Шаптаў чарот пад высокім дубам у шырокай затоцы ракі.
Дзікая качка кружылася над дубам.
Месяца не было, але была відная ноч...
І стары рыбак паехаў па абшырпай глыбокай плёсе, на чоўне-душагубцы, венцер паставіць.
Быццам маліўся высокі цёмны бор, і сумна было на дзікім балоце.
Развёў я вялікае вогнішча на самым беразе ракі...
Як залатыя пчолы, як песні маладосці, падняліся, лунаючы ўвысь, іскры... і гаслі адна за другой разам з маімі ўспамінамі светлай, шчаслівай маладосці.
Сумна было на дзікім балоце — і захацелася мне пець вясёлую песню, вольную песню. Але з таго часу, як мілая мая дзяўчына лягла ў халодную магілу, я перастаў пець… І захацелася мне плакаць — але нешта каменем станула ў маім горле... Нейкім агнём пакрыліся мае вочы, і слёзы не пацяклі...
І шаптаў чарот нямым голасам сваім, нямы голас магілы абхапіў мяне, і я задрыжэў...
Месяца не было, але была відная ноч.
І сумна было на дзікім балоце, пад абшарам нямога блакітнага неба...