epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Сорам

І
ІІ
ІІІ
IV
V


 

І

Ігналю не спалася. Кідаўся з боку на бок, круціўся пад дзіравым кажухом, як непрытомны, і не мог заснуць. Думкі блыталіся ў галаве сярод цішы ночы і, як куслівыя авадні, не давалі чалавеку супакою. Ігналя ляжаў і стараўся прыпамінаць, якую гэта асабістую непрыемнасць ён у мінулы дзень перажыў, якую злыбеду, што вось душыць яго і цяпер, і давай, як па кнізе, чытаць хроніку пройдзенага дня ад самага рання.

Жонка, хмурая і злосная, круцілася каля прыпечка, хацела зварыць штосьці на снеданне і нічога не зварыла, бо пачалася заўсягдашняя лаянка. Яна яго, Ігналю, прабірала, як заўсёды, за яго абібоцтва і нядбаласць у гаспадарцы. Гэта раз. Потым яна так разгарачылася, ажно засапела, як кавальскія мяхі, пачырванела, вочы наліліся крывёй, і яна, адзічэлая, схваціла вілачнік і кінулася на яго. Ён, нічога не кажучы, выскачыў з хаты, як ашпараны варам. Гэта два. Потым ён швэндаўся па вёсцы, не маючы, дзе дзецца. Людзі з яго смяяліся, што ён баіцца жонкі, як агню. Яна яго лупцуе, апрача таго, абманвае яго з Цыпруком, з якім часта валачэцца ў лес. Гэта тры. Ад гэтых кпінак людскіх яму вельмі прыкра рабілася: ён злаваўся на ўвесь свет і на самога сябе, але, сцяўшы зубы, маўчаў і не адгаркваўся на прыкрыя вострыя слоўцы суседзяў. Яму сорамна было за свой чалавечы гонар, за сваю нікчэмнасць і няздатнасць.

— Чаму я такі? — думаў Ігналя.— Людзі і яе больш зямлі за мяне маюць, а лепш жывуць. У іх хаты агледжаны, скаціна ў парадку; ёсць і харчы для сябе і корму для жывёлы, а ў мяне вецер свішча па ўсіх вуглах. Чаму так?

І сорамна яму зрабілася: гэткія рукі, гэткія ногі і такая ж галава ў яго, як ва ўсіх, але ў яго нічога не выходзіць. Яму не шанцуе. І здалося яму, што ўвесь свет смяецца з яго: усё, што ён бачыць вакол сябе: неба, сасонкі на гародзе і закарэлы снег на вуліцы — кпяць з яго, глядзяць на яго тысяччу вачамі, гэткімі кплівымі, як у Цыпрука, які жыве з яго, Ігналёвай, жонкай. Кпяць з яго моўчкі, пастаянна кпяць дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам. А ён? Ён, як асалавелы, глядзіць на ўвесь свет ад самага маленства. Работа валіцца з рук, і ўсё ў хаце псуецца, марнуецца з таго часу, калі стары бацька памёр. І нібыта нават жаданняў няма ў яго душы да старання. І нібы спрасоння глядзіць ён на цэлы свет, і, нават, злосць яго не бярэ на Цыпрука за тое, што той жыве з яго, Ігналёвай, жонкай.

Ігналя зазлаваўся на самога сябе за тое, што ў яго злосці не было на іншых людзей. Злавацца на самога сябе ён яшчэ час ад часу мог.

Сціснуў кулакі, насупіў бровы, зморшчыў лоб у гармонік і марматаў сабе пад нос:

— Ліха на мяне! Ліха на мяне! Ліха на мяне!

Марматанне мацнела з кожным разам. Ён стаў сярод вуліцы. Цела напружылася, ногі цвёрда стаялі, укапаўшыся ў снег, ён іх так моцна выпрастаў, ажно жылы забалелі і дыханне ў грудзях сперлася. Але доўга не мог вытрымаць гэткай натугі: пачаў і целам, і думкамі слабець, як спружына, якая, пасля націску, адпускаецца назад. І марматанне яго з кожнай хвіляй зноў слабела.

— Ліха на мяне! Ліха на мяне! Ліха на мяне! — шаптаў ён усё цішэй і працяжней, нібы калёсы, якія коцяцца самі пасля вялікага разгону, і імпэт іх слабее з кожнай хвіляй.

