля рэчкі) не зусім чыста абсмактаныя косткі ад рыбы.

Гюнтэр Ліндэ папракаў:

— Так нельга. Бач, як дабром раскідваецца... Ашчада патрэбна. Каб не ашчада, наша дзяржава не была б дзяржавай. Каб усе нашыя так раскідвалі ежу, дык у працягу аднаго толькі дня ад крошак хлеба і кавалкаў рыбы па ўсёй краіне вырасла б гара глуму. Хе-хе-хе...

Гюнтэр Ліндэ жмурыць вочы, і яны выглядаюць, нібы вострыя льдзяныя шчылінкі. Ён пачынае падлічваць, колькі часу насельніцтва павінна было б так неашчадна есці, каб зглумленыя прадукты выраслі ў своеасаблівыя Альпы. Ён пры гэтым таропіць у неба фіялкавыя вочы з чырвонымі жылкамі і мармыча лікі на мільёны і мільярды.

Заварожанаму галаваломнымі астранамічнымі лічбамі Отто здаецца, што ён, Отто, страшны грызун. На яго вачах выступаюць крыўдлівыя слёзы. Ён есць з вялікай пакутлівасцю, злізвае з пальцаў крошкі. Ён гатоў лізаць зямлю, калі б заўважыў на ёй драбінкі хлеба.

Гаспадар не зводзіць з яго пільных вачэй. Ён доўга пазірае, як Отто старанна есць, і кажа:

— З цябе выйдзе нешта нейкае, хе-хе-хе... Ты даволі кемлівы хлапчук, хе-хе-хе... Ты правільна ясі. Ні адной крошкі не ідзе ў глум. Ты — малайчына, хе-хе-хе!

Гэтае «хе-хе-хе» зноў вымаўляецца так, што Отто не разумее — жартуе з яго гаспадар ці кажа ўсур’ёз. Отто вельмі важна гэта ведаць, каб у адпаведнасці з тонам гутаркі выразіць на сваім твары адлюстраванне гюнтэраўскіх разважанняў. Бо Гюнтэр увесь час не зводзіць з яго вачэй і правярае, ці хаця Отто ўважліва слухае.

Отто слухае ўважліва, і кожны кавалачак ежы здаецца яму кручком з калючага дроту. Затое гаспадар есць з незвычайнай прагнасцю. «Чым больш ясі, тым больш жыць будзеш»,— гаворыць ён. Гюнтэр кожны раз апаражнівае сакваяж, а на закуску грызе свайго «каня» прагавіта, зусім неашчадна. Нукае, як на сапраўднага каня, калі Отто не так спяшаецца пасля такога «салодкага адпачынку». Гюнтэр Ліндэ не раз балюча тыркае ў худыя плечы Отто вострым канцом стэка, які заўсёды тырчыць напагатове ў яго правай руцэ, нібы знак улады.

Ад Отто цяпер залежыць дабрабыт бацькоў і сінявокай Рыты — таму ён церпіць маўкліва і пакорліва. Але ў яго, нібы лічбы ў гаспадара, расце нянавісць да сям’і багатага фермера. Гаспадар сыцее з кожным днём, і вазіць яго становіцца ўсё цяжэй.

Отто пахруствае зубамі, як закелзаны ў жалезныя цуглі, натужваецца з усіх сіл, ад напружання выпучвае вочы, і на яго лбе набухаюць жылы. Тонкія калёсы робяць сотні і тысячы абаротаў на чыстых межах фермы. Межы вельмі вузкія. Патрэбна нямала спрыту, каб не пападаць калёсамі ўбок — на гародніну ці збожжа.

— Ужо куды лягчэй быць канём у выглядзе каня, чымся канём у выглядзе чалавека,— не раз думаў Отто.

