epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Таварыш Мінкін

Дзве памылкі
Сваяк і нагайка
Вы хочаце адразу, тав. Мінкін...
Перамогі і перашкоды
Рэшткі
Зусім не жарты...


Дзве памылкі

Над квадратамі дамоў разгортваецца марозная і гулкая ноч.

Звініць шкло працяглым басавым водгуллем гудкоў.

...Каб не спазніцца.

На ўскраінах шырацца і высяцца аграмадзіны-муры. Над іхнімі высачэзнымі вежамі-трубамі кучаравіцца рыжы дым.

Дробяцца гукі ля чуткіх акон.

...На змену!

Драўляны асабняк з вялікімі вокнамі абкружаны садам. Яблыні і грушы ў белым пуху зімы. На дрэвах цяпер толькі два колеры — чорны і белы. Вялізныя шыбы ў тонка льдзяных гафтах: незвычайныя жывёліны, птушкі, расліны. На іх — месячныя кроплі.

У былых гаспадарскіх пакоях і пакойчыках жывуць людзі з «тых» (паводле азначэння ранейшага гаспадара). Адзіночкі студэнты і дзве працоўныя сям’і занялі залу, сталоўку, кабінет... Выціснулі «яго». Ён астаўся ў ранейшай спальні. Можа, і зусім вызвалілі б ад «яго» гэты асабняк, але ў сына-спеца знайшліся там-сям свае людзі...

Бацьку за пяцьдзесят год. Пры людзях удзень яму не больш сарака: падголены, ружовы, робленая акторская вясёласць. Цяпер, уночы, вызначаюцца пад вачыма мяшкі, зморшчыны каля губ, рот адкрыты, і абломкі залатых зубоў зацягнуты мутнаватым налётам слізі. Тут можна даць шэсцьдзесят год. Праз сон лянівы прыпухлы твар ледзь прыкметна абвастраецца, губы сціскаюцца. Не відаць абломкаў залатых зубоў. Ноздрамі ловіць паветра. Прытоеная энергія лезе наверх. Ён напружвае сківіцы да хрусту. Валасатыя рукі высунуліся з-пад старой атласнай коўдры. Далоні — у кулакі. Злосць і імпэт. Зараз ірванецца, як раздражнены звер у клетцы, учэпіцца зубамі ў жалезныя пранты...

Крэхча, расплюшчвае вочы — шэрыя шкелкі — і падымаецца з ложка.

Шыбы дрыжаць ад фабрычных гудкоў...

Хутка апранаецца. Спешка. Калоша штаноў вывернута — злуецца. Шкарпэтка пад ложкам — бармоча лаянку. Бягом на кухню.

На другім ложку пад такой жа атласнай коўдрай з фрэнзлямі спіць жонка. Хударлявы твар. Чорныя валасы пад выпуклым лобам. І грэцкі нос. На твары выраз пакрыўджанай каралевы. Захаваная надзея.

Яна праз сон адчувае, што другі ложак пусты. Не чуваць раўнамернага дыхання мужа. Павальнела ў пакоі. У неспакоі нервова пераварочваецца на другі бок.

У гэты час у агульнай кухні ён апрысквае твар і рукі халоднай вадой з-пад крана. У шэрых вачах гарачы блеск. У руках — нецярплівасць і паспешнасць.

На аграмадным кухонным стале — два прымусы, талеркі, міскі, шклянкі. Ён выціраецца ручніком, старанна трэ да чырвана твар, глядзіць на стол — і нібы нічога не бачыць або бачыць на голай сцяне ім самім прыдуманы прастор. Вочы лунаюць за рэчамі на стале, за пустой сцяной недзе далёка-далёка. У іх гнеўны бляск, прагнасць, рашучасць і непрытомная ўзбуджанасць.

Нешта сам з сабою гаворыць. Перамешка басу з тонкімі хрыпкамі. Гукі з горла вырываюцца, як з сапсутага грамафона.

— Хутчэй, хутчэй, каб не спазніцца!

Ён маладзее ў твары. Ружовыя шчокі. Махае валасатымі рукамі. На адным з пульхных падагрычных пальцаў масіўны пярсцёнак з рубінам. Граюць крывавыя іскры.

— Ну і задам, калі хто спозніцца! У той жа дзень выкіну! Люблю парадак! Парадак!

Жудасць у голасе. Пад ноткамі суму і роспачы — гнеў і пагроза. Вочы расшыраны. У зрэнках востры бляск.

— Гультаі! Быдла! Так прыцісну, аж сок з вас пацячэ!

Вярнуўся ў спальню. Апрануў піджак, аблезлае старое футра, зашмальцаваную каракулевую шапку.

— Кашнэ дзе падзелася? Я горла прастужу!

Туды і сюды ўюном па спальні. Усхапілася жонка. Села ў ложку. Касцістай далонню працерла вочы.

— Што? Га? Куды?

Спалохалася. Слёзы ў чорных вачах, у надломаным голасе.

— Макс... Макс... Што з табою? Апамятайся... Сорам перад людзьмі. Пачуюць...

У адной кашулі падскочыла да дзвярэй. Замкнула. Выняла ключ.

— Ты забываеш, што ўжо дзесяць год, як «яны» фабрыку забралі. Зноў нервы трэба лячыць. Меланхолік... Зноў, як у мінулым годзе, у дом для вар’ятаў пападзеш...

Лямантуе пад ім. Упрашвае.

У Макса пацее лоб.

— Ах, калісьці... калісьці...

Губы мармычуць самі сабою. Вочы патухлі. Рукі аслаблі. Толькі рубін блішчыць на пярсцёнку ранейшым бляскам.

— Ах, калісьці, калісьці...

Абломкі залатых зубоў не блішчаць.

Жонка распранае яго. Як малое дзіця. Укладвае на ложку, пільна ўхутвае ў старую коўдру.

— Макс, дзе тэрмометр?

— У шуфлядзіку,— адказвае ён голасам чалавека, які толькі што з даху зваліўся.

А за тонкаю сценкаю два рабфакаўцы. Там усё чуваць. Яны ледзь стрымліваюць свой смех.

Часта па начах чуюць яны такія маналогі «гаспадароў».

Саламон прачнуўся.

Каб не разбудзіць дзяцей электрычным святлом, ён апрануўся папацёмку. З чаравікамі ў руцэ, у адных шкарпэтках, каб шуму не рабіць, выйшаў у кухню, соваўся каля вялікай печы. У кухні засвяціў электрычнасць. Выняў гадзіннік з кішэні. Тры хвіліны на трэцюю.

Абуўся ў святле, запаліў прымус. Пад гуд прымуса памыўся.

Кожная хвіліна мела ў яго сваё строгае прызначэнне: да паловы трэцяй выпіць гарбаты, адзець чорную «кожанку», памятку грамадзянскай вайны, замкнуць дзверы «сваім» ключом і пайсці. Да трох трэба паспець на завод.

Так па два разы ў кожную пяцідзёнку.

Пакуль закіпіць вада ў бляшаным імбрычку, працягнецца дзесяць хвілін. Гэты «вольны» час ён заўсёды дзяліў на дзве часткі — пяць хвілін на агляд сям’і: зноў вобмацкам каля печы ўваходзіў у спальню, насунуўшы раней галошы на чаравікі, каб ціха ступаць. Абмацваў асцярожна ложкі дзяцей, ухутваў іх коўдрачкамі. Другія пяць хвілін — на падрыхтоўку ежы да гарбаты. Потым — само «чаяпіцце».

Усё гэта Саламон любіў рабіць без спешкі. Прыемна часам піць гарбату без «сямейнага» шуму. Чулая цішыня ловіць кожны рух. Пастаўленая асцярожнаю рукою талерка ўсё ж шэргае, шклянка ледзь-ледзь звініць, нібы пчала крыллем.

На гэты раз, яшчэ пры гарбаце, Саламон успомніў музыку, якую чуў тры дні таму назад у клубе. Прадумваў мелодыю — вельмі добра выходзіць. Заспяваў уголас, калі ўжо выйшаў на двор.

— Вечна гаспадар фортку запірае з вечара!

Зазлаваўся.

— Завёў чараду курэй і дрыжыць за сваё дабро!

Жыў у прыватным доме.

Часта, калі позна ўночы вяртаўся з паседжання ячэйкі або з клуба, прыходзілася доўга стукаць, пакуль хто адчыніць.

Высунуўся на вуліцу і пайшоў павольным крокам, каб змораным не прыйсці на хлебазавод.

Пасля ранейшых гудкоў пацішэла.

Мароз скрыпіць пад нагамі. А ноч сіняя-сіняя з сіваю шэранню на дротах, над вуліцамі...

Саламон высвістваў мелодыю. Ішоў у тахт пад свой уласны марш.

...Так прыгожа змрочная сінь зімовай ночы...

Горад разгортваецца перад Саламонам у снежнай дрымоце. Нідзе ні душы.

...Трохі прыкра.

Насвіствае і думае ў адзін і той час...

...Трэба было паправіць тратуар на гэтай вуліцы. Новы мост... Толькі што гаварыць аб гэтым пачынаюць...

Глядзіць на старую драўляную хатку гаспадарчым вокам.

...Даўно скінуць пара,— за ёй жа новы каменны дом... Мне, члену гарсавета, варта на адным з паседжанняў сказаць.

Замяўкаў жаласліва адзінокі кот. Непрыемна. Кот туліцца да ног, мурлыча.

...А вось новы пасёлак.

Некалькі зграбных карпусоў ужо скончаны. Тут жывуць рабочыя. Ад акон — цёплы прытул. У некаторых вокнах мігаціцца прыжмуранае святло. Пасмы святла заблудзіліся на аснежаным пляцы. Саламон на хаду туды ўглядваецца.

...Цяплей, весялей...

Карпусы лезуць угару, разыходзяцца ўшыркі. Вось два няскончаныя будынкі. Праз сетку аснежанага рыштавання цямнеюць прабоіны акон. Сінія цені.

...Закіпіць тут праца вясною... Эх... На будучую зіму і я тут буду мець кватэру. Цяперашняя — цесная, халодная. А як напаліш — чадна і душна. Жонка спакою не дае...

Саламон паморшчыўся.

Праз некалькі хвілін дайшоў да завода. Увайшоў. Зняў вопратку ў раздзявальні каля ваннай. Здзівіўся, што яго шафа занята. Заняў іншае месца. Памыўся. Надзеў белую вопратку. Прывычным крокам да сваіх пячэй.

Светла. Цёпла. Чыста. Пах печаных булак. Прыемнасць расплылася па твару. Пасля марозу і цёплага душу ў ваннай, лёгкая палатняная вопратка, цеплыня і святло напамінае прытульнасць курорта.

Раптам — здзіўленне ў вачах. Сухарлявая фігура — знак пытання:

...Што за ліха?

Юзік тупаецца тут, бялявы Юзік. У яго валасы, бровы, вусы,— нібы вечна мукою апыленыя. Ніколі пыл не сцірае.

Саламон збянтэжыўся.

...Чаму гэта мне раней не сказалі, што Юзік будзе на маім месцы?

Злосць на фабзаўком, на дырэктара.

...Што тут здарылася?

А Юзік?

Спачатку зусім не заўважыў. А як угледзеў Саламона, дык у светлых вачах запалілася здзіўленне і неспакой.

— Няўжо ж цябе адтуль назад неаплачанай пасылкай прыслалі?

Ноткі трывогі ў голасе.

— Як прыслалі? Ах ты, ліха!

Саламон ляснуў сябе абедзвюма рукамі па баках. Выставіў на Юзіка малажавы, востры твар з чорнымі падстрыжанымі вусікамі. Крыкнуў нараспеў у смешнай роспачы:

— Гэта ж я забы-ы-ыўся!