— Го-го-го! — пачуў ён рогат вакол сябе.— Глядзіце, добрыя людзі! Ігналя звар’яцеў, дальбог, звар’яцеў!

Тут Ігналя схваціўся, як бы ад цяжкага сну, азірнуўся,— ажно вакол яго стаіць грамада людзей. І якія ў іх кплівыя вочы, усмешліва-здаволеныя твары... ажно ў яго грудзях нешта хруснула ад болю; увесь ён пакрыўся потам не то ад крыўды, не то ад сораму — і наўцёкі!

Ён уцёк ад вясёлай кампаніі, якая нешта шумела, галдзела і смяялася. Не прыслухоўваўся да людской гутаркі: страшна было прыслухоўвацца. Ён уцякаў, як ад пошасці, як ад дзікіх звяроў. Уцякаўшы, не чуў пад сабою ног. Нібы ў паветры насіўся. Ачухаўся толькі ў сваім хлеве. Ён стаяў прыпёрты да сцяны і моцна сапеў. І было ў яго душы тады гэткае адчуванне, нібы яго аплюхалі слізкай цеплаватай жыжкай, нібы ён задыхаецца ад гэтай жыжкі: яна папала яму ў рот, у нос, у вушы і абляпіла ўскалмачаныя валасы.

Яшчэ цяпер, уночы, успамінаючы аб гэтым ў сваёй хаце, яму робіцца моташна і нешта ссе ў грудзях.

Потым ён троху супакоіўся. Стоячы ў хлеве з паўгадзіны, ён пачаў азірацца па баках. Цемнавата было ў хлеве. Павуціна плялася ад бэлькі да бэлькі, а праз шчыліны прабіваліся сонечныя праменні, якія залацістымі пасамі прарэзвалі змрок. У загарадцы збоку стаяла рабая худая кароўка. Моўчкі жавала сваю жвачку, стоячы ля пустой загарадкі ў рэдкім гнаі. Час ад часу карова жаласліва мычэла з голаду, адварачвала галаву і пазірала на яго з дакорам. І нібы слёзы стаялі ў яе рахманых вачах.

Нешта кальнула тады Ігналю ўнутры:

— Нават і саламяная сечка скончылася...

З другога боку ў хлеўчуку стаяла пярэднімі нагамі ніжэй, а заднімі вышэй старая лысая кабыла. Колькі разоў яму жонка гаварыла падраўняць гной у хлеве, а ён усё адкладваў. Колькі разоў уночы кабыла закідвалася і чуць не задушвалася, а ён не звяртаў увагі. Кабыла стаяла, апусціўшы галаву, і нібы глядзела ў нейкую глыбокую процьму, куды збіралася скокнуць. Вочы яе былі мутныя. Кабыла думала сваю цёмную, цяжкую думу. Ігналю здавалася, што ў цішы яна зараз загавора да яго аб сваім голадзе. Падышоў да кабылы і пачаў яе гладзіць па сухіх выпуклых рэбрах. Але яна не прыняла яго ласкі, падняла голаў, павастрыла вушы і давай сцёбаць хвастом па баках, як бы адганяючы заядлую муху. Ігналя на яе не зазлаваўся за непрыхільнасць да яго, толькі яшчэ большы жаль яго агарнуў. Нешта сашчамілася ў грудзях, нешта гарачым комам стала ў горле; ён імпэтна абхваціў голаў кабылы каравымі рукамі і заплакаў. Лягчэй зрабілася; абяцаў кабыле надалей быць добрым гаспадаром, каб ёй, гаротніцы, болей галадаць не прыходзілася.

 

ІІ

Як спыніўся Ігналя пры гэтым апошнім успаміне мінулага дня, дык ужо аб нічым іншым думаць не мог. Галодная кабыла і кароўка не выходзілі з галавы.

— Што яны, бедныя жывёліны, вінаваты ў тым, што я такі нікчэмны чалавек? За што ім галадаць?

Гэта ж не людзі, яны жаліцца і прасіць яды не стануць. Маўчаць і маўчаць, і глядзяць галоднымі, мутнымі вачамі вакол сябе...

