epub
 
падключыць
слоўнікі

100 беларускіх кніг XX стагодзьдзя

Аўтарскія выданьні і творы
Калектыўныя выданьні і творы
Аўтары найлепшых беларускіх кніг у XX стагодзьдзі


Бывай, XX стагодзьдзе. Мы сыходзім. Мы пакідаем гэты пыльна-фіялетавы Аўганістан у руінах. Мы яшчэ доўга будзем згадваць цябе, XX стагодзьдзе. Твае рэвалюцыі ды войны, курапаты, хатыні, чарнобылі. А што сьветлага - дык хіба нешта асабістае, кожнаму сваё, з маленства. Сьветла заўсёды наперадзе. Бо мы сыходзім фатальна і незваротна. Мы сыходзім і гасім за сабою сьвятло.

Для Беларусі гэта было літаратурнае стагодзьдзе. Нацыя, Паэзія і Камуна нараджаліся ўвадначасьсе, і староньняму назіральніку часьцяком не ўдавалася адрозьніць іх паміжсобку. Што ўжо казаць пра саміх народжаных! Нацыя паэтаў і нацыя бальшавікоў стварала сябе, абвяшчала пра сябе сьвету і забівала сябе. Літаратура нараджалася і гінула. Тысячы людзей, што ўсьвядомілі сябе беларусамі, браліся за краснае пісьменства з усім сваім энтузіязмам і гінулі ад юначае безагляднасьці і неабачлівасьці. Нараджэньне і сьмерць ішлі тут побач. Нацыя напоўніцу перажыла гэтае стагодзьдзе празь літаратуру, літаратура напоўніцу адлюстравала нацыянальны лёс. Ніводзін іншы від творчасьці гэтак поўна і сыстэмна ня выказаў Беларусь у XX ст. І ніводзін за гэтае стагодзьдзе ня склаўся ў такі самадастатковы малюнак, як гэта адбылося зь літаратурай.

Архітэктура толькі бліснула некалькімі помнікамі канструктывізму, надзвычай кволымі пошукамі нацыянальнага стылю, татальнай забудовай савецкіх хрушчовак ды панэльных брэжневак і беспрэцэдэнтным вынішчэньнем помнікаў мінулых эпохаў. Абсалютна эклектычная і фрагмэнтарная атрымалася карціна. Уявіць сабе цэльную гісторыю беларускай архітэктуры XX ст. немагчыма. У параўнаньні з папярэднімі эпохамі - поўны заняпад. Падобным чынам выглядае і выяўленчае мастацтва. Віцебская школа 20-х, маляваныя дываны Алены Кіш, прыход цэлае плоймы графікаў у 70-я - зьявы, нічым міжсобку не зьвязаныя. Музыка праз усё стагодзьдзе раскраплёная песьнямі, у якіх яна жанрава чаплялася за тое самае прыгожае пісьменства, за літаратуру. Літаратурнае стагодзьдзе ўспрымаецца як выдумка, фікцыя, у якую здаровы розум часьцяком адмаўляецца верыць.

Чатыры гады таму «Наша Ніва» надрукавала сьпіс ста найлепшых кніжак XX ст. Той сьпіс быў складзены супрацоўнікамі Нью-Ёрскай Публічнай Бібліятэкі і ахопліваў кнігі з усяго сьвету і ўсіх сфэраў жыцьця чалавецтва. У канцы сьпісу рэдакцыя прапанавала чытачам стварыць свой сьпіс - ста найлепшых беларускіх кніг XX ст. І вось за прамінулы час атрымалі мноства лістоў з прапановамі. Хто пару-тройку кніжак называў, а хто і ўсе сто. Пэрыядычна на старонках «НН» друкаваліся прамежкавыя падлікі - сьпісы самых папулярных кніг. А ўсе ўвогуле прапановы заносіліся ў агульны рэдакцыйны сьпіс. На сёньняшні дзень гэты агульны сьпіс уключае 1000 назваў. Ці магло штосьці зь неаспрэчных каштоўнасьцяў туды не патрапіць? Верагодна, не. Бо пісалі людзі самых розных узростаў, адрасоў і прыхільнасьцяў. Колькі ўсяго было выдадзена беларускіх кніг у XX ст.? Напэўна, тысячаў сто. Выбраўшы зь іх сто найлепшых, «Наша Ніва» паставіла мэту сфармаваць унівэрсальную бібліятэку беларускай цывілізацыі і новую, постсавецкую гіерархію нацыянальных культурных аўтарытэтаў. Што ў выніку атрымалася?