Абодва зарагаталі гучным сакавітым смехам — з поўных грудзей.

Прыйшлі рабочыя з іншых аддзелаў.

— Наш вылучэнец вярнуўся!

У Саламона такі выгляд, нібы яго цапнулі пры злоўчынку.

— Не жартачкі, столькі часу з вамі працаваў...

— Прыходзь да нас часта, таварыш інспектар!

— Нясмачна на новай працы? — запытаўся Юзік.

Саламон трохі паморшчыўся:

— Нязвычна...

— Ну, ну, ты моцна трымай сцяг нашага завода ва ўстанове! Як прыйдзеш у клуб, падрабязна раскажаш, як і што. А пакуль што марш! Глядзі толькі бюракратаў трохі пачысці. Марш, каб раніцай на службу не спазніцца!

Па дарозе дамоў Саламон у першы раз за ўсе гады пашкадаваў, што жонку не разбудзіў. Яна ж бы яму напомніла, што ён ужо не пекар, а фінінспектар...

 

Сваяк і нагайка

Саламон быў рад, што жонка не чула, як ён вярнуўся.

...Спакойны ў яе сон. Не тое што ў мяне...

З малых год ён прывык спаць удзень, а ўночы працаваць. Да рэвалюцыі 1917 года рэдка калі бачыў дзень. Дні для яго тады не існавалі. Яны здаваліся чужымі, нясвойскімі. Дзённы тлум, сонечнае святло былі для яго недасяжнай марай. Калі часам ахвяроўваў дзённы сон на прагулку, дык, змораны ад начной працы, швэндаўся дрымотна і не ведаў, што з сабою рабіць... Вочы сплюшчваліся самі сабою, векі здаваліся пудовымі гірамі. Ён грэўся на сонцы дзе-колечы на лаўцы каля местачковай хаты і праз дрымоту бачыў, як развозяць і разносяць з «яго» пякарні тавар: булкі, абаранкі, хлеб.

Затое ўночы ён жыў. Разам з ім жылі накаленыя печы, мяшкі з мукою, велізарныя дзежы з рошчынаю, груды цеста і рознага гатунку печыва на бляхах, дошках і падлозе. Уночы Саламон спрытна рухаўся.

З дванаццаці год яго, сірату, прыняў у пякарню багаты сваяк. З таго самага часу ён атрымліваў шмат зубатычын ад гаспадара-сваяка, ад майстроў і ад старэйшых людзей наогул. Білі хлопчыка за ўсё, што толькі прыходзіда на думку: кошыкі з булкамі не разнесены па крамах, у адзін і той самы час мука не высыпана з мяшкоў, дроў не наношана на суткі, піва і папяросы майстрам упору не дастаўлены, ён не паслухмяны. За розныя злоўчынкі старэйшых даставалася яму. Проста біць не паспявалі... На лобе ў яго яшчэ па сягонняшні дзень застаўся шрам ад лапаты, якой майстра спрабаваў цвёрдасць яго чэрапа.

Саламон стараўся цяпер заснуць, бо ў восем гадзін раніцаю трэба ўстаць, каб паспець роўна ў дзевяць на новую, непрывычную для яго працу ў Акрфінаддзеле.

Думкі аб старых гадах лезлі ў галаву і не давалі заснуць. Глядзіць на акно каля ложка на марозныя ўзоры...

— Шлёмка! Шлёмка! Чаго дрыхнеш?

Не паспеў Шлёмка прачухацца, як нешта цвёрдае, як малаток, грукнулася аб яго спіну: кулак майстра.

Шлёмка ўскочыў з мяшка, на якім звычайна спаў.

Ён заўсёды стараўся ў такіх выпадках не плакаць... Майстар толькі за адно гэта хваліў Шлёмку, бо вельмі слёз не любіў... Не плакаць пры біцці было адзінай гордасцю Шлёмкі. Ён сціскваўся ў камок і маўчаў...

— Збегай да Мендаля ў краму і прынясі папярос!

Хлопчык працёр вочы і жвава выскачыў на двор. Пры гэтым успомніў, што ў іншых прадпрыемствах мястэчка адбываецца забастоўка. Гаспадар-сваяк, у каго ён жыў і харчаваўся, не выпускаў яго, Шлёмку, гуляць, сачыў за ім. Часам запіраў хлопчыка ў пякарні, каб не пабег да «бунтаўшчыкоў»...

Нешта незвычайнае ўгледзеў Шлёмка на местачковай вуліцы: гарцуюць коннікі з нагайкамі ў руках...

Пасля ўжо ён даведаўся, што гэта казакі, што прыехалі ўночы на «ўсмірэнне» местачковых «бунтаўшчыкоў» з скуранога завода, лесапілкі і на задушэнне «бунтаў» па вакольных маёнтках і вёсках.

Казакі гікалі, свісталі, спявалі, імчаліся галопам па вуліцах і закавулках. Коннікі і коні былі разгарачаныя, імпэтныя.

У мястэчку — сполах. Рэдка дзе пабачыш местачкоўца. Мабыць, з тых, хто, як і Шлёмка, не ведаў, што робіцца на вуліцы...

Шлёмка ўвесь абелены мукою. Трэцца каля сцен, каб хутчэй папасці ў краму Мендаля. Страшна... Але яшчэ страшней не прынесці папярос майстру...

Не агледзеўся, як нешта свіснула над яго галавою і агнём апаліла карак...

Казацкая нагайка.

Аднак ускочыў у краму і купіў пачку папярос. Толькі ў пякарні агледзеўся, што ўвесь абліты крывёю...

— Казак пасвянціў? — запытаўся майстар.— Горш бывае. Табе яшчэ пашанцавала... Некалькі забастоўшчыкаў насмерць забіты нагайкамі.

У пякарню з’явіўся рыжабароды гаспадар — рэб Ёша. Вочы блішчаць ад затоенай радасці.

— Хлопцы! — у яго ўрачысты голас.— Нам пашанцавала! Казацкі сотнік загадаў пячы белыя пірагі для казакаў. Глядзіце ў мяне — старайцеся! Выпечка павінна быць добрая... Дам на піва!

У пякарні два майстры і насаты Шмуйла, таксама сваяк гаспадара.

Шлёмка, хоць яму баліць шыя ад нагайкі, прыглядаецца да ўсіх. На твары Шмуйлы няшчыры выраз радасці ад слоў гаспадара. Хлопчык гэта адразу пазнаў. Майстры спакойныя.

— Добра,— кажа старшы майстар пасля кароткай урачыстай спынкі,— пастараемся! З прычыны прыходу Казакаў пашанцавала не толькі гаспадару — пашанцавала і Шлёмку.

— Ну?! — дзівіцца гаспадар.— Ён зухаваты хлопец.

Шлёмка сцяў зубы. Майстар смяяўся. Агідны ў яго смех,— бязлітасны, звярыны. Доўгія, завостраныя зубы блішчаць пажоўклым водсветам. Ён заўсёды стараецца ўгадзіць гаспадару за лішнія траячкі.

— Так. Зухаваты... Яго толькі адзін раз казак нагайкай свіснуў.

Гаспадар гмыкнуў, пацерабіў рыжую бараду і глыбакадумна заўважыў:

— Магло быць і горш. Пастарайцеся. Ужо я вас не забуду!

Выйшаў.

Старанна ўзяліся за працу. Пірагі павінны быць добрыя.,.

Карак Шлёмкі рассечаны нагайкай. Ён не можа павярнуць галавы. Яму цяжка працаваць.

Пірагі для казакаў ужо сядзелі ў печах, калі старшы майстар звярнуўся ўночы да Шлёмкі:

— Ты глядзі ў мяне! Роўна ў тры гадзіны вымеш пірагі. Глядзі толькі на гадзіннік! Я пайду спаць.

— Добра!

Хлопчык зірнуў на гадзіннік, было пяць хвілін пасля двух.

Строга і роўна тукаў вялікі насценны гадзіннік у пякарні. Марудна пасоўваўся па беламу цыферблату чорны мінутны паказальнік. У апошнія часы часта прыходзілася Шлёмку выконваць такія даручэнні майстра — вымаць печыва з печаў. Такі «гонар» ён меў толькі пасля двух год працы. Гадзіннік яму добра знаёмы. На памяць ведае ўсе сляды мух на цыферблаце. Часта дзеля вялікага старання не адрываў вачэй ад сталёвых вусоў гадзінніка. Заўважваў іхняе ледзь прыкметнае пасоўванне, лавіў вухам кожны хрып гадзінніка. Заўсёды добрасумленна, хвіліна ў хвіліну, вымаў «тавар» з печы.

Глядзіць Шлёмка на гадзіннік і галавою павярнуць не можа. Баліць карак ад нагайкі. Калі трэба паглядзець убок, ён увесь паварочваецца, нібы на яго галаве келіх з дарагім пітвом. Сцяў зубы, і слёзы на вачах выступілі. Нешта ўнутры закіпела. Нягледзячы на боль, з'явілася ў руках новая сіла. Калі гадзіннік паказаў палову трэцяй, Шлёмка завінуўся і выняў пірагі з печы.

— Гэта за нагайку! — сказаў ён уголас.— Ліха іх не возьме, калі на паўгадзіны раней. Можа, хоць на жываты казакі захварэюць...

Нецярпліва чакаў Шлёмка, што з гэтага будзе. Нават пра боль трохі забыўся.

Гісторыя пачалася ўдзень.

Прыбег казацкі сотнік. Нарабіў крыку, што сырым цестам гаспадар хоча іх карміць. Збянтэжаны рыжы рэб Ёша звярнуўся да майстра. Майстар да Шлёмкі...

«Сваяк» Шлёмкі — яго гаспадар — зняў шапку і звярнуўся да казацкага сотніка з вялікай просьбаю:

— Пане начальнік. Ваша высокаблагароддзе. Адлупцуйце яго! Гэта ён вінават!

І паказаў рукою на Шлёмку.

Хлопчык да таго спалохаўся, што не мог крануцца з месца, не мог нават войкнуць.

Пасля такой шчыра-патрыятычнай просьбы сотнік зірнуў на гаспадара пякарні лагодным вокам.

— Добра! — сказаў ён.— Вось гэта мне падабаецца! Так і трэба! Малайчына гаспадар! Відаць, ты — наш чалавек! Прышлю зараз двух казакаў. Яны выканаюць тваю просьбу.

Гаспадар запёр Шлёмку ў каморцы, каб не ўцёк да прыходу казакаў... Ад вялікага сполаху хлопчык не супраціўляўся. Страх у яго мінуў толькі ў каморцы, калі астаўся сам-насам.

— І чаго я спалохаўся? — сароміў ён самога сябе.— Каб ты запрапаў, мой сваяк, разам з тваімі пірагамі і казакамі.

У гэтую хвіліну яму здавалася, што ён надзвычайна моцны і смелы. Нядоўга думаючы, выбіў акно, выскачыў у агарод і наўцёкі.

Бяжыць па капусце, па бураках, па бульбе, зямлі пад сабою не чуе. Не адварочваецца назад. Куды? — сам не ведае... Зямля пахне цёплым белым хлебам...

...Трэба шукаць забастоўшчыкаў...

Многіх пакалечылі, звязалі па руках і кудысь пагналі. Некаторыя тут хаваюцца.

Хацеў цяпер хоць аднаго з іх сустрэць, каб сказаць яму ўголас:

— У такой справе, як забастоўка, няма сваякоў... Я праклінаю гаспадара-эксплаататара, ці ён сваяк, ці нават родны бацька! Мне ўсяго чатырнаццаць гадоў... Я...