Іхняя маўчанка яшчэ болей разварушыла Ігналю. Каб яны гаварылі так, як яго жонка вечна меле языком, дык тады мо б гэта яго не абышло. А то маўчаць. Яму здавалася, што каб яны хацелі, дык і загаварылі б, ды яшчэ якой мовай! Кожнае слова рэзала б яго сэрца, як нажом, калола б, як ражон, толькі вось шкадуюць яго, Ігналю... І чатыры гаварлівыя без слоў вочы яго маўклівых двух жывёлін так і глядзелі на яго з усіх цёмных шчылін убогай, пустой хаткі... Ігналя плюшчыў вочы, кутаўся пад кажухом. Тады галодныя вочы жывёлін, як бліскучыя арэхі, як срэбныя слівы, лезлі да яго пад кажух, датыкаліся лба і сваім холадам гарачылі яго цела, сваёй гарачкай кідалі яго ў дрыжаку, барабанілі ў мозг, як буйны, гарачы вуглёвы град. Ігналя стагнаў, корчыўся, халодным потам абліваўся, але, нарэшце, не вытрымаў, ускочыў са свайго ложка.

Упоцемках ён ціхенька абуў лапці, накінуў кажух на плечы, надзеў шапку на галаву і, прыслухоўваючыся да здаровага, роўнага храпення сваёй жонкі, выйшаў з хаты. У сенцах узяў пусты мяшок, які ляжаў на кубле, і высунуўся на двор.

Было за поўнач. На дварэ стаяла імгла. Шэры снег аддаваў пахам прадвясенняй вільготы і свежым гноем. Ігналя некалькі хвілін стаяў, як бы разважаючы аб нечым, потым цвёрдым крокам падышоў да хлява і стаў ля варот.

— Што робяць жывёлы?

Рыкнула карова і заіржала кабыла: пачулі свайго гаспадара ля варот. Гэта кранула такія струны Ігналёва сэрца, ажно ён, як вар’ят, схваціўся за галаву. Вялікая рашучасць выявілася ва ўсім целе, ва ўсіх рухах. Ён цвёрда і смела выйшаў на вуліцу, размахваючы рукамі. Азірнуўся па баках і пайшоў уздоўж вуліцы да канца вёскі.

— Я тут не вінават,— разважаў ён сам з сабою:— не мне карысць з гэтага. Усё роўна карова не дае малака, а на слабой і старой кабыле нават у лес па дровы не паедзеш. Але не магу далей цярпець... Толькі ў каго? У якога гаспадара ўкрасці мяшок сена?.. Ды не красці, а проста так вазьму, а ўлетку, у час сенакосу, уночы, каб не ведаў ніхто, аднясу назад да яго копнаў, і дзела будзе шыта і крыта, і сумленне будзе чыстае. Толькі да каго ісці? Пайду да Марціна. Яго сенакос за рэчкай мяжуецца з маім логам. Адкіну яму летам пару ахапкаў сена,— і нічагуткі. Так пазычаць у каго-колечы ўдзень, дык ужо ніхто не дасць. Учора адмовіліся. А жывёліны цэлыя суткі галодныя стаяць.

Ігналя хлюпаўся ў сваіх атопках сярод вуліцы, дзе ў глыбокіх калдобінах стаялі лужыны. Потым ён пайшоў агародам нацянькі, не разважаючы нават аб тым, што сляды застануцца свежыя і яўныя ў гладкім снезе...

Дзесьці забрахаў сабака, заспяваў певень. Жудасна зрабілася Ігналю і не па сабе. Ён прыстанавіўся, прытаіўся і пачаў пільна азірацца вакол.

— А ўсё ж такі я іду ўкрасці... першы раз у жыцці...

Холад агарнуў чалавека.

...Эт! Нічога не зробіш.

Як усё супакоілася, ён пацягнуўся далей. Трапіў адразу да пуні Марціна, якая стаяла на гумне, далёка ад хаты і хлявоў. На варотах вісеў маленькі замочак. Тут ужо Ігналя ні аб чым не думаў, нават не аглянуўся па баках. Пакруціў замок туды-сюды, і слабы замок, які бараніў дабро толькі ад сумленных людзей і вісеў так сабе, на пострах, адламаўся.

