epub
 
Падключыць
слоўнікі

Жорж Сімэнон

Порт у тумане

 

I. КОШКА Ў ДОМЕ

 

Калі а трэцяй гадзіне дня яны ад'язджалі з Парыжа, яшчэ свяціла няшчодрае восеньскае сонца. Не паспелі даехаць да Манту, як у купэ запалілі лямпы. А калі мінулі Эўрэ, за акном была ўжо цемрадзь. Нарэшце запацелае шкло аблажыў такі густы туман, што ў ім танулі нават чыгуначныя агні.

Уладкаваўшыся ямчэй у куце, Мэгрэ прытуліў галаву да сцяны і, прыплюшчыўшы вочы, машынальна назіраў за двума пасажырамі насупраць — такімі непадобнымі адно да аднаго.

Капітан Жарыс спіць. Парык з'ехаў набок — відаць яго абсалютна голы, што тое калена, чэрап. Гарнітур памяты.

А Жулі, склаўшы рукі на сумачцы са штучнай, пад кракадзілавую, скуры, стараецца, нягледзячы на стомленасць, захоўваць задуменны выгляд.

Камісар крымінальнай паліцыі Мэгрэ прывык, што ў яго жыццё віхурай урываюцца незнаёмыя людзі, цэлымі днямі, тыднямі, месяцамі патрабуюць пільнай увагі, а пасля зноў знікаюць у безаблічным натоўпе.

Пад стук колаў мерна цякуць яго думкі, заўсёды адны і тыя самыя ў пачатку кожнай новай справы. Якая яна будзе гэтым разам: агідная ці трагічная, заінтрыгуе ці не?

Мэгрэ глядзіць на Жарыса, ледзь прыкметна ўсміхаецца. Дзіўны чалавек! На набярэжнай Арфэўр* яго пяць дзён называлі — «гэты чалавек», нават імя не ўдавалася высветліць.

* На набярэжнай Арфэўр знаходзіцца галоўны камісарыят крымінальнай паліцыі Парыжа.

Падабралі яго на Вялікіх бульварах — кінулася ў вочы, як ён кідаўся то ўзад, то ўперад у патоку аўтобусаў і легкавых машын. Загаварылі з ім па-французску. Ні слова адказу. Паспрабавалі распытаць яго на сямі ці васьмі мовах. Зноў маўчанне. Мігаў глуханямых таксама не зразумеў.

Вар'ят? У кабінеце Мэгрэ яго абшукалі. Гарнітур, бялізна, чаравікі — усё на ім было новае. Усе меткі з адзежы зрэзаны. Ні дакументаў, ні кашалька. Але ў адной кішэні — пяць зусім новенькіх купюр па тысячы франкаў.

Невясёлы, нічога не скажаш, пачатак расследавання! Пошукі ў службовых журналах, у антрапаметрычнай картатэцы. Тэлеграмы ва ўсе канцы Францыі і за мяжу. А «гэты чалавек», як ні мучаюць яго надакучлівымі допытамі, толькі лагодна ўсміхаецца з раніцы да вечара!

На выгляд яму гадоў пяцьдзесят. Каржакаваты карантыш. Ніякіх прыкмет неспакою або незадаволенасці не выказвае. Усміхаецца, і ўсё. Іншы раз, праўда, здаецца, намагаецца нешта ўспомніць, але надоўга яго не хапае. Страта памяці? Знялі парык і ўбачылі: не далей як два месяцы назад чэрап чалавеку раскавяліла куля.

Дактары ў захапленні ад хірургавай працы: нячаста даводзіцца сустракацца з гэтакім майстэрствам!

Новыя тэлеграмы ў шпіталі і клінікі Францыі, Бельгіі, Германіі, Галандыі...

Праходзяць пяць дзён карпатлівага пошуку. Вынікі аналізу плямаў на адзежы і пылінак у кішэнях бянтэжаць.

Знойдзена рэштка высушанай і скрышанай трасковай ікры, якую апрацоўваюць гэтакім чынам на поўначы Нарвегіі і выкарыстоўваюць як прынаду пры лоўлі сардзін.

Выходзіць, што «гэты чалавек» — адтуль? Можа, скандынаў? Некаторыя прыкметы паказваюць на тое, што ён зрабіў доўгае падарожжа па чыгунцы. Але як мог ён ехаць адзін — без'языкі. перапалоханы недарэка, які адразу звяртае на сябе ўвагу?

Змясцілі яго фота ў газетах. Атрымалі тэлеграму з Вістрэама: «Незнаёмы апазнаны».

За тэлеграмай прыехала жанчына, дакладней будзе сказаць — дзяўчына. І вось яна ў кабінеце ў Мэгрэ. Твар стомлены, са слядамі памады і пудры. Завуць яе Жулі Легран, яна — служанка «гэтага чалавека».

Зрэшты, таго ўжо больш так не называюць, бо ведаюць, хто ён такі.

Гэта Іў Жарыс, былы капітан гандлёвага флоту, цяпер начальнік вістрэамскага порта.

Жулі плача. Яна нічога не разумее! Упрошвае свайго гаспадара сказаць ёй хоць слова. А той адно глядзіць на яе пяшчотна і зычліва — як і на ўсіх астатніх.

Капітан Жарыс знік з Вістрэама шаснаццатага верасня. Цяпер канец кастрычніка.

Што здарылася з ім за гэтыя паўтара месяцы?

«У той вечар ён як звычайна, — расказала Жулі, — пайшоў у порт на начное шлюзаванне. Я легла спаць. А назаўтра, устаўшы, не знайшла яго ў доме...»

Спачатку вырашылі, што Жарыс няўдала ступіў і ўпаў у ваду — які ж густы быў у той вечар туман. Шукалі яго бусакамі. Пасля падумалі, што капітан уцёк, — была, відаць, на тое нейкая прычына.

— Лізьё! Прыпынак тры хвіліны.

Каб размяцца, Мэгрэ выйшаў на платформу, зноў набіў люльку. Ён ужо столькі паліў у дарозе, што ў купэ стала шыза.

— Цягнік адпраўляецца!

Жулі скарысталася адсутнасцю Мэгрэ і прыпудрыла кончык носа. Вочы ў яе яшчэ чырвоныя ад слёз.

Дзіўна, але яна то здаецца прыгожай і нават вытанчанай, то невядома чаму робіцца раптам няўклюдай, манеры якой проста бянтэжаць.

Цяпер яна папраўляе парык на галаве ў капітана, свайго «гаспадара», як сама яго называе. Робячы гэта, Жулі глядзіць на Мэгрэ, нібыта заяўляе: «Гэта маё права — даглядаць яго!»

Сям'і ў Жарыса няма. Ужо шмат гадоў Жулі жыве ў яго доме. Капітан называў яе сваёй ахмістрыняй.

«Ён любіў мяне, як родную дачку», — усхвалявана падкрэсліла Жулі.

Ворагаў у яго не было! Чалавек самавіты, ніякіх благіх звычак не меў.

Пасля трыццацігадовай службы на моры ён не змог прывыкнуць да бяздзейнасці і, нягледзячы на пенсійны ўзрост, папрасіў назначыць яго начальнікам вістрэамскага порта. Збудаваў сабе ў гарадку маленькі домік...

І вось увечары шаснаццатага верасня ён раптам знікае, а праз паўтара месяцы аказваецца ў Парыжы ў гэтакім выглядзе!

Жулі проста сумелася, калі ўбачыла свайго гаспадара ў шэрым крамным гарнітуры. Яна прывыкла бачыць яго толькі ў форме марскога афіцэра.

Яна нервуецца, ёй не па сабе. Кожны раз, калі глядзіць на капітана, на твары ў яе і замілаванасць, і няясны страх, і нейкая неадольная трывога. Гэта, вядома, ён, яе «гаспадар», але ў той жа час і не зусім ён.

«Ён паправіцца, праўда?.. Я буду яго даглядаць...»

Па шкле сцякаюць цяжкія кроплі. Вагон уздрыгвае, і масіўная галава Мэгрэ ківаецца з боку на бок... Камісар спакойна назірае за спадарожнікамі. Жулі, мусіць, думае, што можна было ўсё-такі абысціся, як яна казала, вагонам трэцяга класа — гэтак яна звычайна і робіць. Жарыс час ад часу прачынаецца і азіраецца, нічога не разумеючы, па баках.

Яшчэ адзін прыпынак у Кане, пасля — Вістрэам.

«У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, — сказаў камісару адзін саслужывец, родам з тых мясцін. — Порт невялікі, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якім праходзяць караблі ў пяць тысяч тон і болей».

Мэгрэ не спрабуе ўявіць сабе гэты гарадок. Ён ведае па вопыце, што ўсё роўна памыліцца. Пакуль што ён проста едзе туды, і позірк яго раз-пораз падае на парык, якім прыкрыты ўсё яшчэ ружовы шрам.

Да таго, як капітан знік, у яго былі густыя, вельмі цёмныя валасы з ледзь прыкметнай сівізною на скронях. Яшчэ адна прычына адчаю Жулі: яна бачыць не можа гэты голы чэрап! І кожны раз, калі парык спаўзае, яна спяшаецца паправіць яго.

«Я так думаю, што яго хацелі забіць», — сказала Жулі ў кабінеце.

У яго стралялі, гэта факт! Але потым давялі да ладу такія выдатныя дактары...

Калі ён знік, грошай пры ім не было. А знайшлі яго з пяццю тысячамі франкаў у кішэні!

Ёсць над чым падумаць.

А тут яшчэ Жулі адкрывае раптам сумачку.

— Зусім забылася! Я прывезла карэспандэнцыю гаспадара.

Пошта не дужа багатая. Праспекты фірм, якія гандлююць марацкімі таварамі, квітанцыя на ўплату сяброўскіх унёскаў у прафсаюз капітанаў гандлёвага флоту... Паштоўкі ад сяброў, якія яшчэ плаваюць, адна — з Пунта-Арэнас*...

* Горад і порт у Чылі.

Ліст з Нармандскага банка ў Кане. Бланк запоўнены на машынцы:

«...маем гонар паведаміць вам, што праз пасрэдніцтва Нідэрландскага банка ў Гамбурзе на Ваш рахунак 14 173 пераведзена сума ў 300 000 франкаў».

А Жулі ўжо колькі разоў казала, што капітан небагаты! Мэгрэ глядзіць па чарзе на абаіх спадарожнікаў.

Трасковая ікра... Гамбург... Чаравікі нямецкай вытворчасці...

Адзін толькі Жарыс мог бы ўсё растлумачыць! Жарыс, які шырока і зычліва ўсміхаецца, як толькі прыкмячае, што Мэгрэ глядзіць на яго.

— Кан. Цягнік ідзе да Шэрбура. Пасажыры на Вістрэам Ліён-сюр-Мэр, Люк...

Сем гадзін вечара. Туман такі густы, што святло ліхтароў на платформе ледзь прабіваецца праз яго малочную заслону.

— Чым цяпер паедзем? — пытаецца Мэгрэ ў Жулі, прабіраючыся праз шчыльны натоўп пасажыраў.

— Больш няма чым. Цяпер прыгарадны ходзіць толькі два разы на дзень.

Каля вакзала стаяць таксі, можна садзіцца. Але Мэгрэ хоча есці. Ён не ведае, што чакае яго ў Вістрэаме, і прапануе Жулі павячэраць у буфеце.

Капітан Жарыс усё такі ж памяркоўны. Есць усё, што яму даюць, усё роўна як паслухмянае дзіця. Нейкі чыгуначнік круціцца каля іх стала, разглядвае Жарыса, пасля пытаецца ў Мэгрэ:

— Ці не начальнік гэта вістрэамскага порта?

І круціць пальцам каля скроні. Мэгрэ ківае, і той адыходзіць. Відаць, яму нялёгка паверыць у тое, што ён бачыць.

А Жулі ўсё незадаволеная:

— Дванаццаць франкаў за гэтакую вячэру! Дый згатавана не на масле. Нібыта нельга было павячэраць дома...

Мэгрэ думае: «Стрэл у галаву... Трыста тысяч франкаў...» Ён пільна ўзіраецца ў нявінныя вочы Жарыса — разгледзець бы ў іх, якая такая загадка за ўсім гэтым...

На вакзале да іх пад'язджае таксі — старая прыватная машына. Рысоры бязбожна скрыпяць. Мэгрэ і яго спадарожнікі з цяжкасцю ўмяшчаюцца на прамятым сядзенні. Жулі сядзіць паміж мужчынамі, і яны ўвесь час навальваюцца на яе.

— Не памятаю, ці замкнула я садовую брамку, — шэпча яна. Відаць, яе ўжо адольваюць розныя гаспадарчыя клопаты.

Выязджаючы з горада, машына літаральна ўразаецца ў сцяну туману. Шафёр прытарможвае. Але ўсё роўна перад самым носам узнікаюць раптам, быццам здані, конь і павозка. Паабапал дарогі — прывідныя дрэвы, дамы...

Прыходзіцца ехаць яшчэ цішэй. Машына ўжо ледзь паўзе: дзесяць кіламетраў у гадзіну. Ды зноў з туману раптам выскоквае нехта на ровары — і ледзь не пад колы. Спыніліся. Усё абышлося добра.

Машына ўязджае ў Вістрэам. Жулі апускае шкло.

— Едзьце да порта, — кажа яна шафёру, — пасля будзе развадны мост, за ім і дом — каля маяка.

Ад гарадка да порта — з кіламетр шашы, абапал якой — бледныя светлячкі газавых ліхтароў. Каля моста ўбачылі святло ў нейкім вялізным акне, пачулі шум.

— Шынок «Марацкі прытулак», — растлумачыла Жулі. — Тут партавікі бавяць звычайна час.

За мостам шашы, лічы, ужо няма — дарога губляецца ў балотах, што падступаюць да самага берага рэчкі Орны.

Тут увогуле нічога няма, апроч маяка і двухпавярховага доміка з невялікім садам.

Таксі спыняецца. Мэгрэ назірае за Жарысам, які выходзіць сам з машыны і ўпэўнена кіруецца да брамкі.

— Бачыце, пан камісар! — ускрыквае Жулі. Яна ажно дрыжыць ад радасці. — Ён пазнаў дом! Я проста ўпэўнена, што ўрэшце ён ачуняе.

Яна ўстаўляе ключ у замок, адчыняе брамку — тая скрыпіць — ідзе па гравійнай сцежцы. Мэгрэ плаціць шафёру, даганяе Жулі. Таксі ад'язджае, і ўсё навокал тоне ў цемры.

— Запаліце, калі ласка, сярнічку! Не магу ніяк трапіць у замок...

Успыхвае запалка. Жулі адчыняе дзверы. Пад нагамі ў Мэгрэ прабягае нешта цёмнае. Жулі, якая ўвайшла ўжо ў калідор, запальвае святло, здзіўлена глядзіць на падлогу, шэпча:

— Гэта ж кошка выскачыла, здаецца?

Прывычна здымае капялюш і паліто, вешае, адчыняе дзверы кухні, запальвае там святло, міжволі паказваючы гэтым, што менавіта на кухні прымаюць гасцей у доме.

Кухня — прасторны пакой з выкладзенымі керамічнаю пліткаю сценамі, нашараваным пяском вялікім драўляным сталом. Паўсюды зіхацяць начышчаныя да бляску рондалі.

Капітан прывычна ідзе да плеценага крэсла каля печкі, садзіцца.

— Я ж, здаецца, калі ад'язджала, выпусціла кошку, — кажа Жулі сама сабе. Відаць, што яна занепакоеная. — Але, вядома... Усе дзверы зачыненыя... Пан камісар, калі ласка, давайце пройдзем разам па пакоях... Мне адной страшна...

Жулі такая напалоханая, што ледзь асмельваецца ісці першая.

Адчынілі дзверы ў сталовую. Ідэальны парадак. Паркет і мэбля — што люстра. Піяніна. Фарфор, прыгожыя кітайскія лакіраваныя цацкі, прывезеныя, пэўна, капітанам з Далёкага Ўсходу. Здаецца, гэтым пакоем ніколі не карысталіся.

— Гляньце, калі ласка, за шторамі, — просіць Жулі.

Пасля — гасцёўня. Мэбля тут расстаўлена ў тым самым парадку, у якім стаяла ў краме, дзе куплялася. Капітан ідзе за імі, яўна задаволены. Яны падымаюцца па засланай чырвоным дываном лесвіцы. Наверсе — тры пакоі, адным з якіх зноў-такі, відаць, не карыстаюцца.

І ўсюды — ідэальная чысціня, бездакорны парадак. Прыемна пахне вёскаю і кухняю.

Нікога ў доме. Вокны і дзверы ў сад — зачыненыя.

— Кошка, мусіць, прабралася ў дом праз якую-небудзь дзірку, — кажа Мэгрэ.

— Няма ў нас ніякіх дзірак...

Усе вяртаюцца на кухню. Жулі адчыняе шафу.

— Можа, наліць вам чаго-небудзь выпіць? — пытаецца ў Мэгрэ Жулі.

Менавіта цяпер, у звычайным гаспадарчым клопаце, наліваючы лікёр у маленькія чарачкі, аздобленыя маляванымі кветачкамі, яна адчула асабліва востры адчай і заплакала.

Яна ўпотайкі кідае позірк на капітана, які спакойна сядзіць у крэсле. Ёй цяжка глядзець на свайго гаспадара, і яна адварочваецца ад яго і лапоча, каб хоць крыху забыцца:

— Я падрыхтую вам пакой...

І зноў плача. Здымае са сцяны белы фартух і выцірае слёзы.

— Я спынюся лепш у гатэлі, — кажа камісар. — Тут ёсць які-небудзь гатэль?

Жулі глядзіць на маленькі насценны гадзіннік — такія звычайна выйграюць на кірмашах. Ціканне яго вельмі натуральна ўпісваецца ў патрыярхальнасць дома.

— Але, ёсць, — адказвае дзяўчына. — Цяпер там яшчэ не спяць. Гэта па той бок шлюза, якраз непадалёк ад шынка, што вы бачылі.

Аднак відаць, што ёй не хочацца адпускаць яго. Пэўна, яна баіцца застацца адна з капітанам, бо і зірнуць цяпер на яго не асмельваецца.

— Вы думаеце, у доме няма нікога чужога? — пытаецца яна.

— Вы ж самі бачылі.

— Вы прыйдзеце заўтра раніцай?

Яна праводзіць яго да дзвярэй — і адразу ж зачыняецца. Туман такі густы, што Мэгрэ не ведае, куды ісці. Але брамку ўсё ж такі знаходзіць. Выйшаўшы з саду, ён адчувае спачатку, што ідзе па траве, пасля выходзіць на брук. Удалечыні чуваць нейкі гук, але нельга зразумець, што гэта такое.

Гук падобны на мычанне каровы, але нейкі роспачны.

— Во дзе дурань! — кажа раптам сам сабе Мэгрэ. — Гэта ж карабельны сігнал, на туман...

Камісар дрэнна арыентуецца. Далёка ўнізе, пад нагамі, ён бачыць ваду — яна дыміцца. Мэгрэ і не ведае, што стаіць на сцяне шлюза. Недзе скрыпяць дзержакі. Камісар не памятае, у якім месцы яны пераехалі канал, і, убачыўшы вузенькі масток, ужо мерыцца ступіць на яго.

— Асцярожна! — чуе ён голас.

Ну і ну! Голас зусім побач, Мэгрэ здаецца, што ён тут зусім адзін, а за тры метры ад яго, аказваецца, стаіць чалавек. Толькі пільна ўгледзеўшыся, Мэгрэ распазнае сілуэт.

Камісар адразу ж разумее перасцярогу: масток, на які ён ужо ледзь не ступіў быў, апускаецца. Гэта вароты шлюза. Неўзабаве відовішча робіцца яшчэ больш фантасмагарычнае: побач, за некалькі метраў ад Мэгрэ, узнікае ўжо не постаць чалавека, а сапраўдная сцяна вышынёю з добры дом. Уверсе, над сцяною — цьмяныя агеньчыкі.

Зусім побач з камісарам, як выцягнуць руку, праплывае параход! Падае швартоў, хтосьці падымае яго, цягне да кнехтаў і замацоўвае.

— Назад!.. Асцярожна! — зноў крычыць нехта, ужо на капітанскім мастку.

Яшчэ хвіліну назад усё навокал здавалася мёртвым, пустынным. А цяпер, ідучы ўздоўж шлюза, Мэгрэ прыкмячае, што ў тумане рухаюцца чалавечыя постаці. Хтосьці круціць дзяржак, нехта цягне другі швартоў. Таможнікі чакаюць, пакуль з борта спусцяць трап.

І ўсё гэта людзі робяць, лічы, усляпую.

Мэгрэ дакранаецца да вусаў — на іх цяжкія кроплі вільгаці.

— Хочаце перайсці? — крычыць яму зноў нехта.

Голас зусім побач з камісарам — Мэгрэ стаіць цяпер каля другіх варотаў шлюза.

— Давайце хутчэй, а то прыйдзецца чакаць хвілін пятнаццаць.

Мэгрэ пераходзіць, трымаючыся за парэнчы. Пад нагамі бурліць вада, а ўдалечыні гэтаксама, як і раней, чуецца роспачны гудок. Чым далей праходзіць наперад Мэгрэ, тым больш узнікае ў тумане постацей, тым жвавей віруе ў порце загадкавае жыццё. Увагу камісара прыцягвае недалёкі агеньчык. Мэгрэ падыходзіць бліжэй і ў прывязанай да пірса лодцы бачыць рыбака, які апускае і падымае вялікія сеткі, прымацаваныя да жэрдак.

Рыбак кідае на камісара абыякавы позірк і зноў пачынае разбіраць у сваім кашы дробную рыбу.

Побач з параходам трохі святлей. Відаць, як на палубе ходзяць людзі. На мастку ангельская гаворка. На краі пірса мужчына ў форменнай фуражцы візіруе дакументы.

Начальнік порта. Чалавек, які замяняе цяпер Жарыса.

Як і той, гэты мужчына невысокага росту, але худзейшы і рухавейшы. Ён перакідваецца жартамі з афіцэрамі на караблі.

Увогуле, свет цяпер раздзелены для Мэгрэ на дзве часткі: некалькі адносна светлых квадратных метраў порта і бясконцая цемра, у якой угадваюцца абрысы сушы і мора, што ледзь чутна шуміць злева.

Ці не ў такі вось вечар знік з Вістрэама Жарыс? Пэўна, ён правяраў дакументы, як гэта робіць цяпер яго калега, гэтаксама жартаваў, сачыў за шлюзам, за манеўрам судна. Бачыць нешта ў гэтым тумане яму не трэба было: ён выдатна арыентаваўся па прывычных гуках. У порце звычайна ніхто і не глядзіць сабе пад ногі, калі ідзе.

Мэгрэ распальвае люльку і хмурыцца: яму непрыемна адчуваць сябе тут няўклюдным, нязграбным сухапутнікам, якога палохае і хвалюе ўсё, што мае дачыненне да мора.

Вароты шлюза адчыняюцца. Судна выходзіць у канал, толькі троху вузейшы за Сену ў Парыжы.

— Прабачце, вы — начальнік порта? Камісар Мэгрэ з крымінальнай паліцыі... Я толькі што прывёз дадому вашага калегу.

— Жарыса?.. Значыць, гэта праўда ён?.. Сёння раніцай мне расказвалі... Праўда, што ён?.. — кранае начальнік порта пальцам скроню.

— У гэты момант... Звычайна вы ўсю ноч праводзіце ў порце?

— Не, не больш пяці гадзін запар: толькі ў прыліў. У гэты час узровень вады даволі высокі, каб судны маглі ўвайсці ў канал або выйсці ў мора. Час прыліву непастаянны... Сёння, напрыклад, ён толькі што пачаўся і закончыцца недзе а трэцяй гадзіне ночы...

Чалавек трымаецца проста, размаўляе з Мэгрэ як з роўным: урэшце ён — такі ж самы чыноўнік на службе.

— Прабачце...

Ён глядзіць у мора, дзе і не відаць нічога, аднак адразу ж аб'яўляе:

— Паруснік з Булоні. Ашвартаваўся каля пірса, чакае, калі адкрыюць шлюз.

— Вам паведамляюць пра судны, якія прыбываюць?

— Часцей паведамляюць. Асабліва пра параходы. Амаль усе яны ходзяць па раскладзе: з Ангельшчыны вязуць вугаль, з Кана — руду...

— Давайце пойдзем вып'ем чаго-небудзь, — прапануе Мэгрэ.

— Пакуль не магу: мушу быць тут да канца прыліву...

Начальнік порта аддае каманды падначаленым, якіх не бачыць, але хто з іх дзе, ведае выдатна.

— Вы расследуеце справу Жарыса?

З боку гарадка набліжаюцца крокі. Па варотах шлюза праходзіць мужчына. Ён аказваецца пад ліхтаром, і тут Мэгрэ прыкмячае за яго спінаю дула стрэльбы.

— Хто гэта?

— Мэр. Ідзе паляваць на качак... У яго ёсць будан на беразе Орны. Яго памочнік, мусіць, ужо там, рыхтуецца да начлегу...

— Як вы думаеце, гатэль яшчэ адкрыты?

— «Універсаль»? Вядома. Але спяшайцеся: гаспадар хутка закончыць гуляць у карты і пойдзе спаць... Тады ўжо не падымецца нізашто на свеце...

— Да заўтра, — кажа Мэгрэ.

— Бывайце. Буду ў порце з дзесяці раніцы, з пачаткам прыліву.

Яны паціскаюць адзін аднаму рукі, хоць практычна яшчэ і не знаёмыя. А ў тумане, у якім Мэгрэ раз-пораз на каго-небудзь наскоквае, па-ранейшаму віруе жыццё.

Камісара разбірае нейкі неспакой, наплывае трывога, ён прыгнечаны. Нібыта побач — чужы свет, які жыве сваім зусім асаблівым жыццём. У цемры — людзі або, напрыклад, паруснік, які чакае сваёй чаргі за два-тры крокі ад вас, — а знаку ніякага.

Мэгрэ зноў праходзіць міма рыбака, што застыў пад ліхтаром. Камісару хочацца сказаць яму што-небудзь.

— Бярэ?

Замест адказу чалавек сплёўвае ў ваду, а Мэгрэ ідзе далей, злуючы на сябе: ну нашто ён гэта ляпнуў?

Шум аканіц, якія зачыняюць у Жарысавым доме, — вось апошняе, што ён чуе, уваходзячы ў гатэль. Страшна, мусіць, Жулі: ніяк не забудзе пра кошку, што выскачыла з дому, як толькі адчынілі дзверы...

— Гэты гудок так і будзе выць усю ноч? — незадаволена пытаецца Мэгрэ, убачыўшы гаспадара гатэля.

— Пакуль туман... Але да гэтага прывыкаеш...

 

* * *

 

Спаў камісар неспакойна, як спяць, калі баліць страўнік, або ў дзяцінстве, калі чакаюць якой-небудзь важнай падзеі. Двойчы падымаўся, падыходзіў да акна, прыціскаўся тварам да халоднага шкла, але не бачыў нічога, апроч пустыннай дарогі і промня маяка, які, здавалася, шукаў у заслоне туману месца, каб праткнуць гэтую сцяну. І ўсё выў і выў гудок, нават гучнеў і яшчэ больш халадзіў кроў.

Прачнуўшыся другі раз, Мэгрэ паглядзеў на гадзіннік. Было чатыры гадзіны раніцы. У порт, стукаючы па асфальце сабо*, ішлі з кашамі за плячыма рыбакі.

* Сабо (фр.) — чаравікі на драўлянай падэшве або выдзеўбаныя з дрэва.

А неўзабаве нехта загрукатаў у дзверы і расчыніў іх, не чакаючы дазволу. Мэгрэ ўбачыў збянтэжаны твар гаспадара гатэля.

У акно ўжо свяціла сонца, але, нягледзячы на гэта, гудок усё яшчэ выў.

— Хутчэй! Капітан памірае!..

— Які капітан?

— Капітан Жарыс. Жулі прыбегла ў порт, каб тэрмінова выклікалі вас і доктара.

Мэгрэ, не прычэсваючыся, нацягнуў штаны, надзеў, не зашнуроўваючы, чаравікі, схапіў пінжак, а пра накладны каўнерык і зусім забыўся.

— Што-небудзь глынулі б?.. Кубак кавы?.. Шкляначку рому?..

Дзе тут ужо да гэтага! Няма калі. На вуліцы, нягледзячы на сонца, было даволі холадна, вільготна. Праходзячы цераз шлюз, камісар убачыў мора, зусім спакойнае, бледна-блакітнае. Віднелася, праўда, толькі вузенькая палоска: каля берага доўгі шлейф туману размыў небакрай.

На мосце да Мэгрэ падышоў нейкі чалавек.

— Вы — камісар з Парыжа? Я палявы вартаўнік. Рады пазнаёміцца. Вам ужо расказалі?

— Што?

— Кажуць, гэта проста жахліва!.. А вось і доктарава машына.

Рыбацкія лодкі ў порце ляніва пагойдваліся на вадзе, па якой прабягалі каляровыя блікі. Ветразі былі ўзнятыя, мабыць, на прасушку. На кожным напісаны чорнаю фарбаю нумар.

Перад капітанавым домікам, побач з маяком стаяла некалькі жанчын. Дзверы былі адчыненыя. Мэгрэ абагнала доктарава машына.

— Кажуць, яго атруцілі... Нібыта ён пазелянеў, — не адставаў ад камісара палявы вартаўнік.

Мэгрэ ўвайшоў у дом якраз у той самы момант, калі заплаканая Жулі, з прыпухлымі павекамі і чырвоным тварам, паволі спускалася з другога паверха. Яе толькі што выставілі з пакоя, дзе доктар аглядаў капітана. На ёй было накінута паліто, з-пад якога віднелася доўгая белая начная кашуля, на нагах — пантофлі.

— Гэта жудасна, пан камісар!.. Вы не можаце сабе ўявіць... Падымайцеся хутчэй!.. Можа быць...

Калі Мэгрэ ўвайшоў у спальню, доктар, які нахіліўся над ложкам, выпрастаўся. Па яго твары было ясна відаць, што капітану ўжо нічым не паможаш.

— Я з паліцыі...

— А, добра... Усё скончана. Магчыма, яшчэ дзве-тры хвіліны можа... Пэўна, гэта стрыхнін, калі я не памыляюся...

Ён падышоў да акна і расчыніў яго: капітану, здавалася, не хапала паветра. А за акном — усё тая ж карціна: сонца, порт, лодкі з узнятымі ветразямі, рыбакі, якія перакладвалі рыбу, што так і зіхацела луской, з перапоўненых кашоў у скрыні.

На гэтым фоне Жарысаў твар здаваўся яшчэ больш жоўтым, бадай, нават зялёным — немагчыма было разабраць, што гэта за колер, настолькі ён не адпавядаў звычайным уяўленням пра чалавечае цела.

Рукі і ногі ў капітана выгіналіся і торгаліся, у той час як твар заставаўся спакойны і нерухомы, вочы нібы застылі, утаропіўшыся ў сцяну.

Доктар трымаў руку на капітанавым запясці, сачыў, як слабеў пульс. Нарэшце ён вачыма даў знаць Мэгрэ: «Зараз... зараз...»

У гэты момант здарылася нешта зусім нечаканае.

Пэўна, няшчасны апрытомнеў на якоесь імгненне. Твар у яго зморшчыўся, усё адно як у дзіцяці, што зараз заплача, склаўся ў жаласную грымасу пакутніка, які не можа больш цярпець невыноснага болю... Па шчоках каціліся дзве буйныя слязіны...

І тут — прыглушаны доктараў голас:

— Усё. Кончана.

Неверагодна, але слёзы цяклі па твары ў самы момант смерці.

Яны яшчэ жылі, гэтыя слёзы, сцякалі на падушку, а капітан ужо быў мёртвы.

На лесвіцы пачуліся крокі. Унізе гучна ўсхліпвала Жулі. Яе абступілі жанчыны. Мэгрэ выйшаў на пляцоўку і паволі вымавіў:

— У спальню не ўваходзіць.

— Ён... — пачаў быў нехта.

— Але! — адно і сказаў камісар, перапыняючы пытанне.

І адразу ж вярнуўся ў заліты сонцам пакой. Доктар рыхтаваў шпрыц, збіраючыся зрабіць Жарысу ўкол у сэрца, — бадай што, толькі дзеля таго, каб выканаць да канца свой абавязак.

А на садовым муры сядзела зусім белая кошка.

 

II. СПАДЧЫНА

 

Недзе ўнізе, мабыць, на кухні, у акружэнні суседак гучна рыдала Жулі.

Праз адчыненае акно Мэгрэ ўбачыў, што з гарадка ішлі і беглі людзі — жанчыны з дзецьмі на руках, мужчыны ў сабо... Хлопчыкі ехалі на роварах. Гэты стракаты ўсхваляваны натоўп дасягнуў моста, пераваліў праз яго і рушыў да капітанавага дома, нібы ўсіх там чакала прадстаўленне вандроўнага цырка або аўтамабільная аварыя.

Неўзабаве на дварэ быў ужо такі гвалт, што Мэгрэ зачыніў акно. Муслінавыя шторы змякчалі сонечнае святло, і камісар адчуў сябе ў пакоі ямчэй, вальней. Агледзеўся.

Ружовыя шпалеры, светлая, начышчаная мэбля. На каміне — ваза з кветкамі.

Мэгрэ вярнуўся да доктара, які разглядваў на святло шклянку і графін, што стаялі на начным століку. Доктар памачыў палец у вадзе ў шклянцы і лізнуў яго.

— Атрута?

— Але. Мабыць, капітан меў звычку піць ноччу ваду. Калі я не памыляюся, ён піў гадзіны ў тры ночы. А чаму не паклікаў нікога — не разумею.

— Ды таму, што не мог гаварыць, нават гуку вымавіць быў няздольны, — здзіўлена паглядзеў на доктара Мэгрэ.

Ён паклікаў палявога вартаўніка і адправіў яго папярэдзіць мэра і пракурора ў Кане. Чуваць было, як унізе ўсё яшчэ ўваходзілі і выходзілі людзі. На дарозе яны збіраліся ў групкі. Некаторыя, каб было ямчэй чакаць, садзіліся на траву.

Пачынаўся прыліў, мора затапляла пясчаныя водмелі каля ўвахода ў порт. На гарызонце віднеўся дым парахода, які чакаў моманту, каб падысці да шлюза.

— У вас ужо ёсць якія-небудзь меркаванні? — пачаў быў доктар, але змоўк, убачыўшы, што Мэгрэ заняты. Камісар адчыніў сакрэтнік з чырвонага дрэва, які стаяў паміж вокнамі, і з уласцівай яму ў такія моманты засяроджанасцю разглядваў змесціва скрынак. Цяпер Мэгрэ каму хочаш здаўся бы грубым. Паволі зацягваючыся, ён паліў велізарную люльку і бесцырымонна перабіраў тоўстымі пальцамі кожны прадмет.

Больш за ўсё было фатаграфій — толькі паспявай разглядваць. На многіх — сябры ў марской форме, амаль усе Жарысавага ўзросту. Відаць было, што капітан падтрымліваў сувязь з таварышамі па марской школе ў Брэсце. Яны пісалі яму з усіх канцоў свету. Фатаграфіі ці не ўсе з паштоўку, з аднолькава банальнымі, ледзь не стандартнымі надпісамі, адкуль бы яны ні прыходзілі, з Сайгона ці з Сант'яга: «Прывітанне ад Анры!» або «Нарэшце трэцяя лычка! Салют! Эжэн!».

Большасць гэтых фотакартак высланы на адрас: «Кан. Ангельска-Нармандская кампанія, судна «Дыяна», капітану Жарысу».

— Вы даўно знаёмы з капітанам? — спытаўся Мэгрэ ў доктара.

— Некалькі месяцаў. З тае пары, як ён служыў у порце. Да таго ён дваццаць восем гадоў плаваў капітанам на судне мэра.

— Судне мэра?

— Але, пана Эрнэста Гранмэзона, дырэктара Ангельска-Нармандскай кампаніі. І ўладальніка ўсіх яе адзінаццаці суднаў...

Яшчэ адна фатаграфія: Жарыс у дваццаць пяць гадоў. Ужо тады ён быў каржакаваты, і ўсмешка, відаць, часта з'яўлялася на яго шырокім, троху ўпартым твары. Сапраўдны брэтонец!

І нарэшце, у палатнянай папцы — дакументы, ад школьнага атэстата да дыплома капітана гандлёвага флоту... Розныя афіцыйныя паперы, метрыка, ваенны білет, пашпарт...

На падлогу ўпаў канверт — ужо крыху пажаўцелы. Мэгрэ падняў яго, выняў аркуш паперы.

— Завяшчанне? — спытаўся доктар, які, закончыўшы тут свае справы, чакаў прадстаўнікоў пракуратуры.

Мусіць, капітан поўнасцю давяраў Жулі: канверт нават не быў запячатаны. На аркушы было напісана прыгожым почыркам натарыуса:

«Я, што ніжэй падпісаўся, Іў-Антуан Жарыс, нарадзіўся ў Пэнполі, марак па прафесіі, пакідаю ўсю рухомую і нерухомую маёмасць маёй ахмістрыні Жулі Легран, у знак удзячнасці за шматгадовую верную службу.

Абавязваю яе перадаць:

кацер — капітану Дэлькуру; кітайскі фарфоравы сервіз — яго жонцы; кульбаку з разьбянай слановай косці...»

Не быў забыты амаль ніхто з партовых служачых, якіх Мэгрэ сустрэў ноччу. Нават шлюзаўшчык, якому капітан адпісаў «трайную рыбацкую сетку, што пад адлевам».

У гэты момант Жулі, скарыстаўшыся тым, што жанчыны пакінулі яе адну, каб згатаваць ёй для падтрымання сілы грог, узбегла па лесвіцы, адчыніла дзверы ў капітанаву спальню, кінулася да ложка, выдаючы ўсім сваім выглядам на вар'ятку, і адразу ж адступілася, спалохаўшыся мерцвяка, грымнулася на дыван і стала крычаць нешта неразборлівае.

Можна было ўгадаць: «немагчыма... Мой бедны гаспадар... мой... мой...»

Мэгрэ паволі падышоў да яе, дапамог устаць і адвёў дзяўчыну, як тая ні супраціўлялася, у яе пакой. Там усё было ў беспарадку: на ложку валялася адзежа, на падлозе стаяў тазік з мыльнай вадою.