Возячы ў нікелевай калясцы Гюнтэра Ліндэ, ён не раз успамінае бабульчыны казкі аб тым, як злы чараўнік перакідвае людзей у жывёл, птушак і звяроў — у асла, карову, каня, сабаку, гуся, арла або ваўка. Шмат пакут церпяць ахвяры злых чар. Многа год носяць яны на сабе чужы воблік, і часта ім пагражаюць страшныя небяспекі. З іх здзекуюцца, б’юць, іх зневажаюць. Яны церпяць голад, смагу, сцюжу ночы, спёку гарачага сонца. А ўрэшце яны зноў ператвараюцца ў людзей. Пакуты скончаны. Аднак ці прыйдзе калі-небудзь вызваленне яму, Отто, каню ў чалавечым выглядзе, з чалавечым розумам?

Отто натужваецца, цягне цяжкую нікелевую каляску, і яго апаноўваюць небывалыя, дзівосныя мары.

Няхай бы знайшоўся такі чараўнік, які перакінуў бы яго, Отто, у моцнага легканогага ваўка. Ён задушыў бы тады ненавіснага Гюнтэра Ліндэ ды ўцёк бы ў лес, у глуш цёмнай пушчы. Выкапаў бы сабе глыбокае логава, у якім хаваўся б удзень. А ўначы ён выйшаў бы на паляванне: душыць курэй, гусей, парасят і авечак у багатых фермераў. Усё гэта панёс бы бацькам і сінявокай сястрычцы Рыце... Ён сказаў бы ім:

— Ешце і піце. Я не воўк. Я — Отто. Я шкадую вас і люблю, толькі не магу быць канём у агіднага, скупога, дурнога і злоснага Гюнтэра Ліндэ. Мне брыдка. Смерць мілей за такое жыццё...

А яшчэ лепш, каб чараўнік перакінуў яго ў легкакрылага арла. Вострымі кіпцямі ён бы выдзер крывяжэрныя вочы Гюнтэра Ліндэ і ўзняўся б у неабсяжную сіне-сонечную вышыню, разгарнуў бы ўшыр магутныя крыллі і ўзвіўся б вышэй за перламутравыя воблакі. Гняздо сабе змайстраваў бы на высачэзнай недаступнай велічнай гары, а ўночы апускаўся б уніз, на гарады і сёлы, ды ў злых багатых людзей браў бы гвалтам самую смачную ежу і насіў бы галодным бацькам і сінявокай сястрычцы Рыце... Ён сказаў бы ім:

— Ешце і піце. Я не арол. Я — Отто. Я шкадую вас і люблю, толькі не магу быць канём у агіднага, скупога, дурнога і злоснага Гюнтэра Ліндэ. Мне брыдка. Смерць мілей за такое жыццё...

Часта ўночы сніць ён сны: то ён казачны воўк, то — лёгкі арол. Ён бачыць цудоўныя лясы, фантастычныя, непраходныя, дзіва-прыгожыя. Ён бачыць высачэзныя горы з чаруючай зелянінай унізе і суровымі вечнымі снягамі ўверсе. Ён радасны, радасны. Яму добра, добра. Ён ужо не конь у Гюнтэра Ліндэ. Нікілевая каляска ляжыць паламаная, паіржавелая, а тлустае тулава самога Гюнтэра Ліндэ плыве ў рацэ, як човен. Калі тапелец прыстае к берагу людзі адпіхваюць яго назад у стромкую плынь ды весела спяваюць:

— Так народ патопіць усю погань. Так народ патопіць усё гніццё.

Отто часта думае:

— Раз назаўсёды адмоўлюся ад такой агіднай і цяжкай працы каня!

Але тут жа ён жыва ўяўляе спалох бацькоў, галодныя сумныя вочы сястрычкі і кожны дзень рана-рана прыходзіць на работу. Ён чысціць нікелевую калясачку. Парабкі садзяць у каляску Гюнтэра Ліндэ, і Отто вязе яго на поле.

З кожным днём Гюнтэр Ліндэ ўсё больш слабее.

З кожным днём ён становіцца ўсё больш прыдзірлівым і злым.

