epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

У тыя дні

Маладая з сівымі валасамі.

У сельскагаспадарчай камуне Новы Быт яна сакратар ячэйкі. На полі працуе нароўні з мужчынамі. У маёй бытнасці ў мінулым годзе ў памянёнай камуне я зацікавіўся гэтай сялянкай — Альжбетай Вараўкай.

Ёй пад трыццаць год. Вакол блакітна-шэрых вачэй ледзь прыкметныя зморшчыны. Дзве тонкія рыскі вакол губ. Бліскучыя белыя зубы. Калі яна ўсміхаецца, яе вочы ззяюць надзвычайнай ласкай і па вачах ёй тады васемнаццаць гадоў. Калі яна задумваецца, тады вочы яе — строгія, цямнеюць і ёй можна даць сорак гадоў. Паводле сівых стрыжаных валасоў ёй гадоў шэсцьдзесят. Тая самая розніца ўзросту заўважаецца ў яе руках: то — адрывістыя, шпаркія, нібы не ведае, дзе дзець сваю энергію, а то — лагодныя, лянівыя, быццам яна вельмі стомлена жыццём.

У часе абеду ў агульнай сталоўцы камуны Альжбета Вараўка праглядала «Правду».

Мяне надзвычай зацікавілі маладыя вочы і старая галава тав. Альжбеты.

На маё няскромнае запытанне аб гэтым яна махнула адрывіста рукою.

— Старая гісторыя, памятка з часоў уцёку белапалякаў з Беларусі.

— Калі маеце час і настрой, калі ласка, раскажыце.

— Ахвотна.

Вочы тав. Альжбеты пахмурнелі, зрабіліся строгімі. Зморшчыны на твары паглыбелі.

Я выняў з кішэні дарожны блакнот.

Тав. Альжбета замахала рукамі.

— Толькі не запісвайце.

— Чаму?

— Не хачу, каб аба мне пісалі. Такіх гісторый тады было многа ў нас.

Быў лагодны летні поўдзень. Цень у садзе насупроць веранды былога панскага дома, дзе цяпер сталоўка і клуб камунараў, быў самы кароткі. Спявалі жаўранкі.

— Дык вось,— пачала тав. Альжбета,— я тады насіла партызанам нашай вёскі яду ў лес. Там былі мае два браты і муж. Многа было людзей з нашай і вакольных вёсак — чалавек шэсцьдзесят. Была раніца. Я толькі што вярнулася з лесу. Паўзла між жыта, каб суседзі мяне не ўгледзілі. Трэба было асцерагацца. Дабралася да гумна. Стала ля сцяны і давай прыслухоўвацца. Дык вось. Было ціха. Ні малейшага ветрыка. Ні малейшага шуму. Толькі дзе-нідзе скрыпнуць вароты. Стаяла так некалькі хвілін.

Тав. Альжбета апавядала ціхім голасам, аднатонным, часта паўтараючы «дык вось», але эпічны тон і простыя словы прымушалі прыслухоўвацца, заінтрыгоўвалі.

— Дык вось раптам пачуліся з боку тракта далёкія водгаласкі. За той час партызаншчыны, калі ўночы прыходзілася часта насіць есці ў лес за дзесяць-пятнаццаць вёрст, я здарова навастрыла вушы... Дык вось гэтыя водгаласкі здаліся мне падазронымі. Яны раслі з кожнай хвілінай. Не то шум лесу, не то дрыгат зямлі. Я ўжо не пайшла на двор. Стаю за вуглом. Пачуліся калі-нікалі стрэлы. Тады я толькі здагадалася, што гэта ідзе войска. Яшчэ праз некалькі часу я пачула грукат вайсковых калёс і тупат ног. Вяскоўцы высыпалі з хат на двары, на вуліцу. Дык вось пачалася суматоха. Павыганялі кароў, свіней, хавалі дабро. Я ўсё глядзела з-за вугла. Хацела пабегчы да бацькоў на дапамогу, але не, думаю, можа, прыйдзецца наказаць партызанам. Я проста не ведала, што мне рабіць, у які бок кінуцца. Легіянеры хутка паказаліся. Былі конныя, пешыя і абоз. У сэрцы пуста стала — ці спакойна пройдуць яны праз вёску?

Тав. Альжбета змоўкла на хвіліну.

— Суматоха на вёсцы павялічылася. Як пад’ехалі легіянеры да самай вёскі, я заўважыла сярод абоза і сялянскія фурманкі. На вазах сядзелі мужычкі, панурыя, шэрыя. Як бы хто скамячыў маё сэрца ў маленькі клубок. Я сцяла зубы, сціснула кулакі і маўчала. Вачэй не магла адарваць ад бліскучай зброі жаўнераў. Легіянеры рассыпаліся па вясковых дварах. Пачуліся хутка крыкі і ляманты. Заігралі па спінах сялянскіх панскія бізуны. Я акамянела ад гэтай жудасці і не магла крануцца з месца — ні туды ні сюды...