— Хто наліваў капітану ваду ў графін на начным століку?

— Я... Учора раніцай... Калі ставіла ў вазу кветкі.

— Вы ў доме былі адна?

Жулі цяжка дыхала, але патроху прыходзіла да памяці — і тут такія вось пытанні камісара.

— Што гэта вам прыйшло ў галаву? — ускрыкнула яна раптам.

— Нічога. Супакойцеся. Я толькі што прачытаў Жарысава завяшчанне.

— Ну і што?

— Ён пакінуў вам усю сваю маёмасць. Цяпер вы багатая...

У адказ Жулі толькі разрыдалася.

— Капітана атруцілі вадою з графіна.

Дзяўчына кінула на Мэгрэ поўны нянавісці позірк і літаральна завыла:

— Што вы хочаце гэтым сказаць, га? Што вы хочаце сказаць?

Яна была ў такім стане, што схапіла Мэгрэ за рукаў і ліхаманкава трэсла яго. Яшчэ трохі — і ўчапілася б пазногцямі, так раз'юшылі яе камісаравы словы.

— Цішэй. Супакойцеся. Расследаванне толькі пачынаецца. Я ні на што не намякаю, а толькі спрабую разабрацца, што здарылася.

У дзверы пастукалі. Гэта быў палявы вартаўнік.

— Пракурор зможа прыйсці толькі пасля абеду, — паведаміў ён. — Пан мэр вярнуўся раніцаю з палявання і яшчэ не ўстаў. Ён прыйдзе, як толькі будзе гатовы.

Усе ў доме былі ўзнерваваныя. А людзі на дварэ, якія самі не ведалі, чаго тут чакалі, толькі нагняталі гэтую ўзнерваванасць.

— Вы застанецеся тут? — спытаўся Мэгрэ ў дзяўчыны.

— Вядома. А куды мне яшчэ дзецца?

Мэгрэ папрасіў доктара выйсці з пакоя і замкнуў дзверы на ключ. Ён пакінуў з Жулі толькі дзвюх жанчын, жонку дазорца з маяка і жонку аднаго шлюзаўшчыка.

— Не пускайце нікога, — сказаў ён палявому вартаўніку. — Калі спатрэбіцца, паспрабуйце збыць занадта цікаўных.

Мэгрэ вышаў з дома, прайшоў праз натоўп і накіраваўся да моста. Удалечыні па-ранейшаму выў гудок, але цяпер ён ужо быў ледзь чутны, бо вецер дзьмуў на мора. Было цёпла, сонца свяціла ўсё ярчэй. Пачынаўся прыліў.

Два шлюзаўшчыкі былі ўжо на сваіх месцах. На мосце Мэгрэ сустрэў капітана Дэлькура, з якім гаварыў ноччу. Той падышоў да яго.

— Дык гэта праўда? — спытаўся капітан.

— Але. Жарыса атруцілі.

— Хто?

Натоўп каля Жарысавага дома пачаў раставаць. Было відаць, як палявы вартаўнік, жастыкулюючы, пераходзіў ад аднае групкі да другой і нешта казаў. Людзі азіраліся на камісара. Цяпер іх цікавіў толькі ён.

— Ну што, пачынаецца шлюзаванне?

— Яшчэ не. Трэба, каб вада ўзнялася на тры футы. Вунь тое судна на рэйдзе чакае з шасці раніцы.

Іншыя служачыя — таможнікі, механік, гаспадар вартавога кацера, інспектар рыбааховы — не рашаліся падысці да капітана з камісарам. Кідаючы ў іх бок позіркі, яны рыхтаваліся да працы.

Урэшце, гэта і былі тыя самыя людзі, постаці якіх Мэгрэ ледзь распазнаваў у начным тумане і якіх мог цяпер добра разгледзець.

«Марацкі прытулак» быў зусім побач. З яго вокнаў, прыгледзеўся Мэгрэ, можна было ўбачыць і шлюз, і мост, і пірс, і маяк, і Жарысаў дом.

— Хадзем вып'ем па шклянцы? — прапанаваў камісар.

Ён здагадаўся, што ў час дзяжурства, калі можна было, увесь невялікі персанал порта збіраўся ў шынку. Капітан паглядзеў на ўзровень вады.

— Паўгадзіны ў мяне ёсць, — сказаў ён.

Яны ўвайшлі ў шынок — за імі нерашуча прасунуліся і астатнія. Мэгрэ запрасіў усіх за свой столік.

Трэба было пазнаёміцца з людзьмі, знайсці да іх нейкі ключ, заваяваць іх давер і нават стаць тут, наколькі гэта было магчыма, сваім.

— Што будзеце піць?

Усе пераглянуліся. Людзі яшчэ пачувалі сябе няёмка.

— Звычайна гэтай парой мы п'ём каву з ромам, — адказаў нехта.

Афіцыянтка прынесла каву. Людзі, якія, ідучы ад Жарысавага дома, пераходзілі мост, так і стараліся зазірнуць у вокны шынка. Відаць было, што разыходзіцца па дамах ім не хацелася — цікавей было бадзяцца ў порце, чакаючы, што там будзе далей.

Набіўшы люльку, Мэгрэ пусціў капшук па крузе. Капітан Дэлькур адмовіўся: ён паліў цыгарэты. Але механік, пачырванеўшы, прамармытаў: «З вашага дазволу» — і паклаў у рот каліва тытуню.

— Дзіўная гісторыя, згадзіцеся, — вымавіў нарэшце Мэгрэ.

Усе ведалі, што ён пачне размову пра гэта, — і ўсё-такі над столікам запала маўчанне.

— Здаецца, капітан Жарыс быў слаўны чалавек...

Сказаўшы гэта, Мэгрэ ўпотайкі зірнуў на твары партавікоў.

— І не кажыце, — сказаў Дэлькур.

Ён быў крыху старэйшы за свайго папярэдніка, не такі акуратны, як той, — можна было меркаваць па адзежы, і, здаецца, не грэбаваў спіртным.

Аднак ён не забываўся, паглядваючы раз-пораз у акно, назіраць за ўзроўнем вады і за суднам, якое якраз падымала якар.

— Рана пачынаюць! Цячэнне Орны можа знесці іх на водмель...

— Ваша здароўе... Урэшце, ніхто не ведае, што здарылася шаснаццатага верасня...

— Ніхто... Ноччу быў туман, як і сёння ноччу... Я тады не дзяжурыў. Праўда, прабыў тут да дзевяці гадзін — гуляў у карты з Жарысам і з сябрамі, якіх вы тут бачыце...

— Вы сустракаліся кожны вечар?

— Амаль што... У Вістрэаме не дужа дзе адпачнеш, хіба што ў гэтым шынку... У той вечар Жарыс некалькі разоў выходзіў, каб паглядзець, як праходзілі судны... А палове дзесятай прыліў скончыўся... Жарыс знік у тумане — думалі, што пайшоў дамоў...

— Калі вы даведаліся, што яго тут няма?

— На раніцу... Жулі прыйшла ў порт спытаць, дзе ён... Яна заснула да таго, як капітан мусіў вярнуцца дамоў, і здзівілася, калі не застала яго ў спальні...

— Я не хачу сказаць пра яго нічога благога, толькі ён быў нейкі не такі, як усе... Не тое каб ганарлівы, не!.. Але надта ўжо глядзеў за сабою, разумееце!.. Ён ніколі не прыйшоў бы на працу ў сабо, як Дэлькур. Гуляў тут у карты, па вечарах, але ўдзень не заходзіў сюды ніколі... Са шлюзаўшчыкамі быў на «вы»... Не ведаю, ці разумееце вы, што я хачу сказаць...

Мэгрэ выдатна яго разумеў. Ён правёў у чысцюткім доме Жарыса, дзе ўсё так і патыхала добрым буржуазным парадкам, некалькі гадзін. А цяпер бачыў заўзятых наведнікаў шынка, людзей нашмат прасцейшых за нябожчыка. Яны, напэўна, прапускалі тут чарку за чаркаю. Гамонка рабілася ўсё больш гучная, вольная, нязмушаная.

— Жарыс шмат выпіў у той вечар?

— Ён ніколі не піў больш аднае чаркі, — сказаў таможнік, якому, як было відаць, не цярпелася далучыцца да гаворкі. — І не паліў!

— Ну, а... скажыце... у яго з Жулі...

Усе пераглянуліся. Некаторыя нерашуча заўсміхаліся.

— Цяжка сказаць... Жарыс кляўся, што не... Толькі...

У гаворку зноў уступіў таможнік:

— Жарыс заходзіў сюды толькі, каб пагуляць трохі ў карты. Ніколі не расказваў пра сваё прыватнае жыццё і ішоў дамоў пасля першай чаркі.

— Жулі ўжо каля васьмі гадоў жыве ў яго доме... Тады, як ён яе ўзяў да сябе, ёй было шаснаццаць... Была простая вясковая дзяўчына, лічы, смаркатая, кепска адзетая...

— А цяпер...

Падышла афіцыянтка, хоць яе ніхто і не клікаў, і зноў наліла рому ў шкляначкі, на дне якіх засталося крыху кавы. Мабыць, гэта таксама ўваходзіла ў рытуал.

— А цяпер вунь яна якая... Ну, вось... На вячорках яна ніколі не танцуе абы з кім... Калі хто ў краме з ёй па-простаму, дык яна ўжо сярдуе... А хто ты такая, калі ўжо на тое пайшло?.. А вось брат у яе...

— Брат?..

Механік паглядзеў таможніку ў вочы. Але Мэгрэ перахапіў гэты позірк.

— Камісар усё роўна дазнаецца пра яго! — сказаў таможнік, які, відаць, прапусціў сёння ўжо каторую добрую шкляначку. — Яе брат адбыў на катарзе восем гадоў... Неяк напіўся вечарам з сябрамі ў Анфлёры, ну, і нарабілі на вуліцы гвалту... Падаспела паліцыя, і хлопец так прыклаўся да аднаго паліцэйскага, што той праз месяц памёр.

— Ён — марак?

— Раней хадзіў у дальнія рэйсы, а потым вярнуўся сюды. Плавае цяпер на шхуне «Сэн-Мішэль» з Пэнполя.

Капітан Дэлькур занерваваўся.

— Хадзем! — сказаў ён, устаючы. — Пара ўжо...

— Параход яшчэ ў шлюз не ўвайшоў, — уздыхнуў таможнік — гэты не надта спяшаўся.

— «Сэн-Мішэль» бывае тут хоць калі?

— Але, заходзіць...

— Ён быў тут шаснаццатага верасня?

Таможнік, усё роўна як апраўдваючыся, сказаў суседу:

— Ён бы ўсё адно даведаўся пра гэта з партовага журнала!.. Быў ён тут... З-за туману яны нават правялі на ўваходзе ў порт ноч і адплылі толькі на золку...

— Куды?

— У Саўтхэмптан. Дакументы правяраў я... Яны везлі з Кана будаўнічы камень.

— А больш брата Жулі тут не бачылі?

Цяпер таможнік завагаўся. Уздыхнуў, дапіў ром.

— Трэба спытаць у тых, хто кажа, што бачыў яго ўчора... Асабіста я яго не сустракаў.

— Учора?

Таможнік паціснуў плячыма. У акно было відаць, як праходзіць паволі між муроў шлюза, узвышаючыся над усім портам, велізарны чорны параход — яго труба плыла над старымі дрэвамі ўздоўж канала.

— Мне трэба ісці...

— Мне таксама...

— Колькі з нас, прыгажуня? — спытаўся Мэгрэ.

— Заплаціце другім разам. Гаспадыні цяпер няма...

Людзі, якія ўсё яшчэ чакалі, ці не здарыцца што-небудзь цікавае каля Жарысавага дома, назіралі цяпер за ангельскім параходам, што стаяў ужо ў шлюзе. Мэгрэ выйшаў з шынка. У гэты момант да порта падыходзіў нейкі мужчына, і камісар здагадаўся, што гэта мэр, якога ён бачыў ноччу здалёк.

Гэта быў чалавек высокага росту, гадоў прыкладна сарака пяці — пяцідзесяці, ружовашчокі, трохі цяжкаваты. На ім быў шэры строй паляўнічага, на нагах — гетры. Мэгрэ падышоў да яго.

— Пан Гранмэзон? Камісар Мэгрэ, з крымінальнай паліцыі.

— Вельмі прыемна, — машынальна вымавіў мэр і паглядзеў на шынок. Потым зірнуў на Мэгрэ — і зноў на шынок, нібыта кажучы: «Дзіўнаватая кампанія для такой персоны!»

Ён ішоў да шлюза, цераз які трэба было перабрацца, каб выйсці да Жарысавага дома.

— Кажуць, Жарыс памёр?

— Кажуць, — адказаў Мэгрэ, якому мэраў тон не прыйшоўся даспадобы.

Звычайна так паводзяць сябе местачковыя «шышкі», якія ўяўляюць, што яны — пуп зямлі. Апранаюцца, як вясковыя арыстакраты, і аддаюць даніну дэмакратыі, паціскаючы на хаду, бы міжволі, рукі грамадзянам, кідаюць ім пры гэтым два-тры нязначныя словы, а зрэдку нават распытваюць збольшага пра дзяцей.

— І вы ўжо знайшлі забойцу?.. Як я разумею, гэта вы прывезлі Жарыса і... Прабачце, калі ласка...

Мэр падышоў да інспектара рыбааховы, які, відаць, прыслугоўваў яму на паляванні, бо Гранмэзон сказаў яму цяпер:

— Увесь чарот злева трэба выпрастаць... Адна з падсадных качак нікуды не вартая, сёння ўранку была ледзь жывая...

— Добра, пан мэр.

Гранмэзон вярнуўся да Мэгрэ. Па дарозе паспеў паціснуць руку начальніку порта, спытаўшыся:

— Як тут у вас?

— Нармальна, пан мэр.

— Дык пра што, камісар, мы гаварылі?.. Колькі праўды ва ўсіх гэтых расказах пра зашыты чэрап, вар'яцтва і ўсё такое?..

— Як вы ставіліся да капітана?

— Ён служыў у мяне дваццаць восем гадоў. Слаўны чалавек, бездакорны на службе.

— Сумленны?

— Яны тут амаль усе сумленныя.

— Колькі ён зарабляў?

— Па-рознаму, вайна ж усё пераварушыла... Аднак дастаткова, каб купіць дамок. Іду ў заклад, што ў банку ў яго было сама меней тысяч дваццаць пяць.

— А можа, больш?

— Не думаю. Ну, хіба што тысяч на пяць, але не больш.

У гэты час адчынілі верхнія вароты шлюза, і судна выходзіла ў канал, а другое, што прыйшло з Кана, рыхтавалася заняць яго месца ў шлюзе, каб выйсці пасля ў адкрытае мора.

Стаяла цішыня. Людзі сачылі вачыма за камісарам і мэрам. З палубы ангельскага карабля матросы абыякава пазіралі на натоўп, не забываючыся манеўраваць.

— Што вы думаеце пра Жулі Легран, пан мэр?

Пан Гранмэзон прамаўчаў, пасля адказаў:

— Дурніца, якой ускружыла галаву занадта пачцівае Жарысава далікацтва... Думае пра сябе... немаведама што... ва ўсякім выпадку, зусім не тое, што яна ёсць на самой справе...

— А яе брат?

— Я яго ніколі не бачыў... Мне казалі, што нягодны чалавек...

Перабраўшыся праз шлюз, яны падыходзілі цяпер да агароджы Жарысавага дома, каля якой усё яшчэ ашываліся некалькі хлопчыкаў.

— А чаго ён памёр?

— Стрыхнін.

Выгляд у Мэгрэ быў сама рашучы. Ён ступаў паволі, засунуўшы рукі ў кішэні, у роце была люлька, якая пасавала яго шырокаму твару, — у яе ўваходзіла чвэрць пачка махоркі.

На нагрэтай сонцам агароджы ляжала белая кошка. Прыкмеціўшы людзей, яна ўскочыла і ўцякла.

— Вы не будзеце заходзіць? — здзівіўся мэр, убачыўшы, што Мэгрэ чамусьці спыніўся.

— Хвілінку! Як вы думаеце, ці была Жулі каханкаю ў капітана?

— Не ведаю, — з раздражненнем адказаў Гранмэзон.

— Вы часта бывалі ў яго доме?

— Ніколі! Жарыс служыў у мяне, а ў такіх выпадках...

Зрабіўшы невялікую паўзу, мэр усміхнуўся — шматзначна, з годнасцю вялікага пана.

— Пакончым з гэтым хутчэй, — дадаў ён, — калі вы не пярэчыце. Неўзабаве абед, у мяне будуць госці...

— Вы жанаты?

Мэгрэ ўпарта распытваў мэра, паклаўшы рукі на клямку брамкі.

Гранмэзон паглядзеў на яго зверху ўніз (ён быў вышэйшы — прыкладна метр восемдзесят пяць). Камісар заўважыў, што мэр крыху касавокі.

— Мушу вас папярэдзіць, што калі вы і далей будзеце гаварыць са мною такім тонам, то для вас гэта можа скончыцца непрыемнасцю... Пакажыце мне тое, што вы павінны паказаць.

Мэр сам адчыніў брамку. Калі ён ступіў на ганак, палявы вартаўнік, які ахоўваў дом, пачціва адышоўся ўбок.

Праз зашклёныя дзверы кухні Мэгрэ кінулася ў вочы, што ў пакоі сядзелі абедзве жанчыны, але Жулі не было.

— Дзе яна? — спытаўся камісар.

— Паднялася да сябе... Зачынілася і не хоча выходзіць...

— Чаму гэта раптам?..

Жонка дазорцы з маяка растлумачыла:

— Ёй стала лепш... Праўда, яна яшчэ плакала, але ўжо меней, толькі калі гаварыла... Я прапанавала ёй з'есці што-небудзь, і яна адчыніла шафу...

— Ну і што?

— Не ведаю... Мне здалося, яна спалохалася... Кінулася адразу ж па лесвіцы, мы і пераглянуцца не паспелі, як яна зачынілася на ключ...

У шафе не было нічога асаблівага: посуд, кошык з яблыкамі, талерка з марынаванымі селядцамі, дзве міскі з рэшткамі лою — мусіць, нядаўна там было мяса.

— Я чакаю, пакуль вы зробіце ласку заняцца справаю, — нецярпліва сказаў мэр з калідора. — Ужо ж палова дванаццатай... Мне здаецца, што паводзіны гэтай Жулі...

Мэгрэ замкнуў шафу, паклаў ключ у кішэню і, цяжка ступаючы, рушыў да лесвіцы.

 

III. КУХОННАЯ ШАФА

 

— Адчыніце, Жулі!

Ні слова адказу. Чуваць адно, як дзяўчына кінулася на ложак.

— Адчыніце!

Зноў маўчанне. Тады Мэгрэ ўдарыў плячом у дзверы, і замок вылецеў.

— Чаму вы не адчынялі?

Яна не плакала. На твары — ніякага хвалявання. Больш таго, яна спакойна скурчылася на ложку і, застылая, глядзела на шклянку вады на крэсле. Калі камісар падышоў да дзяўчыны, яна ўскочыла і кінулася да дзвярэй.

— Пакіньце мяне адну! — вымавіла яна.

— Добра. Толькі аддайце мне цыдулку, Жулі.

— Якую цыдулку?

Дзяўчына, пэўна, спадзявалася, што як будзе дзёрзкая, дык не выдасць сябе, што маніць.

— Капітан дазваляў вашаму брату наведваць вас?

Маўчанне.

— Значыцца, не дазваляў. А ваш брат усё-такі прыходзіў! І, здаецца, прыходзіў той ночы, калі знік Жарыс.

Яна кінула на яго злосны позірк — здавалася, вось-вось выбухне нянавісцю.

— «Сэн-Мішэль» стаяў у порце, і, натуральна, брат мог зайсці да вас. Адно пытанне: калі ён прыходзіць, вы яго корміце?..

— Жывёліна! — выціснула Жулі.

Мэгрэ гаварыў:

— Ён прыходзіў сюды ўчора, калі вы былі ў Парыжы. Не застаўшы вас тут, пакінуў цыдулку. А для ўпэўненасці, што вы яе знойдзеце, паклаў у кухонную шафу... Дайце мне гэтую цыдулку.

— У мяне яе ўжо няма!

Мэгрэ паглядзеў на халодны камін, на зачыненае акно.

— Дайце мне яе!

Жулі ўся сціснулася і была цяпер падобная не на дарослую дзяўчыну, а на раззлаванае дзіця. Злавіўшы яе позірк, Мэгрэ зычліва сказаў:

— Дурніца!

Цыдулка была пад падушкаю, на якой Жулі толькі што ляжала. Але замест таго, каб прыціхнуць, упартая дзяўчына зноў пачала наступаць на Мэгрэ, спрабуючы вырваць цыдулку. Яго ж такія паводзіны проста пацяшалі.

— Ну, годзе! — нарэшце пагрозліва вымавіў ён, перахапіўшы руку дзяўчыны.

Цыдулка была кароткая. Адразу ж кінуліся ў вочы нязграбныя літары і мноства памылак: «Калі вернешся з гаспадаром, глядзі за ім, бо ёсць чалавек, які мае на яго зуб. Я вярнуся з суднам праз два-тры дні. Катлет не шукай, я іх з'еў. Твой брат навек».

Мэгрэ апусціў галаву, настолькі збіты з панталыку, што забыўся ўжо зусім на дзяўчыну.

Праз чвэрць гадзіны начальнік порта сказаў яму, што «Сэн-Мішэль» цяпер, мабыць, у Фекане і прыйдзе сюды, калі не пераменіцца вецер, ноччу.

— Вы ведаеце, дзе якое судна ў які час?

Мэгрэ занепакоена паглядзеў на зіхоткае мора — недзе ўдалечыні віднеўся адзінокі дымок.

— Паміж портамі існуе сувязь. Паглядзіце, вось спіс суднаў, якія мы чакаем сёння, — паказаў капітан Дэлькур на чорную дошку, што вісела на сцяне партовай канторы: там былі напісаны крэйдаю назвы суднаў.

— Знайшлі што-небудзь?.. Не верце надта таму, што расказваюць... Нават калі гэта людзі сур'ёзныя!.. Ведалі б вы толькі, колькі тут можа быць розных дробных разлікаў!.. Зайздрасць, якая-небудзь крыўда, — сказаў Дэлькур, памахаўшы рукой капітану судна, што выходзіла ў мора. Потым, зірнуўшы ў бок шынка, уздыхнуў. — Убачыце самі!

Гадзіны ў тры дня прадстаўнікі пракуратуры закончылі агляд дома нябожчыка, выйшлі на двор, адчынілі садовую брамку і накіраваліся да сваіх машын, каля якіх сабралася нямала вістрэамцаў.

— Мабыць, тут багата качак! — сказаў пракурораў намеснік мэру, акінуўшы позіркам наваколле.

— Сёлета не вельмі... А вось летась...

Мэр кінуўся да першае машыны, якая кранулася з месца.

— Спынімся на хвілінку ў мяне, добра? Жонка чакае нас...

Мэгрэ застаўся на вуліцы адзін, і мэр, хочучы здавацца ветлівым, сказаў яму:

— Едземце з намі. Вам трэба пабыць трохі з гэтымі людзьмі.

У капітанавым доме засталіся толькі Жулі і дзве жанчыны, а каля дзвярэй палявы вартаўнік чакаў фургон, які павінен быў забраць нябожчыка ў Кан.

У машынах размовы ўжо дужа выдавалі на тыя, што нярэдка здараюцца пасля пахавання і заканчваюцца ў люднай кампаніі вельмі і вельмі весела. Мэгрэ ўладкаваўся не лепшым чынам: сядзеў на адкідным крэсле. Мэр гаварыў з пракуроравым намеснікам:

— Калі б гэта залежала ад мяне аднаго, я жыў бы тут увесь год. Але жонцы вёска не вельмі даспадобы, таму і жывём больш у нашым доме ў Кане... Цяпер яна вярнулася з Жуан-ле-Пэн, дзе адпачывала месяц з дзецьмі...

— Колькі гадоў старэйшаму?

— Пятнаццаць.

Партовыя служачыя глядзелі на машыны, што праехалі акурат міма іх, з відавочнай цікаўнасцю.

Неўзабаве пад'ехалі да мэравай вілы. Стаяла яна каля дарогі на Ліён-сюр-Мэр. Гэта быў вялікі дом, пабудаваны ў нармандскім стылі. Вакол яго былі газоны з белымі агароджамі і фаянсавымі фігуркамі звяркоў.

У вялікай прыхожай гасцей сустрэла пані Гранмэзон, у сукенцы з цёмнага шоўку. Яна стрымана ўсміхалася, як і належыць даме з вышэйшага свету. Дзверы ў гасцёўню былі адчыненыя. На стале было поўна лікёраў і скрыначак з цыгарамі.

Усе добра ведалі адно аднаго: тут сабралася цяпер ці не ўся канская эліта. Служанка ў белым фартуху прымала паліто і капелюшы.

— Пан суддзя, вы напраўду не былі ні разу ў Вістрэаме, хоць і жывяце ў Кане столькі гадоў?..

— Дванаццаць гадоў, пані... Бог ты мой, а вось і мадэмуазель Жызэль...

Да гасцей выйшла пакланіцца дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, якая здавалася ўжо дзяўчынаю, асабліва манераю трымацца, вельмі свецкай, як і ў яе маці. Між тым пазнаёміць Мэгрэ з гаспадыняю дома забыліся.

— Мяркую, пасля таго што вы ўбачылі, вы ахвотней вып'еце чарачку лікёру, а не гарбаты... Трошкі каньяку, пан намеснік пракурора? Ваша жонка ўсё яшчэ ў Фантэнбло?..

Гаварылі з усіх бакоў разам. Мэгрэ лавіў абрыўкі фраз.

— Не!.. Дзесятак качак за ноч — сама болей... Клянуся, зусім не холадна... Будан уцеплены...

З іншага боку:

— ...вялікія маюць страты ад крызісу ў фрахтаванні?..

— Усё залежыць ад кампаніі. Тут гэта не адчуваецца. Ніводнага судна не паставілі на прыкол. Але дробныя суднаўладальнікі, асабліва тыя, у каго толькі маленькія кабатажныя шхуны, ужо ў накладзе... Можна сказаць, у прынцыпе ўсе шхуны мэтазгодна прадаць: яны сябе не акупляюць...

— Не, мадам, — шэптам тлумачыў непадалёк пракурораў намеснік. — Не трэба нічога баяцца. Тайна гэтага забойства, калі яна існуе, хутка будзе разгадана. Ці ж не так, пан камісар?.. Але... Дарэчы, вас пазнаёмілі?.. Камісар Мэгрэ, адзін з выдатных кіраўнікоў нашай крымінальнай паліцыі...

Мэгрэ ўсё роўна як застыў на месцы, твар у яго быў абсалютна абыякавы. Ён неяк дзіўна зірнуў на Жызэль, якая падавала яму талерку з пірожнымі.

— Дзякую, не трэба.

— Вы не любіце пірожных?

— Ваша здароўе!

— За здароўе нашай мілай гаспадыні!

Судовы следчы, высокі хударлявы чалавек гадоў пяцідзесяці, які вельмі дрэнна бачыў, хоць і насіў акуляры з тоўстымі лінзамі, адвёў Мэгрэ ўбок.

— Вядома, я даю вам поўную свабоду дзеяння. Але тэлефануйце мне кожны вечар і трымайце ў курсе. Што вы пра ўсё гэта думаеце? Забойства з мэтаю рабунку, праўда?..

І паколькі да іх падыходзіў Гранмэзон, ён загаварыў гучней:

— Вам пашанцавала з мэрам: ён аблегчыць вашу задачу... Ці ж не, мой мілы сябар?.. Я казаў камісару, што...

— Калі ён таго пажадае, мой дом будзе і яго домам... Мне здаецца, вы спыніліся ў гатэлі?

— Але. Дзякую за запрашэнне, толькі там мне бліжэй да порта.

— І вы мяркуеце, што падступіцеся да разгадкі ў шынку?.. Асцярожней, камісар!.. Вы не ведаеце Вістрэама!.. Падумайце, чаго толькі не забяруць у галаву людзі, што днямі сядзяць у шынку!.. Ды яны на бацьку нагавораць, на маці, абы языкамі пачасаць...

— Давайце не будзем болей пра гэта, — прапанавала пані Гранмэзон, лагодна ўсміхаючыся. — Пірожнае, камісар?.. Няўжо?.. Вы праўда не любіце салодкага?..

Другім разам! Гэта ўжо лішне! Мэгрэ ледзь не выцягнуў з кішэні сваю велізарную люльку.

— Дазвольце развітацца... Мне трэба разабрацца ў некаторых дэталях справы...

Ніхто і не спрабаваў яго трымаць. Зрэшты, яго прысутнасцю тут не даражылі, як і сам ён не адчуваў асалоды ад кампаніі гэтых людзей. На вуліцы ён набіў люльку і пайшоў паволі ў порт. Камісара тут ужо ведалі. Знаючы, што ён прапусціў з партавікамі ў шынку, некаторыя здароўкаліся з ім, як з добрым знаёмым.

Калі ён падыходзіў да пірса, машына, якая забрала цела капітана Жарыса, каціла ўжо ў бок Кана. За акном на першым паверсе дома нябожчыка можна было разгледзець твар Жулі, якую жанчыны спрабавалі вывесці на кухню.

Каля рыбацкага баркаса, які вярнуўся толькі што з уловам, стаяла некалькі чалавек. Два матросы перабіралі рыбу. Таможнікі, абапершыся на парапет моста, бавілі доўгія гадзіны дзяжурства.

— Мне толькі што пацвердзілі, што «Сэн-Мішэль» прыбывае заўтра, — сказаў капітан, падыходзячы да Мэгрэ. — Ён прастаяў тры дні ў Фекане на рамонце бушпрыта...

— Скажыце, ён перавозіць калі-небудзь сушоную трасковую ікру?

— Трасковую ікру? Не. Яе прывозяць з Нарвегіі на скандынаўскіх шхунах ці параходзіках... Але яны не заходзяць у Кан, а ідуць адразу да портаў, у раёнах якіх ловяць сардзіны, — у Канкарно, Сабль-д'Алон, Сэн-Жандэ-Люз...

— А маржовы тлушч?

Капітан аж вочы вылупіў.

— А гэта нашто?..

— Не ведаю...

— Не! Судны кабатажнага плавання перавозяць заўсёды амаль адно і тое ж: гародніну, асабліва цыбулю — у Ангельшчыну, вугаль — у брэтонскія парты, камень, цэмент, шыфер... Я гаманіў са шлюзаўшчыкамі наконт апошняга заходу «Сэн-Мішэля». Шаснаццатага верасня ён прыйшоў з Кана якраз у канцы прыліву. Партавікі збіраліся закончыць работу. Жарыс сказаў, што ў фарватэры мала вады, каб выходзіць у мора, асабліва ў тумане. А капітан дамогся ўсё ж такі свайго, і ім дазволілі прайсці шлюз, каб яны маглі адплыць ужо на золку. Яны правялі ноч вось тут, у пярэдняй частцы порта, прышвартаваўшыся да паляў. У адліў судна ледзь не села на водмель, і яны адплылі толькі а дзевятай гадзіне раніцы...

— Брат Жулі быў на борце?

— Вядома! Іх усяго трое: капітан, ён жа і гаспадар судна, і два матросы. Вялікі Луі...

— Гэта мянушка катаржніка?

— Але. А імя — Луі. Ён ростам вышэйшы за вас і прыдушыць любога адной рукою...

— Небяспечны тып?

— Калі вы спытаеце пра яго ў мэра або ў іншага тутэйшага буржуа, вам скажуць, што небяспечны. Ну, а я ведаў яго да таго, як ён трапіў на катаргу. Нячаста ён тут і бывае. Магу адно сказаць, што ў Вістрэаме ён глупстваў ніколі не рабіў. П'е, вядома... Ці пэўна п'е... цяжка сказаць... Заўсёды нейкі спляжаны... То з'явіцца, то знікне... Накульгвае на адну нагу, галава і плечы ўсё роўна як крыху перакошаныя — вось і выглядае падазрона... Толькі капітан «Сэн-Мішэля» ім задаволены...

— І ён быў учора, калі адсутнічала сястра?

Дэлькур адвярнуўся, не рашыўшыся зманіць. І Мэгрэ зразумеў, што ўсяе праўды яму тут ніколі не скажуць: усе гэтыя людзі мора былі звязаны нейкім моцным духам еднасці.

— Не адзін ён.

— Што вы хочаце сказаць?

— А нічога. Кажуць, што бачылі нейкага незнаёмага... Зрэшты, хто яго ведае...

— Хто яго бачыў?

— Не ведаю... Кажуць так некаторыя... Можа, вып'ем?..

Гэтым разам Мэгрэ ўвайшоў у шынок, паціскаючы працягнутыя рукі.

— Хуценька ж яны ўправіліся, пракуратуршчыкі!..

— Што будзеце піць?

— Піва.

За ўвесь дзень сонца ні разу не схавалася. Але паміж дрэвамі працягнуліся ўжо смугі туману, дый вада ў канале пачынала дыміцца.

— Зноў на ўсю ноч у гэтую вату! — уздыхнуў капітан.

І адразу ж завыла сірэна.

— Гэта сігнальны буй, там, пры ўваходзе ў фарватэр.

— Капітан Жарыс часта хадзіў у Нарвегію? — спытаўся раптам Мэгрэ.

— Калі служыў у Ангельска-Нармандскай кампаніі, дык нярэдка. Асабліва адразу пасля вайны: не хапала дрэва. Паршывы груз, ніякай магчымасці манеўраваць...

— Вы служылі ў адной кампаніі?

— Нядоўга. Я больш служыў у бардоскай кампаніі «Вормс». Хадзіў, як мы кажам, на «трамваі», гэта значыць па адным і тым самым маршруце: Бардо — Нант, Нант — Бардо... І так — васемнаццаць гадоў!

— Адкуль родам Жулі?

— Дачка рыбака з Порт-ан-Бэсэна... Зрэшты, які там рыбак!.. Бацька ніколі сур'ёзнай справай не займаўся... Памёр у вайну... Маці, напэўна, і сёння гандлюе на вуліцы рыбай, а больш п'е ў шынку.

І зноў, думаючы пра Жулі, Мэгрэ ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Ён згадаў, як яна рашуча ўвайшла ў яго кабінет у Парыжы, а потым, як сёння раніцай спрабавала вырваць у яго з рук братаву цыдулку.

Жарысаў дом ужо знікаў у тумане. Святла не было ні на другім паверсе, адкуль забралі нябожчыка, ні ў сталовай — яно гарэла толькі ў калідоры і, мабыць, на кухні, дзе суседкі сядзелі з Жулі.

У шынок увайшлі памочнікі шлюзаўшчыкоў. Каб не замінаць камісару і капітану, яны селі за столік у глыбіні шынка і пачалі партыю ў даміно. У порце запалілі маяк.

— Паўтарыце! — сказаў капітан афіцыянтцы, паказваючы на чаркі. — Цяпер я частую, — зноў павярнуўся ён да Мэгрэ.

А той спытаў у яго нечакана мяккім голасам:

— А дзе б ён цяпер быў, Жарыс, калі б быў жывы? Тут?..

— Не! Сядзеў бы ў сябе дома ў пантофлях!

— У сталовай? У спальні?

— На кухні... чытаў бы газету, потым садовую кнігу... З нейкага часу ён захапіўся кветкамі... Паглядзіце! Позняя восень, а ў яго поўны сад кветак...

Астатнія наведнікі шынка засмяяліся. Але, відаць, ім было крыху ніякавата ад таго, што яны марнуюць час тут, а не маюць якога-небудзь вартага захаплення, накшталт кветак, як у Жарыса...

— Ён не хадзіў на паляванне?

— Зрэдку... Хіба што калі яго хто запрашаў...

— З мэрам?

— І такое бывала... Калі качак было багата, яны разам палявалі з будана...

Святло ў шынку было такое слабае, што ў тытунёвым дыме амаль не было відаць гульцоў у даміно. І паветра было спёртае: увесь час палілі ў печцы. На вуліцы была поўная цемра, але ў тумане яна рабілася мутная — нечым нездаровым патыхала ад яе. Па-ранейшаму выла сірэна. Люлька ў Мэгрэ патрэсквала.

Адкінуўшыся на крэсле і прыплюшчыўшы вочы, ён спрабаваў злучыць асобныя дэталі справы, пакуль яшчэ нічым між сабою не звязаныя.

— Жарыс знік на паўтара месяцы і вярнуўся з разбітым і залатаным чэрапам! — сказаў ён, не прыкмеціўшы, што думае ўголас. — А ў дзень вяртання яго чакала тут атрута. І толькі на раніцу Жулі знайшла цыдулку ад брата!

Мэгрэ цяжка ўздыхнуў і прамармытаў, нібы рабіў выснову:

— Урэшце, яго спрабавалі забіць! Пасля вылечылі. А потым усё ж такі забілі! Калі толькі...

Гэтыя тры падзеі ніяк не звязваліся ў адно. І тут раптам у галаву прыйшла дзіўная думка — настолькі дзіўная, што нават спалохала яго.

«Калі толькі першы раз яго спрабавалі не забіць, а проста зрабіць ідыётам...»

Хіба парыжскія медыкі не казалі, што аперацыю зрабіў майстар сваёй справы?

Але няўжо, каб зрабіць чалавека непаўнацэнным, трэба раскраіць яму чэрап?

І потым, што гаворыць за тое, што Жарыс страціў розум?

На Мэгрэ глядзелі ў пачцівым маўчанні. Хіба што таможнік паказаў адзін раз афіцыянтцы на чаркі:

— Тое ж самае...

Усе сядзелі, ёмка ўладкаваўшыся на крэслах, разамлелыя ад цяпла і задуменныя. І думкі гэтыя, і без таго не надта ясныя, рабіліся зусім цьмяныя.

Чуваць было, як праехалі тры машыны: прадстаўнікі пракуратуры вярталіся ў Кан пасля прыёму ў мэра. А цела капітана Жарыса ў гэты час ужо ляжала ў халодным моргу Інстытута судова-медыцынскай экспертызы.

Усе маўчалі. У куце пастуквалі па абшарпаным стале костачкамі даміно памочнікі шлюзаўшчыкоў. І адчувалася ўжо, што загадка Жарысавай смерці занепакоіла спакваля і партавікоў, ціснула на кожнага з іх, здавалася, павісала ўжо ў паветры і не давала думаць ні пра што іншае... Твары нахмурыліся. Сама малады таможнік не выцерпеў і ўстаў.

