epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Тры пальцы

1. Тамаш і яго рэпертуар
2. З маленькай бяды ў вялікую радасць
3. Зайграй, галган, кракавяк!
4. Фальварак падарую, а злодзея знайдзіце!
5. Шпулька
6. «Злодзей»
7. Яшчэ не ўсё прапала


1. Тамаш і яго рэпертуар

Кукавала зязюля.

У паўдзённым сонцы палаў бор.

Хваёвыя пні, жоўтыя і шурпатыя, блішчэлі мядзянкамі кары, выдавалі моцны пах смалы і стаялі ўрачыстымі шэрагамі. Час ад часу праплываў па вершалінах гуллівы шэпт. Лёгкі ветрык, апрануты ў сонца і светла-сіняе шкло абшараў, звінеў па зялёных кучмах стромкіх хвоек.

Кукавала зязюля.

Яе голас быў грудны і тлусты. Яна выгуквала хвіліны, нібы жывы гадзіннік. У яе гуках тапіліся іншыя галасы: звінелі жаўранкі пад блізкім полем, гулі чмялі, камары.

З недалёкага хутара чуваць быў і людскі кліч:

— Та-ма-а-а-аў! Та-ма-а-а-аў!

Паміж пнёў раскідваліся зычныя водгаласкі жаночага крыку. Гэта быў голас жонкі Тамаша Лукшы.

Муж гэтай кабеты сядзеў ля пагорка недалёка ад муравейніка.

Кожны раз, калі гуканне жонкі даходзіла да яго вушэй, ён непакоіўся, моршчыў лоб і перабіраў плячыма з такім выглядам, нібы хацеў скінуць з сябе цяжар.

Голас жонкі, звычайна пісклівы і сварлівы, здалёк звінеў басавымі ноткамі і здаваўся паважным і грозным.

У вушах Тамаша аддаваліся толькі «Тамаў»: гук «ш» скрадваўся. І гэтае слова было чужым Тамашу. Некае нязвычнае.

Смешна было Тамашу. Нібы завуць не яго, а павінен адклікнуцца ён.

— Та-ма-а-а-аў!

Тамаш прылёг да зямлі, прыціснуўся далонямі да жорсткага моху і прытаіўся, як злодзей.

Ён жыва ўяўляў сабе постаць жонкі, круглую, як бочка (яна была ў апошнім месяцы цяжарнасці), чырвоны ад злосці твар, вочы выпучаныя, з сінімі гнеўнымі аганькамі, а губы разяўленыя ў крыку так шырока, ажна відаць процьма рота, агароджаная парканам зубоў.

— Та-ма-а-а-аў!

Ён — ды не ён...

З прычыны гэтага нязвычнага імя Тамаш цяпер думаў аб сабе з большай павагай, чым заўсёды.

Ён уздрыгваў.

Камар моцна кусаў яго за шыю, але селянін сцяў зубы, не крануў рукой. Другі камар сеў на босую нагу. Тамаш цярпеў. Яму здавалася, што гэта жончын крык кусае яго, смокча кроў.

Сваёй цяперашняй маўклівасцю ён помсціўся на жонку. Яна кіравала ўсім у хаце. Была вялікім генералам у спадніцы, а ён, Тамаш, увесь час у загоне знаходзіўся.

«Яна, мабыць, і цяпер (думаў Тамаш) кліча на нейкую работу. Ні за што не паддамся! Няхай накрычыцца, налопаецца. Тады нябось памякчэе, як спечаная цыбуліна».

Па твары Тамаша лунала дзіцячая гуллівая ўсмешка.

Жончын крык ад басавых пераліваў ператварыўся ў пісклівы вырай слоў, што распыляўся на ўсе бакі дробным макам.

Тут ужо Тамаш чуў поўнае сваё імя з гукам «ш» у канцы.

У хвалях рознакаляровых лаянак яго імя было галоўнай персонай: то выплывала на ўзверх («каб ногі твае над зямлёй калыхаліся!»), то нырала на самым дне («каб ты глыбока, Тамаш, ляжаў на божай пасцелі!»), а то чалёпкалася ў сярэдзіне самай ядранай лаянкі, заблытвалася ў моцных слоўцах, нібы муха ў павуціне.

Жонка змоўкла.

Ад усіх яе лаянак на сэрцы Тамаша застаўся толькі лёгкі пылок непрыязні да жонкі. Яму было крыўдна, што яна ў канцы яго імя дадала гэтае штодзённае «ш». «Тамаў» было прывабней для яго вуха сваёй навізною.

На вострых, нібы зацёсаных калах, локцях ён прыпадняўся з зямлі, перавярнуўся на спіну і глядзеў у неба. Пасля лаянак жонкі яму здавалася, што выкупаўся ў рэчцы, і цяпер так лёгка-лёгка.

Тамаш пазіраў у неба.

Яно выглядала нізюткім, нібы столь у хаце. Хвоі як бы ўраслі вершалінамі ў нябесны паркаль і выгінаюць яго ў вялізны сіняваты шацёр.

Тамаш сеў.

Спрытным паляўнічым узмахам рукі ён налаўчыўся забіць на шыі камара, укусы якога толькі пачуў. У гэтую хвіліну ён забыўся аб жонцы, аб яе крыках і лаянках.

Кукаванне зязюлі, нібы гукі барабана, зноў запоўнілі ваколіцу.

Тамаш перабіраў пальцамі левай рукі, нібы граў на інструменце. Пры гэтым ён падпяваў мелодыю і адбіваў такт нагою. Уся яго ўвага была звернута на пальцы. Ён узіраўся ў іхны ціхі скок, у нямую пантаміму іхных выкрутасаў з такой пільнасцю, нібы ад пальцаў залежыў яго лёс.

Гэта было не дзівацтвам, не дзіцячай забаўкай з боку Тамаша, а сур’ёзным заняткам, важнай працай. Яго лоб пакрыўся расою поту.

Справа ў тым, што Тамаш быў вядомы ва ўсіх вакольных вёсках як музыка. Ён граў на скрыпцы на сялянскіх вяселлях, на вечарынках, якія галоўным чынам адбываліся зімою. Яму дапамагаў тады на бубнах малады дзяцюк Арцём.

«Рэпертуар» яго быў небагаты: два маршы, тры полькі, кадрыль і вялікі цыкл вясельных песняў.

Кожны нумар яго «рэпертуара» меў сваю гісторыю, сваё паходжанне.

Маршы Тамаш перахапіў ад вандроўных музыкаў «варшавякаў». Яны гралі ў маёнтку ў пана, а Тамаш стаяў пад акном і слухаў. Ён убіраў у сябе гукі маршаў з такім смакам, нібы піў невядомае смачнае пітво. Пры гэтым жмурыў вочы і выабражаў, што трымае ў руках скрыпку. Пальцамі левай рукі ён перабіраў у паветры, правай — вадзіў невідочным смычком па невідочных струнах і тупаў левай нагой, адбіваючы тахт сваёй нячутнай ігры. Прыйшоўшы дахаты, Тамаш накінуўся на скрыпку, як на нейкую разбойніцу, і давай наігрываць гэтыя маршы. Тут ігра была ўжо наяве. На скрыпцы выходзіла зусім не тое, што ў «варшавякаў» — нешта новае, іншае,— на Тамашовы лад.

Тры полькі былі падобны адна да адной, як тры родныя сёстры. Галоўная розніца між іх была тэрытарыяльная, паводле вёсак, у якіх яны выконваліся дзецюкамі-гарманістамі: Борацкая полька, Малявіцкая полька і Шурпацінская полька. Гэта калісьці, як відаць па мелодыі, была адна полька, засеяная па тутэйшых загонах таксама вандроўнай музыкай. Перахопленая з першага маху трыма гарманістамі, полька расшчапілася на тры, як тоўстая лучына — на тоненькія. Самы стрыжань гэтых полек быў адзін, але яны разыходзіліся між сабою самабытнымі завітушкамі спачатку і ў канцы. Гэта залежала ад спрыту пальцаў і характару кожнага гарманіста. Тамаш пераняў гэтыя полькі ўжо ад гарманістаў. Пераапранутыя з гармонікаў у гукі скрыпкі, яны набылі трохі іншае, Тамашовае афарбавапне.

Самае цяжкое і мудронае было з кадрыляй. Тамаш перахапіў гэту штуку ў местачковых музыкаў, што гралі на вяселлі ў сына каваля Беркі. Тут была скрыпка, цымбалы, флейта і басэтля. У вушах Тамаша мелодыі кадрылі мігацелі, яскравіліся матылькамі, пярэсцілі многакаляровымі паяскамі. Галоўная нітка кадрылі моцна ўкаранілася ў яго памяці. Аднак нялёгка было працадзіць гэту музыку праз струны скрыпкі. Няпрошанай госцю лезла ў вушы высвістванне флейты. Як дзіцё паміж ног, блыталася пстрыканне цымбалаў. Грозна трумкала басэтля. Доўга мучыўся Тамаш над мелодыямі кадрылі. То яны станавіліся дуба, як наравістыя коні, а то не даваліся ў рукі, як палахлівыя кураняткі. Пасля дзесятага поту музыка ледзь-ледзь супакоіў іх, прыручыў скокамі смычка і заліхвацкімі круцявідламі віхурыстых пальцаў.

Самае лёгкае для музыкі былі вясельныя песні. Песні ў большасці сумныя і жаласлівыя, хоць і гралі іх на вяселлях. Старыя кабеціны зацявалі спеў над маладою, а Тамаш наігрываў на скрыпцы.

Гасцям здавалася, што скрыпка гаворыць, як чалавек, пераказвае песню слова ў слова.

Музыка то лагодна вядзе смычком, палец дрыжыць на струне, як бы ў нейкім спалоху; скрыпка літасці просіць, стогне... А то як заскача смычком па струнах, пабрыкваючы, нібы цялушка на выгане ў летні гарачы дзень, як хадыром пусцяцца пальцы, замігцяцца крутухай-мяцеліцай, дык скрыпка засмяецца, зарагоча ад нястрыманай весялосці.

Людзі толькі дзіву даюцца:

— Скуль гэткі спрыт?

— Проста за сэрца бярэ!

Скрыпка Тамаша кожнаму на яго ж мове гаварыла, пад яго густ грала.

Адна непрыемнасць была ў Тамаша,— скрыпка мала прыбытку давала. Яму прыходзілася хадзіць на падзённую работу да шляхціца Чарнецкага. Музыка надта шкадаваў свае пальцы: ад працы яны рабіліся скарузлымі і грубымі, пакрываліся мазалямі і трацілі спрыт.

Праца вяла з пальцамі вечную барацьбу: ану, хто каго?

Пасля цяжкай працы Тамаш кожны раз прабаваў кемнасць пальцаў на скрыпцы. Ён граў і пільна глядзеў на пальцы. Яны так хутка бегалі па струнах, ажно здавалася, што не чатыры іх тут рухаюцца, а цэлая сотня.

Часам пасля сенакосу або калі Тамаш араў ад цямна да цямна, ён вельмі ўважліва экзаменаваў свае пальцы, рэвізаваў іх і як бы ўваходзіў у іхнюю душу, у іхняе ўнутраное жыццё. Яшчэ да спробы на скрыпцы ён прыглядаўся да пальцаў левай рукі. Усё цела Тамаша тады напружвалася, прыслухоўвалася да пальцаў,— да сваіх пяці самых шаноўных, дарагіх істот.

Спачатку Тамаш рабіў пільны агляд пальцаў з вонкавага боку: колер, мазалі, таўшчыня, узоры маршчынак на іх, параненне.

