epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Злосць

Сымон лічыўся найбольшым бедаком у вёсцы. Дзе калі якое гора павернецца, заўсёды трапіць па Сымона: то бык нагу выкруціў, то пуня згарэла, то бульба пагніла, то тое, то сёе, яго ніякая кара з неба ніколі не міне.

Зрабіўся Сымон чарней чарназёму: ходзіць пануры, як воўк у чыстым полі, і толькі шукае на кім злосць спагнаць...

Быццам вужаку, носіць ён у грудзях вялікую, страшэнную злосць. Яна, як порах, паліць яго, варушыць вострымі калючкамі ўнутры і супакою не дае.

У яго памутнелых ад бясплоднай працы мазгах кратаюцца цяжкія, як шрот, думкі:

— Абабраў, аграбіў мяне нехта... Нейкае ліха мне жыць не дае... Ты на гару, а чорт за нагу...

І не канчае ён, бо страшэнная злосць душыць горла, вочы туманяцца і наліваюцца крывёй...

— Хто ачмуціў мяне? Хто абкруціў мяне?

І азіраецца Сымон кругом сябе, смутны, благі... Азіраецца і бачыць сваю жонку: высокую, тонкую і худую кабету з запаўшымі грудзьмі, з бледным, падобным да воску, тварам, у парванай вопратцы. У аднэй руцэ трымае яна маленькага Юзіка, які дрыгае голымі, сінімі ад холаду ножкамі і цягаецца бледнымі вусначкамі да пустых грудзей маці...

Азіраецца Сымон на жонку і дзікім робіцца...

— Во хто вінават! Яна гультайка! Заўсёды толькі з дзяцьмі займаецца!..

І ён спаганяе сваю злосць... б’е жонку...

Б’е штодзень, знаходзіць нейкую прыдзірку, і яму быццам лягчэй робіцца.

Сымоніха не бароніцца, не крычыць. Сама надстаўляе плечы і толькі часамі ціха, слабым, хворым голасам кажа:

— Сымонка! Што ты робіш? Гэта ж грэх! Што ж з мяне выб’еш?

І маўчыць, толькі мацней заціскае бледныя вусны, вочы робяцца вялікія-вялікія... смутныя... смутныя...

Яна прывыкла. Ніколі не плача. Ціха нясе сваю пакуту.

— А мо і сапраўды я вінавата? — думае яна часамі. Можа, я недагледзела, можа, мала рупілася, калі кароўка, наша карміцелька, здохла... Мо і сапраўды я вінавата?

Сымоніха падстаўляе плечы:

— Хай б’е. Па гэтым жыць буду...

І лупцуе яе Сымон часта, шчыра...

Часта-густа Сымон п’е, але ніколі не п’янее. Гарэлка не мае сілы над ім... Толькі робіцца яшчэ смутней, яшчэ страшней, пальцы скручваюцца ў кулакі чорныя, грамадныя...

— Хто мяне грабіць, хто мозг касцей маіх выймае?

І, быццам раз’юшаны бугай, шпарка бяжыць біць сваю жонку...

І б’е...

А кабета маўчыць, занадта маўчыць, быццам сапраўды вінавата.

Сохне Сымоніха, як той завяўшы каласок, як тая растаптаная кветка на мяжы... Сохне... кашляе... слабее. Плечы хіляцца ніжэй, на сэрцы млосна, абліваецца халодным потам, ды сама не ведае, што з ёй робіцца...

— Што з цябе будзе? — пачынаюць суседзі ёй гаварыць,— ты ж без пары ў дамавіну ляжаш? На каго ты дзетак сваіх, сіротак, пакінеш? Хто іх гадаваць, даглядаць будзе? Яны, маленькія, пагінуць без цябе! Глядзі, ён жа цябе біццём у сухоты ўвагнаў! Чаму ж ты на яго ў воласць не пажалішся?

А Сымоніха маўчыць.

А калі суседкі лішне ёй дапякаць пачнуць, то яна ім у адказ кажа, што не чужы, а свой мужык б’е, а калі бог судзіў, то яна жыць будзе — і годзе!

Тым часам Сымон не ўнімаўся: біў штодзень; кабета сохла ўсё болей і болей. Сілы ападалі. Загультаілася ды на работу ў поле выйсці не магла, апанела — злегла ў ложак.

— Сымонка! Золатца маё! — казала яна ў непрытомнасці перад смерцю.— Чаму мяне не б’еш? Мо лепей бы гаспадарка пайшла? — і аграмадныя, як пацеркі, слёзы заблішчэлі па яе вачах у апошні раз...

— Ой, аграбілі мяне! — заплакаў-загаласіў ашалелы Сымон, зазлаваўся, сціснуў кулакі свае, азірнуўся дзіка кругом, але не было ўжо каго біць...

Пры нябожчыцы матцы сваёй папуджаныя, мізэрныя, абарваныя стаялі сіроткі і дрыжэлі моўчкі, бо плакаць баяліся, каб татка не біў...

 

*

Пахавалі Сымоніху. Якія там хаўтуры ўладзіў Сымон, то ўладзіў, але ў хатцы зрабілася смутна і пуста без гаспадыні. Паглядзеў Сымон на дзетак-сіротак — і сэрца яго мо першы раз у жыцці зашчаміў жаль, вялікі жаль...

— Божа мой! За што гэта я жонку сваю ў магілу ўвагнаў? Чаму агарнула мяне такая злосць?

У яго вачах застыгла балючае пытанне.

 


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Вершы ў прозе. Лірычныя імпрэсіі. Апавяданні.-Мн.: Маст. літ., 1986 г.- с. 85-87
Крыніца: скан