— Пайду дамоў... Жонка чакае...

Мэгрэ працягнуў свой капшук суседу, які, набіўшы люльку, перадаў яго далей. Тады пачуўся голас Дэлькура. Той таксама ўстаў, бо не мог тут болей трываць.

— Колькі я вінен вам, Марта?

— За дзве порцыі?.. Дзевяць франкаў семдзесят пяць сантымаў... Плюс тры дзесяць за ўчарашняе...

Цяпер ужо ўсталі ўсе. Праз зачыненыя дзверы ў шынок цягнула халодным паветрам. Паціснулі адзін аднаму рукі.

На вуліцы, ахутанай туманам, кожны пайшоў у свой бок. Чуваць быў стук абцасаў, які перакрыла раптам сірэна.

Мэгрэ, нерухомы, прыслухоўваўся нейкі час да крокаў — яны былі то цяжкія, то няўпэўненыя, то рабіліся раптам хуткія...

І камісар зразумеў, што немаведама як, але страх працяў гэтых людзей.

Яны баяліся, усе, што ішлі цяпер дамоў, баяліся ўсяго і нічога — нейкае няяснае небяспекі, нечага нядобрага, што нельга было пакуль яшчэ прадказаць, баяліся і цемры і святла.

«Што, калі гэтым не скончыцца?» — думалі, мусіць, яны.

Мэгрэ вытрас з люлькі попел і зашпіліў паліто.

 

IV. «СЭН-МІШЭЛЬ»

 

— Ну як? — занепакоена пытаўся гаспадар гатэля, як толькі Мэгрэ браўся за новую талерку.

— Нічога, — адказваў камісар, які, па праўдзе сказаць, і не заўважаў, што ён еў.

Мэгрэ сядзеў адзін у гатэльным рэстаранчыку на сорак — пяцьдзесят чалавек. Жыццё ў гатэлі віравала толькі ўлетку, калі ў Вістрэам прыязджалі адпачыць на беразе мора. Мэбля — як і ва ўсіх пляжных гатэлях. Вазачкі на сталах.

Нічога агульнага з Вістрэамам, які цікавіў камісара і які ён, адчуваючы задавальненне, пачынаў разумець.

У кожным расследаванні ён больш за ўсё не любіў менавіта пачатку: за няёмкасць першых сустрэч і розныя падманлівыя меркаванні.

Напрыклад, ужо сама назва — Вістрэам. У Парыжы яму чамусьці здавалася, што гэта — партовы гарадок, як Сэн-Мало. А потым, у першы ўжо вечар, Мэгрэ зразумеў, што гэта — змрочны куток зямлі, населены суровымі і маўклівымі людзьмі.

Цяпер ён ведаў Вістрэам і пачуваў сябе ў ім як дома. Не дужа самавіты гарадок, у які вядзе абсаджаная дрэўцамі дарога. Адзін толькі порт і заслугоўвае ўвагі: шлюз, маяк, Жарысаў дом, шынок «Марацкі прытулак». Цікава было назіраць жыццё гарадка, якое раней здалося загадкавым, цяпер рабілася ўсё больш зразумелым: два шлюзаванні на дзень, рыбакі з кашамі, жменька людзей, якія толькі тым і займаюцца, што сочаць за праходам суднаў, якія вяртаюцца з кабатажнага плавання, іх капітаны...

Ключа да разгадкі тайны пакуль не было. Усё заставалася загадкавым. Але добра было ўжо хоць тое, што цяпер ён бачыў дзейных асоб гэтай заблытанай гісторыі кожную на сваім месцы, у сваім асяродку, занятую сваёй заўсёднай справаю...

— Вы тут надоўга? — спытаўся гаспадар, падаючы каву.

— Не ведаю.

— Здарылася б гэта ў сезон, былі б у мяне вялікія страты...

Цяпер Мэгрэ дакладна адрозніваў чатыры Вістрэамы: Вістрэам-порт, Вістрэам-гарадок, Вістрэам буржуазны, з некалькімі віламі, як у мэра, уздоўж дарогі, і, нарэшце, Вістрэам курортны, які часова не існуе.

— Пойдзеце куды-небудзь?

— Пайду пагуляю крыху перад сном.

Пачынаўся прыліў. Было халадней, чым напярэдадні, бо туман, не радзеючы, ператвараўся ў кропелькі ледзяной вады.

Усё наўкол было чорнае, вокны і дзверы зачыненыя. Віднелася толькі вільготнае вока маяка. Са шлюза даносіліся галасы.

Кароткі гудок карабля. Набліжаліся два агні — чырвоны і зялёны. Уздоўж шлюза плыла нейкая велізарная маса.

Цяпер Мэгрэ зразумеў, што з мора ішоў параход. Камісар убачыў чалавечую постаць. Зараз марак прыме з судна швартоў і замацуе яго на першым кнехце. Потым капітан загадае даць задні ход, каб судна спынілася.

Міма Мэгрэ, неспакойна гледзячы на пірсы, прайшоў Дэлькур.

— Што здарылася?

— Не ведаю...

Ён хмурыў бровы, з усёй сілы ўзіраючыся ў мора, нібыта можна было, напружыўшы волю, разгледзець што-небудзь у гэтай непрагляднай цемрадзі. Двое рабочых ужо збіраліся зачыняць вароты шлюза. Дэлькур крыкнуў ім:

— Пачакайце крыху!

І раптам вымавіў здзіўлена:

— Гэта ён...

У той самы момант метраў за пяцьдзесят ад іх пачуўся голас:

— Гэй, Луі! Стаў фок і падыходзь левым бортам.

Голас даносіўся знізу, з цёмнай дзіркі, ад пірсаў. Светлячок набліжаўся. Цяпер можна было ўжо разгледзець збольшага чалавека на палубе. Зазвінелі колцы ветразей, якія са звонам упалі на леер.

Потым міма Мэгрэ праплыў, як выцягнуць руку, разгорнуты грот-парус.

— Ну і ну! — прабурчаў капітан. — Злаўчыліся ж!

Павярнуўшыся да парусніка, Дэлькур крыкнуў:

— Дайце наперад! Носам да левага борта парахода, інакш не зачыніць вароты...

Нейкі чалавек саскочыў на зямлю са швартовым і, упёршыся рукамі ў бокі, выглядваў нешта ў цемры.

— «Сэн-Мішэль»? — спытаўся Мэгрэ.

— Ён самы... Яны ішлі з хуткасцю парахода...

Унізе, на палубе, гарэла толькі адна маленькая лямпачка, якая асвятляла бочку, груду канатаў, чалавека, што бег ад руля да носа шхуны.

Адзін за адным падыходзілі шлюзаўшчыкі і, не верачы вачам, глядзелі на судна.

— На месцы, хлопцы!.. Давайце!.. Гэй там, каля дзержакоў!

Калі вароты зачыніліся, вада пайшла праз засаўкі і судны пачалі падымацца. Слабы агеньчык наблізіўся яшчэ больш. Палуба была ўжо на ўзроўні прычала, і чалавек на ёй загаварыў з начальнікам порта:

— Як справы?

— Нічога, — адказаў Дэлькур. — Хутка ж вы ўправіліся!

— Вецер быў спадарожны, і Луі паставіў усе ветразі. Нават абышлі нейкі параход!

— Ты ў Кан ідзеш?

— Але, на разгрузку! Тут нічога новага?

Мэгрэ стаяў за два крокі ад капітана «Сэн-Мішэля», з якім гаварыў Дэлькур, Вялікі Луі — крыху далей, але яны амаль не бачылі адзін аднаго.

Начальнік порта павярнуўся да камісара, не ведаючы, што і сказаць.

— Праўда, што Жарыс вярнуўся? Здаецца, пра гэта пісалі ўжо ў газеце...

— Ён вярнуўся і зноў паехаў...

— Як гэта?

Засунуўшы рукі ў кішэні, Вялікі Луі падышоў крыху бліжэй. Незвычайна высокі і шырокі ў плячах, быў ён нейкі нязграбны, скасабочаны, азызлы. Праўда, у гэтакай цемрадзі ён мог здацца шмат больш непрыгожы целам, чым быў на самой справе.

— Ён памёр...

Цяпер Луі наблізіўся да Дэлькура ўсутыч.

— Гэта праўда? — выціснуў ён з сябе.

Толькі цяпер пачуў Мэгрэ ягоны голас. Ён быў нейкі млявы, хрыплы, манатонны. Твар па-ранейшаму быў нябачны.

— У першую ж ноч, як вярнуўся, яго атруцілі...

Абачлівы Дэлькур паспяшаўся дадаць — з яўным намерам папярэдзіць:

— Вось камісар з Парыжа, якому даручана справа.

Дэлькуру стала лягчэй. Ён ужо даўно думаў, як ім пра гэта паведаміць. Можа, ён баяўся якой-небудзь неабачлівасці экіпажа «Сэн-Мішэля»?

— А, гэта пан з паліцыі...

Судна ўсё яшчэ падымалася. Капітан перамахнуў праз борт на прыстань, не ведаючы, падаваць Мэгрэ руку ці не.

— Ну і ну! — вымавіў ён, думаючы пра Жарыса.

Адчувалася, што ён таксама занепакоены — і яшчэ больш, чым Дэлькур. Велізарны нязграбны Луі тупаў на месцы. Ён усё роўна як прагаўкаў нешта зусім неразборлівае.

— Што ён кажа? — спытаў камісар.

— Балбоча па-тутэйшаму: «Свалата на свалаце!..»

— Хто — свалата? — спытаўся Мэгрэ ў былога катаржніка.

Але той толькі паглядзеў яму ў вочы. Цяпер Мэгрэ і Луі стаялі амаль побач. Відаць было, што твар у матроса азызлы, адна шчака таўсцейшая або здавалася такой, бо ён трымаў галаву набок. Вочы — вялікія, лупатыя.

— Учора вы былі тут, — сказаў яму камісар.

Шлюзаванне скончылася. Адчыніліся верхнія вароты. Параход паплыў па канале, і Дэлькуру прыйшлося бегчы за ім, каб спытаць, які ў яго танаж і адкуль ён ідзе. З мастка данеслася:

— Дзевяцьсот тон!.. Руан...

Але «Сэн-Мішэль» са шлюза не выходзіў. Людзі, якія стаялі на сваіх месцах, гатовыя да манеўру, адчувалі, што адбываецца нешта незвычайнае, і напружана чакалі.

Вярнуўся Дэлькур, занатоўваючы на хаду ў нататнік атрыманыя звесткі.

— Ну дык як? — нецярпліва спытаўся Мэгрэ ў Луі.

— Што — як? — прабурчаў той. — Вы кажаце, што я быў тут. Ну, значыцца, быў...

Зразумець яго было нялёгка, бо ён неяк дзіўна глытаў словы, гаварыў, не разяўляючы рота, усё адно як жаваў штосьці. Да таго ж у яго было тыповае тутэйшае вымаўленне.

— Навошта вы прыходзілі?

— З сястрою пабачыцца...

— А раз яе не было дома, пакінулі ёй цыдулку.

Мэгрэ ўпотайкі разглядваў капітана шхуны, які быў апрануты гэтаксама проста, як і яго матрос. Нічога асаблівага ў ім не было. Выдаваў хутчэй на заводскага майстра, чым на капітана.

— Прастаялі тры дні на рамонце ў Фекане. Вось Луі і скарыстаўся выпадкам, каб праведаць Жулі! — умяшаўся ён.

Людзі, што стаялі вакол шлюза, прыслухоўваліся, напэўна, да размовы і стараліся не шумець. Удалечыні выла сірэна. Туман рабіўся ўсё больш вільготны, і брук пад нагамі аж блішчаў.

На палубе шхуны адкрыўся люк, высунулася нечыясь галава. Валасы ў чалавека былі раскудлачаныя, твар няголены.

— Ну і што?.. Так і будзем стаяць тут?..

— Заткніся, Сэлестэн! — рэзка крыкнуў гаспадар шхуны.

Дэлькур прытупваў нагамі — можа, каб сагрэцца, а можа, каб не выдаць сваёй збянтэжанасці, бо не ведаў, што цяпер рабіць: заставацца тут ці ісці, куды яму трэба.

— Чаму вы лічыце, Луі, што Жарысу пагражала небяспека?

— Ну... раз яму рассадзілі чэрап, — паціснуў плячыма матрос, — дык няцяжка здагадацца.

Каб размаўляць з ім, патрэбны быў, бадай што, перакладчык, так нялёгка было разабраць яго бурчанне.

Дужа скоўвала няёмкасць, а тут яшчэ ўсё адно як нейкая трывога павісла ў паветры.

Луі паглядзеў у бок Жарысавага дома, але нічога не ўбачыў.

— Яна там, Жулі?

— Там... Вы пойдзеце да яе?

Ён пакруціў галавою, усё роўна як мядзведзь.

— Чаму?

— Раве цяпер, відаць, — сказаў ён з агідаю чалавека, які цярпець не можа слёз.

Туман гусцеў і гусцеў. Дэлькур не мог ужо больш выносіць гэтага маўчання і тупання на адным месцы.

— Можа, хадзем вып'ем?..

Нейкі рабочы, які стаяў непадалёк, папярэдзіў:

— Шынок толькі што зачынілі.

Тады капітан «Сэн-Мішэля» прапанаваў:

— Давайце прапусцім па адной у кубрыку — калі хочаце...

 

* * *

 

Яны сядзелі ўчатырох: Мэгрэ, Дэлькур, Вялікі Луі і капітан судна Ланэк. Кубрык быў невялікі. Маленькая печачка ажно палала, і ўсё вакол запацела. Святло падвеснай газнічкі здавалася чырвоным.

Сцены былі з пакрытых лакам сасновых дошак. Дубовы стол сцёрты і парэзаны нажом, месца жывога на ім не было. На стале — брудныя талеркі, залапаныя шклянкі з тоўстага шкла, паўбутэлькі чырвонага віна.

Ложкі капітана і Луі, яго памочніка, былі незасланыя. На іх валяліся боты і брудная адзежа. Пахла смалою, спіртам, кухняй і спальняй, але ўсё гэта перабівалі карабельныя пахі, якія цяжка назваць нейкім пэўным словам.

У асветленым пакоі людзі ўжо не здаваліся такімі загадкавымі. У Ланэка былі цёмныя вусы, жывыя, разумныя вочы. Ён ужо дастаў з шафы бутэльку і апалоскваў цяпер шклянкі, выліваючы ваду на падлогу.

— Здаецца, вы былі тут у ноч на шаснаццатае верасня? — спытаўся Мэгрэ.

Вялікі Луі сядзеў, ссутуліўшыся і паклаўшы рукі на стол. Наліваючы ў шклянкі, Ланэк адказаў:

— Але, былі.

— Вы рэдка начуеце ў порце? З-за прыліву тут вачэй нельга спускаць са швартовых...

— Бывае такое, — адказаў Ланэк і вокам не маргнуўшы.

— Гэта дае магчымасць выйграць некалькі гадзін, — уступіў у гамонку Дэлькур, які, здаецца, узяў на сябе ролю лагодна настроенага пасрэдніка.

— Капітан Жарыс не падымаўся ў тую ноч да вас на борт?

— Калі шлюзаваліся... А больш не.

— І вы і не бачылі і не чулі нічога дзіўнага?

— Ваша здароўе!.. Не... нічога.

— Вы, Луі, ужо спалі?..

— Здаецца, спаў...

— Што вы сказалі?

— Я сказаў, што, здаецца, спаў... І ўжо даўно.

— Вы не заходзілі да сястры?

— Можа, і заходзіў... Ненадоўга.

— А хіба Жарыс не забараніў вам прыходзіць у яго дом?

— Пустое!

— Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Нічога... Пустая балбатня — і ўсё... Я вам яшчэ патрэбен?

Ніякіх фактаў супраць яго не было.

— Сёння — не.

Луі сказаў нешта па-брэтонску гаспадару, узняўся, дапіў налітае і дакрануўся рукою да брыля фуражкі.

— Што ён вам сказаў? — спытаўся камісар.

— Што я не маю ў ім патрэбы, каб схадзіць у Кан і назад. Я забяру яго па дарозе назад, разгрузіўшыся.

— Куды ён пайшоў?

— Гэтага ён не сказаў.

Дэлькур падышоў да люка, высунуў галаву і прыслухаўся.

— Ён на борце драгі, — сказаў начальнік порта.

— На борце чаго?

— Вы бачылі дзве драгі, у канале? Яны стаяць на прыколе. Там можна заначаваць. Маракі ахвотней спыняюцца нанач на судне, чым у гатэлі.

— Яшчэ шкляначку? — прапанаваў Ланэк.

Прыплюшчыўшы вочы, Мэгрэ агледзеўся па баках і ўладкаваўся ямчэй на крэсле.

— У які порт зайшлі вы адразу пасля шаснаццатага верасня, як выйшлі з Вістрэама?

— У Саўтхэмптан... Мне трэба было выгрузіць там будаўнічы камень...

— А потым?

— У Булонь.

— А ў Нарвегію вы не заходзілі пасля гэтага?

— Я быў там толькі адзін раз, шэсць гадоў таму...

— Вы добра ведалі Жарыса?..

— Мы тут, вы разумееце, усе няблага знаёмыя... Ад Ля Рашэлі да Ратэрдама... Ваша здароўе! Джын я прывёз якраз адтуль, з Галандыі. Вы цыгары паліце?

Ён дастаў з шуфляды скрыначку з цыгарамі.

— Яны каштуюць там дзесяць цэнтаў... цэлы франк штука!..

Цыгары былі тоўстыя, з залатымі абадкамі.

— Дзіўна! — уздыхнуў Мэгрэ. — Мне сказалі, што Жарыс падымаўся да вас на борт ужо ў порце, разам з нейкім чалавекам...

Ланэк засяроджана абрэзаў кончык цыгары. Калі ён падняў галаву, твар у яго быў такі ж спакойны, як і да камісаравай заўвагі.

— Мне не было б сэнсу ўтойваць гэта...

Пачуўся шум — наверсе нехта скочыў на палубу. Над лесвіцай паказалася галава.

— Параход з Гаўра!

Дэлькур ускочыў і ўжо на хаду кінуў камісару:

— Трэба падрыхтаваць для яго шлюз... «Сэн-Мішэль» зараз адправіцца...

— Думаю, што мне можна ісці далей, — сказаў Ланэк.

— У Кан?

— Ну. Заўтра вечарам закончым, пэўна, разгрузку...

Усе яны здаваліся прастадушнымі. Усе глядзелі адзін аднаму ў вочы. І ўсё ж такі ва ўсім адчувалася і нешта фальшывае! Але пачуццё гэтае было настолькі няўлоўнае, што цяжка было сказаць, чаму яно ўзнікала, ад чаго менавіта патыхала фальшам.

Мілыя людзі! І Ланэк, і Дэлькур, і Жарыс, і ўсе наведнікі «Марацкага прытулку» — пра каго з іх можна было сказаць што благое? А хіба Вялікі Луі не здаваўся ладным марачком?

— Я сам аддам швартоў, Ланэк... Сядзі!

І начальнік порта пайшоў здымаць трос з кнехта. Стары матрос, які вылез з будкі, зусім скалелы і незадаволены, вылаяўшыся, сказаў:

— Вялікі Луі зноў змыўся!

Ён паставіў ветразі — фок і бом-клівер, пасля бусаком адштурхнуў шхуну ад прычала. Мэгрэ саскочыў на зямлю ў сама апошні момант. Цяпер ужо ішоў дождж, які разагнаў туман. Можна было ўбачыць агні ў порце, постаці людзей, параход з Гаўра, які нецярпліва даваў гудкі.

Скрыпелі дзержакі. Вада выцякала са шлюза праз адчыненыя пад'ёмныя засаўкі. Ветразі шхуны перакрывалі перспектыву канала.

Стоячы на мосце, Мэгрэ разгледзеў дзве драгі — жудаснага выгляду збудаванні з вельмі складанымі контурамі і змрочнымі заржавелымі надбудовамі.

Ён падышоў да іх асцярожна, бо наўкол валялася ўсялякае смецце, старыя канаты, якары, розныя жалязякі. Пасля прайшоў па дошцы, якая служыла сходкамі, і ўбачыў праз шчыліны слабае святло.

— Луі! — паклікаў ён.

Святло адразу ж пагасла. З люка, які нічым не быў прыкрыты, высунуўся Вялікі Луі і буркнуў:

— Чаго вам?

У той самы час пад ім, у труме драгі, пачуўся шоргат. Потым асцярожна праслізнуў нейкі цень. Чуваць было, як чалавек на нешта натыкаўся. Разы са тры празвінела ліставое жалеза перакрыцця.

— Хто тут з табою?

— Са мною?..

Мэгрэ агледзеўся, зрабіў крок убок і ледзь не ўпаў у трум, на дне якога было ці не па калені гразі.

Несумненна, тут нехта толькі што быў, але цяпер ужо ён далёка адсюль. Скрып даносіўся з другога боку драгі. Мэгрэ ступіў яшчэ крок і ўдарыўся галавою аб велізарны коўш.

Не маючы ніякага ўяўлення пра тое, што і дзе тут месціцца, камісар адчуваў сябе на дразе бы сляпы.

— Маўчыш?

У адказ пачулася нейкае невыразнае мармытанне, якое, пэўна, азначала: «Не разумею, пра што вы будзеце казаць...»

Каб абшукаць у гэтакай цемрадзі абедзве дарогі, спатрэбіўся б добры дзесятак паліцэйскіх, якія выдатна ведаюць порт. Мэгрэ адступіў. Праз дождж галасы было чуваць здалёк — проста надзіва. Камісар пачуў, як нехта ў порце сказаў:

— ...якраз папярок фарватэра...

Мэгрэ падышоў да шлюза. Памочнік капітана з гаўрскага парахода паказваў нешта Дэлькуру, які, убачыўшы камісара, збянтэжыўся.

— Цяжка паверыць, што яны згубілі яе і не прыкмецілі гэтага, — сказаў чалавек з парахода.

— Што згубілі? — спытаўся Мэгрэ.

— Шлюпку.

— Якую шлюпку?

— Тую, на якую мы натыкнуліся ў порце, — адказаў чалавек з парахода. — З парусніка, што ішоў наперадзе нас. Назва напісана на карме «Сэн-Мішэль».

— Можа, яна сама адвязалася, — уставіў Дэлькур, паціснуўшы плячыма. — Бывае і такое.

— Яна не магла адвязацца з той простай прычыны, што ў дрэннае надвор'е шлюпку трымаюць не на вадзе, за кармою, а падымаюць на палубу.

Шлюзаўшчыкі, кожны на сваім месцы, па-ранейшаму прыслухоўваліся да размовы.

— Заўтра паглядзім. Пакіньце лодку тут.

Павярнуўшыся да Мэгрэ, Дэлькур прамармытаў, ненатуральна ўсміхнуўшыся:

— Бачыце, што за работа ў нас. Вечна што-небудзь здарыцца.

Але камісар не ўсміхнуўся ў адказ. Наадварот, ён сама сур'ёзным тонам сказаў:

— Калі заўтра ў сем ці, скажам, восем гадзін раніцы мяне тут не будзе, тэлефануйце ў пракуратуру Кана.

— Што?..

— Дабранач! А шлюпка няхай застанецца тут.

Каб збіць іх з панталыку, Мэгрэ пайшоў уздоўж пірса, засунуўшы рукі ў кішэні і ўзняўшы каўнер. Мора шумела каля яго ног — і ўперадзе, і справа, і злева. Паветра, напоўненае пахам ёду, лагодна лашчыла твар.

Дайшоўшы амаль да канца пірса, ён нахіліўся і падняў нешта з зямлі.

 

V. КАПЛІЦА Ў ДЗЮНАХ

 

На золку, ледзь цягнучы ногі ад стомы, Мэгрэ вярнуўся ў гатэль. Ад сырасці яго паліто ацяжэла, у горле пяршыла: усю ноч ён паліў люльку за люлькаю. У гатэлі было пуста. Пахадзіўшы, камісар знайшоў гаспадара на кухні — той разводзіў агонь.

— Правялі ўсю ноч у порце?

— Але. Прынясіце мне кавы, і, калі ласка, як мага хутчэй. А ванну ў вас можна прыняць?

— Калі толькі катлы распаліць.

— Тады не варта...

Раніца была шэрая, усё яшчэ стаяў туман, але ўжо празрысты. Пашчыпвала павекі. Чакаючы, калі гаспадар прынясе каву, Мэгрэ падышоў да адчыненага акна.

Дзіўная ноч. Нічога асаблівага ён не знайшоў — хіба што адкрыў колькі больш-менш цікавых дэталяў. Аднак ён усё ж пасунуўся крыху наперад у расследаванні гэтай драмы, намацаў у ёй новыя звенні.

Прыбыццё «Сэн-Мішэля». Паводзіны Ланэка. Нельга, вядома, сказаць, што яны двухсэнсоўныя. Але ж адчувалася ў іх і нейкая няўпэўненасць. Тое самае можна было сказаць і пра Дэлькура. Дый пра ўсіх астатніх, хто быў тады ў порце!

Напрыклад, наводзяць на падазрэнні паводзіны Вялікага Луі. Ён не адправіўся на шхуне ў Кан, а пайшоў начаваць у драг. І было ясна, што быў ён там не адзін.

А крыху пазней стала вядома, што перад тым, як увайсці ў порт, «Сэн-Мішэль» згубіў шлюпку. У канцы пірса быў знойдзены прадмет, дужа незвычайны для гэтага месца: асадка з залатым пяром.

Пірс быў драўляны і стаяў на палях. У канцы яго, каля зялёнага сігнальнага агню, у мора спускалася жалезная лесвіца. Там і знайшлі лодку.

Значыць, на «Сэн-Мішэлі», калі той прыбыў у порт, быў пасажыр, якому важна было, каб у Вістрэаме яго не заўважалі. Ён прычаліў да берага ў шлюпцы, а потым яна паплыла па цячэнні. На верхніх прыступках лесвіцы, калі ён нахіліўся, каб выбрацца на пірс, з яго кішэні выпала асадка з залатым пяром.

Пасажыр схаваўся на адной дразе, куды і прыйшоў да яго потым Луі.

Дакладнасць гэтай лагічнай пабудовы была амаль матэматычная. Растлумачыць гэтыя факты неяк інакш было немагчыма.

Выснова: у Вістрэаме хаваецца незнаёмы. Прыбыў ён сюды не проста так: у яго была пэўная мэта. І быў ён з таго кола людзей, у якім карыстаюцца асадкамі з залатым пяром!

Гэта не марак! І не просты бадзяга! Раз чалавек меў такую асадку, значыцца, і вопратка ў яго была адпаведная. Такога чалавека ў гэтых мясцінах назавуць, вядома, панам.

А зімою ў Вістрэаме такую асобу не могуць не прыкмеціць. Удзень ён драгу пакінуць не мог. Тады, можа, ноччу выберацца дзеля справы, якая яго сюды прывяла?..

Не ў лепшым гуморы згадзіўся Мэгрэ з неабходнасцю сачыць гэтай ноччу за драгаю: гэта ж занятак для вышукніка-пачаткоўца. Гадзінамі трэба будзе сядзець пад дажджом і напружліва ўзірацца ў вычварныя абрысы гэтай драгі.

І прамучыўся ён гэтую ноч марна, нікога не падпільнаваў. А на світанку злаваўся, што не можа прыняць гарачую ванну. Глядзеў на свой ложак і думаў, ці варта класціся на колькі гадзін.

Гаспадар прынёс каву.

— Вы спаць не збіраецеся?

— Пакуль не ведаю. Маглі б вы зрабіць ласку занесці на пошту тэлеграму?

Гэта быў загад інспектару Люка, з якім камісар звычайна вёў разам справу, прыехаць у Вістрэам. Мэгрэ не хацелася зноў правесці ўсю ноч на нагах.

Праз расчыненае акно былі добра бачныя порт, Жарысаў дом, пясчаныя водмелі бухты.

Пакуль Мэгрэ пісаў тэкст тэлеграмы, гаспадар стаяў каля акна і пазіраў на вуліцу. Не надаючы значэння сваім словам, ён сказаў:

— А вунь і капітанава служанка выйшла прагуляцца...

Камісар узняў галаву і ўбачыў Жулі, якая, зачыніўшы брамку, хутка пайшла да пляжа.

— Што ў тым баку?

— Пра што гэта вы?

— Куды яна можа пайсці? Там ёсць дамы?

— Ніякіх дамоў там няма. Проста бераг, на які ніколі не ходзяць, бо там хвалярэз і ямы з цінаю.

— А ёсць якая-небудзь дарога ці хоць сцежка?

— Не! Ад самага вытоку Орны ўздоўж берага адны балоты... Не, забыўся!.. У балотах ёсць буданы для палявання на качак...

Нахмурыўшы лоб, Мэгрэ выйшаў з гатэля. Ён хутка прайшоў праз мост, і, калі выйшаў на бераг, паміж ім і Жулі было толькі нейкіх дзвесце метраў.

Бераг — суцэльная пустка. Адны чайкі з крыкамі лёталі ў тумане. Справа былі дзюны, і камісар зайшоў за іх, каб заставацца нябачным.

Паветра дыхала прахалодаю. Мора было неспакойнае. Белы яго краёчак накатваўся і накатваўся, разбіваючыся, на бераг. Шапацелі раструшчаныя ракавіны.

Жулі не прагульвалася. Яна ішла хутка, захінаючыся ў чорнае паліто. Пасля смерці Жарыса яна не паспела яшчэ справіць сабе жалобную адзежу і насіла ўсё чорнае ці проста цёмнае, што толькі знайшла ў сябе: шарсцяныя панчохі, капялюш з паламанымі палямі, паліто, якое даўно ўжо выйшла з моды...

Ногі яе гразлі ў пяску, і таму паходка была вельмі няроўная. Двойчы яна азіралася, але не прыкмеціла Мэгрэ, які ішоў, хаваючыся за дзюнамі.

Нарэшце, прыкладна за кіламетр ад Вістрэама, яна павярнула направа — і зрабіла гэта так раптоўна, што камісар ледзь не выдаў сябе.

Але ішла яна не да будана, як падумаў спачатку Мэгрэ, а да невялікай будыніны, што самотна ўзвышалася сярод пяску і асакі.

Тварам да мора, метраў за пяць ад таго месца, да якога ў прыліў даходзіла вада, стаяла капліца. Адзін яе мур быў цалкам зруйнаваны. Пабудавана яна была, пэўна, яшчэ некалькі стагоддзяў назад.

Скляпенне было паўкруглае. Пралом у муры даваў магчымасць вызначыць таўшчыню іншых муроў: каля метра кладкі.

Жулі ўвайшла ў капліцу — і неўзабаве Мэгрэ пачуў, як яна шоргае там нейкімі невялікімі прадметамі, хутчэй за ўсё марскімі ракавінамі.

Камісар падкраўся да капліцы. У дальнім ад яго муры была невялікая закратаваная ніша. Пад ёю было нешта накшталт малюпасенькага алтара. Нахіліўшыся долу, Жулі штосьці там шукала.

Дзяўчына імкліва азірнулася, пазнала камісара, які не паспеў схавацца, і хутка спытала:

— Што вы тут робіце?

— А вы?

— Я... я прыйшла памаліцца Божай Маці Дзюнаў.

Жулі была ўстрывожаная. Па ёй няцяжка было здагадацца, што яна нешта хавае. Мабыць, яна дрэнна спала гэтай ноччу, бо вочы ў яе былі чырвоныя. З-пад капелюша выбіваліся дзве пасмачкі кепска прычасаных валасоў.

— Дык гэта што — капліца Божай Маці Дзюнаў?..

Сапраўды, за кратамі ў нішы стаяла статуя Божай Маці, такая старая і знявечаная часам, што яе і пазнаць было амаль немагчыма.

На муры, вакол нішы, людзі зрабілі, хто алоўкам, хто сцізорыкам, надпісы, якія напаўзалі адзін на адзін:

«Няхай Дэніза здасць экзамен... Святая багародзіца, зрабі так, каб Жажо навучыўся хутка чытаць... Дай здароўя ўсёй сям'і і асабліва дзядулю з бабуляю...»

Былі і такія — над сэрцамі, працятымі стрэламі:

«Рабэр і Жанна — каханне навек».

На кратах засталіся сухія сцяблінкі, якія колісь былі кветкамі.

Увогуле, капліца была падобная на многія іншыя — адно што ў гэтай былі марскія ракавіны, складзеныя на разбураным алтары. Ракавіны ўсякіх формаў, якія толькі можна ўявіць... І на ўсіх, у асноўным, алоўкам, надпісы. Найчасцей няўпэўнены дзіцячы почырк.

«Няхай будзе ўдалы лоў на Новай Зямлі, і няхай тату не трэба будзе ісці ў новы рэйс».

Але іншы раз адчувалася і больш моцная рука.

Глінабітная падлога. Праз велізарную дзірку ў муры бачны быў прыбярэжны пясок і серабрыстае, у белай смузе мора. Жулі, не ведаючы, як сябе паводзіць, з асцярогай паглядвала на ракавіны.

— Вы прынеслі сваю? — спытаўся Мэгрэ.

Яна адмоўна пакруціла галавою.

— Аднак, калі я прыйшоў, вы іх перасоўвалі. Што вы шукалі?

— Нічога... Я...

— Вы?

— Нічога!

Жулі ўпарцілася і яшчэ больш захуталася ў паліто.

Мэгрэ прыйшлося перабіраць ракавіны адну за адной і чытаць надпісы на іх. І раптам ён усміхнуўся. На адной велізарнай ён прачытаў:

«Святая багародзіца, зрабі так, каб Луі ўсё ўдалося і мы сталі шчаслівыя».

Пад надпісам была пазначана дата: «13 верасня». Інакш кажучы, гэтая ракавіна з просценькім надпісам Жулі была пакладзена тут за тры дні да знікнення Жарыса!

І ці не прыйшла сюды цяпер дзяўчына, каб забраць яе?

— Вы гэта шукалі?

— А што вам да гэтага?

Яна вачэй не адводзіла ад ракавіны. Можна было падумаць, што яна збіралася кінуцца на Мэгрэ, каб вырваць яе ў яго з рук.

— Аддайце яе мне!.. Пакладзіце яе на месца!..

— Я пакладу яе на месца, добра, але трэба, каб і вы яе адсюль не забіралі... Хадзем!.. А па дарозе пагаворым...

— Мне няма пра што гаварыць з вамі...

Яны пайшлі, нахіляючыся наперад, бо ногі гразлі ў мокрым пяску. Было так холадна, што насы ў іх пачырванелі, а скура на твары задубела.

— Ваш брат нічога талковага ў жыцці не зрабіў, праўда?

Яна моўчкі глядзела на пясчаны бераг.

— Ёсць рэчы, якіх нельга ўтоіць. Я не толькі пра тое... што прывяло яго на катаргу...

— Ну як жа, зноў гэта! І праз дваццаць гадоў будуць языкі часаць.

— Ды не! Не, Жулі. Ваш брат — добры марак. Кажуць, нават выдатны марак, мог бы стаць і памочнікам капітана. Толькі прыходзіць раптам дзень — і ён напіваецца з выпадковымі сябрамі, робіць розныя глупствы, не вяртаецца на судна, недзе бадзяецца цэлымі тыднямі, нідзе не працуючы. Хіба не? І ідзе ў такія дні за дапамогаю да вас. Да вас, а яшчэ некалькі тыдняў назад і да Жарыса. А потым зноў жыве спакойна і не турбуе вас.

— Ну і што?

— Які ў вас быў план трынаццатага верасня? Вы ж хацелі, каб вам нешта ўдалося?

Жулі спынілася, паглядзела Мэгрэ ў твар. Цяпер яна была намнога спакайнейшая. Мусіць, абдумалася. У вачах у яе з'явілася прыемная сур'ёзнасць.

— Я ведала, што ўсё гэта прывядзе да няшчасця. Але брат мой, знайце, не рабіў нічога благога! Я клянуся вам, што, калі б ён забіў капітана, я была б першая, хто адплаціў бы яму тым самым.

У яе глухім голасе пачулася рашучасць.

— Проста бываюць супадзенні. А тут яшчэ гэтая гісторыя з катаргай, якую ўвесь час прыгадваюць. Зробіць чалавек у жыцці адну памылку, ну і вешаюць на яго пасля ўсе чужыя грахі...

— Які ў Луі быў план?

— Гэта быў не план. Усё намнога прасцей. Ён сустрэў нейкага чалавека, вельмі багатага, не ведаю вось толькі — у Гаўры ці ў Ангельшчыне. Мне ён яго прозвішча не называў. Чалавеку гэтаму надакучыла жыць на сушы, і ён хацеў купіць яхту. Вось і папрасіў брата знайсці яму судна.

Яны ўсё яшчэ стаялі. Удалечыні, там, дзе быў Вістрэам, адсюль віднеўся толькі бялюткі маяк, які добра вылучаўся на фоне бледнага неба.

— Луі расказаў пра гэта гаспадару. Ланэк і сам з некаторага часу падумваў прадаць «Сэн-Мішэль». Вось і ўсё! «Сэн-Мішэль» — лепшы кабатажнік, які толькі можна знайсці, каб перарабіць яго на яхту. Спачатку брат павінен быў атрымаць, калі тое выйдзе, дзесяць тысяч франкаў. А пасля пакупнік прапанаваў яму застацца на гэтым судне капітанам — як даверанаму чалавеку.

Яна адразу ж пашкадавала, што сказала апошнія словы — Мэгрэ мог іранічна засумнявацца, — і ўгледзелася цяпер у яго твар, чакаючы ўсмешкі.

Не ўбачыўшы яе, дзяўчына адчула ўдзячнасць. Мэгрэ ж мог і прыкладна так адказаць: «Катаржнік — давераная асоба?!»

Але нічога падобнага яму ў галаву не прыйшло. Камісар думаў. Ён быў здзіўлены простасцю гэтага расказу, тою простасцю, якая надавала словам Жулі праўдзівасць.

— Толькі вы не ведаеце, хто гэты пакупнік?

— Не ведаю.

— Дзе ваш брат мусіў зноў сустрэцца з ім?

— Не ведаю.

— Калі?

— Вельмі хутка. Здаецца, шхуну хацелі пераабсталяваць у Нарвегіі, а праз месяц яна павінна была адправіцца ў Міжземнае мора, да Эгіпта.

