epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Пяць лыжак заціркі

— Агата! Агата!

— Ну, чаго глотку дзярэш?

— Скора зацірка згатуецца?

— Маеш часу пачакаць трохі, не панясу прадаваць на кірмаш!

Яшчэ не паспела яна адказаць свайму Антосю, які ляжаў на пяколку і стагнаў,— не то ад болю, не то ад голаду,— як з усіх бакоў апанавалі яе дзеці — немаведама, хлопчыкі ці дзяўчынкі, бо яны былі адзеты ўсе ў доўгія да пят кашулькі... Запішчэлі яны ўсе ў адзін голас:

— Мамка зацільку гатуе!

І давай скакаць вакол маці і цягнуць за фартух і спадніцу, як галодныя ваўчаняты.

— Мамка, мне дасі!

— Мамка, мне дасі!

І блішчэлі іх галодныя вочы ад радасці...

— Ці-і-ха, каб вы скіслі! — крыкнула Агата.— Згатаваць не даюць, хоць ты тут на кавалкі рассыпайся! — і адагнала іх вілачнікам ад прыпечка...

Гэта было вясной, якраз у тую пару, калі галадуха пануе па вёсках, калі няма чым і муху накарміць. Апошні запас выйшаў, хоць зубамі ляпай; шчаўя яшчэ нямашака... Горкае цяпер жыццё ў хворага Антося. Ён сам рабіць не можа. Адна толькі жонка працуе на яго і дзяцей.

Учора ёй, Агаце, пашанцавала. Яна выенчыла ў суседа фунт мукі на зацірку.

Вось і гатуе яна для сямейкі снеданне... У цёмнай малой хатцы вялікае свята...

Пазіраў Антось на прыпечак і ціха бурчэў. Ён ведаў, што цяпер Агата валадарніца.

Пазіралі дзеткі з-пад цёмнага тапчана на вясёлы аганёк у печы і шушукаліся.

Агата ўсё падлівала вады і мяшала зацірку вялікай лыжкай. Нарэшце паставіла на стол.

— Гатова! — крыкнуў весела Антось і давай карабкацца з пяколка.

— Гатова! Гатова! — запішчэлі дзеткі і скакалі, як зайчыкі, да стала, дзе ўжо стаяла вялікая паліўная міска, у якую Агата пераліла зацірку з гаршчка. Густы пахучы пар клубіўся над міскай і павялічваў галодны апетыт шчаслівай у гэты момант сям’і.

 

*

Шчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце...

 

*

І шчаслівая сямейка хваталася за лыжкі.

— Ай! Ай! — запішчэлі дзеткі.

Антось вылупіў вочы і моўчкі давіўся гарачай заціркай.

— А каб вас ліханька не ўзяло. Я ж вам казала — не хапайце, бо гарачая! — лаяла іх Агата.

Пазіралі, пазіралі яны на гарачую зацірку і не вытрывалі — зноў давай есці... Ажно слёзы каціліся з вачэй. Не з’елі яшчэ і трэцяй часткі, як у хату ўвайшла суседка Сцёпчыха.

— Дзень добры!

— Дзень добры!

— Хлеб ды соль!

— Дзе тут хлеб,— зацірку ядзім, просім на снеданне! — кажа Агата.

— Ого! На зацірку і я ахвотніца! — адказала Сцёпчыха, і яе галодныя вочы заблішчэлі. Узяла лыжку і спрытна падсела да міскі...

Спахмурнеў Антось і толькі ніжэй апусціў галаву.

— Нам і самім мала,— падумаў ён.

З’ела Сцёпчыха адну лыжку і ўзялася за другую.

— О, каб цябе! — хацеў сказаць Антось і ледзь стрымаўся. Дзеткі таксама пачулі небяспеку, і скоса пазіраючы на Сцёпчыху, спрытна запрацавалі лыжкамі...

— Тры! — чуць не крыкнуў Антось, як Сцёпчыха зачэрпнула лыжкай у трэці раз.

— Ратуйце! Ратуйце! — ледзь не плакаў ён, як яна апусціла лыжку ў міску ў чацвёрты раз. А як з’ела пятую, то ўжо міска была пустая...

— Разбойніца! — крыкнуў Антось на сваю Агатку, як ужо Сцёпчыха падзякавала і пайшла.— Разбойніца...

— Ці я вінавата, што яна гэткая свіння! — лямантавала Агата.

І папсулася свята беднай сямейкі. Спахмурнелі твары.

Кожны думаў: «О-го! Каб лепей я з’еў гэтыя пяць лыжак заціркі...»

 

*

Няшчасце не мае сваёй асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку да няшчасця і свой асобны погляд на самое няшчасце.

 


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 60-62
Крыніца: скан