epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Пікет

Вастраносы хлапчук з буйнымі кроплямі рабаціння на твары стаяў ля самага лесу. Бэрка — зваўся гэты хлапчук. Сын удавы Соры.

Ён стаяў пры дарозе, прытулены да шурпатай тоўстай бярозы. Шчуплы, топкі і шустры пятнаццацігадовы хлапчук ледзь адсунуўся тварам ад дрэва і пільна ўзіраўся ўдаль.

Па абодвух баках жоўтага тракта роўнымі радамі стаялі старыя бярозавыя прысады. Яны канчаліся ля самага мястэчка. Местачковыя хаты былі як бы выпадкова расстаўлены на досыць вялікім абшары. Сярод іх вызначаліся адзіночкі: шпілясты белы касцёл, цыбулістая жоўтая царква, комін мураванага бровара і сіні дах дома становага прыстава.

Бэрка не зводзіў вачэй з тракта.

У абыймах старых прысад шырокі тракт звужаўся ў даляглядзе, і здавалася, што ў самым канцы яго чалавек не праціснецца паміж прысад. Аднак калі-нікалі з боку мястэчка прабіваліся малюсенькія кропкі. Яны раслі з кожнай хвілінай, і з іх нараджаліся людскія постаці і фурманкі.

Спачатку лёгкая трывога падкрадвалася да Бэркі:

— Ці не стражнікі?

— Не. Тыя ў чорных шынелях...

Свежае лісце на старых бярозах ледзь шалясцела. Веснавы вецер прабіраў іх, нібы грэбнем. Чуўся стрыманы шолах. Бэрку здавалася, што хтосьці перагортвае лісты тоўстай кнігі. У сонечным паветры чылікалі птушкі.

Бэрка жаваў клейкі бярозавы лісток і радаваўся сонечнай пагодзе.

— Якраз на Першае Мая... А ўчора так непакоіўся Шолам.

Высокі чарнявы Шолам працаваў разам з Бэркам у шавецкай майстэрні Пінхуса Гінзбурга. Гаспадар быў пастолькі багаты, што да яго імя абавязкова дадавалі і прозвішча — Гінзбург... Усе кірмашы ваколіцы былі запоўнены вырабамі Гінзбурга.

Увесь учарашні дзень Шолам непакоіўся.

— Якая заўтра будзе пагода?

Найлепшым майстрам у Пінхуса Гінзбурга быў Шолам. Гаспадар шанаваў Шолама, хоць не любіў за тое, што той праз меру добра адносіўся да хлопчукоў — Бэркі і Макара. Шолам не дазваляў крычаць на іх, не тое што біць.

Бэрка вачэй не зводзіць з тракта. Калі хто-небудзь праязджае ці праходзіць, ён непрыкметна адсоўваецца ў хмызняк і цікуе адтуль за дарогай.

Па вечарах калі-нікалі Шолам збіраў сваіх таварышоў у старой хацінцы Бэркавай маткі. Хатка стаяла за млынам у другім канцы мястэчка. Таварышы Шолама збіраліся па адным, употайку. У хатцы бывалі і хлопцы і дзяўчаты. Яны і сур’ёзныя, а разам з тым і вясёлыя. Часам паціхонечку спявалі песні. Самым галоўным паміж іх быў Шолам. Ён умеў вельмі хораша гаварыць. Бэрка лавіў кожнае яго слова. Гаварыў Шолам нешта падобнае да таго, што было надрукавана ў лістоўках, якія хаваў Бэрка пад страхою старой хаткі. Не зусім добра кумекаў Бэрка надрукаванае ў лістоўках, затое добра разумеў гутаркі Шолама.

Ведаў Бэрка, што ўсе гэтыя хлапцы і дзяўчаты, якія адзін аднаго называюць таварышамі, сацыялісты. Ведаў Бэрка, што ў сацыялістаў ёсць свая мова: «пралетарыят», «капітал», «камуна», «клас», «маніфест», «эксплуатацыя», «інтэрнацыянал», «арганізацыя» і г. д.

Вучыўся Бэрка гэтай мове ў Шолама. Той гаварыў аб фабрыках і заводах, аб бедным сялянстве, аб парабках. Ён так проста гаварыў, што Бэрка ўсё разумеў... Бэрка ахвотна вучыўся «мове сацыялістаў»... Уяўляў Бэрка сябе пралетарыем, а Пінхуса Гінзбурга — эксплуататарам. Ненавідзеў Бэрка капітал. Шолам навучыў яго ненавідзець багатых і лічыць бедных сваімі сябрамі, бліжэйшымі за самых блізкіх і крэўных.

За тры гады, з 1905 года, «мова сацыялістаў» увайшла ў жыцці Бэркі, у яго разуменне, як слова «хлеб».

..………………………………………………………………………………………………..

Прысады купаюцца ў першамайскім сопцы. На краі неба плыве маленькая хмарка. Пільна ўглядаецца Бэрка ў даль тракта. Едзе павольна адна фурманка. Здалёк відаць белая лысіна каня.

…………………………………………………………………………………………………

Вельмі хацелася сёння Бэрку быць у глыбіні лесу разам з усімі на маёўцы. Якраз учора прыехаў нейкі таварыш Іван — невысокага росту, прысадзісты, бялявы чалавек з русай бародкай, у шэрай касаваротцы. Тварам падобны да тутэйшага доктара. Шолам прывёў яго да Бэркавай маці начаваць. Таварыш Іван усміхаўся Бэркавай маці па-свойску, як стары знаёмы. Пры гэтым праменіліся яго сінія вочы і блішчэлі роўныя белыя зубы. Маці Бэркі заслала яму пасцель на шырокім тапчане супроць маленькага акенца ў бок местачковага выгана.

