epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Умовы працы нашых пісьменнікаў

1. Нашы пісьменнікі не прафесіяналы, а аматары
2. Пісьменнікі-стыпендыяты
3. Пісьменнікі-«крэзы»
4. Наша крытыка
5. Дом пісьменнікаў
6. Наркамасветы павінен зацікавіцца


1. Нашы пісьменнікі не прафесіяналы, а аматары

Ад пісьменніка грамадства многа патрабуе: сувязь з масамі, яркае адлюстраванне жыцця рабочых і сялян, адхіленне ўпадніцтва, пралетарская ідэалогія на ўсе сто працэнтаў і г. д. і г. д.

Як бачым, намаганні самыя справядлівыя, самыя неабходныя. Але ці хто зацікавіўся ўмовамі працы пісьменнікаў? Ці ведаюць, пры якіх абставінах нашым пісьменнікам прыходзіцца тварыць? Думаю, што з гэтага боку мала хто дбаў і дбае.

Матэрыяльнае становішча беларускіх пісьменнікаў не дазваляе ім займацца выключна літаратурнай творчасцю. Літаратуры яны аддаюць той выпадковы вольны час, які застаецца ў іх пасля службы ва ўстанове. Яны аддаюць мастацкай творчасці той час, які звычайна служачы мае для адпачынку. Гэты «вольны час» пісьменнік выкарыстоўвае яшчэ для непасрэднай грамадскай працы (хаця пісьменніцтва само па сабе ёсць грамадская праца), для самаадукацыі, для чытання і г. д. Пісьменнік бярэцца за пяро змораны дзённай працай, ад чаго вельмі церпіць і якасць і колькасць яго творчасці.

У той час, калі рабочы мае свой варштат, калі вучоны мае добра абстаўлены кабінет, калі яму даюць камандзіроўкі ў розныя гарады СССР і за граніцу для збірання матэрыялаў для сваіх навуковых доследаў, — пісьменнік не мае ніякай магчымасці знаёміцца з жывой кнігай сучаснасці, не мае магчымасці вывучаць дасканала наша багатае мнагаграннае жыццё.

Калі можа бачыць наш пісьменнік вёску, абвостранае змаганне між бедняком і кулаком, узмацненне новага быту, сустрэчу паміж старым і новым?

Ці можа ён знаёміцца з працай калектыўных гаспадарак, з іх ростам?

Ці мае магчымасць наш пісьменнік, у якога няма вольнай хвіліны часу, знаёміцца з нашымі фабрыкамі і заводамі?

Ці ёсць з нашых пісьменнікаў хоць адзін, які добра ведае Беларусь, які абхадзіў, аб’ездзіў усе куткі нашай маладой рэспублікі?

Наш пісьменнік адарваны ад жыцця. Гэта праўда. Гэта факт. Ён карыстаецца ў творчасці толькі тымі запасамі, якія прынёс з вёскі некалькі год таму назад або ў кароткія часы адпачынку, калі ён меў магчымасць выехаць на дачу.

Пісьменнік збірае толькі тыя дробныя асколкі жыцця, якія мільгаюць часам перад яго вачыма, і, безумоўна, які матэрыял — такая і творчасць. Дзеля гэтага наша сучаснасць у творах пісьменніка выяўлена або з рэзка адмоўных бакоў, або праз меру дадатна, бо ён чэрпае свае веды ў большасці з газетных радкоў і выпадковых сустрэч з людзьмі.

 

 

2. Пісьменнікі-стыпендыяты

Ёсць у нас цэлы рад маладых пісьменнікаў, якія вучацца ў вузах і тэхнікумах па розных гарадах БССР і СССР. Яны з’яўляюцца ў некаторай меры шчаслівымі, бо маюць магчымасць вучыцца. Пісьменнікі часоў «Нашай нівы» гэтай магчымасці не мелі. Кіруючыся сацыяльным становішчам студэнтаў наогул, Савецкая ўлада дае стыпендыі ўсім. На пісьменнікаў у гэтым выпадку звернута спецыяльная ўвага. Як мне вядома, сёлета ў Наркамасветы было больш 40 заяў на стыпендыю ад студэнтаў-пісьменнікаў. Усяго было вызначана на ўсіх пісьменнікаў, якія вучацца па розных гарадах Саюза — 1.070 рублёў — г. зн. сума, якую атрымліваюць у месяц тры або часам два спецы. Каб дзяліць пораўні для ўсіх 40 пісьменнікаў вышэйпаказаную суму, дык на аднаго не выйшла б нават па 30 р.1, а 30 руб. атрымлівае звычайны стыпендыят БДУ і плюс к гэтаму яшчэ месца ў інтэрнаце. Дык вось, з’яўляецца пытанне: якую ж спецыяльную дапамогу маюць пісьменнікі-студэнты?