Бяжыць Шлёмка па палях да ельніка. А калі трэба павярнуць галаву ўбок, ён увесь паварочваецца: баліць карак ад казацкай нагайкі...

— Саламон! Што ты так крычыш?

Жонка будзіць.

— Уставай! Хутка восем. Табе ж у дзевяць на службу. Табе нешта прыснілася?

 

Вы хочаце адразу, тав. Мінкін...

У першыя дні новай працы Саламона суседзі па кватэры сустракалі яго з кплівым віншаваннем, з усмешкай. Затоеную зайздрасць яны маскавалі анекдотамі аб вылучэнцах...

Па-рознаму моршчыліся твары, разнастайныя выразы былі ў іхніх вачах пры сустрэчы з Саламонам. Ён адмахваўся ад іх, як ад надакучлівых мух. Злаваўся на жонку.

— Навошта раструбіла на ўсю вуліцу? Маеш ад гэтага прыемнасць... Мяшчанка!

— Гэта ж не сакрэт, я думаю.

Яна аглядала яго так, нібы першы раз угледзела.

— Ад розных тваіх папер і кніжак кішэні адтапырыліся, як торбы. Брыдка... Купіў бы партфель...

— Перастань! Не лезь з глупствам! Расказала ўсім суседкам. Падумаеш, ёсць чым ганарыцца!

З непрыемным адчуваннем Саламон пайшоў на працу.

Яго намеснік, чалавек з вышэйшай асветай, замест «тав. Мінкін» пачаў яго называць Саламонам Якаўлевічам. Ніколі ў жыцці да яго так не звярталіся. Гэта яму непрыемна, як гутарка жонкі пра партфель...

Намеснік выгаварваў «Саламон Якаўлевіч» спецыяльным голасам — прыдушаным і напружаным. Трос русаю бародкай, блішчэў шкелкамі акуляраў. Бляскам акуляраў засланяўся смяшок у вачах... За дзень працы нямала часу выходзіла ў яго на паўтарэнне «Саламон Якаўлевіч». Як бы практыкаваўся спецыяльна ў вымове гэтых слоў, шліфаваў імі, нібы бруском, свой язык...

Саламон кожны раз адчуваў сябе нядобра.

«...Бюракратам, панком хочуць мяне зрабіць. Насміхаюцца...»

Кожны раз сахарынная ўважлівасць намесніка аплятала яго млявасцю, нясмеласцю. Воля мякчэла, думкі зацягваліся нейкім туманам. Заўсёды ён прывык да «ты», не любіў цырамоній. На фронце не быў ні палахлівым, ні канфузлівым, а тут — канфузіцца...

— Саламон Якаўлевіч!

— Саламон Якаўлевіч.

— Саламон Якаўлевіч...

З усіх бакоў.

Ён уздрыгваў. Нарэшце не выцерпеў і звярнуўся да намесніка:

— Таварыш Гарбулёў! Папрашу вас называць мяне проста «тав. Мінкін». Не прывык да такіх далікатэсаў...

Было нешта такое ў яго тоне, ад чаго Гарбулёў пабляднеў, нячутна скрыгануў зубамі і працадзіў:

— Хорошо...

Пасля гэтага Саламон заўважыў, як Гарбулёў ходзіць ад стала да стала і нешта нашэптвае працаўнікам.

Такія абставіны прымусілі Саламона быць пастаянна настарожаным і наглядальным. У некаторых вачах Саламон заўважыў кплівасць і тую самую ўсмешку, як у суседзяў пры віншаванні яго годнасцю інспектара.

...Лягчэй заваёўваць варожую пазіцыю на фронце,чымся гэты папяровы фронт,— думаў ён.— Але вазьму гэты фронт, што б тут ні было!

Магчымасць новага гатунку змагання надавала яму бадзёрасці.

Гарбулёў замкнуўся ў самім сабе. Падносіў на падпісанне Саламону розныя акты і пратаколы.

— Таварыш Гарбулёў! Вы мне раней, чым я падпішу, растлумачце — у чым справа!

— Доўга гаварыць... А тут новыя справы наступаюць. Няма калі.

З гэтымі тлумачэннямі ў іх адбываліся пастаянныя непаразуменні. Кожны раз Саламону прыходзілася дабівацца іх з вялікай настойлівасцю. З паўслова Гарбулёва, выцягнутага нібы абцугамі, ён стараўся ўлаўліваць галоўны сэнс розных спраў. І кожны раз да падпісвання Саламон устаўляў свае папраўкі. І гэта, нягледзячы на тое, што Гарбулёў стараўся як найменш тлумачыць, а вымушаныя тлумачэнні даваць так, каб «начальнік» не зразумеў...

Саламон вельмі добра разумеў мэту такой «педагогіі», але адносіўся настарожана і цярпліва, чакаў, што будзе далей. Такія фокусы пачалі яго інтрыгаваць і цікавіць самі па сабе.

А па розных пакоях, па ўсіх сталах скрыпелі пер’і. Інспектары, дзелаводы, дзелаводкі, агенты, рэгістратары, машыністкі, сакратары — вялікая сям’я ў сто чалавек — нахіляліся над паперай, над кнігамі, кніжачкамі, бланкамі і выседжвалі, выстуквалі, выскрыпвалі лічбы і словы, словы і лічбы... Над пісанінай горбіліся вострыя і круглыя плечы, былі нацэлены ручкі і насы, сляпіліся вочы. Рознакаляровым атрамантам гафтаваліся і вышываліся на паперы рэзалюцыі, пастановы і падлічэнні, падагульненні. Вырасталі лічбы ў калоны, у клеткі, у розныя фігуры.

Па ўсіх пакоях збіраліся кучы спраў, падшытых пратаколаў, кніг і кніжак. Усё гэта ляжала гарамі ў шафах, у архіўным пакоі, як у бібліятэцы.

За тонкай перагародкай з фанеры стукаталі пішучыя машынкі.

Разнастайнага выгляду і стану людзі прыходзілі і выходзілі. Станавіліся ў чаргу. Хто стрымліваўся, хто клапатліва гаварыў, тлумачыў, крычаў, хто спрачаўся, хто літасці прасіў. Падобныя адны да адных былі справы і скаргі наведвальнікаў.

— Чаму так многа плаціць?..

Нездарма былі навалены горы пісанай паперы з калонамі лічбаў. Нездарма кожны дзень дзесяткі і сотні заяў прыносіліся і прысылаліся. Нездарма наладжваліся бягучыя кароткія нарады. Нездарма пісаліся на заявах сінімі алоўкамі, чырвоным атрамантам паўсюдныя, перакрыжаваныя ўпоперак рэзалюцыі.

— Чаму так многа плаціць?..

Стагналі крамнікі, папы, рабіны; наракалі сальнікі, мяснікі, домаўласнікі, рыначныя перакупшчыкі, бабы з кошыкамі. Нэпманы корчыліся, як многагаловы змей:

— Чаму так многа плаціць?..

Жывой рэчкай плыў люд да розных інспектароў, да агентаў, да справачнага стала. Нюхаў чаргу за чаргой, дабіваўся гутаркі, лез напралом на розных мовах:

— Чаму так многа плаціць?..

Спачатку Саламон думаў, што ніколі не разбярэцца ў гэтым моры папер, людзей, скаргаў, што не намацае галоўнага нерва фінансавай справы дзяржавы, што заблудзіцца, загубіцца ў гэтым змаганні з рэшткамі буржуазіі.

...Лягчэй булкі пячы, лягчэй было на дзянікінскім фронце — усюды лягчэй...

Ён прыглядаўся з нейкім жахам да жывой рэчкі людзей.

Частку гэтай рэчкі пераймаў яго намеснік Гарбулёў, пераймаў, стрымліваў, як грэбля ваду, і прапускаў тоненькімі струменнямі сваёй гутаркі, нібы ваду праз пальцы. Яго голас быў то мяккі і лагодны, то гнеўны і пагрозны: пераліваўся ў розныя адценні красамоўства і развагаў, быў хісткі, нібы тонкія лазовыя віткі. Адным вокам прыглядаўся пры гэтым да Саламона. Адным вухам лавіў Саламонавы простыя заўвагі з простым і ясным сэнсам:

— Правільна.

— Няправільна.

— Не.

— Так.

На гэта Гарбулёў кідаў часам маленькія пырскі слоў у бок Саламона:

— Пачакайце!

— Зараз!

— Вы яшчэ не ведаеце!

— Потым растлумачу!

Калі Саламон так некалькі дзён падрад «перашкаджаў», дык Гарбулёў пакруціў машыну ў адваротны бок: накіраваў жывы ланцужок з рознакаляровымі вачыма, з рознагукавымі галасамі і аднолькавым запытаннем «чаму так многа плаціць?» да Саламона — да «таварыша інспектара». Гэты выраз ён браў у чужаслоўе. Рабіў націскі на гэтых словах, каб надаць спецыфічнае значэнне вылучэнцу... Ён стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў:

Саламон кепска ўладае расійскай мовай.

Не ведае матэматыкі.

Не ведае такту.

Слаба знаёмы са справай.

Але дзіўная рэч — Саламон нічога гэтага не сароміўся і не баяўся. Не ўваходзіў у доўгія гутаркі на агульныя тэмы.

Калі прыходзілася мець справу са складанымі рахункамі, Саламон кожны раз проста загадваў свайму намесніку рабіць іх... Яшчэ больш дзіўна было Гарбулёву, што Саламон заўсёды трапляў якраз у самае нутро справы. Ведаў, каму трэба павялічыць падатак, каму зменшыць, а калі сумняваўся, дык не ленаваўся схадзіць да таго дадому і самому даследаваць...

Гарбулёў кусаў губы і адчуў для сябе небяспеку, мо ў першы раз за ўвесь час працы ў гэтай установе адчуў над сабою ўпэўненую і цвёрдую руку...

Калі часам здаралася Саламону чаго-небудзь не ведаць, Гарбулёў радаваўся і стараўся схаваць гэту радасць за шкелкамі акуляраў...

— Добра, тав. Мінкін,— гаварыў ён кожны раз.— Дайце я буду пісаць матывіроўкі, а вы стаўце толькі подпіс.

— Але ж мне трэба навучыцца.

— Вы хочаце адразу, тав. Мінкін?.. (Гарбулёў мякка ўсміхаўся.) Я ўсё жыццё вучыўся, увесь час працую, а вы — адразу! Пачакайце...

— Няма калі чакаць!

Скончылася тым, што Саламон яму дыктаваў, а той пад дыктоўку «шліфаваў» матывіроўкі...

Цямнелі вочы Гарбулёва пад шкелкамі акуляраў. На лбе збіраліся цені. Значэнне гэтай мімікі Саламон добра разумеў.

«Кіраўніцтва пачынаецца не на жарт»...

У Гарбулёва апусціліся рукі. Яму здавалася, што вылучэнец грабіць яго адукацыю, забірае ўсё яго дабро і пакідае яму пустую хату. Ад бяссільнай злосці ён не ведаў, што рабіць. Прыдумваў розныя спосабы помсты. Калі да

Саламона прыходзілі наведвальнікі-інтэлігенты — з асяроддзя Гарбулёва — дактары, зубныя ўрачы, нават папы, дык Гарбулёў ім падміргваў. Саламон нібы не заўважаў гэтых падміргванняў, але разумеў іхні сэнс:

«Добрыя могуць быть парадкі, калі грубіяны кіруюць»...

Гарбулёў нават падумваў ад працы адмовіцца, але ж дзе дзецца?

Часта Саламон хадзіў наведвацца на хлебазавод. Цягнула туды ўсёй цягай трыццацігадовага пекарскага стажа...

— Чаго так памізарнеў? — пытаўся ў яго бялявы Юзік.— Ты ж фізічнай працай не займаешся.

