Мыла дзяўчынка бялізну кужэльную ў крыніцы. Стаяла яна на кладцы, закасаўшы рукавы з вышыўкамі, распусціўшы валасы русыя, пяючы песні дзявочыя.
Ехаў гасцінцам багаты паніч, ехаў, ды застанавіўся — відаць, дзяўчынка спадабалася яму. I давай ён гэткую гутарку весці:
— Я маю зямлі сем валок, стады мае багатыя, коні мае дарагія, парабкі мае адзін у адзін, як тыя дубы на ўзгорку. Пайдзі за мяне замуж, дзяўчынка!
— Ой, не пайду замуж за цябе: не трэба мне золата, серабра, не трэба багатага молайца. Я кахала аднаго—кахаць буду; цалавала аднаго — цалаваць буду. Ён у цябе парабкам служыць, па мне заўсёды тужыць...
Кланяўся пан нізка да зямлі — не памагло.
Кленчыў, як той жабрак пад акном,— не памагло.
Ой, шчасце не ў золаце, паны!