Ігналя нават не спадзяваўся, што так лёгка гэта яму ўдасца. Ён пачаў адчыняць вароты, каб не рыпелі. Ён аж язык выставіў ад унутранай натугі. Яму трэба было адкрыць такую шчыліну, каб толькі цела яго праціснулася. Гэта рабілася ў яго так асцярожна і ціха, як бы ён пападаў на спячага чалавека, каб зарэзаць яго. Ён сам дзівіўся, што нічога не чутна — не скрыпяць вароты Марцінавай пуні, якія, як яму вядома, заўсёды заводзяць сваю музыку. Вароты нібы анямелі, і шчыліна шырэла і шырэла цёмным ценем, нібы адчыняўся змрочны дол магілы...

Ігналя ўлез у пуню і памалу зачыніў за сабою вароты. Зусім цёмна было вакол. Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос,— такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Ад прыемнага паху ён ажно вочы заплюшчыў. Так даўно ў сваёй пуні Ігналя не чуў гэтага паху, што ён здаўся чалавеку яшчэ болей прыемным, болей смачным, чым заўсёды.

Ігналя кінуў мех на зямлю і даваў шарыць рукамі: наткнуўся на сена. Яму здалося, што зараз сам возьмецца есці гэтае сена — і сапраўды ўзяў у губу некалькі каліваў і пачаў жаваць. Потым схваціўся, што не для сябе бярэ, а для жывёліны: плюнуў і выпрастаўся. Тут ён успомніў, што кінуў мех на зямлю. Запаліў запалку, знайшоў мех, плюнуў у руку, загасіў у сліне запалку і ўрэпіўся зубамі ў край меха, прытрымліваючы яго левай рукой, а правай пачаў пхаць сена ў мех. Рухі ў яго рабіліся пры гэтым хуткія і старанныя. Сена шастала пад яго рукамі... Гэты шаст аддаваўся ў яго вушах вельмі прыкра. Ён стараўся як найхутчэй напхаць мех, шаст сухога сена пры гэтым павялічыўся, глушыў мазгі. Здавалася, што сена жывое і сіплівым голасам шэпча:

— Не чапай мяне, бо я чужое, чужое, чужое...

У Ігналя сэрца забарабаніла.

Раптам ён пачуў галасы. Людскія галасы непадалёку ад гасцінца. Ці мо здавалася? Ігналя перастаў працаваць і пачаў прыслухоўвацца. Сэрца так стукала, што ён думаў, нібы гэта нечыя ногі тупаюць каля пуні. Але вось яўна і выразна пачуў гутарку двух людзей. Дзівіліся яны, што ў Марцінавай пуні вось бліснуў агонь і раптам згас.

— Так позна гаспадар не мог капацца ў пуні.

— Або злодзей, або нечысць нейкая.

Ігналя нават пазнаў, чые галасы. Гэта суседзі: Арцём з Міхалкам. Яны якраз, як прыпомніў ён, пайшлі сягоння на кірмаш у мястэчка і вось варочаліся дахаты. Ён застыў на месцы ад спалоху. Зуб аб зуб заляпаў. Калені задрыжэлі. Як бы прырос да зямлі. Не мог крануцца з месца.

А галасы раслі і раслі. Людзі падыходзілі бліжэй...

— Прапаў я, злітуйся, божанька!..

Кінуўся непрытомны ў сена каля сцяны і давай зарывацца, шэпчучы: «Ліха на мяне!» Зарыўся ў сене і ўсё шчыльней заплюшчваў вочы: ён сніць нешта страшнае. Зараз сон міне...

 

ІІІ

Тым часам Арцём і Міхалка падышлі да пуні. Ігналя добра чуў. Ён у гэты момант прасіў у думках сваіх бога, каб учыніў над ім цуд: каб ён, Ігналя, зрабіўся маленечкі, як муха, як рабачок, як пыліначка, каб мог улезці ў шчыліну сцяны і схавацца так, каб яго і сам чорт знайсці не мог.

— Хто тут? — крыкнулі Арцём і Міхалка, скрыпнулі варотамі і ўвайшлі ў пуню. Яны запалілі запалку і пачалі азірацца.

— Ці не ўцёк, гад, бо яго не відаць,— казаў Арцём, запаліўшы другую запалку.

Яны палілі запалку за запалкай, злаваліся, што запалкі псуюць і пальцы смаляць, пакуль не знайшлі мех, напалову напханы сенам, і каля сцяны — шапку.

— Гэта ж Ігналева шапка! — крыкнулі яны ў адзін голас, — Ігналева шапка!

