epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Панас на небе (Паводле народнай казкі)

 

Памёр стары Панас.

Яго цела пахавалі на могілках, а душа, як усе людскія душы, жаўранкам на неба паляцела.

Панас, папаўшы ў незнаёмае месца, пачаў азірацца па баках і скора ўцяміў, як і што: «Эт, язык да Кіева давядзе! Хто пытае, той не блудзіць». І давай у стрэчных-папярэчных дапытвацца:

— А дзе ж тут, пане-дабрадзеі, дарога ў рай?

Скрыдлатыя анёлы казелілі вочы на простую душачку, а ўсё ж ткі паказвалі дарогу ў рай, пэўныя, што тут ніякіх хітрыкаў няма; а калі чалавек смалой у вочы лезе, дык гэта не хаханькі якія.

Бокам-скокам, і — Панас дабраўся да райскай брамы.

— Гэй! — крыкнуў Панас знадворку,— пусці, дзядзька, у рай!

— А хто гэта там горла дзярэ? — адазваўся ключар Пятро з другога боку.

— Гэта я!

— А хто ты?

— Ну, я ж! Адчыні, дзядзька, браму!

— Бач ты, які спрытны! А што ты там на зямлі рабіў? Будзь ласкаў сказаць!

Тут Панасу троху моташпа зрабілася. Успомніў ён, як аднаго разу перад папом шапкі не зняў. Успомніў, як маці яго памерла, дык ён не скора крыж на магіле ставіў, пакуль яму не ўдалося ўкрасці сасну з панскага лесу. І яшчэ шмат чаго прыпамінаў ён і пачаў чухаць патыліцу.

— Як цябе завуць? — запытаўся ключар Пятро і высунуўся трохі з-за брамы, аглядаючы Панаса з галавы да ног.

— Панас... — палахліва, як перад ураднікам стоячы, адказвае Панас і апускае вочы.

— Маліўся? — сур’ёзна пытаецца далей Пятро.

— Часамі,— бармоча Панас, азіраючыся па баках, як бы ратунку шукаючы.

— Чаму «часамі»? — строга крычыць Пятро.

— Бо, ведаеш, паночку, бо... бо... я... не ўмею... — душыўся Панас словамі, як бы гарачыя клёцкі глытаючы.

— Ага, значыць, неакуратна маліўся,— адчаканьвае кожнае слова, як асэсар, Пятро.— А выпіваў акуратна? А жонку біў? А за гаспадаркай ніколі не глядзеў?

Нібы шротам засыпаў яго Пятро пытаннямі. Панас так корчыўся, нібы яго сцябалі крапівой.

— Ідзі ў пекла! — сказаў Пятро ды ўжо хацеў зачыніць браму.

Панас, угледзеўшы гэткую штуку, цмокнуў у руку Пятру і давай маліць-прасіць, як ён добра навучыўся на зямлі перад старой паняй, калі яго кабылу забіралі ў хлеў за патраву:

— А я ж невучоны... а я ж простае, цёмнае мужыччо...

Ён застагнаў-заенчыў на ўсё неба:

— Ці ж я вінаваты, калі не ведаў, як жыць на свеце?.. Ці ж я вінаваты, калі не...

— Ну, годзе! Годзе! — перабіў яго прачытанні Пятро і, з усмешкай гледзячы на Панаса, гладзіў сваю сівую бараду.— Добра, Панас, мо пойдзеш у рай, бо, ведама, ты невучоны. Але вось такая рэч — не пушчу цябе ў рай, покуль не навучышся хоць крыху грамаце. Прынамсі, будзеш сядзець там і паперы чытаць. А то прыкра, калі ты на ўсіх святых дурной варонай глядзець будзеш і ніхто голасу твайго не пачуе.

Панасу зрабілася нясмачна на душы.

«Ліха ведае! Гэта лёгка сказаць: навучыцца грамаце! Мой Габрусь пяць зім вучыўся і чуць па складах чытае. А мне, старому дыдлу, дзе тут уцяміць?»

Ажно мурашкі заёрзалі па яго спіне.

Тым часам Пятро, зачыніўшы вароты, падаў яму кантычку, па якой загадаў вучыцца.

Панас ткнуў кніжку за пазуху і папёр куды вочы глядзяць, маркотна апусціўшы голаў. Ён нават і надзею страціў папасці ў рай. Яму здавалася, што куды лягчэй галавой уніз хадзіць, чымся навучыцца грамаце. Але «як топішся, то за брытву хопішся» — кажуць людзі. І бедны Панас, не маючы жаданага ратунку, расчыніў кантычку і, як той бусел, скоса зірнуў на незразумелыя літары. Ой, як не хацелася яму папасці на цымус у пекла! «Купіў — не купіў, а патаргаваць можна»,— бадрыў ён сам сябе і сеў на камень сярод гасцінца. Утаропіў вочы ў кантычку і давай у стрэчнага-папярэчнага дапытвацца:

— Паночку, родненькі, што гэта за літара? А што азначае гэтае крутаннё? А як чытаецца гэта дуга? А як выгаварваецца гэта мудроная сякерка? А як гэта ўсё разам выходзіць?