— Гэты чалавек — француз?

— Не ведаю.

— А сёння вы прыйшлі ў капліцу забраць вашу ракавіну?

— Таму што падумала: знойдуць яе — чаго толькі не падумаюць, апрача праўды. Прызнайцеся, вы ж не верыце мне?

Замест адказу ён спытаў:

— Вы бачыліся з братам?

Яна ўздрыгнула.

— Калі?

— Сёння ноччу ці раніцай.

— Луі тут?

Здавалася, што пытанне напалохала яе, збіла з панталыку.

— «Сэн-Мішэль» прыйшоў.

Гэтыя словы крыху яе супакоілі, быццам яна баялася, што брат з'явіцца тут без шхуны.

— Дык ён адправіўся ў Кан?

— Не! Ён пайшоў спаць на драгу.

— Хадзем! — сказала яна. — Мне холадна.

Вецер з мора ўсё свяжэў, а хмары яшчэ больш зацягвалі неба.

— І часта ён спіць на старых суднах?

Яна не адказала. Гаворка абарвалася сама сабою. Яны ішлі, чуючы толькі шапаценне пяску пад нагамі і гудзенне прыбярэжнай машкары — устрывожаная людзьмі, яна спыніла свой пір і кружыла цяпер над водарасцямі, выкінутымі на бераг прылівам.

«Яхта... Асадка з залатым пяром», — круцілася ў галаве ў Мэгрэ.

Камісар думаў. Раніцай цяжка было растлумачыць, хто б мог згубіць на пірсе гэтую асадку: знаходка ніяк не вязалася ні з экіпажам «Сэн-Мішэля», ні з ягонымі гасцямі, людзьмі для такой рэчы дужа простымі. «Яхта... Асадка з залатым пяром...»

Цяпер з'яўлялася логіка! Багаты немалады мужчына шукае яхту для падарожжаў і губляе асадку з залатым пяром...

Але заставалася яшчэ растлумачыць, чаму гэты чалавек, замест таго каб прыйсці ў порт са шхунаю, сышоў з яе і перасеў у лодку, потым выбраўся на пірс і схаваўся на дразе, якая ці не напалову ўжо затанула.

— У той вечар, калі знік Жарыс, брат, як прыходзіў да вас, нічога не казаў пра свайго пакупніка? Не казаў, напрыклад, што той на шхуне?

— Не... Ён толькі аб'явіў мне, што справа амаль ужо скончана.

Яны падышлі да маяка. Жарысаў дом стаяў побач, злева, і ў садзе яшчэ віднеліся кветкі, пасаджаныя капітанам.

Жулі пахмурнела, разгублена азірнулася вакол, як чалавек, які ўжо не ведае, што рабіць у жыцці.

— Мусіць, вас хутка выклічуць да натарыуса з нагоды завяшчання. Цяпер вы багатая...

— Ды кіньце вы! — сказала яна суха.

— Што вы хочаце сказаць?

— Самі добра ведаеце... Казкі ўсё гэта — пра багацце... Капітан не быў багаты...

— Вы не можаце гэта ведаць.

— Ён нічога не ўтойваў ад мяне. Калі б у яго былі сотні тысяч франкаў, ён сказаў бы. І, вядома, купіў бы летась зімою паляўнічую стрэльбу за дзве тысячы франкаў. Яна ж яму так спадабалася! Ён убачыў яе ў мэра і даведаўся пра цану...

Яны падышлі да брамкі.

— Вы зойдзеце?

— Не... Я, мабыць, хутка вас убачу...

Яна не рашалася ўвайсці ў дом, дзе зноў застанецца адна.

 

* * *

 

Прайшло некалькі гадзін. Нічога не здарылася. Мэгрэ хадзіў вакол драгі, паглядаючы на яе, усё роўна як разявака ў нядзелю, які з міжвольнай пачцівасцю назірае новае для сябе відовішча. А тут было што разглядаць: вялікія трубы, каўшы, ланцугі, кабестаны...

Гадзін у адзінаццаць ён выпіў аперытыву з партавікамі.

— Не бачылі Вялікага Луі?

Яго бачылі раніцай. Ён выпіў у шынку дзве чаркі рому і рушыў некуды па шашы.

Мэгрэ хацелася спаць. Ноччу ён, мусіць, прастудзіўся. І настрой у яго быў, як у чалавека, які захварэў на грып. Гэта можна было прыкмеціць па яго рухах і млявым твары.

Камісар і не спрабаваў хаваць свой дрэнны настрой, што яшчэ больш устрывожыла наведнікаў шынка, якія ўпотайкі паглядвалі на яго. Размова не клеілася. Капітан Дэлькур спытаў:

— Што мне рабіць са шлюпкаю?

— Прышвартуйце яе дзе-небудзь.

І зноў Мэгрэ задаў пытанне без неабходнай хітрасці:

— Ніхто не бачыў сёння на вуліцы незнаёмага?.. Не заўважылі нічога такога каля драг?..

Ніхто нічога не бачыў! Але цяпер, пасля гэтага пытання, усе пачалі нечагась чакаць.

Цікава: людзі чакалі, што здарыцца нейкая драма. Прадчуванне? Пачуццё таго, што ланцуг падзей не замкнуўся, што ў ім не хапае нейкага звяна?

Пачуўся гудок парахода, які запрошваў у шлюз. Партавікі ўзняліся. Мэгрэ пайшоў на пошту паглядзець, ці няма яму якіх паведамленняў. Люка адбіў тэлеграму, што прыедзе ў дзве гадзіны дзесяць хвілін.

У названы час цягнічок, які ішоў уздоўж канала Кан — Вістрэам і быў падобны на дзіцячую цацку — са сваімі вагонамі ўзору тысяча васемсот пяцідзесятага года, прагудзеў удалечыні. Пад грукат тугіх тармазоў і свіст пары ён спыніўся каля самага порта.

Люка выйшаў, падаў камісару руку. Здзівіўся, убачыўшы хмурны твар Мэгрэ.

— Ну як?

— Нармальна.

Нягледзячы на розніцу ў чыне, Люка не ўтрымаўся ад смеху.

— Па вас не скажаш!.. Ведаеце, я не абедаў...

— Хадзем у гатэль. Там што-небудзь засталося напэўна, каб перакусіць...

Яны селі ў вялікай зале, дзе гаспадар зладзіў стол новаму жыльцу. Гаварылі вельмі ціха. Гаспадар, здавалася, чакаў моманту, каб уставіць слова.

Падаўшы сыр, ён рашыў, што момант настаў, і спытаўся ў Мэгрэ:

— Ведаеце, што здарылася з мэрам?

Мэгрэ ўздрыгнуў. Твар у яго быў такі ўстрывожаны, што гаспадар сумеўся.

— Нічога асаблівага... Карацей кажучы, ён упаў у сябе дома на лесвіцы... Не ведаю, як гэта яго собіла, але твар у яго цяпер такі размаляваны, што ён нават злёг...

У галаве ў Мэгрэ адразу ж бліснула здагадка. Менавіта здагадка, бо ў адно імгненне ён выразна ўявіў, як яно здарылася.

— Пані Гранмэзон цяпер у Вістрэаме?

— Не. Раніцаю, як толькі развіднела, паехала з дачкою на машыне... Думаю, у Кан...

У камісара грыпозны настрой як рукою зняло.

— Доўга ты яшчэ будзеш аб'ядацца? — буркнуў ён інспектару.

— Ну, вядома, — спакойна адказаў Люка, — таму, у каго жывот поўны, галодны за сталом здаецца монстрам... Яшчэ тры хвіліны! Не забірайце камамбер*, гаспадар!

* Гатунак сыру.

 

VI. ПАДЗЕННЕ НА ЛЕСВІЦЫ

 

Гаспадар гатэля не падмануў. Але ўсё-такі перабольшыў: Гранмэзон не ляжаў у ложку.

Калі, адаслаўшы Люка назіраць за драгаю, Мэгрэ падыходзіў да мэравай вілы, ён заўважыў за адным акном постаць чалавека ў класічнай позе хворага, вымушанага сядзець дома.

Камісар не разгледзеў твару. Але, відавочна, гэта быў мэр.

Далей ад акна стаяў яшчэ адзін чалавек, распазнаць якога было немагчыма.

Калі Мэгрэ пазваніў, крокаў у доме пачулася больш, чым калі б нехта проста пайшоў адчыняць. Нарэшце з'явілася служанка, жанчына сярэдніх гадоў, даволі свавольнага выгляду. Пэўна, яна без меры пагарджала ўсімі наведнікамі, бо нават слова не сказала.

Адчыніўшы, яна ўзнялася па прыступках, якія вялі ў хол, і Мэгрэ прыйшлося самому зачыняць за сабою дзверы. Потым яна пастукалася ў мэраў кабінет і знікла, калі камісар ужо ўваходзіў.

Ва ўсім гэтым адчувалася штосьці загадкавае. Гэта быў не той выпадак, калі нешта адразу ж кідаецца ў вочы. Здзіўлялі розныя дробязі, якія выдавалі, што ў доме не зусім спакойна.

Віла была вялікая, амаль новая, пабудаваная ў стылі, які часта сустракаецца на ўзбярэжжы.

Але, улічваючы той факт, што Гранмэзон быў уладальнікам амаль усіх акцый буйной Ангельска-Нармандскай кампаніі, можна было чакаць большага багацця.

Можа, яго дом у Кане быў раскошнейшы? Мэгрэ ступіў некалькі крокаў, і толькі тады пачуўся голас:

— Гэта вы, камісар?

Голас даносіўся ад акна. Гранмэзон сядзеў у глыбокім фатэлі, паклаўшы ногі на крэсла. Супраць святла яго было дрэнна відаць, але Мэгрэ ўсё ж прыкмеціў, што замест каўнерыка на шыі ў гаспадара была чорная хустка. Левую шчаку мэр прыкрываў рукою.

— Сядайце, — сказаў ён.

Мэгрэ абышоў пакой і сеў акурат насупраць суднаўладальніка. Камісар не без цяжкасці стрымліваў усмешку: ён не чакаў сустрэць мэра ў такім стане.

Яго левая шчака, якую рука закрывала не поўнасцю, прыкметна распухла, як і вусны. Але больш за ўсё мэр стараўся прыкрыць велізарны сіняк пад вокам.

Усё гэта выглядала б не так камічна, калі б суднаўладальнік не стараўся захоўваць важнасць. Нерухомы, ён глядзеў на Мэгрэ варожа і з недаверам.

— Вы прыйшлі паведаміць мне пра вынікі расследавання?

— Не. Вы так добра прынялі мяне мінулы раз, што я хацеў падзякаваць вам за гасціннасць.

Мэгрэ ніколі не ўсміхаўся іранічна. Наадварот, чым больш ён насміхаўся з чалавека, тым больш сур'ёзным здаваўся яго твар.

Ён разглядваў кабінет. Сцены былі пазавешваны схемамі грузавых суднаў і фатаграфіямі караблёў Ангельска-Нармандскай кампаніі. Мэбля была звычайная: чырвонае дрэва добрай якасці — і толькі. На пісьмовым стале ляжала некалькі папак, лісты, тэлеграмы.

Падлога была пакрытая лакам, і, спыняючы раз-пораз вочы на яе гладкай паверхні, камісар пачаў задаваць пытанні.

— З вамі, здаецца, нешта здарылася?

Мэр уздыхнуў, паварушыў нагамі і прабурчаў:

— Спатыкнуўся на лесвіцы.

— Сёння раніцай? Як, мусібыць, напалохалася пані Гранмэзон!..

— Жонкі тады ўжо не было.

— Сапраўды, у такое надвор'е няма чаго рабіць каля мора... Хіба што паляваць на качак... Мяркую, пані Гранмэзон цяпер у Кане, разам з дачкою?

— Не, у Парыжы.

Адзеўся суднаўладальнік не надта вытанчана. Цёмныя штаны, халат на фланелевую кашулю, лямцавыя пантофлі.

— А што было ўнізе лесвіцы?

— Што вы маеце на ўвазе?

— На што вы ўпалі?

Зласлівы позірк, сухі адказ:

— На падлогу.

Гэта была мана, мана відавочная! Такі сіняк пад вокам не заробіш, упаўшы проста на падлогу. І ўжо на шыі слядоў таго, што цябе душылі, напэўна не застанецца!

А Мэгрэ выдатна бачыў кожны раз, калі хустка ў мэра хоць трохі збівалася з шыі, кровападцёкі, якія спрабаваў той схаваць.

— Вы, вядома, былі ў доме адзін?

— Чаму «вядома»?

— Ды таму, што няшчасныя выпадкі заўсёды здараюцца, калі няма каму памагчы!

— Служанка пайшла па прадукты.

— У доме толькі яна?

— Ёсць яшчэ садоўнік, але ён паехаў у Кан, таксама нешта купляць...

— Мусіць, і балела ж вам...

Больш за ўсё непакоіла мэра сур'ёзнасць Мэгрэ, яго спагадлівы голас.

Гадзіннік паказваў толькі палову чацвёртай, але ўжо цямнела, і мэраў твар стала відаць яшчэ горш.

— Вы дазволіце? — выцягнуў Мэгрэ сваю люльку.

— Калі хочаце цыгару — яны на каміне.

Цэлы стос скрыначак з цыгарамі. На падносе — бутэлька старога арманьяку. Мэгрэ звярнуў увагу на высокія дзверы з пакрытай лакам смольнай сасны, якія вялі ў гасцёўню.

— Ну, як ваша расследаванне? — спытаўся мэр.

Невыразны жэст камісара. Мэгрэ стараўся не глядзець на гэтыя дзверы: яны неяк дзіўна пачыналі ні з таго ні з сяго дрыжаць.

— Ніякіх вынікаў?

— Ніякіх.

— Хочаце пачуць, што я пра гэта думаю? Не трэба было рабіць з гэтай гісторыі нічога складанага.

— Ну вядома! — адказаў Мэгрэ. — Што ж тут складанага, у гэтай гісторыі?! Аднойчы вечарам знікае чалавек, і паўтара месяца ніхто не ведае, што з ім. Нарэшце яго знаходзяць у Парыжы з разбітым і залатаным чэрапам, зусім без памяці. Яго прывозяць дамоў, і тае ж ночы ён памірае — атручаны. Тым часам з Гамбурга на яго банкаўскі рахунак прыходзіць трыста тысяч франкаў. Усё проста! Усё ясна!

Нягледзячы на камісаравы словы і даволі зычлівы тон, з якім яны былі сказаны, мэр адказаў яшчэ больш катэгарычна:

— Ва ўсякім выпадку, справа, можа, усё роўна прасцейшая, чым вы думаеце. І, дапускаючы, што ў ёй нямала дзіўнага, не варта было, лічу, надаваць ёй такі трывожны характар. Калі разважаць пра гэта ў шынках, дык можна дужа засмуціць галовы тым, у каго мазгі праз алкаголь і без таго размяклі.

Мэгрэ адчуваў на сабе жорсткі інквізітарскі позірк. Мэр гаварыў павольна, чаканіў словы, усё роўна як прамаўляў абвінаваўчы акт.

— З другога боку, паліцыя ані разу не звярнулася да кампетэнтных органаў улады!.. Я, мэр, нічога не ведаю тое, што адбываецца ў порце...

— Ваш садоўнік носіць сандаліі на вяровачнай падэшве?

Мэр хутка зірнуў на паркет, дзе віднеліся сляды. Малюнак вяровачнай падэшвы быў выразны.

— Адкуль я ведаю?

— Прабачце, што перапыніў вас... Проста ў галаву прыйшла адна думка... Дык вы кажаце?..

Але працягваць свой наступ на камісара мэр не стаў.

— Перадайце мне, калі ласка, скрынку з цыгарамі... Вось гэтую... Дзякую...

Ён запаліў цыгару і прастагнаў, бо занадта шырока разявіў рот.

— Увогуле, што вам удалося даведацца? Вы, напэўна, багата што высветлілі...

— Так мала!

— Дзіўна... У партавікоў фантазіі хапае, асабліва пасля некалькіх чарак аперытыву...

— Мяркую, вы адправілі жонку ў Парыж, каб уберагчы яе ад хваляванняў, звязаных з усімі гэтымі драматычнымі падзеямі?.. І тымі, што могуць яшчэ здарыцца?..

З абодвух бакоў адчувалася непрыязнасць. Урэшце, камісар і мэр былі людзі з розных грамадскіх класаў, вельмі непадобныя адзін на аднаго.

Мэгрэ выпіваў у партовым шынку з рыбакамі і шлюзаўшчыкамі.

Мэр прымаў паноў з пракуратуры, частаваў іх чаем з лікёрамі і пірожнымі.

Мэгрэ быў просты чалавек, сацыяльную прыналежнасць якога цяжка было вызначыць.

Пан Гранмэзон належаў да мясцовае знаці, паходзіў са старадаўняй буржуазнай сям'і, меў рэпутацыю самавітага суднаўладальніка, прыбыткі якога няспынна растуць.

Вядома, паводзінам мэра была ўласцівая дэмакратычнасць. Ён размаўляў на вуліцы з простымі людзьмі. Але гэтая дэмакратычнасць была маскаю, якую трэба надзяваць, каб мець поспех і на наступных выбарах. Гэта была частка абдуманай жыццёвай лініі.

Камісар трымаўся вельмі ўпэўнена. А з пухлага ружовага твару пана Гранмэзона спакваля сыходзіла важнасць, саступаючы месца разгубленасці.

Каб не выдаць сябе, мэр зрабіў выгляд, што сярдуе.

— Пан Мэгрэ, — пачаў ён, вымавіўшы гэтыя два словы так, нібыта збіраўся дэкламаваць. — Пан Мэгрэ, я дазволю сабе нагадаць вам, што ў якасці мэра абшчыны...

Камісар падняўся — і зрабіў гэта так нязмушана, што субяседнік шырока расплюшчыў вочы. Мэгрэ падышоў да дзвярэй у гасцёўню і спакойна адчыніў іх.

— Ды ўваходзьце ўжо, Луі! Гэта дзейнічае на нервы — няспынна бачыць, як дрыжаць дзверы, і чуць, як вы за імі сапяце!

 

* * *

 

Калі Мэгрэ спадзяваўся на тэатральны эфект, дык яго чакала расчараванне. Вялікі Луі, скасабочыўшы як звычайна плечы і нахіліўшы галаву, пакорліва ўвайшоў у кабінет і ўтупіўся вачыма ў падлогу.

Гэта была поза чалавека, які трапіў у далікатнае становішча: як мог ён, просты матрос, апынуцца ў доме ў такой важнай і багатай асобы?

Што ж да мэра, дык гэты зацягваўся цыгараю, выпускаў густыя клубы дыму і глядзеў некуды нерухомымі вачыма.

У пакоі ўжо амаль нічога не было відаць. На вуліцы запалілі ліхтар.

— Я запалю святло, з вашага дазволу, — сказаў Мэгрэ.

— Хвілінку... Закрыйце спярша шторы... Мінакам неабавязкова бачыць... Вось так... Левы шнур... Асцярожна...

Вялікі Луі застыў пасярод пакоя. Мэгрэ павярнуў выключальнік, падышоў да каміна і паварушыў вуголле.

Гэта была яго старая звычка. Яшчэ ён мог, калі быў заклапочаны, стаяць каля печы, заклаўшы рукі за спіну, пакуль не пачынала пячы ў бакі.

Але ж ці змянілася хоць крыху сітуацыя? Гранмэзон па-ранейшаму насмешліва пазіраў на камісара, які на хвіліну задумаўся.

— Вялікі Луі быў тут, калі... калі з вамі гэта здарылася?

— Не! — суха адказаў мэр.

— Шкада! Вы маглі б упасці, скажам, на яго кулак...

— Што дазволіла б вам яшчэ больш растрывожыць некаторыя галовы, расказваючы ў партовым шынку розныя фантастычныя гісторыі... Лепей, мусіць, скончыць з гэтым, камісар?.. Гэтай драмай трэба заняцца нам абодвум... Вы прыехалі з Парыжа... Прывезлі мне адтуль капітана ў вельмі нецікавым стане, і ўсё гаворыць за тое, што не ў Вістрэаме яго так апрацавалі... Вы былі тут, калі яго забілі... Следства вы ведзяце, як вам заманецца...

У голасе ў мэра гучала рашучасць.

— Я мэр гэтага гарадка ўжо дзесяць гадоў, ведаю ўсіх яго жыхароў і лічу сябе адказным за ўсё, што з імі здараецца. І як мэр кірую адначасова і мясцовай паліцыяй... Дык вось!...

Ён спыніўся на нейкі момант, каб зацягнуцца цыгараю. Попел упаў і рассыпаўся ў яго на халаце.

— Пакуль вы бегаеце па шынках, я таксама не сяджу склаўшы рукі, хай гэта вас не пакрыўдзіць...

— І выклікаеце Вялікага Луі...

— Я выклікаю і іншых, калі знаходжу гэта патрэбным... А цяпер, мяркую, вы не маеце больш нічога істотнага паведаміць мне?..

Ён устаў, каб праводзіць наведніка да дзвярэй. Было відаць, што ногі ў яго трохі зацяклі.

— Спадзяюся, — ціха сказаў Мэгрэ, — вы не будзеце мець нічога супраць, калі Луі пойдзе са мною... Учора ноччу ён ужо даваў мне паказанні... Мне трэба задаць яму яшчэ некалькі пытанняў...

Гранмэзон паказаў жэстам, што яму гэта ўсё роўна. Але сам Вялікі Луі і з месца не скрануўся, усё адно як здранцвеў, — стаяў, апусціўшы вочы.

— Пакуль што не, — буркнуў ён як звычайна.

— Заўважце, — сказаў мэр, — я зусім не супраць таго, каб ён ішоў з вамі. І хачу, каб вы зафіксавалі гэты факт у сваёй памяці і не закідалі мне, што я ўстаўляю вам палкі ў колы... Я выклікаў Вялікага Луі для высвятлення некаторых акалічнасцей... Калі ён пажадаў застацца ў мяне, значыцца, яму ёсць яшчэ што мне сказаць...

Аднак цяпер у вачах у мэра была трывога — не, паніка! Вялікі Луі ўсміхаўся з нейкім жывёльным задавальненнем.

— Я пачакаю вас на вуліцы! — сказаў Мэгрэ матросу.

Але адказу камісар не пачуў. Толькі мэр выціснуў з сябе:

— Да сустрэчы, пан камісар...

Дзверы былі адчыненыя. З кухні прыйшла служанка і моўчкі, з незадаволеным тварам праводзіла Мэгрэ да дзвярэй вілы, якія адразу ж і зачыніла, толькі ён выйшаў.

Дарога была пустынная. Метраў за сто ад вілы ў акне нейкага дома гарэла святло, і далей свяціліся агеньчыкі, але адлегласць паміж імі была вельмі вялікая: пабудовы ўздоўж дарогі Рыва-Бэла танулі ў велізарных садах.

Засунуўшы рукі ў кішэні і ссутуліўшыся, Мэгрэ ступіў некалькі крокаў і апынуўся ў канцы садовага плота, за якім пачыналася пустка. Усе вістрэамскія дамы цягнуліся ўздоўж дзюнаў. За садамі не было нічога, апроч пяску і асакі.

У цемры з'явілася чыясьці постаць. Пачуўся голас:

— Гэта вы, камісар...

— Люка? — адгукнуўся Мэгрэ.

Яны хутка сышліся.

— Чалавек з драгі...

— Выйшаў адсюль? — перапыніў Мэгрэ.

— Не, яшчэ тут.

— Даўно?

— Не больш чвэрці гадзіны... Адразу за вілай.

— Праз плот пералез?

— Не... Здаецца, чакае некага... Я пачуў вашы крокі і пайшоў паглядзець...

— Вядзі...

Яны абышлі сад і апынуліся за вілаю. Люка вылаяўся.

— Што такое?

— Яго тут болей няма...

— Ты ўпэўнены?

— Ён стаяў каля таго куста тамарыксу...

— Думаеш, зайшоў у дом?

— Не ведаю...

— Заставайся тут і не сыходзь з месца ні ў якім выпадку...

Мэгрэ пабег да дарогі. Але і там нікога не ўбачыў. У акне кабінета віднелася палоска святла, аднак да падаконніка нельга было дацягнуцца.

Камісар не стаў вагацца. Рашуча прайшоў праз увесь сад і пазваніў у дзверы. Служанка адчыніла амаль адразу.

— Здаецца, я пакінуў у кабінеце пана мэра люльку...

— Зараз пагляджу.

Яна пакінула яго на ганку, але як толькі жанчына трохі адышла, камісар увайшоў і, ціха падняўшыся на колькі прыступак, зазірнуў у кабінет.

Мэр па-ранейшаму сядзеў на сваім месцы, выцягнуўшы ногі. Перад ім стаяў маленькі столік, з другога боку якога сядзеў Вялікі Луі. На століку ляжалі шашкі.

Перасунуўшы шашку, былы катаржнік усё адно як гаўкнуў:

— Ваш ход...

З раздражненнем гледзячы на служанку, якая марудліва шукала яго люльку, мэр ледзь не сарваўся на крык:

— Ну, вы ж бачыце, што яе тут няма... Скажыце камісару, што ён згубіў яе, мабыць, недзе на вуліцы... Ваш ход, Луі...

— А потым вы прынесяце нам выпіць! — самаўпэўнена, нахабна сказаў матрос.

 

VII. ДЫРЫЖОР

 

Калі Мэгрэ выйшаў з вілы, Люка зразумеў, што настае вельмі адказны момант. Выгляд у камісара быў дужа заклапочаны — здаецца, ён нічога не бачыў перад сабою.

— Ты яго не знайшоў?

— Думаю, што і шукаць не варта. Каб злавіць чалавека ў дзюнах, трэба арганізаваць натуральную аблаву.

Пакусваючы канец люлькі, Мэгрэ зашпіліў паліто і засунуў рукі ў кішэні.

— Бачыш шчыліну ў шторах? — паказаў ён на акно кабінета. — І сцяну насупраць. Дык вось, стаўшы вунь на той карніз, што на гэтай сцяне, ты, я думаю, зможаш сёе-тое праз гэтую шчыліну ўбачыць.

Люка быў такі ж масіўны, як і Мэгрэ, але меншы ростам. Уздыхнуўшы, ён палез на карніз, адначасова гледзячы на дарогу, каб пераканацца, што там цяпер няма мінакоў.

Са змярканнем пацягнула ветрам. Ён хутка набіраў сілу, дрэвы ў садзе шумелі.

— Бачыш што-небудзь?

— Не, трошкі не дацягваюся, сантыметраў пятнаццаць — дваццаць.

Мэгрэ моўчкі падышоў да груды камення ўскрай дарогі і прынёс некалькі.

— Паспрабуй так.

— Край стала бачу, людзей — яшчэ не.

Камісар прынёс яшчэ некалькі камянёў.

— Цяпер добра! Яны гуляюць у шашкі. Служанка падае шклянкі, яны дымяцца — думаю, гэта грог.

— Заставайся тут!

І Мэгрэ пачаў крочыць узад і ўперад па дарозе. Метраў за сто ад вілы віднеўся «Марацкі прытулак», а за ім — порт. Праехаў грузавічок булачніка. Камісар ледзь не спыніў яго, каб пераканацца, што ў ім ніхто не хаваецца, але перадумаў.

Бываюць аперацыі на першы погляд даволі простыя, але правесці іх немагчыма. Напрыклад, знайсці чалавека, які раптам нібыта скрозь зямлю праваліўся за мэравай вілаю! Дзе яго шукаць: у дзюнах, на беразе, у порце, у гарадку? Перакрыць усе дарогі? Дык і дваццаці жандараў на тое б не хапіла. Калі гэты чалавек хітры — усё роўна з рук выслізне.

А тут невядома яшчэ, ні хто ён, ні як выглядае.

Мэгрэ вярнуўся да сцяны, на карнізе якой стаяў, трымаючыся з усяе сілы, Люка.

— Што яны робяць?

— Гуляюць.

— Размаўляюць?

— Не разяўляючы рота. Катаржнік паклаў локці на стол і п'е ўжо трэцюю шклянку грогу.

Прайшло яшчэ чвэрць гадзіны. Люка пачуў званок і паклікаў камісара.

— Звоніць тэлефон. Мэр хоча падысці, але слухаўку здымае Луі.

Яны не чулі, што гаварыў Луі, але было абсалютна ясна, што ён задаволены.

— Скончыў?

— Зноў пачалі гуляць.

— Заставайся тут.

Мэгрэ рушыў да шынка. Там, як звычайна ў гэты час, некалькі партавікоў гулялі ў карты. Убачыўшы камісара, яны пачалі запрашаць яго выпіць з імі.

— Не цяпер. Дзяўчына, у вас ёсць тэлефон?

Апарат вісеў на сцяне ў кухні. Там сядзела старая — чысціла рыбу.

— Алё, гэта пошта? Я з паліцыі. Будзьце ласкавы, скажыце, адкуль толькі што тэлефанавалі мэру?

— З Кана, пан.

— Які нумар?

— Сто дваццаць два... Гэта вакзальны шынок...

— Дзякую...

Нейкі час ён так і стаяў пасярод шынка, нічога не прыкмячаючы вакол сябе.

— Адсюль да Кана дванаццаць кіламетраў, — прашаптаў ён раптам.

— Трынаццаць! — паправіў капітан Дэлькур, які толькі што ўвайшоў у шынок. — Як справы, камісар?

Мэгрэ нічога не чуў.

— Інакш кажучы, паўгадзіны на ровары, — зноў прашаптаў ён.

Ён успомніў, што партовыя рабочыя, якія амаль усе жылі ў гарадку, прыязджалі ў порт на роварах і пакідалі іх на цэлы дзень каля шынка.

— Праверце, калі ласка, ці ўсе ровары на месцы!

І з гэтага моманту ўсё пайшло, нібы ў зладжаным механізме. Думка Мэгрэ працавала, быццам шасцярня, рух якой дакладна адпавядаў развіццю падзей.

— Чорт! Няма майго...

Камісар не здзівіўся, не задаваў пытанняў. Ён зноў прайшоў на кухню і зняў слухаўку.

— Дайце мне паліцэйскі камісарыят Кана... Так... Дзякуй... Алё! Гэта галоўны камісарыят? З вамі гаворыць камісар Мэгрэ з крымінальнай паліцыі. Калі адыходзіць цягнік на Парыж?.. Як?.. Не раней адзінаццаці?.. Не!.. Слухайце!.. Будзьце ласкавы, занатуйце... Першае. Праверце, ці праўда пані Гранмэзон... але, жонка суднаўладальніка... паехала на аўтамабілі ў Парыж. Другое. Даведацца, ці не з'яўляўся ў іх у доме або ў канторы хто-небудзь незнаёмы. Але, гэта проста! Толькі гэта яшчэ не ўсё. Вы натуеце? Трэцяе. Абысці ўсе гаражы горада. Колькі іх?.. Каля дваццаці?.. Чакайце! Мяне цікавяць толькі тыя, што даюць машыны напракат... Пачніце з раёна вакзала... Высветліце таксама, ці не браў хто напракат машыну да Парыжа, з шафёрам ці без... Даведайцеся, ці не купіў хто старую машыну... Алё! Чакайце, я вам кажу!.. Магчыма, ён пакінуў у Кане ровар... Але, гэта ўсё!.. У вас хопіць паліцэйскіх, каб зрабіць гэта ўсё адразу ж?.. Добра, дамовіліся!.. Як толькі хоць пра што-небудзь даведаецеся, тэлефануйце мне ў «Марацкі прытулак» у Вістрэаме...

Партавікі, якія пацягвалі патроху аперытыў у горача натопленай зале, чулі ўсё. Калі Мэгрэ вярнуўся з кухні, твары ў іх былі сур'ёзныя, устрывожаныя.

— Вы думаеце, мой ровар... — пачаў быў шлюзаўшчык.

— Грогу! — суха загадаў Мэгрэ.

Гэта быў ужо не той чалавек, які яшчэ ўчора зычліва ўсміхаўся і чокаўся з кожным з іх. Цяпер ён ледзь бачыў наведнікаў шынка, амаль не пазнаваў...

— «Сэн-Мішэль» не вярнуўся з Кана?

— Яны занялі чаргу на вячэрняе шлюзаванне. Але надвор'е не дазволіць ім выйсці ў мора.

— Шторм?

— Ва ўсякім разе, вецер будзе вялікі. Ды яшчэ паўночны, а з гэтым лепш не жартаваць. Вы чуеце мяне?

Напружыўшы слых, можна было пачуць, як б'юцца аб палі пірса хвалі. Дзверы ў шынку аж дрыжалі — так усхадзіўся вецер.

— Калі мне раптам будуць тэлефанаваць, паклічце мяне. Я буду на дарозе... Метраў сто адсюль...

— Насупраць мэравага дома?

На вуліцы Мэгрэ з вялікаю цяжкасцю распаліў люльку. Густыя хмары праплывалі так нізка, што, здавалася, закраналі вершаліны таполяў уздоўж дарогі. Нават за пяць метраў было амаль немагчыма разгледзець інспектара Люка, які па-ранейшаму стаяў на карнізе.

— Нічога новага?

— Больш не гуляюць. Луі раптам абрыдла, і ён змяшаў шашкі.

— Што цяпер робяць?

— Мэр сядзіць у крэсле, выцягнуў ногі. Луі паліць цыгары і п'е грог. Разламаў ужо з дзесятак цыгар. Робіць гэта з іранічным выглядам, каб больш раззлаваць мэра.

— Колькі ён грогу выпіў?

— Пяць або шэсць шклянак...

Мэгрэ бачыў толькі вузкую палоску святла. Міма праехалі на роварах да гарадка муляры — вярталіся з працы. Потым з'явілася нейкая павозка. Разгледзеўшы ў цемры постаці людзей, селянін пачаў паганяць каня — аддаляючыся, колькі разоў з трывогаю азірнуўся.

— А што служанка?

— Яе больш не відаць. Мабыць, на кухні. Мне яшчэ доўга тут стаяць?.. Прынясіце ўжо хоць яшчэ колькі камянёў, а то ж на дыбачках стаю...

Мэгрэ прынёс камяні. Мора ўсё больш раз'юшвалася. Хвалі каля берага падымаліся, пэўна, метры на два і разбіваліся на пяску ў белы шум.

У раёне порта нехта гучна бразнуў дзвярыма. Відаць, у шынку. У садзе з'явілася чыясьці постаць — чалавек нешта выглядваў. Мэгрэ кінуўся да яго.

— А, гэта вы... Вас просяць да тэлефона... Выклікаў Кан.

— Алё!.. Камісар Мэгрэ? Як вы гэта ўгадалі?!. Пані Гранмэзон праехала сёння раніцаю праз Кан з Вістрэама ў Парыж. Яна пакінула дачку дома, пад нагляд гувернанткі... Апоўдні выехала на машыне... Наконт незнаёмага вы таксама ўгадалі... Толькі мы звярнуліся ў першы ж гараж, насупраць вакзала, нам адразу адказалі... Гэты чалавек прыехаў на ровары... Хацеў узяць напракат машыну без шафёра... Яму адказалі, што яны такіх паслуг не робяць... Чалавек спяшаўся... Ён спытаў, ці нельга купіць якую машыну, хуткую на хаду, але пажадана старую... Яму прадалі аўтамабіль за дванаццаць тысяч франкаў, якія ён адразу ж і выклаў... Машына — жоўтая, спартовага тыпу, з адкрытым верхам... Як і на ўсіх машынах, што на продаж, на ёй напісана літара «w»...

— Вам вядома, куды яна накіравалася?

— Чалавек пытаўся, як праехаць у Парыж праз Лізьё і Эўрэ.

— Тэлефануйце ў паліцыю і жандармерыю Лізьё, Эўрэ, Манту, Сэн-Жэрмэна... Папярэдзьце Парыж, каб сачылі за ўсімі ўездамі ў горад, асабліва ў раёне Маё...

— Машыну трэба спыніць?

— Але, і арыштаваць вадзіцеля! У вас ёсць яго апісанне?

— Гаспадар гаража кажа, што ён даволі высокага росту, сярэдніх гадоў, у светлым элегантным гарнітуры...

— Загад у сіле: тэлефанаваць мне ў Вістрэам, як толькі...

— Прабачце, хутка сем гадзін... Пасля сямі тэлефоннай сувязі з Вістрэамам няма... Хіба што вы звернецеся да мэра...

— Чаму?

— Таму што яго нумар першы і ноччу ў яго прамая сувязь з Канам.

— Пасадзіце каго-небудзь на камутатар. Калі папросяць мэра, трэба праслухаць размову... У вас ёсць машына?

— Але, малалітражка.

— Ну й хопіць, каб даехаць да мяне з паведамленнем... Я па-ранейшаму ў «Марацкім прытулку».

У шынку капітан Дэлькур асмеліўся спытацца ў Мэгрэ:

— Гэта вы забойцу ловіце?

— Не ведаю!

Людзі ў шынку не маглі зразумець, чаму Мэгрэ, яшчэ ўчора такі сардэчны і просты, здаваўся цяпер далёкім ад іх і нават злым.

Ён выйшаў, нічога не растлумачыўшы. Вецер усё больш хваляваў мора. На мосце, які дрыжаў пад націскам буры, камісару прыйшлося шчыльна зашпіліцца.

Каля Жарысавага дома ён спыніўся і пасля некаторых ваганняў зазірнуў у замок. У глыбіні калідора ён убачыў зашклёныя дзверы кухні. Гарэла святло. Нехта хадзіў паміж плітою і сталом.

Мэгрэ пазваніў. Жулі замерла са сподачкам у руках, пасля паставіла яго на стол і выйшла з кухні да дзвярэй.

— Хто там? — спытала яна з трывогаю.

— Камісар Мэгрэ!

Жулі адчыніла, прапусціла яго. Яна нервавалася, увесь час азіралася, вочы ў яе былі чырвоныя ад слёз.

— Уваходзьце... Я рада, што вы прыйшлі. Ведалі б вы, як мне страшна ў гэтым доме адной! Мусіць, я тут не застануся...

Мэгрэ ўвайшоў у кухню, як звычайна старанна прыбраную.

На стале, засланым белай цыратаю, стаялі толькі кубак і талерка з хлебам і маслам. Ад рондаля на пліце ішоў салодкі пах.

— Какава? — спытаўся Мэгрэ.

— Не хочацца гатаваць сабе адной... Вось абыходжуся кубкам какавы...

— Не звяртайце на мяне ўвагі... Ешце...