— Гэта толькі здаецца, што нічога не раблю. Зараз мазалі на мазгах нарастуць. Лягчэй тры ночы каля печы стаяць, чымся дзень адбарабаніць ва ўстанове... Вяртаюся заўсёды з хворай галавою...

— Нічога, месяц-два будзеш займацца практыкай, а пасля пойдзеш на курсы.

Цеплыня і спачуванне чулася ў голасе Юзіка. Ён глыбока ўзіраўся светлымі вясёлымі вачыма ў стомленыя чорныя вочы Саламона.

— Тое самае мне і на ячэйцы кажуць,— гаворыць Саламон і ўздыхае.

— Так і будзе. Не палохайся, што спачатку цяжка. Гэта з непрывычкі.

— Хто табе сказаў, што я палохаюся? Палохаюцца іншыя — ва ўстанове я вельмі зацікавіўся новай справай. Пачынаю ўжо кумекаць, што і як. Патрэбен вялікі пералом у працы. Я пакуль што толькі знаёмлюся. А потым...

Саламон бадзёра махнуў рукой.

— А потым пойдзе, як па масле,— скончыў за яго Юзік.

— Во, во! Пакуль што знаёмлюся галоўным чынам з апаратам у самой установе. Ведаеш, Юзік, гэта вельмі мудроная фабрыка...

— Не абаранкі і не булкі...

— Аднак я не хацеў бы цяпер з установы пайсці зноў на завод.

— Спадабалася новая праца?

— Не то што спадабалася, але тут патрэбен наш кантроль. Тут няма той упэўненасці, той яснасці ў працы, як на заводзе. Ёсць хістанні, размякласць...

Саламон гэта гаварыў з адценнем болю ў голасе. Яго пацяшаў Юзік.

— Нічога, браце! Працуй, вывучай, змагайся. Усё наладзіцца.

Калі прыходзілася Саламону раскопвацца ў новых стаўках прамысловага падатка, вывучаць падаходны падатак, разрады і іншыя лічбовыя справы, дык ад непрывычкі мітусілася ў вачах. Ён дома праседжваў цэлымі начамі над рознымі фінансавымі кніжкамі і справачнікамі.

Тры разы на тыдзень да яго прыходзіў студэнт-настаўнік. Сядзеў ад сямі да дзесяці гадзін вечара. Настаўніку за дваццаць, яму за сорак год. Мог бы настаўнік быць яго сынам... Спачатку і «настаўнік» і «вучань» адчувалі сябе няёмка. Яны глядзелі адзін на аднаго з адным і тым самым запытаннем.

— З чаго пачаць?

Была маленькая трывога:

— Не пачынаць як з малым хлопчыкам. «Вучань» ведае такія справы, у якіх «настаўнік» слаба разбіраецца...

— Як вучыцца, каб адразу прыстасаваць да практыкі, да заняткаў ва ўстанове ўсю вучобу?..

З самага пачатку адзін аднаго зразумелі.

У «вучня» саракагадовы голад да вучобы... Мозг не перагружаны кніжнымі мудрасцямі. Колькі ні ўсыпеш вучобы ў гэты мозг, убірае, як свежая глеба дождж...

Ды не саракалетні голад, а векавы. Яго бацькі, яго дзяды таксама не вучыліся, як бацькі і дзяды маладога «настаўніка» — вясковага беззямельніка.

Саламон адразу яго зразумеў, ён — Саламона.

Саламон пачаў адчуваць, што адукацыя вельмі патрэбны інструмент для яго новай працы. Усё звязвалася з непасрэднай практыкай штодзёншчыны. Матэматыка, граматыка, геаграфія, палітэканомія і іншыя прадметы былі для яго жывымі, канкрэтнымі з’явішчамі. Мозг свежа ўспрымаў усё гэта новае для яго. Толькі недахоп часу перашкодзіў цалкам гэтаму аддацца...

Часамі ўночы жонка падыходзіла да яго, калі ён сядзеў сагнуўшыся над сваім столікам і нешта чытаў або пісаў. Яна ўваходзіла ціха, нячутна. Глядзела з замілаваннем, з захапленнем. У адзін і той самы час баялася перашкодзіць яму ў працы і хацела, каб ён ужо адпачываў, каб ішоў спаць.

— Саламон,— шаптала яна.— Ідзі спаць. Ты ж высах за гэты час. Паглядзі на сябе ў люстэрка...

Саламон адрываўся ад працы на хвіліну. Чужымі, аддаленымі вачыма глядзеў на жонку.

— Я ж не дама, каб у люстэрка глядзець.

— Ты ж такі змучаны, адразу так налегчы на працу.

Саламон усміхнуўся:

— Бачыш. У цябе тэорыя майго вучонага намесніка, таварыша Гарбулёва. Ён кажа, што адразу не можна...

Аднаго разу, калі Саламон вярнуўся са службы, яго чакаў чалавек. Той ухмыльнуўся, як старому знаёмаму.

Саламон успомніў.

...Той самы, у якога фінагенты забралі на рынку паўтара пуда масла... Той самы, сын якога інжынерам на хлебазаводзе...

У шэрых вачах цярплівая ўважлівасць. Азызлы твар.

Старое янотавае футра. Аблезлая каракулевая шапка на каленях. На шыі сняжыцца белае, новае кашнэ. Яно вылазіць з усяго старога, аблезлага, нібы купінка чыстага снегу на гнілой калодзе.

— Вам што трэба, грамадзянін? — халодна звярнуўся да яго Саламон.

— Бачыце, таварыш... Тут выйшла непрыемнасць з маслам...

Апусцілася ніжняя губа, і паказаліся абломкі залатых зубоў.

Агідна стала Саламону. Ён крыкнуў не сваім голасам:

— Ідзіце адгэтуль! Ёсць установа! А ты, жонка, не пускай сюды людзей па такіх справах!

Вочы ў чалавека ў новым кашнэ наліліся непрытомным бляскам, зрабіліся празрыстымі. Ён нешта замармытаў, захліпнуўся словамі і высунуўся за дзверы.

Жонка Саламона кінулася ў плач...

— Літасці няма да людзей.

— А ён цябе расчуліў, гэты стары жулік? Нядаўна ў яго знайшлі сто цялячых скурак. Можаш за яго быць спакойнай! Гэта — вораг савецкай улады, стары фабрыкант-крывапівец Макс Ліберман. Кінь сваю літасць да гэтай змяі. Ён калісьці над рабочымі таксама літасці не меў.

— Ён жа такі далікатны...

— Ён хітры! А ты зараз жа разнюнілася. Ты зусім адсталая...

Яна задрыжала ад абурэння.

— Не першы раз ад цябе чую, што я адсталая...

— Я выпісваю гэтулькі газет, а ты рэдка калі чытаеш,— сказаў ён з балючай крыўдаю ў голасе.

У паблеклай ад працы жанчыны адразу высахлі вочы. Пабляднелі і задрыжалі губы.

— Калі мне чытаць газеты? Калі? Увесь час у мяне займаюць дзеці і кухня. Калі часам бяруся чытаць, дык не ўсё разумею...

— Пыталася б у мяне.

— Калі ты дома бываеш? Калі? Вечна на сходах, паседжаннях. Паабедаеш — і зноў пабяжыш. А цяпер, калі часам і сядзіш дома, дык працуеш цэлымі начамі.

Саламон збянтэжыўся. Голас яго адразу знізіўся, памякчэў.

— Я ж у гэтым не вінават. Усё наладзіцца.

Жонка крыкнула з халоднай злосцю:

— Наладзіцца! Пакуль наладзіцца, я ногі выцягну! Я — адсталая, кажаш ты. Гэта праўда. Але што мне засталося іншае, як не жыць дробненькімі радасцямі і непакоіцца ад розных недахопаў? Ты зрабіўся інспектарам, і я хвалілася гэтым перад суседзямі... Я ж з імі часцей бачуся, куды больш гавару, чымся з табою. Я пераняла ад іх прывычкі, манеры, погляды. Хаця да замужаства была работніцай. Ва ўсім гэтым ты вінават, таварыш інспектар! Ты! Ты!

Вочы зноў напоўніліся слязьмі. Замазаным ля печы фартухом яна выцірала іх і запэцкалася сажай.

Саламон гэта заўважыў, і яму яшчэ больш прыкра стала.

— Ды перастань ужо... Дай мне спакойна паабедаць... Я такі змучаны...

Ён гаварыў ціхім голасам, літасці прасіў...

— Ты змучаны, а я? Ты вось зазлаваўся, што пусціла чалавека ў хату. Ліха яго ведае, хто ён і што ён! Але ж мне было весялей. Мне было прыемна, што нехта звярнуўся і да мяне...

Саламон апусціў галаву...

— Перастань,— маліў ён.

Ён аглядаў сваю кватэру. Нібы ўпершыню ўгледзеў. Велізарная печ душыла паветра. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Стол займаў таксама вялізную частку кватэры-пакоя. А вось на маленькім століку ў кутку — яго «бібліятэка» і «габінет»; некалькі томаў «Малой энцыклапедыі», творы Леніна, гісторыя партыі, кніжка пра Парыжскую камуну, розныя брашуры па фінансавай справе, граматыка, арыфметыка і іншае. Груды розных газет ляжалі на малой парванай канапцы і на падлозе. На сцяне партрэты Леніна, Маркса і Сталіна, гучнагаварыцель. На адной лініі з вялікай печчу адзіная «мэбля» ў хаце — стары, перафарбаваны ў жоўты колер буфет са срэбнымі качкамі на дзверцах. Гэты буфет служыў яшчэ адной мэце — адгарадзіў «сталовую» і «залу» і «габінет» ад «спальні»...

На падлозе каля стала забаўляліся малыя дзеці. Іх трое: Зінка, Мотка і зусім малюсенькі Ладзімка. Старэйшаму дзіцяці — восьмы год, меншаму — другі. Яны не зварочаюць увагі на непрыемную гутарку бацькоў. У іх — вялікая радасць. Бацька прынёс бляшаны аўтамабільчык. Дзеці пускаюць яго па падлозе. Яны ў захапленні. Кавалачак падлогі — вялікі абшар зямлі з палямі, дарогамі, лясамі. Шматы паперы зверху — неахопнае сонечнае неба над галавою. Аўтамабіль імчыцца... імчыцца наперад, удаль...

Зінка тупае за аўтамабілем (імчыцца на ім).

Мотка трубіць у маленькую трубачку (аўтамабільны гудок).

Ладзімка не хоча ведаць ні прасторнага неба, ні далячынь зямлі, ні страшнага імпэту машыны, што глытае абшар. У яго адно жаданне — папробаваць «машыну» на смак...

Вядзецца няроўнае змаганне паміж слабейшым і мацнейшымі. Ладзімка спачатку захныкаў, а потым уголас заплакаў.

Маці застыдзіла старэйшых:

— Вы ж ужо вялікія... Аддайце цацку Ладзімку. Потым, як ляжа спаць, вы будзеце гуляць.

Яна падала абед і болей спакойна працягнула свае скаргі:

— Юзік лепш за цябе жыве. Ён ужо ў новай кватэры. Яго жонка часта бывае ў клубе, у кіно.

— Ты ўсё «лепш за цябе»! Надыдзе і мая чарга. Яго сям’я яшчэ ў горшых умовах жыла. Яшчэ год — і мы будзем у новай кватэры. Для дзяцей там будзе спецыяльны дом. Будуецца і агульная сталовая. Вызвалішся ад кухні. Нагоніш і ты згубленае. Думаеш, мне лёгка. Пачаў вучыцца. Мне ўжо больш за сорак год... Але даганю і пераганю!

— А мне яшчэ чакаць? Усё табе ды табе...