Як анёлы ні спяшаліся па сваіх справах, але бачачы, што чалавек проста са скуры вылазіць, што пот цурком льецца з лысіны, дык кожны ахвотна тлумачыў яму.

Там не такія благія, як на зямлі.

Панас спачатку бэкаў-мэкаў, а праз тыдзень які ўжо нічога сабе чытаў. Праз два тыдні Панас так налаўчыўся, што патрапіў бы чытаць псалтыр на добрых хаўтурах пры чарцы гарэлкі. На зямлі яго пахавалі без папа, і дзяк не чытаў, бо жонка яго не мела чым за гэта заплаціць. Ад шчаслівай усмешкі Панас разявіўся чуць не на ўсё неба.

Ён смела пайшоў да святога Пятра.

— Гэй! — крыкнуў Панас з аднаго боку брамы.

— Хто там? — запытаўся з другога боку Пятро.

— Я! Панас!

— А што? Навучыўся?

— Навучыўся!

— Папрабуй чытаць!

Пятро зарыпаў брамай і выйшаў паслухаць.

Панас кашлянуў раз-другі, расчыніў зашмальцаваную кантычку і з павагай, нібы ксёндз на амбоне, пачаў чытаць.

Пятро ківаў галавой і дзівіўся.

— А што,— кажа Панас,— добра?

— Гм... добра... Цяпер, Панаска, ідзі смела ў... пекла.

— Што?!

Панас падсунуў правае вуха. Яму здалося, што недачуў.

— У пекла ідзі! — гнеўна крыкнуў Пятро.— Бач, які ты невучоны, якое ты «цёмнае мужыччо»! Вось і тваё апраўданне нікчэмнае. Чалавеку трэба толькі хацець. Бач, як хутка ты навучыўся чытаць, калі прыступілі, як той кажа, нажом да горла! Нябось, каб хацеў, дык бы на зямлі шмат чаго добрага зрабіў. А цяпер вон у пякельніцу, душа гультайская! Не мазоль мне вачэй, лайдацюга!

Панас ад дзіва і страху гэтак лупы разявіў, што чуць усё неба не глынуў. Але паляшук з панталыку не лёгка збіваецца. Не паспеў Пятро зачыніць браму, як Панас крыкнуў смела:

— Пачакай!

За гэты час, што Панас бакі абіваў на небе, ён асвоіўся, нібы на сваім сенакосе.

— Чаго ты?! — выставіў на яго Пятро строгія сівыя вочы.

— «Чаго ты»! — перадражніў яго Панас,— ці ж можна гэтак?

— Што — «ці ж можна гэтак»?

— Думаеш, палешука ўлегцы возьмеш? Ці ж можна гэтак смяяцца над старым земляробам? Сказаў бы адразу: што каб хацеў, дык усё б патрапіў зрабіць на зямлі. Я б тады не спрачаўся. Што ж, альбо рыбка, альбо піпка! А то кантычку тыкае ў рукі: на! вучыся! Колькі поту мне каштавала гэтая мая адукацыя. Ці ж мне заплаціш за працу, калі і паломанай дыткі на небе няма? Што мне цяпер рабіць?

Пашкадаваў яго Пятро:

— Ідзі, шальмец, у рай. Радачкі з табою не дасі...

Зажыў Панас у раі як сыр у смятане. Пільна чытаў ён кантычкі, прыслужваў, падаваў люлькі святым. Але праз колькі часу ён там занудзіўся. Паляшук прывык да працы, без яе яму трудна жыць. Падмазаўся ён зноў да ключара Пятра:

— Давай-ка, дзядзька, памагу табе каля брамы тупацца, а то аднаму, мабыць, цяжка.

Пятро згадзіўся.

І зрабіўся Панас памочнікам ключара пры браме раю. Калі душа якая ў браму стукалася, дык Пятро толькі ключ паверне, а Панас адчыняў вароты. Пятро гляне, ці варта ў рай пускаць, а Панас тым часам высуне лысіну, глядзіць, мо знаёмага спаткае. Часта гутарыў ён гэткім чынам з сваімі аднасяльчанамі, дапытваўся навін, і нічагусенькі. Паляшук усюды ў вус не дзьме.