Ігналева шапка была вядома па ўсёй ваколіцы. Яна, калісьці, як яе насіў яшчэ Ігналеў бацька, Макар, была баранкавая, але ад доўгіх гадоў аблезла, зашмальцавалася, як бы дзёгцем абмазаная, і да гэтага яшчэ ўся парвалася, і вата вылазіла паверх шматамі. Па ўсёй ваколіцы, калі хацелі каго колечы вылаяць, дык гаварылі: «аблуплены, як Ігналева шапка», «страціў фасон, як Ігналева шапка», «вымазаўся, як Ігналева шапка», або: «француза ў нашай вёсцы помняць толькі двое: сталетні дзед Тодар і Ігналева шапка». Шапка карысталася вялікай славай.

— Ну, шапка, дзе твая галава? — крыкнуў Арцём.

— Ігналя, дзе ты? — крычаў Міхалка.— А д’ябал яго ведае, дзе ён тут схаваўся.

— Вось ён які спрытны! — сказаў Арцём.

Міхалка вылаяўся брыдкім словам і крыкнуў:

— Вылазь, злодзей, а то жывога не выпусцім! Не хватала яшчэ, каб злодзеі завяліся ў нашай вёсцы.

— Ліха на мяне! Ліха на мяне! — бурчэла нешта з-пад сена, нібы само сена гэта гаварыла, або нейкі злы гуменнік, які тут сядзіць. У сене заварушылася. Паказаліся Ігналёвыя атопкі, ногі. Ігналя, стогнучы і мармочучы, вылез.

Сена выплюнула непрыстойнага свайго ворага, радзіла чалавека. Ігналя стаяў перад суседзямі.

— А, суседзі, а родненькія, пашкадуйце! — залямантаваў ён.— Дальбог, у першы раз...

— Ды ты, чалавеча, шапку забыўся. На, маеш сваё дабро! — сказаў Арцём.

Ён так моцна насунуў шапку на галаву Ігналі, што той аж падсеў, сагнуўся.

— Ну, ідзем у хату! Жыва! — крыкнуў Міхалка. Вывелі Ігналю з пуці.

— Пашкадуйце! — плакаў і стагнаў Ігналя.

— Злодзея шкадаваць не трэба! — зашыпеў злосна Арцём.

— Во і замок зламаў! — сказаў Міхалка і падаў замок, які ляжаў ля варот.

— Гэй, зладзюга!

Міхалка ўдарыў Ігналю замком пад бок.

— Мы табе пакажам!

Ігналя застагнаў. Рукі ў яго павіслі, як анучы. Ён ішоў па сцежцы паміж Арцёмам і Міхалкам, як арыштант.

— Хлюп! Хлюп! — гаварылі яго мокрыя дзіравыя атопкі: скардзіліся на гаспадара свайго, што павёў іх па кепскай дарозе. А ў Ігналі думкі блыталіся, як спуджаныя птушкі, кіраваліся да адной мэты. Ён пачуў у душы сорам, такі вялікі, страшны сорам, ажно млосна рабілася, у вачах зялёныя кругі стаялі. Незвычайнай штукі зажадалася яму: каб адчынілася зямля і каб яго, Ігналю, жывога глынула, каб ён болей свету-сонца не бачыў. Або няхай лесвіца спусціцца з неба ўніз да самых ног яго. Ён бы тады карабкаўся ўверх па гэтай лесвіцы вышэй за воблакі, вышэй за зоркі. Карабкаўся б угару, угару... Так усё жыццё, усю адвечнасць і біўся б галавой аб лесвіцу, каб заглушыць адно прыкрае слова, якое звінела ў яго вушах.

«Злодзей».

Ён прасіў літасці, каб вецер-буралом развеяў яго, Ігналю, у пясок, у попел, каб ад яго не засталося ніводнай костачкі, ні валасочка...

Захоплены гэтымі думкамі, ён не прымеціў, як яго ўвялі ў Марцінаву хату. Нічога не зразумеў, не бачыў, што вакол яго голасна гаварылася і рабілася. Ні дзеля яго падняўся такі гармідар. Ачухаўся толькі тады, як у хаце запалілі газніцу.

Прачнуліся ўсе хатнія і пачалі з дзівам і злосцю аглядаць Ігналю, нібы бачылі яго ў першы раз. І вочы, і нос, і твар, і постаць яго былі для ўсіх незнаёмыя. Увесь выгляд яго змяніўся. Валасы скалмачаныя, у сене. Да парваных вопратак прыстала космамі сена. Ён напамінаў калматага дамавіка, лесуна або вадзяніка, якіх калісьці малявалі ў казках.

