epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Ратай (Казка па Мультатулі)

Звышку паліла сонейка. Кожны стараўся хавацца ў халадочку і выпіць крынічнай вады пад узгоркам, толькі ратай працаваў на полі да поту, выводзячы баразну за баразной.

Пад елкай ля крушні стаяў панскі паганяты і грымеў на яго: «Барзджэй! Не гультай! Толькі дармовыя грошы бярэш!»

— Ах, божухна! — уздыхнуў ратай-падзённік.— Як я хацеў бы быць прыганятым! Во каму добра!

І бог зрабіў гэтак.

Паважна, фанабэрыста хадзіў ён па мяжы, і турыў, і лаяў бедных ратаяў-падзённікаў.

Але прыехаў сам пан, і паганятаму прыйшлося перад ім знімаць шапку і кланяцца ў тры пагібелі.

— Ой, божухна! — уздыхнуў ён.— Я б хацеў зрабіцца панам! Во хто лоўка жыве!

І бог споўніў яго жаданне.

Быццам пава хадзіў ён у сваіх багатых пакоях. Усе кланяліся яму з пашанай ды ў вялікім страху чакалі яго ласкі. Поўныя свірны збожжа ажно аруды дубовыя ламалі і шмат золата абяцаліся даць яму.

«Ну што ж? — падумаў ён.— Каб не гэтыя зярняты, я бы панам не быў і нават з голаду памёр. Зярняты вартней усяго на свеце!»

І захацелася яму зрабіцца зярнятамі.

І бог паслухаў яго.

Зрабіўся ён жытнімі зярнятамі.

Набраў сейбіт поўную севалку жыта і выйшаў сеяць на мяккай раллі. За колькі дзён пусціліся залацістыя каліўцы ўверх і беленькія карэньчыкі ўніз пад зямлёй. Шаўковая рунь усю зімку праспала пад пакрыццём сярэбранага снегу, а летам вырасла, як лес, прыгожае каласістае жыта. Зямля выгадавала яго, як добрая матка — дзіцятка сваё.

«Нічога я не быў бы варт, каб не зямелька родная,— падумаў ён.— Ой, божухна! Я хацеў бы стацца зямлёй! У ёй уся сіла!»

Зрабіўся ён зямлёй. На тлусты пахучы чарназём аж люба было глядзець — проста сэрца весялілася!

Раніцай прыйшоў рупны селянін на поле, перажагнаўся, запрог у саху кабылу і давай араць свой шнур, захопліваючы слаі ўсё глыбей і глыбей, быццам хацеў ён раскрыць самае сэрца зямлі сваёй...

І даўнейшы ратай зямелькі цяпер ізноў стаў думаць: «Што зямля без ратая? Без яго працы яна сама хлеба не дасць. Самае важнае і лепшае — гэта ратай!»

І стаў ён прасіць бога, каб зноў зрабіцца ратаем.

І бог ізноў зрабіў яго ратаем, якім ён спярша быў.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 10-11
Крыніца: скан