Спачатку яна саромелася, пасля, рашыўшыся, наліла ў кубак какавы і пачала ўмачаць у яе вялікія кавалкі намазанага маслам хлеба, які ела потым з лыжкі, апусціўшы застылыя вочы.

— Ваш брат яшчэ не прыходзіў?

— Не! Нічога не разумею... Толькі што хадзіла ў порт, думала сустрэць яго там. Маракі, калі ім няма чаго рабіць, заўсёды бадзяюцца ў порце...

— Вы ведалі, што ваш брат сябруе з мэрам?

Жулі кінула на камісара разгублены позірк.

— Што вы хочаце сказаць?

— Цяпер яны гуляюць у шашкі ў мэравым доме.

Дзяўчына падумала, што яе разыгрываюць, але калі Мэгрэ запэўніў яе, што гэта чыстая праўда, яна сумелася яшчэ больш.

— Не разумею...

— Чаму?

— Таму што мэр не такі ўжо просты з людзьмі... А галоўнае, я ведаю, як ён не любіць Луі. Колькі разоў чапляўся да яго! Хацеў нават пазбавіць пасведчання на права жыхарства...

— А з капітанам Жарысам?

— Што?

— Пан Гранмэзон сябраваў з капітанам?

— Як з усімі! Здароўкаецца за руку. Жартуе... Дадае колькі слоў пра надвор'е — але гэта ўсё. Іншы раз, я ўжо вам казала, ён браў майго гаспадара на паляванне... Але толькі каб не быць аднаму...

— Вы яшчэ не атрымалі ліст ад натарыуса?

— Атрымала! Ён паведамляе, што я адзіная спадчынніца... Што б гэта ўсё магло значыць? Праўда, што дом застаецца мне?

— І трыста тысяч франкаў таксама!

Амаль нерухомая, яна машынальна працягвала есці, пасля, круцячы галавою, вымавіла:

— Гэта немагчыма... Недарэчнасць нейкая... Я ж вам кажу: у капітана ніколі не было такіх грошай!

— Дзе яго звычайнае месца?.. Ён вячэраў на кухні?

— Там, дзе вы седзіце, у плеценым крэсле.

— Вы елі разам?

— Звычайна... Хіба што час ад часу я ішла зірнуць на пліту і падаць што-небудзь... За вячэраю ён любіў чытаць газету, іншы раз уголас...

Мэгрэ быў не надта чуллівы. І ўсё ж такі яго ўсхваляваў ідылічны спакой, у якім ён цяпер сябе адчуваў. Здавалася, што гадзіннік цікаў надзвычай марудна. Водбліск святла ад меднага маятніка адбіваўся на сцяне. І гэты салодкі пах какавы... Пры кожным руху Мэгрэ плеценае крэсла прыемна паскрыпвала — як і тады, пэўна, калі ў ім сядзеў капітан Жарыс...

Жулі было страшна адной у гэтым доме. Але яна не рашалася пакінуць яго. І камісар разумеў, што нешта трымала яе ў гэтых сценах — не адпускала, бадай, звычка... Яна ўстала і пайшла да дзвярэй. Мэгрэ сачыў за ёю вачыма. Жулі ўпусціла ў кухню белую кошку, якая падышла да міскі з малаком каля печы.

— Бедная Міну! — сказала дзяўчына. — Гаспадар так любіў яе... Сядзела пасля вячэры ў яго на каленях, пакуль ён не ішоў спаць...

Які глыбокі спакой — у ім адчувалася нават нейкая пагроза... Спакой цяжкі і напружаны...

— Вы напраўду нічога не хочаце мне сказаць, Жулі?

Яна дапытліва глянула на яго.

— Я думаю, што вось-вось адкрыю праўду... Любое ваша слова дапаможа мне... Вось чаму я і пытаюся, ці не хочаце вы расказаць мне што-небудзь...

— Клянуся вам...

— Пра капітана Жарыса...

— Нічога!

— Пра вашага брата...

— Нічога... Клянуся вам...

— Пра чалавека, які, пэўна, быў у гэтых мясцінах і якога вы не ведаеце...

— Не разумею...

Яна ўсё ела кавалкі хлеба, якія плавалі ў жоўтай ад масла какаве — Мэгрэ і глядзець на гэтакую ежу было непрыемна.

— Добра, я пайду!

Жулі кінула на камісара роспачны позірк, у якім адчувалася і нейкая крыўда. Дзяўчыну зноў чакала адзінота. Відаць было, што ёй хочацца пра нешта спытацца.

— Скажыце, а пахаванне... Я думаю, — узняла яна на яго вочы, — нельга так доўга чакаць... бо труп...

— Ён пакладзены ў лёд, — з цяжкасцю знайшоў камісар адказ.

Жулі ўздрыгнула.

 

* * *

 

— Ты тут, Люка?

Было так цёмна, што ўжо нічога нельга было разгледзець. Да таго ж бура заглушала ўсё навокал. У порце, кожны на сваім месцы, чакалі прыбыцця судна з Глазга, якое, зрабіўшы няправільны манеўр, гудкамі падавала каля пірса сігналы.

— Я тут.

— Што яны робяць?

— Ядуць. Хацеў бы я быць на іх месцы. Крэветкі, малюскі, амлет і нешта падобнае на халодную цяляціну.

— Яны абодва за сталом?

— Абодва. Луі ўсё яшчэ не зняў са стала локці.

— Гутараць?

— Мала. Час ад часу выціскаюць па слову, але, здаецца, ім няма пра што гаварыць.

— П'юць?

— Матрос п'е. На стале дзве бутэлькі. Дарагое віно. Мэр увесь час падлівае.

— Бы напаіць хоча?

— Выдае на тое. Служанка смешна трымаецца. Так баіцца зачапіць госця, што калі ёй трэба прайсці міма, дык абыходзіць яго.

— Ніхто больш не званіў?

— Не... Чакайце. Луі сморкаецца ў сурвэтку, устае... Ідзе па цыгары. Скрынка — на каміне. Падае мэру — той адмаўляецца, круціць галавою. Служанка нясе сыр... Хоць бы сесці на што-небудзь! — жаласна дадаў Люка. — У мяне ногі замерзлі. Паварушыцца баюся, каб не грымнуцца.

Гэтага было мала, каб разжаліць Мэгрэ: ён і сам дзесяткі разоў быў у падобных сітуацыях.

— Зараз прынясу табе паесці і выпіць.

У гатэлі «Універсаль» была добрая вячэра, але Мэгрэ абышоўся кавалкам хлеба з паштэтам, праглынуў яго стоячы. Пасля зрабіў калегу бутэрброд і ўзяў недапітую бутэльку бардоскага віна.

— А я зрабіў вам такі буайбэс*, які вы і ў Марселі не пакаштуеце! — пачаў угаворваць прысесці гаспадар.

* Рыбны суп з часнаком і вострымі прыправамі.

Але нішто ўжо не магло ўтрымаць камісара. Вярнуўшыся да Люка, ён у каторы раз задаў тое самае пытанне:

— Што яны робяць?

— Служанка прыбрала стол. Мэр у крэсле паліць адну за адной цыгары. Па-мойму, Луі засынае. Цыгара ў яго ўсё яшчэ ў роце, але дыму не відаць.

— Што яму далі выпіць?

— Поўную шклянку з бутэлькі, што на каміне.

— Арманьяк, — успомніў Мэгрэ.

— Чакайце... На трэцім паверсе запалілася святло... Пэўна, служанка збіраецца спаць. Мэр устае, ідзе...

Чуюцца нейкія галасы — недзе каля шынка. Шум матора. Можна разабраць адсюль некаторыя словы:

— За сто метраў? У доме?..

— Не. Каля дома.

Мэгрэ пайшоў насустрач машыне. Спыніў яе даволі далёка ад дома, каб не ўстрывожыць мэра. У машыне сядзелі некалькі чалавек у паліцэйскіх мундзірах.

— Што новага?

— З Эўрэ паведамілі, што чалавек у жоўтай машыне арыштаваны.

— Хто ён?

— Пачакайце! Ён пратэстуе. Пагражае, што выкліча пасла.

— Іншаземец?

— Нарвежац. Нам сказалі па тэлефоне яго прозвішча, але немагчыма было разабраць: Марціно ці Маціно... Здаецца, што дакументы ў парадку... Жандары пытаюцца, што з ім рабіць...

— Везці яго сюды, разам з жоўтай машынаю... Хто-небудзь з жандараў, напэўна, умее вадзіць. А вы едзьце ў Кан... Паспрабуйце даведацца, дзе звычайна спыняецца пані Гранмэзон, калі прыязджае ў Парыж...

— Нам гэта ўжо сказалі. Гатэль «Лютэцыя», бульвар Распай.

— Тэлефануйце туды з Кана і даведайцеся, ці прыехала яна і што робіць. Гэта не ўсё! Калі яна там, звярніцеся ад майго імя ў крымінальную паліцыю і папрасіце ўзяць яе пад нагляд. Але каб асцярожна!..

Машына ў тры прыёмы развярнулася на вузкай дарозе. Мэгрэ зноў падышоў да Люка — той чамусьці спускаўся ўніз.

— Чаму ты злез?

— А няма на што больш глядзець.

— Разышліся?

— Не. Але мэр падышоў да акна і зашмаргнуў шторы...

Метраў за сто ў шлюз паволі ўваходзіла судна з Глазга. Чуліся ангельскія каманды. Вецер сарваў з галавы камісара капялюш. Святло ў акне на трэцім паверсе раптам пагасла. Віла патанула ў цемры.

 

VIII. МЭР ВЯДЗЕ СЛЕДСТВА

 

Мэгрэ стаяў пасярод дарогі, засунуўшы рукі ў кішэні і нахмурыўшы бровы.

— Вы чымсьці ўстрывожаны? — спытаў Люка, які добра ведаў свайго шэфа.

Сам ён быў устрывожаны, бо надта змрочна пазіраў на вілу.

— Нам трэба быць там, усярэдзіне, — ціха сказаў камісар, узіраючыся ў кожнае акно.

Але ўсе яны зачыненыя. Не было ніякай магчымасці прайсці ў дом. Мэгрэ ціха падышоў да дзвярэй, нахіліў галаву, прыслухаўся. Зрабіў памочніку знак маўчаць. І абодва прыпалі вушамі да дубовых дзвярэй.

Галасоў чуваць не было. Але з кабінета даносіўся тупат ног і глухі, мерны стук.

Няўжо яны біліся? Наўрад ці: удары не былі б такія роўныя. Калі б яны біліся, дык, пэўна, перамяшчаліся б па пакоі, штурхалі адзін аднаго і натыкаліся на мэблю, а ўдары былі б то часцейшыя, то радзейшыя.

А тут нібыта палі забівалі. Можна было нават пачуць цяжкае дыханне таго, хто наносіў удары:

— Х-ха!.. Х-ха!.. Х-ха!..

І як кантрапункт гэтаму хаканню — глухі хрып.

Мэгрэ глянуў інспектару ў вочы, паказаў рукою на замок — і Люка ўсё зразумеў, выняў з кішэні набор адмычак.

— Толькі ціха! — папярэдзіў Мэгрэ.

І ў доме цяпер было ціха. Цішыня была нейкая цяжкая, трывожная. Ні ўдараў, ні крокаў. Хіба што чулася яшчэ крыху хрыплае дыханне чалавека, як бы з астатняй сілы.

Люка даў знак і адчыніў дзверы. Злева, з кабінета, прабівалася святло. Мэгрэ паціснуў плячыма, нічога не разумеючы. Ён перавысіў свае паўнамоцтвы. Вельмі перавысіў. І зрабіў гэта ў доме афіцыйнай асобы, ды яшчэ такой далікатнай, як мэр Вістрэама.

— Ну, што тут ужо зробіш!

З калідора выразна даносілася дыханне, але толькі аднаго чалавека. Ніякіх рухаў. Люка намацаў у кішэні рэвальвер. Адным штуршком Мэгрэ адчыніў дзверы.

І адразу ж, збянтэжаны, застыў. Ён не стаў сведкам новай драмы.

Перад яго вачыма было нешта зусім іншае.

Карціна, якую ўбачылі Мэгрэ і Люка, была дзіўная і недарэчная. Гранмэзон стаяў з разбітымі вуснамі і падбародкам, залітым крывёю. Халат, раскіданыя валасы, тупы выраз твару надавалі яму выгляд баксёра, які прыходзіць да прытомнасці пасля накаўта.

Ледзь трымаючыся на нагах, ён абапіраўся на камін, так моцна адхіліўшыся назад, што можна было толькі дзівіцца, як ён яшчэ не грымнуўся вобзем.

За два крокі ад яго стаяў Вялікі Луі. Валасы раскудлачаныя, на яшчэ сціснутых кулаках — кроў. Кроў мэра!

Выходзіць, гэта яго дыханне чулі яны ў калідоры. Гэта ён соп, лупцуючы Гранмэзона! Ад матроса пахла спіртным. На стале — перакуленыя шклянкі.

Камісар і інспектар былі настолькі разгублены, а мэр і Вялікі Луі так атупелі, знясіленыя, што прайшло яшчэ колькі часу, перш чым яны загаварылі.

Гранмэзон выцер вусны і падбародак крысам халата і, стараючыся трымацца на нагах, прамармытаў:

— Што ж... што ж гэта?..

— Выбачайце мяне за тое, што я ўвайшоў у дом, — пачціва сказаў Мэгрэ. — Я пачуў шум... Дзверы былі не зачыненыя.

— Хлусня!

Мэр сабраў усю сваю сілу, каб вымавіць гэтае слова.

— Ва ўсякім выпадку, я задаволены, што своечасова прыйшоў, каб абараніць вас і...

Мэгрэ кінуў позірк на Вялікага Луі, які не здаваўся разгубленым, — наадварот, неяк дзіўна ўсміхаўся, пільна гледзячы на мэра.

— Я не маю патрэбы ў ахове.

— Аднак гэты чалавек напаў на вас.

Стоячы перад люстрам, Гранмэзон спрабаваў прывесці сябе ў парадак і нерваваўся, бо кроў не пераставала цячы.

Цяпер гэта было неверагоднае, вычварнае спалучэнне сілы і слабасці, упэўненасці і млявасці.

Заплылае вока, сінякі і раны сагналі з яго твару лялечную гладкасць — ён стаў шэры.

З нечаканай хуткасцю мэр зноў напусціў на сябе самаўпэўнены выгляд і, прытуліўшыся спінаю да каміна, пачаў атаку на камісара з інспектарам:

— Мяркую, што вы зламалі дзверы майго дома...

— Прабачце! Мы хацелі памагчы вам.

— Хлусня! Вы не маглі ведаць, што мне што-небудзь пагражае. І мне нішто не пагражала! — наўмысна адчаканіў ён апошнія словы.

Мэгрэ ўважліва ўгледзеўся ў Вялікага Луі.

— Спадзяюся, аднак, што вы дазволіце мне забраць гэтага пана...

— Ні ў якім разе!

— Ён вас біў. І, дарэчы, жорстка...

— Мы ва ўсім разабраліся самі. І гэта нікога не датычыцца, апроч самога мяне!

— Я магу меркаваць, што вы, крыху спешна спускаючыся сёння раніцаю па лесвіцы, натыкнуліся менавіта на яго кулак...

Тут варта было б сфатаграфаваць усмешку Вялікага Луі: той проста свяціўся ад задавальнення. Аддыхваючыся, матрос разам з тым сачыў, што адбывалася вакол яго. Апошняя сцэна, здавалася, была яму асабліва прыемная — чыстая асалода. Бясспрэчна, Луі былі вядомыя таемныя спружыны таго, што хацеў цяпер разгадаць камісар!

— Я ўжо казаў вам, пан Мэгрэ, што і я са свайго боку вяду расследаванне. Я не ўмешваюся ў вашыя справы, дык, будзьце ласкавы, не ўмешвайцеся і вы ў мае... І не здзіўляйцеся, калі я падам на вас у суд за парушэнне недакранальнасці жытла з узломам.

Цяжка сказаць, чаго было больш у гэтай сцэне: камічнага ці трагічнага. Мэр хацеў здавацца важным, трымаўся, расправіўшы плечы, але з яго вуснаў па-ранейшаму цякла кроў, а твар быў як адзін вялізны сіняк, халат быў увесь памяты...

Нарэшце, прысутнасць Вялікага Луі, здавалася, усё роўна як падсцёбвала яго.

Памятаў ён, мусіць, і пра папярэднюю сцэну, якую няцяжка было ўявіць: катаржнік, напэўна, біў з блізкай адлегласці і з такою сілаю, што ўрэшце не мог ужо і размахнуцца як след.

— Выбачайце, пан мэр, але я не магу пайсці ад вас зараз. Улічваючы той факт, што вы — адзіны грамадзянін Вістрэама, у якога ноччу дзейнічае тэлефон, я дазволіў сабе даць ваш нумар, бо мне павінны званіць.

Замест адказу Гранмэзон суха сказаў:

— Зачыніце дзверы!

Сапраўды, дзверы былі зачыненыя.

Мэр узяў адну з рассыпаных на каміне цыгар, хацеў запаліць, але, відаць, адзін ужо дотык цыгары да вуснаў выклікаў у яго вельмі непрыемнае пачуццё, бо ён з раздражненнем адкінуў яе.

— Калі ласка, Люка, злучы мяне з Канам.

Камісар перавёў позірк з мэра на Вялікага Луі. Думкі імкліва праносіліся ў яго галаве.

На першы погляд жорстка адлупцаваны Гранмэзон павінен быў здавацца пераможаным, слабым не толькі фізічна, але і маральна: яго ж заспелі ў надзвычай непрыемнай сітуацыі, якая так уніжала яго!

Дык не! За колькі хвілін ён падабраўся і хоць збольшага вярнуў сабе рэспектабельны выгляд паважанага буржуа.

Цяпер ён быў амаль спакойны і глядзеў на Мэгрэ высакамерна.

У Вялікага Луі роля была прасцейшая. Ён быў пераможца, на ім не было ніводнае драпіны. І яшчэ хвіліну назад ва ўсмешцы ў яго ззяла амаль дзіцячая радасць.

Але неўзабаве матрос пачаў адчуваць сябе неяк няёмка і не ведаў цяпер, што рабіць, як стаць, куды глядзець.

«Хто з іх можа быць галоўны ў гэтай справе?» — задаваў сабе пытанне Мэгрэ.

Ні адзін, ні другі адказ відавочным не здаваўся. Пад падазрэннем заставаліся абодва.

— Алё! Паліцыя Кана? Камісар Мэгрэ просіць перадаць вам, што ён будзе ўсю ноч у доме мэра... Мэра... Тэлефануйце па нумары адзін... Алё!.. Ёсць што-небудзь новае? Ужо ў Лізьё?.. Дзякуй! Але.

Паклаўшы слухаўку, Люка сказаў камісару:

— Машына толькі што праехала праз Лізьё. Яна будзе тут праз сорак пяць хвілін.

— Калі я не памыляюся, — пачаў мэр, — вы сказалі...

— Што я застануся тут на ўсю ноч. З вашага дазволу, натуральна... Ужо два разы вы пачыналі расказваць мне пра ваша ўласнае расследаванне. Думаю, лепей за ўсё будзе, калі вы дазволіце аб'яднаць вынікі, якія мы атрымалі абодва.

Мэгрэ не іранізаваў. Ён злаваўся, бо нічога не разумеў у сітуацыі.

— Растлумачце мне, калі ласка, Луі, чаму, калі мы ўвайшлі, вы... хм... білі пана мэра?

Але Вялікі Луі не адказваў, пазіраючы на мэра так, нібыта прапаноўваў яму: «Гаварыце вы!»

Гранмэзон вымавіў:

— Гэта мая асабістая справа.

— Вядома! Кожны мае права быць адлупцаваным, калі яму гэта даспадобы, — усміхнуўся раззлаваны Мэгрэ. — Люка, папрасіце гатэль «Лютэцыя».

Удар быў дакладны. Гранмэзон разявіў рот, хочучы нешта сказаць. Яго рука сціснула мармуровую дошку каміна.

Люка гаварыў па тэлефоне:

— Пачакаць тры хвіліны?.. Дзякуй... Але...

Мэгрэ гучна запытаўся:

— Вам не здаецца, што расследаванне прымае дужа дзіўны характар? Дарэчы, пан Гранмэзон, вы маглі б зрабіць мне паслугу... Вы — суднаўладальнік і, пэўна, ведаеце некаторых людзей вашага кола з іншых краін. Ці не чулі вы пра такога... чакайце... як гэта яго... Марціно... ці Маціно... з Бергена або Транхейма... Нарвежца, словам...

Маўчанне. Твар у Вялікага Луі пасуровеў. Матрос машынальна наліў сабе ў шклянку віна.

— Шкада, што вы яго не ведаеце... Зараз ён прыедзе...

Усё! Можна было ні пра што больш не распытваць: ніхто не адкажа ні слова! Ніхто і не ўздрыгне нават! Гэта можна было зразумець па адных толькі паставах мэра і матроса.

Гранмэзон змяніў тактыку. Ён прытуліўся спінаю да каміна — вуголле палала каля самых яго ног, — і, гледзячы на яго збоку, можна было падумаць, што ў пакоі толькі ён адзін і быў.

Ну і твар быў у яго цяпер! Размытыя рысы, з падцёкамі і сінякамі, кроў на падбародку. Сумесь рашучасці і пакуты. Адчувалася, што ён панікуе.

Вялікі Луі, паставіўшы ногі на крэсла, усеўся на яго спінцы. Пазяхнуўшы тры ці чатыры разы, ён задрамаў.

Зазваніў тэлефон. Мэгрэ хутка зняў слухаўку.

— Алё! Гатэль «Лютэцыя»? Алё?.. Не вешайце слухаўку... Дайце мне, калі ласка, пані Гранмэзон... Але, яе... Яна павінна была прыехаць сёння пасля абеду ці ўвечары... Я чакаю...

— Спадзяюся, — бляклым голасам пачаў мэр, — вы не збіраецеся ўблытваць маю жонку ў вашыя, скажам так, прынамсі, дзіўныя манеўры?

Але камісар моўчкі чакаў, прыціснуўшы слухаўку да вуха і разглядваючы сурвэту на стале.

— Алё!.. Слухаю... Як вы кажаце?.. Паехала назад?.. Хвілінку... Давайце па парадку... Калі яна прыехала?.. У сем гадзін... Выдатна!.. На сваёй машыне і з шафёрам... Кажаце, павячэрала ў гатэлі, а потым яе паклікалі да тэлефона?.. І адразу ж паехала назад?.. Дзякуй... Не, гэтага дастаткова...

Ніхто не паварушыўся. Гранмэзон здаваўся яшчэ больш спакойным. Мэгрэ павесіў слухаўку, неўзабаве зняў зноў.

— Алё! Паштовае аддзяленне Кана?.. З вамі гавораць з паліцыі... Будзьце ласкавы, скажыце, абанент, ад якога я вам тэлефаную, заказваў размову з Парыжам яшчэ да майго званка?.. Кажаце, хвілін з пятнаццаць назад?.. Мусіць, прасіў злучыць з гатэлем «Лютэцыя»?.. Дзякую вам...

На лобе ў Мэгрэ блішчалі кропелькі поту. Ён паволі набіў пальцам люльку, потым наліў віна ў адну з дзвюх шклянак, што стаялі на стале.

— Мяркую, камісар, вы ўсведамляеце, што вашыя цяперашнія дзеянні — процізаконныя? Вы залезлі ў дом, зламаўшы дзверы. Застаяцеся тут без майго дазволу. Ды яшчэ сееце паніку ў маёй сям'і. Нарэшце, трымаецеся са мною ў прысутнасці іншага чалавека, як са злачынцам. Вам прыйдзецца адказваць за ўсё гэта.

— Адкажу!

— І раз ужо я не гаспадар у сваім уласным доме, прашу вашага дазволу пайсці спаць.

— Не!

Камісар ужо прыслухоўваўся да шуму матора на дарозе.

— Ідзі адчыні ім, Люка.

Мэгрэ машынальна кінуў у агонь шуфлік вугалю і павярнуўся да дзвярэй якраз у той самы момант, калі ў пакой увайшлі два жандары з Эўрэ.

Паміж імі ішоў мужчына ў кайданках.

— Пакіньце нас, — сказаў Мэгрэ жандарам. — Ідзіце ў партовы шынок і чакайце мяне там усю ноч.

Ні мэр, ні Вялікі Луі не зварухнуліся. Можна было падумаць, што яны ці нічога перад сабою не бачылі, ці не хацелі бачыць. Што ж да чалавека ў кайданках, дык гэты захоўваў абсалютны спакой. Хіба што ледзь прыкметна ўсміхнуўся, калі заўважыў распухлы мэраў твар.

— З кім я мушу гаварыць? — спытаўся ён, аглядваючы прысутных.

Мэгрэ паціснуў плячыма, усё роўна як паказваў тым самым, што жандары відавочна перастараліся, выняў з кішэні маленькі ключ і разамкнуў кайданкі.

— Дзякую вам... Я быў так здзіўлены...

Мэгрэ з абурэннем спытаўся:

— Здзіўлены?.. Чым?.. Тым, што вас арыштавалі?.. Вы ўпэўнены, што гэта вас так здзівіла?

— Інакш кажучы, я чакаю, калі мне паведамяць, у чым мая віна.

— Ды хоць бы ў тым, што вы ўкралі ровар!

— Прабачце, але я, так сказаць, пазычыў яго! Гаспадар гаража, у якім я купіў машыну, можа гэта пацвердзіць. Я пакінуў ровар у ягоным гаражы і папрасіў гаспадара пераправіць яго ў Вістрэам, а таксама заплаціць яго ўладальніку за нанесеную шкоду...

— Ну, ну!.. Але ж, здаецца, вы не нарвежац?..

Незнаёмы гаварыў без акцэнту ды і з твару не быў падобны на скандынава. Ён быў высокага росту, даволі малады, фігуру меў прыгожую. Элегантны гарнітур быў крыху памяты.

— Прабачце! Я не нарвежац па паходжанні, але нарвежскі падданы...

— А жывяце ў Бергене?

— У Трамсё, на Лафатэнскіх астравах.

— Вы — камерсант?

— У мяне завод па перапрацоўцы адходаў траскі.

— Такіх, як ікра, напрыклад?

— Ікра і ўсё астатняе. Робім з галоў і печані рыбін тлушч, з касцей — угнаенне...

— Выдатна! Проста выдатна! Застаецца толькі высветліць, што вы рабілі ў Вістрэаме ў ноч з шаснаццатага на семнаццатае верасня...

Незнаёмы не разгубіўся, паволі азірнуўся і адказаў:

— Мяне не было ў Вістрэаме.

— Дзе ж вы былі?

— А вы?

Усміхнуўшыся, ён растлумачыў свой адказ:

— Я хачу сказаць: ці б маглі вы самі вось гэтак раптоўна сказаць, што вы рабілі ў які-небудзь дзень, гадзіну, калі з тае пары прайшло ўжо больш за месяц?

— Вы былі ў Нарвегіі?

— Магчыма.

— Трымайце!

І Мэгрэ працягнуў субяседніку асадку з залатым пяром, якую нарвежац, падзякаваўшы, спакойна паклаў у кішэню.

Дальбог, прыгожы мужчына! Прыкладна таго ж узросту і росту, што і мэр, але больш статны і дужы. У яго цёмных вачах можна было ўгадаць напружанае ўнутранае жыццё. А ўсмешка тонкіх вуснаў казала пра вялікую ўпэўненасць чалавека ў сабе.

На камісаравы пытанні ён адказваў пачціва.

— Мяркую, — сказаў ён, — наша сустрэча — простая памылка, і быў бы рады зноў адправіцца ў дарогу...

— Гэта ўжо іншае пытанне. Дзе вы пазнаёміліся з Вялікім Луі?

Але незнаёмы, насуперак чаканню Мэгрэ, і не паглядзеў на матроса.

— Вялікім Луі? — перапытаў нарвежац.

— Вы пазнаёміліся з капітанам Жарысам, калі ён яшчэ плаваў?

— Прабачце. Я не разумею.

— Вядома! А калі я спытаю ў вас, чаму вы начуеце на борце разваліны-драгі замест таго, каб уладкавацца ў гатэлі, вы таксама будзеце здзіўлены?

— А як вы думаеце? Згадзіцеся, што на маім месцы...

— І, аднак, учора вы прыбылі ў Вістрэам на борце «Сэн-Мішэля». Пры ўваходзе ў порт пераселі са шхуны ў шлюпку. Потым перабраліся на драгу і правялі там ноч. Сёння пасля абеду абышлі вілу, у якой мы цяпер знаходзімся, потым узялі ровар і паехалі ў Кан. Купілі там машыну. Выехалі ў Парыж. І ці не з пані Гранмэзон вы павінны былі сустрэцца ў гатэлі «Лютэцыя»? У такім выпадку няма патрэбы нікуды ехаць. Або я дужа памыляюся, або яна будзе тут сёння ноччу.

Маўчанне. Мэр ператварыўся ў статую. Позірк у яго быў настолькі нерухомы, што ў ім не адчувалася ніякага жыцця. Вялікі Луі пачэсваў раз-пораз патыліцу і пазяхаў, усё яшчэ седзячы, тым часам як усе астатнія стаялі.

— Вас завуць Марціно?

— Але, Жан Марціно.

— Ну дык вось, пан Жан Марціно, падумайце! Ці сапраўды вам няма чаго паведаміць нам? Вельмі нават магчыма, што адзін з тых, хто тут прысутнічае, хутка ўстане перад судом.

— Мне не толькі няма чаго вам сказаць, але і хочацца папрасіць вашага дазволу папярэдзіць нарвежскага консула, каб ён прыняў неабходныя меры.

І гэты туды ж! Гранмэзон пагражаў ужо, што паскардзіцца, цяпер і Марціно збіраецца зрабіць тое самае! Хіба што адзін Вялікі Луі нікому нічым не пагражаў, згодзен цярпець што хочаш, было б толькі што выпіць.

Чуваць было, як бушаваў шторм, які з прылівам дасягнуў свайго піку.

Позірк у Люка быў вельмі красамоўны. Канечне, ён думаў: «Ну і ўліплі ж мы ў гісторыю! Хоць бы што-небудзь высветлілася!..»

Мэгрэ хадзіў па пакоі, сердаваў, паліў.

— Значыць, вы нічога не ведаеце, ні адзін, ні другі, пра знікненне капітана Жарыса і яго смерць?

Абодва моўчкі пакруцілі галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позірк на Марціно.

У гэты момант звонку пачуліся хуткія крокі і стук у дзверы. Пасля кароткіх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулі. Яна цяжка дыхала. Спыніўшыся, ледзь вымавіла:

— Камісар, мой брат...

І адразу ж здзіўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гіганцкую постаць Вялікага Луі, які ўстаў з крэсла.

— Ваш брат?.. — перапытаў Мэгрэ.

— Нічога... Я...

Яна паспрабавала ўсміхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спінаю назад, наткнулася на Марціно, павярнулася да яго.

— Прабачце, пан...

Стала ясна, што яна не знаёмая з ім.

Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.

 

IX. ЗМОВА МАЎЧАННЯ

 

Жулі спяшалася ўсё расказаць:

— Я была дома зусім адна... Мне было страшна... Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалі... Прыйшоў Ланэк, братаў капітан...

— «Сэн-Мішэль» у порце?

— Ён быў у шлюзе, калі я праходзіла міма... Ланэк хацеў тэрмінова пабачыць брата... Здаецца, яны спяшаюцца адплыць... Я сказала яму, што Луі нават не заходзіў да мяне... І ўстрывожылася за яго, бо ён плёў нешта дзіўнае, я нават не разабрала нічога...

— Чаму вы прыйшлі сюды? — спытаўся Мэгрэ.

— Хацела даведацца, ці няма для Луі якой небяспекі... Ланэк сказаў, што небяспека ёсць і што, мажліва, нічым ужо не паможаш... А ў порце мне перадалі, што вы тут...

Незадаволены матрос паціснуў плячыма, быццам казаў тым самым, што жанчыны часта хвалююцца праз любую драбязу.

— Вам пагражае небяспека? — спытаўся Мэгрэ, спрабуючы злавіць яго позірк.

Вялікі Луі засмяяўся. Смех у яго быў штучны і здаўся ідыёцкім.

— Чым устрывожаны Ланэк?

— А я адкуль ведаю?

Агледзеўшы прысутных, камісар задуменна, з горыччу вымавіў:

— Значыцца, вы нічога не ведаеце! І ўсе ў аднолькавым становішчы. Вы, пан мэр, не знаёмы з панам Марціно і не ведаеце, чаму Вялікі Луі, якога вы прымаеце, як добрага знаёмага, гуляеце з ім у шашкі, корміце і поіце, пачынае раптам біць вас па твары кулакамі, проста м а л а ц і ц ь...

Ні слова ў адказ.

— І гэта яшчэ не ўсё! Вы лічыце такія паводзіны матроса натуральнымі! Не бароніцеся! Адмаўляецеся нават падаць на яго скаргу. Ды што там — і не думаеце выставіць «вашага сябра» за дзверы!

Камісар павярнуўся да Вялікага Луі.

— Вы таксама нічога не ведаеце! Праводзіце ноч на дразе, але хто там быў з вамі — сказаць не можаце... Вас прымаюць у гэтым доме, як дарагога госця, а за гасціннасць вы плаціце гаспадару лупцоўкаю... І, вядома, вы, як і ўсе, ніколі не сустракаліся з панам Марціно!..

Ніхто нават не ўздрыгнуў. Усе ўпарта разглядвалі карункі на сурвэце.

— І вы, пан Марціно, таксама ведаеце не больш за іншых. Вам вядома хоць, на чым вы прыбылі з Нарвегіі ў Францыю? Не?.. Вам ямчэй спаць на старой канапе на борце драгі, чым у мяккім ложку ў гатэлі... У Парыж вы едзеце спачатку на ровары, пасля купляеце машыну... Але вы не ведаеце нічога і нікога! Ні пана Гранмэзона, ні Луі, ні капітана Жарыса... Ну, а вы, Жулі, натуральна, ведаеце пра ўсё гэта яшчэ менш за іншых!..

Камісар разгублена зірнуў на Люка. Той зразумеў: і думаць нават не прыходзілася, каб арыштаваць усіх.

Кожны з іх паводзіў сябе вельмі дзіўна, маніў і сам сабе пярэчыў. Але ж і ніхто не даваў сапраўднага доказу!

Гадзіннік паказваў адзінаццаць вечара. Мэгрэ выбіў люльку ў камін.

— Я вымушаны прасіць вас усіх заставацца ў руках правасуддзя. Мне, несумненна, прыйдзецца яшчэ задаць вам некалькі пытанняў, нягледзячы на тое, што вы нічога не ведаеце... Мяркую, пан мэр, вы не маеце намеру пакінуць Вістрэам?

— Не!

— Я вам удзячны... Вы, пан Марціно, маглі б зняць нумар у гатэлі «Універсаль», дзе спыніўся і я...

Нарвежац пачціва нахіліў галаву.

— Люка, правядзі пана ў гатэль, — сказаў камісар памочніку і павярнуўся да Вялікага Луі і Жулі. — Вы абое ідзіце за мною...

Выйшаўшы з вілы, Мэгрэ рушыў спачатку ў шынок. У перапынку паміж шлюзаваннямі партавікі пілі там гарачы грог, грэліся. Камісар адпусціў жандараў, што чакалі яго тут, як ён загадаў. На дварэ зірнуў услед Люка і Марціно. У гатэлі яшчэ гарэла святло: гаспадар не клаўся спаць, чакаў пастаяльцаў.

Жулі была без паліто і дрыжала цяпер ад холаду. Луі зняў куртку і сілаю накінуў яе дзяўчыне на плечы.

Дзьмуў такі моцны вецер, што амаль немагчыма было гаварыць. Закладвала вушы. Халоднае паветра апякала твар, балелі павекі. Ішлі, нахіляючыся ўперад. Партавікі ў шынку глядзелі ім у спіну.

— Гэта «Сэн-Мішэль»? — спытаўся камісар, убачыўшы паруснік, які выходзіў са шлюза ў порт. Судна здалося Мэгрэ вышэйшым, чым тады, калі ён убачыў яго ўпершыню.

Матрос нешта прабурчаў. Камісар ледзь зразумеў, што той хацеў сказаць: судна выгрузілася ў Кане і цяпер ішло ўлегцы па новы груз.

Яны падыходзілі ўжо да доміка Жарыса, калі да іх наблізіўся чыйсьці цень. Каб пазнаць адно аднаго, трэба было стаць твар у твар. Чалавек, што падышоў да іх, не надта ўпэўнена сказаў Вялікаму Луі:

— А, вось і ты... Спяшайся, адплываем...

Мэгрэ паглядзеў на недарослага капітана-брэтонца, пасля на мора, якое з грукатам кідала свае магутныя хвалі на пірсы. Неба, скрозь у хмарах, якія плылі і плылі, было трывожнае.

«Сэн-Мішэль» стаяў на якары каля паляў, у поўнай цемры, калі не лічыць маленькае лямпачкі, што гарэла пад рубкаю.

— Хочаце адплываць? — спытаўся камісар.

— А што ж нам рабіць?

— Куды курс?

— У Ларашэль, загрузімся віном...

— Вялікі Луі вам вельмі патрэбны?

— А вы думаеце, можна ўправіцца ўдвух у такое надвор'е?

Жулі змерзла. Слухаючы мужчын, яна пераступала з нагі на нагу. Луі глядзеў то на Мэгрэ, то на судна, на якім ужо скрыпелі шківы.

— Чакайце мяне на шхуне, — сказаў камісар Ланэку.

— Толькі...

— Што?

— Праз дзве гадзіны вада спадзе, і тады нам у мора не выйсці...

У вачах у Ланэка прамільгнуў нейкі цьмяны неспакой. Відаць было, што яму ніякавата. Ён таксама пераступаў з нагі на нагу і не мог ні на чым спыніць позірк.

— Мне трэба зарабляць на жыццё!

Капітан і Луі коратка пераглянуліся, і Мэгрэ зразумеў, якімі думкамі паспелі яны абмяняцца. Іншы раз інтуіцыі можна даверыцца.

Ланэкаў позірк здаваўся нецярплівым і выказваў нешта накшталт гэтага: «Судна побач... Застаецца аддаць швартоў... Умантуль разок паліцэйскаму — і парадак!»

Пасля кароткіх ваганняў Вялікі Луі змрочна зірнуў на Жулі, крутнуў галавою.