Зусім не Ігналя. Не той ціхі, маўклівы, нязграбны і неадважны чалавек, які ніколі ў сваім жыцці і муху не зачапіў. Гэты ўчынак адкінуў яго ад людзей на вялікую далечыню, на бязмерную глыбіню, адрозніў яго ад іх.

«Злодзей» — насілася страшнае слова вакол яго.

«Злодзей» — гаварылі ўсе на розныя лады — гнеўна, з крыўдай, з жалем, кпліва і голасна, і шопатна.

«Злодзей, злодзей, злодзей» — чуваць была дзікая музыка.

«Злодзей» — вісела ў паветры нямое гадлівае слова. Яно агністым знакам прыстала да яго постаці і ніколі, ніколі не адстане... Людзі не забудуць... Будуць расказваць па ўсёй ваколіцы, на ўсе лады, з рознымі дадаткамі, з гучнымі дамаляваннямі, з прыкрай брахнёю. Будуць апавядаць у будні дзень, у святочны, на кірмашах, на сходах. Будуць усе дзівіцца, ківаць галовамі, смяяцца, шкадаваць, гневацца. Ігналю нідзе праходу не дадуць. Куды б ён ні пайшоў — усюды будуць на яго пальцамі тыкаць, паказваць:

«Во — злодзей, злодзей...»

Вакол яго будзе відушчы смаляваны арэол надмернага сораму, якога не змыеш ні ў якай вадзіцы. Ніякія дактары лекамі, ніякія варажбіты замовамі не адымуць у яго гэтага сораму.

Ігналя будзе ўцякаць ад свайго смяртэльнага ворага — сораму, а сорам гэты будзе заўсёды, як цень, як кажанныя скрыдлы, тырчэць за яго плячамі... Як Ігналя пусціцца наўцёкі, дык сорам загародзіць яму дарогу, вышчарыць зубы, зарагоча, як нячысцік, і скажа:

«Я тут! Я з табою, не вырвешся ад маіх лап!»

І гэтак да смерці... А калі Ігналя памрэ, дык сорам яго ўсё роўна жыць будзе. Сінім аганьком будзе вартаваць яго магілу. На Ігналевых хаўтурах будуць аб гэтым гаварыць. Унукам і праўнукам будуць расказваць. Гэты сорам застанецца на ўвесь яго род.

Добрая памятка забываецца, а кепская — ніколі, ніколі.

Такога кшталту думкі, толькі ў заблытанай форме — няясныя і путаныя — таўкліся ў гэты час у галаве Ігналі. Ніколі ў жыцці гэтак мозг яго не працаваў, як цяпер. А яго вусны шапталі пры гэтым бесперастанку:

«Ліха на мяне! Ліха на мяне! Ліха на мяне!»

Гэтыя словы яшчэ болей злавалі людзей у Марцінавай хаце.

 

IV

Урачыста падвялі Ігналю да стала. Паставілі яго, як драўляную нежывую фігуру з апушчанай уніз галавой. Урачыста палажылі паламаны замок на стол, пасля чаго расселіся з нейкай павагай і цырамоніяй. Урачыстасць і цырамонія перад страшным судом над Ігналем.

— Г-м-м! — сказаў Арцём,— дараваць нельга.

— Г-м-м! — сказаў Міхалка,— трэба яго судзіць.

— Гэта ж першы раз, пані дабрадзееньку,— вытлумачыў сам гаспадар Марцін,— можа, падаруем, га?

Мяккая, добрая нотка чулася ў гэтым «га» з запытаннем. Злосць у Марціна адпала.

— Дараваць! Дараваць! — загаварылі ўсе хатнія.

Арцём з Міхалкам заартачыліся.

— Ты баішся, каб са злосці Ігналя потым цябе не падпаліў? — запытаўся Арцём.

— Думаеш, што ён потым табе адамсціць? — казаў Міхалка.

— Не, пане дабрадзееньку, нічога не думаю. Але вось гэта ж першы раз. Ён болей чужога чапаць не будзе. Падаруем, га?