Колер меў вялікае значэнне. Паводле колеру Тамаш пазнаваў, ці пальцы вельмі змораны працай на полі. Ружовы водсвет між пальцаў насупроць сонца ці агню сведчыў аб іх дабраякаснасці, аб тым, што яны не змораны.

Мазалі і таўшчыня былі яркім паказам таму, ці пальцы мелі многа турботы ў нялюбай падзённай працы. У гэтым выпадку вокамер Тамаша быў надзвычайна акуратны і строгі. Рост мазалёў заўважваў кожны раз, калі мазоль нават на валасок таўсцеў.

Маршчынкі, чорныя, напоўненыя брудам, таксама давалі Тамашу прыметы аб здольнасці пальцаў да згібання і разгібання пры ігры.

Параненні на пальцах, галоўным чынам на кончыках (пры рабоце гэта вельмі часта здаралася), былі яўным няшчасцем для Тамаша. Бывала часам, што такі палец выбываў на некаторы час з строю, нібы паранены ваяка. У гэтых выпадках Тамаш ведаў спецыяльныя лісточкі, якія прыкладваў да пакалечанага месца. Палец хутка загойваўся.

Пасля такога агляду з вонкавага боку Тамаш лез у нутро сваіх пальцаў. Пробаваў іх згібаць і разгібаць. Прыслухоўваўся, ці ныюць яны ад працы. Заўважаў ледзь прыкметны боль, на які чалавек звычайны, не музыка, і ўвагі не зверне.

Да правай рукі, якая працавала смычком, не было ў Тамаша такіх строгіх вымаганняў. Тут ужо не пальцы былі самым галоўным, а мускулы ўсяе рукі да самага пляча. Ён рабіў некалькі разнастайных рухаў, нібы вадзіў смычком па струнах і зараз жа ведаў становішча рукі.

На шчасце, звычайнай працай, бадай, заўсёды была занята правая рука. Левая ёй толькі дапамагала.

Рэдка бывалі выпадкі, калі пальцы левай рукі былі стомлены ці пакалечаны да таго, каб не мець магчымасці граць на скрыпцы. Асцярожнасць Тамаша пры рабоце стварыла тую раўнавагу, што здольнасць яго пальцаў да музыкі бадай ніколі не змяншалася.

Пасля такіх экзаменаў Тамаш рабіў апошнюю «рэвізію» ўжо на скрыпцы. Спачатку вырабляў розныя выкрутасы на струнах пальцамі і смычком, а пасля пераходзіў да свайго традыцыйнага рэпертуару, які па парадку выконваў увесь.

Часам Тамаш любіў забаўкі на скрыпцы.

Ён зыходзіў з торанага шляху свайго звычайнага рэпертуару на невядомыя сцяжынкі імправізацыі. Ён тады даваў волю пальцам і смычку — няхай робяць, што хочуць. Сам ён тады быў не музыка, а звычайны чалавек. Ён толькі прыслухоўваўся да скрыпкі, нібы граў нехта іншы. А як уваходзіў у стос, дык нават і не прыслухоўваўся. Тады ён забываў аб усім, што робіцца вакол.

Скрыпка шапоча нешта ціха, ціха, нібы вецер праходзіць па лісцях старога дуба. Гукі павольна мацнеюць, растуць. Яны вырываюцца з замчышчаў цішыні, як дзікія гусі з захаванай аірам затокі.

З бязладдзя першатворчасці, з невядомага стэпу блукання гукі набываюць лад, прыемную стройнасць. Яны льюцца мерна, нібы хвалі на возеры пад ветрам. Скардзіцца скрыпка, кліча кудысьці ў незнаёмыя абшары.

2. З маленькай бяды ў вялікую радасць

Тамаш сядзеў у бары і не падаваў ніякага голасу на гуканне жонкі. Аднак пачаў непакоіцца. Зарупіла даведацца, у чым справа. Мабыць, не так сабе жонка кліча.

Ён падняўся з свайго месца, кінуў злосна ў муравейнік некалькі галін і шпаркім крокам пайшоў праз бор дахаты. Ад непакою ён не адчуваў, як сухія шышкі калолі босыя ногі.

Чым бліжэй падыходзіў да хаты, тым мацней рос у яго непакой і прыкры страх перад жонкай. Паводле яе слоў ён заўсёды быў вінаватым.

Жывецца кепска — вінават Тамаш.

Няма заработку — ён гэтаму прычынай.

Бычка забрала паліцыя на чыншы,— ён не мог выкруціцца.

Хлеба няма — усё ён ды ён.

Жылі ў зямлянцы, як вярнуліся з бежанства,— ён не дбаў, не клапаціўся, каб лесу дастаць на будоўлю.

Жонка ледзь не вінаваціла Тамаша ў тым, што сусветная вайна адбылася, што іхняя мясцовасць цяпер пад польскім панам знаходзіцца.

Тамаш пачаў шчыра верыць у сваю вялікую вінаватасць. Ён верыў, што сам уласнымі рукамі рассейвае і разносіць бяду і ліха вакол сябе, валачэ за сабою, як свой уласны цень. Гэта яго нават радавала: значыць, каб хацеў, дык ніякага слімазарства не было б у хаце, каб хацеў, дык добра жылося б; каб хацеў...

«Мабыць, у мяне захавана нейкая сіла, якую жонка хоча выцягнуць на ўзверх — і ёй гэта ніяк не ўдаецца».

«Мабыць, і мяне ўлегцы не возьмеш. Я нечага-такі ды варт».

І Тамаш не хацеў.

«Навошта марнаваць гэтыя сілы? Навошта пускаць іх на ўзвей-вецер?»

Такія думкі заўсёды паднімалі Тамаша з процьмы ўверх, надавалі яму крыллі і служылі моцнай зброяй перад лаянкамі жонкі.

Тое самае было і на гэты раз.

Аднак ад нарастаючага страху ён цяпер свету белага не бачыў. Не заўважыў ні яркага сонца, ні гучнага спеву жаўранка, ні паху высачэзнай густой ліпы.

Усё ж такі ён хацеў, каб жонка і цяпер яго моцна лаяла, каб вінаваціла. Гэтым яна напомніць яму аб той вялікай сіле, якая ў ім захавана... Такім чынам ён яшчэ раз упэўніцца, што каб захацеў, дык, можа, увесь свет перавярнуў бы...

Тамаш глянуў на сваю хату.

Дах быў яшчэ не ўвесь пакрыты саломай. Ён прасіў у суседа пазычыць кулёў саломы. Той адмовіўся. Хатка была новенькая, але без палавіны страхі выглядала, як падшывалец-хлапец з падзёртым брылем на галаве.

«Эх, каб толькі захацеў»...— падумаў Тамаш.

На неабгароджаным дзядзінцы яго сынок, Юрка, гнаўся за катом, гнаўся з вялікім імпэтам, не адставаў ад ката ні на крок. Кот ускочыў на стары дуб і з самай вяршыні кпліва пазіраў уніз на хлопца.

Тамаш пачаў узірацца вакол. Ён стараўся знайсці дзе-колечы адзнакі жончынай злосці. На ганку ляжыць на баку вядро ад вады.

«Калі жонка лагодная, дык вядро стаіць на месцы, паўнюткае вады»,— мяркуе Тамаш.

«А вунь дзяркач тырчыць на самым парозе. Ой, злосная сягоння жонка».

Тамаш зрабіў вінаваты выгляд і ціха ўзяўся за клямку. «Вось будзе зараз, вось будзе! — падумаў ён.— Яна ж цяпер наогул злосная, бо цяжарная».

Тамаш адважыўся і ўвайшоў у хату.

Спачатку, пасля сонечнага святла на двары, здавалася яму, што ў хаце цёмна, як пры вячэрніх змроках. Ён пачаў паглядаць вакол. Жонка тупалася каля печы. Пах смажанага сала казлытаў нос.

Што за святочную яду жонка сягоння рыхтуе? Гэта ж яна, бадай, апошні кавалак сала заскварыла...

На акне стаяла шклянка з вадою. Яна адбівалася супроць сонца ў вельмі прыгожыя колеры. На жаўтаватай дошцы падаконніка мільгала маленькаю дужкаю вясёлка. Ад гэтага ў Тамаша з’явіўся святочны настрой.

Тамаш адным вокам зірнуў на жонку.

Вельмі круглы ад цяжарнасці жывот і худы твар крыху стрымалі святочнасць мужа. Па вачах ён бачыў, што яна злосная, як заўсёды, але вось маўчыць, не лаецца...

— Чаму не адазваўся, як я цябе гукала? — Голас жонкі быў надзіва лагодны.

— Не чуў,— схлусіў Тамаш.

— Аглох ты, ці што?

На гэта Тамаш не лічыў патрэбным адказаць. Уся напружанасць чакання лаянкі ад жонкі адпала. Ён раней быў пэўны, што жонка сыпне на яго горкім макам гучных слаўцоў, ажно не рад цяпер, што так ціха скончылася...

— Што гэта з ёю сталася? — здзівіўся Тамаш.— Яна, відаць, перастала мяне паважаць...

І дзіва за дзівам сыпалася перад ім.

Жонка лагодна на яго зірнула, паставіла на стол гаршчок бульбы і патэльню са скваркамі.

— Еш хутчэй! — ласкава сказала яна: — Былі тут ад пана Чарнецкага. Трэба табе ісці ў фальварак!

Тамаш пачаў ціха перабіраць пальцамі левай рукі.

— На касьбу? — запытаўся ён, беручыся за яду.

Тамашыха зірнула на яго спакойна і сказала строгім голасам:

— Еш!

«Тут нешта ды нейкае»,— падумаў Тамаш.

Ён рупна ўзяўся за яду.

Жонка села супроць яго на лаву. Спагадна на яго паглядала.

Тамаш стараўся скарэй справіцца з ядой, каб даведацца, у чым справа.

— Казалі ад пана Чарнецкага, каб ты ўзяў скрыпку з сабою. Там у фальварку нейкая гулянка.

Тамаш аж падскочыў па месцы. Гэтага ён зусім не спадзяваўся. Жонка яму здавалася на гэты раз такой мілай і прывабнай, як тады, калі яшчэ была дзяўчынай, калі абое на начлезе пры вогнішчы жарты строілі.

— Дык чаму ты раней не сказала? — пакрыўдзіўся Тамаш.

— А я ж ірвала глотку на ўвесь бор! Дзе ты прападаў?

Скрыпка апынулася ў яго руках.

Ён мазаў смычок, правяраў струны. На яго напала такая радасць, ажно не ведаў, дзе дзецца. Даўно шлюбаў не было. Ад самага вялікадня няма вечарынак. Скрыпка даўно хлебам яго не карміла. А тут, глядзі, зусім неспадзявана нейкую дытку заробіць. Апрача ўсяго, ужо даўно перад людзьмі не граў.

А «граць перад людзьмі» ў Тамаша было даражэй за грошы...

— Арцёма з бубнамі! — літасці прасіў Тамаш.— Няхай Юрка яго пазаве. Юрка, Юрачка! Збегай да Арцёма! Няхай зараз жа сюды прыйдзе! Няхай возьме з сабою струмант!

Юрка пусціўся бягом з хаты.

«Перад панамі яшчэ ніколі не граў»,— думаў Тамаш.

Ад гэткай неспадзяванкі на Тамаша напала нейкая прыемная жудасць.

Ён выскачыў на двор і давай рабіць рэпетыцыю.

Пакуль прыйшлі Юрка з Арцёмам, ён паспеў сыграць усе полькі. Ён пачаў рэпетыцыю з полек, бо ведаў, што паны любяць вясёлае.

