epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Пяюць начлежнікі...

...Пяюць начлежнікі...

Слоў не разбярэш — надта закацістая песня, але зірнеш, адкуль плыве яна, і ўбачыш чырвоны слуп з чорнай каронай над лесам — гэта вогнішча начлежнікаў...

...Пяюць начлежнікі...

Зычная, маркотная песня лунае да неба, аж да зорак... Гэта стогн загнанага жыцця, жальба крывавай працы, споведзь доўгай нядолі, кананне веры пад ударамі цяжкай крыўды...

...Пяюць начлежнікі...

Якая моцная падмога ідзе ад цябе, шчырая святая песня!.. Нудным і вясёлым часам ты заглядаеш у нашы душы! Ты лечыш наша беспатольнае гора, ты аблягчаеш нашу працу, ты абціраеш кроў і пот, даеш надзею і моц і, малюючы шэрае жыццё, цешыш надзеяй на лепшае. Чуе цябе душа наша, і радуецца, і лунае разам з табой да светлага неба...

...Пяюць начлежнікі...

Шчыры напевы іх і поўны задумы, як цёмнае неба, каторае навісла над імі; як белыя туманы над рэчкай атуляюць яны душу тваю, і на клік гэтай песні звіняць струны твайго сэрца, а ў вачах слёзы блішчаць...

...Пяюць начлежнікі...


1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 5
Крыніца: скан