epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Умарыўся

— Умарыўся...

Гэта ён скарэй падумаў, чымся выгаварыў.

— Умарыўся...

Кожная частка яго змучанага працаю цела паўтарала гэтае слова. Досыць было глянуць на яго мутныя, затуманеныя вочы, на яго сагнутую, як бы папалам перабітую паясніцу, на яго павольныя рухі; досыць было пачуць яго цяжкія стогны — і кожны мог здагадацца, што чалавек умарыўся.

— Умарыўся...

Тут ужо яму самому здавалася, што крыкнуў на ўсё поле. Ён выгаварыў гэтае слова глуха, хрыпла, хворым, старэчым голасам...

Закашляў і, глыбей урэзаўшыся сахой у зямлю, спыніў каня.

Сам адышоў на мяжу, сеў на крушні, зірнуў на вялікі абшар перад сабою і задумаўся.

Сядзеў доўга.

— Годзе! — сказаў ён самому сабе,— няма чаго валаводы валаводзіць, магу сказаць — годзе! Выгадаваў дзяцей, дачок усіх добра замуж павыдаваў, сыны — гаспадары рупныя і баяцца мяне яшчэ цяперака, як дзеці малыя! Ой, трымаў я іх дагэтуль у сваіх абцугах! Ой, кіраваў я гаспадаркай! Няма чаго валаводы валаводзіць, быў хлеб, было і да хлеба...

Стары аглянуўся па баках, абцёр рот рукавом і задыміў люлькай.

— І жалеза іржа з'ядае. І камень не вечны. Адчуваю, што сілы мяне пакідаюць.

Ён выглядаў, як дуплаваты, струхлелы дуб, які восьвось зваліцца з вялікім грукатам. Усё ж такі былая сіла яшчэ дае сябе знаць.

— Прыйдзецца лейцы выпусціць з рук. Няма чаго валаводы валаводзіць; сыны мае — Янук і Міхалка — гарапашныя, абыдуцца і без мяне! Няхай ужо мае старыя косці грэюцца на пяколку ў цяпле! Эт! не грэх ужо мне, старому, пад кажухом пазней паляжаць!

Халодны пот пакрыў яго твар. Рукі павіслі.

— Няма чаго валаводы валаводзіць! Як толькі пачынаю памятаць сябе, не глуміў я дарэмна хлеб на свеце — гнуў карак, рукі мазоліў... Меншага брата няньчыў, калі маці часу не мела; пасля ў пастухі пайшоў, пасля парабкам служыў. Вось так увесь свой век...

Ён злосна плюнуў.

— Цьфу! Згінь ты, люты вораг мой, старасць паганая! Змагаўся я з табою, але ўрэшце паддаюся — годзе!

Зноў паспакайнеў. Пачаў ціха разважаць:

— Няхай ужо Янук з Міхалкам самі гаспадараць... Трэ будзе без крыўды падзяліць гаспадарку, а я застануся жыць у старшага — у Янука. Ён такі паслухмяны, спакойны, падатлівы. Але... не! — Буду лепей жыць у малодшага — у Міхалкі. У Янука жонка — ведзьма... Эт! неяк будзе! Няма чаго валаводы валаводзіць!

Сумна глянуў на каня, што стаяў, апусціўшы ўніз галаву, і падняўся з свайго месца.

— Як вол да доўбні! Але нічым не паможаш. Не я першы, не я апошні!

Выпраг каня. Пацягнуўся дахаты.

Назаўтра ўжо ўся вёска ведала, што стары Габрусь «выпусціў лейцы» і выбіраецца з сынамі ў воласць дзяліць зямлю. Габрусь лічыўся ў цэлай ваколіцы прыкладным, здатным гаспадаром, якога дзеці не толькі баяцца і паважаюць, але і слухаюць, не п’юць і не марнуюць гаспадаркі.

Янук і Міхалка, пачуўшы ад старога, што ён болей сам працаваць не будзе, скідае з плеч гэты цяжар і дзеліць гаспадарку, зрабіліся яшчэ болей паслухмянымі.

— І даўно б, татка, так зрабіў! Або-о-о, ці мы самі не справімся! Годзе табе працаваць: мы будзем цябе слухаць, як і дагэтуль!

Нявесткі на такі самы лад заспявалі.

У воласці Янук і Міхалка крыху касурыліся адзін на аднаго — вядома ж, пры дзяльбе. Стары Габрусь патрапіў усё ўладзіць як найлепей, і яны здаволеныя прыехалі дахаты. Вымералі вяроўкамі зямлю, паўбівалі калкі, раздзялілі будынкі, і ўсё пайшло, як на мазаных калёсах.

Ад першага дня пасля дзяльбы стары Габрусь сядзеў на прызбе ды люльку смактаў.

— Адпачываю! Першы раз за гэтулькі гадоў працы... Ой, як добра! — казаў ён, адчуўшы лёгкасць у касцях.

— Адпачываю! — тлумачыў ён суседзям.— Няма чаго валаводы валаводзіць, за плячамі сыноў магу цяпер адсапнуцца.