Каб адразу зьняць папрокі і зразумець «недарэчнасьці», трэба мець на ўвазе, што гэта - вынік апытаньня не спэцыялістаў альбо ўсіх наагул, а менавіта чытачоў «Нашай Нівы». Натуральна, гэта аўдыторыя людзей, далучаных да таемстваў беларушчыны. Самі матывацыі адбору - зусім розныя. Найчасьцей гэта - знакавыя кнігі. Сапраўды, як можа выглядаць такі сьпіс без Купалы і Коласа? Нават калі ў вас не ўзьнікае патрэбы зьвяртацца да іхных твораў. Другі матыў - гэта ўсё адно як адкладаньне тых кніг, якія хацелася б прачытаць. Сапраўды, калі кіравацца матывам - што б я ўзяў з сабой у космас, дык, натуральна, узяў бы найперш ня тое, што перачытваць, а тое, чаго яшчэ не чытаў. Яшчэ адзін матыў - інтарэсы наступных пакаленьняў - кнігі, якія павінны прачытаць дзеці. Альбо яшчэ - чытаў некалі, пра што - ня помню, але нечым добрым запомнілася. Ну і мноства драбнейшых матываў - што згадваецца са школьнай праграмы, ці вось такі - скласьці сьпіс з малавядомых, але безумоўна вартых кніг. Словам, матывацыяў мноства, і гэта дазваляе лічыць нашаніўскі рэйтынг дастаткова аб'ектыўным. Хоць ён і шмат у чым не супадае з афіцыйнай, выпрацаванай за савецкім часам гіерархіяй. Зрэшты, тут спрацоўвае галоўны нашаніўскі прынцып, які можна акрэсьліць адным словам - дэкамунізацыя. Так ці інакш, газэта не прэтэндуе на поўную аб'ектыўнасьць свайго праекту - хутчэй гэта сукупнасьць суб'ектыўнасьцяў.

Паэт стагодзьдзя ў Беларусі - зь вялікім адрывам ад іншых - Максім Багдановіч. Менавіта яму належыць і беларуская кніга стагодзьдзя - «Вянок» - тая, што выйшла ў 1913 г. Яе чытачы «НН» назвалі 59 разоў, і гэта максымальная лічба. Цікава, што Багдановіч амаль усё сьведамае жыцьцё пражыў па-за Беларусяй і мову вывучаў з кніг. І пражыў усяго 26 гадоў. Нават партрэта нармальнага не засталося - адно прыдуманыя. І разам з тым няма ніякага ўяўленьня, што б ён рабіў, калі б не памёр напярэдадні рэвалюцыі ў 17-м. Настолькі, здаецца, поўна і прыгожа выказаўся, а новая рэальнасьць магла запатрабаваць ад яго такіх песень, што загасілі б увесь папярэдні эстэтычны подзьвіг любімага паэта нацыі. Раньняя сьмерць зрабіла так, што ягоны талент дастаўся нам нерастрачаны. Міжволі думаеш, як усё ж доўгае творчае жыцьцё можа зьнівэляваць уражаньне ад шэдэўраў, напісаных у маладосьці. Згадваюцца словы Альбэра Камю: мы задоўга жывем. Альбо прыклад Сэлінджэра, які сьвядома перастаў займацца літаратурай, як толькі адчуў, што, кажучы словамі Глёбуса, паэзія пакінула яго. Што праўда, кароткі век - зусім не для ўсіх творцаў закон. Жыў бы далей Караткевіч, мелі б мы яшчэ тузін выдатных ягоных кніг.

Уладзімір Караткевіч - пісьменьнік стагодзьдзя, ён па-за канкурэнцыяй. Чытачы «НН» называлі ягоныя кнігі 277 разоў, а ягонае «Дзікае паляваньне караля Стаха» - самая любімая пасьля Багдановічавага «Вянка» беларуская кніга.

Трэцяя постаць у нашаніўскім рэйтынгу - Васіль Быкаў. Яго згадвалі 209 разоў. Гэта, так бы мовіць, вяршыні, неаспрэчныя каштоўнасьці. Да прыкладу, кнігі наступнага ў рэйтынгу - Янкі Купалы - называліся 129 разоў.

Лідэрства Багдановіча і Караткевіча разьмяшчаецца па-за савецкай ідэалёгіяй. Першы ўсё напісаў яшчэ да камунізму, другі - на выхадзе з камунізму. Гэта значыць, што аплодненая камунай нацыянальная ідэя не дала ў выніку пазачасавых шэдэўраў.

Заходнебеларускія аўтары ў пасьляваенны час ня надта ганараваліся ў школьных праграмах. Укарэньваўся стэрэатып, што цэнтрам культуры ў міжваенны пэрыяд быў Менск, а заходнебеларускія творцы - нібы маргінальныя, не зусім правільныя. Ажно за апошняе дзесяцігодзьдзе стала зразумела, што гэта ня так. І нашаніўскі кніжны рэйтынг пацьвярджае гэта.

