epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Злодзей

Невядома было, ці ўжо зайшло сонца ці не, бо густыя хмары агарнулі ўсё неба, і цемра абхапіла абшар палёў пад касагорам.

Была нейкая парнасць, як перад дажджом. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Людзі са спешкай вазілі на гумны жыта з поля.

Чутно было, як на азяродах гаманілі ды крычалі: «вышэй падавалку!» або — «сноп развязаўся, каб цябе-е!» ці «не варонь там, падла здохлая!»

У Кастуся не паспелі звезці ў гумно ўсё жыта, і на полі асталося некалькі дзесяткаў мэндлікаў.

Кастусь рана павячэраў і пайшоў на поле, лёг пад касагорам і давай пыпкаць люльку.

Доўга пазіраў ён на вогнішча начлежнікаў, якое свяцілася з блізкай пасекі.

— Заснуць не даюць, каб яны папруцянелі, каб яны! — буркнуў Кастусь і перавярнуўся на другі бок.

А песні сапраўды сыпаліся з усіх бакоў, з дарогі, дзе жнеі ішлі з дажынак, з панскага фальварка, з пасекі, дзе былі начлежнікі, а з вёскі яшчэ ў прыдатак гармонік і жалейка...

Круціўся, вярцеўся Кастусь і не мог заснуць.

— Хоць ты тут лопні — усё роўна не заснеш! — зазлаваўся ён і плюнуў, абціраючы цыбук палоіі кажуха, і тым самым часам раздумваў: «Што ж, хай пяюць: яшчэ нават лепей, а можа, якраз на безгалоўе накруціцца хто снапы красці, а я буду спаць. Мала іх ёсць у нашай вёсцы, гэтых лайдакоў, абарванцаў, як, напрыклад, «Ліканор, каб яго зямля не насіла, каб яго!»

Кастусь прысеў, апіраючыся аб вялікую крушню каменняў, што была каля мяжы. Хоць цёпла было, але дзеля таго ж раса прабрала яго, і ён шчырэй абкруціў грудзі залапленым кажухом.

Яшчэ больш пацямнела, але затое ясней малявалася далёкае вогнішча. Парнасць, быццам з печы, сыпалася на ўвесь абшар сярод летняй ночы.

Нячутна было ўжо скрыпу вазоў, ні воклічу на гуменцах, але затое яшчэ зычней раздаваліся песні, смехі і жарты ва ўсёй ваколіцы.

— Чорт іх ведае,— дзіваваўся Кастусь,— цалюсенькі гэтакі дзень працавалі і цяперака яшчэ розная дур у галаве ім!

Але, цмокнуўшы разоў пяток свой цыбук, ён растлумачыў сабе, што — «няхай!»...

— Вось і птушкі пяюць, і рыба гуляе, і конікі вясёла скачуць, няхай сабе людзі вытвараюць нешта падобнае да гэтага! Відаць, ім патрэбна пяяць — вось і пяюць.

Не паспеў ён дакончыць сваіх думак, ды склеіць іх у адно складнае цэлае, як нехта ў блізкім высокім бульбоўніку шаснуў, крадучыся да мэндлікаў.

Бачыць Кастусь здалёк, маўчыць, чакае. Той накінуўся па снапы — і давай сярпом спрытна абразаць каласы ды сыпаць у мяшок. Насыпаў поўны мех і давай памалу, спакойна, быццам у сваім свірне, закідаць па плечы.

Кастусь падскочыў да яго, схапіў моцна за каўнер і крыкнуў грамавым голасам:

— Сто-ой!

— А бра-а-тачка! — праенчыў злодзей, стаўшы на месцы, як слуп. Мех адваліўся на бок.

Па голасу Кастусь пазнаў Ліканора, суседа свайго.

— Дык вунь якія рабункі робіш? Не спадзяваўся я ад блізкага суседа гэтага,— з крыўдай у голасе прагаварыў Кастусь і спакойна ўзяўся выкрасаць агонь.

Ліканор стаяў абалвянелы і не думаў уцякаць.

Жыў ён кутам на канцы вёскі ў вельмі старой хаце, якая ўехала ў зямлю, а з усіх бакоў падтрымлівалі яе рознафасонныя падпоры. Меў ён пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай, набіты дурань, здароўе мае за пяцёх быкоў, а не можа ні капейкі зарабіць. Вот вычысціць калі комін у Мэндэля, звяжа яму некалькі венікаў, і той з ласкі сваёй дасць фунт хлеба.

Кастусь выкрасаў агонь, затуманіў люльку і з цікавасцю спакойна пазіраў на Ліканора.

Ліканор таксама быў спакоен, але не цікавіўся глядзець на Кастуся, толькі чухаў кудлатую патыліцу ад турботы: гэткая няўдача выпала на яго долю...

— Ліканор! — казаў Кастусь.

Ліканор, відаць, нешта глыбокае і цікавае раздумваў, бо не чуў, што да яго кажуць.

— Ліканор! — крапчэй крыкнуў Кастусь.

— Гэ! — адазваўся Ліканор.

