epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Воўк

Марозлівае паветра пахла ап’яняючай свежасцю. Было надзвычайна прыемна і лёгка ў грудзях. Ноч, асвечаная сняжыстымі далямі абшырных лагчын, прыслухоўвалася да лёгкага шастання палазоў, да глухога тупання капыт па пушыстым гасцінцы. Кацярынінскія прысады, абрызганыя сівой шэранню, стаялі абапал тракту, як два шэрагі мармуровых багінь, і чым шыбчэй фурман гнаў каня, тым шыбчэй прысады нясліся нам насустрач.

Мне трэба было ехаць вёрст восемдзесят побач з беларуска-польскай граніцай, якую агібаў гасцінец няправільнай, ломанай лініяй. Фурманка здарылася мне выпадковая з адным пагранічным жыхаром, які ехаў дамоў. Ёп ахвотна ўзяў мяне з Мінска. Мала гэтага — даў мне на дарогу вялізарную дарагую футру, а ногі сам укруціў мне ў новае дамскае каракулевае паліто, зараней абсыпаўшы, яго снегам, каб выглядала, як старая вопратка.

Я спачатку здзівіўся яго далікатнасці, але хутка зразумеў, у чым тут справа: гэтыя футры яму трэба было адправіць за граніцу. У валёнкі ён мне напакаваў некалькі стопак залатых манет, гладка абверчаных паперкамі. Сам ён быў напакованы і абкручаны футрамі яшчэ болей грузна, чым я.

Гэта быў чалавек гадоў пад трыццаць. Вёрткі, энергічны і рупны. Нягледзячы на тое, што вечна недасыпаў, ездзіў па начах, ён быў поўны і ружовы — толькі вочы былі як бы трохі прыпухшыя і чырвоныя, у іх ззяў аганёк надзвычайнай прагнасці. Спачатку мы ехалі моўчкі, ціха паглядаючы фурману ў шырокія плечы, абцянутыя жоўтым свежапахучым кажухом. Мой сусед час ад часу пільна ўглядаўся па баках, ці не едзе пагранічны пост. Часам загадваў фурману зварачаць у бок ад дарогі і ехаць хутчэй. Наогул, ён увесь час трымаў вуха востра.

Яго трывога як бы праз электрычны ток перадавалася і мне. Ад непрывычкі я трывожыўся яшчэ болей за яго і пачаў па-ягонаму падазрона ўглядацца ўдаль і пільна прыслухоўвацца.

— Што, боязна? — запытаўся ён у мяне ціха.— Адразу відаць, што чалавек не прывык. А я — дык прайшоў добрую школу.

— Я і прывыкаць не хачу. Люблю спакойнае жыццё.

— Хэ-хэ-хэ, спакойнае жыццё. Спакойна жывуць толькі хатнія жывёлы. Вы можаце так хоць дваццаць гадоў быць савецкім служачым, жыць спакойна і перабівацца з піва на квас. Хэ-хэ-хэ!

У яго кароткім хрыпаватым смяшку я пачуў едкую кпінку па майму адрасу, гордасць і веданне сабе цаны.

— Жыць на свеце трэба ўмець заўсёды, тым болей у апошнія гады,— пачаў мой сусед спакойным тонам практычнага настаўніка.

Яго голас, прафільтраваны праз два цёплыя пушыстыя каўняры, якія пакрывалі яму і ніжнюю часць твару, выходзіў трохі прыдушаным, замагільным. Здавалася, што гэта строгая Сібілла кажа адвечныя словы праўды.

— Так. Жыць на свеце трэба ўмець. Трэба быць сільным і смела змагацца за сваё існаванне. За гэтае існаванне змагаюцца народы, змагаюцца класы. У працэсе змагання падаюць, як мухі, мільёны людзей. Зямля абліваецца патокамі чалавечай крыві, сушыцца пажарамі.

Мой сусед адхіліў свае пушыстыя каўняры, і яго голас прыняў металічны водгук. Словы, здаецца, застывалі ў марозлівым паветры, удараліся, як шрот, аб шырокія плечы фурмана, аб круглы крыж высокага каня.

Я ціха прыслухоўваўся да яго гутаркі.

— Жыць, баценька, кожнаму хочацца. Кожны шукае крыніцу жыцця па-свойму. Дзе схавана, па-вашаму, крыніца жыцця, дзе?