1920 год пазначаны «Гісторыяй беларускай літаратуры» Гарэцкага, а наступны, 21-шы - брашуркай «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча. Абодва творцы - віленскія. У 22-м выходзяць апошні том «Беларусаў» Карскага і «Спадчына» Янкі Купалы. Менскія выданьні. Далей заходнія і ўсходнія кніжкі чаргуюцца. Напрыклад, у 27-м выходзяць «Байкі» Крапівы ў Менску і «Пад сінім небам» Арсеньневай у Вільні. У самы разгар бальшавіцкіх рэпрэсіяў супраць беларускай інтэлігенцыі карціна выглядае так: у 35-м у Менску - «Трэцяе пакаленьне» Кузьмы Чорнага, у 36-м у Вільні - «На этапах» Максіма Танка. 37-мы пазначаны дзьвюма кнігамі: менскім «Міколкам-паравозам» Лынькова і віленскай кніжкай «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча. У 38-м - пуста, а ў 39-м - крапівоўская п'еса «Хто сьмяецца апошнім». Сымбалічная назва. Пасьмяяліся... Кандрат Крапіва, монстар тагачаснай беларускай савецкай літаратуры, удзельнічаў у так званым «вызваленчым паходзе савецкай арміі ў Заходнюю Беларусь». Ведаючы нядобры кантэкст часу, гэты радок у біяграфіі Крапівы ўспрымаеш як паездку на сафары.

Мінулая вайна прадстаўленая ў рэйтынгу ўсяго дзьвюма кніжкамі - зусім ня тых аўтараў, якія выпускалі газэту «Раздавім фашысцкую гадзіну». Час усё расстаўляе на свае месцы, і важнейшым робіцца не савецкае або фашыстоўскае, а тое, дзе галоўны матыў творчасьці - беларушчына, яе суб'ектнае самавыяўленьне. Чытачы назвалі зборнік Ларысы Геніюш «Ад родных ніў», які выйшаў у Празе, і кнігу «Беларусь учора і сяньня», пазначаную акупаваным немцамі Менскам. Далей гэтая галіна беларускай літаратуры цалкам выцясьняецца на эміграцыю ідэалягізаванай савецкай літаратурай.

Пасьляваенны пэрыяд пазначаны панаваньнем менскіх пісьменьнікаў. Але нашаніўскі рэйтынг і тут уносіць карэктывы ў нашыя ўчорашнія школьнапраграмныя стэрэатыпы. На ўсе 50-я гады - толькі дзьве кнігі - «На ростанях» Якуба Коласа і эмігранцкая «Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман» Юркі Віцьбіча. Сапраўдная хваля літаратуры пачынаецца ў часы хрушчоўскае адлігі. Мележ, Брыль, Быкаў, Караткевіч пануюць у 60-я - 70-я - 80-я гады. Паступова да іх далучаюцца іншыя творцы, пераважае гістарычная тэматыка. Цікава, што не засталіся незаўважанымі і эмігранцкія кнігі Янкі Станкевіча, Аўгена Калубовіча, Вітаўта Кіпеля, Кастуся Акулы і кнігі беларусаў у Польшчы - Туронка і Гайдука. Пэўны фэномэн нашаніўскага сьпісу - выданьні Вітаўта Чаропкі. Іх паміж ста кніг XX ст. ажно чатыры. Асабіста я вытлумачыў бы гэткую папулярнасьць ня вельмі дасканалых твораў непераборлівасьцю чытача ў часе страшэннага голаду на гістарычную літаратуру, а таксама - тугою па Караткевічу.

Камуна, што так зраслася была з нацыянальным адраджэньнем і зь беларускай літаратурай у XX ст., верагодна, будзе цяпер паступова і няўхільна забывацца. Няма ў нашаніўскім рэйтынгу кніг Броўкі, Куляшова, Макаёнка ды некаторых іншых народна-партыйных песьняроў. У іхнай адсутнасьці, бадай, адна прычына. Іхны аўтарытэт быў створаны савецкай ідэалёгіяй, бо - служылі гэтай ідэалёгіі. Але ж ідэалёгіі мінаюць, і застаецца толькі тое, што служыць вечным каштоўнасьцям, сярод якіх і пачуцьцё свае нацыі, саматоеснасьць.

Завяршае XX ст. у кніжным рэйтынгу «НН» кніга, пазначаная 1999-м годам і сэрыяй «Беларускі кнігазбор». На вокладцы прозьвішча - Кастусь Каліноўскі… Быццам і не было гэтага стагодзьдзя, руіны якога праз пару тыдняў застануцца ў нас за сьпінай. А тое, што было, і тое, што мы забіраем з сабою ў будучыню, - быццам гэтаму XX ст. і не належыць. Верагодна, яно належыць вечнасьці, а мінулае стагодзьдзе адбілася на ім адно заложнаю, татальнай перашкодай - нараджацца, разьвівацца і тварыць. Верагодна, так было зь лепшымі беларускімі кнігамі, так было і з найлепшымі беларускімі людзьмі, з нацыяй у цэлым. Ня так шмат нам пакінулі мінулыя войны і закалаты, а найперш - эпідэмія камунізму, якая каго панішчыла, а каго паперакручвала на самыя вычварныя лады.

Бывай, XX стагодзьдзе. Мы сыходзім. Сьветла заўсёды наперадзе. Сьветлае ззаду пакідаецца тады, калі маеш намер вярнуцца. А мы сыходзім фатальна і незваротна. Бо інакш не бывае. Мы сыходзім і гасім за сабою сьвятло.