— Эх, эх! Як табе не сорамна: гэткі здаравенны мужчына і не хочаш справядліва хлеб сабе зарабляць! Эх, Ліканор! Дзіва мне, чаму твая баба табе дагэтуль рэбры не пераламала: гэткі здаравяка! Якое сумленне ў цябе?

Ліканор нічога не адказаў і давай азірацца асалавелымі вачамі на свае велізарныя лапы, на ўсю дубовую сваю фігуру і, здаецца, сам дзівіўся, чаму не зарабляе справядліва на хлеб.

Кастусь пачаў з яшчэ большай ахвотай сыпаць словы, любаваўся ўласным голасам:

— А ты б пайшоў на падзённую ў двор, да купцоў у лес або так на заработкі якія — і сям’я твая не галадала б і сам сыт быў бы. Нябось красці то трапляеш, на гэта табе даў бог розум!

— Каб жа ж...— марматнуў пад нос Ліканор і зноў замоўк. Павесіў рукі і стаяў нязграбна, як страшыдла, што курэй пужае з аўса.

— Што «каб жа ж»? — ухапіўся Кастусь за гэтыя словы, як за нешта цікавае,— што «каб жа ж», га? Во, загаварыў-ткі, загаварыў, дундыль маляваны!

Ліканор усміхаўся ды так расчыніў тоўстыя губы, нібы хацеў праглынуць усю ваколіцу.

— Гавары, гавары, што «каб жа ж»? — зноў пытаўся горача Кастусь.

— Гам-м-м, каб жа я меў розум, як красці, дык ты б пе злавіў мяне, казаў той!

Ліканор, ажывіўшыся на момант, змоўк, і зноў дубовым зрабіўся.

— І-і-і-ш, каб цябе трасца! — загрымеў ва ўсё горла Кастусь.— Красці то ты ахвотнік! На гэта не лянішся! Ды вось я цябе навучу, як трэба быць злодзеем!

Ён плюнуў тры разы ў свой касцісты кулак, у прыдатак, дзеля ёмкасці, крыкнуў «гэ-э-э-э!» і замахнуўся над тварам Ліканора.

Ліканор выкруціўся з-пад яго кулака і, як малое дзіця, праенчыў:

— А бра-а-тачка...

Голас быў такі жаласны, што Кастусь стрымаўся.

— Ну, дык не будзеш болей красці?

«Ліканор маўчаў. Выглядаў вялізарнай гнілой бручкай.

— Ліканор!

— Гэ-э-э!

— Не будзеш красці? Абяцаеш мне?

— Не! — ціха адказаў Ліканор і пачаў зяваць: надаела прыкрая гутарка.

— Што «не»? — зноў падхапіў Кастусь.

— Не... не абяцаю, казаў той! — буркнуў пад нос Ліканор.

—Га-га-га!

Кастусь не вытрываў, зарагатаў ад гэткай Ліканоравай шчырасці. «Го! го! го!» — адклікнуўся нехта з бору і з блізкай пусткі.

— Дык, значыць, будзеш красці?!

— М-мгу! — заківаў Ліканор галавой і парухавеў, убачыўшы вясёласць Кастуся.

— А што будзе, калі я другі раз злаўлю цябе ды звязанага пацягну ў воласць?

— А, братачка, не зловіш, як бы то... буду асцярожна красці!

Кастусь яшчэ крапчэй зарагатаў. Яшчэ гучней раздалося па лесе і пустцы «го! го! го!».

Ліканор аглянуўся раз, другі, спрытна схапіў мех, закінуў лёгка на плечы — і давай ходу.

— Ах ты, шэльма! — не надта злосна крыкнуў Кастусь ды перагарадзіў яму дарогу.

— А, братачка! — зноў жаласна заенчыў Ліканор.— Нешта ёкнула ў сэрцы Кастуся, ён успомніў высахшую, заўсёды галодную Ліканорыху і абарваных дзетак.

— Бяры, няхай цябе чэрці бяруць! Але абяцаеш мне, прынамсі, што другі раз у мяне не будзеш красці?

— Не! — цвёрда адказаў Ліканор.

— Што не?

— Не абяцаю! — адказаў Ліканор, махаючы галавой ад аднаго пляча да другога, і крануў аднэй нагой, каб ісці.

— Стой! Стой! — затрымаў яго зноў Кастусь.— Памятай, калі злаўлю другі раз, то ўжо жывога не выпушчу!

— Эт...— адказаў коратка Ліканор з нейкай пэўнасцю і, лёгка перакінуўшы мех з правага пляча на левае, пайшоў.

Кастусь выняў капшук і давай напіхаць люльку. Тым часам неба выяснілася. Месяц быў гэткі ясны, што нават здалёк можна было ўгледзіць, як па дарозе шпарка ішоў Ліканор з вялікім мехам на плячах. На мяжы кратаўся побач яго доўгі цень.

— Ды няхай яго трасца, гэтакага... Які ён акуратны, не фальшывы чалавек! — сказаў Кастусь, шчыра плюнуўшы пасля таго, як зноў затуманіў сваю люльку. Ён лёг над крушняй з нейкай лёгкасцю на душы.


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 64-68
Крыніца: скан