epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Панскі дух (Быль)

 

Прысады цягнуліся ад маёнтка да самай вёскі. Два шэрагі шумлівых старасвецкіх ліп былі жывым ланцугом, які пачынаўся ад панскіх пышных палацаў і канчаўся ля шэрай убогай вёскі.

Крэўнасць паміж вёскай і маёнткам была вялікая: і маёнтак і вёска называліся Зырачанамі — памятка ад старых паноў Зырачанскіх, род якіх цягнецца ад самага патопу, герб якіх красаваўся пекнай разьбой ва ўсіх старых пакоях панскіх палацаў.

Панскі дух лунаў над усёй ваколіцай...

Панскі бізун і мужычая спіна вякамі ўмацоўвалі «крэўнасць» паміж панам і мужыком.

Рамантычнае «калісьці» пакінула свае сляды да самай рэвалюцыі: лепшыя землі, лепшыя лугі і ўсе лясы засталіся пасля паншчыны ў памешчыкаў. Мужыку прыходзілася знімаць шапку перад панам і кленчыць, каб пан дазволіў яму сухастоечку вырубіць на дровы або карову пасвіць у панскім лесе.

Крэўнасць паміж вёскай і маёнткам была моцная. Яна выяўлялася ў кожнай драбніцы жыцця і перадавалася з пакалення ў пакаленне, ад дзядоў да ўнукаў. Перадавалася гэта «крэўнасць» праз вялікую векавую нянавісць паміж панам і селянінам. Смяртэльная нянавісць кіпела ў кожнай кроплі крыві гэтых двух родаў...

Шумелі старыя каравыя ліпы, углядаліся ўніз на сляды мужычых лапцей і панскіх лакіровак і ківалі вершалінамі, як бы хаваючы вялікую таямніцу, чакаючы нечаканага.

І таемнае «нечаканае» прыйшло. Настала воля. Паны ўцяклі, але застаўся ў Зырачанах «панскі дух»,— як гаварылі сяляне,— засталося пачуццё «крэўнасці» паміж панамі і мужыком на кожным кроку, на кожнай лапінцы зямлі.

Шумелі старыя панскія прысады, трывожна шушукаліся, чуючы захаваную небяспеку.

Грамада зырачанскіх сялян ішла ў маёнтак. Глухі шум гнеўных галасоў палохаў ліпавыя прысады. Цёпканне лапцей па лужынах трывожыла цішыню...

Грамада мінула прысады, кінулася ў маёнтак. Грозныя гукі мужчынскіх і жаночых галасоў даносіліся ў прысады з панскіх палацаў. Трэск дзвярэй, дзынканне шкла, рогат і гнеўныя крыкі плылі адтуль, дзе красаваўся герб паноў Зырачанскіх.

Успацелы, засопшыся, бледны, без шапкі спяшыў да маёнтка фельчар Зяблік. Смешна перавальваючыся з боку на бок, ён паглядаў на палацы з трывогай. Кожную мінуту яму здавалася, што во-во зараз успыхне чырвань пажару, зараз выбухне полымя, зараз узнімецца ўгару чорны слуп едкага дыму.

Фельчара праняла жаласць. Вабны сон яго жыцця знікаў разам з панамі. Хоць фельчар родам быў селянін, але ад самых малых год марыў стаць панам. Усё панскае было яму дорага і міла. Жыва ўспомніў, як маладая пані надоечы верхам на кані ўцякла ў суседні маёнтак, успомніў яе зграбную постаць, тонкія рукі, якія спрытна кілзалі стаенніка. Не мог фельчар мірыцца з тым, што такая ўкраса Зырачан ужо болей не вернецца. Ён быў упэўнены, што пані вернецца назад.

Пакуль ён даляцеў да маёнтка, ужо людзі былі там. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў у руках партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. На падворку былі навалены кучы вопратак, пасудзін, скураной і плюшавай мэблі, сталы, кнігі і розныя бліскучыя рэчы.

— Не чапаць адгэтуль нічога! — ахрыплымі галасамі крычалі старыя дзяды.

— Не трэба нам гэтага панскага духу!

І старадаўняя нянавісць, выгадаваная вякамі гнёту і здзеку, гарэла цяпер у сялянскіх вачах вялікім гневам.

— Не чапаць адгэтуль нічога, а то галовы пашчапаем!

— Усё спалім! — крычалі старэйшыя.

— Ды шкада нішчыць, лепей забярэм сабе!

— Няможна, няможна! Мы не грабежнікі!

— Кнігі, кнігі возьмем. Дзяцей па іх вучыць будзем...

— Не трэба нам панскіх кніг... Там панскі дух... Па іх дзяцей нашых вучыць няможна. Усё, усё спалім разам з палацамі!

— Шкада гэткія пекныя палацы нішчыць...

— Усё агнём пусцім, каб пылу і праху не засталося ад паганых сцен. Тут катавалі нашых дзядоў. Тут кроў наша лілася пад панскім бізуном...

Пачаліся сваркі, лаянкі.

Адны шкадавалі без толку нішчыць дабро, а другія налягалі, каб і звання не пакінуць ад «панскага духу».

Фельчар Зяблік, адданы раб паноў Зырачанскіх, стаяў здалёк, баючыся блізка падысці да раз’яраных мужыкоў, і думаў:

— Ой, будзе ім ад пані! Ой, будзе!

Фельчар дрыжэў ад страху і не рад быў, што сюды папаў.

...Не ўдасца выратаваць маёнтак...

На гумне загарэлася старая драўляная пуня. Бухнуў вялікі агонь... Хтосьці абкладваў саломай старыя палацы...

Атраду чырвонаармейцаў удалося патушыць пажар, удалося ўгаварыць сялян, каб разышліся па хатах.

Цяпер на тым самым месцы пабудавана для вясковых дзяцей добрая школа.

Рады сяляне, што ім тады перашкодзілі пусціць маёнтак агнём. Панскага духу, якога сяляне так баяліся, там цяпер няма.

Ліпавыя прысады і цяпер растуць.

Фельчар Зяблік, які пайшоў у бандыты — паліць вясковыя хаты, недзе загінуў разам з панскім духам.

 


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 200-203
Крыніца: скан