epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Сцёпка

Ранюсенька-рана. Яшчэ нават сам бог сніць, як людзі кажуць. Сцёпка сядзіць на пасецы, так-сяк атуліўшыся ў сваю дзіравую кажаронку, і грэецца пры вогнішчы, то падкідваючы смаляк на агонь, то падсуваючыся сам, як тая качарэжка, на пераменкі, то адным бокам, то другім. Побач стаіць, апусціўшы галаву ўніз, яго худая галодная кабыла і не думае траву грызці. Праўду кажучы, там такі травы скупа было, бо толькі што пачалася вясна, толькі што зышоў снег, а ў нізкіх лагчынах яшчэ ляжаў прыкарэлы да зямлі.

Яшчэ для самых рупных гаспадароў зарана было выпускаць каня на начлег, але, як відаць, Сцёпка быў рупней рупных, бо ўся страха была ўжо сарвана на сечку, заработкі гэтаксама невялікія былі, калі плаціць па пяцьдзесят капеек за аблізаны пудзік сена. На пазыку, два пуды за пуд, гэтаксама болей ніхто не дае: ён ужо досыць набраўся. Праўда, усе смяяліся, што ён у рукавіцах цягае каня на пасеку, але Сцёпка, сашчаміўшы зубы, маўчаў. Бурчэў ён толькі па дарозе:

— Чорт яе ведае! Днём сонейка гэтак грэла, гэтак жаваранкі пяялі над азяродам, а цяпер зноў марозік узяўся!..

Прывёў кабылу і нават не спутаўшы пусціў на пашу, а сам развёў вогнішча, пагрэўся крыху і заснуў, скорчыўшыся ў тры пагібелі ля агня.

На раніцы, як мароз пакрапчэў, Сцёпа прачнуўся і страшэнна дрыжэў ад холаду. Барзджэй паправіў ён вогнішча і давай грэцца.

Не бачыў ён нават, што кажух яго смаліцца, і не цікавіўся зірнуць, што кабыла яго парабляе. Ужо пагрэўшыся, агледзіўся ён, што кабыла стаіць насупраць яго, апусціўшы галаву, галодная, ажно бок у бок уехаўся...

Сціснулася сэрца Сцёпкі ад нейкага болю яшчэ горш, таму што сам вінен, што дажыўся да гэткіх парадкаў. Паўвалокі зямлі, здаецца, можна было жыць прыпяваючы, а ў яго ніколі не то што хлеба — нават бульбы нямашака...

І ўспомніў ён сваю жонку, заўсёды пакрыўджаную ім лаянкамі, і церпялівую, і маўчлівую, каторая толькі з нейкім страхам пазірае на яго, як ён выцягвае з-за пазухі шкалік за шкалікам і лье сабе ў глотку.

— Хто гэта пракляў мяне? Хто напусціў нячыстую сілу на маю бедную галаву? Чаму атруцілася гэтак жыццё маё? Ці я не за дзесяцярых працую, калі толькі дарываюся да працы?.. Усе дзівуюцца, скуль у мяне бярэцца сіла гэткая? А колькі яе выбілі з мяне — чуць не ўсе рэбры пераламаны, твар у адных шрамах. Затое жонка, бедная, марнеець з дзецьмі, сухотка галодных прабірае, божухна, божухна!..

— Каб я гэта мог талкоўна жыць, але, відаць, пад гэткай планетай на свет радзіўся — цягам цягне мяне сівуха ў яму глыбокую... Адрывае мяне ад працы і гвалтам адбірае апошнюю рэзгіню сена з пуні, апошні кубел дабра з хаты.

— Ці-ткі гэтак і акончыцца жыццё маё? — пытаецца Сцёпка ў самога сябе і, задумаўшыся, устаўляецца мутнымі вачыма ў блізкі альхоўнік.

Пачаў будаваць хату і не кончыў,— сенцы непакрытыя асталіся, і сенцы пагнілі. Нават новыя нарогі, каторыя купіў заўчора,— прадаў учора на выпіўку... Кароўку апошнюю на падаткі аддаў... У прыдатку яго старшы хлапец Янка ў лесе нагу пакалечыў, а цяперака ляжыць на тапчане і стогне.

Хутка прайшлі прад яго вачыма кавалкі шэрага жыцця: як ні біўся быццам рыба аб лёд, як ні стараўся, і заўсёды прыйшлося галадаць у канцы канцоў усёй сям’ёй, як тым ваўкам у калядніцу, або ўсю сваю працу, усе заработкі пераліваў ён у сваю бяздонную глотку...

Задрыжаў Сцёпка... Жудасць прабрала яго ўсяго... пачаў ён злаваць сам на сябе і на ўвесь свет... Горача зрабілася яму ў грудзях, быццам вугалі там унутры гарэлі, як заўсёды, калі ён гатоў быў аддаць апошнюю сваю кашулю на выпіўку. Вочы яго заблішчэлі агнём, калі ён мазнуў:

— Эт! Ужо гэтулькі разоў заракаўся, і не памагае!.. Тут падняўся ён са свайго месца і хутка пайшоў да вёскі.

Ужэ шарэць пачало. Зоркі ніклі адна за другой.

Месяц пахіліўся ніжэй да лесу, і праменні яго блішчэлі на замерзшых лужынах, быццам срэбная тканіна.

У нейкай гарачцы Сцёпка стаяў на месцы, каля старога млына, як успомніў ён аб сваёй кабыле і адвярнуўся назад, ажно кабыла ідзе за ім шаг за шагам, быццам сабака які.

«Яна ўжо сваёй пойлачкі з аўсом просіць, бедная!» — падумаў ён і яшчэ хутчэй пайшоў.