— Што ж рабіць? У горшых умовах жывуць. Нялёгка адразу сацыялізм будаваць. Да канца пяцігодкі вырасцем. Ахвяры павінны быць...

— Ты ўсё «ахвяры», «ахвяры»! Гэта я павінна быць ахвярай...

— Несправядліва кажаш... Мне лёгка было ўсё жыццё па начах смажыцца каля печаў? Ведаеш, яшчэ ў мінулым годзе доктар забараніў мне працаваць на заводзе. Аб гэтым нікому не гаварыў. Не хацеў, каб мяне перавялі ў інваліды.

— Затое цяпер...

— Што цяпер? Гуляю? Яшчэ больш працую, але без гэтага нельга.

Саламонава сям’я села абедаць.

 

Перамогі і перашкоды

Часта падыходзіў да Саламона інспектар іншага аддзела, тав. Яўменчык, голены па-акторску, чарнявы, з «простымі» манерамі. Усім ва ўстанове гаварыў «ты». Яго прастата, як заўважыў Саламон, была нейкая няпростая. Вось нібы ён фарсіць ёю, як расхрыстанай касавароткай.

Таварыш Яўменчык хістаўся між вучонасцю Гарбулёва і пралетарскасцю Саламона. Ён стараўся збудаваць паміж іх нейкі масток лагоднасці... Думаў згладзіць непаразуменні паміж іх для «агульнай справы»,— як ён гаварыў. Па-ягонаму, трэба было і спяшацца і канкрэтызаваць працу, і разам з тым — усё павольна абмяркоўваць, узгадняць, яшчэ раз абмяркоўваць і яшчэ раз узгадняць... «А то шмат памылак наробім»...

Яўменчык у яго збіваў імпэт.

Часта ён падыходзіў да Саламона, заглядаў яму глыбока ў вочы, па-братэрску клаў руку на плячо і спачуваюча пытаўся:

— Ну, як?

— А нічога!

— Прывык?

— Прывыкаю.

— Лоўка табе тут?

— Не думаю аб гэтым.

— Справа ў цябе, здаецца, добра ідзе?

— Ідзе.

— Калі часам што якое, дык адразу ў ячэйку...

— Ведаю...

— Усё, братку, наладзіцца. Толькі не бярыся цераз сілу, а то не сагнеш, а зломіш.

Тон такіх гутарак быў Саламону не па сэрцу: апякунчы, спачувальны. Так звяртаецца інтэлігент да «выхадца з народа».

Саламон адчуваў, што з ім цацкаюцца, як з дзіцем. Уважлівасць — празмерная, няпростая... Зусім не такая ўважлівасць Юзіка. Той часам і грубае слова скажа, лаянкай прабярэ, а Саламон успрымае гэта лёгка і добра.

Зусім іншы свет, іншае акружэнне, іншыя гутаркі. Праўда, тыя самыя развагі аб сацыялістычным будаўніцтве, аб пяцігодцы, але не так, як на заводзе. Няма той прастаты. Там, на заводзе, філасофіі не разводзяць, а займаюцца несупыннай працай. Ніколі раней не прыходзілася Саламону ўглыбляцца ў самога сябе. Там адзін аднаго разумелі з паўслова. Думкі другога чалавека чыталі з яго фізіяноміі. А тут... Трэба назіраць за людзьмі, вывучаць іх. Хоць гэта было яму непрыемна, а прыходзілася рабіць падзел на «я» і «яны»...

Прыходзілася часта задумвацца над такімі справамі, над якімі раней ніколі думаць не трэба было.

З кожным днём перад ім усё больш яскрава афармляўся жывы малюнак установы. Галава ўжо не балела пасля працы, як у першыя дні. Нават сам дыктаваў даклад каму-колечы з машыністак.

Абедзве машыністкі былі зграбныя, маладыя, добра апранутыя. Яму здавалася, што кожны рух, слова, манера ў гэтых дзяўчат змераны, зважаны, злічаны, як у той арыфметыцы, што цяпер вывучае.

...Магчыма, жонка мае рацыю, што кожны раз пілуе мяне за аблезлую «кожанку»... Яна ж гэта па дабраце робіць...

Саламон пазнаёміўся гадоў пятнаццаць таму назад з з сваёй цяперашняй жонкай, калі яна была яшчэ дзяўчынай. Яна ніколі такой элегантнай не была, як гэтыя машыністкі... Да рэвалюцыі працавала па дванаццаць і больш гадзін у суткі ў швейнай майстэрні. Зусім кінула працаваць пасля таго, як нарадзілася першае дзіця.

У сямейным жыцці ёй было спачатку так няёмка, як яму ў новай установе. Яна рвалася ўвесь час на швейную фабрыку, але дзеці, кухня...

...Абавязкова, як толькі перабяромся ў новую кватэру, яна пойдзе на фабрыку. Адновіцца там, адчуе сябе самастойным чалавекам.

Вось учора машыністка Люба... Змяіная ўсмешка не сыходзіла з яе нафарбаваных губ за ўвесь час яго дыктоўкі. Ярка свяціла сонца. Пажоўклыя пасмы святла пранікалі праз акно. Сонца дрыжала на стале, машынцы, сценах, тварах людзей. У пакоі пацяплела і павесялела.

Саламон жмурыў вочы. Пры дыктаванні расцягваў словы, спыняўся, абдумваў кожны сказ.

Люба апусціла вочы ўніз, глядзела на паперу. Пісала спрытна. Пальцы яе скакалі па клавіятуры, як у піяністкі. Не піша, а грае на музычным інструменце... Не паспее ён сказаць два-тры словы, як яны ўжо адстуканы — выпраўленыя, зграбныя, адшліфаваныя, не так, як у яго.

Люба цярпліва чакала далейшай дыктоўкі, з выразам штучна нацягнутага спакою на твары. Вачэй з паперы не падымала. Так апусціла вочы, ажно можна было падумаць, што спіць. Але сціснутыя губы сведчылі, што калі цяпер падыме вочы, дык зазвініць нястрыманым смехам, з прычыны граматычных памылак Саламона...

Ён упэўнены, што гучны выбух гэтага зняволенага смеху адбудзецца тады, калі дыктоўка скончыцца і ён выйдзе з гэтага пакоя...

Зірнуў у акно. Па снежнай вуліцы мільгаюць сонечныя іскры. Пад самым акном рамізнік дрэмле на перадку лёгкіх санак.

Паплыў пад дамамі родны фабрычны гудок...

Рамізнік прачнуўся.

Саламон ўздрыгануўся ўсім целам. Машыністка, не падымаючы вачэй, заўважыла гэта:

— Вам холадна?..

Нічога не адказаў.

З першага дня новай працы Саламон завёў блакнот. Гэта яму параіў Юзік.

У блакноце ён кожны дзень занатоўваў свае заўвагі. Рознага характару думкі аб людзях, аб іхняй працы, установы ў цэлым. Паводле гэтага блакнота можна было прасачыць за поспехам Саламона ў правапісе і за яго паступовым знаёмствам з галоўным нервам апарата. З кожным днём блакнот усё больш мусоліўся, гладка адшліфаваная аправа зрабілася шурпатай, беражкі лісткоў загіналіся. Да блакнота ён адносіўся з асаблівым замілаваннем. Дзе толькі можна было, вёў свае нататкі: ва ўстанове, пры абследаваннях на месцах, на паседжаннях, на нарадах, пры гутарках. Старонка за старонкай, лісток за лістком пакрываліся каракулямі сіняга і чырвонага алоўка.

За блакнотам Саламона сачыў Гарбулёў, наглядалі многія з установы. Шмат чаго далі б, каб заглянуць, што ў ім напісана.

Па адрасу блакнота сыпаліся ў адсутнасці Саламона розныя дасціпнасці.

— Ці не вершыкі ён туды ўпісвае?

— Практыкуецца ў граматыцы.

— Грашкі нашы запісвае.

— Для фасону крэмзае алоўкам.

А Саламон самым сур’ёзным чынам вёў свае нататкі. Ні ад кога не хаваўся, але пакуль што нікому іх не чытаў. Калі сядзеў ва ўстанове, блакнот ляжаў пры ім на стале. А звычайна — у яго паходнай канцылярыі — у адной з неахопных кішэняў «кожанкі». Часам праглядаў свае нататкі, старанна выпраўляў, нанова перадумваў кожнае ўпісанае слова, абмяркоўваў кожную думку і «за» і «супроць». Нібы камусьці пісаў строгі прысуд. Стараўся пісаць як найкарацей, і нататкі мелі выгляд вельмі сціслага канспекта.

Відаць было па ўсяму, што ён надаваў вялікае значэнне блакноту.

Калі Саламон сустрэўся з Юзікам і расказаў аб сваіх адчуваннях і адносінах між ім і некаторымі служачымі, дык Юзік вылупіў на яго здзіўленыя вочы. Некалькі хвілін маўчаў, нешта сам з сабою абдумваў, светлыя вочы ў яго пацямнелі, і ён крыкнуў поўным ротам, смакуючы кожны гук:

— Раз-маз-ня! Нюня!!

Змераў Саламона з галавы да ног, нібы ўпершыню ўгледзеў, кіўнуў галавою, плюнуў і давай махаць рукамі так шпарка, ажно, здавалася, вось малаціць пачне па Саламонавай спіне. І голас яго, які перасякаўся пры кожным слове, напамінаў стукат пры малацьбе:

— То сорамна яму, то нялоўка. Адзін не так глянуў, другі не так сказаў, трэці — бюракрат, чацвёрты — фармаліст, пяты — праз меру далікатны, шосты — праз меру кплівы! І так без канца...

Саламон пабляднеў. Юзік адсопся і пачаў больш спакойным тонам:

— Сам ты, Саламон, не прыкмячаеш, як праняўся інтэлігеншчынай і пачаў у сваім уласным носе калупацца... Замест таго каб рабіць пералом ва ўстанове, установа робіць пералом у табе... Глядзі! Не далікатнічай там і замест капання ў носе займіся галоўным!

Саламон нагнуўся ўсім целам у бок Юзіка. Усміхнуўся:

— Сып далей, сып!

—На дробязь плюнь! Вучоны спец ходзіць вакол цябе, як квактуха «куда-кудах» — плюнь! Машыністка высмеяла — чапуха! Дзе такіх тонкасцей набраўся?

— Скончыў?

— Пакуль што скончыў.

Юзік расшпіліў каўнер сіняй касавароткі.

Саламон зірнуў на Юзіка такімі вачыма, нібы наперад ведаў, што той будзе яму кідаць у твар такія папрокі.

— Частка праўды ёсць у тваіх словах. Не ведаю толькі, ці ты быў бы лепшым, на маім месцы. Не ведаю таксама, наколькі гэта кепска, што я звяртаю ўвагу на розныя драбніцы або, як ты кажаш, у сваім уласным носе калупаюся.

— Я б на тваім месцы...— усхапіўся Юзік.

— Дай скончыць. Справа ў тым, што трэба ведаць, з кім працуеш, хто цябе акружае, хто на што здолен, як адносіцца інтэлігент не выключна да мяне, Саламона, а ў даным выпадку да нашага брата, рабочага. Таксама на людзях вывучаю самога сябе. Не так сабе, а каб ведаць, ці здолен я на што-колечы, апрача працы на хлебазаводзе.

Саламон на момант спыніўся. Усміхнуўся і пачаў дзелавым тонам:

— Што тычыцца галоўнага, дык вось маеш!

Ён выцягнуў з сваіх вялізных кішэняў цэлую кучу папер, кніжак, справачнікаў, адшукаў у гэтай вандроўнай канцылярыі замызганы блакнот і падаў Юзіку.

