epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Святло

Цэннасць жыцця — гэта творчасць, гэта рух уперад,— калі жыццё не гніе ў застоі, а ўсцяж прабівае сабе дарогу ўперад і ўвыш, калі кругазор чалавека робіцца ўсё абшырнейшы ды большы і даходзіць да безгранічнасці.

Творчасць — гэта тая вялікая сіла, каторая гарыць агнём, пылае да самых нябёс, грыміць па вялікім абшары бязмежнай волі і з хаосу вытварае нешта фарэмнае, суцэльнае і магутнае...

Творчасць — гэта тое чароўнае слова, каторае нясецца па ўсяму свету вялікім клічам:

— Хай будзе святло!

Хто на гэткі лад строіць свой шлях жыцця, той ніколі, пазіраючы на далёкія зоры, не скажа: «Дзе доўгачаканае жаданае шчасце маё?» Бо тады светлае шчасце ў яго руках і сэрцы, бо тады вялікая сіла творчасці ва ўсёй душы яго...

Гэтая вялікая сіла праўдзівага шчасця і жыцця не можа быць у адным выбранніку, у «вышэйшым чалавеку», бо голас яго зачынаецца і канчаецца не ў пустэльні, а ў цэлым народзе. У народзе ў абшырным значэнні гэтага слова!

Толькі тады можа парод жыць, калі ён багат творчай сілай...

Толькі тады ён можа быць шчаслівым, калі творыць...

Толькі тады ён можа называцца народам і казаць: «Я жыву!»

Па законе прыроды — кожны народ у сабе мае гэту сілу творчасці, толькі бывае часамі яна ў ім няразвітая, спячая, неўсвядомленая.

Трэба, каб сіла творчасці ў народзе не чэзла без руху. Трэба працай будзіць яе. Трэба як дзіцё гадаваць, расчыняючы перад ёю ўсе вароты, вядучыя да жыцця і волі.

Сіла творчасці крыецца ў мыслі, у слове, у дзеле.

У мыслі:

Як той захаваны глыбока вулкан прабівае мысль усю душу, усё нутро, усе пачуццці. Кіпіць там, ірвеццца, выходзіць наверх і фармуецца словам.

У слове:

Слова — гэта душа жывых і даўно сышоўшых у забыццё пакаленняў, уцэленае ў асобу — народ. Дзеля гэтага слова, выссанае з малаком маці, блізка і зразумела народу. Слова, каторае лілося ў душу з калыснай песняй маці, каторае пры смеху і слязах варушыла душы адышоўшых пакаленняў; яно бясчысленыя вякі, як бы евангелле святое, перадаецца з вуст у вусны, шліфуецца, гартуецца і робіцца, як тая дамасская сталь, вострым і гібкім. Яно да касцей прырастае, у кроў уядаецца і адбіваеццца ў псіхіцы народу.

Гэта вялікая частка душы яго, вялікая частка творчасці ўсяго жыцця яго.

Музыкай аддаецца яго вуху, асалодай — пачуццю. Сонцам жывым разліваецца яно па краі ўсім, разрастаецца, распаляецца і пануе прыгажосцю і моцай сваёй над народам усім. Усе робяцца як адзін чалавек — сэрца к сэрцу, душа к душы. Праз слова яны разумеюць душу адзін аднаго, і тады родзіцца чын.

Чын-дзела, гэта жаданая мэта, вялікае мора, куды сплываюцца ўсе ручаі і ручайкі творчасці. Чын-дзела дае жыццё і шчасце не толькі аднаму народу, але ўсяму свету...

Толькі як гадаваць у народзе гэтую вялікую сілу?

Гэту мысль, што жыве ў ім, трэба паказаць яму словам. Словам яму зразумелым — яго мовай, — тады мысль усвядомленая вырвецца, як стромкая крыніца, праб’е камень і разліецца па прасторы, заблішчыць тысячай барвоў і падніме чалавека ўверх.

Тады чалавек зможа ўсвядоміць сабе свой вялікі чын-дзела: будзе тварыць на сваю і агульную карысць...

Народ сам несвядома рвецца да гэтага свайго роднага сонейка, трэба толькі яму болей волі даць, і ён сам усё зробіць...

І запалае вялікае шчасце...


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 392-393
Крыніца: скан