epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Тры крыжыкі

Гэта былі не звычайныя крыжы, якія мы бачым на могілках, або ў царкве, ці на абразах.

Гэта былі тры маленькія, нязграбныя крыжыкі, пісаныя на паперы мазолістай, каравай рукой Янкі Гарбача.

Тры палачкі ўдоўж і тры ўпапярок.

Янка Гарбач так заўсёды падпісваецца.

Тры крыжыкі складаюць усю яго пісьменнасць і навуку.

Такія яго крыжыкі добра ведала даўнейшая воласць.

Такія крыжыкі ставіць ён на паперах і ў цяперашнім сельсавеце.

І, здаецца, крыжыкі гэткія самыя, як і ў іншых непісьменных сялян, але Янка іх заўсёды пазнае хоць паміж сотні такіх жа, напісаных не яго рукой.

Ён іх пазнае так, як пазнае сваю касу, пугу ці свой воз паміж іншымі такімі ж прыладамі гаспадаркі.

Ёп іх пазнае так, як чалавек пазнае сваю авечку ў вялікім стадзе чужых авечак, альбо бабу сваю на кірмашы сярод вялікай грамады баб у такіх жа, як у яго жонкі, хустках.

А на першы погляд здаецца, што ніякай розніцы няма паміж крыжыкамі Янкі Гарбача і такімі ж грамзоламі іншых непісьменных сялян.

Гэта толькі здаецца.

Янка Гарбач ведае свае крыжыкі, як сваё імя. Шмат поту яны яму каштуюць кожны раз, як прыходзіцца яму падпісвацца.

Ён сапе ў бараду, вочы пільна паставіць у паперу, цэліцца доўга-доўга і пачынае выводзіць крыжыкі, нібы будыніну будуе.

Як сахою па раллі, водзіць ён пяром па паперы. Доўга майструе, пакуль стануць крыжыкі ў радочку — адзін за адным, як жывюханькія. Нібы тры камарыкі, адзін меншы за другога.

Янка ўкладае ў гэту пісаніну ўсю сваю кемнасць, усю істоту, усе думкі і настроі, якімі ён перапоўнены ў той час.

Праўда, кожны раз крыжыкі выходзяць у яго па-інакшаму, у залежнасці ад яго настрою, але ён іх ведае. Таўшчыня і даўжыня палачак гэтых крыжыкаў заўсёды напамінаюць яму аб тым, пры якіх варунках ён іх пісаў, калі пісаў, што тады думаў, ці ён быў тады вясёлы, ці смутны.

Гэта ўсё Янка пазнае па крыжыках паводлуг іх ліній, паводлуг таемных прыкмет, вядомых толькі яму.

Пісьменныя людзі ставяць пры гэтых крыжыках яго імя і прозвішча. Так даецца тлумачэнне да іх, каб у канцылярыі ведалі, што гэтыя крыжыкі азначаюць «Янка Гарбач».

Янка вельмі гардзіцца тлумачэннем пісьменных: жартачкі — ён так мудра піша, што тлумачэнне патрабуецца. У Янкі тады з’яўляецца на твары выраз надзвычайна вучонага чалавека...

Янка Гарбач бывае на ўсіх сходах, усюды выступае з прамовамі і на ўсіх рэзалюцыях — аб кааператыве, аб школе, аб пераходзе на шматполле — мітусяцца яго тры крыжыкі.

Ставіць свой подпіс крыжыкамі для яго хоць і цяжкая праца, але ён гэта вельмі любіць. Вугалем на сцяне іх крэмзае, зімой па снезе кійком малюе. А калі часам задумаецца, дык пальцам перад сабой у паветры іх пачынае выводзіць, нібы па ўспацеўшай шыбіне.

 

*

— Кінь, нарэшце, свой магільнік! — казаў аднаго разу настаўнік іхняй вёскі Янку Гарбачу.

— Які магільнік?! — здзівіўся Янка і выставіў на настаўніка пару вострых, як цвікі, вачэй.

— Свае тры крыжыкі,— лёгка ўсміхнуўшыся, мяккім голасам вытлумачыў настаўнік.

— Як тры крыжыкі?! Мой подпіс?!

Янка так аслупянеў, нібы настаўнік казаў яму, каб ён нажом адрэзаў свой нос і кінуў сабакам.

Пры гэтым ён у паветры напісаў пальцам тры крыжыкі.

— Цяпер усе павінны ўмець пісаць і чытаць,— вёў далей сваю гутарку настаўнік выразна і цвёрда.

— Ты вось кожны раз прыходзіш ка мне, каб я табе чытаў розныя павесткі, розныя паведамленні, газету, законы аб зямлі і іншыя патрэбныя справы.

Настаўнік доўга гаварыў яму аб патрэбе ўмець пісаць і чытаць.

Янка Гарбач маўчаў.