— Тут што? — запытаўся Юзік.

— Гэта нататкі за месяц новай працы. Тут я кожны раз адзначаў усе заўважаныя мною недахопы ў працы ўстановы.

— Вось гэта мне падабаецца!

Саламон перагортваў блакнот адным пальцам, нібы калоду карт. На лістках мільгалі каракулі, пісаныя хімічным алоўкам, падкрэсленым месцамі чырвонымі лініямі.

— На, чытай!

Падсунуў Юзіку блакнот...

— Чытай сам! Не разбіраюся ў тваіх круцёлках.

Саламон пачаў чытаць аднатонным голасам. Ён перагортваў лісток за лістком і чытаў кароткія нататкі.

— Усюды гэтыя ўхілы ад класавай лініі,— уставіў Юзік сваю нецярплівую заўвагу.

З кожным новым лістком, прачытаным Саламонам, заўвагі Юзіка змяншаліся. Нарэшце ён толькі адно слова пачаў выкрыкваць:

— Малайчына!

...Прыватныя крамы часам слаба абкладзены...

— Малайчына!

...На велізарныя сумы не спагнаны налогі ў капіталістычных элементаў...

— Малайчына!

...Часам зменшаны падаткі без усякай падставы...

— Малайчына!

...Самакрытыка пастаўлена кепска...

— Малайчына!

...Трэба вызначыць рабочую брыгаду для чысткі апарата.

— Малайчына!

...Для аздараўлення апарата патрэбна яшчэ некалькі вылучэнцаў з фабрык і заводаў...

— Малайчына!

Саламон палажыў блакнот у кішэню.

— Вось табе і калупанне ў носе! — звярнуўся ён да Юзіка.

— Ну, а далей?

— Зраблю даклад на чарговым сходзе і даб’юся арганізацыйных вынікаў.

— Правільна!

 

Рэшткі

Слізка на гарадскіх вуліцах. Тратуары адшліфаваны так, хоць вастры аб іх брытвы. Уночы была адліга, капала са стрэх. Пад раніцу — мароз. Дрэвы, слупы пад тонкай ільдзянай карою, нібы абітыя бляхай. Пад стрэхамі вісяць ледзякі. У цяні яны сінявыя, на сонцы — празрыста-ружовыя.

Асцярожна ходзяць людзі па вуліцах. Глядзяць уніз, каб абмінуць небяспечныя месцы, каб не ўпасці. Калі хто шлёпнецца, за ім уздагон рогат, жарты. Дзе-нідзе тратуары скупа абсыпаны жоўтым пяском, попелам.

Па закавулках, з акраін, у бок рыначнага вялізнага пляца, скрыпяць дзе-нідзе па вуліцах сялянскія фурманкі. Палазы шліфуюць дарогу да бляску шкла. Мужчыны і жанчыны ў жоўтых кажухах, у тоўстых суконных світках, у разнастайных шапках і хустках. На санках — кошыкі з курамі, яйкамі, сырамі, збаны з маслам, мяшкі са збожжам, парсюкі. Часам за санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Санкі з дрывамі, з сенам. Дзе праязджаюць сялянскія фурманкі, вясковы пах запаўняе вуліцу.

Дзе-нідзе з-за брамы выбягаюць гарадскія. Спяшаюцца, аглядаюцца, каб другі не падскочыў.

— Дзядзька, што прадаеш?

— Цётка, пачым яйкі?

Некалькі чалавек, не чакаючы адказу сялян, акружаюць санкі, падскакваюць.

Лаянкі паміж сабою: «я першы падышоў», «я здалёк крычаў», «не вырывай з рук».

Лаянкі з сялянамі за цэны. Гарачы торг. Мітусня. Клапатлівыя твары, імпэтныя рухі, крыкі.

Падбягае міліцыянер — высокі, у чорнай шыпелі, тонкі. Адзіны спакойны твар.

— Не спыняйцеся на вуліцы! На рынак!

Голас міліцыянера не вельмі строгі. Людзі прывыклі да яго, ён — да людзей.

Сяляне едуць далей. Некаторыя куляюцца да іх у санкі. Вядзецца торг ужо на санках. Коні тупаюць памалу і як бы прыслухоўваюцца да гутарак гаспадароў з пакупцамі.

Саламон на рынку з самага рання.

Фінагенты рассыпаліся ва ўсе бакі рыначнага тлуму. З кожнай хвілінай рыначны пляц усё больш запаўняецца людзьмі. Ён глытае фурманкі і не праглытвае. Распрагаюць коней, нібы ў кума на падворку: няспешна, уважліва.

— Гэй, гэй! Гэ-э-эй! — крычаць ззаду пярэднім.— Дарогу давай!

— Паспееш!

...лаянка.

Людскі гоман, іржанне коней, візгат свіней зліваюцца ў адзін несупынны гвалт... Пах мурожнага сена, кажухоў, свежага дрэва, конскага гною, сала і мяса расплываецца над рыначнай гушчаю невідочным воблакам.

Рознакаляровыя хусткі і шапкі блішчаць на сонцы, пярэсцяцца, нібы невядомыя расліны на дзівосным полі.

Паміж санкамі шныраць заклапочаныя людзі са спагадлівымі і палахлівымі вачыма. Жанчыны рознага выгляду і ўзросту з кошыкамі ў руках так спрытна ныраюць у гэтых жывых хвалях, ажно здаецца Саламону, што яны пры кожных санках і што іх нідзе няма. Нейкім чынам на сялянскіх санках тут жа раптам з’яўляецца гатовая вопратка, чаравікі, мыла і іншыя крамніцкія тавары.

Саламон ведае, што гэта былыя крамнікі праз вялікую сетку сваіх агентаў распрадаюць свой захаваны тавар.

Яны вельмі рэдка пападаюцца. Спрытны народ. Перакупшчыкі ўмудраюцца скупліваць сялянскі тавар і зараз жа на рынку перапрадаюць...

— Чарга, грамадзяне, чарга! Кожнаму трэба!

Каля адных санак таўчэцца некалькі жанчын і мужчын.

— Дзе тут чарга, калі павярнуцца няма як?

На санках жвавая цётка гадоў пад сорак. Круглы, нібы поўны месяц, чырвоны твар. Вясёлыя маршчынкі граюць вакол вачэй. У руках бязмен. У белай хустцы яна разважвае масла, што вымае нажом кавалкамі з цабэрка.

З усіх бакоў выцягваюцца да санак рукі з грашыма.

— Мне!

— Мне!

— Я першая!

— Ай, руку выкруціш!

Тузаніна, сваркі.

Так-сяк праціснуўся да санак Саламон.

— Адкуль у цябе, цётка, гэтулькі масла?

Цётка смяецца.

— Ад кароў! Вось пытаецца!

— Колькі ў цябе кароў?

— А табе навошта? Вось прыстаў! Правальвай!

Саламон аглядае людзей, кагосьці шукае.

...Знайшоў.

Кабета ў шэрым паліто. Чорныя вочы спалоханыя. ...Гаспадыня масла...

З’явіўся міліцыянер з фінагентам.

Цабэрак з маслам забралі.

— Адчапіцеся ад мяне! — крычыць сялянка.— Масла не маё! Вунь тая прадае...

Маршчыны вакол вачэй углыбіліся. У вачах патух смех.

Чарнавокая кабета ў шэрым паліто падняла выццё:

— Ды я ж... Ды гэта масла... Божачка мой, што мне рабіць?

Забралі і сялянку і перакупшчыцу.

Павялі.

Ззаду натоўп.

— Дарогу! Дарогу! Разыдзіся!

Грэе сонца. Людзі ў кажухах і цёплых світках разапрэлі. Ранічны лядок на плошчы растаў. Непрыемна цёпкаюцца ногі ў свежай каламуці, змешанай з гноем. Пад вазамі вераб’і. Лезуць коням пад ногі. Людскі гоман зліўся ў адзін крык...

Саламону прыкра...

Зноў мільганула міліцыянерская шапка.

А вось стары знаёмы...

Вядуць Макса Лібермана. На гэты раз у яго трыццаць кавалкаў мыла.

Упарты чалавек Макс Ліберман... Старая каракулевая шапка з’ехала на патыліцу. Над аблезлым каўняром белае кашнэ.

Ён шчэрыць зубы па-звярынаму. Цяжка сапе. Выцірае рукавом спацелы лоб. Шамкае губамі, вачыма шукае спачування ў людзей.

— Сорамна вам! — крычыць яму нехта з натоўпу.— У вас сын інжынер. Можа дапамагчы!

— Мне самому трэба зарабляць на хлеб!

Голас у Макса Лібермана пісклівы, вільготны, слінявы.

— Ідзіце на чорную работу.

— На чорную работу! — перадражнівае яго Ліберман.— На чорную работу! — Ён так пырскае слінай, ажно ад яго адскакваюць.

Вылез з натоўпу чалавек невысокага росту з сіваю бародкаю. Тоненькі з вострымі слязлівымі вачыма, з жоўтым, нібы з воску, носам.

— Чулі, таварыш! — звярнуўся ён да Саламона.— Чулі? Чорная работа яму не падабаецца. А калі я на яго заводзе быў чорнарабочым, дык гэта яму падабалася!

Саламон пайшоў далей.

Павялі некалькі кабет з кошыкамі. У кошыках — панчохі, грабенчыкі, шпількі, ножыкі, пасуда...

Саламон вывучыў хітрыкі былых крамнікаў. Іхні тавар рассеяны па блізкіх і знаёмых, па кошыках у кабет... Гэтыя людзі ідуць на звычайную працу толькі тады, калі роспач голаду на вяроўцы пацягне...

Для гэтых людзей праца — вялікая ганьба... А працы шмат, дзе толькі хочаш — не хапае рабочых рук.

Саламон накіраваўся з рынку ў блізкі завулак. Ён адчуў стомленасць. Рынак ён ненавідзеў з маленства.

Рынак адкідваў дробныя хвалі і сюды на завулак: швэндаліся сяляне, адвозілі пакупцам мяшкі бульбы, сена, дровы.

Крычалі пеўні. Дзеці на каньках слізгаліся, на саначках з’язджалі з гары. Сонца глядзела ў вокны.

Саламон пайшоў сюды без усякай мэты, проста адпачыць трохі ад тлуму. Звінела ў вушах.

Ён сам здзівіўся рознакаляровасці сваёй новай працы. Цэлая энцыклапедыя новых ведаў. Рынак — адна толькі галіна гэтых ведаў. Яму трэба было знаёміцца з фінансавым бокам прафесій розных саматужнікаў, розных вольных прафесій, цікавіўся іхнім бытам, псіхалогіяй. У гэтым выпадку была багатая разнастайнасць: слесары, кавалі, шаўцы, краўцы, токары, панчошніцы, белашвейкі, сальнікі, мяснікі, парыкмахеры, фатографы, дантысты, зубныя тэхнікі, карэтнікі, дактары і шмат іншых, аб якіх ніякага ўяўлення раней не меў. Кожны з іх мае свой уклад жыцця, занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо.

Перад тым як прыйсці да каго-небудзь на праверку, Саламон браў падрыхтоўчы матэрыял у сваёй установе, правяраў лічбы ў адпаведных арцелях, калектыўных майстэрнях, установах: колькі адзін чалавек можа зарабіць у працягу дня, месяца, года, выдаткі на гэта, цэны на сырэц, магчымасць даставання матэрыялаў, бюджэт сям’і і т. д., і т. д.

Трэба ўнікаць у разнастайныя галіны працы. Да кожнага павінен быць своеасаблівы падыход, каб не скрывіць класавай лініі і не ўдавацца ў сантыменты...