— Га, га,— перадразніў Арцём.— Ды ты, Марцін, дурны, як цецярук! Вось дзеля гэтага, што ў першы раз, дык і дараваць нельга. Калі цяпер пакараем, дык ён дзесятаму закажа не красці, а падаруем, дык выгадуем новага злодзея на пагібель нашай ваколіцы. Пачаў з сена, а потым коней будзе выводзіць з нашых хлявоў.

— Нельга, нельга дараваць сукінаму сыну! Гэта ж асмяюць нас усе! Гэта ж крымінал! — гарачыўся Міхалка.— Гэта ж потым яшчэ нас да суду пацягнуць, як даведаюцца! Гэта ж быў крадзеж са ўзломам. Гэта ж ён во — замок паламаў!

Ад злосці Міхалка моцна стукнуў кулаком аб стол. Замок падскочыў і зазвінеў: адазваўся.

— А праўда, пане дабрадзееньку, праўда! — згадзіўся Марцін.— Гэта ж са ўзломам. Чаму ты гэта зрабіў са ўзломам, Ігналя, га?

Мудронае «са ўзломам» пераканала раптам і Марціна ў вялікай праступнасці Ігналі, якая ніякім чынам не можа быць падаравана. Яму ўспомніліся розныя суды за зладзействы ў ваколіцы, на якіх за «ўзлом» строга каралі астрогам! Калі бываў «узлом», дык земскі начальнік надта рэдка змякчаў гэты «ўзлом» звычайным хабарам і лапоўкай. Хабар павінен быў быць шчодрым.

— Са ўзломам...— паўтарыў Марцін і ад малой злосці перайшоў у вялікі гнеў.— Што ж ты гэта нарабіў, Ігналя? Скажы, пане дабрадзееньку, га? Што нарабіў? Злодзей ты! Злодзей са ўзломам! Зладзюга-а-а...

Марцін стукнуў кулаком аб стол. Замок зноў адазваўся гнеўным звонам.

Кожны раз, як кулак удараўся аб стол, агонь газніцы дрыжэў, мільгаў; дрыжэлі цені на сценах: уся хата гневіцца на злодзея.

Вочы ўсіх утаропіліся, упіліся ў «зладзюгу». У кожнага ў душы адбіваўся асабісты страшны вобраз яго. Не Ігналя, а нейкі звер — не звер, а людаед — не людаед. Нешта надзвычайна нялюдскае і агіднае.

Ігналя і шаптаць перастаў. Яшчэ ніжэй апусціў галаву, акамянеў, адубеў.

Настрой у людзей быў падняты не на яго карысць.

— Зладзюга, пане дабрадзееньку, што ж ты нарабіў? — гарачыўся Марцін.— Глядзі во, на замок глядзі...

Марцін тыцкаў яму замком у твар.

— Глядзі.

І тое, што Ігналя ні разу не глянуў на замок, Марціна яшчэ горш злавала. Ён пачаў кулаком правай рукі падымаць знізу ўверх за бараду голаў Ігналі, левай рукой тыцкаў замком у самыя вочы.

— Глядзі!

Ігналя так моцна ўціскаў галаву ўніз, ажно зубы ў яго скрыпець пачалі, твар крывёй наліўся. Аднак жа Марцін рвануў яго голаў уверх. Ігналя пачаў коса круціць зажмуранымі вачамі па баках, зрэнкі яго пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Страшным зрабіўся...

— Не гаварыць з ім, не дурачыцца, а звязаць ды ў воласць адправіць! — грымнуў Арцём.

— Вязаць! Вязаць! Во, гэта — дзела! — згадзіўся Міхалка.

— Наста, дай лейцы сюды! — захрыпеў Марцін.

— Ідзі сам бяры! — сказала яго жонка Наста.

Дзеці ад страху пахаваліся па кутах.

Марцін выйшаў у сенцы. Прынёс адтуль лейцы, валок іх па зямлі, як даўгую вужаку. Трое разгарачаных людзей падышлі з імпэтам вязаць чалавека, які ледзь жывы стаяў ля сцяны. Адвялі Ігналю на сярэдзіну хаты і сталі вакол яго. Ніхто з іх гэткай работай ніколі не займаўся. Не ведалі, як яго вязаць. На гора, яны і звязанага чалавека ніколі не бачылі, толькі чулі, што злодзея трэба вязаць.