На скорую руку, пад акампанемент бубнаў, ён паўтарыў увесь рэпертуар.

Слухачамі былі Юрка і кот, які прымасціўся каля ног хлопчыка.

— Пойдзем! Гайда! — крыкнуў у захапленні Тамаш да Арцёма.

— Пачакай! — супакоіла яго жонка.— Гэта ж брыдка — босы, у парванай кашулі. Адзень што-небудзь святочнае!

— А мо праўду, жонка, кажаш! — згадзіўся Тамаш.

Ён быў цяпер надзвычай пакорлівы і паслухмяны.

Жонка прынесла чыстую паркалёвую кашулю і боты.

Тамаш адным махам накінуў на сябе кашулю і ўзяўся за боты.

З ботамі справа была не такая лёгкая. Яны былі цеснаватыя і цвёрдыя. Ён усунуў у юхтовую халяву цёмна-бурую заскарузлую нагу і пачаў пыхцець.

— Асцярожна! бот парвеш! — не на жарты спалохалася жонка.— Растаптаў ногі на лапаты. Хоць ты на іх хлеб у печ садзі. Пачакай, тоненькія анучкі прынясу — тады лягчэй палезуць.

Жонка пабегла па анучкі.

Боты былі пасля скрыпкі другім сямейным фетышам і гордасцю ў Тамашовай хаце. Яны заўсёды стаялі ў самым ганаровым куце на відочным месцы. Гэта былі першыя боты, якія меў Тамаш у сваім жыцці. Звычайна зімой ён абуваецца ў лапці, а летам ходзіць босы. Гэтыя боты бацька яму купіў на вяселле. Ён іх ужываў толькі ў самыя ўрачыстыя выпадкі жыцця: на гадовы хвэст або на пятровы кірмаш у мястэчку. Тады Тамаш ускідваў іх на плечы і перад самым мястэчкам абуваў.

На боты глядзелі ў хаце, як на найпрыгажэйшую аздобу. З вялікай асцярогай хадзілі каля іх усе хатнія. Нібы боты былі зроблены з самага дарагога і тонкага крышталю.

Калі часам Юрка пачне скакаць у хаце з кута ў кут, забываючыся аб усім на свеце, тады матка крычыць спалоханым голасам: «Асцярожна — боты!..»

Калі часам, па недаглядзе, бот упадзе, дык хатнія непакоіліся, нібы няшчасце здарылася.

Тамашыха шанавала боты мужа болей, чым яго самога. Кожны месяц яна сама мазала іх бярозавым дзёгцем. Кожны месяц боты мелі гэтую даніну. Для іх была спецыяльна здабыта гліняная пасудзіна на дзёгаць і квач. Мазалі іх дзёгцем, насоўвалі халявамі ўніз на калы, што былі ўбіты для іх на дзядзінцы. На гэтых калах боты сохлі на сонцы. Як высыхалі — мазалі другі раз, аж пакуль яны «плакалі», пакуль дзёгаць ляжаў на іх вечнымі слязамі. Але, нягледзячы на такую пястоту, боты мелі свой нораў: яны былі заўсёды цвёрдыя.

— Такая юхта! Тут ніякі дзёгаць не паможа! — філасофскім тонам гаварыў аб іх яшчэ нябожчык бацька Тамаша.— Тут і сам пан бог не паможа. А мазаць іх трэба, а то патрэскаюцца,— дзёгаць боту тое самае, што хлеб чалавеку.

Боты заўсёды рэзалі Тамашу ногі, як нажамі. Гэта, магчыма, і была адна з прычын святкавання ботаў і будзённага выгляду Тамашовых ног. Але аб гэтай пакуце ведаў адзін толькі Тамаш. Ён нават і жонцы не скардзіўся, што боты ногі рэжуць.

Затое ўсе зналі аб іншай якасці ботаў: калі Тамаш іх абуваў, тады ледзь не за вярсту людзі ведалі, што Тамашовыя боты дыбаюць. Досыць было толькі пацягнуць носам. Яны выдавалі моцны пах дзёгцю.

Гэтыя боты правандравалі з гаспадаром усе гады бежанства, шмат дзе пабывалі — і вось цэленькія, бадай новыя, вярнуліся назад на родныя загоны.

Пры дапамозе жонкі насунуўшы цяпер боты на ногі, Тамаш з Арцёмам, з музычнымі інструментамі ў руках, пусціліся нацянькі ў бок фальварка.

— Асцярожна — боты! — крыкнула ўдагонку Тамашыха.

3. Зайграй, галган, кракавяк!

Пан Чарнецкі — кругленькі шляхціц, гадоў пад пяцьдзесят. Ружовы поўны твар, маленькія попельнага колеру вочкі, уздзёрнуты ўверх невялічкі нос, завостраныя ўгары мышынымі хвасткамі рыжаватыя вусы гаварылі аб вялікім самашанаванні, казалі аб тым, што пан Чарнецкі імкнецца ўвысь, што гонар «знатных продкаў» бурліць хмельным віном у яго шляхотнай крыві. Да кожнага сказа сваёй гутаркі,— ці ён гаворыць аб гаспадары, аб конях, або на палітычныя тэмы,— пан Чарнецкі дадае запэўніваючае «слова гонару». Усё вакольнае, паводле яго погляду,— «ніжэйшае» за яго, усё вакольнае ён характарызуе каротка і выразна: «пся крэў», «пся косць».

Фальварак пана Чарнецкага знаходзіўся водаль ад тракту, атулены густым лесам і дзякуючы гэтаму не пацярпеў ад расійска-нямецкага фронту. Гаспадарка ў пана Чарнецкага была багатая, і яго гонар з кожным годам усё вырастаў.

На фальварку працавала многа парабкаў. А ў час сенакосу і жніва пан Чарнецкі наймаў яшчэ падзённых з вакольных сялян.

Жонка пана Чарнецкага памёрла маладою. Яна была добрая, пакорлівая кабета. Муж часта ўжываў на ёй свае «ганаровыя» кулакі. Засталася ад жонкі дачка Ядвіська. Яна ўжо вырасла ў паненку. Да сваёй дачкі пан Чарнецкі адносіўся вельмі пяшчотна, выконваў усе яе капрызы.

Панна Ядвіга такой жа пяшчотнасцю адказвала бацьку, называючы яго кволым голасам: «татусь».

Панна Ядвіга высокім ростам удалася ў матку, а тварам была копіяй бацькі, толькі з болей мяккімі і дробнымі рысамі. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Так гаварыла ёй местачковая швачка. Панна Ядвіга вельмі мала вучылася, бадай нічога не чытала. Больш яна любіла кветкі. Яна з імі няньчылася паводле пор году. Вясною — бэз, летам — ружы, а зімой — вазоны. Простых палявых раслін яна не любіла і не паважала: яны — не панскія, не «ганаровыя». У кожную нядзелю панна Ядвіга ездзіла з «татусем» у касцёл за дзесяць вёрст. Там яна знаёмілася з ваколічнай шляхтай, хаця з «кавалерамі» мала гутарыла пры знаёмстве. Яна толькі моцна чырванела, і на яе твары было напісана: «я саромлюся!» Яна апускала вочы або глядзела ўбок. Не ведала, куды дзецца, дзе схаваць рукі. Улетку звычайна трымала ў руках букет кветак.

З семнаццаці год яна пачала знаёміцца з літаратурай.

«Татусь» прывёз з мястэчка цэлую пачку тоўстых картак пад назваю «Флірт Амура». «Літаратура» яе вельмі захапіла.

Панна Ядвіга вывучала «Флірт Амура» такім чынам: мела перад сваім уяўленнем «кавалера», з якім вяла бяседу. «Флірт Амура» ляжаў перад ёй раскладзены на вялікім стале, як звычайныя карты. Панна Ядвіга гаварыла і за «кавалера» і за сябе з друкаванага тэксту картак, дзе пытанні і адказы знаходзіліся гатовыя пад нумарамі.

«Кавалера» панна Ядвіга ўяўляла ў выглядзе польскага рыцара на зграбным кані, у вайсковай вопратцы са зброяй. Такога яна бачыла на малюнаках у «Гісторыі Польшчы». Твару яго панна Ядвіга не бачыла, бо саромілася падымаць вочы. Але голас яго быў вельмі прыемны, пранізваў салодкім агнём усю яе істоту. Яна за яго гаварыла яго ж голасам.

Рыцар — адзін з знакамітых польскіх магнатаў,— не то князь Радзівіл, не то граф Патоцкі. Гэта залежала ад густу паненкі, ад яе настрою ў той час. Пакой панны Ядвігі быў невялікі. Рыцару на кані ў ім не было б месца, але ў сваім уяўленні панна Ядвіга расшырыла гэты пакоік у велізарную залу, у якой маглі б разгульваць некалькі такіх коннікаў.

І вось пачынаецца гутарка па нумарах з картак «Флірту Амура»:

Рыцар. Якія ў панны прыгожыя вочкі.

Панна Ядвіга. Ёсць прыгажэйшыя.

Рыцар. Панна надзвычайна зграбная.

Панна Ядвіга. Не люблю кампліментаў.

Рыцар. Я панну кахаю.

Панна Ядвіга. Ад многіх чула.

Рыцар. Не мучце мяне...

Панна Ядвіга. Я ж не кат, каб мучыць людзей.

Рыцар. Будзеце маёю жонкаю?

Панна. Ядвіга. Я нічыёй жонкаю не буду.

Рыцар. Хачу пацалаваць ручкі панны.

Панна Ядвіга. Пан вельмі дзёрзкі.

Рыцар. Панна мяне любіць?

Панна Ядвіга. Гэта мой сакрэт.

Але панна Ядвіга доўга хаваць «сакрэту» не можа. Яна так пяшчотна паднімае на рыцара вочы (першы раз у жыцці), ажно рыцар па яе вачах аб усім здагадваецца.

«Сакрэт» выкрыт...

Панна Ядвіга адкідвае карты.

Рыцар саскаквае з каня. Становіцца перад паннай Ядвігай на калені. Потым бярэ яе на рукі, садзіць у сядло і мчыцца з паннай Ядвігай далёка-далёка: праз невядомыя казачныя лясы, праз моры-акіяны. У панны Ядвігі аж дух стрымліваецца ад вялікай асалоды.

Строгай мяжы паміж летуценнем і сапраўдным жыццём панна Ядвіга не ведае.

Так заўсёды канчаецца ў панны Ядвігі вывучэнне «Флірту Амура».

Пасля гэткага хвалявання панна Ядвіга нюхае кветкі і робіцца прытомнай. Складае карткі «Флірту Амура», зноў раскладвае — і давай спачатку.

У хаце пана Чарнецкага гаспадарыць яго сястра, старая панна Анэля. Такая нізкая, як брат, але вельмі худая. Сваё дзявоцтва панна Анэля аддала пану Езусу. Ёй цяпер гадоў трыццаць пяць.

Панна Анэля ненавідзіць усіх мужчын. Аб гэтым яна сама кажа кожнаму сустрэчнаму «кавалеру» і ў той жа час робіць яму вабную ўсмешку адваротнага зместу.

Апошнія месяцы панна Анэля вельмі неласкава з паннай Ядвігай. Гэта з тых часоў, як пан Чарнецкі пачаў гаварыць, што Ядвісьцы пара замуж.

— Замуж, замуж,— пішчыць злосным голасам панна Анэля,— яна ж зусім малая. Няхай раней старэйшыя за Ядвіську замуж павыходзяць...