Тонкія і чулыя былі шалі для ўзважвання магчымасцей здабывання сродкаў для дзяржавы. Саламон не ведаў, дзе тут мяжа паміж вучобай і практыкай. Яны злучаны ў адно.

Увесь час трэба быць напружаным, каб правільна разбірацца, дзе вораг і дзе прыяцель сацыялістычнага будаўніцтва.

А людзі розных асяродкаў вывучалі і Саламона.

Іхняе вывучэнне было накіравала ў адзін бок: шукалі слабых струнак яго характару, стараліся рознымі спосабамі ўсыпляць яго ўвагу, каб аслабіць напады фінінспектара.

Кабеты плакалі, млелі і зажмуранымі вачыма ў той жа час на яго пазіралі.

Саматужнікі выкладвалі перад ім сваю пралетарскасць.

Некаторыя хвалілі яго здольнасці.

Запрашалі на гарбату, на абед...

У іншых месцах падладжвалі так, што яму прыходзілася весці гутарку з прыгожай дачкою гаспадара або з маладою жонкаю...

Ніякія падыходы не памагалі...

Саламон прайшоў завулак пару разоў туды і назад. Раптам уздрыгануўся: нехта палажыў яму руку на плячо.

Адвярнуўся.

— Юзік?

— Здароў, Саламон! Што так задумаўся?

— Вывучаю рынак.

— Стаміўся?

— Нічога.

У Юзіка ружовы твар. Вясёлыя вочы. На ім новае паліто. Бялявыя валасы блішчаць пад зімовым сонцам.

— Што так прыхалімоніўся?

— Выхадны.

— А-а-а.

— Бэ-э-э. Спіш ці ўжо прачнуўся? Узварухніся!

Юзік патармашыў яго за плечы.

Абодва засмяяліся.

Юзік гулліва зірнуў яму ў вочы.

— Можа, пойдзем... піўца папрабаваць?

— Толькі не сягоння.

Саламон пачаў пільна ўглядацца ў дзверы адной кватэры.

— Што зрэнкі напяліў?

— Нічога.

— Ведаю тваё «нічога». Куды ён там паглядае?

Юзік угледзеў на дзвярах нізкай хаты ледзь прыкметную аблезлую шыльду: "Белашвейка".

Адтуль вышлі з пакункамі двое сялян. На ганку стаяла дзяўчынка гадоў дзесяці ў доўгай кофце. Яна азірнулася па баках і назад ускочыла ў хату. Сяляне таксама аглядаліся. Адзін з іх быў у доўгай сівай бурцы, другі — у кароткім залатаным кажушку. Абодва ў лапцях. У бурцы — высокі, малады, з жаўтаватымі вусамі. У кажушку — старэнькі дзядок, у якога сівыя валасы тырчалі рэдкай шчоткаю. Дабрадушныя вочкі яго слязіліся, шчокі шыза-чырвоныя. Радасна ён паглядаў навокал. Яго падштурхоўваў малады, з сур’ёзным тварам, пакрыкваў:

— Хадзем! Хадзем!

— Што вы тут купілі?

Малады акінуў Саламона халоднымі вачыма і нічога не адказаў. Дзядок ухмыльнуўся, падміргнуў адным вокам, як стараму знаёмаму, і разявіўся бяззубым вільготным ротам:

— Я-рун-да-а!

Ад яго аддавала гарэлкай.

Малады пацягнуў яго за кажух. Прыдушаным голасам:

— Хадзем!

— Я-рун-да-а!

Дзядок шырока расставіў ногі, хіснуўся, ікнуў, другі раз хіснуўся і зноў паўтарыў: «ярунда». Слова праходзіла праз яго горла, нібы костка. Чырванеў лоб. Жылы выступалі на вісках. На зморшчанай, хударлявай шыі хадыром хадзіў востры, нібы яловы сучок, гарляк.

— Хадзем!

— Я-рун-да-а! Дай, сынку, з чалавекам пагаманіць!

Малады пацягнуў п’янага з усяе сілы. Выпаў у снег пакунак. Разгарнулася папера, і адтуль паказалася пара новых штаноў і жакетка.

— Тут купіў? — зацікавіўся Саламон.

— Ярунда! Тутака!

Саламон і Юзік увайшлі ў кватэру. Кабета гадоў сарака нешта шыла на швейнай машыне. Нахіліла галаву над шыццём, вачэй не падымала нават тады, калі ёй сказалі «дзень добры». Рыжаватыя валасы закрылі ёй лоб і вочы. Яна пешта мармытнула.

Дзяўчынка ў доўгай кофце глядзела на Саламона і Юзіка чорнымі спалоханымі вачыма.

— Вы што? — звярнуўся Саламон да кабеты.— Прадаеце мужчынскую вопратку?

Яна падняла твар бледны ад схаванага страху.

— Я? Не! Я толькі па заказу бялізну шыю... Свайго матэрыялу не маю.

Голас, спачатку няўпэўнены, пацвярдзеў.

— А не вы прадалі сялянам вопратку?

— Не!

Злосць у яе голасе. У вачах заблішчэлі аганькі. Дзяўчынка глядзіць то на сваю маці, то на Саламона. У кутку каля ложка з чырвонай коўдрай вялікая скрыня.

Дзяўчынка часамі кідае вачыма на гэтую скрыню.

— А што ў вас тут?

Саламон кіўнуў рукою на скрыню.

— Бэбахі...

— А калі пазаву міліцыянера і паглядзім?..

Жачына заплакала.

Кінулася ў слёзы і дзяўчынка, з жаласлівасцю паглядала на матку...

— Гэта не мой тавар... Я ўдава...

— А чыё ж гэта?

Жанчына ламала рукі.

— Я ўдава...

 

Зусім не жарты...

Саламон перагортваў свой блакнот.

Спецыяльна для сягонняшняга выступлення ён не рыхтаваўся, але нейк ідзе лёгка... Усім нутром ён быў да гэтага падрыхтаваны ўвесь час за апошнія пару тыдняў.

Электрычнае святло матавымі палосамі ляжала па ўсёй зале, адкідвала роўны водсвет на людскія твары.

Саламон гаварыў спакойна, роўным голасам, без выкрыкаў. Калі хто з прысутных зажмурваў вочы і не бачыў прамоўцы, яму здавалася, што гэта вядзецца сямейная гутарка ў прыватным памяшканні паміж дваіма людзьмі. Адзін слухае, а другі нешта тлумачыць. Але хто прыглядаўся да твару Саламона, заўважыў лёгкае дрыжэнне мускулаў і нібы самі вочы, бліскучыя і больш выразныя, чым заўсёды, дрыжэлі. Кроплі поту блішчэлі на яго лбе. Кожнаму здавалася, што прамоўца выключна на яго глядзіць і да яго гаворыць. У спакойным тоне яго можна было заўважыць стрымліванне, напружанасць.

— А вось цяпер ён пачне крычаць...— шапнула адна машыністка другой.

Яны сядзелі ў задніх радах.

— Глядзі, наш вылучэнец і не думае павышаць голасу. Ён па сутнасці добры чалавек...

— Толькі трохі ў твары пабляднеў. Хвалюецца...

Адна з іх адчыніла рыдыкуль і дастала адтуль цукерак.

Пачаставала другую.

— І граматычных памылак у яго сягоння мала.

Пры гэтым яна скрывіла тонкія губы ў двухсэнсовую ўхмылку.

— Кажуць, што да яго настаўнік на кватэру ходзіць, пачаў яго вучыць, ад «а» і «бэ» да «ц» дайшоў.

— Ды цішэй вы там!

Да іх адвярнуўся злосны твар прышчаватага рэгістратара.

Машыністкі сціхлі і ад прымушанага маўчання пашараваліся аб спінку крэслаў.

«...Самакрытыка ў нас кепска пастаўлена. Пятро хваліць Паўла. Павел хваліць Пятра. Пятро ганіць Паўла. Павел ганіць Пятра. А дзе аб нашай працы? Дзе аб яе недахопах, аб якіх я раней казаў?»

Старшыня рэдкалегіі насценгазеты атрымаў ад суседа лёгкі штуршок у бок.

— Чуеш?

— Ну, што ж... Не я адзін у гэтым вінават. Чаму ты лепшага нічога не пішаш?

— Ціха! — крыкнуў са стала прэзідыума сакратар ячэйкі тав. Лабада. Дзеля большай строгасці ён злёгку пазваніў.

Старшыня сягонняшняга сходу, тав. Гарбулёў, узяў з рук Лабады званок і яшчэ раз пазваніў.

— Гэта ж абавязак старшыні званіць,— шапнуў ён на вуха Лабадзе. Той усміхнуўся.

Гарбулёў узяўся за сваю звычайную на сходах працу — рысаваў хімічным алоўкам на газеце пеўнічкаў. Ужо некалькі штук красуецца.

Часам падыме галаву ад паперы, усміхнецца ў бараду, блісне на сход шкелкамі акуляр і зноў галаву апусціць.

Яму здаецца, што ўсе на яго глядзяць. Лазню ён меў сягоння з двух бакоў: па-першае — жонка хацела ісці ў кіно і злавалася, што ён позна вернецца, па-другое — ад вылучэнца яму сягоння здорава папала ды яшчэ пападзе.

— Прызнацца сягоння ж у памылках? — пытаўся Гарбулёў у самога сябе.— Можа, наступ гэтым аслабіцца...

Ён узяўся пакуль што за новага пеўнічка... Лабада глядзеў увесь час на профіль Саламона з запытаннем у вачах.

— ...Аднак ён ужо больш паўгадзіны гаворыць і да ячэйкі яшчэ не дабраўся...— думае Лабада.— Мабыць, на закуску пакідае... Што ж, я рабіў усё, што можна было пры ўмовах нашай установы. А што наш актыў слабы, я не вінаваты...

Кожнае слова Саламона б’е ў самае нутро, як малатком.

«...Цяпер пра аздараўленне нашага апарата...»

Саламон перагортвае свой блакнот, набліжае яго да самой лямпачкі пад сіні абажур. Зажмурвае вочы і знаходзіць патрэбную нататку.

— Маладзец Мінкін! — кажа на вуха ўборшчыца Зося, пажылая кабета, свайму суседу, лысаму бухгалтару.— Даўно пара рабочую брыгаду назначыць! Даўно пара яшчэ некалькі вылучэнцаў сюды з рабочых!

— Можа, вы самі мяркуеце ў інспектары? — пажартаваў бухгалтар і вышчарыў на Зосю гнілыя зубы.

— Хто б себе ні быў, але з нашага брата...

Па ўсіх тварах прамільгнуў цень неспакою. Хаваўся ў вачах прытоеным зайцам.

Прамоўца гаварыў пра чыстку апарата...

Бухгалтар пацягнуў дзелавода за рукаў.

— Хадзем курыць...

Трохі сагнуўшыся, хаваючыся, абодва выслізнулі за дзверы ў калідор. Лабада з-за стала прэзідыума бліснуў на іх халоднымі вачыма.

У калідоры голас Саламона з залы быў заглушаны сцяною.

— Гум-гум-гум! Гум-гум-гум! — гумкалі з залы раўнамерныя гукі Саламонавага голасу.

— Ён зусім не жартуе з намі! — сказаў бухгалтар.

Шчупленькі і спрытны дзелавод махнуў рукою з тонкімі пальцамі.

— Не трэба нерваў псаваць... На, куры!

Абодва закурылі. Зірнулі на сцяну, на пустое месца, дзе ўдзень вісела «Ільічоўка». Цяпер газета ў зале на сцяне пры ўваходзе.

Шмат народу глядзела сягоння «Баявік дня» — карыкатуру на Гарбулёва. «Мастак» установы — рэгістратар — намаляваў Гарбулёва з некалькімі пеўнікамі вакол, а знізу падпісаў:

«Выстаўка малюнкаў тав. Гарбулёва на сходах нашага калектыву».