— Чакайце мяне на судне! — паўтарыў Мэгрэ.

— Але... — пачаў быў капітан...

Мэгрэ не адказаў і падаў брату і сястры знак ісці за ім у дом.

 

* * *

 

Яны сядзелі ўтраіх на кухні. У жалезнай печы дамавіта гарэў агонь, гудзенне якога часам пераходзіла аж у грукат — такая была цяга.

— Дай нам чаго-небудзь выпіць, — сказаў камісар Жулі.

Дзяўчына дастала з шафы графін з кальвадосам і размаляваныя шклянкі.

Мэгрэ адчуваў, што быў тут цяпер лішні. Жулі дорага б заплаціла, каб застацца з братам сам-насам. Той сачыў за ёй вачыма, у якіх угадваліся любоў і нейкая няўклюдная пяшчота.

Як сапраўдная гаспадыня, Жулі, наліўшы мужчынам, засталася стаяць і падкінула ў печ вугалю.

— Светлая памяць капітану, — сказаў Мэгрэ.

Потым запала доўгае маўчанне. Мэгрэ не спяшаўся з размоваю.

Цішыня давала кожнаму магчымасць лепш адчуць прыемную, цёплую ўтульнасць пакоя.

Патроху гудзенне ў печы загучала пад роўнае ціканне гадзінніка як нейкая мелодыя. Пасля ветру і холаду шчокі расчырванеліся, вочы заблішчалі. Паветра ў пакоі напоўнілася вострым пахам кальвадосу.

— Капітан Жарэс... — задуменна сказаў камісар. — Цяпер я сяджу на яго месцы, у яго крэсле... Плеценым крэсле, якое скрыпіць пры кожным руху... Калі б капітан быў жывы, дык вярнуўся б у гэты час з порта і, пэўна, таксама папрасіў бы крыху спіртнога, каб сагрэцца... Так, Жулі?..

Дзяўчына адвярнулася.

— Ён не адразу пайшоў бы спаць... Іду ў заклад, што капітан зняў бы абутак, вы прынеслі б яму пантофлі... А ён сказаў бы: «Ну і надвор'е... «Сэн-Мішэль» усё-такі вырашыў выйсці ў мора, памагай яму Бог...»

— Адкуль вы ведаеце?

— Што?

— Што ён так казаў: «Памагай яму Бог»? Менавіта так ён і гаварыў!..

Дзяўчына расхвалявалася і глядзела на камісара з удзячнасцю. Вялікі Луі ўнурыўся.

— Больш ён гэтага не скажа... А які быў шчаслівы... Меў прыгожы дом, сад з кветкамі, якія так любіў, і грошы ў яго былі... Здавалася, усе яго любяць... І ўсё ж такі нехта паклаў усяму гэтаму канец, раптоўна, усыпаўшы крыху белага парашку ў шклянку з вадою...

Жулі зморшчылася. Яна ледзь трымалася, каб не заплакаць.

— Крыху белага парашку — і ўсё... А той, хто гэта зрабіў, будзе жыць шчасліва — ніхто ж не ведае, хто ён!.. Хоць, мусіць, быў нядаўна сярод нас...

— Маўчыце! — папрасіла Жулі, умольна склаўшы рукі. Па твары ў яе цяклі слёзы.

Але камісар ведаў, што робіць. Ён ціха, паволі вымаўляў слова за словам. Гульнёю гэта нельга было назваць — Мэгрэ аддаўся ёй сам. Віною таму быў ідылічны спакой гэтага вечара, які так хваляваў душу, варта толькі было ўявіць сабе ў чатырох сценах кухні каржакаватую Жарысаву постаць.

— У нябожчыка толькі адзін сябар — я!.. Чалавек, які б'ецца ў адзіноце, каб адкрыць праўду і перашкодзіць забойцу Жарыса быць шчаслівым.

Жулі, не вытрымаўшы, рыдала — Мэгрэ гаварыў далей:

— А ўсе вакол маўчаць, усе хлусяць, так што міжволі падумаеш, што ўсе ў нечым вінаватыя, усе маюць дачыненне да злачынства!

— Гэта няпраўда! — крыкнула Жулі.

Вялікі Луі, які адчуваў сябе ўсё больш ніякавата, зноў наліў у абедзве шклянкі.

— Луі першы маўчыць, — зірнуў на матроса камісар.

Жулі паглядвала праз слёзы на брата, быццам працятая праўдай, якую яна толькі што пачула.

— А ён сёе-тое ведае... І нямала ведае... Можа, ён баіцца забойцы?.. Можа, яму ёсць чаго баяцца?..

— Луі! — крыкнула Жулі.

Луі сурова глядзеў некуды ўбок.

— Скажы, што гэта няпраўда, Луі!.. Ты чуеш?..

— Не ведаю я, чаму гэта камісар...

Матрос узняўся — на месцы яму не сядзелася.

— Луі маніць больш за іншых! Запэўнівае, што не знаёмы з нарвежцам, а сам яго ведае! Кажа, што не мае ніякіх спраў з мэрам, а я застаю яго ў доме гэтага мэра, калі ён лупцуе гаспадара...

На вуснах у катаржніка з'явілася ледзь прыкметная ўсмешка. Інакш адрэагавала на гэтыя словы Жулі.

— Гэта праўда, Луі?

І, паколькі той не адказваў, схапіла яго за руку.

— Тады чаму ты не кажаш праўды?.. Ты ж не зрабіў нічога благога, я ў гэтым упэўнена!..

Усхваляваны, ён вызваліў руку. Магчыма, ён быў гатовы здацца. Мэгрэ не даў яму часу абдумацца.

— Хапіла б, можа, адной маленькай дэталі, адной малюпасенькай праўды, каб развалілася ўся гэтая вежа хлусні!..

Ды не! Нягледзячы на ўмольны позірк сястры, Луі быццам скалануўся, усё роўна як скідваў з сябе дробных, але злых ворагаў.

— Нічога я не ведаю...

Адчуўшы, што брат нешта тоіць, Жулі спыталася:

— Чаму ты маўчыш?

— Я нічога не ведаю...

— Камісар кажа...

— Я нічога не ведаю!..

— Паслухай, Луі! Я заўсёды верыла табе, ты гэта добра ведаеш! І абараняла цябе, нават перад капітанам Жарысам...

Тут яна пачырванела, пашкадавала, пэўна, што сказала апошнія словы, і спешна загаварыла зноў:

— Ты скажаш праўду, Луі! Я не магу так больш... Я не застануся больш адна ў гэтым доме!..

— Маўчы! — выдыхнуў Луі.

— Што ён павінен сказаць вам, камісар?

— Дзве рэчы. Па-першае, хто такі Марціно. Па-другое, чаму мэр дазваляе лупцаваць сябе?..

— Чуеш, Луі? Гэта ж няцяжка.

— Я нічога не ведаю...

Жулі пачала злавацца.

Агонь у печы гудзеў і гудзеў. Роўна цікаў гадзіннік, у медным маятніку адбівалася святло лямпы.

На гэтай чысцюткай кухні сціплага ранцье матрос здаваўся залішне вялізным, няўклюдным, грубым. Ён сядзеў, схіліўшы галаву набок, плечы як звычайна былі перакошаныя, вялізныя рукі не знаходзілі сабе месца, позірк бегаў і бегаў, не ведаў, на чым спыніцца.

— Трэба, каб ты сказаў!

— Няма чаго мне казаць...

Ён хацеў наліць сабе яшчэ, але Жулі схапіла графін.

— Хопіць! Зноў нап'ешся!

Жулі была ўзнерваваная ўшчэнт. Яна цьмяна адчувала, наколькі важны можа быць гэты момант, і чаплялася за надзею, што ўсё стане ясна з аднаго слова.

— Луі... гэты чалавек... нарвежац... гэта ён хацеў купіць «Сэн-Мішэль» і стаць тваім гаспадаром, га?

Адказ быў хуткі і катэгарычны:

— Не!

— Тады хто ён? Яго ніколі не бачылі ў нас. Іншаземцы сюды не заязджаюць...

— Не ведаю...

Але сястра настойліва напірала на яго, з чыста жаночым пачуццём знаходзіла патрэбныя словы:

— Мэр цярпець цябе не мог... Праўда, што ты вячэраў сёння ў яго?

— Праўда...

Яна задрыжала ад нецярпення.

— Дык скажы мне тады хоць што-небудзь! Гэта неабходна, Луі! Або клянуся табе, што стану думаць...

Жулі недаказала. Знясіленая, разгубленая, яна апусціла рукі, зірнула роспачна на плеценае крэсла, пасля на печ, гадзіннік, размаляваную кветкамі вазу...

— Ты паважаў капітана, я гэта ведаю!.. Сто разоў гэта казаў, і калі вы пасварыліся, дык...

Яна адчула, што гэта трэба растлумачыць камісару.

— Не падумайце толькі чаго-небудзь такога, пан камісар! Брат паважаў капітана... І той яго таксама... Толькі вось... Але няважна!.. Луі не можа саўладаць з сабою, калі ў яго заводзяцца грошы, адразу ж усё спускае... Капітан ведаў, што іншы раз ён бярэ ў мяне грошы, якія я ашчаджала патроху... Ну, і выгаворваў яму... Вось і ўсё!.. І калі ўрэшце забараніў яму прыходзіць сюды, дык толькі таму, каб Луі не браў у мяне грошай!.. Але мне капітан казаў, што па сутнасці Луі — добры хлопец, хіба што з адным недахопам — слабым характарам...

— А Луі, мусіць, ведаў, — паволі сказаў Мэгрэ, — што, калі б Жарыс памёр, вы атрымалі б у спадчыну трыста тысяч!

Усё адбылося так імгненна, што камісар ледзь не апынуўся на падлозе. Луі наваліўся на яго, спрабуючы схапіць за горла. Жулі заенчыла з усяе сілы.

Камісару ўдалося схапіць на ляту руку Луі. Павольным, але моцным рухам ён вывернуў яе матросу за спіну і прахрыпеў:

— Прымі лапы!

Жулі, прыціснуўшыся да сцяны і закрыўшы твар рукамі, рыдала, час ад часу слаба, няўцешна ўскрыкваючы:

— Божа мой! Божа мой!

— Будзеш ты гаварыць, Луі! — адчаканіў Мэгрэ, выпускаючы руку былога катаржніка.

— Мне няма чаго сказаць.

— А калі я цябе арыштую?

— Арыштоўвай.

— Ідзі за мною.

Жулі ўскрыкнула:

— Пан камісар, я прашу вас! Луі, кажы, што ведаеш, я заклінаю цябе!

Яны ўжо стаялі каля зашклёных дзвярэй кухні. Вялікі Луі азірнуўся. Твар у яго быў барвовы, вочы блішчалі. Хочучы перадаць свае пачуцці, ён зрабіў нейкую грымасу, якую нельга апісаць словамі, і працягнуў руку да пляча сястры.

— Жулі, клянуся табе...

— Не чапай мяне!..

Пасля кароткіх ваганняў ён ступіў у калідор, азірнуўся.

— Паслухай...

— Не! Не! Ідзі адсюль!

Пачуўшы гэта, ён пасунуўся ўслед за Мэгрэ, спыніўся на ганку, хацеў азірнуцца яшчэ раз, але перасіліў сябе. Дзверы за імі зачыніліся. Не прайшлі яны і некалькіх метраў, як дзверы адчыніліся і на ганак выскачыла Жулі. Яна паклікала:

— Луі!

Але было позна. Шквальны вецер быў такі, што мужчыны не пачулі яе.

Дождж умомант вымачыў іх дашчэнту, вецер, здалося, прадзьмуў наскрозь. Нічога не было відаць, нават сцен шлюза. Раптам над імі пачуўся голас:

— Гэта ты, Луі?

Гаварыў Ланэк, з борта шхуны. Ён пачуў крокі і высунуў галаву з люка. Пэўна, ён зразумеў, што матрос ішоў не адзін, бо надта хутка сказаў па-брэтонску:

— Ускоквай на бак, і змываемся.

Мэгрэ зразумеў, але чакаў, бо не бачыў у цемрадзі, дзе пачынаецца і дзе канчаецца шхуна. Ён толькі няясна ўгадваў масіўную постаць Луі, яго мокрыя плечы, што блішчалі пад дажджом.

 

X. ТРОЕ СА ШХУНЫ

 

Вялікі Луі зірнуў на мора, якое ператварылася ў адну вялізную чорную пляму, пасля ўпотайкі на Мэгрэ, паціснуў плячыма і спытаўся ў камісара:

— Падымецеся на борт?

Мэгрэ заўважыў, што Ланэк трымае нешта ў руках: гэта быў канец швартова. Угледзеўшыся, камісар убачыў, як па берагавым кнехце слізнуў, вяртаючыся на судна, трос. Значыць, трос быў проста накінуты на кнехт, а абодва яго канцы былі замацаваны на палубе. Гэта дазваляла экіпажу «Сэн-Мішэля» аддаць швартовы, не сыходзячы на бераг.

Камісар ступіў на стрынгер, скочыў на палубу. Услед за ім — Луі.

Мэгрэ ведаў, што ў порце не было нікога. Жулі, напэўна, рыдала цяпер на кухні, трыста метраў адсюль, і калі не лічыць яе, дык бліжэй за ўсіх да судна былі партавікі ў цёплым шынку.

Нягледзячы на хвалярэзы, мора ў порце было неспакойнае, і «Сэн-Мішэль» то падымаўся, то апускаўся на хвалях, нібы падпарадкоўваўся магутнаму подыху стыхіі.

У чэрнядзі ночы віднеліся толькі слабыя жоўтыя водбліскі на вадзе і ў некаторых мясцінах сушы. На носе судна ківалася цьмяная капітанава постаць: Ланэк здзіўлена паглядваў на Луі. На капітане былі высокія гумовыя боты, плашч-дажджавік, зюйдвестка, у руках — канат.

Ніхто нічога не гаварыў, усе нечагась чакалі. Трое на шхуне асцярожна назіралі за Мэгрэ, такім дзіўным сярод іх у сваім паліто з аксамітным каўняром і ў капелюшы, які ён прытрымліваў рукою.

— Вы не адплывяце сёння ноччу! — сказаў ён.

Ніхто не запярэчыў, хіба што Ланэк і Вялікі Луі абмяняліся позіркамі, якія, мабыць азначалі:

«Адплывём усё-такі?»

«Не варта».

Парывы ветру рабіліся такія лютыя, што цяжка было ўтрымацца на нагах. Мэгрэ накіраваўся да знаёмага яму люка:

— Пагаворым... Паклічце таксама другога матроса...

Ён вырашыў, што будзе лепш, калі ў тыле ў яго не застанецца нікога. Усе чацвёра спусціліся па стромкай лесвіцы. Маракі знялі боты і плашчы. Гарэла падвешаная лямпа, на стале побач з марскою картаю ў тлустых плямах і алоўкавых паметках стаялі шклянкі.

Ланэк кінуў у печ два брыкеты вугалю. Ён не запрашаў госця выпіць і пазіраў на яго скрыва. Стары Сэлестэн сеў у дальнім куце. Злы і ўстрывожаны, ён гадаў, нашто яго паклікалі ў кубрык.

Па адных толькі паставах маракоў можна было здагадацца, што ніхто не хацеў пачынаць размову, не ведаючы, чаго хоча ад іх Мэгрэ. Капітан дапытліва глядзеў на Вялікага Луі, які адказваў яму поўнымі адчаю позіркамі.

Хіба ж мог Луі растлумачыць Ланэку тое, што ведаў, у двух словах?

Адкашляўшыся, капітан спытаўся:

— Вы добра падумалі?

Мэгрэ сядзеў на лаўцы, паклаўшы локці на стол, і машынальна круціў у руках засаленую шклянку.

Вялікі Луі стаяў, крыху нахіліўшы галаву, каб не даставаць да столі. Ланэк рабіў выгляд, што нешта шукае ў шафе.

— Пра што? — адказаў Мэгрэ на пытанне.

— Не ведаю, якія ў вас правы, але магу сказаць, што асабіста я падпарадкоўваюся толькі марскім уладам. Адны яны могуць забараніць судну ўвайсці ў порт або выйсці з яго.

— Ну і што з таго?

— Вы не даяце мне адплыць з Вістрэама, а мне трэба ў Ларашэль, дзе мяне чакае новы груз. За кожны дзень спазнення я плачу няўстойку.

Размова пачыналася блага: дужа сур'ёзны, бадай, афіцыйны тон быў у Ланэка. Мэгрэ ўжо чуў нешта падобнае: мэр пагражаў яму прыкладна гэтаксама, дый Жан Марціно згадваў пра ўлады, толькі дыпламатычна.

Мэгрэ з шумам удыхнуў паветра, кінуў на маракоў хуткі позірк, які можна было б назваць гарэзлівым.

— Не прыкідвайся хітруном, — сказаў ён Ланэку па-брэтонску, — а лепш налі выпіць.

Карта, якую пусціў у ход камісар, магла быць бітаю.

Але стары матрос першы здзіўлена павярнуўся да Мэгрэ.

Разгладзіліся маршчыны на твары ў Вялікага Луі. Ланэк, які яшчэ не зусім адтаяў, спытаўся:

— Вы брэтонец?

— Не зусім. Я з Луары, але вучыўся ў Нанце...

Капітан скрывіўся. Гэта была натуральная грымаса сапраўднага брэтонца з узбярэжжа, які пачуў пра брэтонца з унутраных раёнаў, ужо не кажучы пра паўбрэтонца з Нанцкага раёна.

— Няма больш таго галандскага джыну, што мы пілі таго разу?

Ланэк узяў бутэльку, паволі наліў у шклянкі. Здавалася, ён быў рады хоць чымсьці заняцца. Што рабіць, ён яшчэ не ведаў. А Мэгрэ, дабрадушна ўсміхаючыся, з люлькай у роце, ссунуўшы капялюш на патыліцу, уладкоўваўся ямчэй.

— Можаш сесці, Луі.

Той сеў. Няёмкасць заставалася, але была яна ўжо іншая: гэтыя трое сердавалі на сябе за тое, што не адказвалі сардэчнасцю на сардэчнасць. І ўсё ж такі яны былі вымушаны пільнавацца.

— Ваша здароўе, хлопцы! Але прызнайцеся ўсё-такі, што, перашкаджаючы вам выйсці ў мора сёння ноччу, я ратую вас ад добрае гойданкі.

— Небяспечна ў асноўным, калі выходзіш з порта, — прамармытаў Ланэк, глынуўшы джыну. — Калі выйдзеш у адкрытае мора, ужо не страшна... Але праход небяспечны: плынь Орны, пясчаныя водмелі... Кожны год хто-небудзь ды сядзе...

— А «Сэн-Мішэль» ніколі не меў непрыемнасцей?

Капітан спешна пастукаў пальцамі па драўляным стале. Сэлестэн, пачуўшы пра непрыемнасці, нешта незадаволена сказаў.

— «Сэн-Мішэль», можа быць, найлепшы паруснік на ўзбярэжжы... Ну вось вам выпадак. Два гады назад у непраглядным тумане ён усім днішчам сеў на камяні каля ангельскага берага... Прыбой быў — звар'яцець, ды толькі... Другое судна так і засталося б сядзець на камянях, а наша, апынуўшыся на плаву ў наступны прыліў, нават у сухі док на агляд не стала заходзіць...

Мэгрэ адчуваў, што ў такой гамонцы яны маглі б знайсці агульную мову. Але яму не хацелася гутарыць усю ноч пра суднаваджэнне. Ад мокрай адзежы пачынала ўжо ісці пара, на падлогу кроплямі сцякала вада. Да таго ж ён блага пераносіў гойданку, якая рабілася ўсё больш прыкметная, — час ад часу судна нават ударалася бортам аб палі.

— З вашай шхуны выйдзе неблагая яхта! — вымавіў ён, азіраючыся.

На гэты раз Ланэк уздрыгнуў.

— Але, магла б выйсці, — паправіў ён. — Хіба што палубу трэба было б перарабіць ды ветразі зрабіць больш лёгкімі, асабліва ўверсе...

— Нарвежац ужо ўсё падпісаў, што трэба?

Ланэк кінуў на Вялікага Луі хуткі позірк. Той уздыхнуў. Гэтыя двое дорага б заплацілі за хвілінку размовы сам-насам. Капітан гадаў: пра што можна сказаць камісару не баючыся?

Вялікі Луі маўчаў. Немагчыма было растлумачыць Ланэку, што адбываецца. Усё так складана! Вядома, зараз пачнуцца непрыемнасці.

Заставалася хіба што выпіць. Ён наліў сабе джыну, выпіў і, нібы скарыўшыся, кінуў на Мэгрэ позірк, які нельга было назваць варожым.

— Які нарвежац?

— Ну, нарвежац, які не зусім нарвежац... Марціно... Аднак ён не мог убачыць «Сэн-Мішэль» у Трамсё: шхуна ніколі не хадзіла так далёка на поўнач?..

— Але магла б гэта зрабіць. «Сэн-Мішэль» спакойна дойдзе і да Архангельска.

— Калі Марціно стане сапраўдным уладальнікам шхуны?

Стары матрос усміхнуўся.

«Ну, ну, паглядзім цяпер, што з гэтага выйдзе», — здавалася, казаў ён Луі і Ланэку.

Капітан не надта ўпэўнена вымавіў:

— Не разумею, што вы гэтым хочаце сказаць.

Мэгрэ штурхнуў яго ў бок.

— Хітрун!.. Ну, хлопцы, хопіць хмурыць ілбы, нібыта на пахаванні, і ўпарціцца... Хоць вы і сапраўдныя брэтонцы, але досыць ужо... Марціно абяцаў купіць шхуну... Дык купіць ён яе ўрэшце ці не?..

І тут у галаве ў камісара мільганула здагадка.

— Дайце мне рэестр экіпажа...

Ён адразу ж адчуў дакладнасць удару.

— Не ведаю, дзе ён...

— Я ж прасіў цябе, Ланэк, не хітраваць! Дай мне рэестр, я табе кажу!

Мэгрэ прыкінуўся грубым «свойскім хлопцам». Капітан, адчыніўшы шафу, дастаў збузаваны партфель, які ад часу стаў шэры. У партфелі ляжалі дакументы, дзелавыя лісты на бланках навігацыйных кампаній.

У вялізнай жоўтай папцы, новай на выгляд, камісар убачыў аркушы паперы. Гэта і быў рэестр экіпажа. Складзены ён быў паўтара месяца назад, дакладна адзінаццатага верасня, гэта значыць за пяць дзён да знікнення капітана Жарыса.

«Шхуна «Сэн-Мішэль», водазмяшчэннем 270 тон, абсталяваная для кабатажнага плавання. Уладальнік — Луі Легран, з Пор-ан-Бэсэна. Капітан — Іў Ланэк. Матрос — Сэлестэн Гроле».

Вялікі Луі зноў наліў сабе джыну. Разгублены Ланэк апусціў галаву.

— Вось яно як! Выходзіць, ты цяпер уладальнік судна, Луі?

Той не адказаў. Сэлестэн у сваім куце жаваў тытунь.

— Паслухайце, хлопцы, не будзем марнаваць часу. Я ненамнога дурнейшы за вас, хоць мала што разумею ў марскіх справах. Як вы думаеце?.. У Вялікага Луі за душою ніводнага су*. А судна, як ваша, каштуе сама меней сто пяцьдзесят тысяч франкаў... Значыць, Луі купіў «Сэн-Мішэля» некаму другому! Скажам, Жану Марціно, які чамусьці не хоча, каб ведалі, што ён — уладальнік шхуны... Ваша здароўе!

* Манета ў пяць сантымаў, 1/20 франка.

Сэлестэн паціснуў плячыма, нібы гэтая гісторыя была яму вельмі агідная.

— Адзінаццатага верасня, калі была прададзена шхуна, Марціно быў у Фекане?

Маракі нахмурыліся. Луі ўзяў кавалачак тытуню для жавання, які ляжаў на стале, і адкусіў ад яго, а Сэлестэн мудрагеліста размалёўваў падлогу кубрыка пляўкамі.

Размова перапынілася, бо ў лямпе скончылася газа і яна капціла. Прыйшлося пайсці на палубу па бітон. Ланэк вярнуўся ўвесь змоклы. З хвіліну сядзелі ў цемры, і калі святло зноў запалілася, усе заставаліся на сваіх месцах.

— Марціно быў там, я ў гэтым упэўнены! Ён купіў судна на імя Вялікага Луі, а Ланэк застаўся на ім капітанам, можа, назаўсёды, а можа, толькі на нейкі час...

— На нейкі час.

— Выдатна! Я так і думаў! Якраз на той час, за які «Сэн-Мішэль» можа зрабіць адзін незвычайны рэйс...

Ланэк устаў, запаліў. У вачах у яго ясна віднелася раздражненне.

— Вы прыйшлі ў Вістрэам. Ноччу шаснаццатага верасня шхуна стаяла ў порце. Дзе быў Марціно?

Капітан зноў сеў. Ён абмяк, але гаварыць не збіраўся ўсё роўна.

— Шаснаццатага верасня раніцай «Сэн-Мішэль» выходзіць у мора. Хто на борце? Марціно ўсё яшчэ тут? А Жарыс?

Мэгрэ не быў падобны ні на суддзю, ні на паліцэйскага. Голас у яго заставаўся зычлівы, вочы — хітрыя. Здавалася, ён гуляў з сябрукамі ў загадкі-адгадкі.

— Вы ідзяце ў Ангельшчыну, пасля бераце курс на Галандыю. Гэта там Марціно і Жарыс пакідаюць шхуну? Бо ім трэба плыць далей. Я магу смела меркаваць, што яны адправіліся ў Нарвегію...

Вялікі Луі нешта прабурчаў...

— Што ты кажаш?

— Што ў вас нічога не выйдзе.

— Капітан Жарыс быў ужо ранены, калі падняўся на борт? Ці яго ранілі па дарозе? Альбо ўжо ў Скандынавіі?

Адказу камісар ужо не чакаў.

— Вы ўтрох працягваеце кабатажныя плаванні, як і раней, але не пакідаеце паўночных раёнаў, чакаеце ліста або тэлеграмы, у якіх былі б указаны час і месца сустрэчы. На тым тыдні вы стаіце ў Фекане, порце, дзе Марціно сустрэў вас упершыню. Вялікі Луі даведваецца, што капітана Жарыса знайшлі ў Парыжы ў вельмі дзіўным стане і што яго прывязуць у Вістрэам. Ён прыязджае сюды на цягніку. У доме ў капітана нікога няма. Тады ён пакідае сястры цыдулку і вяртаецца ў Фекан.

Мэгрэ ўздыхнуў, распаліў не спяшаючыся люльку.

— І вось мы падышлі да канца. Прыязджае Марціно. Вы вяртаецеся ў Вістрэам разам з ім. Пры ўваходзе ў порт ён сыходзіць з судна — доказ таго, што ён не хоча, каб яго бачылі. Пасля адбываецца сустрэча паміж ім і Вялікім Луі на дразе... Ваша здароўе.

Ён наліў сабе джыну, выпіў, адчуваючы на сабе змрочныя позіркі маракоў.

— Урэшце, каб усё зразумець, застаецца адно высветліць, навошта Вялікі Луі хадзіў да мэра, у той час як Марціно паехаў у Парыж. Даволі дзіўнае даручэнне: адлупцаваць чалавека, дужа вядомага сваёй пераборлівасцю ў знаёмствах!

Прыгадаўшы, як ён лупцаваў мэра, Вялікі Луі міжволі расплыўся ў шчаслівай усмешцы.

— Вось так, сябры мае! А цяпер пастарайцеся зразумець, што ўсё роўна клубок разблытаецца. Дык ці ж не здаецца вам, што лепш зрабіць гэта адразу?

Мэгрэ выбіў люльку, пастукаўшы ёю па абцасе свайго чаравіка, набіў яе зноў. Сэлестэн ужо спаў: хроп, разявіўшы рот. Вялікі Луі, нахіліўшы галаву, разглядваў брудную падлогу. Ланэк дарэмна спрабаваў, кідаючы на яго позірк, хоць без слоў параіцца, як тут быць.

Нарэшце капітан сказаў:

— Нам няма чаго сказаць.

На палубе пачуўся шум, усё роўна як бы ўпала нешта цяжкае. Мэгрэ ўздрыгнуў. Вялікі Луі высунуў галаву ў люк — на лесвіцы віднеліся толькі яго ногі.

Калі б ён вылез, камісар, відавочна, выбраўся б наверх сам. Цяпер чуваць было толькі шум дажджу і скрып шківаў.

Колькі часу Луі разглядваў, што б там такое магло здарыцца? Сама больш паўхвіліны. Матрос спусціўся, валасы ў яго прыліплі да лоба, па твары цякла вада. Тлумачыць нічога не стаў.

— Што там такое? — спытаўся ў яго Ланэк.

— Шкіў ударыўся аб рэлінгі.

Капітан падкінуў у печ вугалю. Кінуў на Луі дапытлівы позірк. Пасля патрос за плячо Сэлестэна.

— Ідзі пастаў шкот на бізань-мачце.

Матрос цёр вочы, нічога не разумеючы. Ланэку прыйшлося паўтарыць яшчэ раз. Тады Сэлестэн накінуў плашч, насунуў на галаву зюйдвестку, падняўся па лесвіцы, усё яшчэ сонны і, вядома, незадаволены, што трэба выходзіць на холад і дождж.

Чуваць было, як ён грымеў сваімі сабо, ходзячы па палубе акурат над галовамі тых, што засталіся ў кубрыку. Вялікі Луі наліў сабе ці не шостую ўжо шклянку — але не п'янеў зусім.

Усё тыя ж няправільныя рысы крыху азызлага твару, вылупленыя вочы. Выглядаў ён, як чалавек, што панура брыдзе па жыцці.

— Што ты пра гэта думаеш, Луі?

— Пра што?

— Ну, што ты хітруеш? Ты падумаў пра сваё становішча? Хіба не разумееш, што расплачвацца прыйдзецца табе? Спачатку — тваё мінулае. Ты ж былы катаржнік! Пасля ты робішся гаспадаром гэтага судна, хоць у цябе не было ні су! Жарыс не хацеў бачыць цябе больш у сваім доме, бо ты надта часта цягнуў з сястры грошы! «Сэн-Мішэль» стаіць у Вістрэаме ў ноч выкрадання капітана! Ты знаходзішся тут і тае ночы, калі яго атруцілі... Нарэшце, твая сястра атрымлівае па завяшчанні трыста тысяч франкаў!..

Ці думаў цяпер увогуле пра што-небудзь Вялікі Луі? Позірк у яго быў пусты-пусты і абсалютна нерухомы.

— Што ён там робіць! — занепакоіўся Ланэк, гледзячы на адчынены люк, з якога сцякала на падлогу вада — назбіралася ўжо добрая лужа.

Мэгрэ выпіў яшчэ крыху. Мала, але даволі, каб ударыла ў галаву кроў, асабліва ў гэтай заблытанай сітуацыі. Досыць, каб разамлець ад розных думак, звязаных з жыццём маракоў, што сядзелі насупраць яго...

Цяпер, калі ён добра ведаў усіх трох, ён без цяжкасці ўяўляў сабе, як праходзілі іх дні на борце «Сэн-Мішэля», што быў ім светам.

Адзін — на ложку, амаль заўсёды адзеты. На стале — бутэлька і брудныя шклянкі. Другі — на палубе, чуваць, як ён ходзіць па ёй, стукаючы сабо... А яшчэ гэты глухі рокат мора, што ніколі не аціхае... Ледзь свеціцца компас... Святло ліхтара, які матляецца на фок-мачце... Вочы няспынна ўзіраюцца ў цемрадзь, шукаюць светлячок маяка... Дзень пры дні — пірсы, пагрузка, разгрузка... Пасля — два-тры дні адпачынку, якія з ранку да вечара праходзяць у шынках, такіх падобных адзін на адзін...

Наверсе пачуўся нейкі няясны шум. Вялікі Луі, здавалася, таксама задрамаў. Маленькі будзільнік паказваў ужо тры гадзіны. Бутэлька была амаль пустая...

Відаць, у такую самую ноч і знік капітан Жарыс... У кубрыку было гэтаксама душна, пахла потам і спіртным, горача была напалена печ... Ці сядзеў тады ён разам з імі, змагаючыся са сном?..

Раптам на палубе пачуліся нейкія галасы. Вецер быў вельмі моцны, і да кубрыка даносіліся толькі асобныя гукі.

Мэгрэ ўстаў, нахмурыў бровы, убачыў, як наліваў сабе джыну Ланэк. Нахіліўшы галаву, драмаў Вялікі Луі. Вочы ў яго былі ўжо прыплюшчаныя.

Мэгрэ намацаў у кішэні рэвальвер, узняўся па прыступках стромкай лесвіцы.

Люк быў якраз такой шырыні, каб праз яго мог пралезці чалавек, а камісар быў шырокі ў плячах.

Таму Мэгрэ нават абараняцца не змог: толькі ён высунуў галаву з люка, як на рот яму накінулі павязку і завязалі яе на патыліцы.

Зрабіў гэта Сэлестэн і яшчэ нехта, той самы чалавек, які быў да таго на палубе са старым матросам.

А знізу ў яго выхапілі рэвальвер і звязалі яму рукі за спінаю.

Мэгрэ з усяе сілы брыкнуў нагою і трапіў, здаецца, у чыйсьці твар. Але прайшло якое імгненне, і яму канатам звязалі ногі.

— Цягні! — абыякава сказаў Вялікі Луі.

А зрабіць гэта было нялёгка: Мэгрэ быў цяжкі. Знізу яго падштурхоўвалі, зверху цягнулі.

Дождж падаў стромкай сцянаю. Вецер урываўся ў бухту з неверагоднай сілаю.

Мэгрэ здалося, што людзей было чацвёра. Было зусім цёмна: ліхтар патушылі. Да таго ж збіваў з панталыку і раптоўны пераход з цяпла і святла да ледзяной цемрадзі...

— Раз... два... Хоп!..

Яго раскачалі, як нейкі мяшок. Ён падляцеў даволі высока і ўпаў на мокрыя камяні пірса. Вялікі Луі падышоў да яго, аглядзеў вяроўкі, каб пераканацца, што звязаны камісар надзейна. На нейкі час твар былога катаржніка наблізіўся да твару Мэгрэ. Камісару здалося, што рабіў Луі ўсё гэта з вельмі змрочным выглядам, неахвотна.

— Трэба будзе сказаць сястры... — пачаў ён...

Што сказаць? Ён і сам не ведаў. На шхуне чуліся хуткія крокі, скрып, каманды напаўголаса. Паставілі ўжо кліверы, па мачце паволі падымаўся грот.

— Трэба будзе сказаць, але, трэба будзе сказаць ёй, што калі-небудзь мы яшчэ ўбачымся... І, магчыма, з вамі таксама...

Ён цяжка ўскочыў на судна. Мэгрэ ляжаў тварам да мора. Ліхтар на канцы фала даставаў да верху мачты. Каля штурвала віднелася чыясьці чорная постаць.

— Адчальваем!

Вакол кнехтаў заслізгалі канаты, якія цягнулі з судна. Залапаталі ветразі. Нос шхуны адышоў ад паляў, і судна развярнулася ледзь не на трыста шэсцьдзесят градусаў — такі моцны быў парыў ветру.

Але рулявы здолеў усё ж выраўняць шхуну. На імгненне «Сэн-Мішэль» замёр на месцы — і паплыў паміж пірсамі...

Яго чорная маса на вачах знікала ў непрагляднай цемрадзі... На палубе свяцілася нейкая кропка... Высока на мачце — другая... Яна здавалася зоркаю, што згубілася ў штармавым небе...

Мэгрэ і паварухнуцца не мог. Ляжаў у лужыне, на краі бясконцага прасцягу...

Напэўна, яны разап'юць цяпер там, на шхуне, бутэльку джыну — для настрою. Хто-небудзь падкіне ў печ пару брыкецін.

Адзін стаіць каля руля... Астатнія ляжаць у сырых. ложках.

Чамусьці здавалася, што сярод кропляў, якія сцякалі па твары, адна была саланейшая за іншыя.

Вялікі і дужы чалавек, бадай, сама мужны ва ўсёй крымінанальнай паліцыі Францыі, ляжаў каля кнехта, на краі пірса — і разумеў, што знайсці яго змогуць, відаць, толькі раніцай.

Калі б ён мог павярнуцца, дык убачыў бы маленькі драўляны будыначак «Марацкага прытулку», у якім нікога ўжо не было.

 

XI. ВОДМЕЛЬ «ЧОРНЫЯ КАРОВЫ»

 

Мора хутка адступала. Мэгрэ чуў, як біліся хвалі — спачатку ў канцы пірсаў, потым далей, на пясчаным беразе, з якога сплывала вада.

Як заўсёды, з адлівам аціхаў і вецер. Стрэлы дажджу радзелі, і калі на досвітку пачалі святлець сама нізкія хмары, начны лівень ператварыўся ў імжысты дождж, яшчэ больш халодны.

Пакрысе з цемры выступала ўсё, што патанула ў ёй ноччу. Угадваліся касыя мачты рыбацкіх лодак, што ляжалі цяпер, у адліў, на прыбярэжнай ціне.

Дзесьці вельмі далёка ад берага мыкалі каровы. Царкоўны звон нягучнымі ўдарамі сціпла заклікаў да ютрані — значыць, было ўжо сем гадзін.

Але трэба было яшчэ чакаць: дарога ў царкву праходзіла не цераз порт. Шлюзаўшчыкам да пачатку прыліву няма чаго тут рабіць. Хіба што мог завітаць выпадкова які-небудзь рыбак... Ды толькі наўрад ці нават і рыбакі вылазяць з ложка ў такое надвор'е...

Цяпер, думаў Мэгрэ, ён, мусіць, падобны на мокрую груду ануч... Камісар уяўляў сабе ўсе ложкі Вістрэама, самавітыя драўляныя ложкі з вялізнымі пухавікамі, у якіх пад цёплымі коўдрамі ляніва песцяцца жыхары гарадка, непрыязна паглядаючы на бледны прамавугольнік акна. І, бадай што, кожны з вістрэамцаў усё адцягвае і адцягвае той момант, калі прыйдзецца ўсё ж нарэшце ступіць на халодную падлогу босымі нагамі.