Пан Чарнецкі добра разумее, куды закідвае каменьчыкі яго сястра, і кажа:

— Усе павыходзілі замуж, каму трэба было, а ты ж мужчын не любіш.

Панна Анэля плача, дробненькія слёзы сыплюцца з вачэй і цякуць ледзь прыкметнымі ручайкамі па яе схудалым, пажоўклым твары.

Пан Чарнецкі — чалавек строгі. Ён любіць, каб сказанае было зроблена. Ужо з тыдзень, як яго сястра наводзіць парадкі: пячэ і смажыць, смажыць і пячэ.

— Ядвіську трэба выдаць замуж.

Так гаворыць ёй брат, можа, дваццаць разоў на дзень.

Трэба склікаць на гулянку ўсю ваколічную шляхту. «Кавалераў» цікавых ёсць шмат. Галоўным чынам з асаднікаў, якім выдалі зямлю тут на «крэсах». Выбар багаты. Так клюне, што Ядвіська не агледзіцца і ад «Флірту Амура» апыніцца ў новым фальварку пана Ястрабінскага, які прыехаў сюды з Пазнані. Ён, пан Ястрабінскі, вельмі заслужаны перад айчынай,— тры гады з бальшавікамі змагаўся.

Так разважае пан Чарнецкі.

Гулянка была наладжана на славу. З’ехаліся госці з усёй ваколіцы. У пакоях пана Чарнецкага даўно такога шуму не было.

Гонар пана Чарнецкага не дазваляў яму рабіць баль, як звычайна ў суседзяў,— у святочны дзень увечары. Ён наладзіў баль у будні час і не ўвечары, а сярод белага дня.

— Нашто хавацца ўночы,— гаварыў ён гасцям,— слова гонару, у мяне нічога крадзенага няма. А пагуляць — пачэсная праца, слова гонару. Можна весяліцца не толькі ў свята, слова гонару.

І госці шчыра весяліліся.

На сталах былі навалены цэлыя горы рознага смажанага, варанага і печанага. Бутэлькі з «пазнанскай» пераліваліся ў шкляныя кілішкі, гарачылі шляхтоўную кроў і вырывалі з вуснаў крыкі «віват!».

— Слова гонару! — кіпяціўся пан Чарнецкі.— Гэта ж усё, што на стале, мая Ядвіська напякла, насмажыла, наварыла. Частуйцеся, шаноўныя госці! Слова гонару!

Панна Анэля аж зубамі скрыгатала ад злосці.

Яе брат схлусіў. Ядвіська пальцам нават не кранула па гаспадарцы. Усё гэта яна, панна Анэля, зрабіла.

Панна Ядвіга кепска адчувалася ад такой бацькавай хлусні. Хоць яна звычайна саромілася слова казаць, але на гэты раз не вытрымала і сказала з дакорам:

— Татусь...

Госці зразумелі, што панна Ядвіга ад вялікай скромнасці саромеецца.

Яны выпілі ў чэсць панны Ядвігі — слаўнай гаспадыні, і вельмі красамоўна хвалілі пры гэтым закускі.

Калі шум і голас гасцей даходзіў да тэй мяжы, што адзін аднаго не чуў, пан Ястрабінскі апынуўся каля панны Ядвігі.

— Слова гонару! Спрытны пан Ястрабінскі,— хваліў яго п’яны пан Чарнецкі.

— У Пазнані ўсе спрытныя! — крыкнуў адзін з гасцей, таксама асаднік з Пазнані.

— Нех жыве Познань! Слова гонару! — пачціва сказаў пан Чарнецкі.

Ад яго маленькіх вочак засталіся толькі дзве замасленыя вузенькія шчылінкі.

Госці пілі ў чэсць Пазнані.

— Слова гонару,— успомніў родныя «крэсы» пан Чарнецкі: — Нашы «крэсы» не горш за Познань! П’ём за «крэсы»! Слова гонару!

Госці зноў пілі.

Многія з асаднікаў крыўдзіліся на «крэсы», скардзіліся на тое, што тутэйшыя «хлопы» паляць будынкі асаднікаў і што па лясах завяліся такія «банды», ажно ад іх дзецца няма дзе. Успомнілі атамана Муху, ад якога «крэсы» дрыжаць у вечным страху.

— Слова гонару! П’ём за ачыстку «крэсаў» ад тутэйшых хамаў! — гарачыўся пан Чарнецкі.

Госці пілі.

— У Мінску бунт. Бальшавікам скора будзе капут. У газеце чытаў! — казаў адзін з гасцей.

— П’ём за пагібель бальшавікоў! Слова гонару!

Звінелі кілішкі.

Пры ўсёй гэтай завірусе пан Чарнецкі, аднак, не выпускаў з вокагляду сваю дачку і пана Ястрабінскага.

— Клюе! Слова гонару, клюе! — радаваўся пан Чарнецкі і па-заліхвацку крутнуў вусы ўверх.

У гэты час панна Ядвіга і пан Ястрабінскі былі заняты вельмі цікавымі справамі. П’яны шум гасцей адсунуўся ад іх далёка-далёка, можа, на некалькі вёрст.

Пан Ястрабінскі быў такі высокі, ажно рослая панна Ядвіга здавалася перад ім нізенькай. Ён быў надзвычайна тонкі, і ўсё ў ім было нібы завострана: лоб, нос, вушы, рукі. Калі яму трэба было што-колечы казаць паненцы, дык нахіляўся да яе, згінаўся ў крук.

Яны стаялі каля круглага століка, і пан Ястрабінскі разглядаў фамільны альбом пана Чарнецкага. Ён вельмі цікавіўся кожнай фатаграфіяй: хто гэта, дзе ён ці яна і як жывуць яны.

Панна Ядвіга тлумачыла, саромілася і чырванела.

Ад альбома перайшлі да «Флірту Амура».

Доўга перакідваліся карткамі, шапталі нумары запытанняў і адказаў.

Друкаваная, нямая гутарка была накіравана паннай Ядвігай так спрытна (пасля ранейшых рэпетыцый), ажно выйшла якраз, як раней, калі ў яе дзявочых летуценнях яна гутарыла з казачным рыцарам — то з князем Радзівілам, то з графам Патоцкім. У цяперашніх рэальных абставінах, калі замест фантастычнага рыцара быў высокі пан Ястрабінскі, эфект выйшаў не меншы, калі нават не большы. «Флірт Амура» меў цікавы канчатак: пан Ястрабінскі нізка прыгнуўся да кволай ручкі панны Ядвігі. Ён гэта зрабіў так спрытна, так элегантна і так зграбна, нібы пасярэдзіне тулава ў яго находзіліся спружыны, і ён мог складвацца на двое, як сцізорык.

Пан Ястрабінскі пацалаваў ручку панны Ядвігі аж два разы.

— Ой, татусь...— войкнула яна два разы кволым голасам і ледзь не абамлела на месцы.

«Татусь» увесь час пазіраў адным вокам на «Флірт Амура» і пры слове «татусь» падскочыў два разы ад вялікай прыемнасці, адвярнуўся да гасцей, нібы нічога не заўважыў, і крыкнуў:

— Слова гонару! Музыку!

У думках пан Чарнецкі меркаваў, што лёс Ядвіські ўжо вырашан.

Госці замітусіліся.

Яны да гэтага часу зусім не заўважылі, што такая вясёласць, а няма музыкі.

Яны выставілі на гаспадара асалавелыя ад выпіўкі вочы і затупалі нагамі.

— Музыка! музыка! — раздаваліся водгаласкі з усіх бакоў.— Такі бал без музыкі — тое самае, што касцёл без званіцы.

— Паклікаць Тамаша, слова гонару! — крыкнуў пан Чарнецкі.

— Татусь...— літасці прасіла панна Ядвіга.— Хама прасіць...

— Лепшага няма, дачушка! Слова гонару! — апраўдваўся пан Чарнецкі.— Не цяпер у мястэчка ехаць па капелю. Слова гонару.

— Тамаша! Тамаша! — з п’яным задорам вымагалі госці.

І здаецца, шчаслівая зорка Тамаша заззяла над фальваркам пана Чарнецкага.

Паслалі чалавека па Тамаша.

Да прыходу Тамаша былі наладжаны «фанты».

У гэтай гульні заўсёды выходзіла так, што пан Ястрабінскі часта атрымліваў кару: цалаваць панну Ядвігу. Яна ўцякала ад яго і рассыпала пры гэтым белыя ружы, прышпіленыя да яе вопраткі на грудзях.

— Ваш шлях, панна Ядвіга, засцелены кветкамі,— сказаў элегантны пан Ястрабінскі.— Так прыемна пахне, ажно...

Пан Ястрабінскі не скончыў свайго паэтычнага сказу, а панна Ядвіга яшчэ не паспела знайсці ў памяці патрэбнага да гэтых слоў адказу з вялікага запасу нумароў у картках «Флірту Амура», як расчыніліся дзверы, і пах кветак быў заглушаны...

Моцны пах дзёгцю лез у нос, казытаў горла, кружыў галаву.

На парозе пакоя стаяў без шапкі, са скрыпкай у руках, Тамаш.

Ён нізка кланяўся.

За ім стаяў Арцём з бубнамі.

— Ой, дзёгаць...— застагнала панна Ядвіга.

Пан Чарнецкі засмяяўся.

— Адразу відаць, што далікатная, панская кроў, дзёгцю не церпіць. Слова гонару!

Пан Чарнецкі прыязна зірнуў на Тамаша. Музыка стаяў збянтэжаны на парозе і не ведаў, што рабіць.

Старому шляхціцу было прыемна, што, дзякуючы Тамашовым ботам, так публічна выявілася далікатнасць яго дачкі, панны Ядвігі.

— Выходзь, галган, на дзядзінец і скідай боты. Можаш граць босы! Слова гонару!

Тамаш выйшаў. Яго трохі пакрыўдзіла такая непашана да яго шлюбных ботаў, але разам з тым лягчэй было на душы: боты рэзалі ногі і перашкодзілі б граць.

Хутка вярнуўся Тамаш і пачаў выкладваць перад гасцямі свой «рэпертуар». Арцём рупна акампанаваў на бубнах.

Госці танцавалі парамі, яны зусім забыліся, што танцуюць пад «хамскую» музыку. Не танцавала адна толькі панна Ядвіга, хоць пан Ястрабінскі вельмі прасіў.

— Не танцую хамскіх танцаў! — сказала яна.

— Зайграй, галган, кракавяк! Слова гонару! — загадаў Тамашу пан Чарнецкі.

— Не ўмею, паночку,— апраўдваўся вінаватым голасам Тамаш.

— Ядвіська! Заспявай кракавяк! Тамаш навучыцца на скрыпцы! Слова гонару! — загадаў пан Чарнецкі.

Панна Ядвіга павінна была здаць экзамен спеваў перад гасцьмі, галоўным чынам перад панам Ястрабінскім.

Яна стала ў позу і тоненькім галаском пачала тралялякаць. Тамаш лавіў на струнах кожны гук яе спеву. Арцём адбіваў на бубнах тахт.

Вельмі кароткі час спявала панна Ядвіга. Тамашова скрыпка хутка ўцяміла кракавяк.

Панна Ядвіга пусцілася ў скокі з сваім «кавалерам».

Такім жа чынам Тамаш навучыўся граць і мазурку.

Пасля кожнага танца музыкі мелі ад каго-небудзь з гасцей медзякі і па чарцы гарэлкі ад гаспадара.

— Баль толькі пачынаецца! Слова гонару! — радаваўся гаспадар.— Ну і Тамаш! Ну і Тамаш! Галган, а так ладна грае. Слова гонару!