— Вы не доктар? — запыталася ў яго маці.— Вы вельмі падобны да нашага доктара.

Таварыш Іван адказаў:

— Можа, я і доктар. А што вам баліць?

Пры гэтым ён усміхнуўся па-роднаму.

Маці здагадалася, што ён з сацыялістаў. Яна сказала:

— Можа, вы доктар ад кепскага жыцця?

Ён яшчэ шырэй усміхнуўся.

— Дай божанька! Дай божанька! — сказала маці і ківала галавой.

— Не божанька, а мы самі,— адказаў таварыш Іван.

— Можа, і так,— згадзілася маці не то з сумам, не то з глыбокай развагай.

Перад сном таварыш Іван аб нечым доўга шаптаўся з Шоламам. Яны часта паўтаралі: канспірацыя, канспірацыя.

Ведаў Бэрка і гэтае слова з мовы сацыялістаў і гардзіўся. Ён ведае шмат чаго: ён толькі цяпер пакутуе, а тады — калі пралетарыят возьме ў свае рукі ўсё — пачнецца зусім іншае.

Трэба змагацца за гэтае «тады» — за будучыню. І Бэрка вучыўся змагацца за будучыню працоўных людзей...

Употайку ад усіх Бэрка часам браў з-пад страхі брашуркі (так Шолам называў сацыялістычныя кніжачкі). Браўся чытаць і разумеў у брашурках пятае праз дзесятае. Яму ўрэзаліся ў памяць такія словы:

«Пралетарыям няма чаго траціць, апрача сваіх ланцугоў. Набудуць жа яны цэлы свет».

………………………………………………..………………………………..……………...

На тракце нічога падазронага. Бэрка трохі стаміўся. Адвярнуўся ў бок лесу. Так вабіць цень у прамежку з залацістымі плямамі сопца. Воддаль між кустоў стаіць на варце другі «пікетнік» — Макарка. Мігаціць між дрэў яго дробны, як жменька, твар. Шустры гэты Макарка. У выпадку небяспекі — ён, Бэрка, павінен свіснуць да Макаркі. А той далей — да трэцяга пікетніка, і так аж да самай маёўкі...

……………….………………………………………………………………………………..

...Як хочацца паслухаць, што цяпер у лесе старэйшыя таварышы гавораць... Шолам з Іванам учора нешта пісалі алоўкам. Яны гэта называлі «тэзісамі» да Першага Мая.

Што такое «тэзісы» — Бэрка яшчэ не ведае. Нязручна было тады ў Шолама пытацца...

Багатая мова ў сацыялістаў... Бэрка ніколі раней такіх слоў не чуў.

Ды не адны словы:

— Тры гады таму назад, у 1905 годзе, местачковыя рабочыя баставалі: не працавалі ў сваіх гаспадароў. Навокал мястэчка па маёнтках забаставалі і парабкі. У іх гэта выйшла разам, у адзін час... Нібы згаварыліся...

І цікавая рэч — спалохаўся тады забастовак местачковы прыстаў. Ён выклікаў казакаў.

Так хлопчыкам тады Шолам тлумачыў: «выклікалі казакаў, бо спалохаліся».

А багатыя местачкоўцы злаваліся тады на «сіцылістаў».

— Рабочыя цара скінуць уздумалі. Бога скінуць уздумалі. Прыстава скінуць уздумалі. Рабіна скінуць уздумалі. Пачакайце, раней самі галовы скруціце.

Так гаварыў у сінагозе рэб Шмэра, гаспадар бровара, і часта хадзіў да прыстава па парады...

…………………………………………………………………………………………………

Шалясцелі дрэвы.

Па тракце калі-нікалі праходзяць людзі. З комінаў маленькага пасёлка цягнецца ўгару тоненькі дымок, нібы з папяроскі.

Бэрку апрыкрыла стаяць на адным месцы. Хочацца туды — у лес, на маёўку...

На тракце нічога падазронага. Бялявая хмарка заблудзілася пасярод неба і не ведае, дзе дзецца. Сонца так прыгрэла, што Бэрка пачаў пацець. Ён хацеў зняць з сябе пінжачок. Але... Нехта схапіў яго моцнай рукой за каўнер і шапярнуў:

— Маўчы...

Бэрка здзівіўся.

Перад ім стаяў селянін у лапцях, з бялявымі доўгімі вусамі. Бэрка пазнаў у ім аднаго з местачковых стражнікаў.

Стражнік утаропіў у яго злосныя, налітыя крывёю вочы.

— Маўчы...— сыкнуў на яго стражнік у другі раз.

Бэрка ўспомніў свой абавязак і свіснуў. На яго свіст адказаў тым жа пікетнік Макарка.

— Схаваюцца ў лесе,— падумаў Бэрка.— Нікога не зловяць. А я не скажу, хто быў на маёўцы, хоць бы...

Не паспеў ён дадумаць. Моцны кулак стражніка, нібы камень, стукнуў яго па галаве.

Перад вачамі Бэркі пачало апускацца на зямлю неба разам з сонцам, разам з бялявай хмаркай. Прысады адарваліся ад сваіх месц і паплылі да хутароў у бок ад тракта...

Бэрка павольна ўпаў на зямлю.

Усе, хто быў на маёўцы, паўцякалі, схаваліся.

Бэрка іх выратаваў ад царскіх стражнікаў.

 


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 283-288
Крыніца: скан