Цікава, ці спіць яшчэ Люка? Можа быць, яго таксама звязалі?.. Інакш як растлумачыць тое, што ўначы на борце «Сэн-Мішэля» з'явіўся нейкі іншы чалавек — напэўна, Марціно?.. Або... мэр?!. Ці ёсць яшчэ які-небудзь удзельнік гэтай заблытанай гісторыі?..

Пакуль што камісар абмалёўваў сабе сітуацыю так: Жану Марціно ўдалося нейкім чынам вызваліцца з-пад нагляду інспектара. Пасля Марціно падышоў да «Сэн-Мішэля» і пачуў яго, Мэгрэ, голас. Цярпліва чакаў, калі хто-небудзь выйдзе на палубу. А калі Вялікі Луі высунуў галаву з люка, нарвежац даў яму знак — можа, шапнуў, можа, перадаў цыдулку — як паводзіць сябе далей.

Зрабіць астатняе было няцяжка. Шум на палубе. Пасылаюць наверх Сэлестэна. Той перагаворваецца з Марціно. А пачуўшы галасы, нельга было не выбрацца з кубрыка.

І як толькі ён высунуўся з люка, двое наверсе заткнулі яму рот, а Ланэк і Луі звязалі рукі і ногі.

Цяпер шхуна, пэўна, далёка ад зоны тэрытарыяльных водаў, якую аддзяляюць ад берага толькі тры мілі. Калі толькі яны не зойдуць у якісьці французскі порт, што малаверагодна, затрымаць іх будзе ўжо немагчыма.

Мэгрэ не варушыўся, бо пры кожным руху пад паліто цякла вада.

Прыціснуўшы вуха да зямлі, ён чуў розныя гукі, пазнаваў іх адзін за адным. Так ён пазнаў шум помпы ў Жарысавым садзе.

Значыць, Жулі ўстала. Надзела сабо і пайшла пампаваць ваду, каб памыцца. Але ўсё роўна дзяўчына нікуды не пойдзе з дому.

Крокі... Нейкі чалавек перайшоў мост і ступіў на мураваны пірс... Ішоў ён павольна... Кінуў нешта ў лодку, мусіць, звязку вяровак...

Рыбак?.. Мэгрэ з цяжкасцю павярнуў галаву і ўбачыў яго метраў за дваццаць ад сябе. Чалавек збіраўся спусціцца па жалезнай лесвіцы, што вяла ў мора. Нягледзячы на кляп, камісару ўдалося ціха прастагнаць.

Рыбак азірнуўся, убачыў чорную груду, доўга і недаверліва пазіраў на яе, нарэшце рашыўся падысці.

— Што вы тут робіце?

Ён, відавочна, чуў пра меры засцярогі, неабходныя пры выяўленні злачынства, бо памяркоўна сказаў:

— Мусіць, трэба спачатку пашукаць паліцыю.

Але кляп усё ж такі выняў. Камісар пачаў тлумачыць, што з ім здарылася, і рыбак не надта ўпэўнена стаў развязваць вяроўкі, лаючы таго, хто завязаў такія мудрагелістыя вузлы.

У шынку служанка расчыніла аканіцы. Мора па-ранейшаму было неспакойнае, хоць вецер і сціх. Але яно ўжо не шумела так раз'юшана, як ноччу. Хвалі з адкрытага мора дасягалі на пясчаных водмелях трох метраў вышыні і разбіваліся з глухім грукатам — стваралася ўражанне, што трасецца зямля.

Рыбак, невысокі, зарослы барадою стары, усё яшчэ глядзеў на Мэгрэ з недаверам, не ведаючы, што рабіць.

— Трэба было б усё ж паведаміць пра вас у паліцыю.

— Ды кажу ж вам, што я сам паліцыя — толькі ў цывільным!

— Жандар у цывільным? — перапытаў стары.

Яго позірк слізнуў па паверхні мора, прабег па лініі гарызонта і спыніўся раптам на нейкай кропцы справа ад пірса, у кірунку Гаўра. Праз якую хвілінку стары перавёў спалоханыя вочы на Мэгрэ.

— Ну, што там такое?

Рыбак быў такі ўсхваляваны, што не адказваў. Камісар усё зразумеў, як толькі глянуў на небакрай.

Вістрэамская бухта абязводнела. На адлегласці больш чым мілі скрозь віднеўся пясок, колеру спелага жыта, і толькі недзе ўдалечыні бушавалі яшчэ белыя ад шуму хвалі.

Справа ад пірса, прыкладна з кіламетр, сядзела на мелі нейкае судна. Адна яго палова ляжала на пяску, другая заставалася ў вадзе. Хвалі з сілаю разбіваліся аб яго корпус.

Дзве мачты, адна з якіх — квадратная. Шхуна з Пэнполя. Відаць, «Сэн-Мішэль».

У тым баку ўсё было мярцвяна-бледнага колеру: мора і неба зліваліся.

У гэтай шэрані вылучалася чорнаю кропкаю судна, якое села на мель.

— Надта позна выйшлі ў мора пасля прыліву, — заўважыў уражаны відовішчам рыбак.

— Такое часта бывае?

— Здараецца! Вада ў праходзе стаяла нізка. Вось іх і выкінула цячэннем ракі на водмелі «Чорных кароў»...

Наўкол — панурая цішыня. У імжыстым дажджы паветра здавалася ватным. Гледзячы на судна, якое выступала з вады, цяжка было ўявіць, што яго экіпажу пагражала якаясьці небяспека.

Але калі яно села на мель, мора яшчэ даставала да дзюнаў. Не менш дзесяці радоў раз'юшаных хваляў!

— Трэба папярэдзіць начальніка порта...

Дробная дэталь: рыбак машынальна павярнуўся да Жарысавага дома, пасля паволі вымавіў:

— Праўда што...

І пайшоў у другі бок. Шхуну, мабыць, прыкмецілі з іншага месца, хутчэй за ўсё з царкоўнага цвінтара, бо да іх набліжаліся капітан Дэлькур і яшчэ трое. Начальнік порта паціснуў камісару руку, не прыкмеціўшы нават, што той прамок да ніткі.

— Я ж ім казаў!

— Яны папярэдзілі, што выходзяць?

— Не. Але калі я ўбачыў, як яны тут швартуюцца, дык падумаў, што яны не будуць чакаць прыліву. Ну, і параіў Ланэку сцерагчыся цячэння...

Ішлі па пяску, па лужынах, ногі загразалі па шчыкалаткі. Дабраліся з цяжкасцю, страціўшы шмат часу.

— Гэта ім небяспечна? — спытаўся Мэгрэ.

— Іх ужо няма на борце! Інакш яны падавалі б сігналы трывогі, узнялі б флаг бедства, — адказаў Дэлькур.

І раптам заклапочана дадаў:

— Вось толькі шлюпкі ў іх не было... Памятаеце?.. Калі параход прывёў шлюпку, яе паставілі ў шлюз...

— Ну і што вы думаеце?

— Значыць, дабраліся да берага плывам... Ці хутчэй за ўсё...

Дэлькур адчуваў сябе ніякавата. Яго нешта трывожыла.

— Дзіўна, што яны не паставілі шхуну на падпоры, каб яна не легла на борт... Калі толькі адразу не перавярнулася... Ну і ну!..

Падышлі бліжэй. Камісар канчаткова зразумеў, у якой бядзе апынулася судна. Бачны быў зялёны кіль, да якога прыліплі ракаўкі.

Маракі ўжо разглядвалі шхуну з усіх бакоў, шукалі пашкоджанні, але нічога не знаходзілі.

— Проста селі на мель...

— Нічога сур'ёзнага?

— З бліжэйшым прылівам буксір выцягне — не сумняваюся... Не разумею толькі...

— Чаго вы не разумееце?

— Чаму яны пакінулі судна... Хлопцы не з баязлівых... Дый ведаюць, што шхуна многае можа вытрымаць... Вы паглядзіце толькі, што гэта за судна!.. Гэй, Жан-Баціст!.. Схадзі пашукай лесвіцу...

Без лесвіцы немагчыма было залезці на шасціметровы борт нахіленай шхуны.

— Не трэба!

Са шхуны звешваўся парваны вант. Зачапіўшыся за яго, Жан-Баціст ускараскаўся па ім, нібы малпа, пагайдаўся колькі секунд у паветры і саскочыў на палубу. Праз некалькі хвілін ён спусціў уніз канец вяровачнай лесвіцы.

— На борце нікога?

— Нікога!

На беразе за некалькі кіламетраў віднеліся дамы гарадка Дзіў, заводскія коміны. Можна было разгледзець абрысы Кабура, Улгата, скалісты выступ, за якім хаваліся Давіль і Трувіль.

Каб выканаць да канца свой абавязак, Мэгрэ падняўся па лесвіцы. Але адчуў сябе на нахіленай палубе не надта ўпэўнена. Адчуванне небяспекі было большае, чым на маленькім судне ў час страшнага шторму!

У кубрыку — асколкі разбітага шкла, расчыненыя шафы...

Начальнік порта не ведаў, што і рабіць. Шхуна ж не была яго ўласным суднам! Пачынаць здымаць яе з мелі, выклікаць буксір з Трувіля, узяць на сябе адказнасць за ўсё, што трэба рабіць у такім выпадку?

— Калі пакінуць тут шхуну да наступнага прыліву — капцы! — змрочна сказаў Дэлькур.

— Добра, паспрабуйце зрабіць усё, што ў вашых сілах... Скажаце, што гэта я загадаў...

Ніколі яшчэ дагэтуль трывога не была такая цяжкая, не прыгнятала так, як цяпер. Людзі міжволі паглядвалі ў бок пустынных дзюнаў, усё роўна як чакалі, што адтуль з'явяцца Ланэк, Вялікі Луі, Сэлестэн...

І дарослыя і дзеці ішлі з вёскі ў порт. Калі Мэгрэ падыходзіў да Вістрэама, насустрач яму выбегла Жулі.

— Гэта праўда?.. Яны пацярпелі крушэнне?..

— Не... Селі на мель... Такі дужы хлопец, як ваш брат, павінен быў выбрацца...

— Дзе ён?

Ніякавата адчуваў сябе камісар у гарадку. Толькі ён падышоў да гатэля «Універсаль», гаспадар спытаў:

— Я яшчэ не бачыў двух вашых сяброў. Будзіць іх?

— Не трэба...

Мэгрэ сам падняўся ў нумар Люка, які ляжаў на ложку, звязаны гэтаксама надзейна, як і Мэгрэ якую гадзіну назад.

— Зараз усё растлумачу...

— Не трэба!.. Хадзем...

— Ёсць што новае? Ну і змоклі вы!.. Дасталася вам, відаць...

Мэгрэ прывёў яго на пошту насупраць у верхняй частцы гарадка. Тыя, хто мог, беглі на бераг, астатнія стаялі на ганках.

— Ты што, абараніцца не змог?

— Ён мяне на лесвіцы скруціў... Падымаліся на другі паверх... Ён ішоў ззаду... Раптам схапіў мяне за нагу — і ўсё гэта здарылася так хутка, што я і пальцам не паспеў варухнуць. Вы ж яго бачылі!

Убачыўшы Мэгрэ, усе разгубіліся. Можна было падумаць, што ён усю ноч праседзеў па шыю ў вадзе. На пошце ён нават не змог пісаць: папера намакала ад вады, што сцякала з яго адзежы.

— Вазьмі пяро... Тэлеграмы ва ўсе мэрыі і жандарскія аддзяленні дэпартамента... Дзіў, Кабур, Улгат... Паўднёвыя пасёлкі таксама: Люк-сюр-Мэр, Льён, Кутанс... Правер па карце... Усе вёсачкі на дзесяць кіламетраў ад Вістрэама... Прыкметы чатырох: Луі, Марціно, Ланэка, Сэлестэна... Калі адправіш тэлеграмы, тэлефануй у бліжэйшыя мэрыі і аддзяленні, каб выйграць яшчэ час...

Пакінуўшы інспектара займацца тэлеграмамі і тэлефоннымі перагаворамі, Мэгрэ заскочыў у шынок насупраць пошты, выпіў залпам шклянку гарачага грогу. Прыпаўшы да акна, у камісара цікаўна ўзіраліся хлапчукі.

Вістрэам прачнуўся. Усе хваляваліся, нерваваліся, глядзелі на мора або спускаліся да берага, перадавалі навіны, якія абрасталі рознымі дэталямі і рабіліся неверагодныя.

Па дарозе Мэгрэ сустрэў старога рыбака, які вызваліў яго раніцай.

— Ты не расказваў, што...

— Я сказаў, што знайшоў вас, — абыякава адказаў стары.

Камісар даў яму дваццаць франкаў і зайшоў у гатэль пераапрануцца. Праймалі дрыжыкі. Кідала то ў гарачку, то ў холад. Мэгрэ глянуў у люстра. Шчацінне, пад вачыма — мяшкі. Аднак, нягледзячы на стомленасць, галава была ясная. Нават больш ясная, чым звычайна. Ён паспяваў усё заўважыць вакол сябе, адказваў людзям, задаваў ім пытанні — і рабіў усё гэта з бездакорнай логікай.

Калі ён вярнуўся на пошту, было каля дзесяці гадзін. Люка заканчваў тэлефонныя перагаворы. Тэлеграмы былі ўжо адпраўлены. На яго пытанні жандары адказвалі, што пакуль нічога асаблівага не прыкмецілі.

— Мадэмуазель, пан Гранмэзон не заказваў тэлефоннай размовы?

— Гадзіну назад... З Парыжам...

Яна назвала яму нумар. Камісар пагартаў тэлефонны даведнік і зразумеў, што гэта нумар апарата ў калежы «Станіслаў».

— Мэр часта заказвае гэты нумар?

— Нярэдка. Здаецца, гэта пансіён, дзе вучыцца яго сын.

— Але, у яго ёсць сын. Гадоў пятнаццаці, так?

— Мусіць, так. Але я ніколі яго не бачыла.

— Пан Гранмэзон не званіў у Кан?

— Не, але званілі яму. З Кана. Нехта з родных ці служачых, бо званок быў з дому.

Затрашчаў тэлеграф. Дэпеша ў порт: «Буксір Атос будзе рэйдзе поўдзень. Подпіс: параходства Трувіля».

Нарэшце званок з паліцыі з Кана:

— Пані Гранмэзон прыбыла ў Кан у чатыры гадзіны раніцы. Ноч правяла дома, на вуліцы Дзюфур. Толькі што выехала на машыне ў Вістрэам.

 

* * *

 

Калі Мэгрэ зірнуў з порта на бераг, то ўбачыў, што мора адступіла ўжо далёка і «Сэн-Мішэль» заставаўся недзе на паўдарозе паміж вадою і дзюнамі. Усе з трывогай глядзелі на гарызонт. Асабліва змрочны быў капітан Дэлькур.

Сумненняў не заставалася. З адлівам вецер сціх, але ў поўдзень, калі пачнецца прыліў, узнімецца сапраўдная бура. Гэта адчувалася па колеры неба — яно было нейкае непрыемна шэрае, хваляў — дзіўна зялёных.

— Мэра ніхто не бачыў?

— Служанка перадавала мне ад яго імя, што яму нездаровіцца і што ён даручае мне кіраваць работамі па ратаванні судна.

Засунуўшы рукі ў кішэні, Мэгрэ павольна накіраваўся да вілы. Пазваніў. Чакаў, калі яму адчыняць, хвілін дзесяць.

Служанка хацела нешта яму растлумачыць. Не слухаючы яе, камісар пайшоў па калідоры. У яго быў такі рашучы выгляд, што яна змоўкла і пабегла да дзвярэй кабінета.

— Гэта камісар! — крыкнула яна.

Мэгрэ ўвайшоў у пакой, добра ўжо яму знаёмы, кінуў капялюш на крэсла і кіўком галавы паздароўкаўся з мэрам, які сядзеў, выцягнуўшы ногі, у фатэлі.

Сляды ўчарашніх пабояў адразу ж кідаліся ў вочы: мэраў твар быў ужо не чырвоны, а сіні. Палаў камін.

Было відаць, што Гранмэзон вырашыў маўчаць і нават не зважаць на камісара. Мэгрэ паводзіў сябе гэтаксама. Ён зняў паліто, падышоў да каміна, павярнуўся спінай да агню, нібы толькі пра тое і думаў, каб сагрэцца. Полымя апякала яму лыткі. Ён часта пыхкаў люлькаю.

— Да вечара справа будзе скончана! — вымавіў ён нарэшце, быццам сам сабе.

Мэр па-ранейшаму спрабаваў ігнараваць камісара. Узяўшы газету, якая ляжала побач, стаў рабіць выгляд, што чытае.

— Можа, вам прыйдзецца з'ездзіць з намі, скажам, у Кан.

— У Кан?

Гранмэзон узняў галаву і нахмурыўся.

— Але, у Кан! Варта было б сказаць вам пра гэта раней, тады б пані Гранмэзон не трэба было ехаць сюды.

— Не разумею, якое дачыненне можа мець мая жонка...

— Да гэтай гісторыі? — скончыў Мэгрэ. — І я таксама не разумею!

Камісар прайшоў да пісьмовага стала, на якім ляжалі запалкі, зноў распаліў люльку.

— Зрэшты, гэта няважна, — сказаў ён ужо больш спакойна, — бо хутка ўсё высветліцца... Дарэчы, ведаеце, хто цяпер уладальнік «Сэн-Мішэля», якога збіраюцца зняць з мелі?.. Вялікі Луі!.. Дакладней, мусіць, не ўладальнік, а падстаўная асоба, якая дзейнічае ў інтарэсах Марціно...

Мэр стараўся ўгадаць, у якім кірунку працуе камісарава думка. Але пытанняў не задаваў і ўвогуле размовы не падтрымліваў.

— Зараз вы зразумееце сувязь. Вялікі Луі купляе «Сэн-Мішэль» гэтаму самаму Марціно за пяць дзён да знікнення Жарыса... Гэта адзінае судна, якое пакінула Вістрэам адразу ж пасля гэтай падзеі. Яно заходзіць у Ангельшчыну і Галандыю. І ў мяне ёсць факты, якія дазваляюць мне сцвярджаць, што да таго як апынуцца ў Парыжы, капітан Жарыс пабываў у Нарвегіі... А Марціно ж — нарвежац...

Мэр уважліва слухаў.

— Гэта не ўсё. Марціно вяртаецца ў Фекан, каб сесці на «Сэн-Мішэль». Вялікі Луі, яго давераная асоба, знаходзіцца тут за некалькі гадзін да смерці Жарыса. Крыху пазней прыходзіць «Сэн-Мішэль» з Марціно на борце... А сёння ноччу гэты самы Марціно спрабуе ўцячы разам з большасцю тых, каго я прасіў застацца тут у маім распараджэнні... Толькі вас і знайшоў на месцы!

Мэр маўчаў. Толькі ўздыхнуў.

— Застаецца высветліць, навошта Марціно вярнуўся ў Вістрэам, чаму спрабаваў дабрацца да Парыжа, а таксама чаму вы загадалі па тэлефоне жонцы тэрмінова ехаць назад.

— Спадзяюся, вы не намякаеце на тое, што...

— Я? Ну што вы? Чуеце? Шум матора. Іду ў заклад, што гэта прыехала з Кана пані Гранмэзон. Магу я папрасіць вас нічога ёй не казаць? Будзьце ласкавы.

Званок. Крокі служанкі ў калідоры. Адгалоскі прыцішанай размовы, потым служанчын твар у прыадчыненых дзвярах. Але чаму яна маўчыць? Чаму так трывожна паглядвае на гаспадара?

— Ну, што яшчэ? — з нецярпеннем спытаўся мэр.

— Бачыце...

Мэгрэ адштурхнуў яе, выскачыў у калідор, у якім убачыў аднаго толькі шафёра ў ліўрэі.

— Вы згубілі пані Гранмэзон па дарозе? — спытаўся ён, працінаючы шафёра вачыма.

— Яна...

— Дзе яна вас пакінула?

— На развілку дарог на Кан і Давіль. Яна дрэнна сябе адчувала.

Мэр, які застаўся ў кабінеце, узняўся. Ён часта дыхаў, твар у яго стаў яшчэ больш змрочны.

— Пачакайце мяне! — крыкнуў ён шафёру.

Але, сутыкнуўшыся з Мэгрэ, які заступіў дарогу, спыніўся перад яго магутнай постаццю.

— Мяркую, вы згодзіцеся, што...

— Поўнасцю згодзен. Мы павінны ехаць туды.

 

XII. НЯСКОНЧАНЫ ЛІСТ

 

Машына спынілася на развілцы. Дамоў тут не было, і шафёр азірнуўся, каб атрымаць новае распараджэнне. З таго моманту, як яны выехалі з Вістрэама, Гранмэзон здаваўся іншым чалавекам.

На віле ён кантраляваў сябе і думаў пра сваю годнасць нават у сама складаных для яго сітуацыях.

Зусім не тое было цяпер! Пэўна, яго ахапіла паніка. І гэта было тым больш адчувальна, што твар у яго ад пабояў літаральна ссінеў. Позірк быў неспакойны.

Калі машына спынілася, ён дапытліва зірнуў на Мэгрэ, і камісар, успомніўшы, як яшчэ ўчора вечарам расказваў яму мэр пра сваё расследаванне, не вытрымаў.

— Што будзем рабіць? — спытаўся ён, тоячы ўсмешку.

Ні на дарозе, ні ў навакольных садах не было ні душы. Вядома, пані Гранмэзон выйшла з машыны не для таго, каб пасядзець на абочыне. Калі яна, дабраўшыся да гэтае мясціны, адаслала шафёра — значыцца, у яе была прызначана тут сустрэча ці яна прыкмеціла чалавека, з якім хацела пагаманіць без сведкаў.

Лісце на дрэвах было вільготнае. Зямля патыхала перагноем. Каровы, не перастаючы жаваць, глядзелі нерухомымі вачыма на машыну.

А мэр усё ўзіраўся ў сады, бы хацеў працяць іх поглядам, так спадзяваўся ўбачыць жонку за якім-небудзь плотам ці дрэвам.

— Глядзіце! — сказаў Мэгрэ, нібы дапамагаючы нявопытнаму памочніку.

На дарозе ў Дзіў віднеліся сляды шынаў. Відаць было, што тут спынялася нейкая машына, якая з цяжкасцю развярнулася на вузкай дарозе і паехала назад.

— Стары грузавічок... Паехалі, шафёр!

Ад'ехалі недалёка. Задоўга да ўезду ў Дзіў сляды абрываліся каля камяністай сцежкі. Гранмэзон, па-ранейшаму насцярожаны, глядзеў вакол сябе з трывогаю, на Мэгрэ — з нянавісцю.

— Што там, як вы думаеце?

— Вёсачка, метраў пяцьсот.

— У такім выпадку машыну лепш пакінуць тут.

Камісар быў настолькі стомлены, што выглядаў абыякавым да ўсяго. Ён ледзь не спаў на хаду. Здавалася, заставаўся яшчэ на нагах толькі па інерцыі. Убачыўшы, як яны ідуць па дарозе, кожны падумаў бы, што камандуе тут мэр, а Мэгрэ пакорліва сунецца за ім, як і належыць падначаленаму.

Прайшлі міма дома, вакол яго корпаліся куры. Гаспадыня здзіўлена глянула на незнаёмых. Мінулі невялікую цэркаўку, няшмат большую за звычайнае сялянскае жытло. Злева ад яе была тытунёвая крама.

— Вы дазволіце? — сказаў Мэгрэ, паказваючы пусты капшук.

Ён увайшоў у краму, дзе прадаваліся таксама бакалейныя тавары і розныя прадметы хатняга ўжытку. З пакоя са скляпеністай столлю выйшаў стары, паклікаў дачку, і тая прадала камісару тытуню. Пакуль дзверы заставаліся адчыненыя, камісар паспеў убачыць на сцяне тэлефон.

— У колькі гадзін мой сябар прыходзіў званіць сёння раніцай?

— Ды болей чым гадзіну назад, — адразу ж адказала жанчына.

— Значыцца, і пані прыехала?

— Прыехала! Нават да нас заходзіла, дарогі пыталася... Вам няцяжка будзе знайсці, дзе тут яны спыніліся... Па гэтай самай вуліцы — апошні дом справа...

Мэгрэ выйшаў у поўным спакоі. А Гранмэзон стаяў перад царквою, пазіраючы вакол сябе з такім выглядам, што проста не мог не выклікаць у вяскоўцаў падазрэння.

— Я падумаў, — ціха сказаў Мэгрэ, — давайце падзелімся... Вы будзеце шукаць злева, там, дзе поле, а я справа...

Камісар прыкмеціў у вачах у спадарожніка радасны бляск. Мэр разлічваў першы знайсці жонку і пагаварыць з ёю сам-насам. Але, радуючыся, трымаў сябе ў руках.

— Добра, — адказаў ён, напусціўшы на сябе абыякавасць.

 

* * *

 

У вёсцы было дамоў дваццаць, не болей. У некаторых мясцінах, прыціснуўшыся адзін да аднаго, хаты збіраліся ў нешта накшталт вулкі, якая, праўда, была завалена купкамі гною. Усё яшчэ ішоў дождж, такі дробненькі, што можна было сказаць, гэта сыпаўся з неба нейкі вадзяны пыл. На вуліцы нікога не было. Аднак фіранкі на вокнах варушыліся. За імі ў хатнім паўзмроку ўгадваліся зморшчаныя твары старых жанчын.

На самым краі вёсачкі, акурат каля агароджы вакол лугу, пасвіліся два кані. Мэгрэ ўбачыў невялічкую хаціну, дах якой прыкметна пакасіўся. Камісар азірнуўся і, пачуўшы мэравы крокі на другім канцы вёсачкі, не стаў стукацца ў дзверы.

Увайшоўшы ў хату, ён пачуў нейкі шоргат. Было зусім цёмна, у печы ледзь гарэла. Перад вачыма вырасла нейкая згорбленая старая ў белым каўпаку.

— Хто там? — спыталася яна, тупаючы насустрач камісару.

Было горача. Пахла саломаю, капустаю, седалам. Вакол дроў, складзеных у куце, нешта дзяўблі кураняты.

Мэгрэ, які амаль даставаў галавою да столі, убачыў дзверы ў глыбіні памяшкання і зразумеў, што дзейнічаць трэба хутка. Не кажучы ні слова, падышоў да гэтых дзвярэй і адчыніў іх. Пані Гранмэзон была там. Седзячы за сталом, яна нешта пісала. Побач з ёю стаяў Жан Марціно.

Убачыўшы камісара, яны разгубіліся. Жанчына ўзнялася з саламянага крэсла, а Марціно адразу ж схапіў і змяў аркуш паперы. Абое інстынктыўна наблізіліся адно да аднаго.

У хаціне былі толькі два пакоі. Другі быў спальняю старой. На яго сценах, пабеленых вапнаю, віселі два партрэты і танныя лубкі ў чорных з пазалотаю рамках. Высокі ложак і стол, за якім пісала пані Гранмэзон. Відно было, што з яго толькі што знялі тазік, які стаяў цяпер на падлозе.

— Праз некалькі хвілін ваш муж будзе тут! — пачаў Мэгрэ.

Марціно з нянавісцю кінуў:

— І гэта вы прывялі яго сюды?

— Маўчы, Раймон, — спыніла пані Гранмэзон.

Яна была з ім на «ты» і называла яго не Жан, а Раймон.

Адзначыўшы сам сабе гэтыя дэталі, Мэгрэ падышоў да дзвярэй, прыслухаўся і вярнуўся да стала.

— Будзьце ласкавы, перадайце мне ліст, які вы пачалі пісаць.

Раймон-Марціно і пані Гранмэзон пераглянуліся. Жанчына была стомленая і бледная. Мэгрэ ўжо бачыў яе аднойчы, але тады яна выконвала пачэсныя абавязкі гаспадыні багатага дома, якая прымае ў сябе знакамітых людзей Кана.

Тады ён адзначыў яе бездакорнае выхаванне і завучаную грацыёзнасць, з якой яна ўмела падаць кубак гарбаты або адказаць на камплімент.

Ён уявіў сабе яе жыццё: хатнія клопаты ў Кане, візіты, выхаванне дзяцей. Штогод два-тры месяцы на водах або ў санаторыях. Умеранае какецтва. Імкненне не так здавацца прыгожай, як захаваць годнасць.

Бясспрэчна, усё гэта было ў жанчыне, якая стаяла цяпер перад ім. Але праглядвала і штосьці іншае. Па праўдзе кажучы, яна трымалася больш спакойна і ўпэўнена, чым яе спадарожнік.

— Аддай яму ліст, — сказала яна, калі ён сабраўся разарваць скамячаны аркуш.

Напісана было ўсяго толькі некалькі слоў:

«Пан дырэктар, маю гонар прасіць вас...»

Буйны почырк з нахілам — тыповы для жанчын, якія выхоўваліся ў пансіёнах пачатку стагоддзя.

— Сёння раніцай вам двойчы званілі, праўда?.. Адзін раз — ваш муж... Ці, дакладней, вы яму самі паведамілі, што едзеце ў Вістрэам. Потым званіў пан Марціно: прасіў вас прыехаць сюды. Ён паслаў па вас на развілак грузавічок.

На стале за чарніліцаю ляжаў нейкі пачак, які Мэгрэ не адразу прыкмеціў, — стос банкнотаў па тысячы франкаў.

Марціно злавіў камісараў позірк. Хаваць грошы было позна. Надламаны стомаю, што агарнула яго, апусціўся на край ложка і ўтаропіўся абыякавымі вачыма ў падлогу.

— Гэта вы прывезлі яму грошы?

І зноў маўчанне, у каторы ўжо раз у гэтым следстве! Маўчала Жулі. Не сказалі ні слова ў адказ Гранмэзон і Вялікі Луі на мэравай віле, калі камісар заспеў матроса якраз у той самы момант, як ён лупцаваў гаспадара. Ні ў чым не адкрыліся мінулай ноччу і сябры экіпажа «Сэн-Мішэля».

Ну і ўпартасць! Ніводнага слова, якое б дапамагло хоць што-небудзь прасвятліць!

— Мяркую, вы збіраліся адрасаваць гэты ліст дырэктару калежа «Станіслаў»? Ваш сын вучыцца там, і пісьмо, напэўна, датычыць яго... А грошы... Ну вядома! Спяшаючыся, Марціно быў вымушаны пакінуць шхуну, якая села на мель, і дабірацца да берага плывам... Там ён, як я разумею, і згубіў кашалёк... А вы прывезлі яму грошы, каб...

Раптоўна змяніўшы і тэму і тон, ён спытаўся:

— А астатнія, Марціно? Усе цэлыя?

Марціно нейкі час вагаўся, алё ўрэшце кіўнуў галавою.

— Я не пытаюся ў вас, дзе яны хаваюцца. Ведаю, што гэтага вы не скажаце...

— Праўда.

— Што — «праўда»?

Гэта гучаў голас раз'юшанага мэра — дзверы былі шырока расчыненыя. Яго нельга было пазнаць. Ён проста задыхаўся ад нянавісці. Сціскаў кулакі, гатовы кінуцца на ворага. Пераводзіў позірк з жонкі на Марціно, з Марціно на стос банкнот, які ўсё яшчэ ляжаў на стале.

Погляд у яго быў пагрозлівы, але раз-пораз мільгалі ў ім не то жах, не то адчуванне краху.

— Што — праўда?.. Што ён сказаў?.. Што ён вам яшчэ наманіў?.. А яна? Яна, якая... якая...

Ён больш не мог гаварыць. Мэгрэ стаяў побач, гатовы ўмяшацца.

— Што — праўда?.. Што тут адбываецца?.. Што за балбатню вы тут развялі?.. І чые гэта грошы?..

Чуваць было, як у суседнім пакоі старая шоргала нагамі і клікала з ганка куранят: «Цып-цып-цып-цып!..»

Кукурузныя зярняткі градам сыпаліся на каменныя прыступкі ганка. Старая адганяла нагою суседскую курыцу:

— Кыш, кыш, пайшла вон, Чарнушка!..

А ў спальні — ні гуку! Глыбокая цішыня! Яна прыгнятала, як неба ў гэты дажджлівы ранак.

Гэтыя трое нечага баяліся... Вядома, баяліся!.. Усе трое!.. І Марціно, і мэр, і яго жонка!.. І кожны баяўся па-свойму... У кожнага быў свой страх!..

Мэгрэ напусціў на сябе ўрачысты выгляд і паволі, быццам суддзя, пачаў:

— Пракуратура даручыла мне знайсці і арыштаваць забойцу капітана Жарыса, раненага стрэлам з пісталета ў галаву, а праз месяц атручанага стрыхнінам у сябе дома. Ці не хоча хто з прысутных заявіць што-небудзь з гэтай нагоды?

Дагэтуль ніхто не заўважыў, што печ у пакоі была няпаленая, — і раптам усе адчулі, як тут было холадна. Кожнае слова гучала гулка, як у царкве. Здавалася, што ўсё яшчэ чуецца: «...атручанага стрыхнінам...» Асабліва стаялі ў вушах апошнія словы: «Ці не хоча хто з прысутных заявіць што-небудзь з гэтай нагоды?»

Марціно першы апусціў галаву. Пані Гранмэзон кінула позірк на мужа, пасля на нарвежца. Вочы ў яе блішчалі.

Але ніхто не вымавіў ні слова. Ніхто не мог вытрымаць цяжкага позірку Мэгрэ.

Дзве хвіліны... Тры... Чуваць было, як старая падкідвала ў печ дровы...

Зноў камісараў голас, наўмысна сухі, без ніякага пачуцця:

— Жан Марціно, імем закона вы арыштаваны!

Крык жанчыны. Усёй сваёй істотаю пані Гранмэзон падалася была да Марціно — і адразу ж страціла прытомнасць.

Раз'юшаны мэр павярнуўся да сцяны.

А Марціно, нібыта скарыўшыся, стомлена ўздыхнуў. І нават не падышоў да жанчыны.

Мэгрэ нахіліўся над ёю, пашукаў вачыма шклянку вады.

— Воцат ёсць? — спытаўся ён, адчыніўшы дзверы, у старой.

І без таго цяжкае паветра халупы змяшалася з пахам воцату.

Неўзабаве пані Гранмэзон апрытомнела. Узнервавана ўсхліпнуўшы некалькі разоў, яна спыніла позірк на нейкім узоры на дыване.

— Вы можаце ісці.

Яна слаба кіўнула галавою, паднялася і пайшла да дзвярэй няроўнай паходкаю.

— Прашу вас ісці за мною, панове! Спадзяюся, гэтым разам я магу разлічваць на тое, што вы будзеце памяркоўныя?

Разгубленая старая моўчкі глядзела ім услед. І толькі калі ўжо ўсе выйшлі на двор, яна кінулася да дзвярэй і крыкнула:

— Пан Раймон, вы вернецеся абедаць?

Раймон! Ужо другі раз гучала гэтае імя. Марціно адмоўна пакруціў галавою.

Усе чацвёра пайшлі па вясковай вуліцы. Перад тытунёвай крамай Марціно спыніўся і сказаў Мэгрэ:

— Выбачайце, але я не ведаю, ці вярнуся яшчэ сюды, і мне не хацелася б пакідаць за сабою даўгі. Я павінен заплаціць тут за тэлефон, грог і пачак цыгарэт.

Заплаціў Мэгрэ. Выйшлі з вёскі. У канцы няроўнай дарогі іх чакала машына. Камісар запрасіў усіх сесці ў яе і, падумаўшы крыху, сказаў шафёру:

— У Вістрэам! Але спачатку спыніцеся каля жандармерыі.

Усю дарогу праехалі моўчкі. Па-ранейшаму ішоў дождж, неба было ўсё такое ж шэра-халоднае, вецер спакваля ўзмацняўся і пагойдваў мокрыя дрэвы.

Перад жандармерыяй Мэгрэ папрасіў Марціно выйсці з машыны і загадаў начальніку аддзялення:

— Пасадзіць яго ў камеру... Вы адказваеце за яго. Тут нічога новага?

— Буксір прыйшоў. Чакаюць, калі павысіцца ўзровень мора.

Паехалі далей. Мэгрэ трэба было пабываць у порце, і камісар яшчэ раз спыніў машыну, выйшаў з яе на хвілінку.

Быў поўдзень. Шлюзаўшчыкі чакалі на сваіх месцах параход з Кана. Мора падыходзіла ўсё бліжэй да берага, белыя хвалі набіралі ўсё больш моцы.

Справа стаяў вялікі натоўп. Людзі з цікаўнасцю разглядвалі буксір з Трувіля, што стаяў на якары за паўмілі ад берага. Да «Сэн-Мішэля», які з прылівам ужо напалову выраўняўся, набліжалася невялікая шлюпка.

Глянуўшы на машыну, Мэгрэ заўважыў, што мэр таксама назірае за выратавальнымі работамі. З шынка выйшаў капітан Дэлькур.

— Атрымаецца? — спытаўся камісар.

— Думаю, што ўсё будзе нармальна. Вось ужо дзве гадзіны яны вызваляюць шхуну ад баласту. Толькі б швартовы не парваліся. — Спрабуючы ўгадаць, які будзе вецер, ён паглядзеў на неба, бы на карту. — Трэба адно зрабіць усё гэта да канца прыліву.

Начальнік порта заўважыў, што ў машыне сядзяць мэр і яго жонка, пачціва павітаў іх, але больш у іх бок не глядзеў.

Падышоў Люка, адвёў камісара на колькі крокаў ад Дэлькура.

— Узялі Вялікага Луі.

— Гм!

— Сам папаўся!.. Сёння раніцай жандары з Дзіў заўважылі сляды на полі... Сляды чалавека, які ішоў напрасткі, перамахваючы праз агароджы... Сляды вялі да ракі, да мясціны, дзе адзін рыбак пакідае звычайна на беразе лодку... А тут яна была на другім беразе...

— Жандары перабраліся туды?

— Але... І выйшлі акурат насупраць шхуны. Там, каля дзюнаў, ёсць...

— Разваліны капліцы!

— Вы ўжо ведаеце?

— Капліца Божай Маці Дзюнаў...

— Ну, там яго і накрылі... Ён залез туды і назіраў за выратавальнымі работамі. Калі я прыйшоў, ён упрошваў жандараў не забіраць яго адразу і дазволіць заставацца там, пакуль не выратуюць шхуну... Я дазволіў... Ён у кайданках... Аддае загады: баіцца, што без яго судна загіне... Не хочаце глянуць на яго?

— Не ведаю... Можа, крыху пазней...

Камісара чакалі ў машыне мэр з жонкаю.