Толькі позна ўночы музыкі пайшлі дахаты.

Тамаш быў вельмі здаволены: зарабіў каля пары злотых ды яшчэ ўзбагаціў свой рэпертуар.

Боты яго былі звязаны разам за вушкі і перакінуты на плячах. Адзін бот біў Тамаша ў грудзі, а другі — у спіну. Нібы дзівацкія чорныя расліны, боты рассейвалі па ваколіцы пах дзёгцю.

4. Фальварак падарую, а злодзея знайдзіце!

Госці раз’ехаліся яшчэ ўночы.

Пан Чарнецкі трохі паспаў і падняўся на ногі.

Сонца толькі што вырастала над борам. Пастух нядаўна выгнаў статак. Гукі бяроставай пастырскай трубы, нібы спевы паляўнічага ражка, зычна разліваліся ў бары.

На дзядзінцы стаяў вялікі шум. Панна Анэля выпускала птаства, карміла іх: сыпала зерне з высокага ганка свірна ўніз. На гэты пачастунак накідваліся тры варожыя між сабою плямёны: куры, качкі і гусі. Кожнае племя з новым пакаленнем — вывадкам. Між гэтых плямёнаў вялася вечная барацьба за пяршынства каля ганка. Кудахталі, пішчэлі, гагаталі, гвалту крычалі на розныя галасы і бязлітасна пер’е скублі. Калі бацькі розных плямён не маглі здужаць адны адных, тады накідваліся на чужых дзяцей, адганялі малых ад снядання.

Панна Анэля глядзела з вышкі ганка на поле бітвы і ад вялікай бяды толькі бянтэжылася і не ведала, што рабіць.

Пан Чарнецкі ўмешваўся ў кожную драбніцу гаспадаркі. Ён заўважыў гэты гармідар і выдаў загад сястры, каб з заўтрашняга дня карміць птаства паасобку: куры павінны карміцца ў куратніку, гусі — у вянглярні, дзе яны ўсё лета начуюць, а качкі — каля ганка свірна. Тады такога шуму не будзе на дзядзінцы, бо ад вялікага галасу Ядвіська спаць не можа.

На гумне стаяла многа калод пчол. Пан Чарнецкі глядзеў за імі пільна, бо ў гэты час павінны былі новыя раі вылятаць. Ён даваў чэлядзі і сваім кожны дзень настаўленні, як затрымліваць рой і не даваць яму ўляцець. Нягледзячы на такія лекцыі, на гэтым тыдні паляцеў рой пчол. Чарнецкі лаяў усіх. Нават панна Ядвіга плакала ад яго.

Абыходзіўшы ўсю гаспадарку, гаспадар заўсёды ў самым канцы аглядаў свіран.

Якраз учора прывезлі воз мліва пудоў з дваццаць — чатыры мяшкі. Учора не паспелі высыпаць муку ў вялізную скрыню, якая стаяла каля арудаў са збожжам.

На гэты раз пан Чарнецкі выйшаў з свірна чорны, як зямля, злосна тармашыў вусы, склікаў усіх хатніх і ўрачыстым голасам казаў:

— Слова гонару, мяшок з мукою прапаў!

Усе збегліся, замітусіліся і вінаватымі галасамі меркавалі аб тым, як гэта магло здарыцца. Аглядалі свіран з усіх бакоў, шукалі слядоў — не знайшлі. Ніяк не маглі ўцяміць, як гэта злодзей мог улезці ў свіран. Вялізны ключ ад свірна заўсёды ляжаў у гаспадара пад падушкай.

— Можа, свіран забылі замкнуць нанач?

— Не, панна Анэля сваімі рукамі замкнула. Толькі сягоння нядаўна адамкнула.

— Злодзей, мабыць, з сваіх! — меркаваў пан Чарнецкі.— Такім чынам усю гаспадарку расцягнуць. Ніколі ж да гэтага часу такога выпадку не было. Няўжо хто з гасцей? Не можа быць — гэта ж шляхта! Ды і людзі яны не бедныя. Слова гонару!

Пан Чарнецкі не шкадаваў гэтых пяць пудоў мукі,— меў вялікі запас збожжа,— але быў проста пакрыўджаны, што ладу няма ў гаспадарцы.

Такім чынам могуць усё пакрасці — і певень не закукарэкае, і сабака не забрэша,— разважаў шляхціц.

— Слова гонару, фальварак падарую, а злодзея знайдзіце! — крычаў да чэлядзі пан Чарнецкі.

Парабкі вінавата маўчалі.

Пан Чарнецкі загадаў запрэгчы каня ў брычку. Загадаў парабкам, што і як рабіць па гаспадарцы, а сам паехаў у гміну заявіць аб злоўчынку.

— Злодзей павінен быць знойдзены!

Строгі быў пан Чарнецкі...

Па дарозе ён пачаў разважаць, што ўкрасці муку мог толькі бедны чалавек. У гэтым напрамку разважаў далей: хто самы бедны ў ваколіцы?

Шляхціц ведаў усіх тутэйшых сялян. Як пачаў падлічваць, дык бедных аказалася вельмі многа. Шмат было і «самых бедных». Аб кім з «самых бедных» ні думаў, дык кожны мог украсці мяшок мукі. Кожнаму гэта мука была вельмі патрэбна...

Падазронасць меў на якіх-небудзь дваццаць — трыццаць сялян.

Але няўжо ж усе яны грамадой пойдуць красці мяшок мукі да яго? Гэта немагчыма. Пан Чарнецкі ехаў лесам. Ён успомніў атамана Муху.

Шляхціца агарнуў страх... Не — не страх. Ого! Ён нікога не баіцца. Гэта не пасуе чалавеку з такім гонарам. Толькі дрыжыкі прабіралі ўсё яго цела...

Шляхціц сцебануў каня і паехаў шыбчэй.

Ужо недалёка ад гміны да яго зноў вярнулася здольнасць разважаць аб мяшку мукі...

— Яшчэ дваццаць пудоў аддаў бы, каб толькі злодзея знайсці!

Строгі быў пан Чарнецкі.

Раптам яго думкі прасвятлелі:

— Ну і галган жа ж я, слова гонару! Ды гэта ж няйначай Тамашова работа! Ён усе хады і выхады ведае ў маёй гаспадарцы. У час балю ён сцягнуў ключ, забраў з свірна мяшок з мукою і палажыў ключ на месца. Пасля музыкі панёс пакойна дахаты. Вось і найграў, пся крэў! Вось табе і кракавяк! Слова гонару!

Пан Чарнецкі ад злосці моцна і шчыра плюнуў.

Калі ён дайшоў да ўпэўненасці, што гэта работа Тамаша, трохі адлягло ад сэрца:

— Злодзей знойдзен!

У гміне пан Чарнецкі нарабіў вялікі гвалт.

— Спакойна жыць нельга на «крэсах». Тут напладзілася гэтулькі злодзеяў і бальшавікоў, што страх! Усім гэтым вясковым хамам на шыбеніцы толькі месца! Слова гонару!

«Эканамічна-палітычная» гутарка пана Чарнецкага зрабіла ў гміне вялікае ўражанне.

На вобыск да Тамаша выправілі аж трох паліцыянтаў.

Абурэнне пана Чарнецкага перадалося і паліцыянтам. Яны былі настроены на ваяўнічы лад.

— Душу выматаем, а знойдзем крадзенае, пане Чарнецкі! Камень на камені не пакінем! З-пад зямлі выкапаем! Яго самога на муку змелем — гэтага злодзея, гэту пся косць, гэтага камуністага!

Гарачыя словы паліцыі так узрадавалі пана Чарнецкага, ажно ён у канцы быў здаволены, што так здарылася, што яго абакралі. Цяпер пабаяцца нават і думаць аб тым, каб яго яшчэ раз чапаць.

— Знойдзеце, панове! Слова гонару, знойдзеце муку ў Тамаша Лукшы! Вы самі пабачыце, як ён жыве: хата недабудавана, есці няма чаго! Каб не я, дык ён даўно з голаду здох бы. Я часта бяру яго на падзённую работу. Вось і адплаціў. Слова гонару!

Сонца стаяла ўжо сярод неба. Было вельмі горача. Тамаш сядзеў на прызбе сваёй хаты і развучваў на скрыпцы кракавяк і мазурку, што ўчора граў у пана Чарнецкага са спеву паненкі.

Узбагачаны рэпертуар больш, чым грошы, радаваў Тамаша.

Жонка на яго сягоння не крычала, не злавалася. Яна была занята сваімі хатнімі і бабскімі справамі: перабірала розныя анучы, рыхтавала пялёнкі, бо не сягоння заўтра трэба будзе паклікаць бабку.

Не заўважыў Тамаш у запале ігры, як да яго хаты пад’ехалі трое паліцыянтаў...

5. Шпулька

Ён любіў часта мяняць свае мянушкі. «Шпулька» яго апошняе прозвішча. Зваўся ён раней «Голка», «Ножык» і «Злоты зуб». Такія псеўданімы надавалі яго асобе нейкую таемнасць і артыстычнасць. І сапраўды Шпулька лічыў сябе мастаком. Яму было ўсяго дваццаць пяць гадоў, а меў ужо багаты стаж спрытнага ката: ад часоў генерала Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйску аж да гэтага часу, да самастойнай польскай дзяржавы.

Шпулька меў заўсёды шмат працы. Нягледзячы на свае дваццаць пяць гадоў, ён ужо зусім лысы. У Шпулькі вельмі прыемны голены твар, рахманыя, задуменыя светла-карыя вочы, мяккі грудны голас, джэнтльменскія манеры ў абыходжанні з людзьмі на вечарынках, на вуліцы: ён надзвычайна далікатны.

Зусім інакшым робіцца Шпулька пры «выконванні сваіх абавязкаў». Галоўным чынам у яго тады мяняюцца вочы і голас. Вочы мутнеюць, на бялках вызначаюцца чырвоныя жылкі. Голас тады ў Шпулькі ў большасці пагрозліва-сіпучы або кплівы — са смяшком — у залежнасці ад крыміналу ахвяры і ходу выведванняў.

Шпулька вырашаў свае задачы заўсёды аднабакова: усе яго «пацыенты» (так ён называў людзей, якія пападаюцца ў яго рукі) вінаваты. Яго спрыт і кемнасць — вырываць у «пацыентаў» прызнанне ў сваёй вінаватасці. Тады Шпулька мае вялікае здавальненне. Такога прызнання ён дасягае двума спосабамі выведвання, праз маральны ўплыў на «пацыента» і праз «хірургічнае» ўздзейнічанне. Першы спосаб Шпулька ўжывае спачатку да кожнага. Спачуванне, далікатнае абыходжанне, рахманыя вочы, салодка-пяшчотлівы голас — усё гэта дапамагае ўлезці ў душу «пацыента», каб той прызнаўся ў сваім праступку. Але гэтым у большасці Шпулька даводзіць сваіх «пацыентаў» да панібрацтва і адвагі, ніякага толку з гэтага няма. Такая гутарка з’яўляецца толькі пралогам да праўдзівага «хірургічнага» мастацтва Шпулькі. Праз такую бяседу ён толькі вывучае аб’ект сваёй «хірургіі». Ён вывучае сілу, мускулатуру чалавека, каб ведаць, з чаго пачаць. Чым дужэйшы «пацыент», тым Шпульцы прыемней: «можна будзе папрацаваць».

