epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Толькі што бярозка пукацца пачала...

Толькі што бярозка пукацца пачала вясной, толькі што пачуліся над ёй сярэбраныя званочкі жаваранкаў, як пастух засунуў сякеру за пояс, закінуў доўбню на плечы і найшоў за пустку ў малады бярэзнік, выбраў самую гладкую, маладую і стромкую бярозку, крыкнуў «гэ!», размахнуўся і рассек яе вышэй пояса…

…………………………………………………………………………………………………

Быццам слёзы маладой дзяўчынкі, быццам светлая раса на кволых пралесках раніцай, буйнымі кроплямі пацёк сакавік белага, як сыр, мяса бярозкі...

Ай! Што робіш, пастух, нашто губіш жыццё маладое?..

…………………………………………………………………………………………………

І гэтага мала — яшчэ шчырэй крыкнуў ён «гэ!», яшчэ шырэй размахнуўся і ёмка ўехаў сякерай у самае сэрца бярозкі...

Задрыжэлі яе цененькія галіны, задрыжэла яна ўся з макаўкі пад пебам да карэнняў пад мохам зялёным...

Пацяклі з самага затоенага стрыжня ручайкі салодкай жыжкі па белай кары да бруднай зямлі…

…………………..………………..………………..………………..………………………

Прылажыўся пастух вуснамі к ране, пачаў смактаць з нейкай дзікай смагласцю, нібы ваўкалак кроў чалавеччу...

Ай! Што робіш, пастух, нашто губіш жыццё маладое?..

…………………………………………………………………………………………………

І гэтага мала — скінуў пастух свой залатаны кажух, ускарабкаўся спрытна на бярозку, выняў з-за падпярэжыны востры нож — і давай зрэзваць на венікі сочныя, мяккія, кволыя галіны бярозкі і пагубіў жыццё маладое...

…………………………..………………..……………………………………………………

 

А ён сам, як той камень бяздушны,— не дбае, не рупіць сумленне... і памерла маладая бярозка без пары... Высахла, засталася паміж таварак сваіх, нібы ацярэблены дрынголь... Не пяялі болей жаваранкі над ёй, бо драцяныя веткі вельмі калоліся.

Не ківалася яна, як другія, ад лёгкага ветру, бо як косць ацвярдзела, толькі калі ўжо моцны сухавей штурхануў яе, яна з нейкім енкам, быццам бабуля на пяколку, стагнала, енчыла і чуць-чуць прыхілілася... Прыхілілася да светлай лужыны на лагчыне і яшчэ мацней скрыпнула з крывавай крыўдай у другі бок, бо ўбачыла ў люстэрнай вадзе голы шкілет свой і анямела ад пераляку...


1913?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 12
Крыніца: скан