epub
 
падключыць
слоўнікі

Зьмітрок Бядуля

Жыла, жыве і будзе жыць!.. (К гадаўшчыне «Нашай нівы»)

Пакратай мінуўшчыны попел,

Што ў казках не кінула жыць...

 

Я. Купала

Жыла, жыве і будзе жыць душа народа нашага!..

Душа народа нашага — гэта тая падземная, імпэтная моц жывой крыніцы, каторая, знаходзячыся пад каменным пластам, шукае сабе болей рыхлага слою зямлі для выхаду ўверх. І напор той мае гэткую сілу ў сабе, што, нягледзячы ні на якія перашкоды, нарэшце ўсё ж такі вырываецца да сонейка і, разбіваючыся цудоўным фантанам, разыходзіцца па лугах-палях ручайкамі, разліваецца на бязмерныя абшары, падымаючы свой зычны кліч: «Жыла, жыве і будзе жыць!..»

Душа народа нашага — гэта тая жывая, кіпучая кроў у жылах, тыя пачуцці і думкі ў сэрцы, якія перадаюцца нам як спадчына, ад роду ў род... У сваёй самабытнасці, у сваёй іначасці ад другіх выяўляе яна свой бляск, сваю неацэненую вартасць, як для сваіх, так і для чужых, акружаючых яе.

Душа народа нашага жыла ў благіх гістарычных варунках, жыла пад няволяй у другіх, мацнейшых, каторыя хацелі сцерці яе самабытнасць, але такі ніякай рады не далі, і пры першай бліскавіцы свядомасці чужы налёт пачаў рассейвацца, як попел ветрам, а душа народа пачала красавацца ў сваёй чыстаце і бляску...

Колькі трагізму было ў гісторыі народа нашага! Колькі цемнаты і нядолі! Колькі вызыску яго рознымі грубымі сіламі! Колькі болю і слёз, пачынаючы ад часу прыгону! Здавалася, ужо ворагі краю беларускага свайго дасціглі, дабіліся таго, што шмат з нашых братоў ахвяравалі свае сілы чужым, запрадалі ім душы свае... Узгадаваныя на руках пакутніка-ратая, гэтыя адступнікі выкпівалі яго, адракаліся памагаць чым-колечы «хаму-мужыку»... Дайшло да таго, што «хам» гэты думаў, нібы ён прапашчы навекі чалавек; нібы ён ніжэйшае стварэнне ад другіх «паноў, багатых ды адукаваных разумнікаў». Ужо, здавалася, канец, магіла... Але сваім чародам, па законе, прызначаным ад прыроды, душа беларуская «жыла, жыве і будзе жыць!..»

Душа народа, нягледзячы на нішто, гадавалася ў творчасці, харастве. У песнях сумных і вясёлых, у вырабах, тканінах, рэзьбах і г. д. — яна вылівала затоеныя думкі свае і такім парадкам тварыла нам свае скарбы, пісала свой летапіс — Евангелле... Несвядома ішла барацьба духу беларускага з усім для яго шкадлівым. «Што гэта? Што гэта?» — пыталася само сэрца народнае. «Мы жыць хочам! Жыць хочам...» — адказвала яно самому сабе кожны раз... і як блізкі, зразумелы былі народу гэтыя чулыя струны сэрца!.. Нешта да болю, да слёз кратала, будзіла сыноў Беларусі-маткі да вольнага, светлага жыцця, да пазнання сваёй вялікай вартасці.

«Жыла, жыве і будзе жыць!..» Гэты міфічны кліч восем гадоў таму назад пабудзіў выліцца думы сэрца народнага ў болей рэальныя і відзімыя формы. Паявілася ў свет першае свядомае беларускае друкаванае слова — «Наша доля», а ўслед за ёю — «Наша ніва».

«Наша ніва», не гаворачы аб іншых розных беларускіх часопісах, ад пачатку свайго паяўлення ў свет па сягонняшні дзень — гэта народны часопіс, у якім ясна адбіваецца думка нашых мазольных братоў з розных глухіх куткоў Беларусі. З кожным годам паяўляюцца на ніве роднай усё новыя і новыя сілы. З кожным годам наша родная мова на старонках «Нашай нівы» «шліфуецца-гартуецца», робіцца ўсё болей чыстай, гібкай і выразнай, робіцца здатнай да малявання самых чуць ухопных пачуццяў душы і звініць, як той жаваранак вясною над свежай раллёй, як тая дудка хлопчыка-пастуха на лузе...

І большая частка братоў нашых ужо пачынае разумець, што мова наша не ёсць «простая», «хамская»... І вучоная моладзь наша — настаўнікі, студэнты, дактары, аграномы, інжынеры і г. д. — ужо не гавораць і не пішуць толькі на «панскіх» мовах, але самае першае месца займае ў іх свая, родная...

«Наша ніва» не прапаведуе сляпога, шавіністычнага нацыяналізму, але мае за закон: «Свайго не цурайся і чужога навучайся!» Мэта яе: праца шчырая і прасвятленне роднай Белай Русі на эканамічным і культурным грунце. Праўда, шмат нападкаў маем ад суседзяў сваіх, яны стараюцца чым болей каменняў накідаць на шляху нашым, але мы, не астанаўліваючыся, цвёрда ідзём наперад.

І вось у час гадаўшчыны «Нашай нівы» мы смела кажам: «Жыла, жыве і будзе жыць Беларусь-маці!..» Мы ў гэта свята верым!


1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Бядуля З. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Язэп Крушынскі: Раман, кн. 2; Сярэбраная табакерка: Казка; Публіцыстычныя артыкулы.-Мн.: Маст. літ., 1989.-с. 394-396
Крыніца: скан