Ён выставіў на мяне пару вуглёвых воўчых вачэй, якія смагла ўпіліся ў мае вочы.

Мне зрабілася жудасна ад яго ўспалёных зрэнак.

— Крыніца жыцця, як зачараваная царэўна, захавана ў жоўтым метале — у золаце. За золата купіш сябе ўсе прыемнасці ў жыцці — і гонар, і пашану, і пекных кабет, і, нават, найлепшыя чалавечыя ідэі. «Усё дастанеш за золата»,— казаў ён, урачыста адчаканьваючы кожнае слова.

Я выставіў на яго здзіўленыя вочы. Ён гэта прымеціў.

— Дзівіцца тут няма чаго. Дзівяцца толькі дзеці і дарослыя людзі, падобныя да дзяцей. Золата — гэта ўсё. За золата я магу ўвесь свет купіць.

Мой сусед зняў рукавіцы, пачаў размахваць рукамі і горача гаварыць.

— Як герой, як рыцар, я змагаўся за здабыванне золата ад малых гадоў. Да нічога іншага ў мяне не было столькі замілавання і пашаны, як да золата. Усе думкі мае былі заняты толькі адной ідэяй; узбагацець.

— Высокая ідэя,— сказаў я з іроніяй.

— Смейся, паяц,— буркнуў ён злосна.— А што такое ўсе ідэі, як не паляпшэнне чалавечага дабрабыту? А паляпшэнне дабрабыту можа быць толькі праз золата. Вось вам і зачараваны круг.

— Не праз золата, а праз разумную працу. Калі не будзе працы, дык чалавек спухне з голаду, маючы перад сабою горы золата. Савецкая ўлада і дамагаецца знішчыць каштоўнасць золата, знішчыць эксплуататараў.

— Хэ-хэ-хэ, і за гэта аддае свае сілы, каб некалі ўнукам добра жылося. А я хачу жыць не для ўнукаў, а для сябе. Жыццё нашае кароткае, а на будучыню мне напляваць.

І мой сусед сапраўды плюнуў убок звонка і шчыра.

— Каб заўсёды людзі так плявалі на будучыню, дык мы б усе і па сягонняшні дзень дзікарамі засталіся, у звярынай шэрсці,— сказаў я.

— Ну і засталіся б. А што, мы цяпер не дзікары? Мы жывём тымі самымі інстынктамі, як першабытныя людзі; чуць што, дык літаральна зубамі грызём адзін аднаго. Я так і гляджу на сябе, як на звера, як на ваўка, напрыклад. Во, грыз бы ўсіх, хто папаўся б мне між клыкоў. Закон жыцця, баценька!

Ён так на мяне зірнуў, ажно мне здалося, што побач са мною сядзіць воўк, які перакінуўся ў чалавечы вобраз.

Мы ўехалі ў лес. Сосны стаялі моўчкі, як зачарованыя. Здалёку пачулася жудасна-смутнае выццё галодных ваўкоў.

— Лёгкія на ўспамін,— засмяяўся мой сусед.— Толькі не бойцеся іх. Яны мне не першыня.

Конь вастрыў вушамі і нёсся з усёй сілы, кідаючы ў санкі снег капытамі, як лапатамі ўсё роўна. Бухнуў выстрал, які пошчакам аддаваўся з усіх бакоў. Дзесьці ў блізкім хутары забрахалі сабакі.

Мой сусед пачаў спыненую гутарку:

— Трэба сказаць, што я свайму богу-золату служыў і верай і праўдай. Раней, з пачатку вайны, я вазіў гарэлку на фронт цэлымі вазамі. Потым, пры розных акупацыях, купляў крадзеныя рэчы і вось сваёй гэтай рукой забіваў людзей, якія стаялі мне на дарозе.

Я ўздрыгануўся і скоса зірнуў на свайго суседаваўка.

— Нічога ў гэтым страшнага няма. Я змагаўся за сваю ідэю. Два гады таму назад я перапраўляў з Савецкай Беларусі ў Польшчу крадзеных коней цэлымі табунамі. Можа, памятаеце, як тады сярод белага дня ў сялян коней на дарозе адбіралі. Гэта мае агенты працавалі.

— Не гаварыце мне нічога, не расказвайце! — узмаліўся я.

— Хэ-хэ-хэ! Я вас не баюся. Вы мне нічога не зробіце. Можаце тысячу разоў перадаваць аб гэтым уладзе — яна са мною нічога не зробіць.