 

Сяргей Дубавец

 

Аўтарскія выданьні і творы

У дужках - колькасьць галасоў, пададзеных за кнігу.

 

1906

Цётка. Скрыпка беларуская (9)

Цётка. Хрэст на свабоду (17)

 

1908

Янка Купала. Жалейка (27)

 

1910

Вацлаў Ластоўскі. Кароткая гісторыя Беларусі (32)

 

1913

Максім Багдановіч. Вянок (59)

 

1914

Максім Гарэцкі. Рунь (25)

 

1918

Алесь Гарун. Матчын дар (18)

Браніслаў Тарашкевіч. Беларуская граматыка для школ (33)

 

1919

Максім Гарэцкі. Дзьве душы (18)

Усевалад Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі (31)

Аркадзь Смоліч. Геаграфія Беларусі (30)

 

1920

Максім Гарэцкі. Гісторыя беларускай літаратуры (16)

 

1921

Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам (14)

 

1922

Яўхім Карскі. Беларусы (16)

Янка Купала. Спадчына, 1922-1955 (37)

 

1923

Якуб Колас. Новая Зямля (47)

 

1924

Янка Купала. Тутэйшыя (17)

Вацлаў Ластоўскі. Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік (21)

 

1925

Якуб Колас. Сымон-музыка (25)

Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. Беларуска-расійскі слоўнік (8)

 

1926

Максім Гарэцкі. На імпэрыялістычнай вайне (9)

Мітрафан Доўнар-Запольскі. Гісторыя Беларусі (16)

Вацлаў Ластоўскі. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі (18)

 

1927

Натальля Арсеньнева. Пад сінім небам (28)

Кандрат Крапіва. Байкі (9)

 

1928

Мікола Шчакаціхін. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва (9)

 

1929

А.Мрый. Запіскі Самсона Самасуя (15)

Адам Станкевіч. Родная мова ў сьвятынях (11)

Аляксандар Цьвікевіч. «Западно-руссизм» (14)

 

1930

Янка Маўр. Палескія рабінзоны (29)

 

1935

Кузьма Чорны. Трэцяе пакаленьне (9)

 

1936

Максім Танк. На этапах (9)

 

1937

Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ (28)

Міхась Лынькоў. Міколка-паравоз (9)

 

1939

Кандрат Крапіва. Хто сьмяецца апошнім (8)

 

1942

Ларыса Геніюш. Ад родных ніў (20)

 

1944

Язэп Найдзюк і Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня (16)

 

1955

Якуб Колас. На ростанях (31)

 

1956

Юрка Віцьбіч. Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман (19)

 

1962

Іван Мележ. Людзі на балоце (36)

 

1964

Янка Брыль. Птушкі і гнёзды (9)

Васіль Быкаў. Альпійская баляда (26)

Уладзімір Караткевіч. Дзікае паляваньне караля Стаха (56)

 

1966

Максім Гарэцкі. Камароўская кроніка (8)

 

1968

Уладзімір Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім (51)

 

1970

Васіль Быкаў. Сотнікаў (33)

 

1972

Уладзімір Караткевіч. Хрыстос прызямліўся ў Гародні (33)

 

1975

Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калесьнік. Я з вогненнай вёскі (14)

Вядзьмак Лысагорскі. Сказ пра Лысую гару (12)

 

1977

Уладзімір Караткевіч. Зямля пад белымі крыламі (28)

 

1978

Вячаслаў Адамчык. Чужая Бацькаўшчына (12)

Уладзімір Караткевіч. Зь вякоў мінулых (11)

 

1979

Ніл Гілевіч. У добрай згодзе (8)

 

1981

Алесь Адамовіч. Карнікі (8)

Міхась Раманюк. Беларускае народнае адзеньне (8)

 

1982

Васіль Быкаў. Знак бяды (46)

Уладзімір Караткевіч. Нельга забыць (16)

Адам Мальдзіс. Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры XVIII стагодзьдзя (8)

Алесь Салавей. Нятускная краса (8)

 

1983

Уладзімір Караткевіч. Чорны замак Альшанскі (42)

 

1984

Кастусь Тарасаў. Памяць пра легенды (28)

 

1985

Сьвятлана Алексіевіч. У вайны не жаночае аблічча (17)

Ніл Гілевіч. Родныя дзеці (20)

 

1986

Кастусь Тарасаў. Пагоня на Грунвальд (18)

 

1987

Васіль Быкаў. У тумане (9)

Леанід Дайнека. Меч князя Вячкі (17)

Уладзімір Караткевіч. Вершы (27)

Міхась Стральцоў. Выбранае (17)

Міхась Ткачоў. Замкі Беларусі (18)

 

1988

Леанід Дайнека. Сьлед ваўкалака (17)

Алесь Разанаў. Вастрыё стралы (17)

Анатоль Сыс. Пан Лес (10)

 

1989

Васіль Быкаў. Аблава (16)