Марцін трохі зморшчыў лоб і глянуў у кут наверх, дзе ў яго віселі «святыя» абразы. Ён успомніў пра бога ў гэтую хвіліну, успомніў, як «сына божага» вялі на Галгофу звязанага. Вось у куце вісіць абраз: легіянеры рымскія вядуць звязанага Хрыста, а за ім натоўп дзікіх людзей бяжыць. Мадэль ёсць! У бога рукі вісяць на голых баках, а вяроўка абкручана вакол некалькі разоў.

«Во, як трэба вязаць, пане дабрадзееньку!» — падумаў Марцін. Сарваў з Ігналі кажух і пачаў абкручваць яго вяроўкай. Ён некалькі разоў абыходзіў вакруг Ігналі.

Гэта рассмяшыла Арцёма і Міхалку.

— Кінь, Марцін... І так не ўцячэ,— казаў Міхалка.

— Мы яго лепей сваім судом,— адсцёбаем гэтымі лейцамі, і годзе. Ён болей красці не будзе.

 

V

— Сваім судом... лепей сваім судом, братцы...— замармытаў раптам сам Ігналя замагільным голасам.

— Што ж, пане дабрадзееньку, няхай будзе сваім судом! — згадзіўся Марцін і пачаў адкручваць вяроўку, дзеля чаго яму прыходзілася зноў прайсці свой танец вакол Ігналі, але ў адваротны бок.

Тут толькі «суддзі» дзівіліся, чаму яны не пачалі з гэтага. Здаецца, рэч такая простая: злавіў злодзея — бі і не шкадуй.

— Лажыся! — закамандаваў Марцін,— і, пане дабрадзееньку, кашулю падымі: трэба «па-настаяшчаму». А вы, хлопцы, будзеце яго трымаць за рукі і за ногі.

Ігналя слухмяна лёг на падлогу тварам уніз і падняў кашулю. Арцём і Міхалка ўзяліся яго трымаць за рукі і за ногі. А Марцін падняў лейцы...

Ігналя ляжаў на зямлі. Жоўтай плямай вызначаліся яго худыя голыя плечы і паясніца, якая мела на сабе цёмны, брудны след ад пояса вакол усяго цела. Дрыжэла голае цела чалавека. Кожную жылку перабіралі дрыжыкі.

— Хутчэй, хутчэй! Раз, два, тры! — закамандавалі ў адзін голас Арцём і Міхалка.

Марцін пачаў «караць»...

І чым болей ён біў, тым болей яшчэ біць хацелася. Ігналя ціха войкаў. Жонка і дзеці Марціна плакалі, прычытвалі.

Жонка Марціна ледзь адарвала мужа ад Ігналі. Арцём і Міхалка таксама адскочылі ўбок, бо Марцініха абліла іх халоднай вадой.

Хутка ўсе ачухаліся. Ім было сорамна, нялоўка глядзець адзін на аднаго. Да Марціна звярнулася яго звычайная дабрата.

— Ну, пане дабрадзеенька,— звярнуўся ён да Ігналі звычайным голасам без злосці,— шкада мне тваіх галодных жывёлін; яны ж не вінаваты, што ў іх кепскі гаспадар. Мех сена ты занясі дахаты. Увосень аддасі.

Ужо неба пачало шарэць, як Ігналя валок дахаты ёмка напханы сенам мех. Гарачка пранікла ўсё яго цела. Нейкі салона-горкі пах прыстаў да яго поса. Ён уцягваў у сябе свежае паветра вільготнага прадвясенняга снегу, круціў галавой, хацеў адтрасці ад сябе гэты прыкры пах — і не мог. Ён ні аб чым не думаў, толькі вялікі гнеў панаваў у яго душы на самаго сябе.

— Ліха на мяне! Ліха на мяне!

Не чуў, як ногі глыбока ступалі па калдобінах, як хлюпалі парваныя атопкі. Не бачыў, як сена сыпалася ва ўсе бакі, пакідаючы за сабою па Ігналевых слядах адзнакі вечнага вялікага сораму.

Чым бліжэй Ігналя падыходзіў да сваёй хаты, тым рухі яго рабіліся цяжэйшыя, тым марудней ён ступаў, тым мацней сапеў пад цяжарам сваім.

— Ліха на мяне!

Кінуў раптам мех з сенам у лужыну, прытаптаў нагою і пайшоў паволі дахаты з пустымі рукамі...


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 188-200
Крыніца: скан