epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Падмогі

Чытаючы ў газетах, што сяляне шмат дзе па вёсках цэлымі сходамі касуюць манаполькі і шынкі, неяк робіцца весялей на душы, родзіцца вера ў маладую, яшчэ мала папсутую новымі «веяннямі», Сілу і Розум народа...

Селянін сам пачаў пазнаваць, скуль бярэцца шкадлівасць яго жыцця! Гэта ўсё добра, вельмі добра, толькі трэба яшчэ раз азірнуцца назад ды глянуць на «пачатак пачаткаў усіх» — на галоўную прычыну народнага п'янства, тады і змаганне куды лягчэй зробіцца

— Чаму селянін п’е?

— Бо цёмны.

— Чаму цёмны?

— Бо п’е.

І так без пачатку і без канца.

«Круці не круці, а трэ памерці!»

Нейкі зачараваны круг...

Ён цёмны — ён не ведае, якой другой гульнёй насыціць сябе пасля цяжкой працы, чым выпіўка. Яму патрэбна нейкая гімнастыка, рух, сувязь з людзьмі і... ён ідзе ў карчму, бо другога месца няма. Тут настае яго душэўнае жыццё, пачынаючы шчырымі пацалункамі добрага прыяцеля і канчаючы бурнымі бойкамі... Атуманьваюцца яго мазгі, і ён ужо не ў сілах вырвацца ад свайго паганага ворага — п’янства.

Ён п’е, бо цёмны.

Ён цёмны, бо п’е...

Каб гэта знічтожыць, трэба не піць, не быць цёмным.

Вось бачым мы жывыя факты, што самі сяляне паўстаюць супраць гэтага, пачынаюць змагацца, а месцамі на вёсках кабеты ўстраіваюць «мітынгі» аб скасаванні прадажы паганай атруты. З гэтага відаць, што «гора народнае» «бедны наш край затапіла»... далей ужо нельга дыхнуць, і народ крыкнуў: «Не дачакаемся мы — ад «лепшых» братоў сваіх ніякай падмогі — мы самі павінны ратавацца!» Але тут трэба звярнуць увагу на тое, што адказацца ад гарэлкі яшчэ мала; — трэба чым колечы дапоўніць застаўшаеся пустое месца ў жыцці селяніна пасля гарэлкі.

Трэба даць страву, рух і новае жыццё яго мазгам і душы... Трэба прыйсці яму на падмогу.

Перш-наперш разам з павелічэннем чысла школ і навукі ў школах для сялянскіх дзяцей трэба і для сталых устраіваць чытальні, клубы, рабіць спектаклі, кінематографы, спявацкія гутаркі і інш. (не гаворым тут аб вельмі патрэбных кааператыўных установах).

Трэба ўстраіваць гульні, танцы, спортавыя гурткі для маладзёжы...

Калі селянін будзе мець новую страву для душы, тады можна сказаць напэўна — счэзне ўся злыбеда нашага жыцця.

Мы шчыра верым, што сам народ возьмецца з часам за гэту работу, але цяпер трэба народу паказаць, куды трэба ісці. Трэба, каб народная інтэлігенцыя ўзялася цяпер за працу.

Болей светлыя, свядомыя сыны бацькаўшчыны, цяпер пара ўзяцца за працу!

Цяпер рука аб руку з народам! Гэта праца дасць у скорым часе багатае жніво і народная душа выгоіцца з тых глыбокіх ран, каторыя спрадвеку ўкараніліся ў яго душы, дзякуючы варункам, у якіх быў пастаўлен народ.

Пры гэтым трэба памятаць, што кожная культурная работа сярод беларусаў павінна весціся ў беларускай мове, бо не можна ламаць душы народнай.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 388-389
Крыніца: скан