Мікола Ермаловіч. Па сьлядах аднаго міту (26)

Сяржук Сокалаў-Воюш. Кроў на сумётах (10)

Анатоль Цітоў. Гарадзкая геральдыка Беларусі (8)

 

1990

Сьвятлана Алексіевіч. Цынкавыя хлопчыкі (9)

Ларыса Геніюш. Споведзь (36)

Мікола Ермаловіч. Старажытная Беларусь (42)

Ян Станкевіч. Беларуска-расійскі (вялікалітоўска-расійскі) слоўнік (9)

 

1991

Вітаўт Чаропка. Храм бяз Бога (11)

 

1993

Аўген Калубовіч. Крокі гісторыі (16)

Вітаўт Кіпель. Беларусы ў ЗША (16)

Янка Купала. Жыве Беларусь (11)

Юры Туронак. Беларусь пад нямецкай акупацыяй (25)

Мікола Гайдук. Паратунак (9)

 

1994

Кастусь Акула. Змагарныя дарогі (19)

Уладзімір Арлоў. Таямніцы полацкай гісторыі (30)

Язэп Лёсік. Творы (10)

Леанід Пранчак. Беларуская Амэрыка (8)

Вітаўт Чаропка. Імя ў летапісе (32)

Яўген Сямашка. Армія Краёва на Беларусі (14)

 

1995

Рыгор Барадулін. Эвангельле ад мамы (10)

Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна (40)

 

1996

Вітаўт Чаропка. Уладары Вялікага княства (15)

Вітаўт Чаропка. Перамога ценю (9)

 

1998

Васіль Быкаў. Сьцяна (26)

Уладзімір Жылка. Выбраныя творы (Беларускі кнігазбор) (19)

 

1999

Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч. 10 вякоў беларускай гісторыі (8)

Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасьць (Беларускі кнігазбор) (12)

 

 

Калектыўныя выданьні і творы

У дужках - колькасьць галасоў, пададзеных за кнігу.

 

Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі (28)

Архітэктура Беларусі. Энцыкляпэдыя (20)

Мысьліцелі й асьветнікі Беларусі (20)

Беларусь. Энцыкляпэдычны даведнік (18)

Этнаграфія Беларусі. Энцыкляпэдыя (14)

Скарына. Энцыкляпэдыя (13)

Ілюстраваная храналёгія гісторыі Беларусі (12)

Статут 1588 году. Сучаснае выданьне (10)

Сто пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі (10)

Археалёгія і нумізматыка Беларусі. Энцыкляпэдыя (9)

Анталёгія беларускай паэзіі (у 3 т.) (8)

Менская вясна-1996 (8)

«Наша Ніва». Факсыміле (8)

Туга па радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі (8)

Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі (8)

Беларуская мова. Энцыкляпэдыя (7)

БелЭН (5)

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (у 5 т.) (5)

Тутэйшыя. Творчасьць сяброў таварыства (5)

ЭЛіМБел (5)

Беларускія пісьменьнікі. Даведнік (4)

Замовы. БНТ (4)

Легенды і паданьні. БНТ (4)

Лексычны атлас беларускіх народных гаворак (у 5 т.) (4)

Нарысы гісторыі Беларусі (4)

Сыны і пасынкі Беларусі (4)

Што трэба ведаць кожнаму беларусу, 1918 (4)

Беларускі праваслаўны малітоўнік (3)

Беларускія летапісы і кронікі (Беларускі кнігазбор) (3)

Гарт. Саюз Беларускіх Патрыётаў (3)

Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Т.1-15... (3)

Канстытуцыя РБ (1994) (3)

Кніга жыцьцяў і хаджэньняў (3)

Купала і яго час. Энцыкляпэдыя (3)

Пагоня ў сэрцы тваім і маім (3)

Памяці Івана Луцкевіча (3)

Этымалягічны слоўнік беларускай мовы (3)

Агледзіны. Зборнік вершаў беларускіх паэтаў (2)

Божым Шляхам. Малітоўнік (2)

Гісторыя беларускага мастацтва (у 6 т.) (2)

Дай божа знаць, з кім век векаваць. Беларуская народная варажба (2)

Земляробчы каляндар БНТ (2)

Круглы год. Хоку беларускіх паэтаў (2)

Курапаты (2)

Людзей слухай, а свой розум май. Казкі (2)

Ня сілай, а розумам. Беларускія народныя казкі (2)

Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі 1971/90 (2)

«Першацьвет адраджэньня» (2)

Першы беларускі каляндар «НН» на 1910 г. (2)

Працы Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (2)

Філаматы і філарэты (Беларускі кнігазбор) (2)

Энцыкляпэдыя сельскага гаспадара (2)

Беларуская народная творчасьць (2)

Ад шчырага сэрца (1)

Анталёгія беларускага апавяданьня. 2 тамы (1)

Атлас БССР, 1959, на беларускай мове (1)

Бацькаў дар. Беларускія гераічныя і фантастычныя казкі (1)

Беларуска-расейскі слоўнік, 1988 (1)