У сваёй «працы» Шпулька не любіць аднастайнасці. Кожны раз, калі ўваходзіць у творчы настрой, ён прыдумвае новы спосаб пыткі і калечання. Вочы ў яго мутнеюць і чырванеюць ад затоенай асалоды...

Заўсёды Шпулька дабіваецца таго, што «пацыент» прызнаецца ва ўсіх абвінавачваннях, якія яму дыктуюцца. А калі той надзвычайна ўпарты, дык з рук «хірурга» жывым не выходзіць. Шпулька тады даводзіць сваю «хірургію» да канца... У яго пры гэтым псуецца настрой: перамог «пацыент». Ад злосці Шпулька ляскае зубамі, як галодны воўк, і топча нагамі акрываўлены, да жудасці скалечаны труп...

Такія выпадкі болей за ўсё здараюцца з партызанамі, што пападаюцца ў рукі Шпулькі.

Шпулька, даводзіўшы сваю працу да вялікага мастацтва, любіў часам даваць паліцыянтам прадстаўленні: ён катаваў «праступніка», а паліцыянты пры гэтым балявалі, спявалі і танцавалі пад акампанемент жудасных стогнаў ахвяры.

Стогны і крыкі былі ў Шпулькі свайго роду камертонам. Паводле гэтага «камертона» ён ведаў, у якім становішчы знаходзіцца «пацыент»,— ці ён ва ўсім прызнаецца, або пераможа Шпульку — і прыйдзецца ў бяссільнай уз’юшанасці толькі таптаць яго труп.

Як ні любіў Шпулька творчую разнастайнасць у сваёй «хірургіі», аднак пры гэтым існуюць таксама раз назаўсёды выпрацаваныя трафарэты або традыцыі: з пачатку «аперацыі» Шпулька ўжываў старасвецкія аплявухі. Гэта быў як бы хлараформ перад «аперацыяй». Абавязкова пасля аглушэння гучнымі аплявухамі «хірург» пачынаў «сапраўдную працу». Таксама прымушаў ён ахвяр вылізваць сваю кроў, якая лужынкамі стаяла на бруднай падлозе...

Шпулька меў пры сабе «асістэнтаў» з паліцыі: перад імі ён часта хваліўся сваёй «работай» і апавядаў цікавыя гісторыі з сваіх «гераічных учынкаў», з уласнай багатай практыкі.

Паліцыянты слухалі з вялікай зацікаўленасцю і апетытам, як бы ім расказвалі рамантычныя гісторыі на тэмы кахання. У іх масліліся вочы, дрыжэлі губы, і целы былі вельмі напружаныя ад захаплення.

Да Шпулькі прывялі звязанага Тамаша. Шпулька зірнуў на яго спакойным уважлівым вокам, загадаў развязаць, зірнуў на апухшы твар Тамаша, на сінякі і крыкнуў на паліцыянтаў:

— Што ж вы, д’яблы, чалавека так пакалечылі?

— Калі ён муку схаваў. Ніяк знайсці не маглі, перарылі ўсю хату і не знайшлі,— апраўдваліся яны.

— Паночку... даражэнькі... Я ніколі ў жыцці сваім не краў...— скардзіўся Тамаш і ўсхліпваў па-дзіцячаму.— За што яны мяне білі? За што?

— Супакойся, дзядзька, супакойся! — спачуваючым тонам сказаў Шпулька і нават пагладзіў Тамаша па карку... Мы з табою во зараз пагаворым, і справа будзе ясная...

Тамашу палягчэла на сэрцы.

Жартачкі, такі добры чалавек гэты пан...

Ён даверліва зірнуў на Шпульку. Шпулька даў яму папяроску, супакойваў лагоднымі словамі.

Паліцыянты хіхікнулі.

— Ціха вы, д’яблы! — крыкнуў на іх Шпулька.— Пакалечылі чалавека ды яшчэ смяюцца...

Тамаш са смагай курыў смачную папяроску.

У часе вобыску ў хаце Тамаш спачатку трымаўся смела. Яго правата давала яму сілу. Як яму кепска ні жылося, а ён ніколі ў жыцці не быў злодзеем.

— Не можа быць! Праўда выйдзе наверх! — думаў Тамаш і цяпер.

Аднак падазронасць паліцыі накінула цяжар на яго настрой. Паліцыя перарыла хату, капалася на дзядзінцы,— нічога не знайшла. Тады пачалі яго бязлітасна біць па твары, пад бакі.

— Няўжо ж дзеля таго, што я бедны, дык павінен абавязкова быць злодзеем?

Шпулька нешта доўга пісаў, распытваўся ў Тамаша, колькі яму гадоў, як яго прозвішча, ці даўно тут жыве, з чаго жыве, і яшчэ шмат запытанняў задаваў.

Пасля гэтага Шпулька так глыбока зірнуў Тамашу ў вочы, ажно той задрыжэў. Вочы, лагодныя спачатку, цяпер змянілі выраз.

— Раскажы, саколік, як была справа?

Голас у Шпулькі таксама стаў зусім новым. Ад гэтага голасу Тамашу было страшней, чымся ад біцця пры вобыску.

Тамаш заёрзаў на месцы і давай падрабязна апавядаць, як адбылося гулянне ў пана Чарнецкага, як ён, Тамаш, здзеў боты, якія пахлі дзёгцем, як паненка спявала кракавяк, а ён граў на скрыпцы...

— А мяшок мукі цяжкі быў? — раптам запытаўся Шпулька.

— Не ведаю, паночку...

Тут Шпулька прыступіў да справы пры дапамозе «хірургіі».

Тамашу завязалі рукі, залажылі пад калені, прасунулі паміж рук і ног кій, і Шпулька загадаў сваім асістэнтам біць палкаю ў пяты...

Цвёрдыя пяты ў Тамаша абраслі чорнай гразёю, біць шомпаламі па іх Шпулька не дазволіў, каб не запэцкаць шомпалаў...

— Скажы праўду, украў мяшок з мукою?

— Дальбог, не краў...

Жудаснае войканне, дзікія стогны Тамаша чуваць былі далёка па-за сценамі пастарунка...

Шпулька пробаваў і шмат іншых нумароў.

Тамаш увесь час аднекваўся.

Ад такога «нэндзнага» мужыка Шпулька не чакаў заядлай упартасці.

Выведы былі адкладзены да заўтра.

І Шпулька і «асістэнты» спацелі...

Тамаша вынеслі ў другі пакой.

Шпульку зацікавіў гэты аб’ект выведаў. Ён таксама быў упарты — не менш за Тамаша...

У пакоі, куды выкінулі Тамаша, было цёмна. Ён ляжаў на падлозе і прыслухоўваўся, што робіцца вакол. З усіх куткоў былі чуваць стогны людзей. Некаторыя шушукаліся між сабою, апавядалі адзін аднаму, як Шпулька іх калечыў. Некаторыя мармыталі праз сон, раптоўна ўскрыквалі:

«Ой, не буду! не буду!»

«Рука зломана».

«Пяць зубоў, як гарох, пасыпаліся на падлогу».

«Я не вінават, не вінават!»

Адзін з арыштаваных крычаў у сне дзіцячым голасам:

«Матулька! Матулька! бок баліць, бок!»

Хтосьці сапеў у сне адрывіста і хрыпла. У яго горле нешта булькалася, пералівалася, нібы вылівалі ваду з бутэлькі.

У поцемках гэтыя шэпты, крыкі і войканне наводзілі жудасць. На іх, здавалася, была звернута ўся ўвага ночнай цішы. Але Тамаш быў аглушаны, заняты сваімі думкамі і мала адчуваў, што робіцца вакол. Ён быў толькі напалавіну прытомны.

Сам не ведаў, ці спіць, ці не. Толькі цемры не бачыў,— яму было відна. Нават сонца свяціла. Горача і душна. Грукат гарматаў. Высыпаюцца шыбы з акон. Дзынь-дзынь-дзынь — звініць спалоханае шкло. Галосяць вясковыя бабы. Мужыкі спешна кладуць бэбахі на вазы. А ён, Тамаш, схваціў толькі скрыпку ў самадзелкавым футаралі. Жонка яго лае, называе дурнем, абібокам. Цягнецца абоз уцекачоў. Скрыпяць калёсы. Тамаш прыціскае да грудзей скрыпку ў футаралі, а Тамашыха — маленькую пяцімесячную Настаську...

Абапал дарогі — крыжы...

Новенькія, маленькія, наспех збітыя дарожнай сякерай з тонкіх жэрдак. Гэтыя крыжы — тычкі па дарозе, каб людзі не заблудзілі, калі будуць ехаць назад у родныя вёскі...

Паміраюць старыя і дзеці. Па іх і не плачуць. Адны ўжо аджылі свой век. Другія яшчэ ў жыццё не ўвайшлі.

Памёрла і маленькая Настаська, дачушка Тамаша. Футараль ад скрыпкі пайшоў на ўжытак. Якраз труначка для дзіцяці...

Скрыпку, голую, Тамаш схаваў за пазуху. Часам, калі зачэпіцца гузікам за струны, яна войкала на чатыры галасы. Скрыпка таксама была ўцякачкай... Яна таксама цярпела і галасіла...

Сон Тамаша часта перарываўся, як старая кінастужка. Ва ўсіх яго снах скрыпка з’яўлялася адной з галоўных персон.

Ён у горадзе. Жыве ў бараку. Там многа ўцекачоў. Ён прастойваў цэлы вечар каля нейкага рэстарана. Праз п’яныя галасы, праз дзікі, пісклівы кабечы смех на вуліцу вырываецца, выплывае музыка. Яна здаецца Тамашу надзвычайна прыгожай. Зіма. На Тамаша падае бялюткі, чысценькі сняжок. Тамаш увесь белы ад снегу, абтрушаны, нібы мельнік мукою. Ён не адчувае холаду,— яго грэе музыка. Ён перабірае пальцамі,— вывучае новую мелодыю. Потым бягом пускаецца ў «свой» барак, каб на скрыпцы пайграць. Але там людзі хворыя на тыфус. Граць няможна...

Жаласліва наглядае Тамаш на сваю скрыпку. Яна павінна маўчаць, як нямая. Завошта такая страшная кара?

Ён плача ў сне, як малое дзіця...

Прачнуўся пад дзень.

Праз жалезныя краты прабівалася першае святло летняга дня. Арыштанцкі пакой абліты сінім паўзмрокам раніцы. Людзі навалены на бруднай падлозе, нібы мяшкі з анучамі. Паветра вельмі цяжкае, душыць. Няма дзе дзецца...

Тамаш пачаў аглядацца па баках. Ён шукаў знаёмых. Але раптам адчыніліся дзверы, і ён пачуў крык:

— Тамаш Лукша.

Тамаш падняўся. Страшна балела ўсё цела. Нібы п’яны, павалокся, пайшоў на голас.

Паліцыянт падганяў:

— Жвава, пся крэў! Хутчэй, трасца цябе!

Выведы пачаліся нанава...

— Забіце насмерць,— хрыпеў Тамаш,— я нічога не скажу, бо не краў...

Але на гэты раз Шпулька не хацеў забіваць насмерць. Яму трэба вырашыць гэтую псіхалагічную задачу па-свойму: што б ні было, а даб’ецца прызнання ў гэтага «хама». Забіць не штука — кожны патрапіць...

Тамаш папаў да Шпулькі якраз у такі перыяд, калі той шукаў новых метадаў.

Шпулька пачаў пільна назіраць над сваім «пацыентам», давай вывучаць яго характар, норавы. Ніводзін рух Тамаша не быў ім не заўважаны. Ён шукаў у Тамаша так званую «Ахілесаву пяту» — тое слабае месца, дзе ўдар папаў бы ў цэль.