Дзе-нідзе ўжо ў вёсцы скрыпелі вароты. Стары Міхась нёс рэзгіню саломы і сказаў яму «дзень добры», а Сцёпка нават не адказаў яму, бо, як злодзей, краўся да сваёй хаты, каб выцягнуць апошнія два пуды жыта, каторыя прырыхтаваў учора ў млын завезці на хлеб змалоць.

Як злодзей, адчыніў ён ціха вароты ў сваё гумно, завёў галодную, дрыжачую ад холаду кабылу ў хлеў, а сам на цыпачках павярнуўся да хаты. Чуць прыхіліўся, падняўшы клямку, і адчыніў ён памаленьку. Пара, быццам туман, папёрла з сярэдзіны стаўбом і абдала яго цеплатой. Ужо пасвятлела, і праз цэлую шыбіну, не абклееную паперай, пранікалі праменні ранняга сонца.

Азірнуўся Сцёпка па баках: жонка супакойна спіць на ложку, прытуліўшы да сваіх грудзей галодную Агатку. На другім ложку храпяць разнарослыя дзеткі; на тапчане стогне пакалечаны Янка, а на пяколку ляжыць старая маці.

Сцёпка крыху прысеў, скінуў рукавіцы і кажух ды падышоў на цыпачках да стала, дзе стаяў пад ім мех з жытам. Прыціснуў ён мех да грудзей, паставіў на тапчан, пасля на стол і ўзяў на плечы. Тутка прачнулася на пяколку маці і пытае:

— Хто там?

— Я! Я! — адказаў Сцёпка і барзджэй выйшаў з хаты з мяхом на плячах...

Скора старая пабудзіла Сцёпчыху, бо трэба было згатаваць зацірку і бульбу і адправіць гаспадара на возку ў лес. Толькі здзівіла яе, што Сцёпка з начлегу не вярнуўся. Снеданне гатова, сонейка падымаецца вышэй, гаспадары ў вёсцы ўжо прыладзілі калёсы і паехалі ў лес, а Сцёпкі няма яшчэ.

— Ён ужо быў у хаце сягоння,— кажа старая,— і мех жыта ў млын панёс.

— А матухна боская! — усхапілася Сцёпчыха,— мех жыта панёс?..— і, як непрытомная, задрыжэла ўсім целам,— гэта ж ён да шынкаркі на гарэлку занёс, напэўна...— І давай рукі ламаць, галасіць і прычытаць.— Гэта ж я сама чуць вымантачыла ў суседа два пудзікі жытца, на адработак летам!

Вялікае гора пакрыла ўвесь яе высахшы твар, траслася яна як асінавы ліст.

— А дзеткі мае, авечачкі мае, што ж гэта будзем мы рабіць цяперака, прыйдзецца адной бульбай душыцца нам!..

— А скора і бульбы не будзе,— падхапіла старая.

Пахмурнелі дзеці ў хаце, але маўчалі і тапталіся на адным месцы, як праўдзівыя авечкі.

— Баюся, тата будзе біць мяне! — пачаў падхліпваць малы Юрачка.

І заплакала Сцёпчыха горкімі слязьмі...

— Што мне рабіць?! Жывой у труну хіба лезці — шкада дзетак маленькіх... ён іх пераб’е, п’яны, як пісклятачак кволенькіх... а хто заступіцца за іх?..

— Не, што будзе не будзе? — не вытрываю! На гэты раз маўчаць не буду! Я пабягу да карчмарыхі і дам яму качаргой па галаве! Хай раз канец будзе! — І схапіла Сцёпчыха качаргу з качарэжніка і як шалёная пабегла з хаты.

— Ён цябе заб’е, насмерць заб’е! — крычала за ёй старуха з усёй сілы, але Сцёпчыха і не чула нават, пабегла ў другі канец вёскі да суседа-карчмара. Дзеці грамадой выскачылі на вуліцу і пабеглі за ёй, крычачы:

— А мамачка, а мамачка!..

Скора ў вёсцы падняўся такі гвалт, ажно страшна зрабілася, і старая, каторая асталася ў хаце з малой Агаткай, толькі жагналася са страху і шаптала пацеры.

Скора гоман яшчэ большы зрабіўся, і на вуліцы паказалася вялікая грамада людзей. Адны вялі пад рукі акрываўленую непрытомную Сцёпчыху, каторая сланялася і гатова была пасці сярод вуліцы, а кругом яе, як папуджаныя вераб’і, пішчалі яе дзеткі.

Другія вялі Сцёпку, каторы рваўся з рук і крычаў:

— Пусціце мяне! Я павешуся! Я яе, гадзіну, зарэжу, а потым павешуся! За што яна мяне грызе, гадзіна! Ну, захацеў і прадаў жыта на гарэлку, а хто мне забароніць? Я гаспадар! Я хачу гэтак! Я не чужую, а сваю кроў п’ю і буду піць, пакуль не высмакчу апошнюю каплю з грудзей! Во, во! З гэтых грудзей!..— Вырваўшы адну руку, стучаў са ўсёй моцы сябе ў грудзі.— Я кроў сваю п’ю!..— паўтарыў ён ахрыплым голасам.

— Трымайце яго, трымайце, людзі добрыя! — крычалі перапуджаныя бабы.— Бо ён заб’е яе і дзетак перадушыць!

— Я ўсё роўна жыць не буду! — равеў Сцёпка.— Ой, гора ты паганае, ой, душы ты мяне! — і давай галавой аб сцяну біць, ажно ўсім суседзям жудасна зрабілася.

— Пракляцце божа! — шапталі яны, жагнаючыся.


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 76-80
Крыніца: скан