Беларуская думка XX ст. (1)

Беларуская навуковая тэрміналёгія (вып. 1-24) (1)

Беларуская савецкая энцыкляпэдыя (у 12 т.) (1)

Беларускі каляндар на 1913 г. (1)

Беларускі каляндар на 1933 г. (1)

Беларускі каляндар на 1992 г. (1)

Блакітная кніга Беларусі (1)

Бог гаворыць да сваіх дзетак. Біблейскія апавяданьні (1)

Геаграфічныя паняцьці і тэрміны. Энцыкляпэдычны слоўнік (1)

Дзень паэзіі'84 (1)

Дзіцячы фальклёр. БНТ (1)

Дыялектычны атлас беларускай мовы, 1963 (1)

Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі (1)

Жалобны фальклёр. БНТ (1)

Жарты, анэкдоты, гумарэскі. БНТ (1)

З гісторыяй на «Вы», 1994 (1)

Загадкі. БНТ (1)

Заклятае возера. Беларускія народныя казкі (1)

Збор помнікаў (у 6 т.) (1)

Зборнік «Наша Ніва», 1920 (1)

Казкі ў сучасных запісах. БНТ (1)

Кніга Беларусі. Даведнік (1)

Кроў кліча да помсты. Зборнік вершаў (1)

Крымінальнае права Беларусі (1)

Нам засталася спадчына. Кніга для дзяцей (1)

Наш Нёман (1)

Ніколі не забудзем (1)

Песьні пра каханьне. БНТ (1)

Песьняры Случчыны (1)

Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэньня (1)

Помнікі мэмуарнай літаратуры Беларусі ХVIII ст. (1)

Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны (1)

Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча (у 5 т.) (1)

Судовая мэдыцына. Падручнік (1)

Тазік Беларускі (1)

Тураўскі слоўнік (1)

Чарадзейныя казкі. БНТ (1)

Чарнобыль. Погляд празь дзесяцігодзьдзе (1)

4+4+4 (швэдзкая і беларуская паэзія) (1)

400-лецьце беларускага друку (1)

Юрыдычны энцыкляпэдычны слоўнік (1)

 

Аўтары найлепшых беларускіх кніг у XX стагодзьдзі

На падставе рэйтынгу ста беларускіх кніг у газэце «Наша Ніва». Лічба пасьля імя аўтара азначае, колькі разоў гэтае імя згадваецца ў рэйтынгу ста кніг. Калі лічбы няма - імя згадвалася аднойчы.

 

Абдзіраловіч Ігнат 14

Абрамчык Мікола

Адамовіч Алесь 34

Адамовіч Славамір 14

Адамчык Вячаслаў 19

Адамчык Міраслаў

Адважны Вінцук 4

Акінчыц Фабіян

Аколава Валянціна 2

Акудовіч Валянцін

Акула Кастусь 22

Акулін Эдуард

Александровіч Сьцяпан 6

Алексіевіч Сьвятлана 30

Аляхновіч Рагнеда

Аляхновіч Францішак 33

Андраюк Серафім

Антановіч Антон

Аркуш Алесь 2

Арлоў Уладзімір 71

Арочка Мікола 4

Арсеньнева Натальля 37

Арэшка Вацлаў 2

Асіноўскі Сьвятаслаў

Аўрамчык Мікола

Бабкоў Ігар 2

Багадзяж Мікола 3

Багданава Галіна

Багдановіч Максім 62

Багдановіч Янка 2

Байкоў Мікалай 8

Бандарчык Васіль

Баравікова Раіса 2

Барадулін Рыгор 24

Баразна Лявон 2

Бардовіч Марыя

Барскі Алесь

Барышаў Гуры 2

Баханькоў Арцём

Бачыла Алесь

Бельскі Алесь

Бельскі Ўладзімер

Бембель Алег 3

Бергман Аляксандра

Бірыла Мікалай

Бітэль Пятро 2

Бічэль-Загнетава Данута 2

Бобіч Ільдэфонс

Бондар Таіса 3

Броўка Пятрусь 4

Брыль Янка 36

Бугаёў Дзьмітры 2

Буйло Канстанцыя 8

Букчын Сямён

Булыка Аляксандр

Булыка Галіна

Бульба Альгерд

Бураўкін Генадзь

Бутрамееў Уладзімір 7

Быкаў Васіль 209

Бядуля Зьмітрок 16

Васілевіч Алена 2

Васілеўская А.