— Усё злілося ў нейкае дзікае войканне. Я думала тады, што свет канчаецца. Як раз’юшаныя звяры, гойсалі па дварах панскія жаўнеры, дзікія, злосныя, з нагайкамі ў руках. Жаночыя ляманты «ратуйце» з польскай лаянкай перамешваліся, плылі з хат, з гумён. Дык вось толькі тады, калі я пачула гэтыя жаночыя крыкі, я стала прытомнай і ў маёй галаве прамільгнула думка: «як найхутчэй паведаміць нашых партызан».

— Я ціхенька дапаўзла да жыта, а праз жыта хутка дабралася да лесу, які стаяў блізка ад вёскі. Партызаны знаходзіліся за вёрст сем адгэтуль каля грэблі, па якой павінна было праходзіць панскае войска. Дык вось трэба будзе ім наладзіць там урачыстае спатканне...

Пры гэтых словах тав. Альжбеты яе голас звінеў металавымі гукамі і ў вачах заблішчалі цёмныя аганькі.

— У лесе я трохі адсаплася. Як пусцілася бягом далей, дык яшчэ чуваць былі крыкі з вёскі і пах дыму. Відаць, падпалілі вёску,— падумала я. Нават не стамілася, дабегла да грэблі раней войска. Нашыя хлопцы выбралі грэблю, бо яна з абодвух бакоў была акружана балотам і густым лісцяным лесам. У нашых было два кулямёты, стрэльбы і рэвальверы. Яны ляжалі напагатове ў высокай балотнай траве блізка ад грэблі так непрыкметна, што я іх ледзь заўважыла. Я расказала ім, што робяць у нашай вёсцы легіянеры...

Зморшчыны на твары тав. Альжбеты ўглыбіліся, і ў гэту хвіліну яе твар пастарэў на многа гадоў і гарманаваў з сівымі валасамі на галаве...

— Вочы нашага атамана пры гэтых маіх словах так загарэліся, ажно я думала, што ад злосці ён на мяне зараз накінецца. Ён хваляваўся, сціснуў мае рукі так моцна, ажно я ад болю слаба крыкнула. Ён аслабаніў мае рукі і пачаў перада мною апраўдвацца: «Мы не маглі наладзіць засаду ў вёсцы, бо сілы няроўныя. Тут іншая справа. Балота і лес нас выратуюць. Таксама адгэтуль далёка да суседняй вёскі».

— Дык вось і мне далі стрэльбу ў рукі. Паказалі, як трэба цэліцца і як страляць. Паказалася па дарозе войска. У мяне і дыханне спынілася. Трэба было спакойна ляжаць... Мы пачалі дзейнічаць толькі тады, калі легіёны апынуліся на грэблі насупроць нас.

Памаладзелі пры гэтых словах вочы тав. Альжбеты. Твар і голас яе не гарманавалі з сівымі валасамі на галаве.

— Не спадзяваліся такой сустрэчы паны. Яны так спалохаліся ад неспадзеўкі, што нават мала адстрэльваліся. Яны па грэблі наўцёкі, а нашыя кулямёты стракочуць, а стралкі ў нас адчаяныя! Людзі і коні змяшаліся ў кучу. Гарачую мы ім наладзілі лазню. На грэблі засталося некалькі павозак з нарабаваным сялянскім дабром, паходная кухня з гарачым снеданнем і дваццаць тры легіянеры. З нашага боку было трое забітых і адзін паранены.

— Мы адышлі побач з грэбляй назад, бліжэй да нашай вёскі, каб сустрэць новых. Показалася яшчэ толькі пяць легіянераў, якія, відаць, «запрацаваліся» ў вёсцы і адсталі ад сваіх — двое пешых і трое конных. Іх мы забралі жыўцом.

Тав. Альжбета трохі спынілася. У яе вачах свяціўся сум.

— Пасля гэтага мы паслалі разведку ў вёску. Праз пару гадзін, як мы даведаліся, што гэта апошняе панскае войска прайшло, мы ўсе бягом туды. Вёска ўжо дагарэла. Мой стары бацька ляжаў закатаваны насмерць каля студні. Маці над ім войкала і прычытвала. Тое самае было і на іншых згарэлых дварах... Не паспела я адарваць матку ад трупа бацькі ды супакоіць яе, як гучнае «ўра» загрымела на вясковым папялішчы. Гэта прыйшлі чырвонаармейцы і нашы партызаны сустракалі іх... Нас усіх агарнула радасць. На момант было забыта гора і няшчасце, учыненыя нам панскімі легіёнамі. Дык вось цяпер...

Апавяданне тав. Альжбеты раптам спынілі хрыплыя зыкі званка.

— Ну, бывайце,— сказала яна будзённым голасам.— Трэба ісці на поле працаваць.

Не паспеў я агледзецца, як тав. Альжбета ўскочыла з веранды і апынулася між камунараў, што пайшлі цвёрдай хадой за вялізнае гумно ў поле.

Здалёк за аграмадным полем цямнеў лес. За рэчкай гудзеў трактар.


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 267-271
Крыніца: скан