epub
 
падключыць
слоўнікі

Невядомы айчынны аўтар

Адкуль Івянец

У глыбокай старажытнасці адна вельмі багатая княгіня, невядома адкуль праязджаючы праз Івянецкую мясцовасць, угразла разам з брычкай і коньмі ў невялікай балоціне... Людзі навокал не жылі, і таму ратаваць не было каму. Княгіня, бачачы немінучую пагібель, прыйшла ў роспач і ў той самы час убачыла недалёка прыгожую жанчыну, што пляла вянок з кветак.

— Як мне выратавацца ад няшчасця? — запыталася княгіня ў жанчыны.

— Згадзіся насяліць гэту мясцовасць народам — выратуешся,— сказала жанчына.

— Згодна,— адказала княгіня.

Коні яе адразу выйшлі з балота, нібы з ручая, не адчуваючы ніякага цяжару.

Тады княгіня запытала ў жанчыны, як назваць гэта месца.

— Ці бачыш у маіх руках вянок?

— Бачу,— адказала княгіня.

— Дык назаві новае месца Івянцом,— сказала дзіўная жанчына і знікла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Бяздоннае багацце : легенды, паданні, сказы / [складальнік А.І.Гурскi]. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1990
Крыніца: скан