— Думаеце, дакапаемся ўрэшце да праўды? — спытаўся Люка.

І, паколькі Мэгрэ не адказваў, інспектар дадаў:

— Асабіста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць і ведаюць сёе-тое. Можна падумаць, што ў смерці Жарыса вінаваты ўвесь гарадок...

Але камісар адно паціснуў плячыма і пайшоў да машыны.

— Да сустрачы! — толькі і сказаў на хаду.

У машыне ён вельмі здзівіў шафёра, загадаўшы:

— Дамоў!

Нібыта гаворка ішла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.

— Дамоў у Кан?

Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялі яго на думку.

— Але, у Кан!

Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкі, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэнні.

 

* * *

 

Па дарозе ад гарадскіх варот да вуліцы Дзюфур з Гранмэзонамі павіталіся чалавек пяцьдзесят. Відаць, мэраву машыну ведалі ўсе. Віталіся вельмі пачціва. Суднаўладальнік быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землі.

— Простая фармальнасць! — сказаў Мэгрэ праз зубы, калі машына спынілася. — Выбачайце, што прывёз вас сюды. Але, як я ўжо вам казаў, неабходна, каб сёння вечарам усё было скончана...

Паабапал ціхай вуліцы стаялі прыватныя дамы, якія цяпер можна ўбачыць толькі ў правінцыі. Перад домам з пачарнелага каменю ўзвышалася вежа. На агароджы перад уваходам вісела медная шыльда з надпісам: «Ангельска-Нармандская навігацыйная кампанія».

У двары стаяў указальнік: «Каса». На дзвярах вісела яшчэ адна шыльда: «Кантора адчынена з 9 да 16 гадзін».

Было крыху больш за дванаццаць. Дарога да Кана заняла ўсяго толькі дзесяць хвілін. У гэты час большасць служачых абедала, але некаторыя сядзелі яшчэ за сваімі сталамі. У пакоях было змрочна. Тоўстыя дываны і мэбля ў стылі Луі-Філіпа надавалі канторы ўрачысты выгляд.

— Пані, зрабіце ласку, падыміцеся да сябе. Праз нейкі час я, напэўна, папрашу вас знайсці для мяне колькі хвілін.

Першы паверх быў цалкам адведзены пад памяшканні кампаніі. У вялізным вестыбюлі па баках стаялі свяцільні з каванага жалеза. На другі паверх, які займалі муж і жонка Гранмэзон, вяла мармуровая лесвіца.

Мэр Вістрэама, пахмурны, злосны, чакаў, што скажа яму Мэгрэ.

— Што вы яшчэ хочаце ведаць? — ціха спытаў ён і, падняўшы каўнер паліто, насунуў капялюш на вочы, каб служачыя не бачылі яго твару, спляжанага кулакамі Вялікага Луі.

— Нічога асаблівага. Я толькі прашу ў вас дазволу пахадзіць тут, падыхаць паветрам дома.

— Я вам патрэбен?

— Не.

— У такім выпадку дазвольце мне падняцца да пані Гранмэзон.

Пачцівы тон, з якім ён гаварыў пра сваю жонку, ніяк не вязаўся з ранішняй сцэнаю ў халупе ў старой. Мэгрэ пачакаў, пакуль мэр падымецца па лесвіцы. Пасля прайшоў у канец калідора і пераканаўся, што ў доме быў толькі адзін выхад. Выйшаў на вуліцу, знайшоў непадалёк паліцэйскага і загадаў яму стаяць каля агароджы.

— Зразумелі? Выпускаць усіх, апроч суднаўладальніка. Вы яго ведаеце?

— Ну, як не ведаць!.. Але... што ён нарабіў? Такі чалавек!.. Вы знаеце, што ён старшыня гандлёвай палаты?

— Тым лепш!

Кабінет справа ў вестыбюлі «Генеральны сакратарыят». Мэгрэ пастукаў, адчыніў дзверы, удыхнуў пах цыгары, але нікога не ўбачыў.

Кабінет злева: «Дырэктар». Тая ж самавітая, урачыстая атмасфера, тыя ж цёмна-чырвоныя дываны, шпалеры з пазалотаю, столі з мудрагелістай лепкаю.

Уражанне такое, што ніхто не асмеліўся б размаўляць тут уголас. Камісар уявіў сабе перапоўненых годнасцю паноў, у візітках і штанах у палоску, з тоўстымі цыгарамі ў зубах, за дзелавой размоваю.

Самавітая кампанія! З традыцыямі, якія перадаюцца тут, у правінцыі, праз стагоддзі з пакалення ў пакаленне. «Пан Гранмэзон?.. Яго подпіс надзейны, як золата ў злітках».

Мэбля ў кабінеце была ў стылі ампір, які больш падыходзіў для галоўнага пакоя кампаніі. На сценах — фатаграфіі караблёў, статыстычныя табліцы, каляровыя графікі.

Мэгрэ хадзіў па кабінеце, засунуўшы рукі ў кішэні, калі ў дзвярах з'явіўся нейкі стары.

— Што гэта такое?! — разгубіўся ён.

— Паліцыя! — кінуў Мэгрэ такім сухім тонам, што збоку можна было падумаць: ён кажа так, любячы кантрасты.

Стары, збянтажаны ўжо дазвання, мала не закалаціўся.

— Не хвалюйцеся. Я расследую справу па даручэнні вашага патрона. Вы ж...

— Галоўны касір, — спешна пацвердзіў стары.

— Гэта вы служыце ў кампаніі вось ужо... вось ужо...

— Сорак два гады. Я пачынаў тут яшчэ пры пане Шарлі.

— Вельмі прыемна. Значыць, гэта ваш кабінет справа? Па сутнасці цяпер усё тут трымаецца на вас, праўда? Ва ўсякім выпадку мне так казалі.

Тут усё ў Мэгрэ ішло як па масле. Дастаткова было ўбачыць дом, пасля гэтага старога слугу, каб здагадацца пра ўсё.

— Гэта ж натуральна, вы не згодны? Калі пан Эрнэст адсутнічае...

— Пан Эрнэст?

— Пан Гранмэзон. Я ведаў яго, калі ён быў яшчэ зусім дзіця, вось і называю яго панам Эрнэстам.

Мэгрэ нібыта між іншым увайшоў у канторку старога. Гэта быў сціплы пакой, адчувалася, што наведнікаў тут не бывае. Затое стол быў завалены папкамі. Сярод іх ляжалі загорнутыя ў паперу бутэрброды. На спіртоўцы дыміўся маленькі кафейнік.

— Вы тут і абедаеце, пан... Вось табе і на, забыў раптам ваша імя...

— Бернардэн... Але ўсе завуць мяне «дзядзька Бернар»... Я жыву адзін, так што і на абед дамоў хадзіць няма чаго... Вось... А пан Эрнэст запрасіў вас з нагоды дробнага крадзяжу на тым тыдні?.. Трэба было яму мяне папярэдзіць... Усё ўжо ў парадку... Адзін малады чалавек узяў у касе дзве тысячы франкаў... Але яго дзядзька вярнуў грошы... Малады чалавек даў слова... Вы разумееце?.. У такім узросце!.. Ды столькі ў нас дрэнных прыкладаў перад вачыма!..

— Мы пра гэта яшчэ пагаворым... Прашу вас, не звяртайце на мяне ўвагі, абедайце... Словам, вы былі даверанай асобай спачатку пана Шарля, а потым ужо яго сына, пана Эрнэста...

— Спачатку я быў касірам... Тады ў іх яшчэ не было галоўнага касіра... Можна нават сказаць, што гэтую пасаду ўвялі спецыяльна для мяне...

— Пан Эрнэст адзіны сын у пана Шарля?

— Але, адзіны. Была яшчэ дачка, якая выйшла замуж за прамыслоўца з Ліля, але яна памерла пры родах разам з дзіцёнкам...

— А пан Раймон?

Стары здзіўлена ўскінуў галаву.

— Як? Пан Эрнэст казаў вам?..

«Дзядзька Бернар» адразу ж насцярожыўся.

— Ён не належаў да гэтай сям'і?

— Стрыечны брат. Таксама Гранмэзон... Только спадчыны ён не атрымаў... Яго бацька памёр недзе ў калоніях... Такое ж часта здараецца ва ўсіх сем'ях, праўда?..

— Ва ўсіх сем'ях! — пацвердзіў не маргнуўшы вокам Мэгрэ.

— Бацька пана Эрнэста ўсё роўна як усынавіў яго... Карацей кажучы, знайшоў тут яму месца...

Мэгрэ патрабаваліся факты больш дакладныя, і ён перастаў хітраваць.

— Хвілінку, пан Бернар! Дазвольце, я збяруся з думкамі... Заснавальнік «Ангельска-Нармандскай кампаніі» — пан Шарль Гранмэзон, так?.. У пана Шарля Гранмэзона — адзіны сын, пан Эрнэст, сённяшні дырэктар кампаніі...

— Але...

Стары зноў разгубіўся. Яго бянтэжыў такі дапытлівы тон.

— Так! У пана Шарля быў брат, які памёр у калоніях, таксама пакінуўшы адзінага сына — Раймона Гранмэзона.

— Але... Я не...

— Чакайце! Ды ешце, прашу вас. Пана Раймона, сірату без грошай, прымаюць у дом дзядзькі, даюць месца ў кампаніі. Якое?

— Гм, — запнуўся стары. — Яго назначылі ў аддзел фрахтавання нейкім начальнікам.

— Так! Пан Шарль памірае і пакідае спадчыну пану Эрнэсту. Пан Раймон усё яшчэ тут.

— Але.

— І раптам яны сварацца. Хвілінку! У момант сваркі пан Эрнэст быў жанаты?

— Не ведаю, ці магу я...

— Я раіў бы вам гаварыць, калі вы не хочаце мець на старасці гадоў непрыемнасці з правасуддзем.

— Правасуддзем? Пан Раймон вярнуўся?

— Няважна. Пан Эрнэст быў ужо жанаты?

— Не. Яшчэ не быў.

— Так! Пан Эрнэст — дырэктар кампаніі. Яго стрыечны брат — начальнік аддзела. Што адбываецца пасля?

— Я не думаю, што маю права...

— Я даю вам гэтае права.

— Такое бывае ва ўсякіх сем'ях... Пан Эрнэст быў чалавек сур'ёзны, як яго бацька... Нават у тым узросце, калі яшчэ робяць звычайна глупствы, ён быў такі, як цяпер...

— А пан Раймон?

— Поўная процілегласць!

— Ну і?..

— Пра гэта ведаю толькі я і сам пан Эрнэст... Былі выяўлены парушэнні ў справаздачнасці... Сур'ёзныя парушэнні...

— І?..

— Пан Раймон знік... Інакш кажучы, замест таго каб аддаць яго ў рукі правасуддзя, пан Эрнэст папрасіў яго выехаць за мяжу...

— У Нарвегію?

— Не ведаю... Я пра яго больш нічога не чуў...

— Пан Эрнэст ажаніўся неўзабаве пасля таго?

— Але... Прайшло колькі месяцаў...

Уздоўж сцен цягнуліся паліцы з папкамі непрыемнага зялёнага колеру. Стары клерк еў без усялякага апетыту. Ён быў устрывожаны і злаваўся на сябе, што міжволі столькі ўжо расказаў.

— Калі гэта здарылася?

— Чакайце... Гэта было ў той год, калі пашыралі канал... Пятнаццаць гадоў таму... Не, крыху меней...

Ужо некалькі хвілін над галавою чуліся чыесьці крокі.

— Гэта ў сталовай? — спытаў Мэгрэ.

— Але...

Раптам крокі сталі больш частыя, пачуўся глухі ўдар, гук цела, якое падала на падлогу.

«Дзядзька Бернар» збялеў, як папера, у якую былі загорнуты яго бутэрброды.

 

XIII. ДОМ НАСУПРАЦЬ

 

Мэр быў мёртвы. Ён ляжаў на дыване. Яго цела здавалася велізарным: галава — каля ножак стала, ногі — каля акна. Крыві амаль не было. Куля прайшла паміж рэбраў акурат у сэрца.

За некалькі сантыметраў ад Гранмэзона ляжаў рэвальвер, які выпаў з яго рук.

Пані Гранмэзон не плакала. Яна стаяла, абапіраючыся на масіўны камін, і глядзела на нябожчыка, быццам не разумела яшчэ, што здарылася.

— Усё! — сказаў Мэгрэ, выпростваючыся.

Пакой был вялікі і сціпла абсталяваны. Праз цёмныя шторы на вокнах прабівалася шызаватае святло.

— Ён гаварыў з вамі?

Яна адмоўна пакруціла галавою. Пасля з цяжкасцю прашаптала:

— Калі мы вярнуліся, ён усё хадзіў узад і ўперад... Два-тры разы павярнуўся да мяне, і я падумала, што ён збіраецца нешта мне сказаць... А потым раптам стрэліў, але я нават не бачыла рэвальвера...

Яна гаварыла так, як гавораць вельмі ўсхваляваныя жанчыны, калі ім цяжка сачыць за ходам сваіх думак. Але вочы ў яе заставаліся сухія.

Было відаць, што яна ніколі не кахала Гранмэзона, ва ўсякім разе сапраўднага кахання паміж імі не было.

Яна была яго жонкаю і выконвала свой абавязак. Прывычка, сумеснае жыццё ў нейкай меры зблізілі іх.

Але нясцерпнага гора, якое звычайна ахапляе людзей у момант смерці па-сапраўднаму блізкага чалавека, яна перад целам мёртвага мужа не адчувала.

— Гэта ён? — ціха спыталася яна ў Мэгрэ.

— Ён, — пацвердзіў камісар.

Запала доўгае маўчанне. Мэгрэ назіраў за пані Гранмэзон. Тая глядзела ў акно. Вочы яе нібыта нешта шукалі на вуліцы. Твар у яе быў вельмі сумны.

— Дазвольце задаць вам некалькі пытанняў, пакуль ніхто яшчэ не прыйшоў.

Яна згадзілася.

— Вы ведалі Раймона да знаёмства з мужам?

— Я жыла ў доме насупраць.

Шэры дом, вельмі падобны на гэты. Над дзвярыма — пазалочаны герб натарыуса.

— Я кахала Раймона. І ён кахаў мяне. Эрнэст заляцаўся да мяне, але рабіў гэта зусім не так, як Раймон.

— Яны — вельмі розныя, праўда?

— Эрнэст ужо тады быў такі, якім вы яго ведалі. Халодны чалавек без узросту. А ў Раймона была благая рэпутацыя, бо жыццё, якое ён вёў, было для нашага маленькага гарадка дужа бязладнае. З гэтай прычыны, а таксама таму, што ён быў бедны, бацька не згаджаўся на мой шлюб з ім.

Дзіўныя былі гэтыя прызнанні, якія яна рабіла каля цела мёртвага мужа. Здавалася, яна падводзіла сумны рахунак свайго жыцця.

— Вы былі каханкай Раймона?

Яна апусціла павекі.

— І ён паехаў?

— Нікога не папярэдзіўшы. Ноччу. Мне сказаў пра гэта Эрнэст. Паехаў, узяўшы з сабою нейкую частку грошай з касы кампаніі.

— І Эрнэст ажаніўся з вамі? Ваш сын — не яго, праўда?

— Гэта сын Раймона. Уявіце сабе, калі ён паехаў і пакінуў мяне адну, я ўжо ведала, што стану маці. А Эрнэст прасіў маёй рукі. Вы толькі паглядзіце на гэтыя дамы, вуліцу, горад, дзе ўсе ведаюць адно аднаго.

— Вы сказалі яму праўду?

— Але. І ўсё ж такі ён ажаніўся са мною. Дзіця нарадзілася ў Італіі, дзе я правяла амаль год, каб пазбегнуць розных перасудаў. Я лічыла, што муж паводзіў сябе проста гераічна.

— А потым?

Яна адвярнулася, бо позірк яе ўпаў на мужава цела. Уздыхнуўшы, загаварыла зноў:

— Не ведаю. Думаю, ён кахаў мяне па-свойму. Ён хацеў, каб я стала яго жонкаю, — і атрымаў мяне, вы гэта можаце зразумець? Чалавек, няздольны да парыву. Ажаніўшыся, ён жыў, як і раней, для самога сябе. Я была часткай яго дома. Нешта накшталт даверанай асобы ў канторы. Не ведаю, ці паведамлялі яму пасля што-небудзь пра стрыечнага брата, але калі аднаго разу сын убачыў фатаграфію Раймона і спытаўся, хто гэта, Эрнэст толькі і сказаў:

— Стрыечны брат, які дрэнна скончыў.

Мэгрэ быў крыху ўсхваляваны: перад яго вачыма прайшло цэлае жыццё. І жыццё не аднаго чалавека, а цэлага дома, сям'і!

І гэтак праляцелі пятнаццаць гадоў! Купляліся новыя параходы. У гэтым вось пакоі ладзіліся прыёмы, партыі ў брыдж і абеды, вячэры...

Лета праводзілі ў Вістрэаме і ў гарах.

А цяпер пані Гранмэзон адчувала толькі стомленасць. Яна апусцілася ў крэсла, правяла рукою па твары.

— Не разумею, — прашаптала яна. — Гэты капітан... Я яго ніколі раней не бачыла. Вы сапраўды думаеце, што?..

Мэгрэ прыслухаўся і пайшоў адчыняць дзверы. За імі стаяў «дзядзька Бернар». Ён быў устрывожаны, але ўвайсці ў пакой не асмельваўся. Клерк дапытліва паглядзеў на камісара.

— Пан Гранмэзон памёр. Паведаміце гэта яго доктару. А служачым і слугам скажаце крыху пазней.

Мэгрэ зачыніў дзверы, сунуў быў руку ў кішэню па люльку, але перадумаў паліць.

У яго душы нарадзілася дзіўнае пачуццё сімпатыі, павагі да гэтай жанчыны, якая пры першай сустрэчы здалася яму вельмі банальнай істотай.

— Гэта муж паслаў вас учора ў Парыж?

— Але. Я не ведала, што Раймон у Францыі. Муж мяне проста папрасіў забраць сына з калежа і правесці з ім колькі дзён на поўдні. Я не разумела, нашто гэта трэба, аднак зрабіла, як ён хацеў. Але толькі я прыехала ў «Лютэцыю», Эрнэст пазваніў мне і сказаў, каб я не ішла ў калеж, а вярталася дамоў.

— А сёння раніцай вам званіў Раймон?

— Званіў. Прасіў тэрмінова прывезці яму крыху грошай. Кляўся, што ад гэтага залежыць наш далейшы спакой.

— Не вінаваціў вашага мужа?

— Не. Там, у халупе, ён нават не ўспомніў пра яго. Гаварыў пра нейкіх сяброў, маракоў, якім ён павінен заплаціць, перш чым паехаць з Францыі. Казаў яшчэ нешта пра нейкае караблекрушэнне.

Прыйшоў доктар, сябра сям'і. З жахам, не верачы вачам, глядзеў на труп.

— Пан Гранмэзон скончыў жыццё самагубствам! — цвёрда вымавіў Мэгрэ. — А вам трэба вызначыць хваробу, ад якой ён памёр. Вы мяне разумееце? Паліцыю я бяру на сябе...

Ён падышоў да пані Гранмэзон, пакланіўся ёй. Тая пасля некаторых ваганняў спытала:

— Вы не сказалі мне, чаму...

— Раймон вам калі-небудзь усё раскажа... Апошняе пытанне... Шаснаццатага верасня ваш сын быў у Вістрэаме з вашым мужам, так?

— Так, ён заставаўся там да дваццатага.

Адышоўшы спінай да дзвярэй, Мэгрэ выйшаў з пакоя. Цяжка ступаючы, ён спусціўся па лесвіцы на першы паверх, прайшоў па калідоры, адчуваючы нейкі цяжар на плячах і агіду ў душы.

На вуліцы ён глыбока ўдыхнуў свежае паветра. Нейкі час стаяў пад дажджом з голай галавою, як бы хацеў асвяжыцца, скінуць з сябе ўсё тое жахлівае, што вынес з дома Гранмэзонаў.

Зірнуў апошні раз на вокны. Пасля паглядзеў на дом насупраць, у якім мэрава ўдава правяла сваю маладосць, і глыбока ўздыхнуў.

 

* * *

 

— Выходзьце!

Мэгрэ адчыніў дзверы камеры, у якой сядзеў Раймон, і знакам загадаў арыштаванаму ісці за ім. Камісар ішоў паперадзе, спачатку па вуліцы, пасля па дарозе ў порт.

Раймон дзівіўся, не разумеючы прычыны гэтага раптоўнага вызвалення.

— Вы нічога не хочаце мне сказаць? — кінуў Мэгрэ наўмысна незадаволеным тонам.

— Нічога!

— Вы дадзіце вынесці вам прысуд?

— Я паўтару перад суддзямі, што нікога не забіваў!

— Але праўды не скажаце?

Раймон апусціў галаву. Удалечыні ўжо віднелася мора, чуліся гудкі буксіра, які ішоў да пірса, ведучы за сабою на стальным тросе «Сэн-Мішэля». Тады, быццам бы гэта было нешта зусім звычайнае, кінуў:

— Гранмэзон памёр.

— Га?.. Што вы сказалі?..

Раймон схапіў яго за руку і ліхаманкава сціснуў яе.

— Ён?..

— Налажыў на сябе рукі. Гадзіну таму назад, у сябе дома.

— Ён усё расказаў?

— Не! Хадзіў туды-назад па гасцёўні хвілін пятнаццаць, пасля стрэліў. Вось і ўсё!..

Яны зрабілі яшчэ некалькі крокаў. Удалечыні, на сценах шлюза, стаялі, назіраючы за выратавальнымі работамі, людзі.

— Цяпер вы можаце сказаць мне ўсю праўду, Раймон Гранмэзон... Зрэшты, я ўжо ведаю яе ў сама агульных рысах... Вы хацелі забраць з сабою вашага сына?

Ні слова адказу.

— Сярод людзей, у якіх вы прасілі дапамогі, быў і капітан Жарыс... Але, на жаль...

— Змоўкніце! Калі б вы ведалі...

— Хадземце сюды. Тут меней народу...

Дарога вяла да пустыннага берага, на які накатваліся хвалі.

— Вы праўда ўцяклі некалі з касай?

— Гэта Элен вам сказала?..

Ягоны голас стаў з'едлівы.

— Ну вядома!.. Эрнэст расказаў ёй усё па-свойму... Што ж, я не сцвярджаю, што быў святы... Наадварот!.. Жыў, як кажуць, весела... І адзін час захапляўся гульнёю... Выйграваў, прайграваў... Праўда, аднаго разу я скарыстаўся грашыма кампаніі, і кузен гэта прыкмеціў... Я абяцаў вярнуць паступова ўсе грошы і ўмольваў яго не даводзіць справу да скандалу... Ён усур'ёз сабраўся звярнуцца ў суд і згадзіўся толькі пры адной умове: каб я паехаў за мяжу і ніколі болей не вяртаўся ў Францыю!.. Цяпер вы разумееце? Ён хацеў, каб Элен стала яго жонкаю! І ён гэтага дабіўся!

Горка ўсміхнуўшыся, Раймон нейкі час маўчаў, пасля пачаў зноў:

— Звычайна людзі адпраўляюцца на поўдзень або ўсход... А мне падабалася поўнач, і я пасяліўся ў Нарвегіі... З радзімы я ніякіх навін не меў... Лісты, якія я пісаў Элен, заставаліся без адказу, а ўчора я даведаўся, што яны ніколі да яе не даходзілі... Я пісаў і кузену таксама, але адказу ні разу не атрымаў... Не, я не збіраюся здацца вам лепшым, чым я ёсць на самай справе, або разжаліць вас гісторыяй няшчаснага кахання. Спачатку я не думаў пра гэта шмат... Вы ўбачыце, што я кажу вам абсалютную праўду!.. Я працаваў... Былі ўсякія цяжкасці, пра іх трэба было думаць... Хіба што вечарамі на мяне находзіла настальгія... Здараліся і непрыемнасці... У кампаніі, якую я арганізаваў, справы ішлі няважна... Гэтак і праходзіў год за годам, то лепш, то горш, у чужой краіне... Там я змяніў прозвішча... Каб лепш было працаваць, прыняў нарвежскае падданства... Калі-нікалі ў гасцях у мяне бывалі афіцэры з французскіх суднаў, вось ад іх я і даведаўся, што ў мяне ёсць сын... Я сумняваўся, але параўнаў даты — і зразумеў, што гэта праўда!.. Напісаў у роспачы Эрнэсту... Умольваў дазволіць вярнуцца ў Францыю, хоць на некалькі дзён... Ён адказаў тэлеграмаю: «Арышт пры перасячэнні мяжы». Ішоў час. Я стаў апантана рабіць грошы... Гэта нецікава расказваць... Толькі вось у душы ўсё роўна як пустэча была... У Трамсё — тры месяцы палярная ноч... І тады настальгія па радзіме проста з'ядала мяне... Каб падмануць самога сябе, я паставіў мэту: стаць такім жа багатым, як і стрыечны брат. І вось я дайшоў гэтай мэты. Разбагацеў на трасковай ікры. Але адчуў сябе сама няшчасным чалавекам на свеце... Тады я раптам вярнуўся ў Францыю. Вырашыў дзейнічаць... Але, праз пятнаццаць гадоў!.. Бадзяўся тут... бачыў сына на пляжы... Элен, здалёк... Ніяк не разумею, як я мог дагэтуль жыць без сына... Ці разумееце вы гэта?.. Купіў судна... Калі б я дзейнічаў адкрыта, Эрнэст не задумваючыся засадзіў бы мяне ў турму... У яго заставаліся доказы!.. Вы бачылі маіх маракоў — добрыя людзі, нягледзячы на іх выгляд... Разлічылі ўсё... У той вечар Эрнэст быў дома адзін з хлопчыкам... Для большай надзейнасці, каб выкарыстаць усе шанцы, я папрасіў дапамогі ў капітана Жарыса, з якім пазнаёміўся ў Нарвегіі, калі ён яшчэ плаваў... Капітан ведаў Эрнэста, і мы дамовіліся, што ён наведае яго, прыдумаўшы якую-небудзь прычыну, а пакуль яны будуць гаварыць, Вялікі Луі паможа мне выкрасці сына... Але скончылася ўсё гэта драмаю... Жарыс гаварыў з Эрнэстам у кабінеце... Мы ўвайшлі праз заднія дзверы, але, як назло, я зачапіў у калідоры швабру, што стаяла каля сцяны... Швабра ўпала... Эрнэст пачуў шум. Ён вырашыў, што яго хочуць абрабаваць, і выхапіў з сакрэтніка рэвальвер... Што было далей?.. Цяжка і расказаць... Нейкае насланнё... Жарыс выскачыў у калідор услед за Эрнэстам... Святла там не было... Стрэл... І трэба ж было так здарыцца, што куля трапіла ў Жарыса!.. Я ледзь не звар'яцеў з адчаю... Баяўся скандалу, асабліва перажываў за Элен... Ну хіба ж мог я расказаць усю гэтую гісторыю паліцыі?.. Разам з Вялікім Луі я перанёс Жарыса на борт «Сэн-Мішэля»... Капітану была неабходная медыцынская дапамога... Мы пайшлі ў Ангельшчыну, куды дабраліся праз некалькі гадзін... Але без пашпартоў нас на бераг не пускалі... Паліцыя была пільная: строгі кантроль па ўсім узбярэжжы... Калісьці я займаўся трохі медыцынай... Зрабіў сёе-тое, каб памагчы Жарысу, але гэтага было мала... Тады ўзялі курс на Галандыю... Там раненага трэпанавалі, але не маглі трымаць яго больш у клініцы, не паведаміўшы ўладам... Жахлівае падарожжа!.. Вы ўяўляеце нас на борце судна з чалавекам, які памірае?.. Трэба было сама меней месяц лячыць чалавека, даглядаць яго... Я хацеў быў весці шхуну ў Нарвегію. Але рабіць гэта не прыйшлося, бо выпадак звёў нас з капітанам аднаго судна, якое ішло на Лафатэнскія астравы... Я ўзяў Жарыса з сабою на борт... На моры мы былі ў большай небяспецы, чым на сушы... У маім доме ён правёў восем сутак. Але суседзі зацікавіліся таямнічым госцем... Трэба было зноў некуды рушыць... Капенгаген... Гамбург... Жарыс адчуваў сябе лепш... Рана зацягнулася, але ён страціў пры гэтым і памяць, і здольнасць гаварыць... Ну што я мог зрабіць, скажыце?.. Мне здавалася, што дома, у прывычнай атмасферы, ён ачуняе хутчэй, чым бадзяючыся па свеце... Я вырашыў хоць бы забяспечыць яго матэрыяльна і паслаў на яго імя ў банк трыста тысяч франкаў... Але як памагчы яму дабрацца дадому?.. Вярнуцца сюды з ім я сам не мог, бо вельмі многім рызыкаваў бы... А калі пераправіць яго ў Парыж, падумалася мне, дык ён абавязкова трапіць у паліцыю, дзе яго ўрэшце апазнаюць і завязуць дамоў... Так і здарылася... Толькі аднаго я не мог прадугледзець: што стрыечны брат, які дрыжаў ад страху пры адной думцы пра тое, што Жарыс можа яго выдаць, гнюсна атруціць капітана... Гэта ж ён падсыпаў стрыхнін у шклянку з вадою... Дастаткова было ўвайсці ў дом з чорнага ўвахода, па дарозе на паляванне...

— І прадоўжылі барацьбу? — паволі сказаў Мэгрэ.

— Інакш я і не мог! Я хацеў, каб мой сын быў са мною! Толькі Эрнэст наглядаў за ім пільна. Хлопчык вярнуўся ў свой калеж, адкуль мне б яго не аддалі...

Мэгрэ ведаў усё гэта. Але цяпер ён лепш разумеў тую нябачную барацьбу, якая пачалася паміж стрыечнымі братамі.

Барацьбу не толькі паміж імі двума, але і супраць яго, Мэгрэ!

Нельга было дапусціць, каб у гэтую гісторыю ўмяшалася паліцыя! Ні адзін, ні другі не мог сказаць праўду!

— Я прыйшоў сюды на «Сэн-Мішэлі»...

— Ведаю! І вы паслалі Вялікага Луі да мэра...

Раймон міжволі ўсміхнуўся — камісар расказваў за яго.

— Раз'юшаны Луі спагнаў на ім усю сваю злосць за ўсё тое, што яму прыйшлося зведаць у жыцці... І ён мог лупцаваць мэра, не баючыся, што той пакліча на дапамогу... Вось і адвёў душу!..Урэшце ён вымусіў яго напісаць ліст, у якім дазваляў вам забраць хлопчыка з калежа...

— Але... Я хаваўся за вілаю, а ваш калега вісеў у мяне літаральна на пятах... Вялікі Луі пакінуў ліст у дамоўленым месцы, а я перахітрыў вашага памочніка... Узяў ровар... У Кане купіў машыну... Трэба было спяшацца... Пакуль я ехаў забіраць сына, Луі заставаўся ў мэра, каб не даць яму адмяніць якім-небудзь чынам тое, што ён напісаў у лісце... Дарэмна, бо Эрнэст паспеў ужо выправіць па дзіця Элен... Вы загадалі затрымаць мяне... Барацьба скончылася... Яе немагчыма было працягваць: вы ж так упарта імкнуліся дакапацца да праўды... Заставалася толькі ўцячы... Калі б мы засталіся, вы б непазбежна ўсё разгадалі... Адсюль і падзеі апошняй ночы... Але няўдачы не адставалі ад нас... Шхуна села на мель... Мы з вялікай цяжкасцю дабраліся да берага, а я згубіў пры гэтым на наша няшчасце кашалёк... Без грошай!.. І жандары на хвасце!.. Заставалася адно: тэлефанаваць Элен і прасіць у яе некалькі тысяч франкаў, каб мы маглі дабрацца ўчацвярых да мяжы... У Нарвегіі я мог бы аплаціць сябрам усё, што яны страцілі праз мяне... Элен прыехала адразу ж... Але і вы таксама! Вы ўвесь час паўставалі на нашай дарозе. Упарта дамагаліся разгадаць праўду, а мы вам нічога не маглі сказаць. Не мог жа я крыкнуць вам, што праз вас могуць здарыцца новыя няшчасці!..

Раптам у вачах у яго прамільгнула трывога. Перамяніўшы голас, ён спытаў:

— Скажыце, Эрнэст напраўду скончыў жыццё самагубствам?

А што, калі яго падманулі, каб прымусіць гаварыць?

— Калі зразумеў, што праўды не схаваць... А ўцяміў ён гэта, калі я арыштаваў вас... Ён здагадаўся, што я пайшоў на арышт толькі дзеля таго, каб даць яму час падумаць...

Дайшоўшы да пірса, яны спыніліся. Перад імі паволі праходзіў «Сэн-Мішэль». З гордасцю круцячы штурвалам, шхуну вёў нейкі стары рыбак.

Тут нехта падбег да натоўпу на пірсе, адштурхнуў аднаго, другога і ўскочыў на палубу шхуны.

Вялікі Луі!

Ён уцёк ад жандараў, сарваў кайданкі! Адштурхнуўшы рыбака, Луі схапіў руль у свае рукі.

— Цішэй, няхай на вас!.. Шхуну загубіце! — з усяе сілы крыкнуў ён матросам з буксіра.

— А астатнія двое? — спытаўся Мэгрэ ў Раймона.

— Сёння раніцай вы былі за метр ад іх. Яны абодва схаваліся ў пуні ў старой сялянкі...

Люка, прадзіраючыся праз натоўп, набліжаўся да Мэгрэ. На твары ў яго было здзіўленне: не чакаў ён убачыць тут побач з камісарам Марціно.

— Вы ведаеце, мы іх узялі!..

— Каго?

— Ланэка і Сэлестэна...

— Яны тут?

— Жандары з Дзіў толькі што даставілі.

— Ну, дык скажы, каб іх выпусцілі. І няхай абодва ідуць у порт...

Насупраць іх бачны быў дом капітана Жарыса і сад, у якім у начную буру зляцелі з ружаў апошнія пялёсткі. За фіранкаю — постаць Жулі. Убачыўшы на палубе брата, яна не паверыла вачам.

Каля шлюза партавікі сабраліся вакол капітана Дэлькура.

— Ну і намучыўся ж я праз іх цьмяныя адказы! — уздыхнуў Мэгрэ, кіўнуўшы на маракоў.

Раймон усміхнуўся:

— Гэта ж маракі!

— Я ўжо ведаю, што гэта за людзі. Не любяць яны, калі сухапутныя тыпы, як я, лезуць у іх справы!

Пальцам ён умінаў тытунь у сваёй люльцы. Запаліўшы, спытаўся:

— Што ім сказаць?..

Эрнэст Гранмэзон быў мёртвы. Ці трэба казаць гэтым людзям, што забойца — ён?

— Можна было б, — пачаў быў Раймон...

— Не ведаю! Скажу, відаць, што нейкая даўняя гісторыя. Адзін замежны марак адпомсціў і ўцёк...

Маракі з буксіра паволі ішлі ў шынок і знакамі клікалі шлюзаўшчыкоў.

А Вялікі Луі імкліва крочыў то ўзад, то ўперад па шхуне, абмацваючы ўсё, што траплялася пад руку, — гледзячы на яго, камісар міжволі прыгадаў сабаку, які, вярнуўшыся дадому, радасны, хоча пераканацца, што ўсё на месцы і не змянілася...

— Гэй! — крыкнуў яму Мэгрэ.

Матрос аж падскочыў. Але падысці да камісара ці пакінуць шхуну ён не рашаўся. А калі ўбачыў раптам, што Раймон на волі, здзівіўся не менш за Люка:

— Як гэта?..

— Калі «Сэн-Мішэль» зможа выйсці ў мора?

— Хоць зараз! Усё ў поўным парадку! Цуд, а не судна, клянуся!..

Луі дапытліва глядзеў на Раймона. Той вымавіў:

— У такім выпадку прагуляйся на шхуне з Ланэкам і Сэлестэнам...

— Яны тут?

— Зараз прыйдуць... Некалькі тыдняў марской прагулкі... Далей адсюль... Каб пра «Сэн-Мішэль» тут ужо болей не гаварылі...

— Я мог бы прыхапіць з сабою і сястру — займалася б кухняю... Ведаеце, Жулі не з палахлівых...

І ўсё ж такі яму было няёмка перад Мэгрэ. Перад вачыма стаялі падзеі апошняй ночы. І ён яшчэ не ведаў, ці можна ўсміхнуцца, маючы іх на ўвазе.

— Вы хоць не прастудзіліся?

Яны стаялі на краі шлюза, і Мэгрэ адным штуршком адправіў матроса ў ваду.

— Здаецца, мой цягнік адыходзіць у шэсць, — сказаў пасля камісар. Аднак ён не рашаўся пайсці. Глядзеў вакол сябе з сумам: гэты маленькі порт стаў яму дарагі. Усё ж такі цяпер яму былі знаёмыя ўсе яго закуткі... І ў якое толькі надвор'е не давялося яму пабываць ці не ў кожным з іх: і пад слабым яшчэ ранішнім сонцам, і ў буру, і ў дождж, і ў непраглядны туман...

— Вы едзеце ў Кан? — спытаўся Мэгрэ ў Раймона, які ўсё яшчэ стаяў каля яго.

— Не адразу. Думаю, так будзе лепш... Трэба, каб прайшоў нейкі час...

— Час, — скончыў за яго Мэгрэ.

Калі праз чвэрць гадзіны вярнуўся Люка і спытаў, дзе Мэгрэ, яму паказалі на «Марацкі прытулак», дзе ўжо гарэла святло.

Праз запацелыя вокны шынка інспектар угледзеўся ў камісара...

Той сядзеў, ёмка ўладкаваўшыся на саламяным крэсле, з люлькаю ў зубах і кухлем піва ў руках, і слухаў розныя гісторыі, якія расказвалі вакол яго людзі ў марскіх фуражках і гумавых ботах...

 

У цягніку, гадзін каля дзесяці вечара, Мэгрэ ўздыхнуў.

— Мусіць, сядзяць цяпер усе трое ў кубрыку ў цяпле...

— У якім кубрыку? — спытаўся Люка.

— На «Сэн-Мішэлі»... На зрэзаным стале — лямпа, цяжкія шклянкі і бутэлька галандскага джыну... Печ патрэсквае... Дай мне запалкі!..



Пераклад: Алесь Асташонак

Беларуская Палічка: http://knihi.com