Урэшце Шпулька знайшоў.

Пры катаванні Тамаш кожны раз стараецца хаваць свае рукі.

Цяпер толькі Шпулька здагадаўся:

— Гэта ж ён на скрыпцы грае... Ён баіцца больш за ўсё калечання рук...

Шпулька ўсміхнуўся. Ён перамог:

«Зараз Тамаш прызнаецца, скажа, што ўкраў».

Шпулька адчыніў дзверы і загадаў Тамашу ўсунуць туды пальцы абодвух рук.

Тамаш задрыжаў.

— Паночку... паночку...

— Скажы, ты ўкраў муку?

Тамаш нічога не бачыў перад сабою, толькі нейкія рознакаляровыя кругі мітусіліся перад вачыма. Перад яго ўяўленнем стаяла скрыпка. Ён бачыў яе, як жывёханькую. Нават белы пылок на струнах бачыў, адчуваў яе пад барадой, нюхаў яе своеасаблівы пах...

— Не буду далей чакаць! Пальцы сюды! Злодзей ты! Бальшавік ты!

— Не, паночку, не!

— Што «не»?

— Не трэба пальцаў чапаць...

— Украў муку?

— Украў, паночку... Дальбог, украў...

— Падпішыся!

Тамаш падпісаўся дрыжачай рукой... Літары скакалі перад ім. Папера сляпіла вочы. Ледзь напісаў:

«Тамаш Лукша».

Перамог Шпулька...

6. «Злодзей»

Была цёмная летняя ноч.

Бор стаяў грозны і горды. Калі-нікалі ў яго захаваных нетрах праплываў адрывісты шэпт. Хоць месяца не было, але ноч была відная, яркая і поўная разнастайных водгулляў. Упадзе шышка з дрэва, галіна аб галіну заскрыпіць, раздасца піск дрымотнай птушкі, зашуршыць папаратнік у лагчыне — гукі разыходзіліся далёка навокал, раслі і вылазілі з усіх бакоў.

Здавалася, што бор быў атулены вялізнымі шклянымі сценамі, аб якія начныя гукі ўдараліся, выклікалі зычныя паўторы.

Тамаш ішоў дахаты. Ён пусціўся ў дарогу толькі тады, як добра сцямнела. Удзень ісці сароміўся, каб нікога з знаёмых не сустрэць. Мала таго што яго людзі так пакрыўдзілі і зняважылі, ён сам сябе пакрыўдзіў і зняважыў. Сваёй жа рукою сябе апэцкаў. Прыняў на сябе ганебнае кляймо злодзея...

Толькі цяпер, калі страшны боль мінуў, калі ва ўсім целе засталося адно пягучае ныццё, да Тамаша звярнулася магчымасць абдумваць свой учынак.

«І ліха накруціла мяне яшчэ грамаце навучыцца. Каб быў непісьменным, дык мо абышлося так. Не падпісаўся б, што злодзей».

Тамаш праклінаў свайго настаўніка, якога ўжо не было на свеце. Ён прыпомніў, як калісьці аж дзве зімы вучыўся ў школе. Стары лысы «дарэктар» часта біў яго вострай лінейкай па пальцах, каб стараўся чыста выводзіць літары. Маленькі Тамаш быў тады заўсёды запэцканы ў сіні атрамант: рукі, нос, лоб, нават язык. Тамаш і цяпер памятае саладкаваты, непрыемны смак атраманту.

Тамаш стараецца не думаць. Прыслухоўваецца да болі ва ўсім целе. Галоўным чынам пяты баляць, апухлі, зрабіліся як порхаўкі. Вельмі цяжка ступаць на іх. Ён ступае толькі на пальцах, нібы стараецца ісці так ціха, каб ніхто яго крокаў не пачуў. Ці ж ён каго абакраў, ці што?

Сапраўды, абакраў! Падпісаў паганую паперку. Сам сябе злодзеем абазваў...

«Злодзея» цяпер і на падзённую работу ніхто не возьме. Затое пальцы выратаваў. Буду на скрыпцы граць — зараблю! А суседзі смяяцца будуць — злодзеем абзываць. Я буду прымушаны маўчаць, сцяўшы зубы. Нават сорамна цяпер чалавеку ў вочы глянуць. Сам падпісаўся, што ўкраў. І той, хто сапраўды ўкраў муку, стане мяне злодзеем зваць, абняславіць, а я апушчу галаву ўніз як вінаваты. Таго, сапраўднага злодзея, будуць паважаць, як добрага чалавека, а я астануся апаганены... Адна толькі жонка ведае, што я — не злодзей, што не ўкраў. Калі скажа аб гэтым, дык ніхто ёй не паверыць.

Тамаш хацеў стагнаць ад болю і сораму, але стрымліваўся,— баяўся, каб ніхто не пачуў. Нават на дрэвы не глядзеў. У начны час яны здаваліся яму жывымі істотамі.

«Злодзей» мінуў бор, выйшаў на жытняе поле.

Тут, на шырокім прасторы, дзе дрэў не было, яму стала яшчэ цяжэй. Ён цяпер выстаўлен напаказ усяму абшару.,. Ён ступаў па прасёлачнай пясчанай дарозе. Па мяккім пяску пакалечаныя ногі так моцна не баляць.

Вось каб з дарогі пайсці між жыта, дык трапіш якраз у фальварак пана Чарнецкага. Гэты фальварак так многа бяды нарабіў Тамашу... Ён бачыў у сваім уяўленні кожную будыніну ненавіснага фальварка. Можна нават лічыць бярвенні на сценах. Да самай магілы фальварак пана Чарнецкага застанецца ў яго памяці.

«А каб пусціць чырвонага пеўня ў гэты фальварак...»

Тамаш нібы бачыць перад вачыма чырвоную, бы кроў, зарніцу пажару. Полымя ярка-жоўтымі языкамі ліжа стрэхі, лезе яскравымі змеямі праз вокны. Навакол светла-святлютка. Пажарышча далёка відаць. Нясе гарам. Людзі крычаць.

Спалохаўся Тамаш сваіх думак.

«Цяпер, калі нават другі гэта зробіць, то на кару пацягнуць мяне... Вінаваты пальцы мае, якіх я пашкадаваў. Вінавата скрыпка».

Шаптаў, гаварыў сам з сабою і гэтага не заўважаў:

«Што я цяпер буду рабіць? Брыдка... брыдка...»

Сам слоў сваіх спужаўся. Думаў, што гэта яму іншы гаворыць.

Азірнуўся па баках. Нікога няма.

Зямля пахла балотнымі травамі, аерам. Не прыкмеціў, што падышоў да рэчкі, якую трэба было перайсці па зыбучай кладцы з аполак. У цёмна-сіняй вадзе адлюстроўваліся яркія зоркі.

Збянтэжаны Тамаш спачатку падумаў, што неба ўпала на зямлю — унізе зоркі свецяцца, як свечкі.

Галава, нібы ад хмелю, кружылася. Ён часта браўся рукою за разгарачаны лоб. У густым хмызняку, над самай рэчкай, плакала балотная птушка. Яна выдавала адрывістыя, пісклівыя жалосныя два гукі, у якіх «злодзей» чуў толькі адно слова. Вельмі моцна яно звініць у вушах:

— Брыдка... брыдка...

Дахаты ён прыйшоў на ўсход сонца.

Неба бляднела. Спявалі птушкі на розныя галасы.

Так хацелася курыць, ажно забыўся выпрабаваць сілу сваіх пальцаў, як ён звычайна іх пробаваў. Трое сутак не курыў, апрача адной папяроскі — першага пачастунку Шпулькі...

Пад трамай у хаце вісіць зялёны сёлетні тытун. Вот жа зараз прырвецца да яго, пачне смаліць. Старыя газеты ляжаць на падаконніку. Ён газеты ўжывае замест папяроснай паперы. Чытаць газеты яму цяжка. Вось толькі падпісацца навучыўся за дзве зімы...

Юрка спаў пад старым кажухом на лаве пры стале.

На шырокім ложку ляжала жонка. Кугатала малое дзіцянё, якое нарадзілася ў яго адсутнасці.

— Хлопчык,— адрапартавала жонка.— Бабкай была старая Магда. Юрка паклікаў. Толькі ўчора вечарам пайшла. Пабыла тут два дні.

Жонка лічыла гэтую падзею важнейшай за вобыск і арышт Тамаша. Уздрыгнулася толькі тады, як зірнула пільна на свайго мужа. Вельмі страшным ён выглядаў.

— Божа ж мой! Што яны з цябе, Тамашка, зрабілі...

Яна заплакала.

Тамаш маўчаў.

Зняў тытун з нізкай трамы і рыхтаваўся круціць папяроску.

— Кажы, што там было? — галасіла жонка.

Ён расказаў усё.

— Божа ж мой! Што нам цяпер рабіць? — яшчэ мацней завойкала жонка.— Гэта ж ад сораму цяпер дзецца няма дзе. А ўсе суседкі будуць на мяне пальцамі паказваць... Падумаюць, што ты сапраўды ўкраў...

Ад плачу яна перайшла да сваёй звычайнай, штодзённай лаянкі. Лаяла мужа і ўсё дадавала:

— Брыдка... брыдка...

Тамаш маўчаў. Ён да таго быў збянтэжаны, што палажыў тытун у рот і пачаў есці.

Жонка, не заўважыўшы гэта, сыпала на яго ўвесь запас лаянак, які толькі ведала.

Перад вачыма Тамаша кружыўся стол, мітусіліся маленькія акенцы, ківалася печ з боку на бок. На шырокім тапчане супроць печы заблішчэла сякера. Яна дваілася і траілася ў яго вачах.

Ніколі раней ён не зварочваў увагі на лаянкі жонкі. А цяпер яны былі вельмі крыўдныя.

А жонка лаяла доўга, нібы з кнігі чытала.

У канцы Тамаш звыкся трохі — і яму палягчэла. Ён накіраваў думкі ў іншы бок:

— А што ж бы я зрабіў, каб яна таксама паверыла, што я ўкраў! Гэта ж я падпісаўся... Добра, што хоць адзін чалавек на ўсім свеце ведае, што я — не злодзей.

Ён выплюнуў тытун.

— Каб ты хацеў, дык бы гэтага не было! — цягнула далей жонка свае пацеры.— Што мне цяпер рабіць хворай з дзіцем? Учора суседка паўбулкі хлеба прынесла. Каб ты хацеў, дык быў бы і хлеб у хаце. Ты што? Кульгаеш? А каб хацеў, дык цябе так не пакалечылі б. Адразу трэба было прызнацца... Скажы, дзе муку схаваў?.. Пакуль што трэба будзе хоць пару булак хлеба спячы...

Жонка прысела на ложку, высунула ў яго бок свой жоўты змучаны твар. У яе вачах мігацеліся таемнасць і зацікаўленасць.

Яна змоўкла. Глядзела на рот мужа, каб зараз жа злавіць яго адказ...

Тамаш падскочыў на месцы, як бы яго хто нажом у бок пырнуў. Вочы наліліся крывёю. Пакруглелі.

— Я не ўкраў...— мармытаў ён збялеўшымі вуснамі,— не ўкраў...

Апошняя пытка Тамаша была самая страшная: і родная жонка не паверыла!

Азіраўся па баках, нібы ратунку шукаючы. Гарачы камень упаў на мазгі.

Зноў заблішчэла сякера на тапчане.

Тамаш першы раз у жыцці зазлаваўся на жонку, схапіў сякеру, падбег да ложка, замахнуўся...

