epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Вялікі пост

— І, дадаўшы, браце, чалавеку зусім мала трэба! — сказаў стары Лявон глухаватаму Сцёпку.

— Га-а? — пытаўся Сцёпка.

— Чалавеку зу-сім ма-ла трэ-эб-а-а! — крапчэй паўтарыў яму Лявон.— От! Кавалачак хлеба, крыху солі, і до!

— Што ж ты, браце?! — з усмешкай здзівіўся Сцёпка.— Занадта ты ўжо пераліваеш з пустога ды ў парожняе!..

Сцёпка і Лявон былі жабракамі. Сцёпка гэткім радзіўся, Лявон гэткім зрабіўся. Сцёпка, як большая частка жабракоў, быў чалавекам вельмі прагавітым, ніякага стыда не меў, кланяючыся пад вокнамі ды ў дзвярах. Часам, калі яму не далі або, калі што далі, не падабалася, дык ён лаяўся, і гэткім тонам, быццам даўгі спаганяў. Лявон толькі пару гадоў як жабраком зрабіўся. Гэта было тады, як яго сына на вайну забралі і ён там загінуў. Бацька стары, адзін астаўшыся, зарабляць ужо не мог, бо выгараваўся за ўвесь свой век і зусім аслабеў.

Тарас Канцавы, каторы лічыў Лявона за нейкага сваяка, пазволіў яму жыць у сваёй лазні, каторая стаяла ў канцы гарода.

Па хатах Лявон жабраваць не хадзіў і торбамі нават пе абзапасіўся, не ляніўся ён, але скарэй памёр бы з голаду, чым пад чужымі вокнамі хлеба прасіць...

Затое вясковыя кабеты часам самі прыносілі яму і страву, і хлеб. Праўда, горкі гэта быў хлеб для Лявона, але што зробіш: трэба жыць!..

Прасіў ён шчыра смерці ў бога, але душа як наўмысна трымалася ў целе, быццам той корч па дзірване. Стараўся ён толькі чым меней ужываць людской помачы, і гэтак чакаў ён раніцай вечара, а вечарам раніцы...

Хаця канкурэнты, нават і ў жабрацтве, унікаюць адзін другога, але Сцёпка, пераканаўшыся, што Лявон яму не вялікі канкурэнт і падносак, можна сказаць, не падбівае, бо зусім мала хлеба псуе, то нават і любіў час ад часу зайсціся да Лявона ў лазню. Ён сабе тут адпачываў, нацягаўшыся па акалічных вёсках, і, як паважаны гаспадар, раскладаў свае торбы і шчыра смяяўся над «святым дурачком» Лявонам, за тое, што той пастаянна маліўся.

Праўда, маліўся Лявон болей, чым карміўся. Тыя нямногія малітвы, каторыя ён знаў, шчыра паўтараў мо па сто разоў у дзень...

Штотыдзень Лявон, з нейкай ціхай радасцю ў вачах, хваліўся Сцёпку сваімі адкрыццямі:

— Братачка! Я дазнаў, што можна толькі адным хлебам жыць без жыдкай стравы...

— Братачка! Я дазнаў, што можна жыць еўшы адзіп раз у два, а нават у тры дні...— хваліўся ён, як малое дзіцянё.

— А ўсё ж менш чужога ўжываеш! — уздыхнуўшы глыбока, заўсёды ён канчаў пасля гэткіх разгавораў.

Сцёпка толькі смяяўся ў рукаў.

Дайшло гэта ў Лявона да нейкай асобнай кемнасці, зрабіўся як непрытомны, разгарачаны. Увесь высах, як шчэпка; яшчэ болей пабялелі яго белыя валасы, яшчэ болей ускалмаціліся, яшчэ болей падаўжэлі. У бліскучых вачах пылаў таемны агонь здаволення і асалоды ад заўсёдашніх адкрыццяў і ад цікавасці яшчэ больш адкрыць...

Жадаў ён знайсці спосаб, каб зусім не трэба было есці...

«Эт! — думаў ён.— Жыў бы я тады адзін-адным, без ніякай людской помачы, вады бы толькі сабе не шкадаваў, што ж, гэтай стравы лёгка дастаць!..» — І яшчэ болей заблішчэлі яго вочы.

 

*

Вялікая сіла ў вачах; у іх, як у люстры, адбіваецца душа і думкі чалавека, у іх ёсць нейкая асобная гутарка, асобная ўлада, каторай яны заваражываюць другіх... За іх у часе кахання ідзе чалавек на смерць, дабіваючыся свайго жадання. Зразумела, што чым душа чалавека мацней, тым мацней гіпноз вачэй яго. Кажуць, жылі калісь у пустыні такія святыя, каторыя сваімі вачамі лютых звяроў абваражвалі...

