epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Сем чырвоных выраяў

Гэта было сем гадоў таму назад.

Сем выраяў чырвоных з таго часу пранасіліся над беларускімі лясамі і балотамі.

Многа ў нас за гэты час змянілася. Багатырскімі крокамі рабочыя і сяляне пайшлі наперад па сонечным шляху новага жыцця.

Усё ў жыцці мяняецца, але традыцыя вялікага Кастрычніка застаецца той самай, наадварот — мацнее з кожным годам, з кожнай новай перамогай.

Традыцыя барацьбы, традыцыя рэвалюцыі.

У гэтай традыцыі: чырвань — найлепшы колер, гук гарматаў і свіст стрэльбаў — найлепшая музыка. Кастрычнік — вясновы месяц. Гэта ўсё аздоблена хараством барацьбы, хараством перамогі.

Восень для нас ператварылася ў вясну.

 

Сем кастрычнікавых свят начарталі ў гісторыі Беларусі самыя найбагацейшыя, самыя яскравыя пергаміны.

Першы Кастрычнік пракаціўся перуном пажарышч над панскімі маёнткамі на беларускай зямлі. Векавая помста падобна злоснаму пану-кату выбухнула адразу агнёвым вулканам — віхрам народнага гневу.

Класавы інстынкт земляроба казаў сваё магутнае слова. Сталёвы кліч агітатараў, разумнае слова свядомых рэвалюцыянераў спынілі фізічныя ўчынкі і пакіравалі думкі сялянскіх мас да разумнай працы. Але не суджана было, каб у нашым краі адразу ішло рэвалюцыйнае будаўніцтва па роўнаму шляху Кастрычніка.

Паміж першым і другім Кастрычнікам праходзіла паласа нямецкай акупацыі. Тады на Беларусі кішмя кішэлі розныя партыі ад эсэраў да хрысціянскай дэмакратыі.

Сам народ беларускі ў гэта не блытаўся. За яго гаварылі няпрошаныя яго «прадстаўнікі».

Селянін з затаёным гневам маўчаў і чакаў вестак з бальшавіцкай Масквы, з роднага чырвонага Смаленска.

Упарта вялася барацьба з войскам Язэпа Пілсудскага, які доўга біўся ў Мінскія брамы.

 

Трэці Кастрычнік у цяперашняй сталіцы нашай Беларускай рэспублікі адсвяткаваны ў падполлі, бо зверху па вуліцах панаваў польскі жандар.

Пан і ксёндз стараліся вярнуць паншчыну беларускай вёсцы. Тады па нашых дзікіх пушчах-лясах тварылася адна з найлепшых казак рваўшыхся да волі сялян.

Паўстанні.

Моладзь, а часам і старыя дзяды, ішлі ў лес, а стуль рабілі свае адважныя налёты на польскіх жаўнераў, якія палілі нашыя вёскі і здзекаваліся над людам.

У віхоры паўстанняў проціў шляхты і паноў загартавалася бальшавіцкая думка ў маладых грудзях вясковых дзецюкоў.

Тады нарадзіўся наш слаўны Камсамол.

 

Чацвёрты Кастрычнік кінуў крыллі сваіх агнёвых штандараў над зруйнаваным, спаленым, разграбленым польскім войскам Мінска.

Але наша сталіца, нягледзячы на руіны, нягледзячы на вір белагвардзейшчыны, якія акружылі тады РСФСР, прыняла святочны выгляд.

Гэта ўрачыстасць свяцілася з вачэй рабочых і сялян, якія ў шматтысячных дэманстрацыях святкавалі вялікі дзень вызвалення.

Хаця радасць была няпоўная, бо Рыжская ўмова адрэзала Заходнюю Беларусь беламу польскаму арлу, аднак надзея не была патрачана.

Савінкаў, Балаховіч і іншыя «бацькі» розных бандаў лезлі на наш край, нібы пчолы на мёд, але жудаснай казкай асталіся іх дзеянні.

Рабочыя і сяляне перамаглі ўсіх ворагаў.

 

Пяты Кастрычнік адсоўваў вайсковы камунізм убок і клікнуў да працы камунізм творчы, будаўнічы.

Гэта было пасля ліквідацыі вялікага голаду ў Паволжы.

Край ачуняў.

Пачалося савецкае будаўніцтва — гаспадарчае і культурнае.

Антырэлігійная барацьба. Змаганне за новы быт. Сельская гаспадарка. Развіццё нацыянальных культур. Паветраны флот і інш. і інш.

Усяго не пералічыш.

Кожная кампанія атуляла наш край сеткамі-ячэйкамі, якія рабілі строга і планава ўзложаную на іх працу.

Кожная кампанія аплятала нашу зямлю жывымі нервамі, кравянымі жыламі, якія ўлівалі новае жыццё, новую энергію ў стомлены за час вялікай барацьбы арганізм.

 

Шосты Кастрычнік прынёс нам па сваіх сталёвых крыллях адраджэнне нацыянальнай культуры.

Кліч, кінуты Ільічом аб нацыянальнай справе, адбіваўся звычнымі рэхамі па ўсіх кутках нашай краіны.

Ідэі ленінізма і марксізма дзеля збліжэння з масамі працоўных пачалі перадавацца па ўсім СССР у родных мовах прыгнечаных у часы царызму нацыянальнасцей.

У той жа час у Беларусі пад Польшчай зачыняліся беларускія школы, беларускія культурныя дзеячы гібелі ў панскіх турмах і дзікія жандары чынілі жудасці над рабочымі і сялянамі «крэсаў усходніх».

Белавежская пушча запоўнілася беларускімі паўстанцамі, якія змагаліся за лепшы лёс сваіх бацькоў і братоў.

Вялікі страх наводзілі паўстанцы на паноў і панскіх наймітаў.

Паўстанчы рух у Заходняй Беларусі, нягледзячы на турмы і шыбельніцы, разросся, распажарыўся ў цэлае мора.

 

Сёмы Кастрычнік... Вялікая жальба атуліла яго пачатак.

Не стала Ільіча.

Увесь свет працоўных мас тады схіліў галаву перад вялікім Маўзалеем Леніна.

Пачаўся ленінскі набор, які абхапіў сабою многія тысячы працоўных.

Пасля смерці Леніна з яшчэ большай натужнасцю працавалі.

Усебеларускі з’езд Саветаў.

Пашырэнне Беларусі.

Беларусізацыя школ, савецкіх устаноў.

Развіццё культур нацменшасцей.

Пераход вядзення сельскай гаспадаркі з старых спосабаў на новыя.

Сельскагаспадарчыя выстаўкі па ўсім краі.

Вось галоўныя вехі працы, якая праводзілася ў працягу апошняга года.

Гэта праца шырыцца і расце з кожным месяцам, з кожным днём.

 

Сем чырвоных выраяў пранасіліся над нашым краем.

За гэты час СССР вырас у магутную дзяржаву, якая хутка будзе прызнана ўсім светам.

Кожны з новых Кастрычнікаў прыносіць новую пабеду. Кожны новы Кастрычнік робіць новы падрыў старым буржуазным дзяржавам. Кожны новы Кастрычнік аслабляе сілу нашых ворагаў і змяншае іх лік.

Кастрычнік — наш найвялікшы дзень, наш Чырвоны Новы год. За першыя сем гадоў нашай новай эры рабочыя і сяляне ўстрасянулі ўвесь свет.

Па гэтай слаўнай дарозе рабочыя і сяляне пойдуць далей, нягледзячы ні на якія перашкоды.


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 442-445
Крыніца: скан