Васючэнка Пятро 2

Вашко Лявон

Верабей Анатоль 2

Верас Зоська

Весялкоўскі

Віж Мар'ян 6

Вініцкі Арсен 2

Вітан-Дубейкаўская Юліяна 4

Вітка Васіль 3

Віцьбіч Юрка 25

Вішнеўскі Мікола

Вольны Анатоль

Вольскі Віталь 4

Вольскі Лявон

Воўк-Левановіч Іосіф

Высоцкая Надзея 12

Вядзьмак Лысагорскі 18

Вялюгін Анатоль

Вярба Вера

Вярцінскі Анатоль 2

Вячорка Вінцук

Гайдук Мікола 10

Галавач Платон 3

Галубовіч Леанід 7

Гардзей Віктар

Гарошка Леў 4

Гартны Цішка 3

Гарун Алесь 21

Гарэлік Любоў

Гарэцкі Максім 88

Гарэцкі Радзім

Геніюш Ларыса 62

Геніюш Юрка

Гілевіч Ніл 45

Глёбус Адам 21

Гніламёдаў Уладзімір

Голубеў Валянцін

Грамадчанка Таіса

Грахоўскі Сяргей 10

Грыгор'еў Міхась 2

Грыцкевіч Анатоль

Грыцкевіч Валянцін 4

Гумянюк Юры 2

Гурло Алесь

Гуцаў Андрэй

Дайнека Леанід 41

Далідовіч Генрых 17

Дамашэвіч Уладзімір 4

Дзюбайла Павел 2

Дзядзька Квас

Доўнар-Запольскі Мітрафан 18

Драздовіч Язэп

Дранько-Майсюк Леанід 5

Дробаў Леанід 2

Дрозд-Быкоўскі Лявон

Дубавец Сяргей 10

Дубоўка Ўладзімер 15

Дубровіч Алесь

Дубянецкі Міхась

Дудар Алесь

Дудараў Аляксей

Дудзіцкі Ўладзімер 2

Емяльянчык Уладзімір 2

Ермаловіч Мікола 70

Ёрш Сяргей 2

Жаўрук Алесь

Жук Алесь 4

Жук-Грышкевіч Вінцэнт

Жук-Грышкевіч Раіса 2

Жучкевіч Вадзім 2

Жылка Ўладзімер 19

Завальнюк Уладыслаў

Законьнікаў Сяргей

Запруднік Ян 6

Зарэцкі Міхась 6

Звонак Алесь 2

Золак Янка

Зэкаў Анатоль

Зязюля Андрэй

Зянько Ўладзімер

Ігнатоўскі Ўсевалад 31

Ільляшэвіч Хведар

Іпатава Вольга 12

Кавыль Міхась

Каганец Карусь 5

Казлоў Анатоль 3

Казлоў Леў 3

Казьбярук Уладзімір

Казько Віктар 3

Калачынскі Міхась

Калесьнік Уладзімір 19

Калнін Валянцін

Калубовіч Аўген 19

Калюга Лукаш 3

Камоцкі Алесь

Канвіцкі Тадэвуш

Карамазаў Віктар

Караткевіч Уладзімір 277

Карпюк Аляксей 7

Карскі Яўхім 16

Касьцюк Міхась 2

Касяк Іван 17

Каўка Аляксей 6

Кацар Міхаіл 4

Кіпель Вітаўт 17

Кіпель Зора

Кіпель Яўхім 2

Кірвель Анатоль

Кісялёў Генадзь 12

Клышка Анатоль 4

Клышка Міхась 3

Кляшторны Тодар

Колас Якуб 120

Конан Уладзімір 2

Коршунаў Аляксандар

Коўтун Валянціна 4

Крапіва Кандрат 21

Краўцэвіч Алесь 3

Круталевіч Вадзім

Крывічанін Лявон

Кудравец Анатоль

Кузьміч Натальля

Кузьняцоў Ігар

Кулакоўскі Аляксей

Кульбак Майсей

Куляшоў Аркадзь 6

Купала Янка 129

Купрэеў Мікола 5

Кусянкоў Мікола 2

Кухаронак Тацяна

Кушаль Францішак 2

Лабынцаў Юры 2

Ладноў Яўген

Лазука Барыс

Ламека Леанід

Ласкоў Іван 2

Ластоўскі Вацлаў 81

Латышонак Алег

Левановіч Леанід

Лепешаў Іван

Лёсік Язэп 13

Ліпскі Ўладзімер 2

Ліс Арсень

Лобан Мікола

Лойка Алег 12

Лукашук Аляксандар 8

Лукша Валянцін

Луцкевіч Антон 8

Лучына Янка 6

Лынькоў Міхась 15

Лыч Леанід 5

Ляўкоў Ігар 2

Майсейчык Аляксей

Макаёнак Андрэй 7

Максімюк Ян 6

Малецкі Ян 2

Мальдзіс Адам 17

Маракоў Валеры 2

Мартыненка Вітаўт

Марціновіч Аркадзь 3

Марчук Георгі

Масарэнка Алесь 2

Масьляніцына Ірына 3

Матукоўскі Мікола 2

Маўр Янка 38

Мацкевіч Язэп

Машара Міхась

Мележ Іван 55

Мельнікаў Аляксей

