epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Па абодвух берагах рэчкі

Вёска Чаромха на адным баку рэчкі, а вёска Баравікі — на другім.

Заўсёды на рэчцы чуваць быў людскі гоман — звінелі дзіцячыя галасы з абодвух вёсак. Дзеці прыбягалі сюды коўзацца: хто да лапцей прывязваў драўляныя палазочкі, хто прымайстроўваў канькі з жалезных абручоў, а хто слізгаўся на лапціках. Усё роўна — было добра і весела. Па лёдзе былі пратораны шкляныя дарожкі, якія блішчэлі дзіўнымі люстэркамі. У зімовыя сонечныя дні дзеці слізгаліся па лёдзе, мільгалі маленькім атрадам ад затокі да затокі, ад лукі да лукі і звон дзіцячага смеху разлягаўся навакол; блішчэлі радасныя вочы, палалі дзіцячыя твары.

У гэтых гульнях дзеці вёскі Чаромхі мелі свайго атамана Сцёпку, а хлопчыкі вёскі Баравікі — свайго правадыра Янку.

Часам пад камандай сваіх «начальнікаў» дзеці гулялі ў вайну: закідвалі адны адных снежкамі, гналіся адны за аднымі на шліфаваным лёдзе.

Па абодвух берагах рэчкі па гладкім, пухкім снезе было пратоптана і дарослымі і малымі шмат сцежак, быў пратонтаны не адзін «зімнік» — санныя дарогі, на якіх палазы вясковых санак гралі снежныя бадзёрыя песні.

А ўлетку па абодвух баках рэчкі разгортваліся сенажаці гаспадароў вёсак Чаромхі і Баравікоў. На чаўнах часта сустракаліся на рэчцы Сцёпка з Янкам. Яны памагалі сваім бацькам рыбу лавіць.

Цяпер гэта рэчка пагранічная: на адным баку бальшавіцкая варта, на другім — белапанская.

Вёска Чаромха засталася ў палякаў. Баравікі — у нас.

Лёд, як стане на рэчцы, дык усю зіму ніякая чалавечая нага па ім не ступіць, нібы ў рэчцы пад лёдам падведзены страхотныя міны. Дзіцячы смех не звініць на лёдзе, а сялянскія калматыя конікі не праводзяць па снежных абшарах прыбярэжжа ранейшых «зімнікаў».

Не можна, не дазволена.

Граніца.

 

*

А ўлетку, у часы сенакосу па абодвух баках рэчкі звіняць косы — косяць баравічане і чарамшане. Хоць блізка ім, суседзям, бачаць праз рэчку адны адных, пазнаюць старых сяброў, але гаварыць між сабою нельга.

Граніца.

Падыдзе касец да рэчкі, набярэ збан вады, зірне на другі бок, пільна глядзіць у твар суседа або сваяка на «тым» баку — і маўчыць.

Граніца.

Толькі птушкі вольна пералятаюць праз граніцу.

Калі глянеш уздоўж рэчкі, дык імжыцца даль лугоў і хмызнякоў. Спачатку даль перарэзваецца срэбным поясам рэчкі, а ў далёкай адлегласці яна зліваецца ў адно і граніца затушоўваецца, тоне ў дымчатай каламутнасці вокагляду.

 

*

У часе сенакосу часта бачылі адзін аднаго ранейшыя таварышы: Сцёпка і Янка.

— Эх, каб кінуцца ў рэчку ды пераплысці да Сцёпкі! — думае Янка.

— Здаецца, пераскочыў бы гэтую рачулку, каб з Янкам пагаварыць,— думае Сцёпка.

Граніца.

З аднаго і другога боку ходзяць пагранічнікі, сочаць за касцамі.

— Не можна нават гукнуць адзін аднаму...

Сцёпка і Янка ўжо дарослыя дзецюкі — добрыя касцы. Адно і тое самае сонца грае на іхніх косах, раскідвае белыя іскравінкі. Косы як бы перамігваюцца між сабою. Янка глядзіць здалёку на Сцёпку, Сцёпка міргне Янку левым вокам, але гукнуць адзін аднаму нельга.

— Граніца...

Маўчаць касцы...

Кладзецца ціха пракос за пракосам: без жартаў, без гутарак, без песень. Не можна тут голасу падняць.

— Граніца...

 

*

Сцёпка не ведае, што Янка ўжо на рабфаку.

Янка добра і старанна вучыцца. Янка будуе новае жыццё. Ён камсамолец. У вёсцы Баравіках ёсць школа, хата-чытальня.

Янка пільна сочыць за газетнымі весткамі. Яго вельмі цікавіць, што «там» робіцца...

Аднаго разу ў газетах прамільгнула вестка:

«Новы працэс Беларускай Грамады»...

Пад такім загалоўкам сярод іншых арыштаваных і катаваных у польскай турме ёсць і яго таварышы дзіцячых гульняў — Сцёпка Краўчук з вёскі Чаромхі.

...Пяць гадоў катаргі...

У сэрцы Янкі нешта кальнула. Ён успомніў гульні на рэчцы, коўзанне па гладкім, люстраным лёдзе. Спачатку ў яго вачах бліснулі слёзы...

— Не выпадае так рабфакаўцу, камсамольцу... Разнюніўся, як баба ўсё роўна...

Янка да скрыгату сцісквае зубы. Вочы высахлі, гарачыя, злосныя. Смелыя думкі тояцца ў яго сэрцы...


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 249-251
Крыніца: скан