Ён апусціў голаў, апусціў цяжка, нібы бязмен, узвешаны ўніз галоўкай. Кучма рыжаватых, паджарыстых валасоў, настаўленых супроць твару настаўніка, былі нямым доказам Янкі. Здавалася, што ён за такое прыставанне хоча бадаць настаўніка ў грудзі сваёй успацеўшай лабацінай з невідочнымі рагамі.

Выразу твару Янкі не відаць было, але па ўсім целе яго як бы прабегла знутры думка, тарганула яго ўсяго, скалатнула, нібы вецер яблыню — і зноў захавалася глыбока ўнутры...

Шкада зрабілася Янку сваіх крыжыкаў... Ён так да іх прывык за ўсё жыццё...

Так прывыкае чалавек да сцен турмы, у якой прыходзіцца яму сядзець часам доўгі час. Пры вызваленні з няволі ён пачынае сумаваць па сваёй каморцы з жалезнымі кратамі.

Настаўнік назіраў за Янкам і чакаў, што далей будзе.

Настаўнік быў адзеты ў вопратку «зашчытнага» колеру ў вытрыманым стылі. Жаўтавата-брудныя бацінкі-амерыканкі на нагах, скруткі да кален, парваныя нагавіцы. Усё гэта напамінала нядаўны час вайсковага камунізма. Выгляд настаўніка, вырваны з эпохі грамадзянскай вайны, нібы клінам урэзаўся ў наш час мірнага будаўніцтва. Тры гады ён жыве вось у гэтай глушы. Увесь свой час змагаецца з вясковай цемрай. Ад пастаяннага змагання з яго маршчыністага твару не зыходзіць выраз неспакою, напружанасці і натхнёнай жывасці.

Вочы ў яго вострыя, пранікаючыя, бародка — клінам, увесь ён тонкі і худы. Нібы верацяном вострым, гатоў ён у любую хвіліну пранізваць думкі вясковых людзей, каб асвятляць іх, каб рассейваць павуціну старых забабонаў.

З добрай усмешкай паглядае настаўнік на Янку Гарбача і чакае.

А ў Янкі думкі скачуць з месца на месца, лётаюць, як перапалоханыя авадні. Мітусяцца ў яго галаве крыжыкі, якія ў штодзённым жыцці, у практычнай працы, у адносінах з людзьмі звязвалі яго, злучалі з тысячагоддзем.

Да гэтага часу Янка бачыў толькі карысць ад сваіх крыжыкаў. Толькі вось у гэту хвіліну ён павярнуў аглоблі ў другі бок — і давай у думках шукаць усе нявыгады крыжыкаў, усю несуразнасць сваёй цемнаты.

— Сапраўды магільнік нейкі! — падумаў Янка. Колькі ён папер падпісваў такімі крыжыкамі, не ведаючы, што напісана ў гэтых паперах, а потым прыходзілася церабіць патыліцу, ваяваць, судзіцца і новыя глупоты чыніць. А ўсё дзеля таго, што ён чалавек непісьменны.

— Жыць далей з крыжыкамі нельга! — цвёрда падумаў Янка.

— Трэба над крыжыкамі паставіць крыж! — прагаварыў ён голасна.

— Во, во! — падхапіў гэтыя словы, як самае каштоўнае і дарагое, настаўнік.

Вочы настаўніка засвяціліся радасцю: новая перамога!

— Значыць, будзеш у мяне вучыцца?

— Буду! — цвёрда адказаў Янка і падняў галаву. Ён ажно ў твары змяніўся ад сваёй рашучасці і ў знак згоды з настаўнікам, каб замацаваць гэту справу раз назаўсёды, Янка схваціў левай рукой правую руку настаўніка і са смакам хлопнуў па далоні настаўніка другой рукой сваёй. Ажно водгаласкі расплёскаліся вакол.

Так Янка заўсёды рабіў пры самых важных момантах свайго жыцця, калі цялё прадасць або калі каня памяняе. Янка аддаў цяпер свае тры крыжыкі за пісьменнасць. Развітаўшыся з настаўнікам, Янка пайшоў дахаты аднаўлёным, новым чалавекам.

Ён адчуваў сябе як бы пад акном цікавых палацаў, дзе чорныя літары на белай паперы аблягчаюць чалавечае жыццё.

Ідучы дахаты, Янка не заўважаў, што робіцца вакол. Яго нешта падымала ўгару, нясло, як пярынку. Праз колькі часу ён сам будзе газеты чытаць, кніжкі, будзе падпісвацца словамі «Янка Гарбач».

Тут ён прыпомніў свае крыжыкі і давай пальцамі ў паветры зноў вывадзіць іх па старай прывычцы. Але зараз жа ўсхапіўся:

— К ліху крыжыкі!

 


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 233-236
Крыніца: скан