Але стары Габрусь, усё жыццё прывыкшы тупацца, не мог доўга выседзець без работы: нуда напала.

— Не, няможна гэтак! — тлумачыў ён сам сабе,— на адпачынак хопіць яшчэ часу! У-у-га-а! У магіле чалавек адпачывае незлічоныя гады... бясконца спіць... Жывому ж чалавеку трэ нешта рабіць... Вядома, не пайду я з сахой навыперадкі з сынамі, не стану пракосы ганяць з імі ў перагонкі, але баранаваць, сена грэбці — гэта рукам маім толькі на здароўе пойдзе!

І стары Габрусь зноў узяўся за работу. Павесялеў. Павесялелі разам з ім і яго сын Янук з жонкай...

Як бы там спачатку ні сыпаліся абяцанкі-цацанкі, што на старым бацьку і валасочка ніхто не зачэпіць, што старога бацьку на руках насіць будуць, але ўсё ж такі хутка пачалі скардзіцца: чалавек пальцам аб палец не ўдарыць, а калі што-небудзь робіць, дык як той верабей лапкай...

— Дармаед! — закралася таемная думка ў сына.

— Дармаед! — казала нявестка ціхутка па вёсцы.— Стары нічога не робіць, ды есць за пяць маладых!..

— Няма чаго валаводы валаводзіць, стары ўсё роўна як малы,— падумаў Габрусь, як узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трасці...

І Габрусь далей давай думаць:

— Чалавечае жыццё ўсё роўна як адзін паварот каляса: спіца знізу ўзнімаецца ўгару і зноў апускаецца ўніз. І квіта, дзядзька Мікіта. Было — і няма...

 

*

Далей-болей — і звыкся стары Габрусь са сваім повым становішчам — на «адпачынку» ў сыноў. Прывыклі і дзеці. Яны адчулі, што зрабіліся гаспадарамі. Хоць стары бацька яшчэ працаваў, як умеў, але яны пачалі пазіраць на яго, як на лішняга. Габрусь яшчэ пробаваў так-сяк адбрыквацца, але скора спазнаў, што не туды заехаў...

Сыны перасталі яго баяцца і паважаць, а нявесткі ў вочы «дармаедам» і «гультаём» называлі...

Прапала! Гэтак трэба! Відаць, іначай быць не можа!..

І пачалася шэрая, неспагадная, адзінокая старасць... Габрусь зноў адчуў, што змарыўся...

Змарылася сэрца старое... Змарыліся думкі... Старога Габруся пачала ўгнятаць незаслужаная крыўда ад дзяцей. Ён слабеў — штодзень болей і болей... Пачаў сам з сабою гаварыць, бурчэць. Злаваўся на ўвесь свет і сам на сябе...

Сыны адсылалі адзін да аднаго, як шкодную, непатрэбную рэч... перакідваліся ім, як дзіцячай качалкай.

Колькі разоў прыходзілася яму чуць ад сваіх азвярэлых нявестак: «Чаму стары гэткі жывушчы? Здаецца, пара ўжо на другі бок у дамавіне перавярнуцца...»

Стары Габрусь толькі трос лысай галавой...

 

*

Гэтак прайшлі два гады.

Крыўда ад сваіх хатніх штораз часцей спатыкала старога Габруся...

— Не магу гэтак! Не магу! — гаварыў ён сам з сабою,— няма чаго валаводы валаводзіць, дажыўся...

 

*

Усе ў хаце спалі, і ніхто не чуў, як дзед злез з печы, нацягнуў на ногі боты, світку, як насунуў вялікую зрэбную торбу на плечы, узяў кій у рукі, нешта пашаптаў на кут і выйшаў з хаты...

Будзь шчасліва, хатка мая родная! Кожнае бярвенца тваё хіліла мой крыж уніз... Састарылася ты разам са мной... Цябе яшчэ падправяць, падбудуюць, а мае старыя косці зараз зусім рассыплюцца!

— Будзь шчасліў, куток мой мілы, дзе жыў я з малых дзён!

— Бывайце здаровы, неспагадныя дзеткі мае! Я пайду ад вас...

— Ой, змарыўся тут! Няма чаго валаводы валаводзіць. Мо і сапраўды жыву подаўга, як тая старадрэвіна...

— Калі гэтак, дык пайду жабраваць... Добрыя людзі будуць карміць, адзяваць і дазволяць хоць на адну ночку галаву старую прытуліць... Затое будзе спакайней на душы. Яны ж людзі чужыя. На іх крыўдзіцца не стану.

Мутныя слёзы цяклі па яго твары. Ён адвярнуўся ў другі бок і пайшоў камяністай дарогай... Выціраў вочы цвёрдымі касцістымі рукамі, з якіх старадаўнія мазалі і не думалі сысці, да самых касцей уеліся.

Цемра глынула яго. І ён, як бы ўцякаючы ад ворага, сунуўся далей і далей...

— Умарыўся!.. Жыццё перажыць — не поле перайсці з сахой...

Стары Габрусь дабраўся да цёмнага борку і скора схаваўся паміж хваін...

 


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 100-104
Крыніца: скан