epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Спатканне

(Бязмерны абшар. Шлях асвячаецца далёкімі пажарышчамі. Грымяць гарматы. Ідзе, згорбіўшыся ў тры пагібелі, дзядуля — Стары год. Стаіць яму на спатканні стромкі малады дзяцюк — Новы год.)

 

Стары год. Вось, як той кажа, і канчаю жыццё сваё! Глыбокія раны пакрылі ўсё цела маё... вочы мае аслеплі ад слёз крывавых... дыхнуць не магу ад безупынных стагнанняў, валасы мае вылінялі, вушы аглухлі ад грымотаў смерці... О, як я рад, што час супачынку падыходзіць, бо нялюба мне жыць было!..

Новы год. Дзень добры, дзядулька! А які ж ты страшны! Ці гэтак дрэнна жыць на свеце?

Стары. Так, так, кепскія часы, сынку мой!

Новы. Як ты цярпеў, відаць; я бачу ў цябе сляды вялікіх пакут... бязмернага гора!..

Стары. Але, але, сынку мой, ніколі свет не бачыў гэткіх рабункаў, як пры мне!..

Новы. Як я палохаюся!.. Што ж мне трэба будзе рабіць?

Стары. Пайсці далей па гэтаму старому шляху...

Новы. А што мяне чакае?

Стары. Шмат, сынку, пытацца любіш. Сам пабачыш.

Новы. Як я палохаюся!

Стары. Эт, глупства! Тое, што прайшло,— ужо няма, а што павінна быць — усё роўна будзе!

Новы. А хто мой шлях будзе асвячаць?

Стары. На ўсходзе неба ёсць ясная зорка,— яна заўсёды ўсім братам нашым на сам пачатак дарогу паказвае.

Новы ( усцешыўшыся ). Зорка, кажаш? На ўсходзе?!

Стары. Але! Яна калісьці вяла волхваў да крыніцы дабраты вялікай.

Новы. Што гэта — «вялікая дабрата»?

Стары. Сам я гэтага не бачыў, але кажуць, што гэта — шчасце людское, што гэта — сонца жыцця.

Новы. А зорка давяла волхваў да таго сонца жыцця?

Стары. Яны ў сне толькі бачылі гэта, але...

Новы ( устрывожана ). Што — «але»?

Стары. Але і цяпер яшчэ шукаюць...

Новы. А хто гэтыя волхвы?

Стары. Гэта — людзі, каторыя галовамі сваімі ўпіраюцца ў самае неба, а ступнямі капаюцца глыбока ў зямлі. Вакруг іх ззяюць праменні думак вялікіх, а ў іх сэрцах шыпяць тыя старадаўнія змеі грахаводства. Ніколі не могуць яны падзяліць паміж сабою багатага скарбу зямлі... Робяцца яны тымі пасынкамі Адама, каторыя прабіваюць сабе дарогу ў жыцці клыкамі і кіпцямі...

Новы. О! Якое гэта будзе маё жыццё!.. (Аглядаецца цікаўным вокам вакруг.)

Стары. Твой пачатак, як мой канец...

Новы. А далей?

Стары год. ?..

…………………………………………………………………………………………………

Удалі, на ўсходзе неба, заззяла зорка. Анёлы белакрылыя пяюць малітвы-песні. Новы год атуляецца туманам неразгаданых варожбаў. Вочы яго арліныя пазіраюць на ззяючую зорку і чытаюць вялікія таемнасці быцця.

 


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 104-105
Крыніца: скан