Аднаго разу высунуў ён таксама галаву між варот, каб зірнуць, дзе што дзеецца, і пры гэтым уздрыгануўся, як бы яго хто ўкусіў.

— Божухна! Каго гэта я бачу? Гэта ж — Тэкля! Жонка мая! Яна! Вочы не падманулі...

Пятро шмат яе не дапытваўся, бо ведаў, якая яна была пакутніца пры Панасе на зямлі, ды адразу ўпусціў у рай.

— А! І ты тут ёсць! — грымнула Тэкля, угледзеўшы Панаса.— Ну і неспадзеўкі! Ці не заблудзілася я? Бо тваё месца ў пекле...

— Божанька, а мне цяпер рай горш пекла стане! — застагнаў Панас і з вялікага імпэту пераскочыў высокі паркан і наўцёкі.

— Панас! Панас! — клікаў яго Пятро.— Вярніся!

 

*

Панас пёр на ўсе застаўкі. Ён ужо добра ведаў усе завулкі і глухія куткі на небе, знайшоў ён яшчэ вандроўцаў-палешукоў і зрабіўся іх павадыром.

Раздзяліў ім Панас неба на шпуры і загадаў працаваць. Гэтак працуюць і па сягонняшні дзень. І сапраўды ім весела жывецца. Якое жыта там расце, якія лясы шумяць, дык толькі дзівіся!

Панас даўно кінуў сваю старую Тэклю, бо яна яму яшчэ на зямлі досыць абрыдла, і ўзяў ён сабе дзвюх жонак. Толькі няхай вас гэта не дзівіць, людзі добрыя,— на небе можна мець шмат жонак, бо ў другі раз ужо ў магілу не ўвагоняць.

Панасавы жанкі, як усе бабы на свеце, вельмі цікаўныя — хочацца ведаць, дзе што робіцца.

Высуне адна галоўку сваю на зямлю, усміхнецца, вочкі ззяюць...

— Сонейка ўзышло! — кажуць людзі на зямлі. Радуюцца вясковыя і лёгка, і весела робіцца ім на душы.

— Чаго ты? Куды вочы лупаеш? Мо баранавалока маладога ўгледзела? — злуецца Панас на жонку сваю. Як ірване за валасы ў другі бок, як пачне пытляваць, дык, бедная, ад болю аж зачырванеецца.

Другая жонка, хаваючыся ад гнеўнага мужа, таксама — тыц свой твар на зямлю, не менш цікаўная за першую.

— Месячык свеціць,— кажуць людзі,— пара на начлег!

Смутна глядзіць на зямельку Панасава жонка і прыслухоўваецца, як мізэрны хлопчык на жалейцы грае ля рэчкі.

— А, каб цябе,— злуецца Панас,— сорам. Я табе пакажу, распусніца, як на хлопцаў зрэнкі казеліць!

Як грукне ёй у плечы, дык, бедная, аж паваліцца і валасамі даўгімі твар пекны затуліць.

І плачуць Панасавыя жанкі, а людзі на зямлі думаюць, што гэта дождж.

У Панасавай гасподзе рупныя бабы ўсю ноч кудзелі прадуць пры лучынах.

— Зоркі гараць,— кажуць людзі на зямлі.

Часам Панас пачынае агонь выбіваць да люлькі ў таку, дзе парабкі цапамі жыта малоцяць.

— Пярун б’е. Маланка паліць,— кажуць людзі на зямлі.

А млын там ёсць вялікі, вялікі! Меле і меле. Ад завозу проста і адбою няма.

А як пачне мельнік муку з барады вытрасаць, дык усё неба запыліць.

— Снег падае! — кажуць людзі на зямлі.

Борух там карчму залажыў на гасцінцы. Пайшлі гандлі, кірмашы, заработкі — проста не пахваліцца!

Болей усяго гандлююць там дурнямі. Гэты гандаль усюды ходкі. Вы спытаецеся — нашто грошы? Як жа жыць без іх, калі як карчмару, таксама, не раўнуючы, і пану яны патрэбны. Без іх ані кроку. Нават і на неба выбрацца з пустымі кішэнямі трудна: не будуць званіць, не будуць спяваць псалмоў, не будуць маліцца за грэшную душу.

Адно толькі палешукоў на небе непакоіць: лік хадакоў ад зямлі павялічваецца не па днях, а па гадзінах. Як ні расстаўляюць вартаўнікоў на граніцах, як ні строга з пашпартамі, а ўсё ж такі не могуць упільнаваць. Надта спрытны народ на зямлі: круць-верць — ніхто не агледзіцца, а ён ужо на небе... А там — рабі з ім што хочаш: не ідзе назад, хоць ты яго доўбняй.


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 135-140
Крыніца: скан