Мельнікаў Андрэй

Міклашэўскі Яўген

Мікуліч Барыс 3

Мікуліч Мікола

Мінкін Алег 7

Міронаў Аляксандар

Міхневіч Арнольд

Міхнюк Уладзімір

Мішчанчук Мікалай 2

Мрый Андрэй 15

Мудроў Вінцэсь 2

Мяльгуй Анатоль

Мярляк Кастусь 2

Мясьнікоў Анатоль

Наварыч Алесь 2

Навіцкі Ўладзімер

Навічэнка Леанід

Навуменка Іван

Надсон Аляксандар

Найдзюк Язэп 16

Насевіч Вячаслаў 2

Наўроцкі Алесь 4

Некрашэвіч Сьцяпан 8

Неміроўскі Яўген

Ненадавец Аляксей

Нікалаеў Мікола 4

Нікольскі Мікалай

Новік-Пяюн Сяргей 6

Някляеў Уладзімір 2

Няфёд Уладзімір

Падокшын Сямён 3

Пазьняк Зянон 15

Палуян Сяргей 3

Пальчэўскі Алесь

Пануцэвіч Вацлаў 2

Панчанка Пімен 7

Пархута Яраслаў 2

Пацюпа Юрась 2

Петрашкевіч Алесь

Петручук Васіль 3

Пікарда Гай

Пічэта Ўладзімер

Пранчак Леанід 8

Праскураў Васіль

Процька Тацяна 2

Пташнікаў Іван 7

Пфляўмбаўм Яўгенія

Пушча Язэп 3

Пярловіч Самсон

Пяткевіч Аляксей

Пятровіч Барыс 4

Пятроўскі Ян

Рабкевіч Валянцін 3

Рагач П. (Юрка Станкевіч) 4

Рагойша Вячаслаў 3

Рагуля Барыс 2

Рагуля Васіль 3

Разанаў Алесь 37

Ракуць

Раманава Ларыса

Раманюк Міхась 8

Рапановіч Яўген

Рапэцкі Юрка 2

Рогалеў Аляксандар 2

Рубанаў Уладзіслаў 5

Русецкі Аляксей

Рыбак Алесь

Сабалеўскі Анатоль 2

Саверчанка Іван 7

Савік Лідзія

Савіцкі Алесь

Сагановіч Генадзь 49

Салавей Алесь 10

Салагуб Алесь

Саламаха Ўладзімер

Самойла Ўладзімер

Санько Зьміцер

Саньнікаў Алег

Сапач Тацяна 6

Сахута Яўген

Сачанка Барыс 10

Сваяк Казімер 5

Семашкевіч Рыгор

Семяновіч Антон

Сербантовіч Анатоль 7

Сергачоў

Сільнова Людка

Сіпакоў Янка 3

Сіўчык Уладзімір 2

Скобла Міхась

Скрыган Ян 2

Смоліч Аркадзь 30

Сокалаў-Воюш Сяржук 10

Ставер Алесь

Станкевіч Адам 16

Станкевіч Ян 20

Старычонак Зьміцер 3

Стральцоў Міхась 17

Суднік Міхась

Супрун Васіль 2

Сьцяпан Уладзімір 3

Сыс Анатоль 11

Сысоеў Уладзімір 2

Сыч Пётра

Сяднёў Масей 11

Сямашка Яўген 14

Сяркоў Іван 2

Танк Максім 19

Тарасаў Кастусь 40

Тарасаў Сяргей

Тарашкевіч Браніслаў 33

Таўлай Валянцін

Ткачоў Міхась 21

Трус Паўлюк 7

Тумаш Вітаўт 2

Туронак Юры 25

Улашчык Мікола 12

Уліцёнак Аляксандар 2

Урбан Павал 7

Усікаў Якуб

Федарэнка Андрэй 7

Хадыка Ўладзімер

Харэўскі Сяргей

Хатэнка Антаніна

Хомчанка Васіль

Цьвікевіч Аляксандар 14

Целеш Вячка

Цётка 28

Цеханавецкі Анджай

Цітова А.

Цітоў Анатоль 19

Цэлеш Вячка

Чантурыя Ўладзімер 3

Чарнышэвіч Аркадзь 2

Чарняўскі Міхась 2

Чарняўскі Ўладыслаў

Чаропка Вітаўт 71

Чарот Міхась 5

Чорны Кузьма 20

Чыгрынаў Іван 6

Шакун Леў 2

Шамякін Іван 22

Швед Віктар

Шлег Алесь 2

Шматаў Віктар

Шніп Віктар

Штыхаў Георгі 2

Шупа Сяргей 3

Шушкевіч Станіслаў

Шчакаціхін Мікола 9

Шыбека Захар

Шынклер Хвядос

Шыраеў Яўген 2

Шырма Рыгор

Юрэвіч Лявон 2

Юстапчык (Антон Адамовіч)

Юхнавец Янка 5

Юхо Язэп 9

Ядвігін Ш. 9

Якімовіч Алесь

Ялугін Эрнэст 2

Янішчыц Яўгенія 5

Янкоўскі Фёдар 9

Яновіч Сакрат 8

Ярош Міхась

Яскевіч Алена 2


1996-1999

Тэкст падаецца паводле выдання: ARCHE 1’2001
Крыніца: Наша Ніва; ARCHE