epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Сон Анупрэя

Лёгка зрабілася на сэрцы старому рыбаку Анупрэю, бо ён ухітрыўся цішком ад жонкі перагнаць на гарэлку колькі залатовак ды пераліць у глотку гэтак шпарка, ажно галава ходырам пайшла. Дзеля гэтага ён смялей, як заўсёды, адправіўся нанач на балота паставіць венцяры на шчасце.

Праўда, зыбаўся ён у чаўне ад выпіўкі, як тонкая бярэзіна ад ветру, але нічагусенькі: уладзіў ён усё як мае быць і вылез на бераг.

На высокім пагодку, каля пня, перавярнуў ён свой човен, разлажыў вялікае вогнішча са старых карчоў, накрыўся кажухом і лёг.

Не чуў ён, як у блізкай пасецы завылі маладыя ваўчаты, як зашаптаў жудасны бор над сумнай адзінокай пусткай, не бачыў, як кругом яго, быццам запаленыя серчыкі, поўзалі купальскія чарвячкі: ён храпеў на ўсе застаўкі.

Сон падобен да смерці, але Анупрэю толькі снілася, што ён памёр. Адпяялі яго. Жонка галасіла як мае быць, хаўтуры ўладзіла па-людску, не паскупіла ні выпіўкі, ні закускі. Пахавалі яго, быццам пана якога, ў глыбокую яму, засыпалі пяском, і — квіта, пане Мікіта!..

Не паспелі яшчэ людзі і з могілак сысці, як прыляцелі крылатыя белыя анёлы, падхапілі яго, як лёгкую саломінку, і панеслі на суд да самага бога.

Бачыць ён — бог сядзіць на высокім пасадзе, пры ім стаяць усе святыя, а кругом на цыпачках ходзяць пісары і падпіскі, якраз як у воласці.

— Вось ён! — сказалі анёлы і падвялі Анупрэя бліжэй да бога. Ажно лапаткі ў Анупрэя задрыжэлі, як калісь-то перад земскім. Жартачкі!

— Прачытайце мне, што ён за чалавек? — сказаў бог.

Ходырам пайшла ўся каманда пісарчукоў рыцца па шафах і сталах; рылі, рылі і знайшлі,— Ёсць! — І адзін спрытны грэмзака падаў паважнаму, сур’ёзнаму сакратару тонкі сшытак. Спужаўся Анупрэй, думаў ён, што вось, на безгалоўе, падаткі ў яго будуць спаганяць, бо якраз гэткія паперыны, бывала, ураднік валок з сабой, як за падаткамі прыязджаў, але барзджэй усхапіўся, што гэта ж ён ужо нябожчык, і супакоіўся...

— Чытай! — загадаў бог.

І пачаў пісар чытаць з самага пачатку, як калісь-то Анупрэй быў яшчэ пастушком у благога гаспадара, як гаспадар яму косці цёр...

Слухаў, слухаў Анупрэй і дзіву даўся: — спанатрыў-такі ўсё! Хацеў ён сказаць, але ў час стрымаўся.

Ціха было ў небе, усе прыслухаліся, як пісар чытаў:

«...І быў Анупрэй заўсёды спакойны, паслухмяны, не краў, не сварыўся. Усе яго крыўдзілі, а ён маўчаў... Чужы хлапец краў яблыкі з панскага саду — лупцавалі Апупрэя... Самыя цяжкія работы загадвалі рабіць Анупрэю… Анупрэю на палудзень хлеба не давалі, Анупрэй вячэру прапусціў, Анупрэй маўчаў, калі яму балела. Не пажаліўся ён і тады, як хатка яго згарэла... Ніхто не ведаў, калі яго сямейка душылася посным шчаўём без хлеба... У каго каня ўкралі — у Анупрэя. У каго кароўка здохла — у Анупрэя. У каго воўк авечак пабіў — у Анупрэя... Каго ў воласць на работу выправілі — Анупрэя. Дрэнна жылося яму, а ён нават баяўся самому богу пажаліцца на гаротнае жыццё сваё... Баяўся, бо благія людзі надта напужалі яго... баяўся, бо ўсе з яго смяяліся і ён думаў, што і ў бога ён горшы за ўсіх... Не плакаў ніколі: я горшы за ўсіх — думаў ён... Тапталі твар яго гразнымі ботамі, здзекваліся над ім... Часам кроў з вачэй лілася, сэрца было ранена, твар скрыўлены быў ад страшэннай болі, а ён маўчаў, бо што ж,— думаў ён сабе,— ці я маю вартасць якую, каб мяне шанавалі?.. І да апошняй мінуты ён аб сваёй крыўдзе нікому слаўца не сказаў і гэтак богу душу аддаў...»

Змоўк пісар.

— Сынок мой! — прашаптаў бог, і шэпт той чуцен быў з аднаго канца свету да другога канца, і добрыя вочы божыя напоўніліся слязамі.

— Сынок!..— прагаварыў ён гэтак жаласна, што нават сам Анупрэй чуць не заплакаў з жалю...

Усе святыя плакалі, а пісары і пісарчукі тыя то ўжо даўно ў рукавы смаркаліся.

І лёгка зрабілася Анупрэю па душы, нават лягчэй, чым тады, калі ён раз дасыта абаранкаў наеўся...

— Першае месца паміж святых займаеш, Анупрэй!..— сказаў бог.— Скажы, Анупрэйка, чаго яшчэ хочаш, дамо!

Анупрэй толькі патыліцу чухаў. Неяк ён усё сваё жыццё маўчаў, ажно язык яго зрабіўся быццам пяціпудовая вага...

— Кажы, кажы! Не бойся! — казаў бог.

— Дзякую, божухна, за ўсё! — асмеліўся адказаць Анупрэй.— Але калі ўжо гэтак, дык загадай Сорцы, каб яна кожную раніцу давала мне чарку гарэлкі і селядзец!..

Апусціў галаву бог. Спахмурнелі святыя.

— Ці ты здурнеў?..

— Ці ты ачмуцеў?..

Шапталі яму пісары і падпіскі. А чэрці ў пекле, пад ісподам, страшэнна рагаталі…

………………………………………………………………………………………………...

Прачнуўся Анупрэй з пераляку з туманам у мазгах ад учарашняй выпіўкі. Вогнішча даўно пагасла. Пад высокай сасной закаркалі вароны, і недзе далёка ў вёсцы забрахалі сабакі.

Анупрэй пацягнуўся раз, другі і, устаўшы, спіхнуў човен у ваду і паехаў вытрасаць венцяры.


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 57-60
Крыніца: скан