Чалавек гаварыў з такой пэўнасцю і так жудасна-мякка, што ў мяне ад яго шчырасці язык анямеў.

— А цяпер, баценька, я ўжо два гады займаюся кантрабандай. Займаюся тэй прафесіяй, якую так ганіць Савецкая ўлада, за якую вельмі строга карае, за якую і вы глядзіце на мяне, як на праўдзівага ваўка. Хэ-хэ-хэ! Каб вы мелі столькі багацця, сколькі пераплыло праз мае рукі, вы б глядзелі на справы так, як я. Вы самі жадаеце мець гэтае багацце. Нашто? Ну, каб павандраваць па свеце, пажыць лепей, выкарыстаць сваё кароткае жыццё для сябе, а не для іншых, як вы нібыта робіце. Вось, каб багацце вам пасыпалася з неба гатовенькае, вы б падставілі рукі, а як самому здабываць, дык у вас ні спрыту, ні адвагі на гэта няма. Вось у чым уся розніца паміж вамі і мною. Я, баценька, проста дабіваюся сваіх мэт, а вы ідзіцё ваколічнымі пуцявінкамі і дарожкамі.

Пры гэтым ён моцна пахлопаў мяне рукой па плячах і дружна абняў аднэй рукой.

Праз дзве футры я пачуў яго руку на сваіх плячах, нібы гідкая змяя датыркнулася да мяне.

Я сцяў зубы і маўчаў, думаючы, як вызваліцца ад яго дарагіх футраў, ад яго жмутаў золата, якія ляжалі ў маіх валёнках, і ад яго самога. Вось і паквапіўся на дармовую фурманку. Цяпер хоць кінь усё ды пехатой уцякай. Удзень я б гэта зрабіў, але ў глухую ноч, на марозе...

І я адчуваў сябе як бы ў палоне гэтага чалавека-ваўка. Прытым воля мая раптам пачала слабець. Я пачаў паддавацца яго чарам. Я пачаў яму зайздросціць, што ў яго такі добры конь і столькі багацця, што ён можа рабіць тое, што ўздумае.

Як бы ў адказ на мае думкі ён пачаў мне гаварыць далей:

— Цяпер я маю за граніцай, у Вільні, дзве камяніцы, тут наладзіў вялікі паравы млын, маю магазін у Мінску і думаю хутка ладзіць фабрыку ў Маскве. Гэта ад тых драбніц, якія ў мяне засталіся. Рэшту ўсю — у дзесяць разоў болей — у мяне адбіралі пагранічныя пасты. На Мінск мне дарога зачынена, але я іншым шляхам выпраўляю кантрабанду на Маскву і Ленінград. Я сам за гэты час выездзіў усю Расію, пабываў у лепшых тэатрах. Дзяўчатам у гасцініцах плаціў па сто, па дзвесце рублёў золатам за ноч. Нават нявесту купіў сабе за золата — вучыцца ў Маскоўскім універсітэце.

Тут ён звонка прыцмокнуў языком.

Пры гэтай гутарцы мы не прымецілі, як збоку, з зямлянкі ля дарогі, выскачылі тры чырвонаармейцы з вінтоўкамі.

— Стой! — крыкнуў адзін з іх.

Фурман моцна пагнаў каня, але насустрач паказаліся яшчэ два чырвонаармейцы. Адзін з іх выстраліў, і фурман прыпыніў каня.

Воўк папаўся ў пастку. Прапала ўся яго адвага. Чырвонаармейцы былі непадкупнымі.

Пакуль нас абшукалі, агледзелі з усіх бакоў, настала раніца. Чырвонаармейцы доўга мацалі вопраткі майго суседа і знаходзілі зашытымі шмат дарагіх каменняў.

Хоць я разумеў, што сам буду мець шмат непрыемнасцей, пакуль выясніцца справа, але лёгка мне зрабілася на душы.

Ярка-чырвоны ўсход афарбаваў аснежаныя абшары і бела-пушыстыя гаёчкі ў квола-ружовы колер. Мы ехалі пад канвоем назад у Мінск. Мой сусед сядзеў ціха і толькі зубамі скрыгатаў, як прыстрэленая звярына.

Мы ехалі праз вёскі, і людзі нас сустракалі з кпінкамі ды з крыкамі:

«Цю-га-а-а! Цю-га-а-а!»

 


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 208-213
Крыніца: скан