Гэта карыкатура выклікала ўдзень шмат непрыемнасцей.

Дрыжаў рэгістратар ад страху перад Гарбулёвым.

Дрыжаў Гарбулёў ад злосці на рэгістратара.

Папалася рэдкалегіі ад тав. Лабады:

— Калі раз адважыліся, дык нічога больш дасціпнага не маглі прыдумаць. Гэта ж чорт ведае што! Гэта ж наступілі на качаргу, і яна бэцнула ў лоб! Карыкатура ўдарыла не па Гарбулёву, а па калектыве ў цэлым.

Ён кінуў зрок на рэгістратара:

— Каго ты разумееш пад гэтымі пеўнічкамі?

— Дурную прывычку Гарбулёва маляваць пеўнічкаў. Так і ўся рэдкалегія зразумела.

— А вы не падумалі, што пад пеўнічкамі можна зразумець... ну... хоць бы рэдкалегію?

— Не падумалі... А што, ідэалагічна не вытрымана?..

Рэгістратар спалохаўся.

Лабада засмяяўся.

— Прычым тут ідэалогія...

Старанна смакталі папяроскі бухгалтар і дзелавод.

Прамова Саламонава ад іх аддалялася толькі звонку. Роўныя водгукі яго голасу праз мураваную сцяну напаміналі ім аб няпэўнай перспектыве ў бліжэйшай будучыні...

Кожны з іх думаў аб адным і тым жа:

«Скрыначка з наклейкай: «Тут збіраецца матэрыял па чыстцы апарата». Потым самы працэс чысткі. Капанне ў тваёй дзейнасці, паходжанні, мінулым. Непрыемнасці. Чым гэта яшчэ можа скончыцца?.. Можа, у гэтай скрыначцы магіла цябе чакае...»

— Гум-гум-гум! Гум-гум-гум! — чуваць з-за сцяны калідора голас Саламона.

— Зараз гадзіна, як гаворыць.

— Ён зусім не жартуе...

— Нялоўка тут у калідоры туляцца.

Яны ўкрадкам усунуліся ў залу.

Саламон сваю прамову скончыў. Гарбулёў успомніў пра карыкатуру ў газеце і злосна замазаў усіх сваіх пеўнічкаў.

У зале ішло шушуканне. Усе твары былі сур'ёзныя і напружаныя.

— Гэта паклёпы на нашу ўстанову,— сказаў адзін фінагент другому.

— Згушчэнне фарбаў,— згадзіўся другі.— Наша ўстанова не горш за іншыя працуе... Мы ўвесь час нічога не бачылі, а вось прыйшоў тав. Мінкін — і ўсё ўгледзеў...

— Вечна ганіць нас, а ці ёсць толк з гэтага шуму?

— Ну, ну, не гарачыся! Ён трохі мае рацыю...

І, як надзіва, машыністкі ва ўсім згаджаліся з новым фінінспектарам.

— А ведаеш, Люба, ён цікавы чалавек. Пачынае мне падабацца.

— Лоўка сцёбаў начальства. Лоўка! Як у гогалеўскім «Рэвізоры» выйшла. Закрануў Гарбулёва — той наставіў вушы і вочы, дзелавода — той замітусіўся. Фінагентаў — яны ажно падскочылі на сваіх крэслах.

Машыністкі ў захапленні.

Саламон сядзеў пры стале прэзідыума. Калі пасля запытанняў да яго і адказу на іх выступіў Гарбулёў, дык уся аўдыторыя рассейвала сваю ўвагу ў розныя бакі.

Гарбулёў гаварыў гладка, адшліфоўваў кожны сказ, даваў прыгожыя слоўцы. Голас у яго то звінеў металавымі гукамі, то чуліся кволыя ноткі крыўды, то хітрасплеценыя апраўданні.

— Тав. Мінкін сцёбаў, а ён свае плечыкі адварочвае,— сказала ўборшчыца бухгалтару.

Той маўчаў.

У зале неспакойна. Няма зацікаўленасці да прамовы Гарбулёва, якога чулі шмат разоў: апрыкрыў. Некаторыя могуць яму падказваць. Ведаюць, што ён далей будзе гаварыць...

Лабада часта трасе званком.

Гарбулёў выцірае акуляры белай хустачкай, калі-нікалі налівае ў шклянку вады з графіна, блішчыць акулярамі на залу і гаворыць без канца. Здаецца, так да заўтра будзе гаварыць...

Саламон то ўсміхаецца, то ціскае плячыма і ўсё нешта запісвае.

— Добра, што так сягоння сыпнуў! — звярнуўся да яго Лабада.

— Няма чаго цырымоніцца. Хоць і табе, Лабадок, папала.

— Што зробіш, вінават і я, але слабы ў нас актыў. Сам ведаеш!

— Падмацуем!

— Ну і лоўкі! — дзівіцца рэгістратар на Гарбулёва.— Па-ягонаму выходзіць, што ўстанова і вінавата і невінавата. А калі яна вінавата, дык ёсць нехта і нешта яшчэ больш вінаватыя...

Рэгістратар глытае масляныя словы Гарбулёва, глядзіць яму ў самы рот з зайздрасцю, што так хораша ўмее гаварыць...

Найвялікшай сваёй хваробай рэгістратар лічыць тое, што ён маўклівы. На дыспуце, на сходзе, на вечары, на ўрачыстасці ўсе яго таварышы выступаюць, а ён маўчыць... Не для таго маўчыць, што не мае чаго казаць, што няразвіты, не: ён добра разбіраецца ў розных пытаннях палітычна-грамадскага жыцця. Заўсёды на сходах ён сядзіць напружаны, чакае з нецярплівасцю канца кожнай прамовы, каб самому нешта сказаць... У яго галаве і цяпер рой цікавых думак, яскравых вобразаў, лагічных вывадаў, самых практычных прапаноў, рэзалюцый. Далей маўчаць нельга. Гэта будзе злачынствам...

— Адразу пасля Гарбулёва папрашу слова! — пастанаўляе рэгістратар. У сэрцы хваляванне.— Хутчэй бы скончыў ён... Я дакажу, што тав. Мінкін ва ўсім мае рацыю, нягледзячы на тое, што Гарбулёў так хораша выкручваецца.

Рэгістратару не цярпіцца, ёрзае па крэсле туды і сюды. Ён адчувае да тав. Мінкіна нейкую сімпатыю. Той з ім заўсёды на «ты». Проста з ім гаворыць.

Але як толькі рэгістратар сябе ўяўляе, што на яго будзе накіравана многа пільных вачэй, дык зараз жа нападае палахлівасць.

Скончыў Гарбулёў, а рэгістратар так і не загаварыў...

Сход цягнуўся доўга. Рэзалюцыя была прынята самая канкрэтная і тэрміновая. Усе працаўнікі ўстановы былі ўзбуджаны. Збіраліся купкамі, спрачаліся горача і позна не выходзілі з залы...

— Гэта ж цэлы пераварот у нас! — гаварыў бухгалтар.

— Даўно пара! — крыкнуў яму рэгістратар.

Як Саламон ішоў дамоў, электрычныя ліхтары ўжо не свяцілі. Было змрочна. Далёка за поўнач. Капала з стрэх, як напрадвесні. Ён быў прыемна ўсхваляваны: «Пачатак пералому падрыхтаваны... Яшчэ трэба будзе катнуць у газету...»

Ішоў дамоў шпаркімі крокамі. Хлюпаў над нагамі разжыжаны снег. Прыйшла на думку вестка, якую атрымаў днём: канферэнцыя вылучэнцаў у Мінску. І ён туды паедзе. Потым у Мінску арганізуюцца курсы. Потым для ўзмацнення кваліфікацыі паедзе ў Ленінград на месяцаў восем.

Тут ён злавіў сябе на тым, што вельмі дбае аб сваёй уласнай асобе.

Пачаў сябе папраўляць:

— Прыйдзецца яшчэ да Мінска і да Ленінграда тут, на месцы, здорава папрацаваць, пакуль рабочая брыгада, новыя вылучэнцы, і я ў тым ліку, не зробім поўнага пералому ва ўстанове...

Ён набліжаўся да свае кватэры. Тут толькі адчуў зморанасць ва ўсім целе. Стома была такая вялікая, што, бадай, апрануты кінецца на пасцель. Хутчэй бы. Але бяда з форткаю. Доўга прыйдзецца барабаніць, пакуль хто адчыніць.

Была надзвычайная цішыня, якая сплялася ў адно з вільгаццю ночы. Павольна ехаў па пустой вуліцы рамізнік без пасажыра. Ён сядзеў згорблены на перадку санак у ціхім раздум'і. Вельмі шпарка пранёсся аўтамабіль. На некалькі хвілін асвяціў вуліцу і бліскучай паласой памчаўся наперад...

У святле аўтамабіля Саламон заўважыў, як каля варот дома, дзе ён жыве, ходзіць туды і сюды нейкі чалавек. Відаць, кагосьці чакае, або гэта адзін з кватарантаў дома, які чакае, пакуль адчыняць фортку. «Прынамсі, весялей будзе мне».

Ён падышоў блізка.

Той зірнуў Саламону ў вочы. У чорным паліто, інжынерская шапка.

— Добры вечар!

— Добры вечар!

— Тав. Ліберман?

— Той самы. Як жывеце на новым месцы?

— Нічога. Працую. Што вы робіце тут, тав. Ліберман?

— А я быў на хлебазаводзе. Праходам апынуўся тут.

Саламону стала нясмачна. У мяккім тоне інжынера адчуў да сябе просьбу: ці не па справе бацькі — старога прайдохі Макса Лібермана?

Не дакончыў свае думкі, як інжынер прыступіў да справы.

— Тав. Мінкін. Хоць позна і тут не месца аб гэтым гаварыць і мне вельмі непрыемна, але мы з вамі старыя знаёмыя. Я б на вашым месцы, можа, і не быў бы лепшым. Але, ведаеце, тав. Мінкін, гэта ж маё няшчасце, мой бацька...

Ён гаварыў шэптам, але Саламону здавалася, што кожнае слова рэжа яму вуха, нібы скрыгат нажа па шкле.

— Ды што ж вы хочаце,тав. Ліберман?

Саламон адчуў, што лезе ў нейкую ціну, у клейкае балота.

— Бачыце, тав. Мінкін, вы не разумееце псіхалогіі старых людзей. Я свайму бацьку не дазваляю займацца спекуляцыяй, даю яму кожны месяц на жыццё, але ён не можа жыць без руху, без дзейнасці. Вы разумееце гэтую псіхалогію?

— Вельмі добра разумею...

— Апрача таго, ён трохі ненармальны. Бывае...

Саламон пачаў барабаніць у фортку з усіх сіл.

...Скуркі, масла, мыла...

— Падумайце самі, тав. Ліберман. Каб у мяне быў такі бацька, дык я б за яго не прасіў.,

— Я разумею, але...

Адчынілася фортка.

Саламон ускочыў у двор і так шпарка замкнуў за сабою фортку, нібы за ім гналася чума...

Прайшоў у глыб двара. Ад абурэння ён аж плюнуў. Стомленасці як не было. Ужо на ганку свае кватэры Саламон чуў, як інжынер крыкнуў рамізніку.

«...Рамізнік чакаў яго ўвесь час...» — падумаў Саламон.

Ужо ў хаце Саламон пачуў фабрычныя гудкі з розных бакоў. Дрыжалі вокны.

Па твары праплыла радасная ўсмешка.


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў: У 5 т. Т. 3. Аповесці. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1987. - с. 190-228
Крыніца: скан