epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Тры этапы беларускага друку

1. Эпоха Кастуся Каліноўскага.

2. Рэвалюцыя 1905 года.

3. Чырвоны Кастрычнік.

Пад дзікім гнётам беларускі народ жыў цэлымі вякамі.

Захаваныя ў глыбіні яго сэрца пачуцці і імкненні народ выяўляў у сваіх песнях-думах аб волі.

Замест друкаванага слова, замест беларускіх кніг і газет, — жывыя песні луналі, пераліваліся водгаласкамі ад поля да поля, ад вёскі да вёскі.

Друкаваць па-беларуску было ўвесь час забаронена. Небяспекай для «Северо-Западного края» лічылася друкаванае беларускае слова.

Слова «Беларусь» было «крамолай», «рэвалюцыяй», «бунтам».

Толькі тады, калі нашы пушчы запаўняліся паўстанцамі, калі беларускае неба ірдзелася ўночы ад пажарышчаў панскіх маёнткаў, калі шчоўкалі над нашай глебай бунтарскія стрэльбы, — тады з’яўлялася друкаванае беларускае слова, з’яўлялася звестнікам свабоды і вызвалення.

З’яўлялася беларускае слова чорнымі друкаванымі літарамі на паперы тады, калі прамень волі мільгаў над нашай зямлёй, калі ратай ішоў пад чырвоны штандар на барацьбу за вызваленне з-пад панскага і царскага ярма.

Першымі ластаўкамі беларускага друкаванага слова былі адозвы Кастуся Каліноўскага ў часы апошняга польскага паўстання. У гэтых адозвах ясна гаварылася, што беларускі народ павінен рабіць дзеля свайго вызвалення.

Мураўёўскі «гальштук» задушыў тады паўстанне. Але царская шыбельніца, на якой згінуў беларускі рэвалюцыянер Каліноўскі, не задушыла імкнення працоўнага люду да волі, да лепшага жыцця-быцця.

Пасля доўгай царскай рэакцыі, якая затапіла наш край вялікай плоймай чарнасоценцаў, ад першага пана да апошняга чыноўніка і гарадавіка, — яркім полымем выбухнула рэвалюцыя 1905 года.

Рэвалюцыя запатрабавала жывых сіл беларускага земляроба.

Як непасрэдна звязацца з селянінам?

Як кінуць у яго мозг свядомасць аб яго становішчы, аб яго чалавечых правах?

Як растлумачыць яму, што ён — гаспадар зямлі?

Як навучыць яго з сярпамі і косамі выступіць супраць сваіх адвечных, заклятых ворагаў?

І Беларуская сацыялістычная грамада знала, што трэба рабіць:

Нашы вёскі былі наводнены цэлым патопам адозваў-лістовак на беларускай мове.

У вёскі разам з лісткамі з’яўляліся агітатары, якія клікнулі вялікі кліч да волі. Па нашых лясах ладзіліся мітынгі на беларускай мове. Распаўсюджваліся першыя рэвалюцыйныя беларускія кніжачкі.

Вершы Цёткі і Багушэвіча беларускія сяляне пачалі вучыць на памяць.

«Наша доля», якая пачала ў 1906 г. выходзіць у Вільні, была ўся гарачым клічам да рэвалюцыі. Усе нумары (3) гэтай першай беларускай газеты канфіскаваліся царскай уладай.

Рэвалюцыйнымі наскрозь былі і першыя нумары беларускай газеты «Наша ніва». Яна пасля зрабілася напалову легальнай, але за рэдакцыяй несупынна сачылі царскія жандары.

Супрацоўнікі беларускай газеты жылі на бяспашпартным становішчы і пастаянна хаваліся ад вока царскай паліцыі.

Рэдакцыя «Нашай нівы», выкаваная ў доменнай печы рэвалюцыі 1905 года, была ўвесь час беларускім рэвалюцыйным генеральным штабам.

Час ад часу тут ладзіліся сакрэтныя з’езды беларускіх рэвалюцыйных дзеячаў. Пішучы гэтыя радкі памятае такі з’езд, які быў наладжан пад маскай навагодняй гулянкі на 1913 Новы год. На гэтым з’ездзе была апрацована праграма будучай аўтаномнай Беларусі.

З «Нашай нівай» мелі пастаянную сувязь украінскія рэвалюцыйныя дзеячы таго часу. У «Нашу ніву» наведваўся тады вядомы шлісельбуржац — Мікалай Марозаў.

«Наша ніва» — дзіця рэвалюцыі 1905 года, выгадавала на сваіх старонках найлепшых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. «Наша ніва» палажыла першы фундамент для будучай беларускай культуры, для будучага беларускага друкаванага слова.

Вялікая імперыялістычная вайна зноў прыпыніла беларускі друк. Паласа фронту, якая перарэзала Беларусь на дзве часткі, зрабіла тое, што слова «Беларусь» лічылася «крамолай».

Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі беларускае друкаванае слова пачало сваё шырокае развіццё.

Штодзённая беларуская газета «Савецкая Беларусь» (6-ты год выдання), вялікі лік беларускіх часопісаў, кніг, развіццё беларускай культуры ў шырокім ахопе — вось гэта і ёсць падарунак вялікага Кастрычніка беларускаму працоўнаму люду!

Дзень друку для беларускага працоўнага люду выяўляецца адным з найвялікшых урачыстых дзён у заваёвах рэвалюцыі. З гэтым днём звязана суцэльная наша новая культура. З гэтым днём звязана адраджэнне нашага народа.

Пад сцягам ленінізма наша нацыянальная культура расце, развіваецца і пранікае ўглыб, расплываецца ў шыр беларускіх зямель сонечнай паводкай.

Дзеля болей яркага выпуклення гэтага дня, дзеля глыбейшага ўразумення вялікага свята нашага чырвонага беларускага друку, кінем вокам на Заходнюю Беларусь па-за польскімі межавымі слупамі з панскім белым арлом.

Там прыдушан беларускі друк — прыпынена беларуская культура. Жандары гойсаюць па вёсках і ў каго знаходзяць беларускую газету — арыштоўваюць, катуюць і садзяць за жалезныя краты.

Беларускае друкаванае слова і рэвалюцыя, беларуская газета, кніжка і камунізм — сінонімы, адно неразлучнае паняцце.

На рэвалюцыйнай глебе ўзрадзілася беларускае друкаванае слова — першы культурны проблеск выяўлення нашага нацыянальнага «я». На ўзворанай Кастрычнікам глебе наша друкаванае слова знайшло сваё далейшае развіццё і выгадавала новае, маладое пакаленне дзеячаў друку, беларускіх пісьменнікаў, настаўнікаў, беларускі камсамол, стварыла нашу нацыянальную культуру.

Уся ўвага Савецкай улады цяпер кінута на вёску — на працоўнага селяніна. Мэта — адна: падняць сялянскую гаспадарку да найвялікшых размераў і закідаць сялянскую хату кнігамі.

Так яно і будзе! Мы ў гэта верым!


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 459-461
Крыніца: скан