epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Ралля

Яшчэ сярод гушчароў ляжаў закарэлы снег, яшчэ свежыя лужыны лёдам ценькім пакрыліся, але вясна жыватворная ўжо запанавала пад вёскай. Цёпла грэла сонейка, і пачалі пукацца маладыя бярозкі. У першы раз пасля доўгай сцюдзёнай зімы выбраўся малады аратай на свой шнур.

Перажагнаўся, яшчэ раз агледзеў новыя нарогі і схінуўся над сахой.

Як роўныя доўгія струны ляглі адна за другой чорныя барозны... Запахла свежым тлустым чарназёмам...

Ралля мяккімі грудкамі сваімі заблішчала сярод крушняў, на абшырнай даліне.

Дзе-нідзе бялелі сярод раллі леташнія карэнні траў.

Апусціліся вароны з старога дуба і пачалі зважны агляд раллі.

З крыкам прывалюхалі гусі.

Ажыла ралля...

Заківаўся, зашаптаў высокі дуб... Закалацілася сэрца аратая, абхапіў ён мазолістымі рукамі сваімі абсмалены пень на мяжы, і неяк само вырвалася з грудзей яго:

— Зямелька, матка наша!

Ніжэй апусціўся ён і пацалаваў свежую зямлю.


1913?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 10
Крыніца: скан