Далёка на ўзгорку, абросшым хмызняком і падобным да кабана з рэдкай шчэццю, стаіць піваварня з высачэзным комінам з жалезным шпілем наверсе. Комін відаць на многа кіламетраў навокал. Акурат — строгі палец велікана, што паказвае пігмеям на вечнае неба. На заходзе сонца, калі ўсюды па лагчынах расплываюцца сінія цені, на шпілі коміна ўспыхвае агнёвай палоскай апошні блік сонца. Калі дзень пагасае на шпілі, пан Ліндэ загадвае:

— Дамоў!

Кожны дзень з нецярплівасцю і надзеяй Отто паглядае адвячоркам на гэты светавы сігнал «дамоў!».

У апошні час Гюнтэр Ліндэ ўсё часцей нукае на хлапца, здзекуецца з яго, трывожыць злымі словамі і ганебнымі кпінамі. Так гаспадар праводзіць час кожны раз пасля апаражнення сакваяжа. Настрой тады бывае ў яго лепш, чым добры, і ён сам з сабою пачынае разважаць:

— Што мне з таго, што не магу крануцца з месца? Глупства! Я маю дзесяткі рук, дзесяткі ног, дзесяткі вачэй. Вялікае шчасце, вялікі гонар парабкам працаваць на маім полі. Поле дагледжана, жывёла дагледжана — услужлівымі рукамі. Мне трэба толькі слова сказаць — і работа кіпіць. Хе-хе-хе. Кіўнуў пальцам — і людзі ў агонь і ваду кідаюцца, выконваюць усе мае загады. Хе-хе-хе... Я сяджу ў калясцы спаралізаваны, а магутны, як асілак, як велікан. Сіла людскіх рук і ног належыць мне — спаралізаванаму Гюнтэру Ліндэ. Розум людскі належыць мне — спаралізаванаму Гюнтэру Ліндэ. Зраблю злоснае вока — і парабкі мае дрыжаць ад страху перад спаралізаваным Гюнтэрам Ліндэ. Хе-хе-хе...

Гюнтэр Ліндэ спявае гімн самому сабе, і яго губы слюнявяцца ад вялікай, страшнай, драпежніцкай асалоды.

— Слухай, ослік мой. Навастры вушы! Загадваю слухаць уважліва, прыстойна! Так! Вось такія спалоханыя і пакорлівыя вочы, як у цябе на гэты раз, мне падабаюцца. Я ж не гвалтам заганяю людзей на сваю ферму. Вольнаму воля. Якая сіла іх гоніць да мяне? — Голад! Людскі голад — мая сытасць. Так! Голад пугай лупцуе па іх, і яны, галодныя, моляць і просяць, каб я ім дазволіў гнуцца перада мною ў тры пагібелі. А для маёй уцехі яны вочы адзін аднаму выдзіраюць. Хе-хе-хе... Нізкая парода, хе-хе-хе... Мае рабы... хе-хе-хе... Мае найлепшыя лекары ад параліча, хе-хе-хе...

Блішчаць залатыя зубы Гюнтэра Ліндэ. Вочы задаволена і хітра прыжмураны.

Отто страшна. Ад агіды і гневу ён хоча плюнуць у азызлую, спаралізаваную, голеную да сінявасці морду. Ён хоча ўрэпіцца ў пышныя закручаныя і надушаныя вусы гаспадара. Ён хоча вывернуць з каляскі гэту кучу гнілога мяса. Ён хоча выць, лямантаваць ад нечалавечай знявагі. Яму здаецца, што ён не падлетак, а стары-стары. У яго руках шмат працы. У яго сэрцы шмат нянавісці. У яго галаве шмат мудрасці. Аднак, гаспадар гаворыць праўду — неміласэрдную праўду. Ад гэтай няўхільнай праўды Отто яшчэ страшней. Голад і яму, Отто, скаваў рукі і ногі. І ён, Отто, пакорлівае ягнё... Голад бацькоў, сінявокай сястрычкі Рыты паралізуе яго, Отто, куды мацней, чымся панская хвароба Гюнтэра Ліндэ.