 

*

Бабы, каторыя захадзілі праведаць Лявона, пачалі гаварыць, што ён святы:

— Нічога не есць, а заўсёды моліцца, і неяк дзіўна вочы яго пазіраюць!..

І з усіх акалічных вёсак пасыпаліся да яго хворыя людзі, розныя калекі і прасілі, каб ён за іх маліўся, а ён з ахвотай за ўсіх богу маліўся.

— Больш за ўсё ад нячыстай сілы памагае! — гаварылі з верай вясковыя людзі. Яны не ведалі, што гэта памагала шчырая вера.

Прыйшоў вялікі пост. Тут пачуўся Лявон не князем, не царом, але вышэй іх... Тут ужо сам бог казаў, што пасціць трэба. І пазіраў ён па ўсіх людзей, каторыя пастоў баяліся, не як на грэшных, але як на вельмі нешчаслівых, далёкіх ад раю і бога; хутчэй лічыў ён сябе грэшнікам за тое, што не мог ім вытлумачыць сэнс гэтай вялікай рэчы... Сам ён цэлымі днямі нават не піў... Шчаслівейшага чалавека ад Лявона ў гэты час, бадай, ці можна было знайсці на зямлі.

Ого! — без людской помачы абыходзіўся ўжо са два тыдні! Жыў ён толькі адной вадой.

Яшчэ болей загаварылі аб ім у вёсцы. Некаторыя вясковыя бабы бажыліся, што бачылі ўначы, як над самай лазняй блішчэла вялікая зорка. Расказвалі, што на вясну мае выйсці аднекуль многагаловы змей, каб людзей глуміць, і што Лявон прызначан ад бога, каб забіць таго змея. Усе чакалі дзіўных і страшных здарэнняў, звязанных з святым жыццём Лявона, і слава яго расходзілася. Адбою не было ад людзей, што ішлі да святога. Ажно Лявон і сам пачаў верыць сабе.

«Што ж,— думаў ён,— не мая, а божа моц!..»

Але пачаў ён неяк слабець, ужо чуць-чуць краталіся яго вусны, як ён маліўся. І ён такі болей думаў малітвы свае, чым гаварыў іх. Малітвы яго цяпер былі зусім іншыя, як тыя, што людзі маліліся заўсёды і як ён сам дагэтуль маліўся.

«Што ж,— думаў ён,— тое, што ў сэрцы маім, мне трэба казаць богу, а не тое незразумелае, як мяне людзі навучылі...»

З палочка свайго ён ужо не мог злезці, хоць і хацелася яму, бо быў у апошнім адкрыцці сваім: ён пераканаўся, што можна абысціся зусім без яды. І ў грудзях весялілася сэрца яго, і незямным шчасцем блішчэлі яго вочы.

— Можна будзе жыць зусім без людской помачы!..

А ў воласці загаварылі аб ім і так, і гэтак, — людзі сыпяць да яго, як пчолы да мёду.

— Ці не сацыяліст? — усхапіўся пісар.

— Дальбог, сацыяліст! — грымнуў сябе старанна і стукнуў пальцам у лоб.

Дзынь-дзынь-дзынь... пачулі ў вёсцы, і не так дзівіліся, як перапужаліся, убачыўшы сваё начальства.

— Падаткі, даўгі спаганяць якія? Скулле іх ведае!...

А начальства праехала вёску і проста да лазні ідзе.

Увайшлі. Убачылі: ляжыць на саломе, на закураным палочку, белы, ссохшы на шчэпку чалавек... Здаецца, спіць, бо мухі абляпілі ўвесь твар і ён не чуе, а здаецца, не спіць, бо вочы неяк шырока расплюснуты і быццам усміхаюцца...

— Гэй! — крыкнуў пісар,— уставай!

— Гэй! — крыкнуў старшына,— уста-а-ва-ай!

Не зварухнуўся.

Падышлі бліжэй, і адзін з іх схапіў у ахапку старца і адскочыў, бо ў руках яго затросся сцюдзёны, як лёд, труп Лявона...

Шчаслівая ўсмешка асталася на твары яго, відаць, у часе ціхага канання радаваўся ён, што пасля свайго апошняга адкрыцця яму ўжо болей не трэба будзе людской помачы чакаць...


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 68-71
Крыніца: скан