Калі пісьменнік-студэнт хоча па агульных асновах атрымаць стыпендыю, яму не даюць. «Вы, — кажуць яму, — пішаце. Можаце і так зарабляць».

У пісьменніка-студэнта вельмі прыкрае становішча і з іншага боку: калі ён, будучы студэнтам, мала займаецца пісьменніцкай творчасцю і аддае ўсю ўвагу вучобе, тады яго папракаюць, што дарма дастае стыпендыю. Баючыся, каб не знялі ў яго стыпендыі, ён стараецца як найбольш пісаць. Церпіць вучоба. Ён застаецца на другі год на тым самым курсе — і зноў у яго адбіраюць стыпендыю. Проста? «Тришкин кафтан».

 

 

1 Камісія па размеркаванні стыпендыі, у складзе якой былі прадстаўнікі ўсіх літаратурных груп, лічыла патрэбным некаторым больш выдатным пісьменнікам даць па 100 і па 80 руб., іншым па 40 р., а астатнім раілі хлапатаць аб стыпендыі на агульных асновах. — З. Б.

3. Пісьменнікі-«крэзы»

У нашага абыватальства чамусьці ўтварыўся такі погляд, што беларускія пісьменнікі надзвычайна багатыя, што дзяржава іх проста золатам абсыпае.

Мала хто з грамадства ведае, што пісьменнікі атрымліваюць вельмі малы ганарар: мала хто ведае, што гэты мізэрны ганарар у Беларускім дзяржаўным выдавецтве дзеляць на раты, што прыблізна да пачатку 1928 г. на гэтыя дробныя сумы пісьменніку прыходзілася хадзіць у выдавецтва па дзесяць раз, адстойваць у розных чыноўнікаў па некалькі гадзін, лаяцца з імі або льсціць, каб як-кольвечы дастаць некалькі рублёў. Вельмі часта пісьменніку чыталі ў выдавецтве лекцыі, каб ён не валэндаўся туды. Часта яго становішча там было проста жабрацкае.

Мала хто ведае, што за творы ў хрэстаматыях пісьменнік ніякага ганарару не дастае, тое самае і за пераклады яго твораў на іншыя мовы. Ніхто не ведае, што за другое выданне пісьменнік бярэ 50 прац. мізэрнага ганарару першага выдання. За кнігу ў 15 арк., над якой пісьменнік часам працуе некалькі гадоў, ён мае такі ганарар, што можа пражыць за яго толькі 3—4 месяцы і то толькі тады, калі ён атрымае гэту суму адразу, чаго ніколі не бывае.

А чамусьці лічаць пісьменнікаў багатымі людзьмі, амаль што не нэпманамі. Ніхто з пісьменнікаў не звярнуў увагі на такія плёткі, каб ад «крэзаўскага» свайго становішча ён не цярпеў бы маральна.

Я ведаю, напрыклад, шмат фактаў у гэтым выпадку: яшчэ ў 1923 годзе брат аднаго пісьменніка быў прыняты на рабфак, навучаўся там два месяцы. Раптам даведаліся, што ён брат вядомага беларускага пісьменніка — і яго зараз жа выкінулі з рабфака. Яго брат — пісьменнік у той час сам цярпеў голад і не мог утрымаць брата.

А вось выпадак з братам і сястрой другога вядомага беларускага пісьменніка. Яны паступілі вучыцца як дзеці бедняка-селяніна. Праз колькі месяцаў даведаліся, што такі-та пісьменнік з’яўляецца іх братам, і яны таксама пацярпелі: брата прымусілі ўносіць плату за вучобу і ён цэлы тыдзень не ходзіць на заняткі, яго выганяюць, пакуль не прынясе грошы, а ў сястры пісьменніка знялі стыпендыю.