Гюнтэр Ліндэ не зводзіць з Отто вачэй. Отто збянтэжана адварачваецца. Фермер кажа з хрыпоткай у горле:

— Загадваю, ослік, каб ты глядзеў мне вока ў вока! Маўчы сабе. Я ўсё роўна бачу твае думкі. Яны лезуць з тваіх вачэй, як іголкі. Хе-хе-хе... Ты — мой смяртэльны вораг, хе-хе-хе... Кожная кропля твайго гневу дае мне вялікую радасць. Саломінка ненавідзіць магутны дуб. Отто ненавідзіць Гюнтэра Ліндэ. Смешна, хе-хе-хе... Ты б хоць падлічваў, колькі разоў на дзень ты хустачку шоўкавую ўслужліва падстаўляеш пад мае пляўкі...

Гюнтэр Ліндэ смачна і доўга рагоча.

— Толькі ворага прымушаю выконваць такія абавязкі. Правільна раблю? Правільна! Захачу — і ты, жук, хрушч бездапаможны, зараз аглабелькі нікелевыя цалаваць пачнеш. Яны ж цябе, гультая, кормяць...

Раптам Гюнтэр Ліндэ з дзівам і апаскай пачынае таропіць вочы ў Отто. Ён крычыць пагрозна:

— Хопіць! Годзе! Што за шальмоўскія, разбойніцкія вочы! Даволі глядзець, як звер, на свайго гаспадара... На свайго карміцеля... Чуеш, агіднік? Не хачу! Глядзі прыстойна, з пашанай... Чуеш?

Гюнтэр пралічыўся.

Отто бляднее, чырванее. Абурэнне, якое цяпер гарыць у яго грудзях, мацней за голад. Яно мацней за яго ўласны голад, яно мацней за голад яго нешчаслівых бацькоў, за голад сінявокай сястрычкі Рыты.

Гюнтэр пралічыўся. Ён праз меру нацягнуў струны.

— Вочы чалавечыя зрабі! — крычыць ён Отто на ўвесь голас.

— Калі пану мае вочы не падабаюцца, пан можа не глядзець мне ў вочы. Пан можа аслепнуць...

— Ах, вось як! — дзівіцца Ліндэ.

— Пан Ліндэ забывае, што я ўсё ж такі не конь, хоць выконваю абавязкі каня. З жывёлы і то не здзекуюцца.

Гаспадар устрапянуўся, захрыпеў:

— Сюды! Да мяне!

Отто зрабіў крок да яго.

— Ага! Слухаешся, лайдак!

Гюнтэр Ліндэ кінуў у яго стэкам, але не папаў у вёрткага Отто.

— Сюды! — крыкнуў ён.

Яго фіялкавыя вочы наліліся крывёю. Твар зрабіўся багровы, грудзі ходырам захадзілі.

— Сю-ды...

— Біцца, пан, не будзеш?!

— Бу-у-ду бі-і-іць...

Уздутая галава хрыпела на ўздутым тулаве:

— Бі-і-іць...

Отто з самага пачатку, калі ў першы дзень упрогся ў нікелевую каляску, ведаў, што гэтым скончыцца. Інакш і быць не магло. Ён чакаў гэтай хвіліны, як шчасця вызвалення, як хвіліны, што застаецца ў памяці да канца жыцця. Ён ужо больш не конь Гюнтэра Ліндэ. Ён — чалавек, горды, прыстойны чалавек. Отто зірнуў на гаспадара, як на гадзюку, і спакойна сказаў:

— Гад! Гнілая калода!

— Стой! Стой! Стой! — залямантаваў Гюнтэр Ліндэ.

Отто імпэтна гнаў нікелевую каляску да самага краю высокага абрыва над рэчкай. Каляска з гаспадаром паляцела ўніз і гучна плюхнулася ў ваду. Адразу стала ціха. Отто пазіраў на кругі, што разыходзіліся па вадзе. Гаспадар і каляска ляжалі на глыбокім дне.

Отто пабег куды вочы глядзяць.

 


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 271-283
Крыніца: скан