— Ай! — крыкнула жонка дзікім голасам.

Тамаш спалохаўся яе крыку. Адпала злосць.

— І ты думаеш, што я ўкраў муку?

— А навошта ты падпісаўся, што ўкраў?.. Гэта ж сваёй рукой падпісаў...

Тамаш болей не апраўдваўся, адскочыў ад ложка, палажыў левую руку на стол, і, не паспела жонка крыкнуць, ажно тры пальцы, як адрэзаныя моркаўкі, адскочылі на памост.

Ад стуку сякеры прачнуўся Юрка. Скрыпка, якая вісела на сцяне над ложкам, жаласліва войкнула ўсімі чатырма струнамі...

— Пальцы вінаваты! — не сваім голасам крыкнуў Тамаш.

7. Яшчэ не ўсё прапала

Тамаш лячыўся ў фельчара з блізкага мястэчка. Рука загаілася.

— Яшчэ не ўсё прапала,— гаварыў Тамашу сусед Цыпрук,— такі самы бяздольны, як і Тамаш. Граць на скрыпцы, Тамашок, ужо не будзеш, але затое на панскіх спінах і галовах яшчэ лоўка зайграеш.

— Брыдка... брыдка..— шаптаў Тамаш у адказ.

— Што брыдка?

— Без віны злодзеем зрабілі...

— Які ж ты злодзей? Усе ж ведаюць, што ты не ўкраў. Ды і не брыдка было б, каб і ўкраў у пана мяшок мукі. Тваёй працы ў пана Чарнецкага на дзесяткі, на сотні пудоў. Паны ўсю нашу працу забіраюць, нашу кроў і пот п’юць, а ім не брыдка. Не будзь такой авечкай смірнай, Тамаш.

— А што ж мне рабіць?

— Знойдзецца праца,— усміхнуўся Цыпрук і глыбока зірнуў Тамашу ў вочы.

— Якая праца?

— А такая, што за твае тры пальцы тры галовы панскія павінны быць адцяты.

Тамаш задрыжэў.

— Навошта тры?

— Няхай будзе адна, калі ты такі міласэрны.

— Можа, лепш фальварак падпаліць? Я аб гэтым сам думаў.

— Ды не таргуйся са мною, відаць будзе, што і як.

У вачах і ў голасе Цыпрука было нешта такое цвёрдае і пэўнае, ад чаго Тамашу рабілася лягчэй. Ён з кожнай хвілінай адчуваў усё большую злосць на паноў. Гэта злосць надавала яму ўпэўненасць і рашучасць.

— Я сапраўды вінават,— думаў ён.— Вінават у тым, што дагэтуль падстаўляў свой карак пад панскі бізун. А каб хацеў...

І вялікі рой новых думак мітусіўся ў яго галаве. Кожнай косткай, кожнай часткай цела яшчэ адчуваў боль ад біцця Шпулькі і яго памочнікаў.

— Трэба будзе і Шпульку папяроскай пачаставаць...

Тады была ноч. Цадзіўся па шыбінах асенні дождж. Было цёмна, калі Цыпрук павёў Тамаша кудысьці...

— Там хлопцы ўсе адзін у адзін. Ты па гадах самы старэйшы будзеш.

— Пастараюся не падкачаць. Затое што старэйшы, дык больш здзекаў меў ад паноў ды багатых.

— І больш злосці павінна быць у цябе да іх,— дадаў Цыпрук.— Яшчэ да халадоў мы іх так нагрэем, што аж горача ім стане.

Яны ішлі вузкімі сцяжынкамі. Цыпрук вёў Тамаша наперад у невядомыя мясціны. У поцемках Тамаш па ранейшай прывычцы вадзіў правай рукою, нібы смычком па скрыпцы.

Тут ужо не патрэбны былі тлумачэнні Цыпрука. Тамаш сціскаў правую руку ў касцісты кулак, махаў ім у бок фальварка пана Чарнецкага, лаяўся моцнымі словамі.

— Вось гэту музыку я люблю — хваліў яго Цыпрук.

Потым яны ішлі моўчкі. Мокрыя галіны чапляліся за вопраткі. Лезлі ў твар, але было прытульна ў цемнаце і вільгаці: ні паліцыі, ні жандараў яны тут у гэткае надвор’е не сустрэнуць.

— Мы абсушымся там, ля вогнішча,— сказаў Цыпрук.— Не ўпершыню.

І нейкая захаваная зайздрасць з’явілася ў Тамаша да Цыпрука... Цыпрук усё ведае...

Звыкшыся з цемраю, Тамаш добра бачыў кожную зморшчыну на твары чарнявага здаровага Цыпрука.

...Два браты Цыпруковыя ў панскай турме загінулі. Вось чаму ён усё ведае...

Тамаш іх добра знаў: маладыя, адзін у адзін. Прыехала паліцыя, знайшла ў іх нейкія паперы і кніжкі.

Тамаша не так цікавіць, што сталася з братамі Цыпрука, як тое, што напісана ў іхніх паперах і кніжках...

...Відаць, нешта такое там напісана, чаго паны вельмі баяцца... Вось каб дастаць такія ж ды пачытаць. Але ўсё роўна чытаць не ўмею... А каб хацеў... Кажуць, што там, за мяжою, дзе гарапашныя вызваліліся ад паноў, ёсць школы для сталых людзей. Там усе вучацца чытаць і пісаць...

«Флірт Амура» дапамог.

Панна Ядвіга выйшла замуж за пана Ястрабінскага. Яе бацька, пан Чарнецкі, наладзіў вяселле на славу. Было шмат гасцей. Гралі местачковыя музыкі.

Фальварак пана Чарнецкага ніколі не бачыў такога бляску, не чуў такой музыкі, не меў такой радасці, як у гэты вечар.

Ніколі панна Анэля, сястра гаспадара, не мела такой згрызоты, як у гэты вечар: «жартачкі», Ядвіська замуж выходзіць, а яна, Анэля, у старых дзеўках астанецца.

— Слова гонару,— радаваўся пан Чарнецкі і круціў вусы,— мне весела, бо Ядвіська за такога пожонднэго замуж ідзе.

— Слова гонару,— скардзіўся ён,— мне смутна, бо з Ядвіськай прыйдзецца развітацца. Яна ж заўтра паедзе ў маёнтак пана Ястрабінскага,— у яго багаты маёнтак...

І радасць і сум гаспадара госці залівалі віном, заядалі смачнымі закускамі.

— Шчаслівы «Флірт Амура», слова гонару,— хваліўся пан Чарнецкі.— Шанцуе. Дай, Ядвіська, сюды гэты «Флірт Амура».

Панна Ядвіга прынесла бацьку з другога пакоя пачачку цвёрдых папяровых картак.

— Анэля! — клікнуў пан Чарнецкі.

Панна Анэля была ў другім пакоі, дзе раскладвала закускі на талерках.

— Анэля!! — крыкнуў ён не сваім голасам.

Яна прыбегла спалоханая, устрывожаная.

— Вось, Анэлечка, маеш «Флірт Амура»,— сказаў пан Чарнецкі.— Ядвісьцы ён ужо не патрэбен, слова гонару. Пазабаўляйся ім гадкоў з дваццаць, мо і ты выйдзеш замуж. Слова гонару.

Зарагаталі госці.

Панна Анэля з плачам выскачыла з салёну.

— Каб адчуваць радасць, трэба бачыць і сум,— сказаў пан Шпулька меладычным голасам.

І ён быў запрошаны на вяселле Ядвіські.

— Музыку, музыку! Слова гонару, марш! — крыкнуў пан Чарнецкі.— Тамаша сюды. Ён тады на балі граў, няхай цяпер хоць паслухае добрую музыку. Слова гонару, дарую яму тое, што муку ўкраў.

— Якраз трапіў на вяселле панскай дачкі без запрашэння,— пачуў пан Чарнецкі голас Тамаша.— Дзякую за дабрату вашу. Я чуў, што вы мне даруеце за муку.

— Фу, д’ябал, як з-пад зямлі вырас,— спалохана прамармытаў пан Чарнецкі.

Госці ахнулі ад дзіва і страху.

Разам з Тамашом у пакой увайшло яшчэ чалавек дваццаць. Усе мелі пры сабе стрэльбы і рэвальверы. Усе былі ў масках на твары, апрача Тамаша.

— Рукі ўгару! — закамандаваў адзін з узброеных людзей.

Усе паслухаліся.

— А вы, музыкі, грайце. Няхай Тамаш паслухае. І ён нядаўна граў гэтаму пану.

Музыкі зайгралі марш.

У гэты час дваццаць рулек рэвальвераў вачыма смерці глядзелі на гасцей...

Старанна гралі музыкі. Дрыжэў у тонкіх пералівах альт. Спрытна бегалі пальцы флейтыста. Кантрабас грозна грымеў. Бравурны марш месцамі быў фальшывы, бо музыкі спалохаліся металёвых вачэй смерці.

І марш, замест вясёласці, напамінаў урачыстасць хаўтураў.

Тамаш некалькі хвілін стаяў зачараваны. Захапленне музыкай і вялікая роспач адлюстроўвалася ў яго вачах у адзін і той самы час...

Ён трымаў у правай руцэ рэвальвер, пачаў ім махаць перад музыкамі, як дырыжорскім кійком. Ад гэтага «кійка» музыкі і госці стараніліся ў бакі, ківаліся, нібы тонкія галінкі ад ветру...

— Дазвольце мне, таварышы, выпіць з панам Чарнецкім і з маладымі! — звярнуўся Тамаш да ўзброеных людзей.

— Дазваляем!! — пачулася дваццаць галасоў, нібы вайсковая каманда.

Спакойна Тамаш наліў у кілішкі чырвонага віна, па-гаспадарску паднёс пану Чарнецкаму, панне Ядвісьцы і пану Ястрабінскаму.

— Піце! — крыкнуў ён грозным голасам.

Раптам вочы Тамаша засвяціліся радасцю. Ён угледзеў між гасцей Шпульку...

А дваццаць узброеных таварышаў Тамаша трымалі рэвальверы на прыцэл і маўчалі. Яны застылі ва ўрачыстых позах, нібы каменныя статуі.

— Няма чаго непакоіцца,— як бы з прамовай звярнуўся да гасцей Тамаш.— Сядзіце спакойна, як у сваёй хаце, як сам пан Чарнецкі, любыя госці... На двары яшчэ трыццаць нашых малайцоў. Яны сцерагуць кожны куточак пана Чарнецкага. Ніхто больш не адважыцца чапаць панскай мукі... А вось перад панам Шпулькай я вінаваты. Ён мне пазычыў папяросіну...

Раздаўся стрэл.

Пан Шпулька, трымаючыся рукою за грудзі, апусціўся пад стол.

— Яму, відаць, галава закружылася ад маёй алавянай махорачкі,— вытлумачыў гасцям Тамаш.

Некаторыя з гасцей, загіпнатызаваныя страхам і жудасцю, ледзь адвярнулі вочы ў бок акон. Чырвоны водсвет палыхаў па дварэ. Асвяціў дзядзінец, вызначыліся пад вокнамі рабіны з чырвонымі кутасамі ягад...

— Супакойцеся, вяльможныя госцікі,— зноў тлумачыў Тамаш.— Гэта наша люмінацыя. Будынкі пана Чарнецкага вельмі сухенькія. Гараць, як запалкі. А нашы хлопцы любяць, каб святло было. Вясёлыя хлопцы... Ух, якія вясёлыя!

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў: У 5 т. Т. 3. Аповесці. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1987. - с. 153-189
Крыніца: скан