Вось і трэці факт: брат беларускага пісьменніка вярнуўся з Чырвонай Арміі. Ён па сённяшні дзень не можа дастаць працы з тае прычыны, што ён брат пісьменніка — «брат дапаможа, без службы пражыве»1.

Няўжо ж гэта не здзек з годнасці пісьменніка. Яго лічаць не то кулаком, не то нэпманам, не то сацыяльна шкодным элементам...

Яго сваякі праклінаюць яго — ён перад імі зрабіў сваёй пісьменніцкай працай злачынства, бо ім дзеля яго «ганебнай» прафесіі нідзе прыступу няма.

 

 

1 Аб усіх вызначаных фактах магу даць спраўкі тым асобам, якія потым пацікавяцца.

4. Наша крытыка

Выступіць пісьменніку з новым творам тое самае, што голым праскочыць па люднай вуліцы. Здараюцца выпадкі, калі ў друку лаялі яго яшчэ ненапісаны твор... Нідзе ні ў якім іншым цэху так дрэнна між сабою не жывуць, як нашы літаратурныя групы. Калі б хто зацікавіўся скласці слоўнік выразаў некаторых крытыкаў, дык там знойдзецца багаты працэнт такіх брыдкіх лаянак, што дзіва бярэ, як яны праскочылі ў друк. Калі спыніліся ў апошнія часы лаянкі, дык пачаліся інтрыгі. Ціхачом. Вось факт: адзін крытык даведаўся, што мая аповесць «Салавей» мае друкавацца ў Ленінградзе на расійскай мове. Паехаўшы туды па камандзіроўцы Інбелкульта, гэты крытык рабіў захады, каб затрымаць друк кніжкі. Ёсць і многія іншыя факты, што газетны артыкул не дазваляе спыняцца на іх1.

Здаровай крытыкі ў нас пакуль што няма. Ёсць крытыка групавога характару. Кожны групавы крытык бачыць у членах сваёй групы выключна пралетарскую ідэалогію, а ў іншых — буржуазную. Такога характару крытыкі толькі прыносяць шкоду нашай літаратуры.

Усялякія такія неспрыяючыя ўмовы для працы пісьменніка з’яўляюцца адной з важных прычын упадніцтва некаторых маладых паэтаў, якія яшчэ не загартаваны жыццём. Але аб упадніцтве трэба пагаварыць у спецыяльным артыкуле.

 

 

1 Фактаў надзвычайна многа. Занатавана ў мяне некалькі дзесяткаў.

5. Дом пісьменнікаў

Усе нашы пісьменнікі ўжо другі год мараць аб Доме пісьменнікаў. На гэты Дом накладаюць вялікія надзеі. Калі гэты Дом не паслужыць справе сувязі пісьменніка з масамі, дык, прынамсі, паслужыць сувязі пісьменніка з пісьменнікам, бо, дзякуючы некаторым крытыкам і шкодніцтвам у адносінах пісьменніка да пісьменніка, некаторыя нават не вітаюцца між сабою, зрабіліся адзін аднаму заядлымі ворагамі, што вельмі дзіка ў нашыя часы.

Нарэшце пісьменнікі атрымалі Дом. Часовая камісія прыняла яго, мяркуючы адрамантаваць і адчыніць яго да дзесяцігадовага юбілею БССР. Але... акруговы інжынер, агледзеўшы дом, прызнаў яго немагчымым для якога б там ні было карыстання: дом мае многа шчылін у сценах, трымаецца на падпорах, а падвальная частка развальваецца зусім. Пісьменнікі ўпэўнены, што ім дадуць іншы Дом. Толькі пакуль што...

 

 

6. Наркамасветы павінен зацікавіцца

Вельмі патрэбна, каб у чытанні аб умовах працы і паляпшэнні быту нашых пісьменнікаў выказваліся на старонках друку як самі пісьменнікі, таксама і ўсё наша грамадства.

У першую чаргу гэтай справай павінен зацікавіцца Наркамасветы. Ён павінен вывучыць быт нашых пісьменнікаў і рабіць паводле гэтага пэўныя вывады і пастановы.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 464-468
Крыніца: скан